Эканамічны заняпад Дзяржавы Расійскай

Эканамічны заняпад Дзяржавы Расійскай
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 7 ліпеня 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Тры гады ідзе страшэнная вайна, тры гады льецца людская кроў. Палавіна зямелькі нашай знішчана, збіта, абернута ў пустэлю. Паразбіваны сялібы, страчаны помнікі, параскіданы святыні. Аруць нівы хлебароба не плугі і сохі, а бомбы і кулі, рыдлёўка салдата.

Чвэрць народу нашага пакінула скарбы свае, паўцякала з зямелькі дзядоў сваіх, паразбягалася па далёкай чужыне і дзесь там, сярод непрыхільных чужынцаў, плача і цяжка ўздыхае ўцякач-беларус, успамінаючы хаткі свае, сваю родную краіну.

Руйнуюцца гарады, гінуць вёскі, сёлы, засценкі. Павытаптаны нівы, папалены хаты, спавілася бацькаўшчына наша страхаццём і жахам навокала. Кроіцца сэрца ад жалю і болю…

Не хапае хлеба, няма вопратак, абутку. Паспыняліся фабрыкі, пасталі заводы. Папсаваліся рэйкі, паламаліся вагоны…

Змоўклі званы, апусцелі вёскі. Не чуваць спеву, не слыхаць смеху. Пазарасталі сцежкі быльнікам і ніўкі пырнікам. Вайна пазабірала на фронт бацькоў нашых, сыноў і дзяцей…

Крывавае панаванне царскага самадзяржавія спаляндравала Дзяржаву Расійскую, як п’яніца гаспадарку.

Цяжкую спадчыну атрымаў народ ад царскага самадзяржавія. Страхоцце бярэ, як паглядзіш навокала!..

Гасударства Расійскае гарыць, моў тая свечка, запаленая зверху і знізу. Як карабель сярод мора ў час буры-навальніцы, хістаецца ён, гнецца, трашчыць і захлынаецца. Патрэбны вялікія сілы, напружанне ўсіх сіл народу, каб адратаваць айчыну сваю ў гэты сумны час яе гісторыі…

«Аб эканамічным заняпаду ў нас гаворыцца многа, — піша расійская газета „Новая Жизнь“, — але большасць бадай што зусім не ўяўляе сабе сапраўднага становішча і бліжэйшых выпадкаў, чакаючых нас у перспектыве. На палітычныя пытанні ўсе маюць свае погляды, хоць досыць і няпоўныя. У эканамічных і грашовых (фінансавых) справах нават загадчыкі і кіраўнічыя палітычных партый і грамадзянскай гурткаўшчыны, выслаўляючыся далікатна, арыентуюцца вельмі кепска».

Тым часам гэты грунт рэчы, павэдлуг сваёй вагі, бязмерна важней непастаянных, бягучых палітычных камбінацый, каля каторых гуртуецца ўся грамадзянская ўвага.

«Калі ў гасударстве спыняцца жалезныя дарогі, стануць фабрыкі і заводы, не мецімуць гарады хлеба і іншых рэчаў першай патрэбы, тагды не памогуць „палітычныя камбінацыі“. Тагды нічога не ўдзее ані Урад (Правіцельства), абабраны з прадстаўнікоў Работніцкіх і Салдацкіх Дэпутатаў, ані кааліцыя (хаўрус, супрацоўніцтва) буржуазных і рэвалюцыйна-дэмакратычных элементаў. Пачнуцца анархія, рабункі, забойства, выміранне (смяртэльнасць) ад голаду… І тагды могуць скласціся такія варункі, пры каторых уладарства захопіць ваенная дыктатура, апершыся на арганізаваныя станы буйной буржуазіі (прамыслоўцаў і капіталістаў), паноў-землеўласнікаў і багатшага сялянства». Гэта няўхільны вынік эканамічнай бязладзіцы і гаспадарчага заняпаду. Самае архірэвалюцыйнае правіцельства не пратрымаецца некалькіх дзён, калі не будзе дзе дастаць і даць народу хлеба ды запыніць анархію.

Катастрофа (раптоўнае няшчасце) сапраўды пасуваецца. Лік непапсаваных цягнікоў (паравозаў) і вагонаў з кожным разам зменшваецца, а рамонт «хворых» пасуваецца надта ціха. Запасы апалу на жалезных дарогах рашаюцца і спадаюць, не перабольшваючы 10-дзённай патрэбы. Іншыя дарогі, напрыклад, дык проста перахватваюць той вугаль, што ідзе па заказу ў другое месца, і толькі такім робам падтрымліваецца жалезнадарожны рух. Фабрыкі і заводы не маюць патрэбнага запасу апалу, сырога матэрыялу (сыромлі) дзеля вырабу і іншых рэчаў і начыння дзеля абсталюнку. Рэчы першай патрэбы, або першага абыходку, надыходзяць у гарадскія цэнтры ў меншым ліку, як вымагаецца абыходкам (патрэбай); запасаў амаль што няма, людзі сціскаюць сябе ва ўсём.

«Бяднейшае насяленне па гарадах літаральна галадуе, пашыраецца цынга, пабольшаецца смяртэльнасць сярод дзяцей. У вёсках няма каму рабіць, мясцова збожжа на полі сохне і абсыпаецца. Не дастаючы на рынку патрэбных рэчаў для гаспадаркі, сяляне не вязуць на продаж збожжа. На фронце салдаты гэтаксама церпяць недахват, хварэюць на цынгу, а конскі лік зменшваецца на вайне ад недахвату корму. Самае жахлівае ва ўсём гэтым тое, што бязладзіца безупынна шырыцца і тыя захады, што ўчыняюцца дзеля змагання з ёй, на лепшы выпадак, толькі стрымоўваюць яе шпаркі поступ, а часцей за ўсё, не даюць жадных скуткаў».

Першым вінавайцам бязладзіцы і руйнавання дзяржаўнай гаспадаркі ёсць, ведама, вайна, каторая адбірае вялікую частку хлеба, корму, фабрычных вырабаў, чалавечага жыцця і рабочых рук. Але Германія, становішча каторай яшчэ горшае, як у Расіі, тым часам не перажывае гэтакай бязладзіцы. Там можна бачыць вялікае знішчэнне ва ўсём, пачуваецца недахват і нават галадоўля, але заняпаду, бязладзіцы няма. Пры гэткім недахваце хлеба, як у Германіі, у нас даўно пачалося б гуртавое выміранне людзей, а там мае месца толькі «геніальна дапасаваная галадоўля».

Наша бязладзіца вынікае з анархічнага, рабункавага гаспадарання заможных станаў буржуазіі, а, з другога боку, неарганізаванае змаганне рабочых, паніжэнне скутачнасці працы наогул яшчэ горш ускладняюць сумнае становішча.

Запыніць эканамічны заняпад і бязладзіцу ў дзяржаўнай гаспадарцы можна толькі самымі адважнымі, рэвалюцыйнымі захадамі.

«Ліха толькі ў тым, — піша далей газета, — што прадстаўнікі буржуазіі, з каторымі супрацоўнічае ў гэтай справе правіцельства, не толькі не спрыяюць, але й затрымоўваюць работу ў гэтым кірунку». Кіраўнічыя міністэрствам гандлёвых спраў тармозяць ініцыятыву (чыннасць) дэмакратычных элементаў. Нічога добрага з гэтага не будзе.

Мікалай ІІ страціў карону, паміж іншым, праз тое, што «крошку спозніваўся» са згодай на ўступкі. На адпавядальнае міністэрства, напрыклад, ён згадзіўся ў той час, як фактычна перастаў быць царом.

«Трэба і Часоваму Ураду (правіцельству) не пазніцца з пастановамі на рэч змагання з эканамічнай бязладзіцай» — дадае газета.