Эх, вы думкі…
Эх, вы думкі… Аўтар: Рыгор Суніца 1926 |
Эх вы, думкі золатазвонныя,
Эх ды стромені бяздонныя,
Век крынічыць у вас моладасць,
Неўміручая, разгонная.
Вы, бы шыр-палі бязмежныя,
Нібы моры безбярэжныя.
У вас сіла — сіла волата,
Усё ў свеце вам падлежнае.
Вы й гарача-санцавейныя,
І віхурыста-завейныя.
Б’еце вы па часу молатам, —
Іскры ў свет лятуць надзейныя.