Ядвігін Ш. (Журба)

(Пасля перасылкі з Ядвігін Ш (Журба))
Ядвігін Ш
Артыкул
Аўтар: Янка Журба
1923
Крыніца: Полымя, 1923, №3-4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі).

(З прычыны гадавіны яго сьмерці 26 лютага 1922 г.).

Год таму назад, 26 лютага 1922 г., памёр у Вільні вядомы беларускі пісьменьнік Ядвігін Ш. (Антось Лявіцкі).

Ядвігіна Ш. добра ведае кожны больш-менш знаёмы з беларускай літаратурай па яго вельмі выдатных апавяданьнях, якія зараз можна спаткаць амаль не ва ўсіх беларускіх хрэстаматыях і надрукованых асобным выданьнем.

Ядвігін Ш. радзіўся ў 1870 годзе ў двары Карпілаўцы, недалёка ад Радашковіч. Сярэднюю школу ён скончыў у Менску, а вышэйшую адукацыю атрымаў у Маскоўскім унівэрсытэце.

Будучы яшчэ студантам, ён выступіў на ніве беларускай літаратуры, як перакладчык лепшых твораў тагочасных выдатных расійскіх пісьменьнікаў, як, напрыклад, «Сыгнал» Гаршына.

Яшче за некалькі гадоў да таго часу, калі давволена было выпускаць у сьвет першыя беларускія часопісі, Ядвігін Ш. напісаў драму «Злодзей», якая ня раз ставілася на сцэне, але, на жаль, дагэтуль яшче нідзе не друкавалася.

Пасьля першай расійскай рэвалюцыі у 1905 г. ён пачаў працаваць у Вільні, спачатку у рэдакцыі «Нашай Долі, а потым, калі гэтая газэта быда зачынена ўрадам, у рэдакцыі «Нашай Нівы».

З 1909 году ён быў кіраўніком літаратурнага аддзелу «Нашае Нівы», у якой шмат зьмяшчаў сваіх твораў. У Вільні-ж Ядвігін Ш. выдаваў некалькі гадоў і самастойную беларускую часопісь «Беларус».

Далей праца Ядвігіна Ш. цягнецца ў Менску, дзе ён таксама прымаў гарачы ўдзел ва ўсіх беларускіх пэрыядычных выданьнях і нейкі час быў кіраўніком сялянска-гаспадарчага журналу ў беларускай мове «Саха».

У часе нямецкай вайны Ядвігін Ш. з вялікім посьпехам працаваў у шмат якіх менскіх беларускіх арганізацыях.

У апошнія гады літаратурная і грамадзянская праца Ядвігіна Ш. спынілася з прычыны яго хворасьці.

Ядвігін Ш. належыць да пакаленьня культ. белар. працаўнікоў 80-х і 90-х гадоў мінулага сталецьця.

Літаратурная праца яго пачалася, як ужо адзначана вышэй, яшчэ ў часы яго студенцтва.

Ядвігін Ш. мае вялізарную значнасьць для беларускай літаратуры, як гумарысты, як аўтор казак-легенд, сатырыстычных алегорый, а таксама і як аўтор сур'езных псыхолёгічных апавяданьняў, у якіх адбілася яго глыбобая і трагічная душа.

Як гумарысты, Ядвігін Ш. займае адно з першых месц у беларускай літаратуры. У яго творах мы бачым праўдзівы беларускі гумар. Часамі ён асьмейвае і селяніна (напр., у апавяданьні «З маленькім білецікам»), але ва ўсіх апавяданьнях яскрава праглядвае яго шчырае спагаданьне і вялікая любоў да яго.

Гумар вельмі часта сустракаецца ў яго творах і надта аздабляе іх.

Як аўтор казак-легэнд і сатырыстычных алегорый, Ядвігін Ш. таксама мае вялікую вартасьць. Жывасьць ёмкай беларускай мовы: прыказкі і вострыя слоўцы-усё гэта надта павялічвае каштоўнасьць гэтых яго твораў.

Але ўсе апавяданьні адзначанага зьместу трэба аднесьці да твораў для масы. Найвялікшую-ж вартасьць для беларускай літаратуры маюць тыя творы Ядвігіна Ш., у якіх чуваць крык яго ўласнай душы, у якіх выкаваны думкі, вырваўшыяся інстынктыўна з яго сэрца.

Да такіх яго твораў належаць апавяданьні: «З бальнічнага жыцьця», «Зарабляюць», «Дуб-дзядуля», вершы ў прозе - «Раны» і «Васількі> і інш.

На жаль, твораў адзначанага зьместу ў Ядвігіна Ш. мала.

Наогул, трэба сказаць, што ўсё, напісанае Ядвігіным Ш., вельмі ўзбагаціла беларускую літаратуру і прыдбала нябошчыку пачэснае месца ў плеядзе беларускіх пісьменьнікаў і песьняроў.

Я. Журба.