Шэрык
апавяданьне
Аўтар: Альбін Стаповіч
1928
Крыніца: https://kraj.by/belarus/blog/leskiec/sherik-kazka/

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быў у гаспадара каток. Звалі яго Шэрыкам. Любілі яго ўсе ў хаце: і малыя і старыя. Наймацней-жа любіла яго малая Марыська. Яна з ім ела, спала і забаўлялася. Ды як жа яго можна было ня любіць! Каток патураў ува-ўсім Марысьцы: ня гневаўся — калі яго будзіла і соннага брала на рукі. Ды моцна да сябе прытульвала; ня гневала Марыська, што каток змучаны і спаць хоча, ня ведала Марыська, што яму нявыгадна было сядзець на малых руках. Каторыя яшчэ песьціць не навучыліся. Але каток ня гневаўся, не дзёр ніколі сваімі вострымі кіпцямі малых рук Марыські. Наадварот, ён, як толькі пачуў на сабе ласкавую руку, весела мурлыкаў, пяяў «курну», стараўся гэтым паказаць сваё задаваленьне і удзячнасьць за пяшчоту. Янка, старшы брат Марыські, аднак не згаджаўся з усімі, што кот ад удзячнасьці «пяе курну». Ён пераконываў усіх, што аб прычыне кацінай песьні нічога даказаць ня можна. Гэта ёсьць такая самая подлая загадка, як сотні іншых не разьвязаных загадак на злосьць роду людскому. Каток ад Янкі ў гэтым выпадку быў шчаслівейшы. Яму ня трэба аб нічым спорыць сумлявацца. Ніякія загадкі яго ня істнавалі, хіба толькі тая, дзе найхутчэй можна было злавіць мышку. Ён быў пэўны, што яго любяць, іначай ня трымаліб, не карміліб і ня песьцілі.

Добра было катку шэраму; людзям здавалася, што ён сапраўды шчасьлівы з пасярод роду кацінага. Меў ён у выразе сваей мордачкі нешта людскога, дзякуючы чаму лёгка можна было чытаць з яго дзіўных вачэй нейкую радасьць жыцьця. У ягоных паволных, а зграбных рухах вычуваўся спакой, павага, здаваленьне і атсутнасьць усялякай трывогі.

Янка ўсё гэта спасьцярагаў і часам проста злаваўся і завідаваў, чаму ён ня кот. Ня трэба было-б хадзіць у гімназію, каторая паводле яго істнавала ня дзеля таго, каб заспакайваць цікавасьць, а проста, каб лягчэй было змагчы другога чалавека ў змаганьні за быт.

Раз пайшоў Шэрык пад суседняе гумно. Гаспадар таго гумна ніколі не ганяў чужых катоў, бо ведаў, што чым меней мышэй — меней шкоды.

Ідучы ля самай вонкавай сьцяны ў цесным праходзе між зложаных калодаў Шэрык заўважыў нейкія жалезныя штукі, быццам паложаныя канцамі да сябе 2 падковы. Што агонь паліць, Шэрык перша раз даведаўся, калі панюхаў агоньчык запаленай лучыны будучы яшчэ малым коцікам; што уцякаць трэба ад хлапца, які ўбачыўшы ката нахіляецца да зямлі па камень або трымае камень ў руках, — гэта Шэрык ведаў, але што трэба ад нейкага жалеза, — скуль-жа ён, кот, можа ведаць?

Так і пайшоў.

Не пасьпеў ступіць 2-х крокаў — жалезы пад націскам задніх лапак лязгнулі і ўсей сілай пружыны секанулі вышэй кален Шэрыка. Ад страшэннай болі ламаных касьцей Шэрык крыкнуў разьдзіраючым душу крыкам.

Пачулі суседавы сыны, падскочылі да гумна і, бачучы Шэрыка, заліліся ад сьмеху.

«Трымай шашка, Пранук! Хапай хутчэй, лупі скуру, збагацееш!» — і расхілялі жалезы, каб увольніць бедака. Але Шэрык ужо ўстаць ня мог. Яго тайком падкінулі ў падворак суседа, каб дзеці маглі знайсьці.

І найшлі Шэрыка паўжывога на прызьбе. Ляжаў ён у лужы крыві і вадзіў цьмянымі вачыма ад болю, быццам хацеў сказаць: «гэта сусед мяне так скалечыў. Скалечыў за тое, што яму шкоднікаў ніштожыў. Чаму-ж па сьвеце пануе такая несправядлівасьць?»

Занясьлі Шэрыка ў хату. Ніхто з кабет і дзяцей ня мог утрымаць сьлёзаў. Толькі Янка стаяў моўчкі. Яму чамусьці стала дзіўна, чаму па Шэрыку плачаць, а мышы замучанай катом ніхто не пашкадуе? Чаму уласьнік жалезнай лавушкі паскакаў-бы ад радасьці, каб шашок улез замест ката? А чаму вось ня плачуць Настуля Янкі Кароткага? Чаму чужы каток яе сэрца не парушае? Ці-ж кот, як чалавек, зьяўляецца часткай нашай сямйі?

Хварэў Шэрык 2 месяцы. Адбітыя лапкі корчыліся, адсыхалі і раны зусім загаіліся. Праз колькі днёў можна было спатыкаць Шэрыка, як скруціўшыся ўхітрыўся хадзіць на адных пярэдніх нагах. Спачатку падаў і с трудом уставаў, але калі навучыўся утрымоўваць раўнавагу ды змог памалюсеньку хадзіць, як жабрак, ад хаты да хаты. Доўга яшчэ людзі зьбіраліся глядзець на гэтага дзіўнага калеку, у адных ён вызываў весялосьць, у іншых спачуцьцё, а Марысьцы і сёстрам яе — сьлязу. У Янкі-ж, гледзячага на скорчанага, ідучага Шэрыка, зрадзілася пытаньне: што Шэрык жыве?

Сам-жа Янка хоць ня плакаў — ця.. двойчы: раз ад балючых неразгаданых пытаньняў, другі раз ад спачуваньня чужому гору.

А Шэрык жыў і цярпеў, каб сьведчыць ад чалавечай несправядлівасьці. Каб сваей дзіўнай хадзьбой на двух лапках сьмяшыць благіх, бяздушных і напаўняць цярпеньнем ад чужога гора чулыя сэрцы людзей добрых.