Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах;
Успомню Вострую Браму Сьвятую
І ваякаў на грозных канях.
У белай пене праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць;
Старадаўнай крывіцкай пагоні
Ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць.
У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы ідуць і куды?
Мо’ яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі Цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Б’еце ў сэрцы іх, — б’еце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…
Маці родная, Маці-Краіна!
Не усьцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь.
Усе лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўнай Крывіцкай Пагоні
Ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць!