Эрос і Псіха (Жулаўскі/Купала)/II. Змярканне багоў

I. У Аркадыі Эрос і Псіха
II.
Аўтар: Ежы Жулаўскі
Пераклад: Янка Купала
Крыніца: Янка Купала. Збор твораў у 9 тамах. Том 9, кніга 1. — Мінск, «Мастацкая літаратура»; 2003. ст. 68—89
III. Пад крыжам

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




            II
      Змярканне багоў

АСОБЫ ДЗЕІ

Блякс, рымскі прэфект (намеснік) у Александрыі
Арыстос
Харміён
Філосаф
Стары грэк
Рыцар рымскі
Адзін з бяседнікаў
Ляіда
Адна з кабет
Псіха, падарожная спявачка
Стары нявольнік
Бяседнікі, кабеты, невольнікі, арфяры.



     Рэч дзеялася ў Александрыі ў пачатку нашай эры.

Прадсенне перад домам рымскага прэфекта ў Александрыі. Углыбі — рад калюмнаў, за імі сцяна з адчыненымі насцеж дзвярмі, заслоненымі да палавіны падвязанай шнурам пурпуровай заслонай. Дзверы гэтыя вядуць у залу, з якой далятае, выбухаючы штохвіля, гоман бяседуючых бяседнікаў. На левым баку цёмная сцяна дрэваў, на правым — каменная балюстрада і сходы, вядучыя ў выгароды над берагам мора, віднеючага здаля. Прадсенне спадае таксама наперад трыма ці чатырма шырокімі ступенямі. Пад калюмнамі некалькі непарушных нявольнікаў, праз паднятую да палавіны заслону відно бяседуючых. Арыстос стаіць, абапёршыся аб балюстраду. У зале сярод бяседнікаў узрыў гоману, чуваць смех і воклікі: «Evohe! Evohe! Vivat!»


     Харміён
(выходзе з залы і спасцерагае Арыстоса)

Ты тут?


     Арыстос

Як бачыш.


     Харміён

Чаму не на зале?


     Арыстос

А ты?


     Харміён

Я выйшаў крыху адпачыці,
Дыхнуць паветра й душы даць спакою. —
Аб чым задумаўся, старча?


     Арыстос

Га! мыслю,
Як вас няволя збыдлячыла, вас, што,
Ў застоллі рымскага сеўшы прэфекта,
Б’іцё віваты…


     Харміён

Мы вольныя людзі!


     Арыстос

Знаць, што ўжо ўпіўся, калі бессаромна
Сказаць так смееш! Кулак цяжкі Рыма
На карках грэцкіх успёрся і давіць,
Але цяжэй шчэ гняце збыдлячэнне!
У час сягонняшні той адно вольным
Быць можа толькі, каму ўжо ўсё роўна,
Ў глыбі ўтануўшаму ўласнага духа,
Што хтось пануе, а хтось яму служыць!
Трэ мудрацом быць, як колісь казалі,
Або — як сёння б сказаў — чалавекам,
Што ўсю марноту жыцця добра ўцяміў
І ўсю марноту заходаў напрасных
Аб усё тое, што марнае толькі!
Ўжо мудрасць толькі адна і адна моц,
Якой пранікнуцца вы ўжо не ў сілах,
А гэта — ў духу спакой найці ўласным:
Свабоду — гінучых!


     Харміён
     
Горкая мудрасць!


     Арыстос

Калі так горкая — йдзі к Лізыхосу,
Ў якога знойдзеш салодкай і подлай!
Адно я знаю! Сыходзім са свету,
Няма што думаць! Душа калісь наша
Блукае недзе выгнанкай, а мы ўжо
Трупы, што, будзячысь часам спрасоння,
Жальбуюць шчэ па душы заблуканай.
Але каб станула сёння між намі,
То мы ўжо ўласнай душы не пазналі б!
Канаем доўга, бо буйна жылі мы,
Але праз гэта не збавімся смерці…
Ўжо толькі часам, як вецер павее
Ад мора, сняцца нам згібшыя дзеі,
Нам сняцца йшчэ Маратонскія гоні,
Й Тэсальскіх ноччу глухі топат коні,
І пазапалены Ксерксавы промы,
І па-над Азіяй — полым крывавы,
Рапсодаў песні й філосафаў слава
І клум статуяў… загнаных да Ромы!
Святыні нашы, і богі народу,
І нейкі ўскрык: «За красу! за свабоду!..»
Сны гэта толькі! Ў тых спадкаў астаткі
Падчас гуляем, як дзеці без маткі,
Й ворагам нашым за воддыху права
Мы плацім грэцкай былой нашай славай!
На ўласнасць маем адно ўжо — маркоту,
Што рве нам грудзі, прыбраны бліскотай, —
У ланцугі й вінаграднае лісце, —
Якая жыць па нас будзе вячысце,
Калі ўжо сыдзем смутныя ў магілу,
Тым свет пакінуўшы, што маюць сілу
І жыць патрапяць! — Люблю гаманіці,
Бо стар… Ты смейся!


     Харміён

Дык што нам чыніці?


     Арыстос

Чыніць? Ніводны ўжо чын не астаўся
Нам, іх усе за нас споўнілі продкі!
Нам пазіраці ў вянку на заплоткі,
Як за нас іншы краі здабывае,
А для забаўкі… лічыць сугалоскі,
Ў якіх нам хвалу грымеў Гомар боскі.


     Харміён

І больш нічога?


     Арыстос

О не, віно, губы,
Шал, песні, збыткі, а ўсё — дзеля згубы,
Ды гэта дзельнасць апошняя наша:
Ў руцэ з атрутаю золата чаша…
А мне — мне час адысці.


     Харміён

Куды?


     Арыстос

Ў нішто
Ці ў тое штосьці, якога не знаю.
Жыў вельмі доўга…


     Харміён

А ў чым жа прычына?


     Арыстос

Кажу, жыў доўга — памру без прычыны…
Вялікай прошласці жаль мяне кліча,
Што спаў на кнігі сівым пергаміне,
Ажно збудзіў я, стары, які згіне,
Што збудзіў смутак…


Новы ўзрыў гоману і смеху сярод бяседнікаў.


     Харміён

Мне страшна з табою!


     Арыстос
(паказваючы на залу)

Йдзі там смяяцца!


     Харміён

Ты мне без патрэбы
Маркоту будзіш і рэшту той волі
К жыццю, якая ўнутры хамяніцца,
Ламаеш…


     Арыстос

Я ўжо казаў: адыдзіся!
Я, знаеш, ласкі не маю… Ці чуеш,
Як гулка там? Ідзі й цешся!


     Харміён

Я ўцёк стуль!


     Арыстос

Э! хутка вернешся!


     Харміён

Так… мо вярнуся…
Мне душа ў горле паветра, й заўзятасць
Гняце мне грудзі, як бачу, што гэты
Сюды к нам Рымам з намесніка ўладай
Насланы гнібіць людзей, як сам лепшых.


     Арыстос

Цішай!


     Харміён

Хоць гэтак злосць мушу спагнаці…


     Арыстос

Цішай! кажу! Тут нявольнікаў поўна,
Якія могуць данесці прэфекту
Твае ўсе словы!


     Харміён
     (з баязняй)

А думаеш — чулі?


     Арыстос
     (ядавіта)

Вось яна, нашая грэцкая дзельнасць!


     Харміён
     (па хвілі)

Так, праўду кажаш ты! Мы — патаптаны,
Горай: бяссільны, яшчэ горш: нікчомны!


     Арыстос

О! вы, наследнікі выцвіўшай славы!
Каяцца рады, не здатны да справы!
Аб меч малюся мне ў рукі нязломны!..


     Блякс
(які падчас апошніх слоў Арыстоса стануў быў у дзвярах пад заслонай)

А гэта што, мае мілыя другі?
Ці мала наша віно мае смаку,
Што так узгордзілі чарай? З ахайскіх
Вінніц, паверце мне! З Кіпра, дзе вашы
Суземцы садзяць для нас вінаграды!


     Харміён
(з нізкім паклонам)

Прабач нам, пане, а толькі ж гасціннасць
Твая так доўжыць бяседу не ў меру,
Што аж і госці твае ўжо прысталі.
Сюды я выйшаў спачнуць, каб нанова
Магчы ў тваю чэсць узносіць кяліхі…


     Блякс

Ў вас, грэкі слабыя вельмі галовы!
Шкада, што богі віно для вас далі…


     Харміён

Так, праўда, пане…


     Блякс

На нашых бяседах
Вам лепш музыкамі быць і пяўцамі,
Але не чаркі для вас з келіхамі, —
Яны — для нашых здатней рук…


     Арыстос
     (глуха)

Аднак жа
П’еш і ваюеш ты з грэкамі, пане!


     Блякс
(да нявольнікаў)

Гэй! жыва ладзіць мне ў прыстані кораб!
Хачу з гасцямі закончыць бяседу
На хвалях мора. Паклад хай пурпурай
Акрыюць стройна й сталы пастаўляюць
У ценю парусаў белых!

(Звяртаецца ўглыб.)

Пакуль што,
Мае дастойныя другі, хадзіце
Сюды ў калюмны! Апаў жар паўдзённы,
І з мора вецер лагодны павеяў…


Мужчыны і кабеты ціснуцца на тэрасу, нявольнікі ўносяць за імі сталы і ложы.


     Блякс

Наліць кяліхі! Хай наша бяседа
На міг спынёная, далей шалее!
Займіце месцы, мае дарагія!


     Адзін з бяседнікаў

Здароўе ўладцы!


     Стары грэк

Здароўе рымлянца!
Хай Рым жыве, новы пан светаўладны,
Элінскай славы праслаўны наследнік!


     Блякс

Наш меч нам высек ўжо ўласную славу!


     Філосаф

Марсаву славу, якая у стокраць
Ад славы нашых важней філасофаў.


     Рыцар рымскі

Я на чэсць Марсу ллю гэтыя каплі!


     Ляіда

Не Марса сёння чцім, але — Эроса!
Ці знаеш гэта, балван ты жалезны?
І ты вучоны, што вельмі вучона
Віно п’еш? Святкуем сёння Эроса!


     Адна з кабет

Так, так! хай Эрос жыве нам! Залётны
Бажок пяшчоты!


     Стары грэк

Меч рымскі спакою
Ўладае светам. Пад крыллямі Рыма
Віно піць добра і рожы зрываці!

Пахіляе галаву на грудзі Ляіды.


     Ляіда

Прэч мне ад лона! Смярдзіш віном, старча!


     Стары грэк

Ды маю золата…


     Ляіда

То жджы да заўтра,
Аж твайго золата трэба мне будзе,
Пан сёння — Эрос!

(Звяртаецца да Харміёна.)


     Блякс

Іграйце, музыкі!


Музыка.


     Кабета
(да старога грэка)

Я ад Ляіды не меней прыгожа…

Садзіцца побач яго на ложку.


     Ляіда
(да Харміёна, сядзячага пасярод бяседнікаў)

Чаго ты смутны?.. Ты мне даспадобы…


     Харміён

Забыць хацеў бы, што, ўласна, жыву я…


     Ляіда

Дык тут апрыся… Ці чуеш, як сэрца
Ў грудзях мне б’ецца? Віна дай яшчэ мне,
А после…


     Харміён

После табою я ўп’юся,
О ты, пахучая майская кветка!..


     Бяседнік

Вянкоў, рож дайце! А дзе песняры ўсе?


     Блякс

Й віна! віна йшчэ, нявольнікі, гэй жа!


     ФілосаФ

Віна! філосаф заве: віна! — Ліце
Жыцця клёк гэты у нашыя чаркі!


     Харміён
     (да Ляіды)

Дай губ!..


     Рыцар

Аднак грэкі добрыя людзі!
Вось п’ецца з імі са смакам і гладка!


     Філосаф

А праўда! так! Грэкі добрыя людзі
І цэняць вашую ласку…


     Арыстос

Нікчэмнік!..


     Кабета
(да Арыстоса, стаячага ўсё наўбоччы)

А ты што, старча, стаіш наубоччы
Й не хочаш з намі дзяліці вясёласць,
Адно ўсё кідаеш горкія словы?


     Бяседнік

Яго не рухай! — то ж гэта філосаф!


     Філосаф

Прашу не ганьбіць гэтае назвы!


     Кабета

Ці ж філасоф’я бароніць уцехі?


     Філосаф

О не! праўдзівая — нат яе раіць!
Праз гэта годнасць мая філасофа
Не пазваляе, каб так чалавека
Таго назвалі, што ўцехаю гардзіць!
Стары Сакрат піў, як ведама, ёмка.


     Блякс

Ану, Арыстос! Хадзі к нам, прашу я!
І за здароўе маё выпі… Гэй жа!
Няхай Лізыхос паверыць, што лоб твой
Таксама моцны, як лоб і Сакрата,—
Што ёсць, па-мойму, заслугай!


     Арыстос

Даруй мне,
Намеснік, тоькі ж мне йсці час… Вам жычу
Гульні вясёлай!


     Блякс

Прыказваю, йначай…
Каб ты астаўся! Глянь, ёсць тут паэты,
Танцоркі, блазны — няма філасофа,
Каб забаўляў нас!


Смех.


     Ляіда

То ж ёсць тут Лізыхос!


     Блякс

Ён? — толькі блазнам быў, ёсць ім і будзе!
Баў нас, Арыстос! Блазноў маем досыць;
Цябе нам трэба!


     Арыстос

Я — старац сівы ўжо…


     Стары грэк

Надзень на голаў вянок! — і лысыя
Шалеюць!


     Арыстос

Бачу. Твой плех, як калена…


     Блякс
(смяецца)

Язык твой складны! Хадзі, сядзь тут з намі.


     Арыстос

Сказаў, адходжу. Лізыхос застане,—
Табе яго досць!


     Філосаф
(да намесніка)

Ці чуеш ты, пане?
Мяне ён ганьбіць!


     Блякс

То ж гэта знявага!
Знявага Рыма, ў маёй што асобе
Ўладае вамі!


     Харміён
     (да Арыстоса)

Маўчы! Прэфект гнеўны!


     Арыстос

Не! не ўладаеш, намеснік, ты мною!
Пануй з бізуном ты над цёмнай таўпою,
Пужай сабой знікчамнёныя грэкі
І ўсіх паганцаў, што на імя Ромы
Бляднеюць: слугам хавай свае громы!
Быў вольным, вольным я й выйду — навекі!

Выходзіць.


     Харміён
(паўшэптам)

Пайшоў забіцца…


     Ляіда

На які чорт табе ён!


     Філосаф

І кажаш праўду! Жывых не павінны
Абходзіць тыя, што ўжо адыходзяць.
Віна іх, калі застацца не ўмелі.


     Рыцар
(паўголасам да намесніка)

Арыстос, кажуць, даволі багаты,—
Ты мог бы, пане, забраць яго скарбы…


     Бяседнік
     (да філосафа)

Глянь на намесніка… Бровы наморшчыў,
А губы зложаны к смеху…


     Блякс

Што гэта?
Чаго ж так раптам усе вы замоўклі?
Ці ў маіх кадзях віна не хапіла?
Ці вам настрой папсаваў мо стары той?
Вянок мне новы даць з рожаў увіты! —
Я сёння ласкаў! Дык піце, што сіла!
Хто Рым зняважыў, той згіне йшчэ сёння!
Аб ім забудзьце пры чарцы ў далоні!


     Галасы

Няхай жыве Рым! жыве і ўладае!


У гэту хвілю граючыя арфяры раптам сціхаюць.


     Блякс

Што там?


     Ляіда

Музыка?..


     Блякс

Хай граюць!


     Нявольнік

О, гора!
Даруй ты, пане… але ў музыкаў
Парваліся струны…


     Блякс

Хай новыя ўшчэпяць!


У гэту хвілю на шырокіх ступенях парога паяўляецца Псіха, вандроўная спявачка, і ўсходзіць звольна кверху, трымаючы ў руках малую лютню. За ёй пляцецца нясмела Стары нявольнік.


     Бяседнік
(спасцярогшы Псіху)

Хто гэта?


     Блякс

Скуль тут?


     Стары грэк

Якаясь жабрачка!


     Харміён

Ах, што за постаць! з такой яснай косай!


     Стары грэк

На грош і далей…


     Ляіда

Аборвана, боса!..


     Стары нявольнік

Была ў гародзе… з вандроўкі спявачка…
Ўпусціў і думаў павесяліць госці…

(Да Псіхі.)

Ну йдзі ўжо! Бачыш, паны злыя штосьці…


     Блякс

Чаго ж прыйшла ты? Цябе тут не трэба!
Тут я ўладаю!


     Псіха

Не бойся, раб збеглы…
Я не крану твае ўлады і хлеба.
Вандроўкай змучана вельмі адлеглай,
Спачну ды знова пайду далей, далей…


     Кабета

Што яна кажа?


     Харміён

Няўжо з морскай хвалі
Кіпрыда ўстала?


     Стары грэк

Вар’ятка, на гора!


     Рыцар

Раб! — так да нашага пана гавора!
Вон згэтуль! к чорту…


     Кабета

Чакай! то ж вар’ятка…
А ты йшчэ гоніш! Не бойся, дзіцятка,
Скажы, адкуль ты йдзеш?


     Псіха

Здаля йду, здаля!
Вядзе мяне лёс, нясе мора хваля.
Іду…


     Ляіда

О, лютню, як бачу, ты маеш!
Мабыць, пяснярка? Мо нам заспяваеш?


     Бяседнік

Дарэчы думка! Спявай нам, дзяўчына!
Грош табе кіну, а мо й болей кіну!


     Псіха
(пачынае гаварыць, пераходзячы звольна ў спеўны тон)

Не трэба золата мне і бліскотаў,—
Была я слаўнай з красы і багацця,
Бязмеры мела палёў, сенажацяў,
А сёння гоніць праз светы маркота.
І вось іду я выгнанкаю босай:
Непазабытая гоніць маркота,
                  Шукаю Эроса!

Іду праз горы, праз землі і рэкі,
Праз местаў гоман і мораў разводдзе,
Дзе сонца гасне, скуль сонца усходзе;
Йду праз народы, здарэнні і векі.
Я, каралеўна, выгнанкаю босай,
Іду праз векі й праз доўгія векі,
                  Шукаю Эроса!

Ўваччу залотныя валяцца троны,
Ў друз рассыпаюцца хорамы божы,
Ссыхаюць лаўры й чырвоныя рожы,
Народы гінуць, як сон пераснёны,
Але я йду ўсё выгнанкаю босай
О, дзе ж ты, дзе ты? мой сон! пераснёны!
                  Шукаю Эроса!

Калісь мне знік у блакітаў купелі,
І на ніводнай з тых пор не находжу
Дарозе — й дарма свет вокал абходжу:
Ці вы дзе-небудзь яго не сустрэлі?
Прашу, скажыце! Я выгнана, боса,
Малю вас! — Ці дзе яго не сустрэлі?..
                  Шукаю Эроса!


     Кабета
(смеючыся)

Ён тут! Ты трапіла добра, дзяўчына!
Усе ў яго мы, як бачыш, на службе!


     Стары грэк

А нават сёй-той у яго на… ўтрыманні!


     Бяседнік

Пакінь жа вельмі маркоціцца ў тужбе!
Віно піць з намі ў яго чэсць павінна;
А ўноч аб лепшай падумаем дані!


Смех.


     Ляіда
(абымаючы Харміёна, кажа да Псіхі)

Глядзі! Й не трэба блукацца па свеце!
Тут Эрос, гэта дзіця з-паміж дзеці,
Што сыпе ў вочы пахучае квецце!


     Псіха

Ён не дзіцятка, а бог ён страшлівы,
З усіх найстаршы багоў, вечна жывы,
З праменным тварам між вогненнай грывы!
Ён як віхура, як бура й пажога,
Ў свет крыллі-віхар нясуць яго, бога;
Мкне за ім журба, а прад ім трывога!
Яму падуладны сусвету абшары,
Ён і шчаслівіць, і мукаў шле мары,
А ў твар зірнуці няможна без кары!


     Ляіда

Пляцеш, вар’ятка!


     Філосаф
(у арфісцкай акрасе)

Такім ёсць Эрос! Але ў нашым часе
Ужо ўстарэла!


     Стары грэк

Нябось удалася!


     Псіха
(быццам гэтых увагаў не чула)

Ён, як захоча, спапеліць і стравіць,
А як захоча, ў цішы сябе явіць
І, як захоча, узвысіць і збавіць!
Яго люблю я, выгнанка, няўстанна,
Праз яго ў сэрцы крывавіцца рана,
Яго шукаю — ўсеўладнага пана!
Што прыйдзе — веру… Хапаю скрозь весці,
Ці крыллем, слухаю, дзе не шалесце,
Ці не з’явіўся, з маей каб балесці
Зацепліць сонца вялікай любосці,
Якая нават праб’е ўмёршых косці!
Ён прыйдзе моцны — святы…


     Бяседнік

Гэй, вар’ятка,
Калі так правіш аб Эросе гладка,
Скажы, скуль знаеш яго?


     Псіха

Яму ўкрадкай
Зірнула ў твар, як мяне браў, дзявіцу,
Й яго ў сабе вось нашу таямніцу…
Яго шукаю…


     Стары грэк

Ажыў свет цудоўны!
Во дзеўка вам, што бярэменна з бога,
Дзіцяцю бацькі шукае…


     Ляіда

Нябога!
Ці бог не быў той… музыка вандроўны?


Смех.


     Філосаф

Пакіньце! Гэта не так недарэчы,
Што яна кажа… Тут ёсць адкуплення
Навука, жаль, што фальшывая толькі,
Як і ўсе іншыя…


     Бяседнік

Й твая ці таксама?


     Філосаф

А як жа! Праўды няма ўжо аддаўна!
Па-мойму, к праўдзе бліжэй за ўсё тое,
Што пазваляе ў вясёласці жыці!


     Стары грэк

Вар’ятку гэту вазьмі у навуку!


     Ляіда
(да Псіхі)

Вот важна! Хочаш ты да Лізыхоса
Пайсці ў навуку? Ў дзялах ён Эроса
Мастак вялікі! Цябе ён асвеціць,
Якой любосці патрэба, галубка,
Каб жыць уцешна! Тады мо здалееш
Запець нам песню не гэтак слязную!


     Псіха

Адну век песню пяю я: жывую!


     Ляіда

Й дабаў: нудную! Так куры спяваюць,
Як несці яйкі без певеня маюць!


     Харміён
     (да Ляіды)

Не кпі так! Глянь: твар гарыць ёй, як рожа!


     Ляіда

Замест мяне ты яе хочаш, можа?

(Саскаквае і адпіхае Псіху.)

Вон зсюль! Я песню пяю аб Эросе!

(Скідае з плеч пакрывала і, да палавіны цела голая, выпаўняючы лёгкія таночыя рухі, пачынае пяяць.)

Бог крылаты, жэўжык складны,
Эрос — плод пяшчотаў,
Нацягнуўшы лук, з цянётаў,
Пусціў стралу ён мне ў грудзі здрадна:
Ў сэрцы болька, мру з маркоты —
О мілы!..

Ах, бяда! валюся ў ложа.
Раненая срога,—
Дзень і ноч журбую многа;
Што ж ты зрабіў мне, залётны божа?
Хто ж мне вылеча знямогу? —
О мілы!..

Прылажы хадзі мне губы
Тут, дзе ў лоне рана,
Што Эросам мне задана,
Як рвала кветкі на лузе, любы,
Для цябе, маёга пана —
О мілы!..

О пустотнае дзіцётка!
Дзякуй за дакукі!
Лек салодкі быў на мукі;
О! як ад губаў тваіх салодка,
Як пяшчотна гладзяць рукі,—
О мілы!..


Сярод бяседнікаў зрываецца бура воплескаў.


     Стары грэк

На дзіва песня! Не жаль нагароды!

Здымае з плеч залатую апаяску і кідае яе Ляідзе. За яго прыкладам іншыя даюць ёй падарункі.


     Ляіда
(кідаецца, распрамененая, на ложа)

Віна падайце мне для ахалоды!
     

     Стары грэк
(падае ёй віно, а ўзяўшы назад кяліх, вылівае недапітыя астаткі на Псіху)

Табе ж за нудныя песні: на — плату!


     Бяседнік

Калі не трэба табе дар багаты,
На! што даць можам!

(Кідае на яе агрызкамі)


     Кабета

Ды йдзі зсюль хоць к смерці!


     Псіха

Пайду ад вас я навекі ўжо! верце!

Прыкленчвае ля падножжа калюмны, засланяючыся рукамі ад удараў.


     Ляіда
(з ядавітым смехам)

Йдзі за Эросам!


     Нявольнік
(увайшоўшы з боку агароду, кажа да Блякса)

Пане! кораб, як ты загадаў, ўжо гатовы й чакае, калышучысь лёгка на лагодных хвалях прыстані. Пурпурай акрылі паклад і ў ценю сняжыстых парусаў пастаўлялі сталы і ложы, на якія капаюць зверху рожы, звісаючыя вянкамі з мачтаў і рэек…


     Ляіда

На мора! на мора!


     Стары грэк

Намеснік! кораб!..


     Бяседнік

З намеснікам дрэнна!
Што з ім такое? Сядзіць немы, бледны
Й вачыма водзіць?


     Рыцар

Га! чорт, чамярыца!
Што гэта? Ці ж бы яго чараўніца
Ўракла ўжо гэта?!


     Стары грэк

Нявольнікі! ўзяці
Яе пад розгі!


     Рыцар
     (да Блякса)

Мой пане!


     Блякс
(памешана)

Не верце!
Не быў ніколі ў ёй парабкам! Брэша!


     Кабета

Што кажаш, пане?


     Блякс

Самой яе й бога
Яе не знаю! Йдзі прэч, каралеўна!


     Харміён

Але ж, мой пане, збяры свае думкі!
Яна спявачка з вандроўкі!..


     Ляіда

Вар’ятка!


     Рыцар

Калі ўракла ўжо цябе яна, згіне!


     Філосаф
(стрымлівае яго)

Лепш не чапайце! Ў ёй могуць быць сілы,
Якіх чапаці не варта! Мы лепей
Адгэтуль выйдзем… Так раіць мне мудрасць…


     Бяседнік
     (да намесніка)

На мора, пане! Ўжо кораб гатовы!
Цябе паветра асвежыць там лёгка,
І там пазбудзешся гэтых урокаў!


     Блякс
(прыходзячы ў сябе)

Так, так… на мора… Якісь нездаровы
Дурман апутаў… Віно мо прычынай…
Так, так… дурман… Йдзі адсюль ты, дзяўчына,
Калі не хочаш тапор знаць сталёвы!
Даруйце, другі, што слаб я быў штосьці,
Але бажуся на ўсе мае косці,
Што гэта болей ніколі не будзе!
Ў жыцці — ніколі! Цяпер жа на мора!
Бяседу скончыць!


     Воклікі

На мора! на мора!


Бяседнікі і кабеты ціснуцца да сходаў, вядучых у выгароды.


     Харміён
(збліжаецца шпарка ў пераходзе да Псіхі)

Як ты завешся?..


     Ляіда

Ка мне, Харміёне!


Выходзяць.


     Стары нявольнік
(збліжаецца да Псіхі, якая ўсцяж кленчыць з тварам, схаваным у далонях)

Дзяўчына, слухай… Не бойся, тыя ўжо пайшлі. Даруй мне, што цябе сюды я прывёў… Хацеў бы я вынагародзіць табе гэту мімавольную крыўду… (Па хвілі.) Не шмат зразумеў я з таго, што ты пяяла, але адно ўелася мне ў памяці… Ты шукаеш нейкай вялікай, нязмернай любосці, якая цэлы свет абхопе, як пажар… Ці добра я чуў?..

Псіха ўзносіць галаву.

     Стары нявольнік

Маю добрую для цябе вестку. Прынеслі яе сюды феніцкія маракі, якія заплывалі да прыстаняў Юдэі…


     Псіха

Хто ты?


     Стары нявольнік

Я — той, што мае надзею… Але слухай цяпер, што скажу табе… Ў Юдэі аб’явіўся падобна новы бог ці прарок. Так мне расказвалі…


     Псіха

Новы бог?..


     Стары нявольнік

Прарок з’явіўся таго мілавання,
Якое сочыш. Ідзе праз даліны,
Йдзе там, праз горы, дзе Ёрдан заліўны,
І, багаславячы свет, бытаванне,
Ўсім адпускае грахі і правіны,
А за ім толькі йдзе той, хто ў загнанні…
А яснасць божая ззяе з аблічча,
А дзе ён ступіць, усходзяць там кветкі,
Прыносіць смутным шчаслівыя весткі,
Мрацы ўставаюць, калі ён пакліча,
Цвітуць вясною ўсе новай палеткі;
Ён багаславіць і крыўды ўсе ліча!
Йдуць за ім следам кабеты і дзеці,
Бяжыць і статак за ім беларунны,
А ён вядзе іх у ясныя луны,
Што, як, усмешка, ў блакітнасці свецяць,
І мае сэрца ў руках, як бы струны,
З якіх ён песню галосіць па свеце…


     Псіха
(паўстае)

З’явіўся, з’явіўся нарэшце! І ў гэткай паставе?
І, кажаш, любасць нясе? гоіць боль?


     Стары нявольнік

Няма ўжо болю, ні зла, ані пыхі!
Пайшлі, дзе глянь, непанятныя дзівы:
Ніхто не смутны, ані нешчаслівы,
Ніхто не меншы, ніхто ўжо не ліхі,
Як ён на долы, на ўзгоры, на нівы
З навінай добрай сышоў! ясны, ціхі…
Нясе ён любасць на светы, над гора;
Ў імя любосці дае прабачэнне,
А як гавора аб шчасця значэнні,
Ўсё яго слухае: вецер і мора,
Пастух ад стада, сяўбіт ад насення,—
Дзе прыйдзе: божа! — вітаюць з пакорай!
Бо ён там к небу дарогу раўнуе,
Спакой і жыцце дае навячысце
І чысце сэрца, калі перахрысце,
Душа не мрэ ўжо, пакліча якую…
Хрыстос завецца.


     Псіха
(выцягвае рукі і кідаецца наперад з воклікам)

О Хрысце! О Хрысце!