Ядвігін Ш. (Краўцоў)
Ядвігін Ш. Крытыка Аўтар: Макар Краўцоў 1927 Крыніца: Газэта «Беларускі Дзень», № 1, 7 сакавіка 1927 г., б. 5—6 |
Ядвігін Ш.
(Да пятых угодкаў яго сьмерці).
Пяць гадоў таму 28 лютага 1926 г. ўжо так лічнае беларускае грамадзянства праводзіла да магілы аднаго з сваіх вэтэранаў вядомага пісьменьніка Ядвігіна Ш. Ня так гэта, здаецца, даўно было, і вось ужо спраўляем пятыя ўгодкі.
Ня гледзячы на даволі шырокую популярнасьць Ядвігіна Ш. сярод беларускага грамадзянства — творчасьць яго мала ацэнена крытыкай. Сёе-тое сказана аб ім у Гарэцкага, некалькі старонак пасьвечана яму ў апошняй працы праф. Карскага, дадатковыя весткі паданы ў нэкролёгах, раней зрабіў ацэнку аго творчасьці нябошчык Багдановіч у Вялікоднай Пісанцы — вось і ўсё, чым ўшанавала нашага пісьменьніка беларуская крытыка. Аднак, бязумоўна, творчасьць, яго заслугоўвае на большую ўвагу. Яго творы выдаюцца другім і трэцім. выданьнем („Бярозка“), шырока популярны ў народзе і чытаюцца грамадзянствам ня толькі з патрыятычнай неабходнасьці.
„Бываюць раны большыя і меншыя. Меншыя гояцца і па іх знаку няма. Большыя гояцца, але па іх астаюцца рубцы.
„Бываюць раны большыя меншыя. Меншыя гояцца; па іх астаюцца рубцы. Большыя заўсёды крывавяцца.
Гэтак на сэрцы.
„Бываюць раны большыя і меншыя. Меншыя заўсёды крывавяцца. Большыя — залечвае толькі… сьмерць.
Гэтак на душы“.
У гэтай невялічкай поэтычнай імпрэсіі („Раны“) з ранейшай творчасьці наш пісьменнік выяўляе болькі, зьвязаныя бязумоўна з творчасьцю. Тварыць — значыць хвалець. Тым большыя болькі мусіла выклікаць творчасьць у часы Ядвігіна Ш. на беларускім літэратурным полі, яшчэ так пустым. Апроч усяго, пісьменьнік мусіў перажываць і мукі аб патрэбе гэтае самае творчасьці, аб яе карысьці і сур’ёзнасьці. Гэта быў час, калі інтэлігэнцыя краю ўважала беларускую мову і творчасьць у ёй хугчэй за якуюсь забаўку, накшталт апавяданьня анэкдотаў ці баек. Бег жыцьця, аднак, паказваў іншае і змушаў таксама інакш і думаць. Таму гэтыя раны душы былі асабліва крывавымі і адбіліся на Я. Ш. асабліва яскрава.
Вельмі цікавыя дадзеныя аб першым закраненьні „беларускае душы“ ў нашага пісьменьніка снаходзім у яго ўласных творах, гэта ўласьне ўва „Успамінах“, якія выйшлі незадоўга перад сьмерцю яго.
Бутыркі… Малады студэнскі задор. Патос творчасьці будаваньня новае сьветлае будучыні…
Украінцы, Палякі, Інстынкт Бацькаўшчыны… Родная песьня… Мукі народжаньня…
Тут-жа перакладаецца і ў 1891 г. выдаецца вядомы гвор Гаршнна — „Сыгнал“.
Праходзіць аднак цэлых 15 гадоў (у жыцьці пісьменьніка)—і ён не дае аб сабе знаць. Драма „Злодзей“, аб якой гаворыць Гарэцкі, так і асталася невядомай. І толькі на старонках „Нашае Долі“ № 3—зьяўляецца першы арыгінальны расказ нашага пісьменьніка „Суд“.
З выхадам у сьвет „Нашае Нівы“, дзе Я. Ш. з часам робіцца кіраўніком літэратурнага аддзелу — ідзе ўжо цэлы рад так сакавітых апавяданьняў яго, але ўсьцяж так розных адно ад аднаго, што дзіўным здаецца, як яны маглі выйсьці з-пад пяра аднаго і таго-ж пісьменьніка.
На ўсіх іх ляжыць пячаць таленту, але зачапляюць яны так розныя тэмы і так розна разьвязваюць пытаньні, што думка аб, „Равах“ паўстае мімаволі нават у пабочнага чалавека.
Не ўдаючыся далей у зьмены ў душы пісьменьніка ў хроволёгічным парадку — пасколькі гэта відно з самых твораў—-усе творы Я. Ш. па іх ідэйнаму зьместу можна падзяліць на некалькі разьдзелаў.
Галоўную частку складаюць апавяданьні з жыцьця розных жывёлаў, пад якімі бязумоўна разумеюцца людзі, дзе аўтор ласьне ў форме анэкдотаў і з нязвычайным гумарам выказвае свой пагляд на акружаючае жыцьцё. Сюды належаць—„Вучоны бык“, „Што казаў певень“, „Падласенькі“, „Рабы“, „Дачасныя“, „Вясельле“ і інш. Фактычна тут асьмейваюцца розныя дрэнныя бакі беларускага сялянскага жыцьця, часамі, праўда, з добрымі мэтамі іх паправіць, усё-ж амаль усьцяж толькі дзеля самае насьмешкі. Тут у Я. Ш. выяўляецца пісьменьнік вышэйшага стану — шляхты, з якое ён паходзіў. Сюды блізка падходзяць апавяданьні „Заморскі зьвер“, „З маленькім білецікам“, „Суд“, „Важная фіга“, „Пазыка“ і інш.
Аднак-жа поруч ідуць апавяданьні зусім процілежнага характару, паказваючыя глыбокую сымпатыю да гэтых самых людзей, з якімі яму прыходзіцца стыкацца і проста над’звычайнае праняцьце іх лёсам. Ён тут нібы хоча зьвярнуць увагу іншых на гэта цяжкое гора, якое апутала селяніна, нібы сілом або павуценьнем. Жахам вее ад гора ўдавы Тамашыхі ў апавяданьні „Гаротная“. Нічым ня прыкрытае жабрацтва кіруе лёсам людзей у апавяданьнях „Зарабляюць“, „Зарабіў“; у алегорычнай форме гаворыцца аб ім у апавяданьні „Дуб-Дзядуля“ і інш. Тут Я. Ш. выступае, як шчыры народнік, які глыбока праняты народным горам і жадае памагчы вызваліцца ад яго.
Між гэтымі дзьвюма пазыцыямі ў сярэдзіне праходзяць мукі яго творчасьці і асабістых рэфлексыяў. Сюды адносяцца яшчэ апавяданьні — „Бярозка“, „Васількі“, „З бальнічнага жыцьця“ інш.
Я. Ш. пісаў і вершам і нават маем яго вершаванае апавяданьне—„Дзед Завала“ — успамін, відаць, аб польскім паўстаньні у 1863 г.
Даўжэйшае апавяданьне яго „Золата“ — асталося няскончаным.
Усе творы Я. Ш. напісаны вельмі жыва, чытаюцца з вялікай цікавасьцю і паказваюць не абы які талент мастака.
Запраўднае імя Я. Ш.—Антон Лявіцкі. Нарадзіўся ў 1869 г. у фальв. Карпілаўцы каля Радашкавіч. Гімназію скончыў у Менску, унівэрсытэт у Маскве. Потым жыў у Вільні і Менску, дзе кіраваў с.-гаспадарчаю часопісьсю „Саха“ то ў перамежку наяжджаў у родную Карпілаўку. Памёр у Вільні і пахованы на могільніку „Роса“.
К. М.