Язэп Крушынскі. Кніга II

Язэп Крушынскі. Кніга II
Раман
Аўтар: Змітрок Бядуля
Крыніца: https://knihi.com/Zmitrok_Biadula/Jazep_Krusynski_Kniha_II.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




1 - ЛІСТ

правіць

Цыпрук Ярэмчык атрымаў ліст. Сваімі рукамі і канверта не раскрыў:

— Можа сапсую, ці што?

Вострае вока ў старога. Часта сын прысылае лісты дахаты, а стары кожны раз пільна прыглядаецца да круцёлак на канверце, ён заўсёды пазнае руку сына...

З лістом у руцэ, асцярожненька, нібы нясе нешта кволае, якое можа рассыпацца ў пыл, Цыпрук пайшоў да Солаха.

Там двое пісьменных: стары матрос царскіх часоў і сын матроса — Саўка.

Праз марозную пару адчыненых дзвярэй Солахавы спачатку ўгледзелі высунутую наперад руку з лістом, а пасля, задаволена крэкчучы, усунуўся Цыпрук.

— Дзень добры!

Спешна, з гарачай узбуджанасцю кінуў ён у хату прывітанне і, не чакаючы адказу, сказаў як працяг:

— Ад Міколы ліст, ці што!

Апошняе ён прагаварыў з асаблівай сардэчнасцю і нецярпліва працягнуў ліст да Саўкі.

— На, чытай!

Саўка акуратна раскрыў канверт, каб не сапсаваць. Цыпрук навастрыў вушы. Вочы яго пільна ўтаропіліся ў рот Саўкі.

Мікола пісаў:

«Дарагі бацька!

Як толькі атрымаеце маю пісульку, прышлеце каня. Нас, рабфакаўцаў, адпушчаюць на зімовыя вакацыі. Навін ніякіх. Жыў. Здароў. Паступіў у комсамол. Прывітанне ўсім. Асабліва Саўку Солаху. Чакаю фурманкі.

М. Ярэмчык.»

Саўка чытаў уголас, а Цыпрук мармытаў за ім слова ў слова. Стары так заўсёды рабіў, каб пасля напамяць пераказваць «маці» (жонцы). Калі ліст бываў даўжэйшы, Саўка павінен быў чытаць два або тры разы, пакуль стары не вывучыць...

Саўка добра ведаў норавы Цыпрука. Заўсёды, калі канчаў чытаць подпіс «Мікола Ярэмчык», паднімаў вочы на старога з запытаннем. Цыпрук звычайна гаварыў:

— Яшчэ раз, ці што?

Цяпер досыць было аднаго разу.

Ліст кароткі, як дэпеша. Цыпрук апусціў рукі і маўчаў. Нібы толькі што адсцёбалі яго. Крыўдна тое, што ліст кароткі і халодны, ён адчуваў у словах сына нешта чужое і новае, чаго раней не было. Пашараваў плячыма. Нібы цярэбіцца аб сцяну. Працадзіў праз бараду:

— Та-а-ак...

Крыўдна.

Не вытрымаў і былы матрос:

— Піша, як ластаўка крыллем па вадзе. Гэта-ж бывала даўней, калі я пісаў дамоў лісты з Чорнага ці іншага там мора, дык кожны раз у мяне на гэта два аркушы паперы выходзіла. Да гэтага заўсёды дадаваў сваю фатаграфію, некалькі відаў з малюнкамі. Гэта-ж бывала...

Цыпрук не даслухаў да канца яго «бывала». Не развітаўся з Солахам і моўчкі пайшоў дахаты.

Дома ён некалькі хвілін маўчаў з разгорнутым лістом у руках. Маці прывыклым вокам зірнула на збянтэжанага мужа, на кавалак паперы. Запыталася:

— Гэта ўсё?

— Усё...

— Чаму так мала напісана?

— Або я ведаю, ці што? Твой сын, як і мой.

— Дык чаго злуешся?

— І не злуюся.

— Гавары, што ён там кажа?

— Кажа ён вось што...

Цыпрук зірнуў на жонку.

Яшчэ не чуючы ніводнага слова з ліста, яна пачала выціраць хусткай слёзы. Старому стала яе шкода. «Маці» заўсёды лёгкая на слёзы. Недзе ўнутры ў яе захавана іх вечная крыніца. Яна плача нават ад радасці. На гэты раз яе слёзы выкліканы кароткасцю ліста Міколы.

Старога тарганула за сэрца. За гэту хвіліну і ён сам быў узварушаны слязьмі старой. Зрабіў грозны выгляд, крыкнуў:

— Годзе слёзы ліць, ці што!

— Я так сабе...

Па зморшчаным твары Цыпрука раптам праплыла хітрая ўхмылка.

— Годзе, маці (цёплым тонам). Мікола не так каротка піша. Гэта толькі, як глянеш на паперу, здаецца, што мала. ён навучыўся там, у Мінску, так лоўка пісаць, што кожная кропачка ў яго некалькі слоў. Вось што ён піша!

Стары стаў чытаць напамяць.

У яго рэдакцыі ліст разбух. Ён сфабрыкаваў экспромтам, для супакаення «маці», вось што:

«Дарагі радзіцель Кіпрыян Міронавіч і любезная радзіцелька Марыя Антонава. Шлю вам сардэчнае прывітанне з нізкім паклонам і жадаю ад госпада бога нашага доўгага здравія і вечнага благапалучыя. Нізка кланяюся свайму дарагому брату Макару Купрыянавічу з любезнымі дзецьмі. Жадаю ад госпада бога здравія і ўспеха ў дзялах. Яшчэ нізка кланяюся братавай паважанай»...

«Нізка кланяюся» цягнецца доўга. Жывым ланцугом гэтыя традыцыйныя словы ахапляюць усю вёску, паасобку кожную хату, кожнага ў хаце — ад старых да малых.

Па твары Цыпрука цёплым агеньчыкам разыходзіцца дабрадушная ўсмешка. Ён сам пачынае верыць; што так, слова ў слова, піша Мікола. Голас старога ўрачыста паважны, сямейны, прытульны, ён смакуе кожнае слова, як мёд: «Прашу цябе очанна і сардэчна, дарагі радзіцель, прыедзь па мяне ў Мінск, бо распускаюць рабфакаўцаў на зімовыя вакацыі».

Стары вызначыў гэтае слова паасобку, спыніўся і зірнуў на жонку з такім запытаннем, нібы пісьменны чалавек у слоўнік.

— Мудронае слова, ці што! Да яго сваім розумам я ўжо не дастукаюся.

Старая зноў пачала вочы выціраць.

Цыпрук на яе задаволена паглядзеў — слёзы радасці...

— Мікола прыедзе, — паўтарыла старая (некалькі разоў адным тонам, як замову.

«Навін ніякіх не пішу, — чытае далей Цыпрук. — Прыеду дамоў усё па парадку раскажу, бо навін шмат, у лісце ўсяго не напішаш. Дзякаваць богу жыў і здароў, чаго і вам, мае родныя і любезныя, жадаю. Аб вас, радзіцелі старыя і адзіныя на свеце, вечна думаю і клапачуся. Вучуся добра, каб потым вам дапамагаць у бядзе ды ў горы, калі вам трэба будзе толькі на печы сядзець і грэцца, бо да ніякай працы не будзеце здатны. Я паступіў у комсамол, чаго і вам жадаю».

Тут ён зноў спыніўся. Задумаўся, утаропіў вочы ў печ, пачухаў бараду і патаемна ўсміхнуўся. Быццам гаварыў старой: «разумей, маці, як табе выгадней».

Усхапіўся, як-бы нешта раптам успомніў, і скончыў скарагаворкай:

«Сваёю рукою подпіс падпісаў ваш дарагі сын Мікалай Купрыянаў Ярэмчык, які вам сардэчна і нізка кланяецца і чакае фурманкі, каб нецярпліва пабачыць сваіх радзіцеляў».

— У ком-са-мол-о-ол... — сказала старая на спеўны лад. — Глядзі вунь, куды гне!

— А кепска, ці што?

Хто яго ведае! Не нам, старым, аб гэтым знаць.

А чаму старым не знаць? — заартачыўся Цыпрук.— У старых мазгоў няма, ці што?

За час імправізацыі доўгага і цёплага ліста ад сына, Цыпрук вырас у сваіх уласных вачах, ён адчуў хоць невідочны, але нейкі грунт пад нагамі, ён трохі падумаў і ўголас дакончыў:

— Добра Мікола зрабіў, што паступіў у комсамол. Будзе цяпер абарона ад рознай там кантрабанды і ад іншага ліха. Жартачкі, свой комсамолец! Вельмі разумна зрабіў.

— А хто яго ведае, — забедавала старая. — Кажуць, што комсамольцы бацькоў не слухаюць, не паважаюць. Кожны дзень жонак сваіх мяняюць. Бога не баяцца. Хто-ж яго ведае...

Разважанняў жонкі Цыпрук не чуў.

Ён зноў выскачыў з хаты і пайшоў да Солахаў. Там ён зрабіў выгляд нібы зусім і не выходзіў адтуль і звярнуўся да Солаха-матроса:

— Як па-твойму?

Быццам гаварыў з Солахам доўгі час і спакойна працягвае гутарку далей.

— Што па-мойму?

— Мікола добра зрабіў, што паступіў у комсамол?

— А-а-а! Ты вось аб чым!

Былы матрос напусціў на сябе павагу бывалага чалавека.

— Гэта даўней было так. Калі я адслужыў у матросах шмат гадоў, дык даслужыўся толькі да чамаданчык, каб дамоў прывесці тое-сёе. Ведаеш, што мае грошы ў банку прапалі? Цяпер не то-о-ое!

Солах так усхапіўся з месца, нібы яго камар укусіў. Заківаў адным пальцам у бок Цыпрука, і тон яго павысіўся ў ласкавай пагрозе:

— Глядзі, Цыпрук, твой Мікола туды-сюды і ў камісары выкруціцца! Цяпер гэта лёгка, не царскія часы. О-го! Помні маё слова — камісарам будзе!

Цыпрук падазрона зірнуў на Солаха. «Жартуе, ці што?» Але ў вачах Солаха была шчырасць. Упэўніўшыся ў гэтым, Цыпрук пацерабіў бараду і размяклым голасам сказаў:

— Разумны ты, браце мой, чалавек, ці што... Шмат чаго бачыў ты, шмат дзе пабываў... Можа з Міколы што добрае выйдзе. Глядзі, і мне, бацьку, гонар!

Солах яшчэ раз кіўнуў пальцам у бок Цыпрука. У яго голасе зайграла зайздрасць:

— Тут можна і кароўку яшчэ адну набыць і каня лепшага, ды наогул... Будзе ён на гаспадарку грошы прысылаць.

— Будзе прысылаць ці не, гэта ўжо мая, бацькава, справа, ці што...

Стары гэта прагаварыў у абарону ад розных людскіх гутарак пра яго, Цыпрукову, удачу... ён дадаў з гонарам:

— Калі што якое, суседзе, дык ты адразу да мяне, а я да Міколы, ён усё табе зробіць, што толькі трэба будзе!

Цыпрук радуецца. Словы Солаха аб камісарстве Міколы ён захоўвае ў сваёй памяці для жонкі: прынясе «маці» як падарунак, як добры дадатак да ліста. Такім чынам ліст Міколы разросся ў цэлую кнігу, якую стары бацька чытае і перачытвае пятае праз дзесятае. Усе старонкі гэтай кнігі ружовыя, сонечныя, радасныя: цёплая, забяспечаная старасць для бацькоў, пашана і гонар для ўсяе сям’і Ярэмчыкаў і яшчэ, і яшчэ, і яшчэ...

Малады дзяцюк Саўка, сын матроса, сядзеў пры стале і нешта чытаў, ён спачатку толькі адным вухам прыслухваўся да гутаркі.

Пачуўшы аб меркаваннях старых, Саўка не выцерпеў, адлажыў кнігу, падняўся з свайго месца і голасна з абурэннем сказаў:

— Дык вось якія вы!

—А якія-ж мы?! — здзівіўся яго бацька.

— Не зладзеі і не разбойнікі, ці што! — выказеліў вочы і Цыпрук.

— Хораша вы разумееце комсамол, няма чаго і казаць! Па-вашаму выходзіць, што ў комсамол паступаюць дзеля таго, каб зрабіцца камісарамі, а камісары толькі тое і робяць, што бацькоў грашмі абсыпаюць. Дзе вы бачылі такіх? Калі такія дзе і ёсць, дык іх вон выганяюць.

Дык навошта-ж ідуць у комсамол? — запытаўся яго бацька.

— І то праўда, навошта? — паўтарыў за ім Цыпрук. Саўка застаўся з адчыненым ротам, ён не ведаў як ім, старым, тлумачыць. Не знаходзіў слоў.

А ў іх вясёлыя іскры ў вачах. Старыя кпліва на Саўку паглядаюць.

— Дык дзеля чаго ідуць у комсамол? — не адступае бацька.

— Ага, дзеля чаго? — зацікавіўся і Цыпрук.

«...Як на экзамене ўсёроўна, — падумаў Саўка.— Старыя бяруць мяне на цыгундар».

— Для ідэі! — нарэшце сказаў ён.

— Для яды? Мы-ж тое самае кажам, — узрадаваўся бацька.

— Не для яды, а для і-дэ-і!

— Што-ж гэта за птушка — і-дэ-я? — падазроным голасам запытаўся бацька.

— Што-ж за ядэя? — паўтарыў за ім, нібы водгалас, Цыпрук.

Вочы ў Цыпрука хітранькія і ад напружання слязлівыя. Яму вельмі важна выявіць комсамольскае становішча сына...

— Ідэя гэта тое, калі чалавек дбае не аб сваёй уласнай скуры, але думае аб іншых, калі стараецца наладзіць добрабыт грамады. Вось як комуністы робяць..

Так тлумачыў Саўка старым і быў сам не ўпэўнены ў сваіх словах, ён зараз-жа скрытыкаваў сябе ў думках: «Ідэі бываюць у кожнага чалавека. Ёсць і буржуазныя ідэі». Для большай уласнай упэўненасці вытлумачыў ім слова комсамол:

— Комсамол — гэта Камуністычны Саюз Моладзі.

Старыя толькі галовамі ківалі і глыбокадумна сказалі:

— Т-т-так...

— Та-а-ак...

Не мог Саўка зразумець гэтае «так»: ці яно азначае, што старыя яго зразумелі, ці наадварот. Яму было непрыемна ад свайго няўдалага тлумачэння, і зайздрасць да Міколы з’явілася...

Мары Цыпрука, так пышна ўзгадаваныя Саўкавым бацькам, страцілі сваю каляровасць. Стары не ведаў, радавацца ці не такому здарэнню, што «яго» Мікола паступіў у комсамол...


2 - У ДАРОЗЕ

правіць

З абодвух бакоў дарогі сівы лес.

Дзе-ні-дзе паказваюцца ў далі хаткі. Аснежаныя дахі белыя кучмы. Павольна насоўваюцца на абшар сінявыя змрокі. Яны апускаецца ледзь прыкметна, крадучыся. З бяздоння вышыні кроплямі ваты ціха нізіцца дробны сняжок.

Калматы конік і двое людзей на развалістых санках ледзь вызначаюцца з агульнага фона бела-сіняга абшару. Конь павольна і неахвотна трухае па дарозе. Вось-вось спыніцца і далей не пойдзе. Зусім не чутно, як санкі рухаюцца наперад па мяккім снезе. Каб не бярозкі дзе-ні-дзе абапал дарогі, каб не хаткі, каб не разнастайнага выгляду гаі і хмызнякі, якія адсоўваюцца назад, магло-б здавацца, што фурманка застыла на адным месцы шараватай кропкай. Ціха. Толькі калі-ні-калі ў мутнаватым малочнага колеру паветры праносяцца з збянтэжаным крыкам вароны.

— Едуць бацька з сынам — Цыпрук Ярэмчык і Мікола.

Яшчэ ўдодні Цыпрук запрог каня і паехаў па сына ў Мінск. Цяпер — дамоў. Між сабою мала гутараць. Кожны заняты сваімі думкамі. Справу пра комсамол стары адлажыў да прыезду. Аб гэтым трэба гаварыць спакойна ды ў цяпле, каб добра раскумекаць... Мікола сядзіць побач з ім у вялізным жоўтым кажуху, пазычаным Цыпруком у суседа.

Лагодна і роўна падае зверху сняжок.

Хтосьці прасейвае праз вялізныя сіты пытляваную муку.

З восені Мікола дома не быў. Цікава наведваць вёску, дзе нарадзіўся і вырас, паглядзець старую матку, усіх сваіх, суседзяў, Саўку Солаха, які чамусьці застаўся сёлета дома.

Кіпела ўлетку праца ў гэтай вёсцы.

Звычайная сялянская праца сваім чынам, але гэта праца была асаблівая, незвычайная. Мікола і яшчэ некалькі вясковых хлапцоў згуртавалі тады людзей на праўку грэблі. Цяжка было спачатку. Як пагаварылі аб гэтым перад вяскоўцамі, дык тыя думалі, што жартуюць:

— Сумна тады стане ў нас і ціха, як у пустцы.

— Цяпер, прынамсі, людзі збіраюцца, талакою падарожныя фурманкі з балота выцягваем.

— Наша быдла не будзе мець на сабе адзнак, як асушым дарогу.

— Куды мы дзенем калы-струменты?

— У выпадку вайны ворагу лепшую дарогу для пераправы зробім.

— Ды мы прывыклі да гэтага балота. Нам яно не перашкаджае.

А калі з тлумачэнняў пабачылі, што ўсур’ёз гавораць аб папраўцы грэблі, пачалі зноў аднеквацца:

— Я адзін нічога не зраблю.

— Часу няма гэтым займацца.

— Не лёгкая гэта работа.

— Ці ўсе пойдуць?

— Я пайду, але няхай іншыя пачынаюць.

Страшна было людзям брацца за гэта. Не ведалі,

што лёгка можна будзе зрабіць...

Быў тады спынак паміж сенакосам і жнівом.

Можна было вырваць у лета некалькі дзён. Было цёпла. Сонца ярка свяціла. Абапал грэблі стаялі свежыя стагі, якія цягнуліся вежамі аж пад самы лес.

Мікола і Саўка і яшчэ некалькі хлапцоў з рыдлёўкамі ў руках пайшлі на грэблю. Пачалі капаць канаву. Прышлі некаторыя паглядзець на працу і пакпіць. Няёмка стала вяскоўцам. Спачатку яны бралі рыдлёўкі з рук дзецюкоў:

— Каб тыя адсапліся.

Пасля пайшлі дамоў па рыдлёўкі:

— Да вечара пакапаем...

За гэтымі прышлі яшчэ... Кожны думаў:

«Як-жа ж так? Сусед будзе працаваць, а я не? — Сорамна»...

А як пачалі, дык ужо трэба канчаць:

— Дудкі! зробім!..

На другі дзень Мікола і Саўка зрабіліся галоўнымі «інжынерамі». Працавала ўся вёска... Гуртам пракапалі

абапал дарогі глыбокія канавы. Талакою вазілі лапкі, жэрдзі, бярвенне, пясок, каменне.

Шумна было і весела. Пры рабоце песні зацягвалі. Пачне адзін на жарт, і падхопяць усе. Праз некалькі дзён было ўсё зроблена...

Мучыліся людзі тут гадамі, дзесяткамі год...

Горача было тады на сэрцы ў Міколы, ён заўважыў, што ў Саўкі па-новаму вочы блішчаць. Ніколі ў таго гэткай радасці не было.

Кончылі работу, і некаторыя са старых запыталіся:

— А што цяпер?

— Вось, каб так гаспадарку талакою... Мабыць,

кіпела-б... — сказаў хтосьці.

— І гэта будзе! — крыкнуў Саўка.

— Іш ты, малакасос!

Падышоў да грэблі стары Цыпрук. Доўгім удумёным позіркам зірнуў на грэблю, на людзей. Пасмутнеў. Тупаўся туды і сюды і нешта мармытаў пад нос.

— Што ты, Цыпрук, квокчаш? Не падабаецца? Гэта-ж твой сынок прыдумаў!

Цыпрук махнуў рукой, быццам нешта такое згубіў, чаго ўжо ніколі не знойдзе, і адышоў на некалькі крокаў.

Суседка тлумачыла:

— Кіятар Цыпрукоў вы разбурылі. Ён-жа заўсёды першым прыходзіў вазы выцягваць з балота. Ён-жа тут гутаркі заўсёды з людзьмі заводзіў...

Мікола чамусьці пачырванеў, а стары бацька яго пры гэтых словах ажывіўся і давай апавядаць розныя прыгоды: як калісьці нейкі пан даў яму рубля за тое, што памог выцягнуць фаэтон з балота; як воз яек хтосьці перавярнуў у балота; як часта коні ногі выкручвалі ў гэтым месцы; як пазнаёміўся тут з аграномам. Нарэшце, Цыпрук плюнуў і сказаў:

А ведаеце, добра, што навялі тут лад. Нямала і я гараваў тут над горам людскім. Хадзем, Мікола, палуднаваць, ці што?

Усе зарагаталі з такога пацешнага канца Цыпруковай жаласлівасці да ранейшага топкага месца.

Пасля гэтага вяскоўцы цэлы тыдзень адскрабалі закарэлую гразь з свае жывёлы...

Пацямнела.

Значна пасінеў абшар. Далі пачалі мутнець і злівацца з сінню. Снег ціха падае, кладзецца роўным пластком на спіну каня, на сані і кажухі Цыпрука і Міколы.

З нецярплівасцю Мікола чакаў паседжання ячэйкі, дзе павінна была разглядацца яго справа аб паступленні ў комсамол. Як падаў заяву, дык некалькі дзён хадзіў з «павышанай тэмпературай», як жартавалі таварышы. Нешта святочнае мільгала перад яго вачыма. Расла жвавасць, ахвота да вучобы, захацелася як найбольш займацца грамадскай прадай, ён пачаў адчуваць сябе адным з рупных удзельнікаў у перабудаванні жыцця. Ужо некалькі тыдняў перад падачай заявы ён працаваў у адной школе па ліквідацыі непісьменнасці, у якой вучыліся хатнія работніцы. Выкладаў там тры разы на тыдзень.

Спачатку было трохі няёмка. Некаторыя касавурыліся на яго, некаторыя хіхікалі. Закарузлымі ад чысткі бульбы, ад кухні пальцамі яны выводзілі буйныя нязграбныя літары. Лягчэй, чымся з чытаннем і пісаннем, было з «матэматыкай». Тут з дарослымі работніцамі ішло шпарчэй. Бадай усе яны былі з вёскі. Мікола адчуваў да іх асаблівую блізкасць. Пачаў уводзіць у сваю працу жывыя гутаркі, чытаў ім газеты, тлумачыў. Раіў ім, як трымацца, каб гаспадары іх не эксплаатавалі; раіў ім ісці на фабрыку працаваць.

— Нешта наш настаўнік больш жвавым зрабіўся, — чуў Мікола шэпт сярод дзяўчат.

— Заўважылі ў мяне перамену, — падумаў ён. — Заява ў ячэйку.

На ўсіх рабфакаўскіх сходах ён стараўся выступаць адным з першых.

«Няўжо-ж я стараюся спецыяльна для прыёму ў комсамол? — Не! Я так працаваў яшчэ раней. А можа? Я самога сябе яшчэ добра не ведаю...»

Аб чым ён ні думаў, што ні рабіў — гэту заяву кожны раз успамінаў. Яна не выходзіла з яго думак, як прыемная навіна.

Два дні да паседжання ячэйкі Мікола пачаў хвалявацца.

«А можа будзе правал? Хлопцы вялікія майстры задаваць закавырыстыя запытанні...»

Уявіў сабе, як на гэтым сходзе ён зробіцца на некаторы час цэнтрам увагі. Сакратар ячэйкі — чарнявы хлопец, не паводле гадоў сур'ёзны, — прачытае спачатку яго, Міколы, заяву, кароткую біяграфію. Пасля гэтага ўтаропіць у яго вочы. Мікола добра ведае гэтыя шэрыя пранізваючыя вочы. Яшчэ, як яму заяву падаў, той зірнуў на Міколу пранікліва, доўга. Здаецца, самыя затоеныя думкі Міколы чытаў. Мікола не вытрымаў гэтага позірку і апусціў вочы. «Добра, — сказаў сакратар, — абгаворым тваю заяву на бюро, а там пабачым».

Бюро згадзілася.

І вось дайшло да агульнага адчыненага схода ячэйкі... Тут самае галоўнае... Як пачнуць прабіраць яго, разбіраць па костачках, ён сам сябе тады пазнае. Таварышы растлумачаць, які ён сапраўды ёсць, хто ён і што ён. Трохі непрыемна будзе з непрывычкі, але затое карысна.

Пры дарозе мільганулі агеньчыкі сялянскіх хатак. Снег пасінеў. Хацелася ад непрытульнай дарогі накіраваць каня да хатак, да цёплага прытулку.

Пачнуць на сходзе пытацца:

— Чым ён дома займаўся?

— Што ён зрабіў для бядняцкай грамады на вёсцы?

— Хто яго бацькі?

— Колькі ў іх зямлі?

І яшчэ і яшчэ.

Мікола тады сам сабе пачаў даваць ацэнку:

«Вось грэблю паправіў — плюс. Хацеў у мінулым годзе ліквідаваць непісьменнасць у роднай вёсцы. Гаварыў з Саўкам на гэту тэму, але так і засталося — мінус».

Налічыў яшчэ некалькі плюсаў і мінусаў.

Вострым шклом разанула справа з судом яго бацькі. Аштрафавалі за кантрабанду на пяцьдзесят рублёў... Але-ж бацька не быў вінават...

«А можа быў вінават? Адкуль у яго потым з'явіліся грошы, каб купіць другую карову? Гэта прайдоха Крушынскі. А можа нават і не ён? Ліха яго ведае. Ніякіх вынікаў не было пасля заявы, якую я падаў на Крушынскага...»

Падачу заявы ён плюсам для сябе не лічыў... Падаў толькі пасля таго, калі родны бацька пацярпеў ад гэтага...

Мікола атрапаў снег з кажуха і паправіў пад сабою сядзенне.

— Дай мне, тата, лейцы.

Узяў лейцы, па-заліхвацку свіснуў і сцебануў каня. Конь шпарка пабег.

— Ты, сынку, не па-гаспадарску. Шкада каня. Спацее, ці што. Маці ад нас не ўцячэ, калі на гадзіну пазней прыедзем.

Стары забраў лейцы з рук сына. Конь зноў патрухаў дробным крокам.

Лысы чалавек з доўгімі вусамі ў дажджавым плашчы прынёс Міколу ў інтэрнат пасылку ад бацькоў — два сыры і кавалак сала. Лысы абхадзіў усе паверхі, ледзь не ўсе пакоі, пакуль знайшоў рабфакаўца. Мікола дзякаваў.

Пазнаёміўся з гэтым чалавекам.

— Ярэмчык.

— Крушынскі.

«Ці не той, на якога я заяву падаў?»

Нялоўка стала перад незвычайна ветлівым лысым.

«Непадобен да кантрабандыста...»

— Вы не з Курганішча?

— З Курганішча...

Вочы лысага заблішчэлі.

Мікола заўважыў перамену ў выразе яго твару. Не мог уцяміць:

«Гэта выяўленне здаволенасці, што аб ім усе ведаюць, ці можа з прычыны гэтага самага нездаволенасць?»

Нешта знаёмае ўгледзеў Мікола.

Успомніў.

Бачыў партрэт Крушынскага ў газеце. Артыкул аб

ім чытаў.

— Не пра вас у газетах пісалі?

Ціхі рахманы голас:

Пра мяне... Цяпер да доктара прыехаў. Нездароў.

— У вас стомлены выгляд. Садзіцеся.

І ў думках:

«Пэўна, адны плёткі, што кантрабандай займаецца. Але багатая гаспадарка, малочная, сад, пчолы, добрыя коні і ўсё такое... Такім чынам падтрымліваюцца вясковыя багатыры... Не разумею... Мабыць яшчэ мала разумею ў эканамічных справах... Трэба падвучыцца...»

Надакучыла аднастайная сінь зімовага вечара. Захацелася хутчэй дахаты. Ногі празяблі. Мікола саскочыў з санак і пусціўся бягом. Бег пакуль не стала горача. Зноў сеў.

З прыёмам у комсамол вышла зусім не так, як Мікола меркаваў.

На павестцы дня стаяла шмат пытанняў. Спачатку былі два вялізныя даклады, гарачыя спрэчкі па іх, у якіх ён таксама прымаў удзел. Таварышы былі трохі стомлены пасля дакладаў.

Яго справа ў аддзеле «бягучых».

Не было той урачыстасці, якую ён сабе ўяўляў. Выпалі і фокусныя запытанні па палітграмаце і іншых прадметах, ён сам даў гэтаму тлумачэнне:

«Ячэйка ведае мяне ўжо другі год. Увесь час да мяне прыглядалася. Я выконваў розныя заданні...»

Пасля сходу яго затрымаў сакратар, ахапіў яго з галавы да ног цёплым свойскім вокам, ляпнуў па плячах і сказаў:

— Глядзі! Мы ўсе за цябе цяпер адказваем.

Пасля гэтага Мікола адчуваў сябе як тады, калі разам з грамадою будаваў грэблю: мацней, чым раней.

... Комсамол ва ўсім Саюзе дапамагае партыі буда- ваць соцыялізм, ва ўсім свеце змагаецца супроць эксплаататараў.

Радасць агарнула яго.

Хоць шмат абавязкаў выконваў раней, але цяпер трэба яшчэ болей старанна працаваць. Не пісаць заяваў толькі тады, калі ад злоўчынкаў пацярпела яго сям’я. Сям’я ў яго вялікая — мільёны, усе працоўныя...

Бацькі?

Халадок пранізаў яго. Вельмі строга пачаў да іх адносіцца.

Бацькі, праўда, бедныя, але ўсё жыццё імкнуцца стаць багатымі...

«Можа і цяпер бацька думае, што сын комсамолец дапаможа .яму падняцца на ногі, гэта значыць, стаць кулаком...

І навошта я пісаў дамоў, што паступіў у комсамол?..

... Абавязкова пайду на фабрыку, каб вытруціць з сябе рэшткі сялянска-ўласніцкіх настрояў... Яны, пэўна, у мяне ёсць, хоць сам іх не прыкмячаю...»

Снег ужо не падае. Па шкляным цёмнасінім небе мігцяць зоркі — буйныя, бліскучыя.

Стары бацька, заняты канём, цмокае, нукае, па-свайму з ім размаўляе.

Мікола чуе ў голасе бацькі да каня не то крыўду, не то злосць.

«Гэта-ж бадай усю дарогу з бацькам не гаворым... Сядзім абодва плячо ў плячо і як чужыя... Ды яшчэ горш. У вагоне, напрыклад, чужыя людзі, якія толькі першы раз у жыцці сустрэліся, таксама размову пачынаюць».

— Н-н-ну!—кажа бацька каню і скоса паглядае на Міколу.

...Няма аб чым гаварыць з родным бацькам.

Мікола шукае тэмы для гутаркі. Смяецца сам з сабою. Усёроўна як у рабфаку на тэму пісаць...

«Аб чым-жа з ім? Ага!»

- Як гэта праз Крушынскага мне пасылку прыслалі? Ці не быў ты ў яго, тата?

Стары схамянуўся. Нібы ад сну прабудзіўся.

— Ты да мяне, ці што? Крушынскі, кажаш? Ён быў праездам. Ехаў каля нас. Я праз акно ўгледзеў. Выскачыў, папрасіў яго пачакаць і даў яму торбачку. Пасылка ляжала некалькі дзён. Усё не было праз каго паслаць.

— Як гэта ты турбаваў чужога чалавека?

— Крадзенае даў яму для роднага сына, ці што?

Стары павярнуўся шчыльней да Міколы.

— Для роднага сына...

Голас бацькі зрабіўся больш блізкім. Міколе стала няёмка, жаласліва...

«Вось і адкажыся ад бацькоў толькі за тое, што імкнуліся ўсё жыццё стаць багатымі, а жывуць вечна ў беднаце...»

Стары тым часам цягнуў сваю аповесць:

— Маці так узрадавалася, што ўдалося паслаць. Адзін сыр яна ў суседкі пазычыла... Кавалак сала таксама пазычаны... Толькі нядаўна аддалі, як свайго парсючка закалолі.

Кожнае слова бацькі рэзала Міколу, як нажом. Жаласць размякчыла яго. Зірнуў на бацькаву шапку. Той насіў яе яшчэ тады, як Мікола быў малым хлапчуком... Яна такая аблезлая і старая, што яму было сорамна, як бацька з’явіўся ў інтэрнат...

«Вось табе і комсамолец!» — папракаў сам сябе Мікола.

— Навошта было пасылаць? — звярнуўся ён да бацькі.

— Як навошта?! Каб ты там галадаў, ці што? Маці толькі і бядуе, што ты, можа, не маеш чаго есці...

Жаласлівасць да бацькоў расла з кожным словам бацькі. Сэрца сашчамілася. Цяжка стала ад гэтай жаласлівасці, настрой сапсуўся.

— Ды ў нас на рабфаку ўсяго досыць. Я падзяліў сыры і сала між таварышамі...

— Як-жа так?! Не можна, сынок, дабром раскідвацца... Але твая, сынок, справа, толькі маці не гавары, а то бедаваць будзе, што ты сам не еў...

Адпала пры гэтых словах жаласлівасць да бацькоў і зноў палягчэла. Бацькавыя словы «не раскідвацца дабром» вытруцілі цёплае пачуццё.

«Але маці... яна баіцца, каб я не галадаў...»

Бацька тым часам бубніў над ім і, нібы ў бубен, біў свае скаргі:

— Мы-ж цябе выгадавалі. Мы-ж хочам, каб ты не галадаў, каб здаровым быў. Яшчэ некалькі год — і ўся наша апора будзе на цябе. У мяне, сынок, раматус у нагах. Усю зіму на печы сяджу...

— Крушынскага добра знаеш? — павёў Мікола гутарку ў іншы бок.

— А як-жа! Што я суседзяў у нашай ваколіцы не ведаю, ці што? Гэта-ж той самы праязджаў, калі я пакуначак з кантрабандай знайшоў.

— Як табе здаецца, пакуначак быў яго?

— Не! Не яго! Тут рознага народу па дарозе бывае, ці што!

— Можа праўда, і не яго...

— То-то ж я і кажу! — узрадаваўся бацька. — Ён-то цяпер ляжыць хворы. Кажуць, хутка памрэ.

— Ён і тады мне гаварыў, што да доктара едзе.

— І мне казаў.

Змоўклі.

«...Адвык ад бацькоў за той час, што я ў Мінску».

Яркі серп месяца плыў разам з санкамі і ўвесь час быў супроць Міколы.

«Яшчэ пара гадзін, і маці будзе клапаціцца вакол мяне. Пэўна, у печы на вялізнай скаварадзе аржаныя бліны ў сале топяцца...

...Стары твар маці зморшчаны, зморшчаны...

...Вочы яе так ласкава на мяне заўсёды пазіраюць... Яны неяк асабліва свецяцца бледнымі агеньчыкамі... Яна згорбленая. Сапраўды, ёй ужо цяжка працаваць. А пэўна сёння, як угледзіць мяне, рухавай і жвавай зробіцца. Пачне малітвы шаптаць...»

Яго думкі, цёплыя і затоеныя, перабіў бацька:

— Ведаеш, сынку, нам трэба было-б набыць лепшага каня. Гэты ўжо вельмі стары. Пры тваёй памяці іншага ў мяне не было... Мне трэба рублёў трыццаць, а ў маці захавана толькі каля дзесяці рублёў... Потым тое-сёе ў гаспадарцы. Ды што я табе кажу, не ведаеш, ці што?

Мікола добра ведае свайго бацьку: у таго голас цяпер штучны, жаласлівы.

Праз кароткі час стары дадаў:

— Ты, праўда, ужо гарадскім стаў. Можа, забыўся пра нашыя гаспадарчыя справы.

І яшчэ дадаў:

— Маці казала, можа ты што параіш.

Некалькі разоў пацягнуў лейцы і чакаў адказу. Сын маўчаў. Тады ён падсунуў да сына заільдзянелую калматую бародку і запытаўся:

— Дык ты пішаш, што паступіў у комсамол, ці што?

Мікола зразумеў, што бацька пачынае глыбей закідаць вудачку.

«Навошта мне было старым аб гэтым пісаць?»

І сам сабе адказаў:

«Гэта я з вялікай радасці...»


Прыехаў да Крушынскага «Леў Талстой». Урачыста ўвайшоў у хату, выставіў перад сабою сваю белую бараду, нібы сцяг міру. Але вочы яго блішчэлі зусім не на мірны лад. Строгія і чужыя.

Перад сваім неспадзяваным «селькорам» Крушынскі гасцінна патупаўся, рыхтаваўся да цёплай гутаркі. Рот старога на гэты раз быў сціснуты, схаваны ў вусах і барадзе.

— Што там у вас у Гайдачанах? Якія навіны? — пытаўся Крушынскі.

— Эт! — махнуў рукою «Леў Талстой». — Тоісь, нічога не чуваць.

Крушынскі адчуў, што стары нешта зусім іншае хоча яму сказаць і слоў не знаходзіць.

«Відаць нешта для мяне непрыемнае», — падумаў Крушынскі. Настаражыўся. Цярпліва чакаў. Нарэшце стары загаварыў:

— Ведаеце, суседзе? Мы з жонкаю сварыліся некалькі дзён. Тоісь жонка на мяне крычала і называла па-рознаму. Так.

— Усяляк паміж мужам і жонкаю бывае, — спагадліва сказаў Крушынскі.

«Леў Талстой» як-бы не чуў яго заўвагі. Гаварыў далей:

— Што мы, кажа жонка, жабракі, тоісь галодныя? На што табе жыта чужое, Крушынскага?

— Як чужое?! Гэта-ж маё! Даў я за карэспандэнцыю! Мы-ж суседзі!

«Леў Талстой» паморшчыўся.

— Я, трэба прызнацца, і сам толькі назаўтра агледзеўся, што мяшок жыта ў сенцах стаіць. Так. Я і тлумачыў жонцы: п’яны, кажу, быў. Так. Дык жонка на гэта: адвязі ды адвязі назад, а то сорам! І не думай болей піць, бо гэта табе на галаву шкодзіць. Так. Я кажу, сама адвязі, бо мне няёмка. Яна мне на гэта тыц у вочы сівым памялом, тоісь абазвала сівым памялом, і гэтак далей. Так. Вось я і прывёз, тоісь жыта. Трэба прызнацца, дзякую, суседзе, за дабро, але няхай ваша дабро, як мая старая кажа, пры вас будзе. Так!

— Та-а-ак! нібы водгук, такнуў і Крушынскі.

Было вельмі непрыемна: першы выпадак, калі чалавек адмовіўся ад яго падарункаў.

«Здаецца, на хабары добрую школу калісьці ў земскага начальніка праходзіў...» — падумаў Крушынскі.

Зараз-жа знайшоў тлумачэнне:

«Жонка кіруе старым...»

Хацеў быў запытацца, ці пашле карэспандэнцыю аб гайдачанах у рэдакцыю, але падумаў, што лепш аб гэтым цяпер не гаварыць.

«Даў-жа старому жыта за тое, каб не друкаваў, і вось што выходзіць...»

Гэта быў ужо другі выпадак, калі чалавек выбыў з «рэспублікі» Крушынскага.

Першым быў аграном — дзівак той, а вось другі дзівак — «Леў Талстой». Але той на развітанне вырваў пяцьсот рублёў. Розныя бываюць на свеце дзівакі...

Крушынскаму было не па сабе. Ён адчуваў, што з адыходам гэтых двух карысных для яго людзей змяншаюцца яго сілы, яго магчымасці.

«...Будзе цяжэй...»

Не стрымаўся. Па-воўчаму ляпнуў зубамі і ўтаропіўся ў «Льва Талстога» злоснымі вачыма.

Стары гэта запрыкмеціў і з асаблівым гонарам развітаўся.

Прасіў некалькі разоў прабачэння за турботы, часта паўтараў «тоісь», «так», «трэба прызнацца» і сунуўся да дзвярэй задам, нібы бараніўся ад гаспадара белай барадою.

Крушынскі чуў, як «Леў Талстой» ляпнуў клямкай у сенцах і смялейшым крокам дабег да свайго каня. «Відаць, баіцца, каб я за ім не пагнаўся...»

Зірнуў з зацікаўленасцю праз акно.

«Леў Талстой» спрытна ўскочыў на воз, схапіў лейцы і сцебануў пугай каня. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег.

Крушынскі аж нагамі затупаў ад злосці і ўголас сказаў:

— Стары прахвост! Дурны, як бот! Думае, што лепшы за мяне.

Ён выскачыў на ганак.

Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку, як тулава кабана. Крушынскі азірнуўся ва ўсе бакі.

...На дзядзінцы ні жывой душы...

Урэпіўся рукамі ў мяшок і лёгка занёс у сенцы. Зараз-жа ўвайшоў у бакавы ад «салона» пакой і лёг на ложку. Злаваўся цэлы дзень.

Гэта было ўвосень.

Па ваколіцы ўсе ведалі:

Крушынскі захварэў на рак і ляжыць у ложку ўжо доўгі час.

Галава і Сухарукі спрачаліся: што гэта за яно — рак. Паводле Галавы:

Крушынскі глытнуў маленечкага рака. Улетку часта піў з рэчкі. Рак вырас у вантробах чалавека і грызе яго нутро. Мінскія дактары яму гаварылі, што памрэ. Каму па каму, а Крушынскаму два камы!

Паводле Сухарукага:

— Гэты самы рак не ад вады, а нейкая жывая штучка мазгі грызе ў чалавека. Глядзі, Крушынскі багаты чалавек,а ўсё роўна яму каюк. Што-ж, альбо рыбка, альбо піпка!

Дзівіліся суседзі:

— Чаму гэта Сымон Чарнюк, родны бацька, яго не лечыць?

Паўзлі чуткі па вёсках, па хутарах, ад чалавека да чалавека:

— Крушынскі памірае...

У гэты час лавілі людзей з кантрабандай на граніцы, высылалі іх кудысьці далёка на поўнач. Сціхла на мяжы. Хто з людзей дапамагаў вазіць і пераносіць замежны тавар, хаваўся па шчылінах і, дрыжучы, чакаў, пакуль сціхне бура.

Крушынскі ляжаў у бакавым пакоі побач з «салонам». Адзінае акно выходзіла ў сад. Яно здавалася хвораму вокам вялікага свету, ён праз шыбы назіраў за тым, як надыходзіла восень, як яна шалясцела па дрэвах, шуршала сцвярдзелым, як бляха, лісцем. Сад пажаўцеў. Разам з хмарамі колеру волава, якія віселі цяжкімі футрамі над зямлёй, завандравалі вятры. Яны скублі, нібы пер’е з курэй, лісцё з адранцвянелых дрэў, гудзелі, свісталі за акном, сцёбалі веццем у сцяну і клікалі хворага:

— Ідзі да нас. Мы цябе памчым на граніцу. Ночы цяпер вільготныя і цёмныя. Ідзі да нас...

Крушынскі стагнаў.

Настачка і Мзей, малыя дзеці хворага, шушукаліся ў «салоне».

— Татка хворы...

Галасы трывожныя. Вочы спалоханыя.

Жонка Крушынскага больш чым раней цяпер занята гаспадаркаю. Часта падыходзіць да мужа, раіцца аб тым ды аб сім.

У шапатлівым голасе жонкі захаваная радасць.

— Можа, адправім цяпер Стэфку? Трэба ж вельмі яе асцерагацца...

— Не можна цяпер. Яшчэ нам шкоды наробіць. Няхай бавіцца ў салоне з дзецьмі.

Калі дзеці пробавалі спяваць, граць на старым папсутым фартэпіяна альбо скакаць, цёця Стэфка гаварыла трывожным голасам.

— Татка хворы...

Але хворы прасіў:

— Не звяртайце ўвагі на мяне. Мне весялей, калі шум у хаце. Тады забываюся аб хваробе.

Дзівілася Стэфка такому хвораму.

Як стада авец праз вузкія вароты, чаргаваліся адны за аднымі суткі. Марудна соўваліся дні стомленымі вандроўнікамі, апранутымі ў светла-шэрыя світкі. Ледзь краталіся з месца ночы — у цёмных бурнусах. У вачах хворага, які агарадзіўся ад жыцця ў чатырох сценках невялікага пакоіка, кожныя суткі здаваліся годам, нудным і змрочным, ад якога няма дзе дзецца, які пятлёю зацягваецца вакол шыі... Хворы зрабіўся нервовым, прыдзірлівым, як малое дзіцё, зварочваў увагу на дробязь. Ніяк з ядою не маглі ўгадзіць. Часам ляжаў на ложку і затуманенымі вачыма глядзеў у акно. Часам сядзеў пры століку і кніжку чытаў. Калі-ні-калі пляшка гарэлкі стаяла на стале.

Яго свідравала адна думка, драпала, нібы кот кіпцюрамі:

— Калі ўжо мінскія сваякі ліст прышлюць?

Кожны дзень некалькі бліскучых сонечных нітак апляталі яго захаваным цяплом. У такія хвіліны яму здавалася, што варта хварэць. Стэфка ціха стукне ў дзверы яго пакоя і запытаецца:

— Можна да вас?

— Зараз...

Хворы ўзбярэцца на ложак (калі ў той час пры стале сядзіць), укутаецца коўдрай, ляжыць млявы і ледзь-ледзь крэхча...

Калі ласка, заходзьце... — кажа ён літаслівым голасам.

Стэфка скрыпне дзвярмі, увойдзе і давай аглядацца па баках. Шукае ў абсталяванні пакоя бальнічнага смутку. На акне бутэлечкі з лякарствамі, шпрыц і ампула для падскурнага ўспрысквання. Твар Крушынскага бледны, аброс барадою. Хворы ледзь чутна войкае.

Ведае Стэфка, што ён памрэ, чула аб гэтым ад яго жонкі. Усе Дразды і Дзятлы кажуць тое самае. Стэфка глядзіць на хворага з жалем у вачах, ён гэта заўважае і пачынае мацней стагнаць...

— Можа падушку паправіць? Вам не кепска ляжаць? Ці лякарства падаць?

Яна не ведае, што трэба рабіць з чалавекам, які, можа, праз месяц-два будзе ляжаць у магіле...

«ён, бедны, можа і не думае, што хутка памрэ. Нават дактары адмовіліся лячыць яго...»

Памагае хвораму сесці. Злямцаваная падушка робіцца ў яе руках пухкай і свежай. Хворы зноў кладзецца, пакорлівы, як дзіця. Яна асцярожна прыкрывае яго коўдрай. Хворы праз меру туліцца да яе, Стэфкі. Ад яе, маладой, здароўя набрацца хоча. Па-асабліваму, не так як заўсёды, блішчаць яго вочы. Спачатку Стэфцы непрыемна, а пасля страшна. Каб не пакрыўдзіць хворага, нібы не прыкмячае.

«... Трэба як найхутчэй выбрацца з яго пакоя...»

За ўвесь час толькі адзін раз з'ездзіла да сваіх у Мінск. Хворы даў ёй употайкі ад жонкі трыццаць рублёў для бацькоў. Хаця не вельмі хацелася, але зноў сюды вярнулася. Маці прасіла. Гэтыя грошы былі вялікай дапамогай для сям'і.

Мяняліся дні.

На раніцу зямля цвярдзела, як чорствы хлеб. А калі замаразкі высмакталі вільгаць з глебы, яна зрабілася гулкай і зычнай. Кожны крок па зямлі быў стукам па пустой бочцы. Звінела глеба. Паветра лілося ў грудзі халодным пітвом. З роту плылі сіняватыя дымкі пары. А вось закружыўся над зямлёю снег. Спачатку ўдзень яго злізвала сонца, а потым ён прыкарэў да зямлі белай лускою на доўгі час. Намяло вялізныя гурбы. Вятры пачалі іх перакідваць з месца на месца, абдзьмухваць беражкі, прэсаваць і шліфаваць.

У сонечна-снежныя дні Стэфка выводзіла дзяцей на дзядзінец. Цёпла апранутыя, яны весела шумелі і зусім холаду не баяліся. Цэлымі днямі гула ў таку малатарня. Мітусіліся людзі, і жыццё кіпела ў Курганішчы не менш, чым улетку. Адно толькі — сам гаспадар хворы.

Не чуваць яго каманды. За ўсім глядзіць жонка. Яна за гэты час парухавела і гаворыць з большай, чым раней, упэўненасцю. Нават твар яе змяніўся. У жоўтым кароткім кажушку яна мітусіцца па белым дзядзінцы ад гумна да хлявоў і ад хлявоў да гумна.

Стэфка запрыкмеціла, што гаспадыня абыходзіцца зёю куды горш, чым раней.

«Як толькі гаспадар памрэ, зараз-жа паеду ў Мінск...»

Хутка забывалася аб такіх думках.

Хрусцеў снег пад нагамі. Сляпіў вочы ізумрудны глянц. Абшар, як вокам кінуць, да краю шэраватага лесу, белы, белы... Гэта надавала своеасаблівую вясёласць. Часта Стэфка хадзіла на рэчку. З горада канькі прывезлі. Слізгалася па люстраным лёдзе. Імчалася так, ажно ў ціхім надвор’і адчувала вецер на твары, горача станавілася. Брала з сабою і дзяцей. Прывыкла да іх, палюбіла...

Але вось...

У адзін міг усё змянілася.

Яна перастала спаць па начах. Кожны раз з нецярплівасцю чакала светлых ранішніх нітак у шчылінах акяніц. Тады ціха выходзіла адна на дзядзінец. Малатарня гула. Стэфка не хадзіла ў бок гумна, каб людзі не заўважылі. Брыла па сінім гладкім нечапаным снезе. Упершыню па ім гэтай зімою сляды пакідала. Вочы яе блукалі па абшары і нічога, апрача мутнаватай сіні, не бачылі. Яе позірк быў захаваны ўнутры. Нядаўна адбылося нешта жудаснае ў яе жыцці. Як ні старалася ўявіць гэта жыва ў сваім выабражэнні — не магла.

...Страшна. .

Жудасная хвіліна расплывалася плямай, залівала яе памяць, нібы рану крывёю.

Ходзіць Стэфка адна па нечапаным снезе і холаду не адчувае. Хутка вяртаецца дамоў, каб гаспадыня не заўважыла яе збянтэжанасці.

«Ехаць у Мінск? Але матка, сястра... Сляпая матка па голасе пазнае, сястра — па вачах...»

У «салоне», як нікога няма, яна сцісне твар рукамі заплюшчыць вочы і застыне.

...Яна пайшла да «яго» паправіць падушку. Жаласлівасць да хворага... «ён» моцнымі, не як у хворага, рукамі схапіў яе...

Хацела крыкнуць, але ён адной рукою заціснуў ёй рот...

— Маўчы! — шапнуў ён. — Кіну жонку і цябе вазьму. Я ачуняю...

Гудзе малатарня на гумне. Мітусіцца па дзядзінцы жоўты кажушок гаспадыні.

Наведаў хворага айцец Дзімітры.

Паглядзеў на яго адным вокам і пачаў у глыбокім раздум'і выцягваць пальцамі валасы з сваёй рэдкай барады. Нарэшце запытаўся ўстрывожаным голасам:

— Што-ж вам такое, Язэп Сымонавіч? Вам зусім не да твару хварэць.

— Рак... — застагнаў Крушынскі.

— О-о-о, сур’ёзная рэч. Дзе-ж гэты рак сядзіць у вас?

— У жываце.

Айцец падсунуў сваё крэсла бліжэй да хворага.

— А што дактары кажуць? Пры такой хваробе аперацыя патрэбна.

Крушынскі махнуў рукою:

— Адмовіліся дактары. Позна, кажуць.

— Трэба на бога спадзявацца, ён доктар над усімі дактарамі. Але-ж вы бязбожнік...

Айцец зрабіў строгія вочы.

— Верыць пачаў, рэлігійным стаў, — праказаў Крушынскі строгім голасам, усміхнуўся і хітра міргнуў папу.

Тут-жа пры ложку хворага на маленькім століку стаялі віно, закуска.

— Дык можа, бацюшка, спрабуеце гэта?

— Пры такім сур’ёзна хворым неяк нязручна.

— А мы зробім, каб было зручна! — Крушынскі засмяяўся здаровым смехам. — Хворы вып'е разам з вамі.

— Вось гэта самае разумнае. Віно святое пітво. Ужываецца яно чалавекам і ў радасці і ў горы.

Пачалі піць маленькімі глыткамі. Ад маленькіх пе- райшлі да вялікіх. Хворы дастаў з-пад падушкі яшчэ

бутэльку.

— Шаную такіх хворых, гатоў за іх заўсёды богу маліцца, каб хутчэй ачунялі. Бласлаўляю!

— Ранавата, — засмяяўся Крушынскі. — Вось, як атрымаю ліст з Мінска, тады можаце адразу ўчыніць

нада мною суд.

— А я пакуль што ні ад каго лістоў не чакаю, — уздыхнуў айцец Дзімітры і пасмутнеўшымі вачыма зірнуў на заільдзянелае акно.

— Дык вы таксама хворы.

— Як-бы вам сказаць, Язэп Сымонавіч. Я занядужаў яшчэ раней за вас, і мая хвароба больш небяспечная за вашу.

Айцец ушчыпнуў сябе за бараду і наліў з бутэлькі ў чаркі. — Якая-ж ваша хвароба? — запытаўся Крушынскі такім голасам, нібы ўжо ведаў.

— Мая хвароба такая, што і людзям не скажаш.

— Венерычная?

— Яшчэ і горш.

Крушынскі засмяяўся.

— Хварэеце на папа?

— Ну вас, Язэп Сымонавіч...

Айцец дадаў моцную лаянку.

— У евангеллі такіх слоў, здаецца, няма.

— Гэта з апокрыфаў.

— Кім-жа вы былі да папоўства?

— Гэта ўсёроўна, але прычыны хваробы ў нас тыя самыя. Нам шкодзіць тутэйшае паветра. Трэба ачысціць гэта паветра ад небяспечных бактэрый.

— Гэта праўда, але як?

Памазгуем. Думаю, што вы чалавек пэўны, Язэп Сымонавіч.

Айцец Дзімітры пранізваў яго вачыма.

У праціўным выпадку я цяпер не хварэў-бы на рак.

— Таму ія ўсё гэта кажу.

Яны пачалі шаптацца. У пакоіку было цёпла і прытульна. Адзінае заільдзянелае акенца выходзіла ў сад. Пахла лякарствамі.

Пасля выпіўкі, якая позна зацягнулася, выслізнуліся з памяці Крушынскага паасобныя ўрыўкі гутаркі, а тыя, што засталіся ў памяці, нагналі на яго новы страх і новую радасць.

Аднак ён не мог даведацца ў айца Дзімітрыя, кім ён быў да хваробы на папа. Той гаварыў і не дагаварваў.

Айцец Дзімітры стаў для яго цікавай загадкай.

Адзін толькі раз за гэты час у Курганішча прыехаў новы аграном замест ранейшага сябра Крушынскага Івана Мацвеевіча.

Крушынскі абкружыў сябе цэлай галерэяй рознастайных бутэлечак з лякарствамі і войкаў больш чым заўсёды. У гэтым-жа пакоі частаваў абедам агранома. Хворы да яго прыглядаўся. Малады, маўклівы, толькі пра гаспадарку і гаворыць. Праўда, раней запытаўся, ці хворы цяпер цікавіцца гэтым, ці не стоміцца, калі гутарыць пра гаспадарку.

— Калі ласка, калі ласка! — ажывіўся хворы. — Хаця мне цяжка, хаця вясной можа над маёй труною трава нарасце, але пакуль чалавек жыве, усім цікавіцца. Я-ж працую толькі на карысць дзяржавы. Я-ж... Але што аб гэтым гаварыць. Самі, пэўна, чыталі аба мне ў газетах...

— А як-жа, а як-жа!

— Я і сваёй смерцю карысць прынясу: ужо загадаў, у выпадку чаго, хаваць мяне па-новаму, без крыжоў, з песняю: «Вы жэртваю палі».

Хворы выцер вочы. Шэптам:

— А памерці, аднак, яшчэ не хочацца. Падайце мне, будзьце ласкавы, тую бутэлечку.

Хворы ў лыжачку налічыў дваццаць кропель, даліў вадою, выпіў і паморшчыўся.

— Горкае, як палын...

Аграном глядзеў на яго з той нялоўкасцю, з якой заўсёды здаровы глядзіць на хворага.

Патупаўся на месцы і запытаўся:

— Можа вас не турбаваць, а гаварыць пра гаспадарку з гаспадыняй?.. Альбо другім разам, як ваша здароўе паправіцца? Ад рака таксама ачуньваюць. А можа у вас і не рак...

— Вы мне, таварыш... таварыш...

— Кавалькевіч... — падказаў аграном.

— Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце.

Аграном асмялеў. Гаварыў аб недахопах у гаспадарцы Курганішча, даваў розныя парады.

У гэты-ж час хворы яго «вывучаў», прыглядаўся да рысаў твару Кавалькевіча, да гладка пастрыжанай галавы, да шэрых маладых вачэй, да яго рухаў, вопраткі.

«Дзе яго слабае месца?..»

Прыслухваўся да пераліваў голасу агранома, стараўся часамі не перабіваць яго гутаркі альбо раптоўна задаваў запытанні. Заўважыў, што як толькі аграном гаворыць пра гаспадарку, тады ў яго нейкая ўпэўненасць такога характару, як у школьніка, які паўтарае лекцыю. Да агульных жыццёвых спраў у яго быццам няма зацікаўленасці.

«Хлапчук, — падумаў хворы, — але... дзе яго слабае

месца?»

На ўсе заўважаныя недахопы ў гаспадарцы хворы адказаў коратка:

— Я цяпер нядуж. Не было каму глядзець. Я ўжо больш года адчуваю сябе кепска.

— Так, так, — такаў аграном.

Калі Крушынскі пільна часам на яго пазіраў, заглядаў у глыбіню вачэй, у якіх таксама шукаў «слабагамесца», той апускаў вочы.

«Хлапчук...»

Стэфка ў ролі гаспадыні падавала на стол. Жонка хворага была пры малацьбе. Ён прыглядаўся, якое ўражанне Стэфка робіць на дзецюка. Лавіў кожны позірк маладога агранома на Стэфку, выраз вачэй:

«Можа яго слабае месца — дзяўчаты?..»

Аграном сядзеў моўчкі, утаропіўшы вочы ў стол. Не ажывіўся і тады, калі выпіў пару чарак гарэлкі. Крушынскі прымусіў яго выпіць. Калі аграном пачаў адмаўляцца, тлумачачы, што аднаму нялоўка піць, хворы сам выпіў.

— Доктар не забараніў мне выпіць часам таго-сяго. Ад гэтага стан майго здароўя хоць не палепшае, але і не пагоршае.

Хворы думаў:

«Пасля выпіўкі ў Кавалькевіча развяжацца язык. Ён сябе пакажа не толькі як аграном, але і як чалавек...»

Аграном, як наўмысне, так асалавеў пасля гарэлкі, што зусім змоўк. Парываўся некалькі разоў жартаваць са Стэфкай, але язык не варочаўся. Нарэшце, прышлося палажыць яго спаць як малое дзіцё. Не паспеў хворы распытацца ў яго (нават аб гайдачанах. Не аб тым, што там робіцца, пытацца хацеў. Гэта ён добра ведае. Хворы хацеў ведаць погляд агранома на калектыў і Гайдачаны.

«...Аслабіў лейцы сваёй «рэспублікі». Што зробіш — хворы... Папраўлюся, тады...»

Усе трубілі, што памрэ, але ён спадзяваўся: «папраўлюся». Глядзеў у акно на аснежаны сад і меркаваў новыя планы аб узмацненні «рэспублікі». Курыў папяросу за папяросай, задумёна глядзеў на сінія колцы дыму, і ў яго мазгах блукалася адно запытанне:

— «Калі сваякі прышлюць ліст з Мінска?»

Прышлі да яго Слуп і Бочка з навіною:

— Сярод Драздоў і Дзятлаў нялады. Заварылі нейкую кашу. Глядзяць адны адным у гаршкі (ад баб сваіх навучыліся.) Мераюць языкамі, у каго больш зямлі — у каго менш, у каго больш жывёлы — у каго менш, хто больш зарабляе — хто менш, хто лепш жыве — хто горш...

— Запахла гайдачанскім ветрам. Дразды і Дзятлы таксама пачалі гаварыць пра калектыў.

— Для гайдачан я ў гэтым кепскага не бачу, — асцярожна сказаў хворы. — І ў Драздоў і Дзятлаў наладзім калектыў, як надыйдзе для гэтага час. Я нават памог-бы. Толькі хто яго ведае, ці выкарабкаюся ад гэтай паганай хваробы...

Слуп і Бочка пілі гарэлку і пацяшалі яго:

— Паправішся.

— Пабачым... — гаварыў хворы сумным голасам. — Падайце мне шклянку.

— Вось так і трэба!

— Правільна!

Хворы адным махам выпіў шклянку гарэлкі. Слуп

пачаў сам з сабою разважаць:

— Гарэлка пры розных хваробах памагае. Пераядае

пошасць. Ачышчае кроў. Паправішся, братку!

Бочка наліў яшчэ. Хворы выпіў.

— Паправішся!

Хворы выцер вусы і запытаўся:

— Дык што-ж там робіцца ў вас?

Пры гэтым запытанні хворы зрабіўся больш цвярозым, чым да выпіўкі.

— Вось незадаволены людзі адны адным. Нечага новага захацелі. Пачалося з таго, што прыехаў сюды нейкі таварыш, які ў Мінску вучыцца, нейкі Мікола Ярэмчык.

«З усіх бакоў, — падумаў хворы. — Там Гайдачаны. Тут новы яшчэ...»

— Склікаў сход і чорт ведае, што нагаварыў.

— Аб чым гаварыў?

— Аб усім. У нас, як-бы сказаць, кулакі і беднякі, багатыя крыўдзяць бедных. Гаварыў, што Курганішча трэба зрабіць, як-бы сказаць, цэнтрам калгаса. Але многія за цябе стаялі. У цябе, прыкладам, культурная гаспадарка. Ты — разам з начальствам, добра да людзей адносіўся. Некаторыя-ж на сходзе пабіць хацелі гэтага Міколу Ярэмчыка, вялі каманду на тое, каб юху з яго спусціць.

— Вось як... — сказаў хворы лагодным голасам: — Вось як...

І падумаў:

«Гэты горш за Антося Драчыка з Гайдачан. А я-ж яму яшчэ пасылку ад бацькоў аж на кватэру занёс. Старому бацьку праз Рахмільку пяцьдзесят рублёў падкінуў, каб да мяне не чапляўся... Забраць Курганішча...»

Хвораму захацелася цяпер застацца сам-на-сам. Лёг і застагнаў. У вачах відаць быў выраз пакуты.

Слуп і Бочка занепакоіліся:

— Зноў горш стала?

— Можа лякарства якое падаць?

Хворы завойкаў:

— Выбачайце, суседзі. Мне трэба аднаму застацца. Нешта ўнутры рэжа. Вось тую бутэлечку з чырвонай паперкай!

Слуп падаў.

— Дзякую. Цяпер ідзіце, браткі! Як памру, благім словам не ўспамінайце...

— Не памрэш!

— Паправішся!

Пакуль Слуп і Бочка ішлі да дзвярэй, хворы войкаў на розныя лады. А вось за імі зачыніліся дзверы. Стэфка з дзецьмі на дварэ. Жонка каля гаспадаркі. Нікога ў хаце. Хворы пачаў прыслухоўвацца... Звініць у вушах ад цішыні. Дзве шклянкі гарэлкі для яго тое самае, што нічога...

Гудзе малатарня. Шум воўначоскі і людскія галасы на дварэ ўрываюцца непрыемнымі гасцямі ў цішыню хаты, напамінаюць аб жыцці, аб руху.

Хвораму непрыемна...

Асцярожна сышоў з ложка. Стаў супроць замёрзлага акна. Хукаў на заільдзянелае шкло, як малы хлопчык. Круглячок велічынёю ў пятак зрабіўся чыстым. Хворы зірнуў на запушчаны сад. Дрэвы ў снежным пуху. Дзені-дзе спачываюць у белым сне вялізныя гурбы.

«Увесь кавалачак свету, які маю перад сабою...»

Пакута не зышла з яго аброслага барадою твару. Ад доўгага ляжання на адным месцы кружылася галава. Ён адчуў слабасць.

«На працягу кароткага часу гэтулькі трывог...»

Напаў страх. Пачалі непакоіць людскія галасы, шум. Непрыемным стаў бадзёры выгляд жонкі: «яна цяпер усім кіруе». Зайздросціць. Ён сам сябе прыкуў невідочнымі ланцугамі да гэтага пакоіка. Гэтымі ланцугамі з’яўляецца страх. Рызыкоўна цяпер будаваць млын. На ўсякі выпадак няхай застануцца грошы...

Хворы пачаў рухацца туды і сюды па пакоі, спачатку павольна, нібы дзіцё, што вучыцца хадзіць, а потым усё шпарчэй і шпарчэй.

— Хто-ж гэта сярод Драздоў і Дзятлаў супроць мяне? Няўжо пайшлі Дзятлы на Дзятлаў і Дразды на Драздоў? Я-ж стараўся ўвесь час падтрымліваць у іх рознь... Бойкамі за лужок іхнюю ўвагу адварочваў ад больш небяспечнага...

Пад нагамі рыпела падлога. Паплылі вячэрнія змрокі, аблілі пакой шэрым атрамантам. Прышла жонка. Запаліла лямпу і зноў пайшла. Ніводнага слова.

— З кантрабандай супакоілася. Можа мяне не чапалі-б. Ніхто-ж на мяне даказаць не можа. Ды пра мяне зусім забылі. Я-ж хутка памру...

Стала непрыемна, што людзі аб ім забываць пачалі...

А раней гэтага так хацеў...

З «салона» чуваць дзіцячы смех. Толькі што прышлі з двара Стэфка і дзеці. Стэфка ім нешта гаворыць. Слоў не чуваць. Шум галасоў. І свае прывыклі да яго хваробы...

Не спаў усю ноч.

За час хваробы ночы часта напаўняліся яго бяссонніцай. Цягнуліся доўга-доўга. Кожная ноч — чалавечае жыццё. Кожная ноч — жудасць. Кожная ноч — таўшчэзны скрутак чорнага сукна, які марудна раскручваецца перад успалёнымі вачыма.

Думкі плывуць з перабоямі. Як брэд, чаргуюцца настроі: уздым энергіі, радасць пераходзіць у роспач, роспач пераскаквае ў бадзёрасць. У канцы адчуў слабасць і бездапаможнасць. Расла вялікая нянавісць да тых, якія перабудоўваюць нанова жыццё. Гэтыя будаўнікі — яго ворагі, бо яны яго знішчаць... Няўжо-ж ім гэта ўдасца — Антосям Драчыкам, Міколам Ярэмчыкам і ўсёй вясковай , галоце?.. Іхнія гарачыя, гнеўныя і бадзёрыя вочы палохаюць яго. Як той агідны васьміног, яго нянавісць раскідвае ва ўсе бакі шчупальцы. Нянавісць і злосць перапаўняюць усю яго істоту: па-звярынаму выслізгваюцца пенай з яго губ, са скрыгату зубоў. Ён мармыча праклёны. Але злосць яго не мае сілы. Ён сам гэта адчувае. Ва ўсім гэтым стаіць абасоблена адна толькі Стэфка. Ён плыве па бязбрэжным моры, а Стэфка з’яўляецца тым берагам, дзе ён адпачывае. Злосць і нянавісць «хворага» ахопліваюць нават і яго блізкіх па думках, настроях і стану: яны не маюць сілы аб’еднацца ў адну грамаду, каб смела выступіць супроць «тых»... Вось і стой цяпер на чужым вяселлі і яшчэ рабі радасны выгляд.

У такія жудасныя ночы хворы засыпаў пад раніцу. Усход сонца лез у яго акно, крывавіўся на ўскраіне неба, абліваў сад. Хворы стагнаў праз сон, жонка яго не будзіла.


4 - У МАСКАХ

правіць

Венецыянскае акно вялікай сталовай заткана марознымі ўзорамі. Нібы праз гафтаваную гардзіну, прасейваецца праз іх светлымі зёрнамі зімовае сонца. Сонечныя зёрны рассыплены па крэслах, па круглым дубовым стале, па крышталёвых бакалах і парцэлянай пасудзе ў адчыненым буфеце. Гранёныя бакалы запальваюць лакіраваны дуб і паліраваную бронзу буфета ў рознаформенныя спектры.

Буфет і бакалы — гордасць Антона Цярэшкі, стрыечнага брата Язэпа Крушынскага. Гэта спадчына ад багатага бацькі.

Буфет — у стылі замка феадальных часоў.

Бакалы на тонкіх сцяблах нагадваюць вадзяныя лілеі. Калі дакранешся да іх, яны выдаюць працяглы стогн, нібы праводзіш пальцам па нацягнутай струне. Калі на дне крышталю застаецца некалькі кропель, яны іскравяць, нібы вочы дзяўчыны.

...Калісьці ў гэтым буфеце...

... Калісьці ў гэтых бакалах...

...Калісьці ў гэтай сталовай...

Часамі Антон Цярэшка купаецца ў рамантычным возеры ўспамінаў.

Шампанскае, дэлікатэсы, смех, «пардон», «гранд мерсі» ды іншыя шчапоткі «вялікасвецкасці» знаходзілі прытул у кватэры былога лёкая, багатага домаўласніка і рэстараншчыка — бацькі Антона Цярэшкі.

Тут-жа было напісана пара «грамат» да «беларускага народа», тут-жа не раз абгаварвалі справы «беларускай дзяржаўнасці», тут-жа аднаго разу дзяліліся «міністэрскія партфелі».

Лезе ў венецыянскае акно зімовае сонца, таюць туманістым сном ільдзяныя гардзіны на вялізных шыбах, у кроплі вады расплываюцца ўзоры. Анямелы, бязлюдны сталовы пакой чакае дастойных гасцей і вясёлых людскіх галасоў.

З парадных дзвярэй спалоханым трэлем дзынкнуў электрычны званок.

Пані Мар‘я (так завуць жонку Цярэшкі ў сямейным

абыходзе) пабегла з кухні да дзвярэй ледзь чутнымі ў мяккіх туфлях на футры прыспешанымі ад цікавасці крокамі.

— Хто там? — і навастрыла ружовую ракушку правага вуха. .

З-за абабітых тоўстым лямцам і чорнай цыратай дзвярэй пачуўся прыглушаны, палахлівы голас.

— Гэта я, пані Мар’ечка.

Зарумянены ў цеплыні кухні і прыемнай заклапочанасці твар пані Мар’і раптам выцягнуўся ад расчараванасці. «Зноў гэта сляпая», — падумала яна.

— Цёця Вярбіцкая?

— Я, пані Мар’ечка.

Гаспадыня адчыніла дзверы.

Разам з маразлівым паветрам усунулася ў цемнаваты калідор высокая жанчына сярэдніх год, за ёю дзяўчынка-падлетак. Старая жанчына выставіла наперад рукі з растапыранымі пальцамі. Яе твар быў падобны да кітайскай маскі.

— Ты, Бронька, ідзі дамоў, — звярнулася сляпая да сваёй дачкі. Прыдзеш па мяне пазней.

І тут-жа тлумачыла гаспадыні:

— Ведаеце, пані Марачка, што нельга старога вар'ята аднаго ў хаце пакідаць.

Дзяўчынка шуснула за дзверы са спрытам мышы. Пані Мар’я ўзяла старую за руку і асцярожна, нібы развязаны мяшок з гусіным пухам, які вось-вось разляціцца ва ўсе бакі, павяла сляпую ў сталовы пакой. Падсунула ёй крэсла ззаду, шарахнула па падлозе ножкамі крэсла, каб сляпая магла па слыху арыентавацца, дзе і як сесці, і сказала гасцінна-салодкім голасам:

— Садзіцеся, цёця Вярбіцкая.

Сляпая села з крэхтам, з войканнем, асцярожна намацваючы крэсла растапыранымі пальцамі, быццам шукае на ім натыканых вострых шпілек, і нібы ўсе яе цела адна незагоеная рана. Расселася шырока і уздыхнула з аблягчэннем: нарэшце знайшла патрэбнае месца і будзе тут сядзець гадамі — да канца жыцця.

Пані Мар'я грэбліва паморшчылася і, зірнуўшы ў мутнаватыя сляпыя вочы Вярбіцкай, пачырванела. Ёй заўсёды здавалася, што Вярбіцкая толькі прытвараецца сляпой, а ў сапраўднасці бачыць. У вачах Вярбіцкай не было яўных адзнакаў слепаты. Толькі, калі паласа сонца трапіла якраз у вочы сляпой, і яна не сажмурылася, а, наадварот, старалася трымаць супроць сонца шырока расплюснутыя вочы, каб сагрэць іх, як чалавек грэе вушы, пані Мар’я супакоілася і прысела побач.

Рукі пані Мар’і, пульхныя і ружовыя, былі закасаны вышэй лакцей, да пальцаў былі прыклеены, нібы кавалачкі каляровай гутапэрчы, шалупінкі ад цыбулі. Яна перад гэтым працавала ў кухні.

Сляпая грэла на сонцы схаладалы на марозе твар. Чулыя зморшчынкі на яе лобе і на зямліста-шэрых шчаках трапяталіся, адчуваючы цёплае паветра сталовай. Завостраны высунуты наперад падбародак рухаўся туды і сюды, як на спрунжынах. Тонкія ноздры дрыжэлі. Выемкі і пукатасці твару паказвалі формы чэрапа. На шыі выпукляліся. нібы набухшыя п’яўкі, сіняватыя жылкі.

Пані Мар’я з цікавасцю да яе прыглядалася. Здавалася ёй, што сляпая бачыць усё ў пакоі, усе драбніцы: нават шэрыя цені пад сталом, успухласць адклееных шпалераў у кутку сцяны.

Непрыемна стала гаспадыні. Яна адвярнула вочы ад сляпой і давай знімаць з пальцаў прылепленую шалупіну.

Тонкія ноздры ў сляпой яшчэ больш захадзілі. Яна зашамкала ротам, і па кутках выцвілых губ выдуліся знутры маленькія бурбалкі сліны.

— О-о-ай... — застагнала сляпая.

— Баліць што, .цёця Вярбіцкая? — усхапілася з месца гаспадыня.

— Ой, як смачна пахне...— цёця Вярбіцкая цмокнула губамі.

— Бойцеся бога, цёця Вярбіцкая, гэтулькі клапот! Сёння вечарам у нас будуць госці.

— А-а-а, вось яно што! А я думаю: чаму так смачна

пахне?

Праз няшчыльна зачыненыя дзверы праціскваюцца з кухні ў сталовы пакой тонкія струменьчыкі рознастайных пахаў. Сляпая іх цяпер адчувае ўсёй істотай. Пірог, начынены мясам, гусь, начыненая яблыкамі, цялячая лапатка ў духоўцы на блясе, перац, лаўровы ліст, цыбуля, сквіргатанне рознастайных тлушчаў, трэск гарачых вуголляў, тупат работніцы, шорканне бурачкоў на тарцы — усё гэта даходзіць да носу і вушэй сляпой і хвалюе, вабіць, непакоіць.

— А-я-яй! — усхапілася сляпая з крэсла. — Ой-ё-ёй!

Крык спалоху вырваўся ўсхліпам з яе горла, устрывожыў гаспадыню.

— Што, цёця Вярбіцкая?

— Гарыць! Пірог прыгарэў... Пах такі прыгорклы, цукар паліцца...

— Ну?!

Гаспадыня ірванулася ў кухню, як на пажар.

Праз некалькі хвілін вярнулася з талеркай у руках.

— Сапраўды пірог трохі прыгарэў, — і паставіла талерку перад сляпой. — Пакаштуйце, цёця Вярбіцкая! Выбачайце, часу не маю, — і зноў пайшла ў кухню навадзіць лад.

Сляпая ўзялася худымі пальцамі, нібы спрунжынамі, калупаць кавалкі цяляціны са смажанай бульбай. У гэтым калупанні адчуваўся незвычайны апетыт і смакаванне. Пальцы дрыжэлі, згіналіся прагна і смагла, як змейкі.

Ільдзяныя ўзоры на венецыянскім акне таялі ад сонца, кроплі слізгаліся па шыбах і блішчэлі, як слёзы.

Сляпая хутка спустошыла талерку, выцерла пальцы кончыкамі хусткі з галавы, правяла губамі аб рукаў старамоднага плюшавага Паліта туды і сюды нібы брытву вастрыла.

Пані Мар’я паказалася з кухні праз хвілін дваццаць. Сляпая звярнулася да яе з рахманым голасам:

— А ведаеце, чаго я прышла да вас, пані Марачка

— Ну?

— Скардзіцца прышла. — Правая шчака сляпой блішчэла, абмазаная тлушчам ад ежы. — Скардзіцца прышла на Стэфку. Не едзе дамоў. Нічога не піша. Чаго яна сядзіць у Курганішчы?

— Відаць, ёй там не кепска жывецца, цёця Вярбіцкая.

— Пра бацькоў забыла. Вось што. А тут, пані Мар’ечка, якраз прыходзяць да мяне пытацца, дзе Стэфачка.

Яе каляжанкі прыходзяць. Кажуць, службу дастаць можна ў дзіцячым доме. Чаго там зашылася на вёсцы ў Язэпа Крушынскага?

— Стэфцы там добра жывецца, мой сваяк слаўны чалавек.

— І ваш Крушынскі цяпер сюды не прыязджае, а раней хоць прывітанне ад Стэфкі перадаваў.

— Ён цяпер ляжыць хворы, бедны мой сваяк.

— Хворы? — сляпая ўспляснула рукамі. — А што яму такое?

— У яго рак.

— Рак?! — сляпая ўскочыла з крэсла.—А святы божа! Дык чаго-ж ён там ляжыць? Няхай-бы сюды прыехаў, у бальніцу.

— Яму, цёця Вярбіцкая, дактары ўсёроўна не памогуць. Памрэ.

— Памрэ?

— Па-а-ам-рэ!

— Ой, о-ёй! Бедная Стэфачка. Яна, мабыць, яго там даглядае.

— Не, цёця Вярбіцкая, яна толькі з дзецьмі.

— А не набярэцца гэтага раку, пані Марачка?

Гаспадыня засмяялася.

— Набярэцца ваша Стэфка раку ад Крушынскага, як я ад вас слепаты, цёця Вярбіцкая.

Непрыемна стала гаспадыні ад гэтай гутаркі, пры тым ёй трэба было цяпер быць у кухні, а вось...

Зноў нехта пазваніў.

— Выбачайце, цёця Вярбіцкая.

Гаспадыня пабегла да дзвярэй.

Па сляпую прышла Бронька, малодшая сястра Стэфкі.

— Бронька, ты? — запыталася сляпая, па кроках пазнаўшы дачку. — Чаму так хутка прышла?

— Хадзем, мама, дахаты. Бацьку зноў галава баліць. Ён хоча, каб ты яму кампрэс прылажыла.

— Вось і хвілінкі не пасядзіш у людзей, пані Марачка; цёнгля з ім, з гэтым вар’ятам! — паскардзілася сляпая.

Пані Мар’я ўзрадавалася, што так хутка вызвалілася ад сляпой.

Перад тым, як Антон Цярэшка пайшоў на працу ў інстытут, ён сказаў жонцы:

— Сягоння налягай галоўным чынам на ежу, выпіўка павінна быць умеру. Разумееш?

Ён прагаварыў гэтыя словы, як загад, трымаў перад сабою партфель, як шчыт, і выскачыў хутка за дзверы.

Жонка засталася з адчыненым ротам, з нерасцвіўшым букетам красамоўства наконт слоў мужа «налягай галоўным чынам на ежу».

— Усё купляй ды купляй! Скуль грошай набярэмся? — крыкнула яму ўздагон.

Яна злавалася ў гэту хвіліну і на яго, і на гасцей, і нават на хворага Язэпа Крушынскага.

Калі ў Курганішчы Язэп Крушынскі «захварэў» на рак, гэту хваробу адчуў у Мінску яго стрыечны брат, Алесь Крушынскі, які піша вершы пад псеўдонімам «Антон Цярэшка». Адчуў ён гэта якраз тады, калі да яго павінны былі прыйсці госці. Не было свежых прадуктаў з Курганішча — сыру, масла, каўбасы, сала, ды іншых вырабаў вёскі. Раней Язэп Крушынскі ўсё гэта прывозіў сюды сам, не шкадуючы, ад шчодрай рукі. Гэта было традыцыйнай данінай ад вясковага Крушынскага гарадскому — няўмоўленай выплатай даўгоў за той час, калі Язэп Крушынскі гадаваўся і вырас у бацькоў Цярэшкі. Ужо некалькі год, як Крушынскі акуратна выплачваў даўгі.

Пры гэтым кожны раз між гарадскім і вясковым Крушынскім адбываўся такі трафарэтны дыялаг:

— Навошта? Як табе, Язэп, не сорамна! Няўжо-ж думаеш даўгі выплаціць?

— Кінь, Алесь, глупства гаварыць, — злаваўся Язэп, —оды-ж браты! Ці-ж я гэтымі дробязямі выплачу за тое, што бацька твой мяне выгадаваў і на ногі паставіў? Тое я буду век памятаць.

Ён ставіў на падлогу гладышы, мяшэчкі і пасудзіны з прадуктамі.

— Калі ласка, апаражніце пасуду і мяшкі. Жонка за гэта мяне лае, а я кожны раз забываюся прывезці іх дамоў, — прасіў Крушынскі.

Так адбывалася гадамі.

І не задарма практычны гаспадар Курганішча прывозіў Цярэшкавым прадукты. Ад стрыечных братоў ён меў нямала карысці, часта па некалькі дзён жыў тут, калі па камерцыйных справах яму трэба было бываць у горадзе. Часам стрыечныя браты яго з бяды ратавалі, калі ён пападаўся. Такім чынам, ён быў і на журфіксах Цярэшкі, дзе знаёміўся з рознымі людзьмі, якія хвалілі яго «беларускае» сала і каўбасу, і прыслухоўваўся да іхніх гутарак на цікавыя палітычныя тэмы.

Цярэшка так прывык да такой даніны натурай, што без яе было трохі сумна. Прадукты з Курганішча аздаблялі частыя журфіксы на яго кватэры фальваркавай сытай ідыліяй.

Вялікая сталовая Цярэшкі была ярка асветлена электрычнасцю. На сталах чакалі бутэлькі з віном. Піўная батарэя тулілася ў кутку на падлозе каля буфета. Венецыянскае акно было завешана цёмнай аксамітавай заслонай. Сталовая ва ўсім сваім убранні чакала прывыклага рытуала, які пачнецца тады, як збяруцца госці.

Пані Мар’я апранулася ў шаўковую вопратку мышынага колеру, яшчэ раз агледзела сталы і пайшла ў салон паглядзець, ці там усё ў парадку. Муж сядзеў на мяккай канапе, курыў папяросу і з нецярплівасцю прыслухоўваўся. Чакаў званкоў, першых гасцей. Заўсёды пры такім чаканні ён нерваваўся. Заўсёды, як толькі пачуе хрыплаватыя трэлі званка, першым выскакваў, сам адчыняў дзверы, рабіў радасную міну і памагаў жонкам сваіх сяброў здымаць паліто з такой зграбнасцю, ажно некаторым жанчынам успаміналася старая спецыяльнасць яго бацькі...

Хрыплыя трэлі званка чуваць былі адны за аднымі. Заўсёды на працягу пятнаццаці хвілін усе госці бывалі ў зборы. З салона пераходзілі ў сталовы пакой.

Прыходзілі да яго ў госці тыя, з якімі пазнаёміўся яшчэ ў 1917 годзе пасля лютаўскай рэволюцыі, калі цяперашні Антон Цярэшка, тады Алесь Крушынскі, прызнаў сябе беларусам і пачаў прымаць удзел у «беларускай справе». Тады ён толькі што скончыў юрыдычны факультэт і стаў маладым адвакатам.

На ранейшых вечарах, калі Язэп Крушынскі яшчэ не хварэў на рак і часта тут прысутнічаў, пані Мар’я не раз гаварыла яму аб гасцях. Жонка Цярэшкі старалася такім чынам адукоўваць Язэпа Крушынскага і пахваліцца перад прасцейшым сваяком сваімі высокімі, прыстойнымі гасцямі. Няхай бачыць, з якімі людзьмі і ён, Крушынскі, дзякуючы сваякам, маё гонар бываць у кампаніі...

Такое інтымнае знаёмства з гасцямі звычайна адбывалася ў той-жа вечар, пасля таго, як госці разыходзіліся і Язэп Крушынскі ўжо ляжаў у ложку ў адным з бакавых пакойчыкаў.

Такое своеасаблівае знаёмства з гасцямі стрыечнага брата часта паўтаралася. Выглядала, нібы Крушынскі слухае з вуснаў пані Мар’і паэмы аб беларускіх «героях». «Героі», іхнія ўчынкі былі яму да густу.

Звычайна жонка Цярэшкі ціхенька ўваходзіла ў яго пакойчык і садзілася на яго ложку.

Вільготнымі ад лішняй выпіўкі вачыма пазірала на яго ды ўсміхалася.

— Ой, як я стамілася, сваячок, — пачынала яна заўсёды адзін і той самы ўступ. — Апрыкрыла мне ўсё гэта, апрыкрыла.

«Апрыкрыла» гаварылася такім тонам, каб Крушынскі зразумеў, што не апрыкрыла, а, наадварот, вельмі прыемна. Яна рабіла набожныя вочы, глядзела ў суфіт, складвала рукі, як пры малітве, і працягвала далей наэкзальтаваным голасам:

— Колькі клапот! Божанька, колькі клапот! А тут старайся, каб цябе на языкі не бралі. Я, здаецца, стараюся з усіх сіл.

— Ды плюньце вы на гэта, пані Мар’я.

— Плюнуць лёгка, але ведаеце нашых гасцей? Не ведаеце? Дык вось слухайце. Толькі прашу вас, сваячок, каб пасля ні слова. Хоць гэта і не вялікі сакрэт, але вы яшчэ не ведаеце.

Па яе вачах, па яе пульхлых губах і нервовай напружанасці голасу і рухаў Язэп Крушынскі разумеў, што яна мусіць цяпер выказацца, павінна апрыскаць каго-колечы фантанам слоў, нібы прыемным душам, і паганарыцца сваім шырокім і пікантным знаёмствам. Крушынскі не раз чуў ад яе адно і тое самае, але пані Мар’я забываецца, што ўжо гаварыла яму аб гэтым раней, ён кожны раз павінен нанава дзівіцца, яшчэ раз захапляцца, зноў змагацца са сваім сном і слухаць-слухаць...

— Вось той, хто сядзеў з краю стала, каля акна, Саколічам завецца, голены, з маленькімі вусікамі, які пры кожным слове дадае нейкі гук, падобны да «хі-і-і», нібы ў яго заўсёды костка ў горле, вось той самы быў раней міністрам «Беларускай народнай рэспублікі». Пры немцах ён быў адным з тых, хто падпісаў тэлеграму Вільгельму і дзякаваў за вызваленне ад бсльшэвіцкай анархіі. Ён часта хадзіў да княгіні Радзівіл, прыкладваўся губамі да сухой ручкі старой княгіні — худой, сінявокай, юрлівай. Толькі вы, сваячок, нікому аб гэтым.

— Нікому.

— Смешная была княгіня. Сядзе, паложыць нагу на нагу па-мужчынскаму і смаліць папяросу за папяросай. Канчае курыць адну і бярэцца за другую, прыкурыць ад свайго акурка, плюне на акурак, прыклеіць яго да падэшвы сваёй туфлі і стукне нагой аб падлогу. Усміхнецца тонкімі сіняватымі губамі, адным вокам зробіць набожную міну, другім вокам гулліва міргне да Саколіча і звернецца да яго на сваёй уласнай мове, змешанай са слоў англійскіх, французскіх, нямецкіх, рускіх, польскіх і беларускіх. Толькі вы, сваячок, трымайце язык за зубамі!

— А як-жа, за зубамі трымаю.

— Скажа княгіня на сваім вар’яцкім жаргоне: «Гельт вам патрэбна для белорусского дела? Мэрсі, дзякую. Дас Іст бардзо шляхетна». Дадасць некалькі англійскіх слоў і так скончыць: «Толькі ведайце, на релнгнозное дело іх гібе і венцэй ніц». Падзякуе Саколіч, нагаворыць яе светласці кампліментаў, пакуль ёй прыкра стане. Тады яна ўзнімецца з месца ў сваёй жалобнай чорнай вопратцы (.насіла жалобу па мужу, які загінуў у пачатку імперыялістычнай вайны), скажа «ад’ю» і шусь у другі пакой. Ужо адтуль крыкне Саколічу, што грошы ён дастане ў кіраўніка справамі. Кіраўніком справамі быў яе лёкай — сваім шляхетным выглядам падобны да маркіза, а не да лёкая. Божанька ты мой! Я сама была не супроць таго, каб паамурнічаць з ім. Такі ён быў паважны і выкштальцаваны, што міністры нашыя палохаліся яго. Толькі вы аб гэтым, сваячок, нікому ані!

— Ані! — механічна паўтараў за ёю Язэп Крушынскі.

— Гэты самы Саколіч часта піў касцёльнае віно з духоўнікам княгіні — валлястым, кароценькім, пузаценькім вялебным ойчыкам, упрашалі яго, каб уплываў на княгіню ў грашовых справах для «беларусаў». Толькі вы аб гэтым нічога нікому.

— Нічога нікому, — паўтараў за ёю Язэп Крушынскі, нібы водгалас.

— А Лявончыка ведаеце? Спрытненькі, чорненькі, у маршчынках, Раман Скірмунт частаваў яго дарагімі сігарамі, скардзіўся калісьці яму, што ў яго, Скірмунта, маёнтках у Піншчыне ўчынілі пагромы. «Трэба стрымліваць дзікія інстынкты цёмнага раз’юшанага натоўпу», — гаварыў Скірмунт — «тады і я дам грошы на беларускую справу». Лявончык стараўся. А вось Барзоўскі, ён вечна пра Одэсу гаворыць, малады, з лысінай і чорнай бародкай. Прыгожы такі мужчына. Ведаеце яго?

— Ведаю.

— Ну, вось! Гэты самы ў Одэсе ледзь арміі беларускай не зарганізаваў. Інакш можа было-б тут цяпер у нас, каб удалося з арміяй. Толькі вы, сваячок, глядзіце...

— Гляджу.

Пані Мар’я з надзвычайнай асалодай успамінала ўсіх «выдатных» гасцей: «маршалкаў», «радаўцаў», «нацыянальных камітэтаў», «сакратарыятаў», генерал-маёраў і лейтэнантаў з «беларускай вайсковай камісіі» пры белапольскай акупацыі ды іншых «дзяржаўных мужоў», якія прапанавалі розным белагвардзейскім урадам і розным дзяржавам тавараабмен з Беларуссю, каб тыя толькі дапамаглі «выратаваць краіну ад большэвіцкай анархіі»...

Па тоне і голасу пані Мар’і Язэп Крушынскі разумеў, што гэтыя людзі з «былой славай» спадзяюцца аднавіць гэтую славу ў недалёкай будучыне, і ён таксама жадаў мець сувязь з такімі людзьмі.

— Мала што яшчэ можа быць, — думаў ён. — Тады і я далучуся.

Часам ён пры такіх апавяданнях пані Мар’і раптам задаваў ёй запытанне:

— А ці не робяць яны нешта цяпер ціхенька ды асцярожненька?

Пані Мар’я тады ўсхаплівалася з месца, рабіла строгія і спалоханыя вочы і гаварыла:

— Што вы, сваячок, кажаце? Гэтага быць не можа! Не гаварыце мне аб гэтым... і не думайце так. А божанька мой... З вамі небяспечна гаварыць... А божанька...

— Я пажартаваў...

Пані Мар’я смяялася нервовым смехам, а Крушынскі моўчкі і пранікліва на яе паглядаў.

Ведаў Крушынскі і адносіны гасцей стрыечнага брата да яго, Язэпа Крушынскага:

— Такія, як вы, Язэп Сымонавіч, уся наша апора! — гаварылі яму часта госці Цярэшкі, частуючыся яго прадуктамі.

— Гэткія, як дзядзька Крушынскі, уся сіла беларускай дзяржавы, — сказаў яму аднаго разу адзін рыжавусы «маршалак» і пацалаваўся з ім.

У словах «беларуская дзяржава» ён улавіў тое неўлавімае, як цень, што яго вельмі цікавіла: двухсэнсовасць, прыемную і пажаданую для яго.

— А так званая ўкраса совецкай улады: беднякі — гэта гультаі ды п’яніцы. Ад іх нам ніякай карысці. Гэта... — «маршалак» прыгнуўся да вуха Крушынскага і дадаў брыдкае слова. — Вось хто яны! А вы наша сягоннешняя і будучая апора, — «маршалак» зрабіў націск на слова «будучая» і глыбока зірнуў Крушынскаму ў вочы. — Вы, дзядзька Крушынскі, ды ўсе такія гаспадары — сіла беларуская! Вось хто вы!

Пры гэтых словах «маршалак» паружавеў у твары. На яго ілбе выступілі жылы. Ён узяў бакал у рукі і сказаў:

— Вып’ем за Язэпа Крушынскага, прадстаўніка сапраўднай беларускай народнай сілы!

— У сельскагаспадарчым аддзеле нашага інстытута зробім маленечкую выстаўку з экспанатаў Курганішча. Побач з Марозам няхай красуецца ў сценах Інстытута!

Язэп Крушынскі ганарыўся. Ва ўсім гэтым ён адчуў для сябе нейкую захаваную прыемную правату.


— Дык мы ўсе свае людзі! — крыкнуў Язэп Крушынскі шчырым голасам.

— А няўжо-ж чужыя? — сказаў «маршалак».

— Прашу ўсіх да сябе ў госці, у Курганішча!

— Абавязкова прыедзем.

Пані Мар’я забывала, што ўжо не раз апавядала Язэпу Крушынскаму пра гасцей і паўтарала яму адно і тое самае ў рознастайных варыянтах. Дзякуючы гэтаму, на палатне яго ўяўлення жылі і рухаліся, гаварылі і дзейнічалі людзі, якіх ён добра ведае, ведае аб «маршалках», «міністрах» і «паслах» розныя апокрыфы: як адзін «прэм’ер», ветэрынар, быў выкліканы княгіняй Радзівіл у часе паседжання «рады» лячыць захварэўшага раптоўна сабачку. «Прэм’ер» спыніў паседжанне і паехаў у яе маёнтак;

як Раман Скірмунт прапанаваў аднаму з правадыроў «беларускай соцыялістычнай грамады» змяніць назву, і калі яна будзе называцца «Беларускай дэмакратычнай грамадою», дык і ён дапаможа сродкамі гэтай арганізацыі;

як «маршалак» напісаў і надрукаваў кантычку на беларускай мове, каб супакоіць такім чынам душу княгіні тым, што яе сродкі ідуць на божыя справы;

як Булак-Балаховіч друкаваў свае вершы на беларускай мове ў адным з часопісаў, і «міністры» каранавалі яго «беларускім нацыянальным героем і паэтам»;

як у Літве дзейнічаў атрад «беларускага войска» з некалькіх дзесяткаў чалавек. У складзе гэтага атрада быў адзін кітаец — былы хунгуз, — ён да таго зрабіўся свядомым беларусам, што калі ў яго пыталіся «хто ты?», ён адказваў: «беларуза»...

— А дзе-ж гэта Язэп Сымонавіч? Чаму няма сягоння гэтага слаўнага чалавека з Курганішча? — запытаўся «маршалак».

Яго рыжыя вусы былі вільготныя ад віна. Ён іх часта выціраў, і яны злямцаваліся ў два хвасткі. Шэрыя вочы пацямнелі і на пераноссі ўглыбіліся дзве маршчынкі.

— Крушынскі захварэў на рак, — сказала пані Мар’я. — Не мог прыехаць.

— Ну?! — здзівіўся «маршалак». — Гэта хвароба, цётачка Цярэшчыха, вельмі паганая. Вось шкада!

— Што-ж рабіць? Можа ачуняе.

Пры гэтым пані Мар’я весела міргнула «маршалку».

— Дык вып’ем за тое, каб ачуняў Язэп Сымонавіч Крушынскі! — крыкнуў «маршалак». — Гэтакі чалавек! Вось чаму няма сягоння такой слаўнай шынкі, каўбаскі і сыру. Адразу адчуваеш адсутнасць такога чалавека. Церпіць Крушынскі, дык і мы церпім. Вып’ем за яго здароўе!

Блішчаць вочы мужчын. Сакочуць і хіхікаюць жанчыны. Звіняць бакалы, відэльцы, лыжкі, нажы. Вечар у Цярэшкавых дайшоў да таго вышэйшага пункту, калі кожны госць адчувае сябе поўным гаспадаром, калі ясі што хочаш, п’еш колькі хочаш, і гаворыш-плявузгаеш што толькі ўздумаецца. Адзін аднаго перакрыквае, і ніхто не чуе, што другі кажа, і што ён сам гаворыць.

«Маршалак» наліў гарэлкі ўсім у бакалы, зірнуў вакол цвярозымі вачыма і ціха высунуўся з сталовага пакоя. Праз некалькі хвілін вышлі яшчэ трое. Ніхто і не заўважыў. Антон Цярэшка зірнуў на гасцей крытычным вокам. Жанчыны шапталі адна адной пікантныя анекдоты. Літаратурны крытык Гайдач прыглядаўся да выразаў губ жанчын, каб паводле гэтага ўлавіць сэнс анекдотаў, Ён выцягваў па-гусінаму галаву, настаўляў глухаватыя вушы і смяяўся. Групка мужчын сядзела паасобку за другім сталом побач і частавалася півам.

Улучыўшы хвілінку, калі госці былі вельмі занятыя сабою, Цярэшка таксама вышаў з пакоя, Ён трохі пастаяў за дзвярыма свайго кабінета. Адтуль ледзь чутна было неразборлівае шушуканне, ніводнага слова ён улавіць не мог. Гэта яго ўзрадавала. Калі ён ціха скрыпнуў дзвярмі, «маршалак» і «міністры» сядзелі на мяккай скураной канапе. На іх тварах не было ніякіх адзнак хмелю.

Цярэшку сустрэў шэпт дзядзькі Саколіча, нібы шорханне сухога сена:

— ...што гэта так. Безумоўна жадалася-б як найхут- чэй, але ж чакаем, калі нельга правесці сваю праграму ўдарам у лоб, дык мы яе правядзем стараною. Важна, каб прынцып быў справядлівы. Рэшта — пытанне часу і тактыкі. Мы павінны натужліва і асцярожна змагацца. — Саколіч зрабіў горлам гук, нешта падобнае да «хі-і-ік», і кашлянуў. Невялічкія вочкі ўтаропіў у свае ногі. — Яшчэ больш падрыхтуемся самі і падрыхтуем людзей... Калі дзядзька Лявончык кажа, што большэвікі перародзяцца, што жыццё ўваходзіць у свой звычайны лад, дык я з ім згодзен. Ці мала мы зрабілі хоць-бы пры цяперашніх умовах? — хі-і-к!

— Ты, Саколіч, палячы сваё горла і так не хікай, — пажартаваў «маршалак».

— Глупства. Ці мала пры цяперашніх умовах сваёй работы праводзім? Курсы беларусазнаўства, кнігі. Мы выгадуем такую моладзь. — Хі-і-ік! Гэта будзе такая армія!..

— Сур’ёзна кажу, палячы горла і не хікай, — зноў сказаў «маршалак».

— Не перашкаджай. А яшчэ важней зямельная справа. Чым кепска жывецца цяпер добраму гаспадару на вёсцы? Як найбольш трэба, каб нашыя выязджалі ў акругі і раёны лекцыі чытаць. Камандыровачных дастанем колькі трэба. Падрыхтуем як належыць настаўніцтва. — Хі-і-ік! Тое, што ўб’ём у мазгі, будзе нашай заваёвай.

— Так, так, — згадзіўся «маршалак», — гэта будзе такая моц!

Ён сціснуў кулакі, павысіў голас і ледзь стрымаўся, каб не крыкнуць.

— Цішэй, — папрасіў Цярэшка і адчыніў дзверы кабінета, каб паглядзець, ці хто за дзвярыма не стаіць.

— Гэта будзе такая моц, — паўтарыў «маршалак», сажмурыў вочы і напружыніўся ўвесь, нібы зараз на кагосьці кінецца,—такая моц, якой ніхто не зломіць.

Я атрымаў вестку адтуль, і Антон з нашай тактыкай цалкам згодзен. Не ўдасца «ім» апрануць нашу Беларусь у чырвоную кашулю. Раней дайце ёй праходзіць усе стадыі дзяржаўнасці і культуры, якія праходзілі іншыя народы. Вось як! Кожная школа, кожная ўстанова павінна мець нашых. Мы такіх людзей выгадуем. А тады...

«Маршалак» махнуў рукой, нібы рубануў сякерай. Яго нязграбная постаць і грубыя рысы твару нагадваюць у гэту хвіліну ката, як яго малююць у французскіх старых раманах.

Ён зморшчыў лоб і насупіў грозныя вочы ў пісьмовы стол Цярэшкі, нібы там знаходзяцца тыя, супроць каго ён ваюе.

Цярэшка вышаў зноў у сталовую. Жанкі «міністраў» і «маршалка» адчуваюць сябе вельмі добра і без сваіх мужоў. Адзін з павесялеўшых гасцей грае на губнай гармоніцы і танцуе «Антэка». Усе пляскаюць у далоні.

— Брава, брава!

— Яшчэ! Яшчэ!

Літаратурны крытык Гайдач зусім асалавеў. Па-гусінаму выцягвае галаву, круціць шыяй і часта выцірае акуляры маленькай хустачкай. Белыя абрусы на сталах заліты віном. Рыжы адкормлены сабака трэцца вострай мордай аб пульхныя рукі пані Мар’і. Побач з гаспадыняй сядзіць адзін старэнькі, голены, круглы, як агурочак, дзядок; чысценькі чорны сурдут, манішка з адкладным каўняром, у гальштуку — залатая шпілька з рубінам. Увесь вечар пані Мар’я за ім глядзіць, як за дзіцём.

— Што вам падаць, прафесар?

— Што будзеце піць?

— Можа кавалачак гусяціны?

— Можа яблычка?

— Можа гарбаты з варэннем?

Стары дзядок шмыкае, як малое дзіцё, бярэ і адно, і другое, і трэцяе... Вочы яго заплылі, галасок хрыплаваты. ён есць ды аблізваецца, шамкае, цмокае, кашляе ды зноў есць. Нарэшце ён заснуў тут-жа пры стале.

Цярэшку ніхто не заўважыў, ён ціхенька выслізнуўся з сталовай і зноў апынуўся ў кабінеце.

— ...як бацылы руйнуюць арганізм, так мы пусцім нашыя бацылы незалежнасці... Нашыя бацылы дапамогуць...

«Прэм’ер», які гэта гаварыў, скрывіў на хвіліну свой голены твар, але хутка зноў рысы твару расплыліся ў лагодную бязвіннасць. Яго бліскучая лысіна адлівае бронзай. Ружовыя выпешчаныя рукі вылазяць з ярка-белых манжэтаў. Пальцы, бурыя марковінкі, скручваюцца, як даўгія звярыныя кіпцюры. Шапатлівы голас падобен да змяінага сыкання. Цярэшка разумее яго злосць. Маёнтачак гэтага дзядзькі падзелены між яго былымі парабкамі, і ён цяпер не мае «сваёй» дачы. Толькі дом у горадзе пакуль што застаўся.

— Апрыкрылі маскі, — гаворыць «прэм’ер». — Ух, як апрыкрылі! Душымся ў іх... Чорт пабяры. Ух, як пальецца кроў... Я лічу, што нам трэба арганізаваць людзей зараз-жа. Польшча ў кожную хвіліну падсуне Балаховіча. Калі мы зарганізуем такіх гаспадароў, як Язэп Крушынскі, — дык хопіць з нас. Трэба толькі ўзварухнуць народ. Ух, пальецца кроў... А калі не самастойна, дык з Польшчай заўсёды ладзіць будзем. Аб гэтым з гісторыі вядома.

— Апрыкрылі маскі? — запытаўся «маршалак». —

Ваша прапанова тое самае, што лобам аб сцяну _ біць. Каб мы так зрабілі, як вы прапануеце, дык нас сцёрлі-б у пыл. Раней створым моцны грунт пад нагамі. Дадзім выхаванне беларускай моладзі. Яшчэ некалькі год і большэвікі самі не агледзяцца, як перастануць быць большэвікамі. Гліняны волат тады рассыплецца на свае першапачатковыя часткі: Украіна, Сібір, Дон, Каўказ.

— Ух, колькі крыві пральецца! — са смакам дадаў «прэм’ер» да слоў «маршалка».

З параднага хода пачуўся званок.

— Каго яшчэ чорт нясе? — сказаў нездаволена Цярэшка і выскачыў з кабінета.

У халадку прасторнага калідора ён трохі супакоіўся.

— Хто там? — запытаўся ён.

— Гэта я, — пачуўся з-за дзвярэй жаласлівы голас.

Цярэшка па голасе пазнаў сляпую Вярбіцкую.

— Калі ласка, хутчэй адчынеце, я змёрзла.

Цярэшка ўпусціў у калідор сляпую і яе дачку Броньку.

— Вялікі мароз, цёця Вярбіцкая? — роблена лагодным голасам запытаўся Цярэшка.

— Ой, мароз, ой, пячэ...

Сляпая была апушана марознай шэранню.

— Чаму так позна, цёця Вярбіцкая?

— Бронька нядаўна праходзіла каля вашага дома і пабачыла, як фурманка на двор заехала. Думала, што з Курганішча, ад Крушынскага. Думала, можа ад Стэфачкі ліст.

— Ніхто да нас не прыехаў. — Са злосці, што яна перашкодзіла такой цікавай гутарцы ў яго кабінеце, Цярэшка ледзь стрымаўся, каб не выгнаць яе, але лагодным голасам сказаў:

— Хадзіце, цёця Вярбіцкая, пагрэцца да нас.

Цярэшка сумна ўсміхнуўся:

«Нават перад нейкай няшчаснай сляпой і то прыходзіцца быць у масцы. Эх грахі чубатыя!»


5 - ТАДЫ

правіць

Госці разышліся позна.

— Цяпер мая чарга. Калі ласка да мяне на каляды!— запрашаў «маршалак» пры развітанні ўсіх гасцей і энергічна трос кожнаму руку.

— Дык не забудзьцеся!

У апусцелым сталовым пакоі сляпая Вярбіцкая частуецца халоднай цяляцінай і бісквітамі. У салоне спіць на канапе нераспрануты старэнькі прафесар, ён так і не прачнуўся пры стале. Яго перанеслі на руках. Спрасоння ён усхліпваў, як дзіцё, і шаптаў ахрыплым галаском: «дзеткі мае».

Каля яго на падлозе расцягнуўся рыжы сабака. Жонка Цярэшкі і работніца наводзяць парадак у сталовай і кухні.

— Ну і садом і гамора, садом і гамора, — кажа пані Мар’я, — і так кожны раз...

Яна нервуецца. Няма каму сягоння апавядаць аб гасцях. Застаўся пусты незапоўнены куток у яе сэрцы. Сляпая Вярбіцкая для такой гутаркі не падыходзіць. Без зрокавых адчуванняў яна ўсяго не зразумее. А старэнькага прафесара і гарматай цяпер не разбудзіш.

Антон Цярэшка сядзеў у кабінеце. У ціхім пакоі слаўся пад суфітам сіняваты дым «міністэрскіх» папярос. Ад палітычнай нарады, якая тут адбылася пад выглядам сямейнай балюшкі, шумела ў галаве. Яму падабалася рамантычная таямнічасць гэтых вечароў. Такія «канвенты» рабілі на яго кожны раз глыбокае ўражанне. Выглядала, нібы члены «канвента» — сапраўныя гаспадары Беларусі. Здавалася, што яны толькі часова, з мэтай нейкай замыславатай рэпетыцыі, адсунуліся самі ад кіравання дзяржавай, каб пацікавіцца, што з гэтага будзе. А як скончыцца рэпетыцыя «гаспадары» узмахнуць бел-чырвона-белым сцягам, і ўздрыганецца зямля ад тупату ног. Тады «Булак-Балаховіч скліча веча-сход», «зазвіняць званы смаленскія, полацкія, віцебскія, чарнігаўскія»... Цяперашняе — гэта часовая інтэрмедыя, якая хутка скончыцца. Скончыцца тады, як толькі падрыхтуюцца «свае людзі», як толькі «сапраўдная беларускасць» увальецца ў кроў моладзі...

Тады...

І «гаспадары» часта гаварылі:

— Некалькі шыбеніц? — якое гэта мае значэнне пры перабудове дзяржаўнага ладу?

— Бядняцкія масы? — гэты этнаграфічны гной ніякага значэння не мае. З імі без пугі нічога не зробіш.

— Культура? — Захад. Еўропа. Зруйнаваныя фальваркі і маёнткі зноў адбудуюцца.

Тады...

Часта «гаспадары» ўспаміналі гэтае слова.

Тады—раней.

Тады — пасля.

Цяперашняе — часовае.

Ходзяць «гаспадары» па Мінску з прыжмуркаю вачэй, адзін аднаму знакі змовы падаюць, патаемнымі малайцамі раз’язджаюць па краі, чытаюць лекцыі, пішуць кнігі, «працуюць» у школах, у ўстановах і ўсюды хітра і спрытна раскідваюць свае бацылы «незалежнасці».

Яны ўдала карыстаюцца маскамі, улязаюць у давер і ім часам даручаюць адказныя працы.

І Цярэшка — адзін з «гаспадароў». І яму на «тадьі» партфель абяцалі.

У цішыні асірацелага кабінета, дзе толькі што абмяркоўваліся «вялікія планы», Антон Цярэшка ўспомніў урыўкі з мінулага. Выспачкамі ўсплываюць яны ў яго памяці. І вось губляецца перспектыва аддаленасці гадоў і дзён і з паплавоў забыцця вызначаюцца дробязі хвілін.

Раніца. Толькі што прачнуўся. Цяпер Цярэшка — тады Крушынскі. Паглядзеў у акно. У гарадскім садзе пытлюецца вясновы дробны сняжок. Жонкі ў спальні ўжо няма. Ён хутка апранаецца.

У сталовай сустракае жонку ў святочным убранні. Яна кажа:

— Скінь лахманы. Большэвікоў ужо няма.

— Ну?!

Зноў вяртаецца ў спальню, пераапранаецца і думае:

«Цяпер я ўжо не сын лёкая ад багатага домаўласніка...»

За дзвярыма нецярплівы голас жонкі:

— Паснедаем і пойдзем глядзець.

Пані Мар’я ззяла ад зацікаўленасці. Вочы га'рэлі, шчокі ружавелі.

На дварэ марозліва. Дробныя сняжынкі прыемна ласкочаць твар. На Захараўскай царскія чыноўнікі ў бліскучых гузіках, у форменых шапках, выфранчаныя абываталі.

— Каб не быць падобнымі да большэвікоў, — тлумачыць жонцы Алесь Крушынскі.

— Не адны мы такія, — смяецца пані Мар’я.

Па вуліцы праходзяць патрулі з атрадаў Даўбар-Мусніцкага. Дзе-ні-дзе некаторыя ў штацкім са стрэльбамі ў руках, з бел-чырвона-белымі нашыўкамі на рукавах. Сярод іх знаёмыя Алеся Крушынскага — «беларускія самаабаронцы».

Раптам у ўрачыстасць вуліцы ўрываюцца крыкі:

— Боль-шэ-ві-і-ік!

Чалавек у акулярах, сутулы, з невялічкай бародкай крычыць на ўвесь голас і махае рукамі:

— Та-ва-арыш! Трымайце яго!

— Дзе ён? Дзе ён? — хвалюецца пані Мар’я. Ёй цікава цяпер паглядзець на большэвіка, як на звера ў клетцы.

— Вось ён! Вось ён!

На ім шэрае паліто, зашпіленае на ўсе гузікі. Ідзе наперад, нібы не на яго крычаць. У яго рыжыя вусы, твар у рабаценні і светлашэрыя вочы.

Мужчыны размахваюць рукамі, цюкаюць і люкаюць:

— Боль-шэ-вік!

І баяцца затрымаць яго.

Вакол яго спыняюцца выфранчаныя жанчыны. У іх вачах нянавісць. З губ вырываецца візгат:

— Боль-шэ-ві-і-ік!

Сутулы чалавек у акулярах не можа супакоіцца, крычыць надрыўным голасам:

— Большэвік! Рыжы! Ры-ы-жы! Трымайце яго! Трымайце!

Пара чалавек з натоўпу адважваецца, падбягае і ловіць яго за паліто. Ён бляднее. Прабуе вызваліцца. Ад шэрага паліта адскакваюць усе гузікі разам з кавалачкамі сукна. З галавы ўпала шапка. Сутулы чалавек падняў шапку і насунуў яму на галаву з такімі словамі:

— На, рыжы, па старай знаямосці!

Вакол «рыжага» расце раз’юшаны натоўп з вышчаранымі зубамі, з вытарашчанымі вачыма. А ён усіх пранізвае пацямнеўшымі вачыма.

Падышоў патруль.

Чалавека павялі.

Сутулы ў акулярах ішоў побач з ім і задаволена крычаў:

— Ага-а! Папаўся, рыжы! Папаўся! Аг-га!

Крушынскі (цяперашні Цярэшка) ведае гэтага рыжага чалавека: наборшчык. Яго прозвішча Сакалоўскі.

Натоўп доўга ішоў за арыштаваным і на розныя галасы, нібы шматгаловая жывёліна, рыкаў, выў, візгатаў:

— Большэвік!

Сутулы чалавек тут-жа апавядаў:

— Гэты рыжы абяздоліў мяне. Забраў увесь шрыфт з маёй друкарні (я маю друкарню) для нейкай паходнай чырвонаармейскай газеты.

— Хадзем у «Беларускую хатку», там навіны пачуем, — сказаў Крушынскі да жонкі.

У «Беларускай хатцы» яны трапілі на цэлы склад масла, цукру, мукі, рысу. Пры гэтым стаяла ўзброеная варта з двух чалавек.

— Дзе дасталі? — запытаўся Крушынскі ў варты: знаёмых студэнтаў з настаўніцкага інстытута.

— Рэквізнулі большэвіцкі кааператыў, — па-заліхвацку тлумачыў адзін з варты, хлапец гадоў семнаццаці.

Другі «вайсковец» такога-ж узросту, дадаў:

— Усім гэтым кіравалі Шчыла і Гамонька. Лепшыя рэчы ў «Беларускі сакратарыят» завезлі. На пошце золата захапілі. Падзялілі з легіянерамі. Вось была ночка!

Крушынскі ціскаў плячыма і ківаў галавою ад дзіва.

«Вайсковец» тым часам выпусціў стрэльбу з рук.

— Эх ты, жаўнер.

— Не спаў усю ноч. Добра, што яна не стрэльнула.

Хлапец пачаў рукавом выціраць стрэльбу. Жонка Крушынскага з апаскаю паглядала на «стральца», адсунулася.

— А дзе вы, малакасосы, стрэльбы дасталі?

— Гэта ўсё Шчыла і Гамонька.

Хлопец ззяў з радасці, і ад захаплення нават не заўважыў крыўднага слова «малакасосы».

— Вось героі! — пахваліла пані Мар’я.

Яна добра ведала кучаравага, круглатварага Шчылу з маленькімі п’янымі вочкамі і чорнавокага з шырокім ротам і тоўстым носам Гамоньку.

— Дык дзе-ж яны цяпер, Шчыла і Гамонька? — зацікавіўся Крушынскі.

— У сакратарыце.

— У якім гэта?!

Ад неспадзеўкі ў Крушынскага, нібы ў рыбы, акругліліся вочы.

— У «Беларускім сакратарыце», у губернатарскім

доме.

— Хадзем туды! — крыкнула пані Мар’я.

— Паспеем, сакратарыят не ўцячэ, — сцішыў Крушынскі яе імпэт і звярнуўся да загадчыка «Беларускай хаткі» чорнабародага Самчыцкага:

— Для каго такое інтэнданцтва?

— Не рабіце шуму. Падзелім між сваімі. І вам дастанецца, — шапнуў яму на вуха Самчыцкі.

Крушынскія пайшлі ў «Беларускі сакратарыят». На кафедральнай плошчы, на балконе губернатарскага дома стаяў кулямёт, накіраваны лычом на плошчу.

Крушынскія заходзілі ў кабінеты «міністраў».

Светлабірузовыя вочы «міністра» асветы — цёткі Гаруновай — утаропіліся ў беларускую газету «Гоман».

— Гэта вы, дзядзька Крушынскі?

— Я... Што вы цікавае чытаеце?

— Вывучаю ў «Гомане» нямецкую арыентацыю ў артыкуле нашага Бісмарка — Антона. Дзякую, што зайшлі. Садзіцеся, калі ласка, цётка Крушынская і дзядзька Крушынскі.

Профіль Гаруновай нагадвае Крушынскаму строгі профіль Дантэ.

— Пачну адразу са справы, — кажа «міністр». — Ці не возьмеце на сябе абавязак напісаць кніжку для беларускіх школ?

— Падумаю...

— Думаць няма чаго. Садзіцеся і пішыце. Каб мы доўга думалі, дык не мелі-б свайго беларускага ўрада.

І свяціліся гонарам бірузовыя вочы «цёткі Гаруновай»..

Адтуль Крушынскія зайшлі да «міністра харчавання».

Яго стол быў абкружаны з усіх бакоў крэпасцю мяшкоў і скрынь. Толькі маленькі праход вёў да стала. І гэты «міністр» знаёмы: дробненькі, сухенькі, чарнявенькі Бозыч. Яго мышыныя вочкі рупліва намацвалі мяшкі і скрынкі.

І хто мог падумаць, што і ён выйдзе ў вялікія людзі! ледзь не сказаў Крушынскі замест прывітання.

Маё вам пашценне! — зазвінеў кавалкамі шкла галасок «міністра харчавання».

А што гэта ў мяшках і скрынях?

— Харчы!

— Як гэта «харчы»?

— Ну, шамоўка: цукар, кансервы ды іншыя смачныя рэчы.

— Дык няўжо-ж у міністэрстве ўсё гэта трымаць?

— А то дзе-ж! На тое-ж міністэрства харчавання!

— Вельмі прымітыўна вы разумееце ваш міністэрскі партфель...

І Крушынскі пачаў выкладаць яму сваю дзяржаўную тэорыю ў справе гэтага міністэрства.

— Годзе! Годзе! Ведаю! А каб вы мяне не крытыкавалі...

«Міністр харчавання» з крэхтам нагнуўся і дастаў з-пад стала круглую банку кансерваў.

— ... А каб вы не крытыкавалі, вось вам!

Банку кансерваў ён перадаў жонцы Крушынскага.

Яна дзякавала.

— Вось гэта, дык сапраўды міністр харчавання! Яда вас буду часта прыходзіць! — жартаваў Крушынскі.

Адтуль яны трапілі ў кабінет «міністра фінансаў».

— Дык і вы, пане Кахарка, міністэрскі партфель захапілі?

— Я...

Голас «міністра» быў ціхі і сарамлівы.

Пры гэтым ён церабіў пальцамі стрыжаныя вусікі. Спакойнымі вачыма колеру волава ён паглядзеў на Крушынскіх, выняў з кішэні партсігар, пачаставаў гасця міністэрскай папяроскай.

На стале ляжаў перавернуты футляр ад пішучай машынкі, прыкрыты зверху газетай.

Перад панам Кахаркай цыркуль, розныя прылады для рысавання і малявання.

— На што вам гэта? — запытаўся Крушынскі.

— А вось глядзіце!

Кахарка выняў з шуфлядкі стала некалькі свежа размаляваных паперак. На кожнай з іх — святы Ягор на кані, каля беражкоў — васількі і кавалкі беларускіх паяскоў.

— Што-ж гэта?

— Праекты беларускіх асігнацый.

Крушынскі паціснуў плячыма і аглянуўся па баках, каб паглядзець, можа хто засмяецца разам з ім. На крэсле ля сцяны спаў адзін са стрэльбай у руках, звесіўшы Галаву на грудзі. Крушынскі засмяяўся ціха, каб таго не разбудзіць.

— Няма чаго смяяцца, — пакрыўдзіўся Кахарка.

— А залаты фонд ёсць у вас?

— О-о-о! Беларусь багата лесам, лёнам, збожжам ды шмат іншым. Пры тым ёсць і золата. На апошнім слове Кахарка зрабіў націск.

Слухаючы яго, Крушынскі падсунуў руку да газеты, якая ляжала на футляры.

— Не чапайце! Не ча... — сказаў «міністр» такім голасам, нібы пад газетай ляжаў скручаны змей.

— Што такое? — спалохаўся Крушынскі.

— Не можна чапаць. — Кахарка многазначна ўсміхнуўся.— Гэта фінансы майго міністэрства.

— Як гэта разумець?

— Зусім проста: фінансы!

І Кахарка звярнуўся да чалавека са стрэльбай, які спаў на крэсле:

— Пётра! Пятро-о-о!

— Га? — усхапіўся той і давай лыпаць чырвонымі заспанымі вачыма.

— Можна паказаць фінансы?

— Паказаць? Можна!

Узброены чалавек выціраў вочы. А «міністр» зняў з футляра газету.

— ?!?!...

Крушынская ўспляснула рукамі. З яе горла вырваўся нечалавечы крык захаплення.

— А бо-о-ожа-ж мой! — прагаварыў Крушынскі, адскочыў назад ад стала і вытарашчыў на Кахарку здзіўленыя вочы. — Што гэта?!

— Самі бачыце...


Кахарка задаволена ўсміхнуўся. Падаўжэлі, расцягнуліся яго стрыжаныя вусы, паказаліся беражкі вільготных пажоўклых зубоў. Ціха хіхікаў і чалавек са стрэльбай.

І Кахарка і чалавек са стрэльбай былі вельмі задаволены эфектам: перавернуты футляр ад пішучай машынкі вабіў да сябе таемнай сілай і палохаў дзікай нечаканасцю.

—Адкуль гэта ўсё? — запытаўся Крушынскі, і вочы яго ўтаропіліся ў шахаразадаўскі футляр.

— З Беларусі прыляцелі гусі, — кволым голасам сказаў Кахарка.

— Колькі тут?

— Гэта сакрэт урада.

У футляры ад пішучай машынкі ляжала куча залатых дзесяткаў...

З цяжкім настроем вышаў Крушынскі з «Беларускага сакратарыята».

— Гэта падобна да нейкага дурнога анекдота, — сказаў ён. — Няма ў нас дзяржаўных людзей. Вось дзе бяда.

Праз пару дзён прышлі немцы.

Адразу выкінулі «міністраў» з губернатарскага дома.

Злыя языкі гаварылі, што рабілася гэта не вельмі далікатна...

Казачны футляр ад пішучай машынкі прапаў.

З’явіліся сапраўдныя «дзяржаўныя» людзі. На чале іх — памешчык Раман фон-Скірмунт.

Тэлеграма кайзеру...

Арыентацыя на немцаў.

Члены рады «Беларускай народнай рэспублікі» здаволены:

— Раман Скірмунт — дзяржаўная галава.

— Раман Скірмунт — скарб для беларускага народа.

— Раман Скірмунт — член Гасударсцвенага Совета яшчэ пры цары.

Раман Скірмунт мае маёнткі і фабрыкі ў Беларусі.

— Раман Скірмунт — шчыры беларус.

— Раман Скірмунт напісаў граматыку беларускай мовы пінскага дыялекта.

— Раман Скірмунт выведзе беларускі народ з большэвіцкага Егіпта.

Алесь Крушынскі (цяперашні Цярэшка) яшчэ ў мінулым годзе пазнаёміўся з Раманам Скірмунтам. У кафедральным саборы тады служылі паніхіду. Чорнабароды поп чытаў са сшытка казанне, напісанае для яго спецыяльна па-беларуску. Некалькі дзесяткаў «беларусаў» з нашыўкамі чорнага крэпа на рукавах былі ў захапленні ад беларускай мовы папа.

Алесь Крушынскі звярнуў увагу на адну лысіну, на рымскі профіль твару, на глыбокія чарнявыя вочы, на энергічны падбародак, на зграбнасць рухаў, на элегантны гарнітур.

— Раман Скірмунт.

— Раман Скірмунт.

Так шапталіся вакол.

Тады пазнаёміліся.

А вось праз год, пры немцах, у кабінеце Рамана Скірмунта пішацца «ўстаўная грамата» беларускаму народу.

Алесь Крушынскі — стыліст.

У цішыні вялізнага пакоя воддаль ад вуліцы скрыпяць пер’і. Пішуць некалькі чалавек.

Раман Скірмунт частуе ўсіх папяросамі:

— З усіх напісаных грамат, — кажа ён, — выберам самае лепшае і склеім у адно. А потым пан Крушынскі навядзе стыль. Стыль мае вялікае значэнне ў такіх справах.

Раман Скірмунт блішчыць чарнявымі вачыма і залатымі зубамі.

Члены рады пішуць, піша і Алесь Крушынскі. Думкі лебедзямі плывуць. Вокны завешаны гардзінамі. Насценны гадзіннік дзеліць думкі на секунды:

— Тык-так, тык-так, тык-так.

Крушынскаму здаецца, што гадзіннік кажа мовай чалавечай:

— Чакай... народ... чакай...

І зноў тое самае, і зноў...

Скрыпяць пер’і.

Скардзіцца пан Саколіч:

— Нічога ў мяне не выходзіць...

— Выйдзе! — бадзёрыць яго пан Скірмунт. — Да дзяржаўных спраў не прывыклі. Трэба прылаўчыцца...

Раптам у цішыню пакоя ўрываецца няпрошаная «Маруся». Катарынка грае пад самым акном «Маруся атравілася».

Усе радаўцы злосна ўскакваюць з сваіх месц.

— Ох, чор-р-рт!

— Прынесла нячыстая!

— Ліханька яго матары!

— Не дае пісаць...

— Каб хоць што-кольвечы беларускае граў!

Раман Скірмунт усміхаецца, адчыняе акно і кідае трошніцу катарыншчыку.

Да акна падыходзіць і Крушынскі.

Катарыншчык задзёр галаву ўгару да акна. Яго чорная цыганская барада ледзь дрыжыць ад ветрыка. Трымае трошніцу на далоні і дзівіцца шчодрасці паноў... Некалькі разоў дзякуе.

— Толькі зараз-жа ідзі з гэтага двара! — кажа строга пан Скірмунт.

Катарыншчык уходзіць.

Зноў скрыпяць пер’і.

Зноў Раман Скірмунт частуе папяросамі.

Зноў скардзіцца пан Саколіч:

— Нічога ў мяне не выходзіць...

— Выйдзе!

Шалясцяць белыя лісткі паперы. Размашыстыя почаркі.

Прыносяць піва.

А вось...

Кожны чытае сваё напісанае.

Пачынаецца мантаж.

Ад кожнага бяруць па самаму лепшаму абзацу.

Раман Скірмунт бадзёрыць:

— Будзе добра, добра будзе!

Доўга правяць кожны абзац паасобку. Крушынскі стылізуе. і

— Вось бачыце, як добра вышла, — сказаў Раман Скірмунт.

— Нашым паэтам такая грамата натхненне дасць, — уставіў сваё слова Крушынскі.

На гэта ніхто Крушыннаму не адказаў.

Раман Скірмунт задумаўся. Нарэшце ён працадзіў праз зубы:

— Ведаеце, панове? Трэба будзе ў нямецкага каменданта прасіць дазвол аб распаўсюджанні граматы. Гэта ўжо не перашкода катарыншчыка.

Пачуліся ўздыхі.

— Пакуль што наша незалежнасць... але лепш аб гэтым не гаварыць. Лепш з немцамі, нават з неграмі, чымся з большэвікамі, — сказаў адзін рыжавусы.

— Наладзім! — пацяшаў пан Скірмунт, а грошы на

друк і распаўсюджанне граматы пакуль што я даю. Толькі не ўпадаць у роспач. Пасля наладзім сувязь з Украінай, з Донам ды з іншымі. Сродкі будуць. Зробім дзяржаўныя пазыкі.

— Усё будзе добра, — сказаў дзядзька Саколіч і пагладзіў пальцам маленькія вусікі. — Княгіня паможа. А вось учора я атрымаў ліст з Одэсы. Там справа ідзе дасканала. Одэса ледзь не беларускім горадам становіцца.

Крушынскі лавіў кожнае слова вялікіх «дзяржаўных мужоў» і гардзіўся тым, што прымае ўдзел у такой палітычнай справе, ён запрасіў усіх да сябе на вячэру. У «міністраў» адразу паправіўся настрой.

Крушынскі паспяшаўся дамоў, каб рыхтаваць пачастункі для знакамітых гасцей. На небе стала хмурна. Свежы вецер граў нядобра прыбітай кравецкай вывескай недалёка ад яго дома. З двара чуваць была ігра катарынкі. Той самы чалавек з чорнай цыганскай барадой граў «Маруся атравілася».

«Катарыншчык падобны да беларускага ўрада, які абівае парогі розных дзяржаў», — падумаў Крушынскі.

У цень, у прытульны халадок ад спякоты чэрвеньскага сонца!

У сад з запыленага бруку вуліцы Адама Міцкевіча!

Крушынскі (цяперашні Цярэшка) ведае ў садзе такія прытульныя мясціны каля Свіслачы, дзе вербы знізілі галіны да самай вады, дзе між густых прысад сцелюцца па жоўтых дарожках лагодныя сінія цені.

На хвілінку спыніўся каля скверыка. За тэатрам дашчаны летні рэстаран. Вакол яго, нібы вялізныя мухаморы, фарбаваныя фанерныя будачкі для парачак. На століках — лікёры.

У гуках сімфанічнага аркестра купаюцца бліскучыя пілсудчыкі, урачыстыя паны, далікатныя пані, кволыя панны.

У пілсудчыкаў на шапках — арлы.

У паноў між зубоў — цыгаркі.

У паняў на каленях — пульхныя сабачкі.

У панн на тварах — міндальныя вочы.

Вочы страляюць у пілсудчыкаў.

Пілсудчыкі закручваюць вусы.

Крушынскі (цяперашні Цярэшка) толькі што выгнаў з «нацыянальнага камітэта». Даведаўся там прыкрую навіну: няма добраахвотнікаў у войска «Беларускай вайсковай камісіі», ёсць генералы, лейтэнанты, ад’ютанты, камандуючыя арміямі, ёсць вайсковыя статуты, песні, а няма салдат: нацыянальная трагедыя... Аднаго вярбоўшчыка сяляне біць хацелі. Моладзі наогул на вёсцы мала. Па лясах хаваецца. Члены «нацыянальнага камітэта» бандытамі называюць беларускую моладзь. Гэтыя «бандыты» тым больш небяспечныя, бо не рабуюць сялян, а нападаюць на жаўнераў Пілсудскага. Небяспечныя бандыты — большэвіцкая зараза прыстала да іх. Што рабіць? «Ачысціць ад іх беларускі народ, з карэннем вырваць з вёскі гэту небяспеку! А то...»

Крушынскі (цяперашні Цярэшка) толькі што вышаў з «Беларускага нацыянальнага камітэта». «Ух, пральецца кроў», — гаварыў там адзін «прэм’ер», з гладкай лысінай філосафа, у белых манжэтах. Пры гэтым бурыя пальцы яго ў кіпці скруціліся. — «Фальваркі і маёнткі знішчаць, культуру знішчаць...» — Голас «прэм’ера» быў металёвы. Адзін з беларускіх генералаў у англійскай форме з двума коннікамі (святымі Ягорамі) на каўняры мундзіра там-жа думу глыбокую думаў і думу ўголас сказаў: «Язэп Пілсудскі дапаможа, Ён любіць наш народ. Ён выратуе Беларусь ад большэвіцкай заразы. Павінен выратаваць, а то...».

Крушынскі (цяперашні Цярэшка) толькі што вышаў з «нацыянальнага камітэта».

На вуліцы спякота.

У скверыку весела.

У садзе халадок.

— Куды ісці?

Ахоплены такой думкай, ён спыніўся пасярод вуліцы Адама Міцкевіча.

— Прэч з дарогі!

Крушынскі адскочыў на тратуар.

Цяжкім крокам ідзе купка сялян. Ланцугом вакол іх узброеныя легіянеры.

Пячэ чэрвеньскае сонца.

Спыняюцца праходжыя. Крушынскі чуе шэпт:

— Глядзіце, глядзіце... Зноў павялі...

Босыя. Ногі патрэсканыя. Твары набраклыя. Вандзэлкі на плячах. Скалмачаныя бароды, ёсць і хлопцы-падлеткі. Ідуць панурыя: Утаропілі вочы ў запылены брук. Крокаў іх не чуваць, бо яны босыя. А крокі жаўнераў цвёрдыя: раз-два-тры, раз-два-тры.

Рытмічны стукат падэшваў.

На галовах і плячах сялян гарачыя плямы чэрвеньскага сонца.

У сялян акамянелая спакойнасць. Нібы гоняць іх кудысьці на прымусовую працу.

— Вядуць партызан на расстрэл, — чуе Крушынскі шэпт праходжых.

І прымусовая праца. Самі для сябе будуць магілы капаць у Камароўскім лесе...

Каб аддзяліць ад іх канвой і даць ім у рукі косы, выглядала-б, што яны варочаюцца з цяжкай касавіцы.

Касавіца была нялёгкая. Касцы баранілі ад звяроў у арлах сваіх жанок і дзяцей.

З летняга рэстарана — «Ешчэ польска».

За канвоем — хвост з вясковых жанчын. Жанкі і маткі плачуць, лемантуюць:

— Злітуйцеся...

— Злі-і-туй-це-ся...

— Не чакайце ад паноў літасці! — гневаецца адзін з партызан. У сялянак ад плачу заплылі вочы.

Бліскучы малады афіцэрык супакойвае праходжых.

— Не шкадуйце іх — гэта-ж бандыты!

— Гэта бандыты, — паўтарае за ім Крушынскі.

Пячэ сонца.

Потам пахне ад грамадкі сялян.

Па вуліцы Адама Міцкевіча прабягае босы хлопчык. На яго галаве шапка з паламаным брылікам. Хлопчык спыніўся каля жалезнай агарожы скверыка. Слухае музыку.

Партызаны скідаюць з сябе вандзэлкі — апошняя памятка родным...

Сівыя сялянкі паднімаюць вандзэлкі. Адна з іх туліць вандзэлак да твару...

— Гэта бандыты, — супакойвае Крушынскі праходжых.

Хлопчык, які слухае музыку, пабег за партызанамі.

Крушынскі толькі што вышаў з «нацыянальнага камітэта». У яго вушах яшчэ звіняць словы «прэм’ера»:

— Ух, пральецца кроў...

Босы хлопчык перабірае нагамі па гарачым бруку:

— Ай, пячэцца...

А тых пагналі ў цянёк, пад паветку Камароўскіх хваін. Там запахне чалавечым потам, хваёвай жывіцай і крывёю.

Крушынскі нядаўна вышаў з «Беларускага нацыянальнага камітэта...»

Аб вокны белага муру б’юцца акрываўленыя крыллі заходніх праменняў ліпнёвага сонца.

На востракантовых вежах муру дрыжаць ружовыя вейкі канаючага дня.

Крушынскі толькі што выгнаў вышаў з гэтага гмаха. Тут адбылася апошняя нарада «найлепшых сыноў беларускага народа» — членаў «нацыянальнага камітэта», «міністраў», «генералаў».

Гаварыў «маршалак»:

— Польскае войска нас пакідае на волю лёсу. Панове! Самая краса беларускай нацыі цяпер сабрана тут, пад суфітам гэтага гмаха. Калі-б, скажам, у гэту хвіліну рухнулі на нас сцены, дык разам з намі прапала-б уся беларуская справа. Чырвоныя ўжо ля варот Мінска. Кожны з нас — пазіцыя. Кожны з нас — армія. Кожны з нас — фронт. Беларускі народ.

Тут «маршалак» прадэкламаваў страфу з верша аднаго паэта.

Пасля адбылася сакрэтная нарада, на якой было пастаноўлена, каму застацца тут, а каму ехаць разам з палякамі.

Выгнаўшы з гэтага гмаха, Крушынскі сустрэў Сакалоўскага. У таго рыжыя вусы, рабаценне на твары і светлашэрыя вочы. На ім — расшпіленае шэрае паліто. Пад гузікамі латачкі. Відаць, нехта гвалтоўна вырываў гузікі разам з кавалкамі сукна.

Крушынскі ўспомніў паляванне на большэвіка пасярод вуліцы.

«Гэты самы... наборшчык...»

З-пад расшпіленага паліта Сакалоўскага відаць парваная ніжняя кашуля.

«Многа такіх цяпер, беспрацоўных», — падумаў Крушынскі.

У Сакалоўскага ў руках кошык з лушпінамі ад бульбы.

— Няўжо-ж гэтым корміцца сям’я Сакалоўскага?

«...Амерыканская мука, кансервы, сала, шакалад...»

Нясмачна стала Крушынскаму ад гэтых смачных рэчаў....

На адну хвіліну...

А ў рыжавусага ў светлашэрых вачах — іронія, у голасе — іронія:

— Сягоння паны ўцякаюць...

Сакалоўскі выцер з ілба і з худых завостраных сківіц кроплі поту. Пайшоў спакойным крокам.

Крушынскаму стала горача. Нібы хтосьці бізуном сцебануў па твары...

«Паны ўцякаюць» — урэзаліся ў яго памяць словы наборшчыка.

Толькі доўга падумаўшы, Крушынскі зразумеў, чаму Сакалоўскі сказаў «паны», а не «палякі».

Вярнуўся дахаты.

«Трэба ратавацца. Бацька быў лёкаем. Я — сын пролетарыя...»

Замкнуў жалезныя вароты. Сам напісаў на паперы па польску:

Тут жывуць палякі

Прыклеіў да варот.

Пані Мар'я ўзмацніла гэту абарону супроць адыходзячых пілсудчыкаў партрэтам Пілсудскага.

Адна суседка вынесла абраз «маткі боскей чэнстахоўскей».

Крушынскі вышаў на балкон.

Каля сцен высокага дома распаўзліся саранчою трывожныя цені. Апусцела вуліца. Нязвыклая цішыня.

І ў цішыні з воддалі Кашараў пачало расці грукаценне. І з грукаценнем пачалі выплываць, як-бы толькі што народжаныя, конныя і пешыя жаўнеры, артылерыя. І жаўнеры гікалі, свісталі, лаяліся. І гіканне, і свісты, і лаянкі наводзілі трывогу...

Крушынскі вужом усунуўся ў кватэру, зачыніў балкон. Вокны дзынкалі. Шум з вуліцы напоўніў кватэру спалохам.

Брат Алеся Крушынскага, Пётра, прывёў сюды жонку і дзяцей.

— На гэтым паверсе спакайней, — сказаў брат.

Малыя дзеці былі вельмі здаволены. Дзіцячы смех надаваў кватэры штучны спакой і фальшывую прытульнасць.

А пані Мар’я бегала па пакоі і стагнала:

— Не магу... Не магу...

Затыкала пальцамі вушы і лемантавала:

— Не магу... Не магу...

Нібы квактуха, вохкала-вохкала:

— Не магу... Не магу...

— Чаго ты крылле апусціла? — крыкнуў на яе муж і апусціў на вокны, нібы крылле, цёмныя шторы.

Надышла ноч.

Прыкры шум на вуліцы пранікаў праз тоўсты мур рытмічным лямантам крыкаў і стукату. Пад гэту рытміку Крушынскі дрыжачымі губамі напяваў два словы:


Паны ўцякаюць.

Паны ўцякаюць.

Паны ўцякаюць.


Вельмі ўрэзаліся ў мазгі словы Сакалоўскага.

А вочы ў жонкі былі пустыя і празрыстыя ад спалоху.

А вочы ў брата былі здзіўленыя.

А братава жонка ўкладвала дзяцей спаць.

З суседніх дамоў раптам пачуўся прыкры бразгат разбітага шкла. За бразгатам — свісты п’яныя, лаянкі і жудаснае працяглае «а-а-ай»...

Жанчыны пачалі рукі ламаць. Крушынскія пабляднелі. Сам сабою вырваўся шэпт:

— А божа-ж мой... а божа-ж мой...

Прачнуліся дзеці:

— Ой, што гэта?

— Спіце. Пеўні спяваюць.

З розных месц вуліцы даляталі сюды крыкі, свісты, войканне. Дзеці заплакалі. «Што гэта? Што гэта?» — пыталіся яны.

— Спіце. Каты няўкаюць.

А ноч стагнала: «у-о-о-ой, у-а-а-ай».

А ноч выраблялася: «у-а-а-ай, у-о-о-ой»...

Вочы дзяцей сталі бліскучымі і зацікаўленымі.

— Што гэта? Што гэта?

— Спіце. Сабакі выюць.

Доўга цягнулася ноч.

І нібы ўсю ноч на вуліцах горада збожжа малацілі.

Ніхто не спаў.

І ноч праплыла доўгім несупынным лямантам жудасці і страху.

Некалькі разоў бразгаталі ў жалезную браму дома Крушынскага.

— Адчыні, пся косць!

— Тут палякі жывуць, — адказваў ім з двара дворнік.

А ў грукаце і шуме, у крыках і лямантах Крушынскі чуў два словы, сказаныя Сакалоўскім:

— Паны ўцякаюць...

Калі пад раніцу ён на некалькі хвілін заснуў на канапе, яму снілася:

Над калыскаю дзіцяці нахіляецца маці-сялянка. І жаласліва плача дзіця. І маці яго супакойвае і спявае:


Паны ўцякаюць...

Паны ўцякаюць...


«Я недзе бачыў гэту кабету, — успамінае Крушынскі ва сне. — Ага, на вуліцы Адама Міцкевіча, калі вялі сялян на расстрэл у Камароўскі лес і я супакойваў праходжых, калі казаў: «Гэта бандыты, бандыты...»

Раніцою нехта прынёс весткі:

— Рабуюць...

— Забіваюць...

— Прыкладамі залатыя зубы выбіваюць...

— Пажары...

— У Кашарах гараць казармы... У адной з іх запёрты палонныя большэвікі... Адтуль жудасныя крыкі і ляманты чуваць...

Плоймамі варон раслі адна за адной страшныя весткі:

— Пілсудчыкі! абяцаліся каменя на камені не пакідаць...

— Гарыць горад з усіх канцоў...

— Рабуюць крамы...

— Гранаты кідаюць...

— Забіваюць людзей...

— У агні Залатая Горка, Пярэспа, Кашары, Камароўка, вакзалы, ля жалезнага маста...

Замест снедання страшныя весткі.

І дзіва: наслухаўшыся гэтага, Крушынскі супакоіўся, баяцца перастаў. Толькі адно жаданне з’явілася ў яго: паглядзець усё гэта сваімі вачыма. Можа толькі раз у жыцці ўдасца пабачыць такую рамантыку... Паны любяць старадаўнія рыцарскія традыцыі...

Крушынскі з'еў халодны бутэрброд, узлез на гару дома, а адтуль ускарабкаўся на дах.

Над горадам у розных месцах клубіўся дым — чорны, рыжы. Узнімаліся ракеты іскраў. Палыхалі агні. Горад лізалі чырвоныя языкі. Успыхне агонь агромністым букетам у адным месцы, у другім, у трэцім. Абхопіць будынак вянком з макавых красак у адным месцы, у другім, у трэцім. Дзікае ігрышча пажарышч імчыцца на гарачых крыллях у адным месцы, у другім, у трэцім... Нібы палаючыя, крылатыя шчупакі, скачуць галавешкі ўгару, іскравяцца, дымяць... Смуродны дым, стрэлы з карабінаў, выбухі бомбаў, крэхт вокнаў, палаючых крокваў, крыкі роспачы, грукат жалезных колаў па бруку, тупат войска, цоканне конскіх капыт. — усё гэта змяшалася ў адно рытмічнае:


Уцякаюць паны...

Уцякаюць паны...

Уцякаюць ...Уцякаюць...


Усё насельніцтва, нібы ўстрывожаныя пчолы з вулляў, высыпала з кватэр на гароды — старыя, маладыя, малыя. Вакол іх узгоркі мяшкоў з хатнімі рэчамі. Па ўзгорках — жаўнеры капаюцца. Жанчыны ўзнімаюць рукі ўгару, у неба і крычаць:

— Рату-у-уйце! Ра-а-туй-ця-а-а!..

Страшная агнёва-крывавая лазня.

Паны ўцякаюць.

Крушынскага пацягнула на вуліцу. Ён сышоў з даху і пераапрануўся ў старую вопратку.

— Куды ты? Куды ты? — залемантавала пані Мар'я.

— Хачу паглядзець...

— Не пушчу! Яшчэ заб’юць! — і стала каля дзвярэй.

Ён адпіхнуў ад сябе жонку, ірвануў дзверы і вышаў.

На вуліцы ён не адчуваў гэтай урачыстасці і «дзікага

хараства», як раней з вышкі і аддаленасці даха свайго высокага дома. Ён змяшаўся з вайсковым натоўпам. Было тут шмат і штацкіх, і ніхто на яго ўвагі не звярнуў. Легіянеры прадавалі нарабаванае: вопратку, боты, мяшкі какао, скрынкі папярос, гадзіннікі.

Магазіны і крамы на вуліцы Адама Міцкевіча разявілі вялізныя раты — выбітыя вітрыны. На тратуарах — бітае шкло, пустыя скрыні, як трупы, — манекены з кравецкіх майстэрняў, васковыя галовы з цырульняў.

Хрусціць і сквіргоча пад нагамі шкло. Па шкле ідзе нейкая прагавітая кабета, да вачэй захутаная хусткай. Нясе вядро з яблычным павідлам, нясе ды з апаскаю па баках аглядаецца.

— Дзе дастала? — зацікавіўся Крушынскі.

— Вунь там!

Голас яе гаспадарчы, заклапочаны.

Побач разбіты кааператыў. Каля яго людзі з мяшкамі і вёдрамі, з кошыкамі.

Ніхто з іх не звяртаў увагі, што на суседнім дварэ — свісты, плач, гіканне, рогат.

Два жаўнеры выгналі адтуль старога спалоханага яўрэя.

Ён у адной бялізне, рукою прыкрывае падрэзаную бараду.

Адзін з жаўнераў падскочыў да кабеты і кінуў у вядро з павідлам жмут сівых валасоў.

— Ай, людцы! — завізгатала кабета, — павідла спаскудзіў.

З барадой смачней будзе, — засмяяўся жаўнер.

Кабета тут-жа на шкло выплюхнула з вядра павідла і пабегла зноў у разгромлены кааператыў.

Пад нагамі кабеты хрусціць шкло. За яе спіною — цюканне і люканне.

А пасярод вуліцы плыве да вакзалаў войска, тупаюць людзі, цокаюць падковы, грымяць колы, лязгае жалеза артылерыйскіх павозак. Смурод чалавечага і конскага поту. І ва ўсім гэтым галасе Крушынскі чуе рытмічныя гукі, і ў рытмічных гуках — два словы:

— Паны ўцякаюць...

— Паны ўцякаюць...

І ў дзікіх лямантах з гародаў і кватэр, і ў крыку-плачы напалоханых людзей, і ў рогаце-свістах раз‘юшаных пілсудчыкаў, і ў шуганні блізкіх пажарышч ён чуе гукі двух слоў:

— Паны ўцякаюць...

Крушынскі павярнуў назад і давай каля сцен па шкле прабірацца дамоў. І раптам за яго спіной:

— Гэй! Ты-ы-ы! Стой!

Крушынскі адвярнуўся.

— Да мяне?

— Стой, псяюха!

Да яго падскочылі два п'яныя афіцэры.

— Хадзем!

— Куды? — запытаўся ён раптам ахрыплым голасам.

— Не размаўляць! А то...

Над ім змеем узмахнуўся бізун. Крушынскі пакорліва нагнуў галаву. Піск зайца вырваўся з яго горла.

— Не біце...

— Прэндзэй!

Не памятае, як дайшоў да каменнага дома. Усю дарогу чакаў:

...Вось-вось спаласуюць яго бізуном... Вось-вось стрэльнуць у спіну, і ён застанецца ляжаць на пабітым шкле ў лужы крыві... Вось-вось...

Стала горача, пуста ў грудзях. Яму здавалася, што аглох, бо перастаў чуць грукат і крыкі.

Афіцэры завялі яго ў нейкую пустую кватэру.

— Нясі!

Паказалі на вялікі вандзэлак.

— Прэндзэй!

Першы раз у жыцці ён быў такім паслухмяным. Узваліў на сябе нешта мяккае, укручанае ў плюшавую коўдру.

Накіравалі яго ў бок Віленскага вакзала. Немагчымая спякота. Ён спацеў. Некалькі разоў пераступаў праз трупы забітых. Чамусьці раней драўляныя тулавы і васковыя галовы, выкінутыя на тратуар, яго больш палохалі, чымся цяпер чалавечыя трупы. Дагараў вакзал. Пакунак пацяжэў. Крушынскі пачаў пад ім сапсці, як замардаваны конь.

— Прэндзэй! Прэндзэй!

Ён выбіваўся з сіл, нагнуўся ледзь не да самай зямлі. Валокся наперад, як заезджаны конь.

— Прэндзэй!

Смуродны дым клубіўся па вуліцы, выціскаў слёзы з вачэй, вырываў кашаль з горла.

— Прэндзэй!

Крушынскі быў увесь мокры ад поту, калі скінуў з плеч пакунак. Перад вачыма плылі зялёныя кругі.

Пакой.

Вакол стала п’яныя жанчыны ў адных кашулях.

На стале, на падлозе, на падаконніках бутэлькі з віном, пячэнне, шакалад.

Адзін з афіцэраў — чорнавусы, з задзірыстым носам — развязаў пак. Адтуль выслізнулася чорнай жывёлінай каракулевае дамскае паліто, разгарнуліся веярамі некалькі штук шаўковых вопратак, бліснулі завостранымі мордачкамі дзве пары элеганцкіх лакіраваных туфель.

Жанчыны пачалі зараз-жа прымерваць. Афіцэры ім памагалі, прыгладжвалі на іх вопратку па выпуклых месцах, адпускалі «вольныя жарты».

— Мне можна ісці? — як хлопчык запытаўся Крушынскі.

— Можна! — сказаў адзін.

— Не! Не! Пачакай!

Афіцэр паднёс яму шклянку віна.

— Пі!

Адгэтуль дамоў ён прабіраўся гародамі і завулкамі. Кружылася галава.

Над палаючым горадам, над смуродным дымам, над крыкамі жудасці плылі ў паветры два самалёты.

П’яны жаўнер задзіраў угару галаву і хрыпеў:

— Большэвіцкія, пся косць!

Крушынскага сустрэў брат:

Герой вярнуўся!

Пані Мар’я плакала.

У другую ноч пасярод войкання і крыкаў чуваць было час-ад-часу бадзёрае «ура».

Яшчэ з вечара суседкі прынеслі вестку, што ў горадзе з’явілася самаабарона.

Раніцою адзінаццатага ліпеня горад анямеў. Надышла цішыня.

Крушынскі зноў высунуўся на вуліцу. На тратуарах, каля брам, стаялі групкі абываталяў. На вуліцы валяліся стрэльбы, скрыні з патронамі. Супроць скверыка ляжаў застрэлены конь. Побач дыміла паходная кухня са свежай ежай.

Раптам...

З боку Камароўкі цокнула страляніна. Нехта драпаў па сценах:

— Та-та-та-тра... Та-та-та-тра...

Групкі людзей зніклі, схаваліся ў ранейшыя заховы, тараканамі па шчылінах.

У маленькім скверыку стаяў асірацелы летні рэстаранчык.

— Та-та-та-тра... — жартаваў недзе кулямёт.

У Крушынскага кроў застыла ў жылах, Ён пачаў туліцца да дрэў маленькага скверыка.

Ар’ергард легіянераў бег поўнай хадою па вуліцы Адама Міцкевіча. Ззаду хвастаў па ім кулямётны град.

Крушынскі прырос да дрэва. Перад ім мітусіліся профілі легіянераў. Спалоханыя. Нямігаючыя вочы. Бледныя твары.

— Паны ўцякаюць...

Упаў адзін... другі... трэці...

У Крушынскага пачалі цвярдзець валасы пад шапкай. Каб мог, дык у самае дрэва ўлез-бы.

— Цок-цок-цок... — цокаюць кулі вакол. Нібы хтосьці зашпіляе і адшпіляе ля самых яго вушэй бляшаныя кнопкі.

Праз некалькі хвілін паказаліся чырвонаармейцы. Сярод іх партызаны ў штацкім, узброеныя стрэльбамі.

Раптам Крушынскі ўсім целам падаўся наперад.

Ён угледзеў «таго»...

У «таго» гарэлі агнём светлашэрыя вочы. Рыжавусы Сакалоўскі бег наперад са стрэльбай у руках па вуліцы Адама Міцкевіча.

Страляніна адсунулася далей. Здалёку здавалася, што гэта нехта малатком б’е арэхі:

— Та-та-та-траі Та-та-та-тра!

Супроць скверыка хлапчукі падбіраюць патроны. Смяюцца. Жартуюць. Сустракаюць чырвонаармейцаў крыкамі «ура».

З двароў дамоў зноў пачалі высоўвацца абываталі.

Лагодна свеціць сонца.

Крушынскі падбег да белага знаёмага мура: цягнула паглядзець...

Над высокім ганкам белага мура, былога юбілейнага дома, красавалася бляшаная вывеска: «Беларускі нацыянальны камітэт».

Хлапчукі, па загаду нейкага незнаёмага чалавека, ускарабкаліся на брыль ганку і сарвалі адтуль вывеску.

Бляха ірванулася з месца і з ляскатам і глухім грукатаннем ляснулася і дзвыкнула аб цвёрды каменны ганак.

Хлапчукі рагаталі.

— Агідная вывеска, — сказаў незнаёмы чалавек. — Праўда, таварыш? — звярнуўся ён да Крушынскага.

— Праўда, — прамармытаў Крушынскі, і ў душы яго нешта абарвалася.

Як ранены драпежнік, ён курчыўся ад болю і рабіў у той-жа час вясёлую міну.

Адгэтуль ён паспяшаўся дамоў, каб хутчэй зняць са сцен дома партрэт Пілсудскага, абраз «маткі боскей чэнстоховскей» і паперку з надпісам «тут жывуць палякі».

Пані Мар’я была куды рупнейшая за яго на гэты раз. Усе рэліквіі ўжо былі зняты, і над балконам іхняй кватэры палыхаў яркачырвоны кавалак матэрыі...

Крушынскі ўсміхнуўся, задзёр галаву да балкона і сказаў самому сабе:

— Правільна...

Так, пасля таго, як госці разышліся, Цярэшка сядзеў у кабінеце, глядзеў на дымок сваёй папяросы і ўспамінаў «тады».

Кабінет Цярэшкі добра абсталяваны: мяккая канапа, персіцкі вялізны дыван на падлозе, круглы стол пасярэдзіне, пульхныя крэслы, ля сцен шафы з кнігамі, насупроць акна вялікі пісьмовы стол. На пісьмовым стале бронза і мармур, статуэткі, цацкі. Для пісання толькі кавалак вольнага месца.

Яшчэ нябожчык бацька абсталяваў гэты кабінет — падарунак на вяселле, калі Цярэшка ўзяў сабе за жонку дачку банкаўскага чыноўніка.

Часта паэт Цярэшка глядзіць праз акно кабінета ў гарадскі сад, які вельмі добра ўплывае на яго натхненне. Абапал Свіслачы нахіляюцца вербы, глядзяць у ваду і прыхарошваюцца. Далей дарогі і дарожкі, пляцы і пляцоўкі, дрэвы, клумбы. Улетку косяць траву ў гарадскім садзе, тады Цярэшка адчыняе акно, і ў кабінет пракрадваецца пах свежага сена.

«Як на вёсцы...»

Чуваць песні піонераў, фізкультурнікаў, чырвонаармейцаў.

Увосень, як на вёсцы, хмурна ў гэтым садзе. Шуміць вецер, разносіць чырвоныя кляновыя лісты. Строга ківаюцца хваіны, шапочуць нешта незразумелае пра старадаўніну, якая вельмі да смаку Цярэшку...

«Па садзе вандруе зіма ў белым плашчы...» — занатоўвае Цярэшка пачатак верша ў блакноце. Далей не пішацца. Галава робіцца цяжкай пасля балюшкі, ён кладзецца на канапу і засынае, мармычачы:

— Вандруе зіма ў белым плашчы.

У 1922 годзе, калі пры совецкай уладзе жыццё ўваходзіла ў новую плынь, Алесь Крушынскі выбраў сабе і псеўдонім «Антон Цярэшка» і пачаў пісаць вершы. Яго лейб-крытыкам стаў Максім Гайдач. Дзякуючы такому крытыку, вершы Антона Цярэшкі мерылі пролетарскім аршынам. Пішучы свае вершы, ён стараўся «пролетарызаваць» іх так, каб «у выпадку чаго» яны яго не кампраметавалі...

На заўтра пасля балюшкі Цярэшка позна прачнуўся. Зірнуў праз акно кабінета ў сад. Адтуль чуваць была чырвонаармейская песня. Адзін за адным з пагорку спускаліся лыжнікі. На глянцавітым снежным фоне ярка вызначыліся іхнія профілі, нібы абведзеныя чарнілам. Тут і дзеці на маленькіх саначках з горкі соўваюцца. Усе яны кудысьці імчацца ўдаль, у будучыню. Гараць шчокі, блішчаць вочы.

Слаўная будзе моладзь, — мяркуе Цярэшка. — Мы іх выгадуем у патрэбным для нас кірунку... Будуць не калі жыць у нашай незалежнай...

Цярэшка памыўся і пабег у горад. Першым чынам яму трэба было даведацца, ці ўжо супакоілася, ці няма больш небяспекі для Язэпа Крушынскага. Дамоў вярнуўся позна.

«Усё будзе добра...» — радуецца Цярэшка.

У кабінет праз акно няпрошаным лезе вячэрні змрок. Сінее гарадскі сад. Лыжнікі выглядаюць як цені. Яны хутка выходзяць. Пусцее сад. Над дрэвамі, над снежнымі палянамі вісіць марозная сіняя ноч.

Змрокі сцелюцца празрыстым шоўкам да масіўных сцен кабінета, расплываюцца па кутах і падлозе густой павуцінай.

Антон Цярэшка апускае шторы на вокны, асвятляе кабінет электрычнасцю, садзіцца к сталу і па прывычцы піша спачатку адрас на канверце, а пасля пачынае ліст: «Дарагі брат Язэп».



6 - ЯШЧЭ РАНА

правіць

Ужо некалькі дзён, як Мікола Ярэмчьж жыве ў бацькоў. Маці сустрэла яго так, як ён уяўляў сабе яшчэ ў дарозе, едучы сюды з бацькам. Кожную раніцу яна пякла бульбяныя бліны і нецярпліва чакала, калі ўжо сынок, яе мяншак, прабудзіцца. Сціртай ляжалі на стале гарачыя бліны і чакалі яго, прыкрытыя абрусом, каб не астылі. Яны дыміліся апетытнай пахучай парай.

Мікола спаў тут-жа, пры стале на лаве. Да паездкі ў Мінск ён заўсёды спаў на гэтым месцы.

Усё лепшае і цяплейшае ляжала цяпер пад ім, «каб было мякка», і на ім, «каб было цёпла».

Так кожны раз тлумачыла маці, рыхтуючы яму пасцель.

Маці ўладала Міколай толькі раніцою, бо як выходзіў пасля снедання, дык часта варочаўся дамоў позна ўвечары.

— Зусім ад хаты адбіўся, — скардзілася старая.

Затое раніцою ўся яе ўвага, якая раней была накіравана на ўнукаў (дзяцей старэйшага сына), была цяпер звернута на Міколава снеданне...

Першыя два дні, калі Мікола снедаў, яна адганяла малых. Старыя таксама елі асобна, пакуль Мікола аднаго разу не запытаўся:

— А дзе-ж гэта ўсе?

Маці збянтэжылася.

— Ты-ж, сынок, госць цяпер. Мы ўсе, дзякаваць богу, не галодныя. Усе ўжо елі, а дзеці дык тыя пастаянна жуюць...

І Мікола заартачыўся.

— Сам есці не буду! Не хачу, каб смачнейшае мне падавалася!

Ён аж зазлаваўся на маці...

Тады старая налаўчылася такім чынам, што калі ўсе сядзелі пры стале, падсоўвала Міколе лепшыя кавалачкі.

— Твае хітрыкі я добра бачу, — гаварыў Мікола жартуючы, і тут-жа з сваёй талеркі дзяліўся з дзецьмі.

Маці непакоілася і ў роспачы не ведала, што рабіць...

Стары Цыпрук жмурыў на сына вочы, пазіраў на яго дзвюма сваімі вузенькімі ільдзінкамі і ўсё стараўся перадаць Міколе свае гаспадарчыя настроі.

У той час маладая Рабулька ацялілася. Цыпрук быў захоплены гэтай вялікай падзеяй. Цялушачку прынеслі ў хату, ёю бавіліся ўнукі. Цыпрук глядзеў і радаваўся і шукаў такой-жа радасці на твары Міколы...

Не знаходзіў. Стары крыўдзіўся.

З кожным днём стары ўсё больш ярка бачыў і разумеў, што сын «павярнуў аглоблі зусім не туды, куды трэба».

З кожным днём стары ўсё больш упэўніваўся, што аб хатніх справах з сынам няма чаго гаварыць, бо «той пачаў тыкаць пальцамі ў неба, ці што?»

Пробаваў гаварыць з сынам аб тым, што каня трэба прадаць ды маладзейшага купіць, што сенакосу малавата, што таго-сяго нехапае, стары пералічыў вельмі шмат рэчаў, якіх няма ў гаспадарцы.

— Яшчэ шмат чаго нехапае, — адклікнуўся Мікола ў тон бацькі.

— Вось-вось, сынку, я-ж на тое і кажу і гавару з табою, ці што? — усхапіўся быў Цыпрук, і ў яго вачах зацвілі радасныя бліскі.

— Калі возьмем, напрыклад, маёнтачак старых часоў,— працягваў далей гутарку Мікола, — ды калі будзем па ім раўняцца, табе нехапае кароў, коней, свіней, зямлі, будынкаў, сельскагаспадарчых прылад ды яшчэ шмат чаго.

— Навошта мне маёнтак? — сур’ёзна адпіраўся Цыпрук. — Мне, каб на старасці год мець спакойны кавалак хлеба, бо ведаеш, я ўжо не дуж.

— Я разумею цябе, тата. Хочаш быць маленькім кулачком. Кінь думаць аб гэтым. А што тычыцца тваёй старасці, дык не бядуй. Вось я паступлю на службу і буду табе памагаць. Потым калгас будзе ў нас. Не вечна-ж так будзе. Там непрацаздольныя забяспечваюцца. Няма табе чаго бедаваць!

Цыпрук пасмутнеў. Злаваўся на старога матроса Солаха, бо той маляваў яму нейкі рай на зямлі ў сувязі з «комсамольствам» сына.

А ў той час Мікола быў першым комсамольцам у гэтай вёсачцы, і суседзі на яго паглядалі з цікавасцю.

Дні стаялі марозныя, гучныя і белыя. Паветра было празрыстае і ружовае ад зімовага сонца.

Выпарыўся Мікола ў старой Солахавай лазні і паехаў у лес па дровы. Маці не спадабалася, што «гасцёк» працуе. Бацька глядзеў на гэта лагодным вокам.

— Няхай! Косці маладыя, ці што!

Едучы ў лес па дровы, Міколе прыходзілася аб'язджаць «Гарадок», круглую высокую мясціну з ровам навакол — памятку княжацкіх часоў.

З «Гарадка» далёка відаць навокал. Мікола, як быў малы, сюды з равеснікамі-хлапчукамі каня на начлег вадзіў, або ўдзень тут кароў пасвіў.

Вялікі абшар разгортваецца з «Гарадка» навокал.

На балоце відаць «Шведскі мост»: з зямлі тырчаць старыя згніўшыя палі. Яны цягнуцца на цэлую вярсту ўдаўжыню. Як кажуць дзяды, шведы шаблямі тут секлі лес і пракладвалі для свайго войска мост па топкім балоце.

Вунь на сухім пагорку, падобным да вялізнага яйца, некалькі капцоў. Тутэйшыя людзі іх завуць «французскімі магіламі». У 1812 годзе тут праходзіла напалеонаўскае войска. Галодная армія забірала апошняе ў сялян.

На «Гарадку» растуць старыя таўшчэзныя дубы. Пад адным з гэтых дубоў... Вось што бацька Міколы, стары Цыпрук, апавядае:

— Гэтае здарэнне было з маім дзедам. Прануком зваўся. Стагодні Солах не дасць зманіць. Фурманам у пана Лісоўскага быў мой дзед. Унук таго Лісоўскага, пан Адась, стары д’ябал, уцёк у Варшаву разам з усімі панамі. Думаю, што нашыя яго добра памятаюць, ці што. Дык вось тады, пры дзеду пана Адася, была паншчына. Пан Лісоўскі на гаспадарку не глядзеў. На гэта былы ў яго цівуны, аканомы, лютыя прыганятыя, ці што. Усе з бізунамі ў руках. Вось як і цяперашнія польскія ды іншыя паны. Натура тая самая засталася, ці што. Вельмі карты любіў пан Лісоўскі. І вось аднаго разу ён прайграў аднаму з суседніх паноў сівога стаенніка ў яблыках. Калі не верыце, у стагодняга Солаха запытайцеся. Не дасць зманіць. А любіў пан Лісоўскі гэтага жарабца, любіў да шаленства. «Дай, пан, жарабца, якога ў карты выйграў». Шкадуе пан Лісоўскі. «Што хочаш дам, толькі жарабца мне пакінь». «А што дасі?» — пытаецца той. «Трох іншых стаеннікаў дам». «Не, — кажа той, — калі дасі мне пяць самых харашэйшых дзяўчат з тваіх прыгоннік тады не вазьму сівога жарабца». «Добра, — кажа пан Лісоўскі, — выбірай». А ў майго дзеда была дачка красуня. Кроў ды з малаком. Цяпер гэткіх не знойдзеш. Любіў дзед дачку сваю. Пайшоў той пан выбіраць сабе пяць дзяўчат. І што вы скажаце? Забраў і дзедаву дачку. Яна на сабе валасы рве, дзед пану бух у ногі. А ведаеце, што ў паноў літасці да нашага брата гэтулькі, як на бярозе яблыкаў. Забралі дзедаву дачку. Злы быў пан Лісоўскі, а дзед гнеўны быў. Сціснуў зубы і маўчаў, і адплаціў, моўчкі адплаціў пану Лісоўскаму. Атруціў гэтага самага сівога жарабца. Пан Лісоўскі адразу здагадаўся, чыя работа, бо за гэтым жарабцом глядзеў толькі дзед Пранук. Доўга пан Лісоўскі думаў, як дзеда пакараць, каб было як найстрашней. Нарэшце прыдумаў і загадаў:

«Павесіць Пранука на адным з дубоў, што на «Гарадку» растуць. Ды не проста павесіць, а галавою ўніз і нагамі ўверх, каб больш мучыўся хамула!»

Люты быў пан Лісоўскі... Стагодні Солах не дасць зманіць. Так і зрабілі... Доўга мучыўся дзед Пранук, пакуль богу душу аддаў. На гэтым «Гарадку» дзеда Пранука закапалі, а сівога жарабца ў панскім садзе пан захаваў. Здаецца, ксёндз над магілай жарабца малітвы спяваў, бо ў паноў польскіх і коні католікамі, ці што.

Пры гэтых словах стары Цыпрук заўсёды дадаваў:

«І чаму-ж гэта бог маўчаў? Га? Няўжо-ж не мог пану адплаціць за такія здзекі?»

Мікола добра памятае бацькава апавяданне.

А вось у 1905 годзе адбылася новая сутычка паміж унукам таго самага пана Лісоўскага і праўнукам Пранука Ярэмчыка, старэйшым братам Міколы. Было так. Тутэйшыя сяляне судзіліся з панам Лісоўскім за сервітутную зямлю некалькі год. Выйграў пан. Усе суседзі Ярэмчыка былі злыя на пана, і многія гаварылі, што трэба за гэта пану адплаціць. Як адплаціць, што рабіць — ніхто не сказаў. І брат Міколы сам прыдумаў, сам адважыўся. Сказаў пасля рэволюцыі 1917 года, што ўспомніў, як прадзеда Пранука пан замучыў; дык вось, у адну восеньскую цёмную ноч пайшоў на панскае гумно. Пажар асвяціў тады ўвесь маёнтак. Было светла, як удзень.

Прыехалі казакі. Усіх з вёскі Лісоўшчыны загналі ў панскі двор.

— Прызнавайцеся! Хто падпаліў?

Усе маўчалі.

— Прызнавайцеся!

Маўчалі.

— Добра! — сказаў казацкі сотнік і загадаў катаваць усіх нагайкамі.

Знакі казацкіх нагаек на сялянскіх спінах засталіся назаўсёды.

І ніхто з сялян не выдаў Ярэмчыка.

А вось абапал дарогі невялічкія крыжы, зробленыя на скорую руку. Гэта сляды бежанства. Тудою ўвосень 1915 года ўцякалі з паласы фронта сяляне з зямлі Горадзенскай і Віленскай. Тут яны, абяздоленыя бежанцы, гібелі ў восеньскім цесце шэрых дарог ад голаду, холаду, халеры і тыфуса. Пакідалі крыжы.

У гэтым самым лесе, дзе цяпер бяруць дровы, у 1920 годзе знаходзілі прытулак партызаны. Мікола быў тады пятнаццацігадовым хлапчуком. Есці ім насіў. Пан Лісоўскі крычаў, скардзіўся, што па лясах банды жывуць. Аднаго разу папаліся Міколе насустрач два легіянеры на конях, ён іх вёў за сабою доўга, завёў у лес. Адтуль легіянеры ўжо не вярнуліся...

— Багата ў нас цікавых мясцін, — не раз гаварыў Мікола Солаху. На гэтых мясцінах расла нянавісць паміж беднымі і багатымі, гадавалася крывавымі кветкамі. Адбываліся бунты. Нагайкі і шыбеніцы зноў надзявалі на людзей ярмо. Пад ярмом нянавісць да багатых расла калючая, як іголкі ў пазногці, і няўхільная, як смерць. Яна плыла агнёвай рэчкай з горада ў вёску, з вёскі ў горад.

І нянавісць, выгадаваная сотнямі год, злучыла ў адно гарадскі молат з вясковым сярпом. І толькі ўвосені 1917 г. гэтая нянавісць знайшла выйсце і надавала сілу і адвагу скінуць з сябе раз назаўсёды адвечнае ярмо.

Хутка, за тры дні, справіўся Мікола з дрывамі. Пасля гэтага ён пачаў хадзіць да суседзяў, хацеў пагаварыць паасобку з кожным, каб вывучаць іхнія настроі і погляды.

Кожны дзень ён сустракаўся з Саўкам Солахам.

Яны разам прабавалі арганізаваць моладзь, каб наладзіць невялічкі тэатральны гурток, хату-чытальню (ён прывёз з сабою нямала танных кніжак, у складанку з Солахам выпісаў пару газет). Была адна бяда: няма памяшкання для хаты-чытальні.

Пробаваў Мікола гаварыць з суседзямі пра калгас, дык людзі яго засмяялі.

— Няўжо-ж цяпер, у 1925 годзе, аб такіх справах гаварыць? — жартаваў з яго стары матрос Солах. — Хіба праз 20 год! І то можа ніколі гэта ў нас і не будзе. А калі дзе і ёсць дробныя сельскагаспадарчыя арцелі, дык гэта так сабе — гульня! Пабудуць там і выйдуць! Ніхто там не дбае пра гаспадарку. Кожны сябе глядзіць. Такая ўжо ў чалавека натура. Яе не пераробіш.

— Пераробім! — гарачыўся Мікола.

— Не, братку, рана аб гэтым!

— А вось наконт хаты-чытальні, дык гэта мо’ і не кепска. І даўней, калі я быў матросам, дык на караблі таксама розныя кніжкі былі. Нават нашаму брату чытаць давалі.

Тут стары матрос пусціўся ў свае ўспаміны аб тых кніжках. Нібы па хвалях насіўся:

— «Севастопальскі бой», «Цар-асвабадзіцель», «Пётр Вялікі», вайсковая славеснасць ды шмат такіх.

— І тады, значыцца, агітацыяй займаліся?—засмяяўся Мікола.

— А як-жа! О-го-го! — ажывіўся Солах. — Бывала, як хто з начальства выступіць перад матросамі гаварыць наконт славы рускага аружжа, веры, цара і ацечаства, дык толькі дзяржыся!

— Соцыялістаў успаміналі? — запытаўся Мікола.— Гэта-ж было пасля 1905 года.

— А як-жа! О-го-го! Бывала, як пачнуць сыпаць на ўнутраных ворагаў, на бунтаўшчыкоў, супастатаў, дык толькі дзяржыся! На нашым караблі нават злавілі аднаго такога матроса. У яго знайшлі кніжкі супроць цара. Строга было ў нас з гэтым. О-го-го! Таго матроса забралі. Памятаю, ціхі так? быў, светлавусы. Як забралі, дык я больш яго не бачыў.

Солах захапіўся сваімі ўспамінамі. Вочы ў яго заблішчэлі.

— Адважны народ — нашыя матросы! Часта бунтаваліся супроць цара. Быў нейкі лейтэнант Шніт.

— Шмідт!—паправіў яго Мікола.

— Вось-вось, дык аб гэтым Шміце многа гаварылі ў нас.

Солах пачаў блытацца ў сваіх успамінах, і Мікола зноў перавёў гутарку на хату-чытальню.

Уздумалі пакуль што наладзіць куток для чытання ў прасторнейшай чымся ў іншых вяскоўцаў хаце Солахаў. Гаспадар абяцаўся для гэтай мэты пазычыць старую шафу, якая стаяла ў сенцах без патрэбы.

— Няхай кнігі і газеты ляжаць у шафе, — параіў ён.

Таксама ён дазволіў у сваёй хаце па вечарах вучыць

жадаючых чытаць і пісаць.

— Мне не шкода. Яшчэ весялей будзе. Толькі няхай газы купяць...

Мікола радаваўся, што хоць нешта будзе зроблена ў гэтай глушы, ён звярнуўся быў па сродкі ў сельсовет, але яму там сказалі, што сельсовет бедны, аб спецыяльным памяшканні і думаць няма чаго.

— Яшчэ рана аб гэтым! — кончыў старшыня сельсовета, дробненькі, сухенькі чалавечак, з закручанымі чорнымі вусікамі, з маленькімі шэрымі вочкамі, ён замахаў на Міколу рукамі. Не ведаў, як бараніцца ад «надакучлівага» чалавека.

— Дык я ў раён паеду, буду скардзіцца на вас, — сказаў Мікола.

— Пажаласта, пажаласта!

Чалавек сказаў гэта такім спрыяючым тонам, нібы Міколу на гарбату запрашаў.

Яшчэ ўдодні, калі мароз страляў па сценах, стары Цыпрук запрог каня. Саўка і Мікола селі на санкі, і стары павёз іх у раён — у мястэчка Шапалевічы.

Гурбамі былі занесены гумны, гароды і вясковая вуліца. Сівер шчыпаў за вушы.

— Навошта яшчэ і табе, тата, ехаць? Сам з канём спраўлюся, — прасіў Мікола.

— Што ты, ачмурэў, ці што? Як гэта можна? Ты-ж каня на смерць загоніш...

Стары Цыпрук быў у такім настроі, што пярэчыць яму нельга было.

Мікола добра ведаў у чым справа, стары проста хацеў паглядзець і паслухаць новых для яго людзей, пабыць у іншых мясцінах.

Рад быў стары, як хлапчук. Для яго дарога — духоўная страва, найвялікшая прыемнасць...

З радасці і каня не шкадаваў.

Не агледзеліся яны, як апынуліся недалёка ад Драздоў і Дзятлаў.

Развіднелася.

Стары раптам спыніў каня. Сышоў з санак на снег і давай тупацца на адным месцы.

— У ногі празяб? — запытаўся Мікола. — Я-ж казаў, што самі паедзем.

— Не. Вось тут, ці што, я тады, улетку, картрабанду знайшоў, чорны камячок. Якраз супроць гэтых бяроз... Тады і Падласенькую на штраф аддаў...

— Успомніў раптам! — зазлаваўся Мікола.

Яму непрыемна было аб гэтым гаварыць.

Цыпрук сеў у санкі і давай зноў апавядаць сваю прыгоду з кантрабандай, ужо вядомую ўсім у ваколіцы. Праехалі Дразды і Дзятлы, а ён яшчэ не скончыў. Толькі тады кінуў аб гэтым гаварыць, калі здалёку паказаліся аснежаныя нізкія дахі мястэчка Шапалевічы.

Прыехалі туды а дзесятай гадзіне раніцы.

Спыніліся каля старасвецкай карчмы з вывескай «Чайная з заедкамі».

— Не шкодзіла-б гарбаты выпіць, — сказаў Мікола. — Пабачым «заедкі».

— Заедзем у стадолу, ці што? —даў згоду стары Цыпрук. — Якраз вароты адчынены.

Стары накіраваў каня ў вялізную, як поле, стадолу. Падкінуў каню сена, і яны ўвайшлі ў памяшканне. Прайшлі два вялікія пустыя пакоі, пакуль дабраліся да «чайной з заедкамі». У пакоі стаяла некалькі доўгіх сталоў, воддаль ля сцяны буфет з «заедкамі»: рыба, селядцы, яйкі, булачкі, а побач — печка з катлом і медным кранам збоку.

Іх сустрэў стары высокі падслепаваты яўрэй з барадою патрыярха. Маладая жанчына стаяла пры буфеце.

— Дзень добры! — сардэчна прывітаўся Цыпрук. — Гэта-ж у вашай хаце заблудзіцца можна, ці што. Ледзь трапілі!

Мікола і Саўка падышлі да печкі грэцца.

— Каморак шмат у мяне, — адказаў гаспадар, — але што толку з іх. Чайком пагрэецеся?


— Вып'ем!

Маладая жанчына наліла гарбаты з катла.

Яны селі за стол.

— Можа што да чаю? — запыталася яна.

— У нас свая яда, — і Цыпрук палажыў на стол торбу з харчамі. Да іх прысеў стары гаспадар. Паважна пагладзіў бараду і давай прыглядацца да кожнага паасобку падслепаватымі мутнымі вачыма.

— Адкуль гэта людзі прыехалі?

Яго голас быў ціхі і рахманы.

— З вёскі. А я цябе, Мэндаль, знаю, — ажывіўся Цыпрук.

— Дзіва што! Мяне ўся ваколіца знае, — абыякавым голасам адказаў Мэндаль і махнуў рукою.—Мне ад гэтага ніякага прыбытку.

— Цяпер ад твайго чаю галава не закруціцца ў нашага брата. А даўней бывалі бойкі цэлыя ў тваёй карчме, ці што. Помніш?

Па голасе Цыпрука нельга было пазнаць, ці ён шкадуе гэтае «даўней», ці жартуе з яго.

Эт! — Мэндаль махнуў рукою. — Шпіхляры ў мяне кааперацыя заарандавала. Але што аб гэтым? Эт! Няма да чаго рук прычапіць, дык я вось грэю кацёл. Эт!

Мэндаль утаропіў у Цыпрука падслепаватыя вочы і чакаў спачування.

Мікола і Саўка пакінулі старога Цыпрука твар у твар з Мэндалем і пайшлі па справах хаты-чытальні. Местачковыя вуліцы былі пустыя, рэдка ўбачыш на іх чалавека. На Саўку і Міколу глядзелі з усіх акон. Па пустым рынку брылі козы і аблезлыя сабакі.

Райвыканком стаяў воддаль ад рынка ў вялікім новым доме з шырокай верандай замест ганку.

У першым пакоі іх сустрэла машыністка.

— Вы, таварышы, па якіх справах? — запыталася яна і выставіла на іх заспаныя сінія вочы. Мікола ёй сказаў.

— Дык вам у культаддзел. Бакавы пакойчык, на- права. — Галавой кіўнула на той пакойчык, адвярнулася да сцяны і пачала з асалодай пазяхаць.

У адгароджаным свежымі негабляванымі дошкамі пакойчыку нікога не было. Доўга чакалі Мікола і Саўка. Нарэшце з'явіўся малады кучаравы чалавек у сінім фрэнчы, у акулярах.

— Вы ка мне, таварышы?

— Да вас, — сказаў Мікола і ад нецярплівасці заёрзаў на месцы.

— Ну, раскажыце ў чым справа! — І кучаравы пачаў церці адну руку аб другую да хрусту ў суставах.

Мікола пачаў:

— Я сам студэнт з вёскі Лісоўшчыны, гэтага раёна, а вось гэты, таварыш Солах, таксама з Лісоўшчыны. Дык вось уявіце сабе, таварыш, што я адзіны комсамолец не толькі ў нашай Лісоўшчыне, але яшчэ на пару вёсак. Вось на цэлы месяц дамоў прыехаў. Вакацыі цяпер у нас. Наша Лісоўшчына з старых часоў рэволюцыйная. Як мне вядома, тут нават пры паншчыне бунты адбываліся. Пасля, з 1905 года і далей, не мала было ў нас рэволюцыйных учынкаў. Ваявалі з панамі, партызаншчына. Словам, усё тое, што было па іншых нашых вёсках. А вось на дзіва, трэба сказаць шчыра, што цяпер наша Лісоўшчына як-бы застыла на месцы. Сяляне адсталыя, вераць у забабоны, у заломы ды ў іншую чартаўшчыну (Мікола згусціў фарбы, каб расчуліць раённае начальства). Я і вось малады таварыш Солах доўга аб гэтым мазгавалі — што рабіць? Пра калгас з сялянамі гаварыў, дык яшчэ мала да гэтага падрыхтаваны, баяцца. Я вось кніжкі розныя прывёз, газеты выпісаў, дык няма ў нас такога кутка, дзе можна было-б пасядзець вечарком. Ведаеце, можна было-б і падвучыць сялян чытаць, можна было-б вялікую работу зрабіць. Спектаклі там, словам, культурную работу весці можна. Моладзь ахвоту мае.

Кучаравы чалавек слухаў, ківаў галавою, падтакваў, часта паўтараў: «вельмі-очань добра», многазначным позіркам утаропіўся ў негабляваныя дошкі сцяны ды ўсё слухаў.

— Дык вось, таварыш, — гаварыў Мікола, — нам сродкі патрэбны на культурную працу. Трэба яшчэ кнігі набыць, хату-чытальню трэба будаваць. Калі цяпер аб гэтым падбаем, дык да сяўбы можна будзе сцены паставіць Лесу набыць можна. Я пастараюся, каб нашыя з Лісоўшчыны ды там іншыя самі бярвенне вазілі з лесу. Дарога цяпер добрая. Нашыя трохі прывыклі да такой калектыўнай працы. Вось мы, напрыклад, самі, па сваёй ініцыятыве, грэблю добрую зрабілі. Дык вось нам, таварыш, грошы патрэбны на культурную справу. А то дзе спектаклі ставіць будзеш? Дзе збірацца будзеш?

Кучаравы чалавек забарабаніў пальцамі па стале. Ужо не чуваць было яго спрыяючых слоў: «вельмі-очань добра», твар выцягнуўся, зрабіўся сур’ёзным, і блеск акуляр затушоўваў выраз вачэй.

А Мікола яшчэ гаварыў:

— Дык вось, таварыш, якая ў нас справа. Думаю, можа хто-небудзь з раёна зацікавіцца прыехаць у наш сельсовет, каб пазнаёміцца на месцы са справаю. Старшыня нашага сельсовета адмахваецца і рукамі і нагамі.

Мікола змоўк.

— Вы кончылі? — запытаўся кучаравы, прыпадняўся з месца, нібы яго трасло ў возе па кепскай дарозе, і зноў сеў. — Мілыя таварышы! Калі свой сельсовет не памагае, дык я тым больш, бо сродкі гэтага бюджэтнага года ўжо вызначаны для ўсіх сельсоветаў. Кожная капейка мае сваю шчылінку. Хіба вы там сваімі сіламі, а праз год мы дапаможам, абавязкова дапаможам!

Кучаравы мэкнуў, кашлянуў, зірнуў на дзверы, нібы яго там чакаюць, і «аўдыенцыя кончана»...

З кепскім настроем вярнуліся Мікола і Саўка да бацькі. Стары Цыпрук сядзеў забедаваўшыся.

— А мне вечна не шанцуе, — папракаў ён самога сябе, — конь падкову згубіў.

— Эт! ёсць аб чым бедаваць, — сказаў Мэндаль. — Тут блізка каваль.

— А дзе?

— Вузенькая вулка налева ад рынку. Пытайцеся каваля Лейбу. Кожнае дзіцё пакажа.

Расплаціліся з Мэндалем і паехалі шукаць каваля. Кузню Лейбы яны скора знайшлі.

— Ты, здаецца, жыў раней у Драздоў і Дзятлаў, ці што? - звярнуўся Цыпрук да Лейбы, калі той прымерваў каню падкову.

— Жыў. Вы туды едзеце, добрыя людзі?

— Не туды, але па дарозе.

Лейба ўзрадваўся.

— То можа з вамі мая дачка пад’едзе? Там да сястры.

Вы можаце там і пераначаваць, калі вам далёка ехаць.

— Каню цяжка будзе, ці што... — Цыпрук паморшчыўся.

— Няхай сабе едзе, — сказаў Мікола.

— Дарога цяпер добрая. Я за тое, што завязеш дачку, не дорага вазьму за падкову.

— Калі лупянеш, як Мэндаль за чай, тады дзякую, ці што, за гэткую дабрату.

— А вы ў Мэндаля спыніліся? — засмяяўся Лейба. — Той скуралуп. Хто многа мае, той і дзярэ. У яго набярэцца золата на некалькі падкоў. А я толькі за працу, за голую працу бяру.

Пачало цямнець. Яны выехалі з мястэчка.

З імі ехала і дачка Лейбы, дзяўчына гадоў шаснаццаці; з-пад шарсцяной хусткі блішчэлі толькі вялікія чорныя вочы.

Была цішыня.

Ноч насоўвала на абшар сіні капюшон.

Над старымі бярозавымі прысадамі ў мутным бяздонні неба запаліліся тысячы запалак. Буйныя, яскравыя зоркі мігацеліся з такім блескам, нібы толькі што нарадзіліся.

Конь трухаў павольна.

Стары Цыпрук часта мацаў каня, ці не спацеў, цмокаў губамі і нездаволена ахкаў.

Быў лішнім чацверты пасажыр — дачка Лейбы...

Каб не сын, дык стары не ўзяў-бы яе... Не хацеў Міколу сароміць, бо той адразу сказаў:

— Няхай сабе едзе.

Мікола ўступіў ёй сваё месца і сам звесіў ногі з санак.

Быў незадаволены і Мікола, але зусім іншым: няўдача ў Райвыканкоме. Хоць, здаецца, і там віны не было ніякай, бо (як тлумачыў той кучаравы) сродкаў няма на гэты год.

«Пачакаем трохі, яшчэ рана, — думаў Мікола. — Вось праз год абавязкова наладзім».

Саўка тым часам гутарыў з дачкою каваля.

Мікола прыслухоўваўся да гутаркі.

Яна, гэта дзяўчына, марыць аб тым, каб паступіць у педагагічны тэхнікум у Мінску.

Голас незнаёмай дзяўчыны даходзіць да Міколы як-бы здалёку, трохі прыглушаны тоўстай хусткай.

З-за ружовага воблака выслізнуўся яркі серп месяца.

Мікола ўспомніў залатыя падковы багатага Мэндаля.

Месяц ткаў у паветры тонкія сеткі павуціны. Асрэбрыўся шэранню стары конік. Ён дыхаў лёгкімі дымкамі. марозлівай пары.

Мікола глянуў на захутаны хусткаю твар кавалёвай дачкі. Чорныя раней бровы цяпер пасівелі ад шэрані, а яе вялікія цёмныя вочы яшчэ больш павялічыліся і больш пацямнелі.

Плыве месячны серп над снягамі. Пыліць перад вачыма срэбным пылам.

Нейкая чуласць завілася ў Міколы да гэтай незнаёмай дзяўчыны.

Толькі яе вочы бачыў і чуў яе прыглушаны хусткаю голас.

Ён звярнуўся да яе:

— Дык вы хочаце паступіць у педтэхнікум? Напішыце туды заяву. Я таксама ў Мінску вучуся...

— Вось як! Гэта вельмі добра. — Дзяўчына ўзрадавалася. — Дык вы мне свой адрас дасцё. Знаёмых у Мінску не маю.

— Добра, з прыемнасцю. — І ён у думках дадаў: — Цёпла на марозе...

Яны спыніліся каля Марцінавай хаты, куды ехала да сястры кавалёва дачка.

Вось тут мая сястра Мэра жыве, — сказала яна.

Па вуліцы ішлі ў абнімку хлопцы і дзяўчаты. Спе- раду гарманіст, ён граў нейкую заліхвацкую песню. Хлопцы прытупвалі нагамі. Дзяўчаты хіхікалі.

— Вечарынка, — сказала кавалёва дачка. — Пойдзем у хату грэцца.

Іх папрасілі начаваць. Пасля вячэры ўсе пайшлі на вечарынку. Нават стары Цыпрук хацеў паглядзець, як Дразды і Дзятлы гуляюць.

І вось уздумалася Міколе на гэтай вясковай вечарынцы, дзе сабралася моладзь, выступіць з прамовай. Гэткім чынам хацеў пазнаёміцца з тутэйшымі людзьмі.

— Таварышы, — папрасіў Мікола, — дазвольце мне сказаць вам некалькі слоў!

Гарманіст падняў бровы дзвюма дужкамі і абарваў ігру. Танцы спыніліся. Калі раней мала ўвагі звярнулі на незнаёмага дзецюка, дык цяпер усе з дзівам і цікавасцю на яго глядзелі. Аглядалі з усіх бакоў.

— Таварышы! Я выпадкова, праездам зайшоў да вас, хацеў паглядзець, чым займаецца тутэйшая моладзь. Вельмі добра часам вось так пазабавіцца, вядома без гарэлкі і без лішніх там, як-бы вам сказаць, выкрунтасаў. Але такія вечарынкі без нічога іншага, ну, скажам, без чытання кніг і газет, без спектакляў, словам, без культурнай працы, апрача шкоды, нічога не прыносяць. Вось бачу, вы забаўляецеся. Так. Запытайцеся ў вашых бацькоў, як яны забаўляліся дваццаць і сорак год таму назад. Яны вам тады скажуць, што так, як вы цяпер. Гэта нядобра, таварышы. Вось няма ў вас (а вёска немалая) хаты-чытальні. Пэўна, не ўсе вашыя пісьменныя. Скажыце па шчырасці, ці не лепш было, каб вашыя пісьменныя вучылі непісьменных? Альбо дамагацца ў сельсовеце хоць-бы настаўніка. Сельсовет павінен ісці насустрач. А то выходзіць, нібы ў вас і Кастрычніка не было, не было рэволюцыі.

У хаце душна. Хлопцы ўсміхаліся. Дзяўчаты шчыпалі адна адну і ціха хіхікалі. Відаць, што ім нуднавата. На твары гарманіста вялікая незадаволенасць, нават пакрыўджанасць: спыніў ігру на самым цікавым месцы.

Мікола ўвайшоў у азарт. Глядзеў на дзесяткі незнаёмых вачэй, ды ўсё новыя думкі лезлі ў галаву, прасіліся на язык.

Прышло некалькі старэйшых людзей.

— Хто гэта? — пачалі пытацца адны ў адных.

— Агітатар з Мінска.

— Гэта мой сын Мікола Ярэмчык, — дадаў стары Цыпрук. — Яму прыемна было, што ўсе зацікаўлены яго сынам.

Па ўсіх кутках блішчэлі папяросы. У хаце стала душна і дымна.

— Часта прыязджаюць да вас? — запытаўся Цыпрук у нейкага маленькага дзядочка.

— Не-е-э! Дзе там? Цікава паслухаць... Спрытна ён кажа. Дык гэта сын твой, кажаш? — Дзядок абапіраўся аб кій і ўтаропіў у Цыпрука мутныя з чырвонымі абадкамі вочкі.

— А я маніць буду, ці што? — пакрыўдзіўся Цыпрук.

Твар у Міколы расчырванеўся. Кроплі поту блішчэлі

на ілбе. ён захапіўся:

— Вось чуў я, што ў вас нейкі Язэп Крушынскі жыве. Кантрабандай займаецца, добры фальварачак мае. Няўжо-ж вы не выкрываеце яго дзейнасці, яго шкоднай контррэволюцыйнай работкі? Брыдка вам, таварышы, каб тут арудавалі такія людзі. Я думаю, што вам варта было, таварышы, вось так, як вы збіраецеся на вечарынкі, збірацца ды пагаварыць, як палепшыць сваё жыццё. Скажам, арцель наладзіць сельскай гаспадаркі, разам працаваць...

У некаторых вочы трывожнымі сталі.

Саўка пачаў торгаць Міколу за локаць. Мікола хоць-бы што! Ён толькі што пачаў разгортваць малюнак эксплаатацыі кулакамі беднаты. Ён толькі што пачаў гаварыць аб тым, што супроць багатых на вёсцы трэба весці жорсткае змаганне.

Трое дзецюкоў аб нечым пашапталіся між сабою і вышлі на двор.

— Калі зарганізуецца бедната ў моцную вялікую сям’ю супроць заможнікаў, якія па гэты дзень яшчэ здзекваюцца над бедным чалавекам, тады яна сама, бедната гэта, захоча перайсці на калектыўную працу. Фальварак Язэпа Крушынскага можа быць цэнтральным пунктам для такога калгаса. Трэба толькі...

Трое дзецюкоў зноў вярнуліся ў хату. Яны былі чырвоныя, ад іх пахла самагонам.

— Бі-і-ць агітатараў! — крыкнуў адзін з гэтай заліхвацкай тройкі візгатлівым голасам.

— Не смейце ў маёй хаце! — пагразіў гаспадар.

Нехта патушыў лямпу. У хаце пачаўся лямант:

— Ратуйце! Забіваюць!

Стары Цыпрук на гэты раз каня не шкадаваў, сцёбаў з усіх сіл, і снежны пыл дыміў з-пад ног каня.

Яны ўцякалі ад Драздоў і Дзятлаў.

На твары Міколы было некалькі сінякоў. Яго і Саўку абараніла гаспадарава сям’я, дзе была вечарынка. Праводзіла іх да фурманкі. П’яных хлапцоў абкружылі цвярозыя, трымалі, супакойвалі, а тыя ірваліся з рук.

У сіні зімовай ночы яшчэ доўга чуваць былі п’яныя выкрыкі Драздоў і Дзятлаў, змешаныя з гукамі заліхвацкага гармоніка.

— Праклятае месца, ці што! — злосна прагаварыў Цыпрук і плюнуў у снег. — Тады заарыштавалі мяне на гэтай дарозе за картрабанду, а цяпер усіх нас забіць маглі.

Мікола маўчаў.

Саўка смяяўся і праз смех гаварыў:

— Ну і агітатар з цябе, Мікола! Не ведаеш гэтых людзей і так на сваю рызыку неарганізавана выступаеш!

— Перастань...

Мікола ад яго адварачваўся.

Калі ў сіняве ночы ўтапіліся аганькі вёскі і змоўклі п’яныя галасы, Цыпрук стрымаў бег каня. Конь пайшоў павольным крокам.

Заімжыў дробны сняжок.

Па небе плыў медны чаўнок месяца.



7 - ВЫЛЕЧЫЎСЯ

правіць

У адну раніцу, калі Крушынскі моцна спаў пасля бяссоннай ночы, да яго падышла жонка.

— Уставай, Язэп, уставай!

Голас яе быў устрывожаны. Яна торгала хворага за плечы, як здаровага чалавека.

Хворы прачнуўся. Азірнуўся па баках мутнымі ад сну і спалоханымі ад голасу жонкі вачыма.

— Га? Што?

— Вось ліст ад брата!

— Што ён піша?

— Яшчэ не чытала. Чытай сам.

Падала ліст.

Хворы прабег вачыма:

«Дарагі брат Язэп.

Усё спакойна. Можаш ачуняць. Досыць адпачываў. Дзе трэба было і што трэба было, усё зроблена. Небяспекі няма. Усё добра. Прывітанне ад жонкі. Прыязджай!

Твой «Ан. Цярэшка».

Хворы павесялеў. Звярнуўся да жонкі:

— Ты нічога ў Мінск не пасылала?

— Не.

— Чаму?

— Не было мне калі гэтым займацца.

— Ой, ты! Шкадуеш...

— Уставай скарэй!

— Што здарылася?

Ён адкінуў ад сябе коўдру і жвава сеў на ложку.

— Толькі не палохайся... Твой бацька памёр. Крушынскі пачухаў непрывычную бараду і слаба прагаварыў:

— А-а-а-а?

— Ну, я-ж сказала. Памёр. Трэба яго хаваць. Крушынскі не любіў бацькі, але нешта непрыемнае пранізала яго наскрозь. Ён ляніва ўсміхнуўся і сказаў урачыстым голасам, падхопленым у «Льва Талстога»:

— Ведаеш, жонка, я ўжо, трэба прызнацца, тоісь выздаравеў ад рака. Хопіць! Так.

Засвістаў па-заліхвацкаму і давай апранацца.

— Варта было падгаліцца, а то чорт ведае да каго ты падобны.

— Можна з гэтым пачакаць. Няхай людзі бачаць, што я толькі што з ложка падняўся.

У яго вачах засвяцілася ранейшая жвавасць.

Жонка пасмутнела. Сама не заўважыла, як з вачэй пакаціліся слёзы.

— Ганна, што ты! — здзівіўся Крушынскі.

— Шкада старога. Ве-е-ечна жыў адзін, адзіно-о-окім і памёр.

Яна ўголас заплакала.

Крушынскі пачаў апраўдвацца:

— Ды я-ж яго колькі разоў прасіў, каб сюды жыць перабраўся. Мы-ж не вінаваты, ён сам не хацеў.

— Усёроўна шкада.

— Але навошта плакаць? Ён-жа голаду не цярпеў. Нават шмат дабра пакінуў. Жыў, як самому хацелася, а што больш чалавеку трэба?

Жонка не магла стрымаць свайго плачу. У гэту хвіліну ёй здавалася, што сапраўды шкадуе Сымона Чаршока.

— Годзе! Дурная, мы ўсе памром! — крыкнуў Крушынскі неспачувальным голасам.

Хутка апрануўся і выскачыў на дзядзінец.

Пра хваробу забыўся адразу. Ахмялеў ад зімовай раніцы, ад хрусту снегу пад нагамі. Радаваўся зімоваму паветру і бялізне снегу.

«Свае» людзі на дзядзінцы ад раптоўнасці аж спалохаліся, нібы ўгледзелі нябожчыка, які з магілы вышаў. Яны думалі, што Крушынскі памрэ...

— Лякарствамі рака выгнаў! — як-бы апраўдваўся перад імі Крушынскі.

Вочы яго блішчэлі.

— Дзе-ж цяпер рак гэты? — зацікавіліся людзі.

Крушынскі зарагатаў.

— Я атруціў рака і сабакам аддаў.

Пасля гэтага вярнуўся ў хату і спакойна сеў снедаць.

Жонка выцірала слёзы. Глядзела на мужа такімі вачыма, нібы даўно яго не бачыла... Увесь час яго хваробы ёй так прыемна было адчуваць сябе поўнай гаспадыняй у Курганішчы... Яна ўжо ўвайшла цалкам у гэту ролю, а вось ачуняў...

«Думае, што па яго старым бацьку, па гэтым чорным чараўніку плачу...»

Яна ўсміхнулася. Падганяла мужа:

— Хутчэй снедай ды ідзі! Не выпадае марудзіць.

— Не ўцячэ мой тата, — пажартаваў Крушынскі.

У яго мазгах мітусіліся розныя планы —адзін аднаго спрытнейшы.

— Скарэй ідзі!

— іду.

Яшчэ не глынуўшы апошняга кавалка сала, падняўся з зэдліка, пайшоў у Дразды і Дзятлы да нябожчыка.

У дробным ельнічку каля хаты Сымона Чарнюка стаялі людзі. Здалёку старая хата выглядала вялізнай гурбай снегу. Толькі сёння раскапалі сцежку да дзвярэй...

«Ельнічак гэты пры маёй памяці тут вырас», — чамусьці ўспомніў Крушынскі.

Угледзеўшы яго, адзін з суседзяў сказаў:

— Памёр бацька, сын ачуняў.

Нібы маніфест прачытаў перад Драздамі і Дзятламі.

— Няўжо-ж ачуняў? — запытаўся Галава.

— Вунь, бачыш, сюды прэ, — запэўніваў Сухарукі.

— А барада ў яго якая.

— Відаць-ткі хварэў чалавек.

Крушынскі з усімі вітаўся. Людзі жартавалі. Смяяліся. Усе адчувалі хаўтурны настрой: пальецца ракой гарэлка, будзе цэлая гара яды...

— Адзін раз толькі ў чалавека бацька памірае, — філасофстваваў Галава.

— Не дваццаць бацькоў сваіх чалавек хавае, — дадаў Сухарукі.

— Усе мы будзем там.

— Толькі нямаведама, хто раней і хто пазней.

Тым часам Крушынскі ўвайшоў у бацькаву хату.

Даўно тут не быў. Некалькі год. А ўсяго дзесяць хвілін хадзьбы сюды ад Курганішча... Калісьці маці брала з бацькавых запасаў сушаных яблыкаў для маленькага Язэпкі...

Вось тут, дзе вялікія кублы, стаяў маленькі ложак, дзе калісьці Язэпка спаў. Цяпер усе куткі завалены мяшкамі, пасудаю. Куры дзяўбуць збожжа з мяшка. У хаце змрочна, бо вокны бадай да самага верху занесены снегам. «Стары заўсёды так любіў зімой, — успомніў Крушынскі. — Ён гаварыў, што ад гэтага цяплей».

Запасы Сымона Чарнюка на «чорны дзень», на «канец свету» запоўнілі хатку дзе-ні-дзе да самай столі. Начоўкі, скрыні, цэбры, бочкі, кублы — усё было з дабром.

Крушынскі вышаў у сенцы. У загародцы стаяла двое свіней. Ён узлез па драбінах і зірнуў на гару. Там — тыя самыя запасы. Вісіць каўбаса і вяндліна.

— Ну і рупны быў стары...

Ён успомніў, што даўней, калі бацькі крыўдзілі яго, маленькага, чым-небудзь, ён узбіраўся па драбінах на гару і сядзеў там, прытуліўшыся ў кутку. Праз шчыліны даху глядзеў удаль. Было прыемна. Маці хадзіла тады ўстрывожаная вакол хаткі, шукала яго і клікала плачучым голасам.

— Язэпка! Язэпка!

— Я тут! А татка біць не будзе?

— Не, сынку, не дам біць...

І твару маткі ён цяпер не памятае. Толькі яе хаўтуры помніць. Бацька тады стагнаў, што шмат грошай пойдзе на яе пахаванне. Быў вельмі скупы. Бацька ў касцёле з ксяндзом таргаваўся. Стары ксёндз, сухі, з такімі-жа, як у бацькі, чорнымі бліскучымі вачыма, крыкнуў:

— Забяры яе назад дадому!

Бацька плюнуў ад злосці і сказаў:

— Можаш, яловы сук у сутане, з’есці яе. Можаш яе пакрышыць на каўбасы. Мне ўсёроўна...

Бацька пасля гэтага ірвануў спалоханага Язэпку за руку, вывеў з касцёла і пасадзіў на воз, матку ксяндзу пакінуў. З таго часу бацька ніколі не маліўся, не хадзіў на споведзь...

Крушынскі зноў у хату вярнуўся.

«Трэба-ж і на яго самога паглядзець. Калі я хварэў, ён ні разу ў мяне не быў. Я-ж яго родны сын. Мабыць ведаў, што ачуняю...»

Каля парога тупалася старая Галавіха. Падпальвала ў печы. У хаце было вельмі холадна. Відаць, некалькі дзён стары ў печы не паліў. Пахла яблыкамі і трухляцінай. Труна стаяла ў кутку, жоўтая, смалістая, пакрытая тонкім слоем пылу. Сляды пальцаў нябожчыка засталіся ў некалькіх месцах звонку на сценках труны. Побач ляжала на цабэрку куча старой вопраткі, якую Чарнюк насіў штодня. Выглядала, нібы чалавек распрануўся і ўлез у ванну купацца. Абапал гарэлі дзве васковыя свечкі.

— Гэта-ж я сёння толькі і зайшла сюды. Некалькі дзён старога не бачыла, — сказала Галавіха. — Зайшла, ажно ляжыць ён у труне. Сама ўлетку бачыла, як ён гэту труну рабіў. Свечкі на гэтым самым месцы стаялі. Не запаліў перад смерцю, відаць, пажару баяўся. А божачка ты мой! Я-ж баялася спачатку. Ён жа-ж быў чараўніком. Кажуць-жа, чараўнік пасля смерці людзей душыць...

Крушынскі засмяяўся.

— Не бойся, цётка. Мала што хто пляце. Ён ужо не паднімецца з труны.

Сымон Чарнюк быў апрануты ў самае лепшае, што ў яго было: шэрая жакетка, чорныя штаны, боты, купленыя мо’дваццаць год таму назад. Яго твар — косці, абцягнутыя цёмнажоўтай скурай. Строгія рысы твару акамянелі.

«Збіраў, пэўна, грошы на «чорны дзень». Дзе-ж ён іх схаваў?»

Аглядаўся па баках.

«Ці пад ім у труне, ці на ім пад вопраткай... А можа Галавіха раней за мяне парупілася?..»,

Яна спакойна тупала каля печы.

«Не можа быць. Яна пабаялася-б, каб чараўнік яе не задушыў».

Павярнуў нябожчыка на бок. Бацька быў лёгкі і цвёрды, як жэрдка. Прыкра стала сыну.

«Грошы... Дзе яны і колькі іх? Я іх пушчу на хаўтуры...»

У труне пад нябожчыкам нічога не было. Тады ён палажыў труп паранейшаму і расшпіліў яму жакетку. Пад кашуляй, на валасатых сухіх грудзях, вісела палатняная торбачка... Відаць, шмат гадоў грэлася на грудзях Чарнюка, бо на шыі глыбокі знак ад вяровачкі, а торбачка чорная, засаленая.

— Паглядзіце ў сенцах вядро, цётка Галавіха. Трэба-ж будзе нагрэць вады.

Чаму жонка твая не прышла? — запыталася яна.

— Па гаспадарцы занята.

— У мяне-ж таксама гаспадарка... Я-ж чужая, а прышла.

Галавіха вышла. Пакуль прынесла вады, Крушынскі паспеў зняць торбачку і ўпарадкаваць нябожчыка. Цяжкую, цвёрдую торбачку ён сунуў сабе ў кішэнь.

На хаўтурах Крушынскі быў падголены, да яго вярнуўся ранейшы настрой, і ад рака нічога не засталося...

Некалькі дзён вазілі ў Курганішча дабро з хаты Сымона Чарнюка. Шмат запасу чараўнік падрыхтаваў на «чорны дзень»: сушаных грыбоў, яблыкаў, груш, ягад, гароху, бобу, мукі, збожжа, нават бульбу сушаную. Мяшкі, кублы, скрыні, начоўкі, цабэркі, гаршкі, міскі — усё забралі. Здавалася, што ўсяму гэтаму канца не будзе. Разбурылі старую хату. Засталася адна толькі закураная печ. Хутка і яна была занесена снегам.


8 - ЦІ НЕ ЖЫВЕ ДРАЧЫК?

правіць

У шчарбатым гліняным гаршку расце на падаконніку авёс. Кволыя расткі яго цягнуцца ўгару. На дварэ адліга. Ярка свеціць сонца. Пад самым акном ляжыць заільдзянелая гурба снегу, а на гародзе агаліліся грады. На іх ёрзаюць туды і сюды дзеці.

«Леў Талстой» глядзіць у акно. Радасць расплылася прыемным цяплом ва ўсім яго целе. Ён пацягнуўся і ляніва гмэкнуў. Не ведае, дзе дзецца ад сонца, якое лезе ў твар.

Ён сам не чуў, як мурлыкаў пад нос нешта пяшчотнае.

Якая мелодыя?

Ніякай мелодыі, толькі трохскладовыя рытмы:

— А — а — а,

А — а — а.

А — а — а,

А — а — а.

Пераплятаўся ланцужок дактыляў і анапестаў .


Нешта падобнае да калыханкі.

Раптам стары ўтаропіў вочы ў сухую леташнюю траву, якая відаць была на гародзе. Адразу спыніў мурлыканне.

— Так. Мінулай вясной і гэта трава была маладзенькая і свежанькая.

Вочы «Льва Талстога» пахмурэлі. З твару сышла вясёлая ўсмешка. Хоць твар быў асветлены сонцам, але нібы раптам хмары навіслі над ім. Шкада старому леташняй травы.

— Так. Леташняе памірае, адгнівае. Трэба прызнацца, на гэтым гніцці заквітнеюць новыя пахучыя расліны.

Не гледзячы на сонечнае цяпло, старому стала холадна.

— Так.

Ён пяшчотна пагладзіў бараду.

Азірнуўся па кутках хаты.

Яна здавалася цяпер цёмнай, непрытульнай.

— Так.

Ён наставіў адно вуха ў бок акна.

На гародзе смяяліся дзеці.

— Радасць раптам напала на іх... А мне ўжо стукнула шэсцьдзесят год...

Ён усміхнуўся. У вачах з'явілася здзіўленне. Нібы толькі што пачуў цікавую, але непрыемную навіну.

Якраз у гэтую хвіліну яго жонка, Барбара, усунулася з сенцаў у хату. Пачула яго словы.

Кінула жвавымі вачыма ва ўсе куткі.

— А я думала, што ты з суседам тут размаўляеш, ажно нікога няма...

— Га? — усхапіўся нібы са сна «Леў Талстой».

— Ты што гэта гаворыш сам з сабою? Можа з панам

І Дактыль і анапест — трохскладовы размер у вершах, богам гутарку завёў? Што там у цябе за шэсцьдзесят стукнула? Навошта гады свае лічыш? Ніхто іх у цябе не ўкрадзе.

— А я так сабе, Барбара. Думка такая прыскочыла.

На гародзе смяяліся дзеці.

Барбара плюнула і кіўнула некалькі разоў галавою ў бок старога. У яе вачах была не то злосць, не то крыўда на яго. Толькі два словы прагаварыла, але затое ад усяго сэрца:

— Э-э-эх т-т-ты-ы-ы...

«Леў Талстой» зразумеў і расшыфраваў у думках словы жонкі.

Вось іхнае значэнне:

— Эх ты, недарэка! Пражыў шэсцьдзесят год, а што паспеў зрабіць за гэты час? Невялікая была карысць ад тваёй службы ў земскага начальніка. Мала ты дбаў аб сям’і і да службы і пасля яе.

Альбо:

— Эх ты, памяло сівое! Пішаш — пішаш, пішаш — пішаш, а толку ніякага. «Лідакцыя» не друкуе. Грошай за гэта ніхто табе не дае. Дарма псуеш такія чыстыя кнігі земскага.

А можа:

— Эх ты, дурны! Вечна на цябе працую. Ты не памагаеш у гаспадарцы. У цябе не галава, а балдавешка. Табе шэсцьдзесят год, а вычвараешся, быццам табе толькі шэсцьдзесят дзён.

Ці яшчэ:

— Эх ты, гляджу за табою, як за малым. Навошта хлеб псуеш, ды яшчэ самы смачны! Бо цябе пешчу, як малых унукаў. А за гэта якая падзяка?

Чатыры тлумачэнні жончаных слоў «эх ты» прамільгнулі ў яго галаве чатырма дэпешамі.

На гародзе смяяліся дзеці.

— Можа што-небудзь з’ясі? — запыталася жонка.

— Не хочацца.

«Леў Талстой» зняў з паліцы адну з кніг земскага, у якую ўпісваў «Летапіс вёскі Гайдачаны», прысеў да свайго століка і разгарнуў кнігу.

— Што я там раней напісаў?

І давай уголас сам сабе адказваць:

— Як некаторыя мінскія вучоныя па-вучонаму даследвалі гайдачанскія кашулі і спадніцы. Навуку гэту яны назвалі «гайдачаназнаўствам». Так. І зрабіліся прафесарамі на гайдачанскіх портках. Так.

— Якія асесары? На якіх портках? — зацікавілася Барбара.

Ён нічога не адказаў і гаварыў далей:

— Як Крушынскі пасылаў сваіх паслоў у Гайдачаны з заклікам «будзем разам багацець!» Кулакі былі на яго баку, беднякі, з Антосем Драчыкам на чале, — на супроцьлеглым баку. Так.

— На якім баку ты сам качаешся? — зацікавілася Барбара.

Ён нібы не чуў і давай яшчэ казаць:

— Як Антось Драчык цярпеў за шчырасць усё сваё жыццё. Яго шчыры «карахтар» быў вострай брытвай у яго-ж няўмелых руках і крамсала яго-ж морду, як бручку.

— Бручка, каб на цябе калючка! — зазлавалася Барбара.

Ён хоць-бы што. Успамінае раней напісанае:

— Як Антось Драчык усім кулакам быў косткай у горле. Крушынскі яго, як агня, баяўся. Драчык падаў заяву на Крушынскага, а з гэтага нічога не вышла, бо Крушынскі быў у добрых адносінах з начальствам. Так.

— Не лезь у чужыя справы, — папярэдзіла Барбара.

Ён сваё робіць:

— Як я назіраў псіхалагічна за паводзінамі паміж Крушынскім і Драчыкам. Я хацеў склеіць у адно халодную тактыку Крушынскага з гарачай шчырасцю Драчыка. Нічога з гэтага не вышла.

— І не выйдзе! — дадала Барбара.

Яна прысела на лаве і давай прыслухоўвацца.

ён нібы не чуў. Плёў далей ланцуг раней напісанага:

— Як у адну раніцу прыехалі ў Гайдачаны два чырвонаармейцы — Хвёдар і Змітрок. Яны растлумачылі Драчыку, што ён адзін супроць кулака Крушынскага нічога не зробіць. Супроць такіх трэба змагацца грамадою, тоісь масаю. Так.

— І я не люблю гэтага хітрага Крушынскага, — дадала Барбара.

— Не перашкаджай! Дай успомніць. Як Хвёдар і Змітрок пачалі ладзіць сходы ў Гайдачанах, а я, трэба прызнацца, быў сакратаром на гэтых сходах. Так.

— Гэта я ведаю, — заўважыла Барбара.

— Не лезь асою ў вочы! — і далей успамінае: — Як нарыхтавалі ў Гайдачанах малочнае таварыства. Кулакі— Янка Фалькевіч, Сымон Гарбочык, Антон Сініца, Гаўрыла Лаўронак і іншыя былі супроць таго, каб наладзіць у нашай вёсцы калектыў. Так.

Барбара слухала і маўчала.

— Як нехта падпаліў уночы хату малочнага таварыства, і на пажары Гаўрыла Лаўронак забіў калом Драчым. Так.

Барбара ківала галавою.

— Як Хвёдар і Змітрок выратавалі Гаўрылу Лаўронка ад самасуда. Усё гэта было на карысць Крушынскага. Так.

— Гэта праўда, — заўважыла Барбара.

— Я не да цябе гавару.

— Гавары сабе да сцяны!

Барбара плюнула і вышла.

«Леў Талстой» скончыў паўтарэнне напамяць ранейшых раздзелаў «Летапісу» і пачаў чытаць з кнігі:

„Першы ўрывак з рукапісу „Льва Талстога“

Так.

Трэба прызнацца, Гаўрыла Лаўронак забіў Драчыка насмерць. Гэта-ж не жарты — ляпнуць такім колам па галаве. Глянуўшы на яго, тоісь не на кол, а на Драчыка, альбо на абодвух, — іншай думкі быць не магло.

Так.

Ляжыць Драчык на зямлі пры пажары, раскінуўшы рукі крыжам. Вочы заплюшчаны. Твар да жудасці белы (як бяроста). Галава акрываўленая. Гэта-ж не жарты — так пагладзіць чалавека па галаве. Так.

А гайдачане?

Канчаюць тушыць пажар. Трымаюць за рукі падпальшчыка і забойцу — Гаўрылу Лаўронка, каб не ўцякаў.

А некаторыя пабеглі на хутары затрымаць падбухторшчыкаў да падпалу і забойства, тоісь кулакоў Антона Сініцу, Янку Фалькевіча і Сымона Гарбочыка. Так.

Хвёдар і Змітрок заўважылі заўвагу, што рукамі вышэй адзначаных кулакоў была падпалена хата малочнага таварыства і быў забіты Антось Драчык.

Пры нябожчыку, тоісь пры Драчыку (будзем зваць яго нябожчыкам) лемантавала яго сям‘я: жонка і дзеці.

Так.

Галавешкі дагарэлі на пажары, і стала цёмна.

Так.

Тым часам, трэба прызнацца, я зацікавіўся адной псіхалагічнай цікавасцю: як гэта гайдачанская ноч накіруе маё сачыненне, тоісь мой твор? Ці мне прыдзецца пісаць, што хутаране, тоісь вышэй заўважаныя кулакі, уцяклі, ці мне прыдзецца пісаць, што яны злоўлены і аддадзены ў пролетарскі суд?

Так.

А што мне прыдзецца пісаць пра Гаўрылу Лаўронка, забойцу Драчыка? А як Драчык выкарабкаецца з сваёй шчырасці? Ды ўжо не выкарабкаецца, бо памёр чалавек на векі вечныя, і шчырасці плакаць па ім будзе. Ён за сваю шчырасць на той свет без пары пайшоў. Пойдзеш да начальства без пары — не прымае, а той свет — калі ласачка!

Так.

А каб Драчык быў інакшым, тоісь без шчырасці, дык-бы ў маленстве яго не білі, нагі не выкруцілі-б на царскай службе, не забілі-б кулакі на пажары.

Каб ды каб...

Каб не было таго ды сяго. Але гэта-ж мусіць быць. Інакш Драчык Драчыкам не быў-бы.

Так.

Трэба прызнацца, Крушынскаму ад гэтага вялікая радасць. Не будзе вісець Драчыкава шчырасць жалезнай булавою над Курганішчам. Так.

А пры Драчыку плача яго сям’я. Я ўсхапіўся з месца, нібы хтосьці гарачым жалезам да мяне прыткнуўся.

— Пачакайце, кажу. А можа Антось жыве?

— А можа жыве? — усхапіліся іншыя.

— А можа...

— Вады! вады! Абліць яго халоднай вадою! Што-ж вы дагэтуль маўчалі?

Гэта крыкнуў Хвёдар, які вярнуўся з хутароў. Гарачыя вуголлі на пажарышчы адкідвалі бледны водсвет. Зноў разгарэліся.

Так.

Вядро вады вылілі Драчыку, тоісь нябожчыку, на галаву.

Нябожчык, тоісь Драчык, павярнуў галавою.

Улілі яму ў рот трохі вады.

Ён адчыніў вочы. Прапаў нябожчык, з’явіўся Драчык. Зноў зачыніў вочы. І зноў няма Драчыка. Ёсць толькі нябожчык.

Яго сям’я, якая на некалькі хвілін перастала плакаць, зноў заенчыла, залемантавала. Жонка прыказвала так, хоць ты вазьмі ды запісвай.

— Ціха! — крычыць Хвёдар. — Рана галасіць уздумалі.

Я прыгнуўся вухам да яго, нябожчыка, тоісь Драчыка, грудзей. Слухаю.

— Сэрца б’ецца!

Падышоў Хвёдар. Сваё вуха прылажыў.

— Не, — кажа, не чую. Мабыць, зноў абамлеў.

— Маніш, — кажу, — сэрца Драчыка вунь як б’ецца. Ты, мабыць, глухі.

Я ў другі раз прабую Драчыкава сэрца на вуха, нібы гадзіннік.

— Проста малаток гручыць!

Зноў Хвёдар прабуе — нічога не чуе.

А справа тут сур’ёзная. Ці жыве чалавек, ці можа канчаткова, тоісь на векі вечныя, сканаў?

Мне гэта вельмі важна для майго твору.

Нарэшце Хвёдар кажа:

— Гэта-ж ты, «Леў Талстой», чуеш стукаты свайго ўласнага сэрца. Кінь дакторства!

— Хіба-ж маё ўласнае сэрца! Я-ж не вінават, што і ў мяне ёсць такое дабро!

Так.

Трэба прызнацца, сэрца ў мяне тухкала так моцна, ажно я рукамі за грудзі трымаўся. Калені стукалі адно аб адно. У галаве шумела.

Ад чаго?

Ад страху. Так.

Адкуль гэты страх?

А вось вам!

У тую хвіліну дурная думка прышла мне ў галаву.

А што-ж было-б, каб здарылася так не з Драчыкам, а са мною. Каб гэта Лаўронак мяне бэцнуў па галаве? Хто-ж бы маю кнігу дапісаў? Драчык? У яго-ж да гэтага таленту няма.

Я, трэба прызнацца, хутка супакоіўся. Не кожны можа быць Драчыкам, каб за шчырасць на агонь пайсці.

Так.

Драчык адчыніў вочы і нешта буркнуў.

Не гледзячы ні на што, яшчэ можа выжыве. За шчырасць можа яшчэ не мала ваяваць будзе. Яшчэ не мала выкарыстаю яго для майго «Летапісу».

Так.

Трэба прызнацца, Драчык глядзеў на мяне, тоісь я на яго, як на сваё псіхалагічнае багацце. Гэта такое дабро, што ніякі разбойнік не адбярэ, хіба колам выб’е разам з усімі іншымі. Але сам гэтым багаццем усёроўна карыстацца не будзе. Так.

Цікавая, трэба прызнацца, ноч.

Пасля ўсяго вышэйнапісанага ў тую-ж ноч запрэглі некалькі коней і паехалі ў блізкае мястэчка Шапалевічы. Так. Цэлы абоз выехаў туды. Павезлі ў бальніцу Драчыка, а ў лячэбніцу чалавечых характараў — Гаўрылу Лаўронка, Антона Сініцу, Янку Фалькевіча і Сымона Гарбочыка, тоісь гэтых ваўкоў у авечых скурах. Нават не так, а проста ваўкоў у воўчых. Так.

Трэба прызнацца, я сабе ўяўляў, як яны, кулакі ляскалі зубамі, тоісь клыкамі, ад злосці і страху.

Так.

Тут я хачу спыніць увагу маіх былых, тоісь будучых чытачоў на адной рэчы, на прозвішчы аднаго з вышэйпамянёных кулакоў — на Гарбочыку. Я, хаваючыся пад «Львом Талстым», прытаіў свайго сапраўднага Гарбочыка, тоісь прозвішча. Кулак арыштаваны за злоўчынак Сымон Гарбочык, а я, аўтар «Летапісу» — Мірон Гарбочык.

Гэта-ж проста бяда — адно прозвішча... Але, трэба прызнацца, не зусім бяда, бо людзі з адным і тым самым прозвішчам бываюць зусім чужымі і нават не ведаюць адзін аднаго. Прыклад — я знаю аднаго мужычка Раманава, дык той нават да Кастрычніка не быў знаёмы з домам Раманавых.

У маім выпадку вышла трохі інакш. Мы з Гарбочыкам сваякі, ну, далёкія сваякі, але ўсё-ж такі непрыемна. Думаў я нават даць у газету аб тым, каб не блыталі кулака Сымона Гарбочыка з аўтарам «Летапісу» Міронам Гарбочыкам. Так.

Гэта аказалася лішнім, паколькі самі гайдачане мяне не папракаюць гэтым сваяцтвам. Трэба прызнацца, паколькі я пачаў аб гэтым гутарку, што Сымон Гарбочык мой родны брат (малодшы). Я быў спачатку ў сэрцы трохі пашкадаваў. Усё-ж такі не чужы. Так. Але тут я сам стаўлю кропку над «і», гэта значыць над сваімі сямейнымі справамі.

Так.

Калі хто ў мяне запытае запытанне аб выніках той пажарніцкай і разбойніцкай гайдачанскай ночы, дык я вось якую параду параю: усё будзе ў свой час і на сваім месцы. Паводле законаў прыроды. Не церпіцца? І мне не цярпелася. Так.

У маёй кнізе аб усім гэтым будзе. Вам хочацца зараз? Маеце зараз!

Пролетарскі суд судзіў вышэйзапрыкмечаных злачынцаў. Адправілі іх на псіхалагічную папраўку за пажар і замах на забойства Драчыка.

Пролетарская бальніца вылечыла Драчыка. Праз месяц ён вярнуўся дахаты.

Многія з гайдачан радаваліся і аднаму і другому.

Некаторыя (з Язэпам Крушынскім на чале) сумавалі з двух прычын. Першая прычына — строгі суд над кулакамі. Другая прычына — тое, што Драчык ачуняў.

Так.

Бывае, што захварэе буржуазны прэзідэнт альбо буржуазны міністр якой-кольвечы буржуазнай рэспублікі на буржуазную хваробу. Паедзе сабе на буржуазны курорт і палітычна чакае. Тое самае было, трэба прызнацца, з Язэпам Крушынскім. ён захварэў на рак. Так.

Жонка Барбара сказала мне адвезці яму назад жыта, якое ён даў у выглядзе зарплаты за карэспандэнцыю. Я абрадаваўся, хацеў паглядзець, як рак хварэе на кулака, тоісь наадварот. Вышла хітрая механіка. Жыццё і мая кніга ў далейшым пакажуць гэту механіку. Так.

Цяпер зноў пра Хвёдара і Змітрака, якія, паводле маіх ранейшых інфармацый, вярнуліся дамоў з Чырвонай Арміі. Не забуду і Антося Драчыка.

Так. Пачнем з апошняга.

Антось Драчык застаўся такім, якім быў раней: гарачым, шчырым, упартым і за шчырасць гатоў быў любому горла перагрызці альбо сваё горла аддаць на перагрызку, гледзячы з якога боку шчырасць да яго падыходзіла, тоісь ён да яе. Да ранейшага герба яго шчырасці, да яго кульгавасці (з царскіх часоў) дадалі яму адзін дадатак калом Лаўронка— Драчык аглух на адно вуха, і часта яму галава балела ды і толькі.

Так.

Хвёдар і Змітрок пачалі паранейшаму весці гутарку сярод гайдачан аб калгасе.

Трэба прызнацца, што тыя з гайдачан, якія раней нават згаджаліся ўваходзіць у калгас, цяпер да гэтай справы астылі. Былі гэта з катэгорый людзей адных, другіх, трэціх і г. д.

— Не хочам лезці ў драку, — гаварылі адны.

— Забойства, пажары, ну яе... — казалі другія.

— А ці будзе яно лепш? — пыталіся трэція.

— Гэта-ж цэлая разруха, — разважалі чацвёртыя.

— Мы яшчэ пачакаем, — меркавалі пятыя.

— Пабачым, як іншыя гэта зробяць; спадабаецца — пойдзем, — абяцалі шостыя і гэтак далей.

Першым Хвёдар і Змітрок адказалі так:

— Без дракі новае жыццё не будуецца. Няма чаго баяцца дракі.

Другім:

Каб рабочыя і сяляне баяліся, што на іх наступяць з пажарамі ды забойствамі, дык яшчэ да гэтага часу фабрыкант і пан ездзілі-б на нашым карку.

Трэцім:

— Вядома, будзе лепш, калі ўсе разам будзем працаваць. Прападуць межы, набудзем машыны, добрае насенне, шматполле. Праца тады куды спарней пойдзе.

Чацвертым:

— Не разруха будзе, а перабудова з горшага на лепшае.

Пятым:

— Няма чаго чакаць. Чым хутчэй пачнем, тым лепш будзе.

Шостым:

— Вы будзеце глядзець на іншых, іншыя — на вас, і нічога тады з гэтага не выйдзе.

І так далей».



9 - ДУРНЫЯ І ДОБРЫЯ ХЛОПЦЫ

правіць

(Другі ўрывак з рукапісу „Льва Талстога“)

Тады стаяла добрая зіма, і быў «рак» у Крушынскага (лапкі мае, рак яго), а мне трэба было перажыць адну непрыемную псіхалогію. : ^

Так.

Будучы чытач маіх будучых друкаваных твораў ведае, аб кім хачу гаварыць, — аб сваяку з адным са мной прозвішчам, пад імем і прозвішчам Сымон Гарбочык». (Лапкі мае, прозвішча яго. Сваё ўласнае прозвішча хачу перавесці з Гарбочыка на Талстой.) Так.

Яшчэ з маленства я адчуваў яго кулацкую натуру, тоісь майго роднага брата Сымона Гарбочыка (маё імя Мірон). Так. У яго яшчэ ў тыя царскія часы вызначаліся адзнакі контррэволюцыі.

Лепшы кавалак сала — ён з’есць.

Лепшы кажух — ён апране.

Лягчэйшую работу — ён зробіць.

Горшая яда — мне.

Горшая вопратка — мне.

Цяжэйшая праца — мне.

Так.

І няма сярод гэтых псіхалагічных адзнак мяжы паміж Сымонам Гарбочыкам малым і Сымонам Гарбочыкам дарослым як да Кастрычніка, так і пасля.

І вось, трэба прызнацца, мы, тоісь я і ён, ясней кажучы, ён — Гарбочык, я — «Талстой» (абавязкова буду «Талстым» — лапкі мае) пайшлі па розных пуцявінах, гэта значыць, у жыцці. Бацькі нашы былі небагатыя, і мы самі пачалі аб сабе дбаць. Так. Я выкруціўся на пісара і дваццаць год у земскага служыў (як вам вядома), а ён задумаў багацець (апетыты Крушынскага). Смякалісты быў чалавек з заграбастымі «лапамі». Стараўся ўсё сабе заграбаць. Арандаваў зямлю ў паноў і даарандаваўся да свайго ўласнага фальварка каля Гайдачан. Не любіў я, «Талстой», яго, Гарбочыка (жыць не буду, калі прозвішча не змяню) яшчэ за адну псіхалогію. Так. Усіх — і малых, і маладых і старых — ён называў «хлопцамі». Усіх стараўся залапаць у свае лапы. Так.

І трэба прызнацца, усіх людзей ён дзяліў на дзве сямейкі — на «разумных» і «дурных» хлапцоў. «Разумнымі хлапцамі» былі тыя, якія даваліся яму ў кулацкія лапы, «дурнымі хлапцамі» — якія не даваліся. Так.

Пайшоў да яго касіць па нізкай цане:

— Разумны хлапец.

Прасіў людскую цану:

— Дурны хлапец.

Хто пахваліць Гарбочыка:

— Разумны хлапец.

Хто зганіць Гарбочыка:

— Дурны хлапец.

Хто бярэцца на яго кулацкую вудачку:

— Разумны хлапец.

Не бярэцца:

— Дурны хлапец.

Так.

Часамі «разумныя хлапцы» перакідваліся ў яго ў «дурныя» і — наадварот.

З беднаты доўга ніхто не вытрымліваў быць «разумным хлапцом», бо Гарбочык лупіў з яго сем скур. Тады той уцякаў ад кулака і пераходзіў да «дурных хлапцоў».

Малазямельны чалавек таксама доўга не мог быць «дурным хлапцом», бо гора давала сябе знаць. Пад вясну сена няхопіць, жыта няхопіць — пойдзе пазычаць да Гарбочыка. Той дасць — і ўлетку ўся сям’я таго няшчаснага чалавека адпрацоўвае (ледзь не задарма) Гарбочыку. Тады той пераходзіў да «разумных хлапцоў».

Так.

Жыццёвая трасца перакідвала людзей з стану ў стан. Іхняя годнасць мянялася з «разумных» у «дурныя» і — наадварот.

Перад буржуазнымі хцівымі і хітрымі кулацкімі вачыма Гарбочыка заўсёды, значыцца, стаялі дваякай годнасці людзі: «разумныя» і «дурныя» хлопцы. Так.

Трэба прызнацца, я быў у лагеры «дурных хлапцоў», бо не хацеў лезці ў «лапы» (лапкі мае, лапы яго). Так? — Вядома, так!

І вось наваліўся на маю галаву снег. Тоісь я атрымаў ліст з турмы ад свайго былога брата. У лісце ён мяне просіць, каб я апекаваўся яго гаспадаркаю, тоісь каб я заходзіў да яго сям’і.

Так.

І, трэба сказаць праўду, дзівы дзіўныя: называе мяне, тоісь «дурнога хлопца» (у яго вачах), «разумным хлопцам» (лапкі мае). Раптам!

Глядзі, Сымонка, памыляешся. У тваім хітрым і кулацкім уяўленні я быў «дурным» і застануся «дурным», бо не падамся ў «лапы».

Так!

Твая хвальба, заядлы тып кулака, мне — ганьба, твая ганьба — мне хвальба. Хачу застацца пры апошняй.

Так!

Я, самі разумееце, каб не паганіць свайго сачынення, тоісь свайго твору, кулацкім братэрствам (няхай запрапасціцца маё гарбочыцкае прозвішча), не выканаў яго просьбы.

— Гэта-ж твой родны брат! — заартачылася жонка.— Людзі вы людзі, а жывеце, як свінні!

— Іменна, не хачу свінскага кулацкага карыта! — тонка адказаў я жонцы, сур’ёзна гмыкнуў і сур’ёзна пагладзіў бараду.

Насела на мяне і дачка і зяць-прымак — нічога не

памагло.

— Акыш, не лезце ў мае справы!

Яны-б і самі туды пайшлі, дык, трэба прызнацца, былі з сям’ёю Сымона Гарбочыка на нажы. Сымоніха выгнала-б іх з хаты ды яшчэ сабакамі зацкавала-б. Так.

Чаму?

Ліха іх ведае. Тут, здаецца, справа ішла пра гонар.

Сымоніха ганарылася тым, што яе муж гаспадар, што ў іх усяго ёсць, а мы ледзь не жабракі.

Мая Барбара запэўняла, што няхай сабе яна жыве не вельмі багата, але ёй досыць. Хлеба прасіць у Сымонавых не будзе. Яшчэ горш, калі багацце прэ назад праз горла: тады брыкаешся, як конь, і рохкаеш, як свіння. Так.

Тут, можа, апрача гонару, кародзіла яшчэ і зайздрасць.

Сымонава жонка хацела-б, каб да багацця яе муж меў-бы і мой пісарскі гонар.

Мая Барбара хацела-б, каб да майго пісарскага гонару дадаць багацце Сымона.

Здаецца, так.

Я не прызнаю папізма, ад слова «поп», і багізма, ад слова «бог», але тут хачу заўважыць заўвагу, што, і паводле Сымоніхі і паводле маёй Барбары, «бог» тут не складна ўстанавіў наша становішча на зямлі.

Вось вам і «бог»!

Прыбавіўся яшчэ адзін дурны хлапец.

Гэтаму дурному хлапцу і лапак не даю. Навошта лапкі, калі яго самога няма?

З гэтым пунктам я згодзен. Так.

Але чаму мае хатнія дамагаюцца, каб я пайшоў да сям’і Сымона Гарбочыка?

Ім здаецца, што ўдасца мне тое-сёе адтуль забраць.

Ім здаецца, што можна будзе карову і каня далучыць да іхняга стада. Няхай разам пасуцца.

Шмат чаго ім здаецца — квапункі вялікія.

Я ім на гэта:

— Калі вы такія рупныя, дык навошта вы, тоісь я павінен быў завесці назад Крушынскаму жыта?

Тады яны:

— Крушынскі нам не сват і не брат, а Сымон родны

брат табе.

— Дурная сваяцкая псіхалогія, — кажу ім.

Дурналогія ты! Нічым не хочаш дапамагчы ў гаспадарцы!— крыкнула мая жонка. — Да братавай сям’і не хоча ісці! Чулі?

Тады і мой голас пачаў расці, як лаза на балоце:

— Я адмаўляюся ад братэрства з кулаком! Люблю шчырасць! Паважаю праўду!

Тут мая Барбара забарбарыла:

— Ах ты, памяло сівое! Не падрабляйся са сваёй шчырасцю і праўдай пад Антося Драчыка!

Я падняў свой голас яшчэ на поўтона вышэй:

— Сівая ты качарга! Па шчырасці кажучы, ты мне за ўсё жыццё, тоісь як горкая цыбуліна, апрыкрыла! Здаецца, сорак год з табою жывём? Так?

— Не сорак, а сорак адзін з палавінаю, — папраўляе жонка.

Пры гэтым, як пятнастоўка, узялася ў бокі, глядзіць на мяне ды смяецца. Вось і рабі з ёй, што хочаш!

Каб не адставаць ад старой, узяліся ў бокі і мая дачка, і зяць-прымак і ўнукі — (цэлы шэраг малых і вялікіх літараў «ф»), і таксама з мяне, старога, рагочуць, кепікі строяць.

Тут ужо я не вытрымаў. Зароў, як мядзведзь:

— Шчырасць люблю-у-у!

Далей не магу і слова сказаць, бо дух захапіла. Адно толькі — у свае ўласныя грудзі стукнуў уласным кулаком.

— Якраз — Антон Драчык! — кажа жонка Барбара і покатам коціцца ад смеху. За ёю тое самае ўсе хатнія.

Пасля смеху жонка дадае:

— Нехапае толькі, каб табе, памяло сівое, яшчэ нагу выкруцілі і паленам па галаве ляпнулі за шчырасць, як Драчыку!

Вакол нашай хаты людзі збірацца пачалі, як на спектакль у Крушынскага. Тут я яшчэ больш увайшоў у стос, гэта значыць у злосць, зрабіў разбойніцкія вочы і крыкнуў:

— Хадзем у сельсовет! Хачу з табою на развод і разлуку ісці! Годзе! Сорак адзін з палавінай гадоў жыў, тоісь не жыў, а пакутваў з табою! Так.

Здаецца мне пры гэтым, што мая жонка зараз лопне, зараз трэсне ад смеху.

Здаецца мне пры гэтым, што мае вочы зараз на лоб вылезуць ад злосці.

— Абвяшчаю цябе прахвостам! — крычу да жонкі хрыплым тонам (я тады здорава ахрып). Накінуў на плечы кажух, схапіў з паліцы «Летапіс» і гайда з хаты.

Жонка Барбара выскачыла адразу за мною. Я чуў, як яна за маімі плячыма запаўняла на памяць маю анкету. Хоць вазьмі ды пашлі гэту анкету некаторым мінскім прафесарам.

Шмат пунктаў было ў анкеце:

1. Памяло сівое.

2. Дурны, як варона.

3. Антось Драчык (у выглядзе лаянкі).

4. Не ўсе дома (тоісь у маёй галаве).

5. Пісака-ламака.

6. Абармот.

І г. д., і г. д., і г. д.


10 - ДЗВЕ ЛІНІІ ШЧЫРАСЦІ

правіць

(Трэці ўрывак з рукапісу „Льва Талстога“)


На гэтым месцы «Леў Талстой» спыніўся, адлажыў кнігу і кінуў многазначна ў хату:

— Та-а-ак!

— Можа есці хочаш? — запыталася з двара Барбара.

— А дай!

Увайшла старая і паставіла яду на стол. Потым зірнула мужу ў вочы.

— Ты чаго? — запыталася яна. — Зноў злуешся?

— Адчапіся, бяда!

— Зусім я не бяда, калі ты тады праз пару дзён зноў ка мне вярнуўся.

— У тым-то і бяда мая, што — дзе я дзенуся адзін ды стары?

Гэта «Леў Талстой» прагаварыў тады, калі ўжо сядзеў за сталом і еў.

Пасля яды зноў прыняўся за чытанне.

«Так.

Трэба прызнацца, зямля не чула мяне пад сабою, тоісь я зямлі пад сабою не чуў. Так лёгка мне стала. Раз назаўсёды вызваліўся ад брата-кулака, ад сям’і, якая камусьці спачувае (толькі не мне), ад паганага прозвішча «Гарбочык» (адна заява — і ад Гарбочыка, тоісь майго сапраўднага прозвішча, нават рожкі ды ножкі не астануцца). Так.

Мне так лёгка, нібы сорак пудоў, тоісь сорак гадоў, скінуў з плеч.

Я ў дарозе. Так.

Даўно скончыліся крыкі жонкі, гіканне гайдачанак і гайдачан, якія стаялі каля нашай хаты. Даўно мінуў вёску. А я ўсё бягом па снезе ды бягом. Так.

Прызнаюся шчыра, агледзеўся, на якім свеце знаходжуся, толькі тады, калі засопся, як гусак, і апусціў крылле. Так.

Тыя сорак год, якія я раней скінуў з плеч, зноў уеліся ў мой карак, як сорак груганоў, ды з такім імпэтам і раптоўнасцю, што хоць ты лажыся ды канай. На штоколечы іншае я ўжо не быў здолен. Але непрыемна гэта прыемнасць — канаць. Трэба прызнацца, вялікай ахвоты да гэтага ў мяне не было.

Так.

А вакол — снег, зіма і мароз і — наадварот.

Я трохі пастаяў на месцы ў сумным раздуме, адсопся і пайшоў далей. Куды? Хто яго ведае. Трэба вытрымаць Драчыкаўскі фасон. Прызнаюся шчыра, не лёгкі гэты фасон. Але раз назвалі Драчыкам, дык няхай будзе так. Згодзен. Пастараюся быць упартым і шчырым, як ён. Я сам быў зацікаўлены, што з гэтага выйдзе. Так.

Я ўвайшоў у хвойнік. Дарога якраз перарэзвае яго на дзве часткі, нібы нож булку хлеба. Глядзяць на мяне высокія калматыя хвоі і нават галінка не кіўнецца. Толькі часам варона ўзнімецца з галіны і страсяне ўніз снег. Пакрытыя снегам хвоі здаюцца мне сівабародымі, як я, і дзеля гэтага я адчуваю сябе нядрэнна ў іхняй кампаніі. Так. Яны не гутарлівыя? Гэта мне якраз і трэба. Няхайбы мая былая жонка Барбара (буду вымагаць разводу) была гутарлівай, як гэтыя хвоі, каб толькі калі-ні-калі ад ветру шумела без слоў, а так сабе «ш-ш-ш-шу, ш-ш-ш-шу», дык я і разводу не дамагаўся-б і ў хаце сядзеў-бы, каб працягваць працяг свайго твору аб гайдачанах.

Так.

Мінуў лес і пайшоў далей дарогаю. І вось пачаўся вячэрні змрок. Трэба прызнацца, неспадзяваны для мяне. Трохі паружавеў край неба. А вакол — снег і пустата, пустата і снег. Вось і дажыўся я. Пражыў больш за шэсцьдзесят год і страціў свой жыццёвы прытулак. Каламутна стала на сэрцы.

Куды ісці?

Няўжо-ж назад да Барбары?

Тут, як жывы, стаў перад маім нутраным зрокам Антось Драчык. Ён мне ўсміхнуўся і сказаў майму нутранаму слыху:

— Не паддавайся, Леў Талстой! Будзь такім, як я!

У адказ на гэта я імпэтна пайшоў наперад і, каб надаць сабе больш бадзёрасці, крыкнуў ва ўсю моц сваіх шэсцьдзесят з хвосцікам год:

— Люблю шчы-ы-ырасць!

— Шчырасць! — адказаў мне здалёку сівы лес.

Так.

Не лёгка быць у скуры Драчыка. А тут розныя развагі ражнамі лезуць:

— Драчык вёў лінію шчырасці ад самай калыскі, тоісь нарадзіўся з ёю. ён заўсёды накіроўваў сваю шчырасць у той бок, каб людзі не крыўдзілі адны адных, каб чалавек гаварыў заўсёды толькі тое, што думае. А я... дваццаць гадоў у земскага вучыўся адваротнаму. Калі сядзеў крукам над пісанінай па дванаццаць і больш гадзін, дык часта думаў: «згінь ты, прападзі, земскі, з усімі сваімі справамі! Скруці сваю галаву па таму прыкладу, як людзям скручваеш!» Але не было ніводнага выпадку, каб я адважыўся аб гэтым уголас сказаць, не то што земскаму ў вочы, але нават і сваім блізкім сябрам.

А Драчык такую смелую і праўдзівую заяву земскаму напісаў, у якой абазваў таго прахвостам і г. д. Так.

Зайздрошчу часам самым простым сялянам (непісь менным). Адмаўляюцца ад сваяцтва з кулакамі вельмі лёгка і проста. Лішне не разважаюць аб гэтым.

А можа? А можа ўдасца мне цяпер, шэсцьдзесятгадовым разумовым стажам пераняць Драчыкаў шчыры «карахтар» (як ён кажа)? Вельмі-ж хочацца паказаць Барбары, на што яшчэ я здолен...

Так.

Ага! Зноў Барбара! Прычым тут яна і навошта яна?

Значыць, я ілгу самому сабе, што ад жонкі ўцякаю...

Ад злосці я цяпер адкусіў-бы язык сваіх думак.

Не разважай, а дзейнічай, былы пісар былога земскага!

На пустой зімовай дарозе, дзе з аднаго боку воддаль атулены снежнай сівізнай лес, а з другога — мутнае поле, а над усім гэтым сіняватай тканінай апусціўся вячэрні змрок, — я адчуў сябе вельмі адзінокім. Так. А Драчык не быў раней адзінокім? — уклаў мне нехта чужы новую думку, палажыў яе на ранейшую, нібы масла на хлеб.

Я глынуў і адно і другое, і перад маім псіхалагічным зрокам на стаенніках пранесліся мае шэсцьдзесят год, праскочылі галопам шэрыя да службы ў земскага начальніка, цёмнашэрыя за дваццаць год службы, пасля зноў шэрыя. А за апошнія гады, пасля ўсіх акупацый, так у нас змянілася жыццё, што нават старыя памаладзелі і накіравалі свае погляды і ўчынкі ў новы бок жыцця. Шчырасць? Я нават сам з сабою шчырым не быў. Ілгаў самому сабе, як той цыган пры продажы сляпой кабылы. Так.

Дык навошта, дзеля чаго я жыў? Часам я жартаваў з Драчыка, што ён галавою аб сцяну стукае. Лепш было да Кастрычніка хоць гэта рабіць, чымся сядзець у сценах жыццёвай турмы і берагчы свой лоб, каб на ім шышкі не выскачылі.

Драчык не быў калісьці адзінокім? Яго любілі? Ён не гладзіў супроць шэрсці? Мой былы брат, Сымон Гарбочык, назваў яго «дурным хлопцам»? Затое цяпер уся гайдачанская бедната Драчыка любіць. Ён звязаўся з масаю, як кажуць Хвёдар і Змітрок. Так.

А я?

Ні туды, ні сюды.

Шэсцьдзесят год ківаўся, як маятнік, між шчырасцю і фальшам. Быў не халодным і не гарачым, а нейкім цеплаватым, трэба прызнацца. Так. Дзеля гэтай самай цеплаватасці па чарзе — то Драчык, то Крушынскі (і наадварот)— лічылі мяне сваім чалавекам. Тоісь людзі з супроцьлеглых лагераў. Так.

І вось цяпер, у самоце, Драчык — кульгавы, глухі на адно вуха (пасля пажару), змучаны жыццём, з босымі чорнымі патрэсканымі нагамі ўлетку, у набухшых, як порхаўкі, лапцях зімою — зрабіўся мне самым блізкім, самым дарагім чалавекам...

Так...

Агорнуты такімі думкамі, я не чуў, як нехта за маімі плячыма крыкнуў:

— Гэ-э-эй!

Пачуў толькі тады, калі ззаду сані спыніліся, і конь дыхаў цяплом у маю патыліцу.

— Гэ-э-эй!

Я ўздрыгнуўся. Знаёмы, дарагі голас... Драчыкаў...

Я адвярнуўся. Разам з ім сядзелі на санках Хвёдар і Змітрок.

— «Леў Талстой»!—сказаў Хвёдар!

— Дзядок! — здзівіўся Змітрок.

— Суседзе! — крыкнуў Драчык.

І зноў па. парадку (першы, другі, трэці):

— Куды ты?

— Што адзін у дарозе?

— Садзіся! Едзем у комуну «Чырвоны Кастрычнік».



11 - КОМУНА «ЧЫРВОНЫ КАСТРЫЧНІК»

правіць

(Чацверты ўрывак з рукапісу «Льва Талстога»)


Не памятаю, што я гаварыў, але не агледзеўся, як апынуўся на Драчыкавых санях.

Мы паехалі.

Ужо назаўтра вечарам Драчык, Хвёдар і Змітрок мне апавядалі: спачатку думалі, што я падхалімоніўся гарэлкай. Потым меркавалі, што я звар'яцеў. Так.

Трэба прызнацца, я сказаў ім адным гакам усё, нібы з кулямёта стрэльнуў, новую анкету:

1. Уцякаю ад жонкі.

2. Адмаўляюся ад братэрскага сваяцтва з кулаком Сымонам Гарбочыкам.

3. Мяняю сваё прозвішча Гарбочык на Талстой.

4. Люблю шчырасць (пры гэтым стукнуў сябе кулаком у грудзі).

5. Няхай Драчык, Хвёдар і Змітрок лічаць мяне сваім чалавекам.

Трэба прызнацца, пры гэтым я плакаў, як малое дзіцянё.

Яны мяне ледзь супакоілі. Так.

Калі мы прыехалі ў «Чырвоны Кастрычнік», да мяне вярнуўся ранейшы супакой. Трэба прызнацца, вярнулася ранейшая здольнасць маіх псіхалагічных вачэй, тоісь назірання за падзеямі жыцця і збірання матэрыялу для майго твору.

Мы трапілі якраз на вячэру ў агульнай сталоўцы комуны. Нас зараз-жа пасадзілі за стол. Мы тут адчувалі сябе роўнымі з усімі комунарамі. Пасля вячэры старшыня комуны апавядаў нам пра гаспадарку, паказаў у лічбах, як комуна расце з года ў год. Так.

Драчык штурхнуў мяне ў бок.

— Ну, што скажаш цяпер?

— Надта добра. Так, — сказаў я.

— Глядзі, кніг тут шмат, — здзівіўся Хвёдар, глянуўшы, як старшыня адчыніў вялікую шафу.

Назаўтра мы агледзелі ўсю іх гаспадарку: сыраварню, абору для жывёл, стайню для коней, крухмальню.

Мне трохі дзіўна было тое, што яны нам усё гэта паказваюць, як начальству якому. Нібы хочуць сказаць так:

— Калі вам, таварышы, не падабаецца наша праца, дык, пастаўце іншых працаўнікоў.

— Ага! — кожную хвіліну штурхаў мяне ў бок Драчык. — Бачыш, як тут добра! Ага!

— Тут, але не ў нас, — ахалоджваў я гарачага Драчыка.

— У Гайдачанах тое самае будзе! Зробім!

Раней «Чырвоны Кастрычнік» называўся Хадыкаўкай — маёнтак пана Гардзялкоўскага, які ўцёк з белапалякамі. Калісьці тут парабкі на пана працавалі. А пан вечныя балёўкі ладзіў у белым палацы на запрацаванае парабкамі дабро. Памятаю добра шустрага, быстрага, з тонкімі вусікамі, пана Гардзялкоўскага. Высокі, зграбны. Усё паненак пстрыкатых з Мінска дастаўляў на баляванне. Вечныя суды былі паміж панам і сялянамі вакольных вёсак. Не раз прыходзілася мне перапісваць гэтыя судовыя справы. Так. Галоўным чынам, судзіліся за крадзеж лесу і за сервітутную зямлю. Заўсёды выйгрываў пан. У 1905 г. падпалілі панскае гумно. Панаехала тады многа стражнікаў, ураднікаў, прыстаў і сам іспраўнік. Сялян лупцавалі нагайкамі.

— Што так задумаўся, таварыш? — запытаўся ў мяне старшыня комуны, здаровы мужчына гадоў трыццаці пяці, нізкі, шырокаплечы, са слядамі воспы на твары.

— Успамінаю, тоісь старыя часы.

— Калі тут лепш жылося?

Я пагладзіў бараду і сур’ёзна адказаў:

— Тут дваякае, тоісь псіхалагічнае жыццё. Так.

— Як вас, таварыш, трэба разумець? — усміхнуўся ён.

— А проста, раней тут багатыя балявалі, а парабкі бедавалі. Цяпер наадварот. Так.

— Правільна! Люблю шчырасць! — крыкнуў Драчык, які здаровым вухам прыслухоўваўся да нашай гутаркі, а вачыма глядзеў праз акно на цагляную будыніну крухмальні.

— Можа хочаце былога пана паглядзець? — запытаўся з усмешкаю старшыня.

— Ён-жа ў Польшчы? — здзівіўся я.

— Ён тут. Пойдзем, пакажу.

Старшыня павёў нас у вузенькі, доўгі пакойчык, дзе ляжала куча рознага барахла. Пакапаўся ў сціртах паперы і выцягнуў адтуль вялізны партрэт.

— Пан Гардзялкоўскі, як жывы! — крыкнулі разам

Драчык і я.


— Навошта вам гэты партрэт? — запытаўся Хвёдар.

— Пэўна для музея, — сказаў Змітрок.

— Не, — тлумачыў старшыня. — Гэта на тое, каб напомніць часам комунарам пры розных непаразуменнях.

— У вас спрэчкі бываюць? — занепакоіўся Драчык.

— Цяпер не, а раней, пакуль не наладзілі добра гаспадарку, бывалі. Я тады прыносіў комунарам, былым парабкам, партрэт пана Гардзялкоўскага. Як толькі на яго глянуць, дык зараз усе спрэчкі канчаліся. Нічым, бывала, іх так не пераканаеш, як партрэтам гэтай п’яўкі. Камунары яго добра памятаюць. Вельмі не хочуць, каб ён вярнуўся...

Усе засмяяліся.

— Нашы комунары ніколі не пусцяць яго назад у «Чырвоны Кастрычнік». Жыццё аддадуць, а не пусцяць. Я гэта добра ведаю, — сказаў старшыня. — Улетку мы тут электрычнасць наладзім.

Потым мы расселіся ў мяккіх панскіх плюшавых крэслах, якія стаялі ў клубе — у былым панскім зале.

Драчык сеў з нейкай апаскаю, нібы баяўся.

— Люблю шчырасць! — сказаў ён. — Не прывык я да гэткай раскошы! Аж нялоўка...

— Спачатку комунары таксама не хацелі на плюшы сядзець. Пасля навучыліся. Толькі падавай, — вытлумачыў старшыня.

Раптам ускочыў у клуб устрывожаны дзяцюк.

— Таварыш Шаневіч, — звярнуўся ён да старшыні.— Ведаеш?

— Не ведаю.

— Зноў падстрэлілі.

— Каго?

— Пана Гардзялкоўскага.

— Як пана Гардзялкоўскага? — усхапіўся радасна ўстрывожаны Драчык.

Мы ўсе так ускочылі з сваіх мяккіх крэслаў, ажно спрунжыны пад плюшам зазвінелі музыкай.

Старшыня ўсміхнуўся, калі заўважыў наша здзіўленне, і звярнуўся да дзецюка:

— Дзе цяпер пан Гардзялкоўскі?

— На ганку. Увесь ганак у крыві. Пан Гардзялкоўскі, мабыць, хутка сканае. Вельмі шкода.

Мы ўсе разявіліся і вочы вылупілі.

— Што тут за гульня адбываецца?

— Пільнуй хаця англійскіх лордаў, — звярнуўся занепакоены старшыня да дзецюка.

— Яны ўсе на моцных ланцугах, — супакоіў яго дзяцюк.

— Мы зарагаталі.

— Гэта-ж сабакі! — крыкнуў радасна Драчык.

— Няма чаго радавацца, — заўважыў старшыня.— Кулакі, якія жывуць па суседству з «Чырвоным Кастрычнікам», нішчаць нашых лепшых сабак. Не раз кулакі мерыліся падпаліць нас. Але ў нас варта па начах ходзіць з добрымі сабакамі, хоць сабакі носяць такія паганыя імёны.

Мы прабылі там-жа да вечара другога дня. Жылі, як у гасцях. А Драчык усё браў іх на цыгундар крытыкі. Хлявы не ў парадку, не ўсе комунары жывуць у добрых памяшканнях. Прыбытак крухмальні трэба павялічыць.

— Ціха ты, — сказаў я. — Чаго лезеш не ў сваё?

— Як гэта не ў сваё? — выставіў на мяне Драчык здзіўленыя вочы. Комунары смяяліся. Вядома не з Драчыка, а з мяне. Так.

Трэба прызнацца, я тут адпачыў душой. Нас прасілі наведацца сюды з вясны, калі праца закіпіць на полі.

Вярнуўшыся з «Чырвонага Кастрычніка» ў Гайдачаны, я не пайшоў дамоў, а застаўся ў Драчыка. Але не паспеў у яго пераначаваць хоць адну ноч. Зараз-жа даведалася мая Барбара. Прыбегла і завыла над маёй галавою. Я пайшоў дахаты. Я можа-б пакуль што застаўся ў Драчыка, але ў яго вось якая супрацівалегласць — маленькая хатка і вялікая сям’я. Дзе-ж мне тут пісаць свой твор?»

«Леў Талстой» палажыў кнігу на паліцу і зняў акуляры з носа.


12 - АГРАНОМАЎСКАЯ «МІМРЫКА»

правіць

Было сонца і адліга. Капала са стрэх. Па адзінай гайдачанскай вуліцы было слізка. Дарога блішчэла, як шкло. Дзе-ні-дзе спявалі пеўні. Дзеці каталіся з горкі на вялікіх санках, якія называлі аўтамабілем. Пацягнуць санкі без аглабель на горку, насядуць у іх грамадкаю і з’язджаюць уніз са смехам, з крыкам, з гіканнем, свістам.

У Гайдачаны прыехаў малады аграном Кавалькевіч, які быў у Язэпа Крушынскага, калі той хварэў на «рак».

У хаце Хвёдаравых бацькоў наладзілі сход. Сабралася шмат гайдачан і гайдачанак.

— Што скажа аграном?

Нібы маленькімі каменьчыкамі, людзі перакідваюцца слоўцамі, пашаптушкамі, жартамі, лёгкімі сваркамі.

— Што скажа аграном?

У прэзідыуме — Змітрок, Хвёдар, старшыня сельсовета, сакратаром «Леў Талстой».

— Драчыка правалілі, не выбралі ў прэзідыум! — смяецца дзядок Мікіта, сівенькі і лысенькі. Пры гутарцы стары трасе галавою, нібы не згаджаецца з тым, што сам гаворыць.

— Драчык вялікі крыкун. Яго не можна ў прэзідыум, бо ўвесь сход разгоніць, — тлумачыць цётка Мар’яна, удава, мужа якой забілі ў часы імперыялістычнай вайны.

— Ён-жа за нас, удоў і бедных, гарою стаіць! — кажа ёй другая ўдава, Мацеіха. — Што ты супроць Драчыка голас падаеш? Дурная. Мабыць, не ты руку падняла, а пуд жыта, які табе Мікіта пазычыў...

Антось Драчык не звяртае ўвагі на гэтыя гутаркі. ён шэпча на вуха Змітраку.

— Што скажа аграном?

— Зараз паслухаем.

— Вось гэта я разумею! Няма Фальковіча, Сініцы, Гарбочыка і Лаўронка. Яны сядзяць там, дзе даўно для іх месца падрыхтавана. Люблю шчырасць!

— Цішэй, Антось! — кажа старшыня сельсовета. Ён сядзіць круглатвары, паважны, не кіўне круглай, падобнай да гарбуза, галавою.

Драчык не любіць яго, ён — Драчыка.

Антось Драчык не можа супакоіцца.

— Люблю шчырасць! На сходзе яшчэ знойдзем некалькі чалавек, што шкадуюць тых. Вунь, Тамаш Пікунчык, Андрэйчык, Язэпчыха. Муж сам не пайшоў, дык язычлівую бабу прыслаў. А вось і жонкі Слупа і Бочкі. Бачыш і Дразды і Дзятлы жанок прыслалі! А дзядок Мікіта! Сыны дома засталіся, дык старога гругана прыслалі! Люблю шчырасць! Сягоння зноў будзе бой!

— Ціха, — просіць старшыня сельсовета.

— Люблю шчырасць, і ты такі самы, як тыя кулакі!!

Старшыня чырванее ад злосці, але стрымліваецца.

Лямпа стаіць на стале каля самага твара маладога агранома.

У хаце поўзмрок. Твары гайдачан, якія стаяць і сядзяць далёка ад стала, у цені.

«Леў Талстой» не здымае вачэй з агранома, які чытае пратаколы гайдачанскіх сходаў, пісаных яго, «Талстога», рукою.

«Леў Талстой» заўсёды пісаў вельмі абшырныя пратаколы. Звычайна ён запісваў усё, што далятала да яго вушэй, з усімі заўвагамі і рэплікамі з боку схода. Занатоўваў поўнасцю кожнае выступленне. Дома некалькі разоў перапісваў пратакол, дадаваў пры гэтым свае заўвагі і поўна апісваў абстаноўку. Кожны пратакол — аповесць.

Цікавіцца цяпер стары выразам твара агранома пры чытанні яго пратаколаў. Ніколі стары не бачыў перад сабою чытачоў сваіх рукапісаў...

«А можа ён выкрые мой талент?» — думае «Леў Талстой».

Стары недзе вычытаў, што кожны чалавек мае сваю асаблівую міміку твара. Пры розных перажываннях міміка мяняецца. Ён называў гэта «мімрыкай», з той прычыны, што забыўся, як правільна выгаварыць гэтае слова, ён сам вывучаў чалавечую «мімрыку» ва ўсіх яе тонкасцях на сотнях і тысячах твараў на судах у земскага начальніка.

Цяпер ён не здымае вачэй з твара агранома. Вывучае яго «мімрыку», хоча ведаць якое ўражанне робіць на вучонага чалавека яго, старога, пісаніна.

Аграном моршчыць лоб, адтапырвае ніжнюю губу, нібы прабуе на язык новую страву і прыслухоўваецца да яе смаку.

«Леў Талстой» шэпча на вуха Змітраку:

— Здагадваюся! Ён чытае твой даклад аб калгасах!

Так!

Аграном тым часам паднімае вочы з пратакола, глядзіць то на Змітрака, то на Хвёдара. Часам ківае галавою, нібы не згодзен з тым, што напісана.

А вось на аграномаўскім твары выраз страху. Ён на хвілінку зірнуў на Драчыка і зараз-жа зноў утаропіў вочы ў пратакол.

— Ён цяпер чытае баявыя тоісь выступленні Драчыка! Гэта факт! — шэпча «Леў Талстой» на вуха Змітраку.

Тут аграномаўскі твар выявіў вялікую зацікаўленасць, напружыўся да таго, ажно жылы выступілі на яго лобе. Ён пачаў барабаніць пальцамі па стале з вялікай нецярплівасцю. Рукі яго задрыжэлі. У вачах засвяцілася такое запытанне: а ну, хто каго?

Зноў «Леў Талстой» прыхіліўся да вуха Змітрака.

— Трэба прызнацца, чытае выкрыкі кулакоў супроць калгаса! Так. Праглядвае іхнія запісаныя мною перагірківанні з Драчыкам. Так!

Тут аграном ціха хіхікнуў, бліснуў зубамі і давай прыглядацца зацікаўленым і кплівым вокам да «Льва Талстога».

Стары зноў Змітраку на вуха:

— Гэта ён, гад, маё выступленне цяпер чытае. Так. Я тады тлумачыў Лаўронку, што такое за яно «слова» на рэволюцыйных сходах. Я тады сказаў коратка і ясна: «слова не значыць адно, тоісь слова, а, трэба прызнацца, многа слоў. Так. Я гэта, каб іншыя ведалі з педагагічнага і адваротнага боку. Калі прэзідыум дае слова, дык... Пры слове «дык» маю прапанову спыніў тады гучны бяскласавы смех гайдачанскай масы. Так.

Змітрок засмяяўся.

— Дык ты і цяпер смяешся? — пакрыўдзіўся «Леў Талстой».

— Ціха...

Стары махнуў рукою, як на безнадзейнага чалавека, і давай зноў глядзець на аграномаўскую «мімрыку».

Аграном адной рукой гладзіць валасы, а пальцамі другой рукі тыркае ў паперу. Ніжэй апускае галаву. У яго вачах не то радасць, не то згода.

«Леў Талстой» падсунуўся да агранома і з боку зірнуў у паперу. Аграном чытаў выступленне супроць калгасаў падкулачніка Лаўронка.

У хаце накурана. Гул галасоў расце.

Старшыня сельсовета падсунуўся да агранома і шапнуў яму на вуха:

— Таварыш Кавалькевіч, сход чакае вашага даклада.

— Мне трэба пазнаёміцца з вашай ранейшай працай і настроямі сялян.

— Мы-ж вам удзень аб усім гаварылі.

Аграном паглядзеў на «Льва Талстога» смехатлівымі вачыма і сказаў:

— Ваш сакратар так жыва піша пратаколы, што чытаеш іх, як раман.

«Леў Талстой», пачуўшы гэта, заззяў з радасці.

Тут аграном падняўся і пачаў сваю прамову. Усе былі зацікаўлены тым, што скажа аграном.

Змоўклі жарты, пашаптушачкі. Гайдачане наставілі вушы, выцягнулі шыі. Некаторыя нахілілі галовы і мармыталі:

— Так, так, так.

Слухалі ўсе.

Калі на лёгкіх саначках айцец Дзімітры ехаў да Крушынскага з Глухаўкі ў Курганішча, была адліга. Месцамі конь правальваўся ў лужы, месцамі ён слізгаўся.

— Ступіліся падковы, — гаварыў сам з сабою поп. — І трэба было мне ў бездарож. Але...

Ноч была сіне-цёмная. Зверху, з воблачнага неба, апускалася на рукі і твар папа нешта вільготнае: не то снег, не то дождж. Дарогі бадай не відаць было. Поп тут аддаўся волі боскай і волі каня — конь сам ведаў дарогу.

— У бездарож паехаў, але цікава...

Ён даведаўся, што ў Гайдачанах сход, на якім аграном робіць даклад. Ён ведаў, што звычайна, калі сюды прыязджае аграном, дык спыняецца ў Крушынскага, у якога можна добра паспаць і добра пад’есці. У Курганішчы і раённае начальства спыняецца...

...І вось — цікава...

У Крушынскага поп застаў Слупа і Бочку. Яны сядзелі пры гарэлцы і каўбасе.

— А-а-а, бацюшка!

— Неспадзяваны госць.

Крушынскі дапамог яму зняць футру.

Айцец Дзімітры пацягнуў тонкімі ноздрамі.

— Садомам і гаморай пахне ў вас, — прагаварыў ён баском, і вочкі яго свяціліся ад радасці. — Нічога лепшага няма, калі неспадзяваны госць з’яўляецца туды, дзе поўны стол, гасцінны гаспадар і слаўныя госці.

— Просім, просім!

Папу падсунулі крэсла.

— Сэрца чула, — сказаў поп, — што трэба ехаць сюды. А то нуда заела. Я-ж хачу, каб і да бога і да

людзей.

— Правільна, — сказаў Бочка.

— Ум-гу! — дадаў Слуп.

Язэп Крушынскі выбег і праз некалькі хвілін прынёс дзве бутэлькі віна.

— Ды мне беленькай, праваслаўнай гарэлачкі. Я ўпэўнены, каб Хрыстос хадзіў па зямлі ў нашыя часы, дык раіў-бы евангелістам прабаваць белай гарэлкі,— сказаў айцец Дзімітры пасля першай чаркі, выцер бараду і сам наліў сабе яшчэ адну чарку.

Пачалася гарачая бяседа.

Калі поп трохі падмацаваўся, ён асцярожненька прагаварыў:

— Я чуў, што сягоння зноў у Гайдачанах сход.

— А як-жа, аграном спецыяльна прыехаў. Быў у мяне задаволена сказаў Крушынскі і пакруціў адзін вус.

— Якая-ж гэта моц прыгнала яго сюды? — запытаўся айцец Дзімітры.

— Хто яго знае! Мабыць, калгасы будаваць прыехаў, — адказаў Крушынскі, прыжмурыў адно вока і хітра зірнуў на Слупа і Бочку.

— Ну! — усхапіўся поп. — Зноў гэтая самая музыка?

— Не палохайцеся, бацюшка, — пачаў яго Крушынскі супакойваць. — Не страшна. Мне аграном гаварыў.

— А што?

— Не калгасы. Пакуль што хопіць іх. Наш сельсовет мае адну ўкрасу — комуну. Ну і досыць! Аграном з нашых! Мы з ім доўга гутарылі. Парафія, бацюшка, пакуль што застаецца вашай.

Крушынскі спакойна наліў усім у чаркі.

— Дык што-ж ён вам гаварыў? — запытаўся поп.

— Пасёлкі і хутары, вось што. Гэта, трэба сказаць праўду, разумная механіка. Агледзеліся, што без нас, без добра пастаўленай сельскай гаспадаркі, нічога не будзе. І вось дапамагаюць нашаму брату — моцнаму гаспадару. На беднаце далёка не заедзеш.

— Чуў, чуў пра пасёлкі, — сказаў бацюшка, — гэта як-бы пераход ад вёскі да калгаса, каб добра наладжаны пасёлак пасля перарабіць на калгас.

Поп глыбокадумна выставіў палец ўгару.

— Не, бацюшка, — пачаў расчырванелы ад выпіўкі Крушынскі. — Не зусім тое, бо і хутары таксама будуюцца новыя. І яшчэ вось правільна зроблена: хто мае багатую гаспадарку, таму даецца большы надзел зямлі, таму і большая ад дзяржавы дапамога.

— Разумна прыдумана! — сказаў Слуп.

— Так, разумна!—дадаў Бочка.

— Калі так, — твар бацюшкі расплыўся ад добрай усмешкі, — дык падсуньце сюды марынаваных баравічкоў. Я іх вельмі шаную.

Поп трохі падумаў і дадаў:

— Дык вас, Язэп Сымонавіч, трэба віншаваць! У вас такі хутар, які дзяржаве патрэбен! Што-ж, вып’ем!

— Гэта дзела! — згадзіўся гаспадар. — А каб больш упэўніцца, што там будзе на сходзе ў Гайдачанах, Слуп і Бочка туды сваіх жанок паслалі.

— Дык п‘ем за пасёлкі?

— П’ем! Калі так, дык мы ўсе большэвікі... Думаю нават і ў сваіх казаннях у царкве пахваліць гэту новую справу...

У агранома Кавалькевіча трохі прыглушаны голас,які часам пераходзіць у хрып і кашаль.

— Не курыце, таварышы, — просіць ён.

Аграном доўга гаворыць аб сялянскім быце і псіхалогіі, якія ўтрамбоўваліся стагоддзямі. Цяжка ўсё гэта адразу ламаць. Новае трэба праводзіць у жыццё вельмі павольна і вельмі асцярожна...

— Відаць, аграном хварэе на мудрагельства! Люблю шчырасць, гэта так! — кінуў Драчык у грамаду гарачыя, як вуголлі, словы.

— Ціха! — папрасіў старшыня сельсовета, і вочы яго загарэліся ад злосці.

Аграном тым часам сыпнуў бліскучы фантан рыфмаваных слоў

рацыяналізацыя, конфігурацыя, нацыяналізацыя, інтэнсіфікацыя і г. д.

Сход слухаў з цікавасцю. Можа дзеля таго, што некаторыя месцы ў прамове былі падобны да гучнай песні на замежнай незразумелай мове, а можа лавілі пятае праз дзесятае зразумелыя думкі:

«...Трэба нам вучыцца ад фермераў у Даніі і Амерыцы...

...Трэба памятаць, што ў нас, на Беларусі, няма такіх кулакоў, як у РСФСР, Сібіры, на Доне ды іншых месцах. Таварышы, былыя чырвонаармейцы, відаць, наслухаліся аб кулаках у Расіі. Такіх у нас няма...

... Глеба наша пакуль што не падрыхтавана да стварэння калектыўных формаў сельскай гаспадаркі.

...Трэба навучыцца раней быць культурным гаспадаром, а пасля пераходзіць ужо на новыя формы сельскай гаспадаркі...

...Пакуль што мы павінны будаваць эканамічна жыццёвыя гаспадаркі...

«Леў Талстой» не здымае з агранома вачэй. Яму падабаецца тое, што аграном нібы з кнігі чытае.

Сход маўчыць. Уважліва слухае.

Антось Драчык ловіць здаровым вухам кожнае слова агранома.

— На сельскай гаспадарцы ў часы мірнага будаўніцтва, па дарозе да соцыялізма, мы можам абыходзіцца без пажараў, без забойстваў ды наогул без скандалаў. Культурныя гаспадаркі хутарскія нам патрэбны, мы іх будзем падтрымліваць усялякімі сродкамі! Пераход на пасёлкі нам патрэбен! Добрыя гаспадарскія двары нам патрэбны! Шматполле нам патрэбна! Малочныя таварыствы, меліярацыя, машыны — усё гэта такія рэчы, без якіх цяпер нам нельга абыходзіцца!

Аграном папрасіў вады. Гаспадыня хаты праціснулася праз грамаду з цяжкай меднай конаўкай. Аграном падазрона зірнуў на паіржавелую пасудзіну і давай піць маленькімі глыткамі.

Тым часам Антось Драчык папрасіў слова.

— Люблю шчырасць, — пачаў ён адразу крыклівым голасам. — Трэба было вярнуць назад з турмы нашых кулакоў! Фалькевіч, Сініца, Гарбочык і Лаўронак яго, агранома, на гарэлку да сябе пазвалі-б! А Язэпа Крушынскага трэба было запрасіць у прэзідыум. Ён-бы добра смакаваў прамову агранома...

Старшыня сельсовета пачаў перабіваць Драчыка:

— Не крычы. Наркамзем ведае, што рабіць.

— Мы згодны на пасёлкі! — крыкнула некалькі чалавек.

— Я ведаю, што вы там, багаценькія і сыценькія, згодны, — не паддаваўся Драчык. — Вам яшчэ і дапамогу абяцалі. Але што скажа на гэта ўдава Мацеіха ды іншыя такія беднякі?

— Нічога не ведаю, нічога не разумею, — сказала Мацеіха і давай канцом хусткі выціраць вочы.

Драчык стукнуў сабе кулаком у грудзі:

— Таварышы! Я зразумеў са слоў агранома, што трэба ўставіць кол у кола соцыялізма! Гэта няправільна!

Наркамзем? Аграном, мабыць, не разумее наркамземаўскіх спраў!

— Далоў Драчыка! — крыкнуў нехта з кутка.

— Ура, аграном!

— Хочам на пасёлкі!

Аграном выціраў лоб і глядзеў на Драчыка, як дарослы на маленькага хлопчыка.

Да Драчыка падышоў Хвёдар і сказаў, каб усе чулі:

— Гэта музыка для цябе, Антоська, тонкая штука, г-м. Наркамзем ведае, што робіць. Аграном-жа не ад сябе гаварыў, а ад імя Наркамзема, г-м.

Драчык тупнуў здаровай нагою і крыкнуў на Хвёдара:

— Не гмыкай, калі не разумееш, у чым тут справа!

— Разумею лепш за цябе!

Аграном папрасіў слова для тлумачэння. Зноў доўга гаварыў аб неабходнасці пасёлкаў і хутароў.

За ім, не просячы слова, крыкнуў Драчык:

— Для мяне гэта ўсёроўна няясна! Люблю шчырасць, нічога новага, соцыялістычнага не бачу ў гэтых хутарах і пасёлках! Рассоўваюць людзей, як мядзведзяў па бярлогах? Калі туды і некаторыя беднякі пападуць, дык кулакамі зробяцца і пачнуць разам з кулакамі супроць совецкай улады выступаць. Для мяне усё гэта няясна! Іду ў комуну «Чырвоны Кастрычнік»! Хто яшчэ!

— І я! — крыкнуў Змітрок.

— Каціцеся на колах! — падаў нехта голас са схода.

Вялікая пакута была на твары Драчыка. Ён сказаў:

— Пабачым, чые колы больш трывалыя! Буду часта наведвацца на вашыя пасёлкі! Не думайце акопвацца на доўгія гады!

Змітрок пачаў яго супакойваць:

— Гэта нейкае непаразуменне. Усёроўна наша возьме!

Хвёдар сядзеў пры стале і гмыкаў.

Айцец Дзімітры так напіўся ў Крушынскага, што адзін не мог ехаць дамоў. Ён застаўся начаваць у Курганішчы.

На дварэ раптам загуляла мяцеліца.


13 - ДЗЕ МАМА?

правіць

Настачка і Мзей, дзеці Язэпа Крушынскага, за зіму выраслі з сваёй вопраткі, спаднічкі пакарацелі.

Аднаго разу Стэфка заўважыла:

— Усё на вас коратка, дзеці. Трэба будзе пашыць для вас новую вопратку — даўжэйшую, прыгажэйшую. Вы за гэту зіму падраслі.

— І цёця Стэфка за зіму падрасла! — сказала Настачка. — Вунь які жывот у цёці, а-я-я які!..

Мзей ляснула далонямі і крыкнула ў захапленні:

— Глядзі, Настачка, якая пекная цёця Стэфка! Чыйвоная, чыйвоная...

Твар у Стэфкі загарэўся агнём. Нават шыя і вушы пачырванелі. Ад сораму слёзы бліснулі ў яе вачах.

— Праўда, праўда! Цёця Стэфка чырвоная, як мак! — згадзілася і Настачка.

— Ціха, дзеці, — загаварыла Стэфка хрыплым голасам. — Ціха, а то я на вас зазлуюся!

Стэфка тупнула нагою.

Дзеці спалохана пераглянуліся між сабою і не ведалі, за што злуецца «цёця».

Ужо некалькі тыдняў, як Стэфка абыходзіцца з імі вельмі лагодна. Не злуецца на іх, не крычыць. Яна так чула да іх адносіцца, што злосць Стэфкі з'яўляецца для іх цяжкай карай. Дзеці пытаюцца ў яе:

— Дзе мама?

— У Мінску.

Пры гэтых словах злосць «цёці» адпадае. Яе голас прыдушаны. Яна адварачвае твар ад дзяцей, нібы баіцца глянуць ім у вочы, нібы нешта ў іх украла.

Пасля гутаркі аб маме, цёця Стэфка заўсёды хаваецца ад дзяцей на маміным ложку. Кінецца і ўткнецца галавою ў падушку.

—Цёця Стэфка, цёця Стэфка... — палохаюцца дзеці.

Стэфка ім не адказвае.

— Цёця Стэфка плячыма трасе, — кажа Настачка.

— Цёця Стэфка душыцца, — кажа Мзей.

— Ідзіце адгэтуль! — крычыць Стэфка незнаёмым голасам.

Дзеці варочаюцца ў «салон».

Няма да каго прытуліцца. Маці ў Мінску. Бабуня, якая жыла ў іх некалькі год, яшчэ зімою ў Польшчу паехала.

Настачка пачынае ад нуды барабаніць на старым сапсутым фартап'яне. Мзей наводзіць стары гадзіннік.

Фартап‘яна выдае хрыплыя, дрыжучыя гукі, а гадзіннік урачыстым басавым тонам пачынае біць свае дванаццаць разоў.

— Ціха вы там! — крычыць Стэфка з спальні.

Тады дзеці выходзяць на двор шукаць бацьку. Калі дзе-колечы знаходзяць яго, спыняюць.

— Дзе мама?

— Паехала ў Мінск.

Бацька таксама адварачвае ад іх свой твар.

— Дзеці, я часу не маю... Мне трэба ісці...

— Пачакай, татка...

І тут пачынаецца заўсёды адна і тая самая гутарка паміж Настачкай і Язэпам Крушынскім. У часе гутаркі Мзей глядзіць то на Настачку, то на бацьку — ловіць і глытае кожнае слова.

— Чаму мама дамоў не едзе?

— Прыедзе...

— А цукерак прывязе?

— Прывязе.

— А шапачкі мне і Мзей купіць?

— Купіць...

— А крычаць на нас не будзе?

— Не будзе...

— А гуляць нам дазволіць?

— Дазволіць...

— А будзе нам тады шмат весялей...

— Будзе весялей...

— Няхай толькі скарэй мама прыедзе. Мы, татка, яе слухацца будзем, добра?

— Добра...

— Чаму ты, татка, не такі, як раней?

— Мне часу няма...

Крушынскі ўцякае.

Дзеці зноў адны.

— Што гэта ў нас такое робіцца? — дзівіцца Настачка і давай рукі ламаць, як дарослая.

Мзей плача.

Яны пачынаюць глядзець на бацьку, як на чужога.

Ужо некалькі тыдняў, як пані Ганны няма ў Курганішчы. Дзеці не бачылі, як маці паехала ў Мінск. Прачнуліся аднаго разу раніцою і не знайшлі бацькоў у хаце.

— Дзе бацькі? — запыталіся дзеці ў Стэфкі.

— У Мінск паехалі.

У «цёці» Стэфкі тады вочы былі чырвоныя і дрыжэлі рукі. Яна карміла і даглядала іх лепш, як да гэтага часу. Стэфка вельмі задумвалася ў той час і ўсё паўтарала адно і тое самае:

— О-о-ой...

— Цёці нешта баліць? — пыталася Настачка.

— Не...

— Чаму войкаеце?

— Так сабе...

Па некалькі разоў на дзень Настачка і Мзей выбягалі на дзядзінец, узбіраліся на паркан каля саду і глядзелі, ці бацькі едуць.

З Мінска бацька вярнуўся адзін і чамусьці цукерак не прывёз.

Гэта ўпершыню за ўвесь час, як памятаюць Настачка і Мзей.

Твар бацькі шэры. Сам ён маўклівым стаў. З Настачкай і Мзей гаварыць не хацеў. Ён доўга нешта ціхенька вёў пашаптушачкі з «цёцяй» Стэфкай, пасля чаго звярнуўся да дзяцей і сказаў новым, незвычайным для яго голасам:

— Маці засталася ў Мінску. Як вернецца, шмат гасцінцаў прывязе.

Не паспелі дзеці і слова на гэта сказаць, як бацька выскачыў з хаты і пабег за гумно да рэчкі, дзе пачалі будаваць млын.

У акно лезла ранняя вясна. Спявалі птушкі. У садзе і на дзядзінцы зарунявіла зялёная трава. Доўга чакалі Настачка і Мзей маці з Мінска. Часта выбягалі на дарогу глядзець, ці не едзе.

А раніцамі сонца зазірала ў самае акно, дзе спалі Настачка і Мзей. Як толькі прачнуцца, дык зараз да Стэфкі:

— Дзе мама?

— Мама ў Мінску.

А на полі каля крушні пяць красуняў, пяць бярозак.

Яшчэ нядаўна яны былі зусім голыя, белыя, нібы ў палатняных кашулях, а вось апрануліся галінкі ў кволае жаўтавата-зялёнае лісце.

Толькі два колеры на бярозках: зялёны і белы. А пад імі ад сонца цень на мяжы. А калі завандруе вецер на пагорку, ківаюцца бярозкі. Тады і цені на мяжы ківаюцца. Нядаўна Настачка маленькім сцызорыкам пакалупала адну бярозку, Мзей прысмакталася губамі і піла сакавік.

— Дзе мама?

— Мама ў Мінску.

Спачатку пад самым лесам цвілі беленькія пралескі. Шмат разоў Настачка і Мзей хадзілі туды па кветкі. Потым зніклі пралескі. Новыя ў лесе паказаліся — сон-кветкі. Сіні званок з залатым сэрцам. У лесе хмяліў тады пах смалы, сонца і сон-кветкі. Па карчах ёрзалі чырвоныя мурашкі. Здалёку чуваць былі людскія галасы. А ў лесе ціха. Толькі часам на вершалінах дрэў перашэптваліся галіны:

— Шу-шу-ш?

— Шу-шу-шу.

— Дзе мама?

— Мама ў Мінску.

Вада ў рацэ мяняла колеры. У пагодны дзень яна была празрыстая, нібы тонкае філіграннае шкло. Сонечныя зайчыкі гралі на самым дне — на залатым пяску. Часам з-пад зялёна-імшыстых карчоў высоўваліся цэлыя статкі срэбных плотачак. Настачка і Мзей прыносілі ім сыру. Крышылі на драбнюткія капелькі і кідалі ў ваду. Плотачкі глыталі белыя іскрынкі сыру. Дзеці радаваліся. А вось хутка будзе дождж. Сіне-шэрыя хмары праглынулі сонца. Вада такая, нібы хмары ў рэчку кінуліся. Заржавела залатое дно.

— Дзе мама?

— Мама ў Мінску.

Так плыў дзень за днём, тыдзень за тыднем. Мамы ўсё яшчэ няма.

Дзеці пачалі злавацца на бацьку, узненавідзелі Стэфку.

Настачка аднаго разу сказала Мзей:

— Папрабуем інакш пытацца, можа тады прыедзе мама.

Сустрэлі Стэфку.

— Калі мама прыедзе?

— Заўтра.

Сустрэлі бацьку.

Тое самае.

Дзеці ўставалі кожны дзень раненька-рана. Яшчэ Стэфка спала, яшчэ бацька нешта ў нос праз сон спяваў. Давай будзіць Стэфку, бацьку.

— Мама прыехала?

— Не.

— Вы-ж учора сказалі, што заўтра прыедзе?

— Заўтра і прыедзе.

Часам доўгадзюбыя, цыбатаногія буслы спацыравалі на пагорку пад бярозамі. А вось стаіць бусел на адной назе і думу думае. Мзей таксама стаіць на адной назе. Настачка смяецца. А то недзе блізка-блізютка над самым вухам як раздасца голас...

Аж задрыжыць Мзей.

— Ку-ку?

— Ку-ку.

— Баюся...

— Не бойся, Мзей, гэта зязюля.

Дзеці непрыкметна для саміх сябе пачалі адвыкаць ад мамы. Ім было цяпер досыць толькі гутаркі аб ёй.

Шмат незразумелага для сябе ўгледзелі дзеці.

Цёця Стэфка з бацькам неяк інакш між сабою раней абыходзіліся, калі мама яшчэ не паехала ў Мінск. Раней, пры маме, Стэфка называла бацьку «Язэпам Сымонавічам» альбо «таварышам Крушынскім». Цяпер кажа да яго «мой хлопчык», альбо «Язэпка». Раней гаварыла да яго «вы», цяпер — «ты». Тое самае бацька: «Стэфачка», «міленькая», «душачка», «жоначка».

Дзецям прыкра. Чаму — самі не ведаюць.

У тую вясну дзеці пасталелі на некалькі год. Вочы пахмурныя. Падазрона паглядалі на людзей. Бацька і цёця Стэфка асцерагаліся іх. Бывала, дзеці ўскочаць раптам у пакой, дзе татка з цёцяй Стэфкай — тыя адразу змоўкнуць.

«Мабыць, пра маму гаварылі», — думала Настачка.

Бывала, калі надыйдуць Настачка і Мзей, татка і цёця Стэфка адскаквалі ў розныя бакі і чырванелі. Настачка па іх вачах пазнавала, што яны злуюцца. Настачка аб гэтым нічога не гаварыла маленькай Мзей, але старалася больш не заходзіць у той пакой, дзе татка з цёцяй Стэфкай сядзяць. Настачка замыкалася сама ў сабе і пачала лічыць сябе вялікай: туліла маленькую Мзей і гаварыла:

— Пакуль мамка не прыедзе з Мінска, я буду тваёй

мамкай, добра?

— Доб’я...

— Будзеш слухацца мяне?

— Буду...

— Будзеш слухаць маю казку пра белую козачку?

— Буду...

Вялікія — тата і цёця Стэфка — не перашкаджалі дзецям гулянку «мамку з дачкой».

А як надыходзіў змрок, Стэфка часта находзіла іх у «салоне» на старой канапе. «Мамка з дачкой» спалі абняўшыся...

Калі Язэп Крушынскі бываў дома, Стэфка звярталася да яго:

— Перанясі дзяцей у спальню, мой хлопчык. Мне не можна — зашкодзіць...

А калі яго ў хаце не было, дзеці заставаліся на канапе да яго прыходу.

І кожную ноч маленькая Мзей па старой прывычцы клікала маці, каб брала яе да сябе спаць. Яна шаптала праз сон:

— Мамка, матанька...

Хутка пасля смерці Сымона Чарнюка Курганішча па-новаму ажыло.

Дразды і Дзятлы вазілі з лесу калоды на будоўлю млына ў Курганішчы. Вазілі з таго самага месца, дзе ўлетку Крушынскі сустрэў Мэру ў лесе. Яна тады ўцякла з хаты, бо бацька мужа аблаяў яе. Вазілі да таго самага месца, дзе Мэра кінулася з абрыва ў рэчку. Тут вымеркаваў Крушынскі месца для млына, — якраз за гумном.

Як прыемна пахла махорачным дымам на марозе ў лесе. Крушынскі ў ботах з доўгімі халявамі, у кароткім кажушку. Ён утаропіў вочы ў снег і меркаваў свае грашовыя планы. Весела слухаць здалёку стукат сякер, крэхт хвоі, калі яна кідаецца плазма на снегавую пярыну. Прытульнасць надаюць лесу людскі гоман, візгатанне піл, праведзеныя санкамі дарогі.

Звіняць калоды на санках, скрыпяць палазы, шліфуючы снег; пахне свежай хвояй, коньмі ды марозам. Людзі пераклікаюцца між сабою. Твары ў Драздоў і Дзятлаў чырвоныя ад мароза.

— Не шкодзіць зарабіць лішні рубель. Прыгадзіцца пры пераходзе на пасёлак.

— Нешта скупіцца пачаў наш Крушынскі. Зусім чалавек змяніўся.

На гэты раз Крушынскі маленькі браварок наладзіў у кузні. Трэба-ж частаваць Драздоў і Дзятлаў пры такой справе, як будова млына. За некалькі дзён выгналі шмат гарэлкі. Вінакурам быў стары Галава. Напоўнілі некалькі невялікіх бочак і схавалі гарэлку і прылады для гонкі ў патаемныя месцы.

— Танна абышлося, — радаваўся Крушынскі.

— Кожны дзень пасля сканчэння працы ён секачам і вознікам выносіў самагон.

Хадзілі бутэлькі са шклянкаю з рук у рукі, ад горла да горла, нібы пры рытуальным абрадзе. Людзі прыемна крахталі, як у лазні на гарачым палку, лілі ў горла моцную гарэлку, са смакам выціралі рукавом губы і зноў:

— Гэ-э-х... А скупым Крушынскі зрабіўся! Гэта-ж гарэлка без закускі, як касцёл без званіцы...

— Выбачайце, суседзі, я адзін, а вас многа! Не набярэшся... — сарамліва апраўдваўся ён.

Пасля сканчэння кантрабанднай справы, калі тысячы

ўжо не плылі ў рукі, як рыба ў невад, калі ён пастанавіў будаваць млын, Крушынскі пачаў ашчадна абыходзіцца з грашмі і гаспадарчым дабром. Ранейшая шчодрасць раптам прапала.

— Не можна мне цяпер раскідвацца рублямі, — гаварыў ён айцу Дзімітрыю, які часта прыходзіў глядзець будову млына, — кожная капейка падлічана. Кожны пятак мае сваю шчыліну. А ці хопіць пятакоў на ўсе шчыліны?

— Не згадзіцца з вамі нельга, Язэп Сымонавіч. Вашы словы хоць вазьмі ды ўпішы гусіным пяром у святое евангелле.

Цяпер толькі Крушынскі атрымаў ад роднага бацькі Сымона Чарнюка і ад дзядзькі ў Мінску сапраўдную спадчыну — скупасць, дрыжэў над кожнай капейкай. Ён пачаў пералічваць перад айцом Дзімітрыем колькі лішніх сродкаў выкінуў раней на вецер.

— Шмат золата прапала пры РахміЛьку, калі тон быў забіты на граніцы.

— Ой-ой-ой... — ківаў галавою айцец.

— А колькі мне аграном каштаваў, апрача пастаянных падарункаў, жульніцкім спосабам абшустаў мяне на пяцьсот рублёў.

— Эх вы! — папракаў яго айцец.

— А колькі Драздам і Дзятлам і іншым раздаў?

— Э-хэ-хэ, Язэп Сымонавіч! Вы падобны да таго рыбалова, які злоўленую рыбу ў ваду кідае.

— Тое-сёе ў мяне засталося. Вось млын будую.

— Але было-б яшчэ больш.

— Было-б...

Кожную ноч пачалі з’яўляцца да Крушынскага непрыемныя здані-думкі аб растранжыраных ім раней сродках: кожная капейка, пушчаная раней на ўзвей вецер, паўстала цяпер перад яго вачыма і скардзілася:

— Чаму ты мяне не шанаваў у свой час? Я прыгадзілася-б цяпер для твайго будаўніцтва. Няхай-бы ты памятаў, Язэп, разумныя гутаркі дзядзькі і папярэджанні бацькі. Слаўныя былі людзі.

Тым часам праца пры будове млына ішла шпаркім крокам. З Мінска прыехаў «майстар на ўсе рукі». Рабіў планы. Працавалі пільшчыкі, стальмахі. Калі скончыўся ранейшы самагон, яшчэ сфабрыкавалі.

Парадамі дапамагаў айцец Дзімітры.

— Скуль у вас, айцец, такія інжынерскія веды?

Айцец Дзімітры ўсміхнуўся, сажмурыў вочы і працадзіў праз зубы:

— Калісьці вучыўся.

— Дык вы, бацюшка, якія навукі праходзілі?

— Усе навукі ад госпада бога.

Яны сядзелі ў тым пакоі, дзе Крушынскі адлежваў свой «рак». На акне яшчэ стаялі бутэлечкі з лякарствамі. Айцец зірнуў на іх і ўсміхнуўся.

— Эх, Язэп Сымонавіч, я быў прымушаны быць папом, каб вас спавядаць пры хваробе. Хто-ж мог ведаць, што ачуняеце ад рака.

Крушынскі зарагатаў.

— Затое я добра адпачыў!

— І я адпачываю ў папоўстве. А калі захачу, дык і мне, служыцелю культа, дадуць надзел зямлі. Чым кепска?

Не гледзячы на шчырую гутарку між імі ў часе «хваробы» на рак, айцец Дзімітры застаўся для яго не зусім разгаданай загадкай.

Поп трохі і яго асцерагаўся.

А калі поп у яго запытаўся пра пэўных людзей у сельсовеце, Крушынскі зарэкамендаваў яму Слупа і Бочку.



14 - «ВЕЛЬМІ РАМАНТЫЧНА»

правіць

Гэта было на прадвесні.

Пані Ганна, жонка Крушынскага, угледзела: Стэфка пачала ад яе адварачвацца. Вечна апраналася ў паліто.

— Мне холадна,— гаварыла яна.

— Як холадна? — дзівілася гаспадыня. — Гэта-ж у нас так цёпла. Дроў многа, дзякаваць богу. Дзеці ледзь не ў адных кашульках бегаюць па пакоях.

А Стэфка сваё:

— Мне холадна... Ой, як холадна...

І нават пачынала дрыжэць і ляскаць зубамі.

Гаспадыня ціскала плячыма, і вочы яе рабіліся вялікімі.

— У нас, здаецца, горача, як у лазні.

— Хо-о-ладна...

Стэфка цэлымі днямі не вылазіла з свайго наліта.

— Можа вы нездаровы? Трэба напіцца маліны і добра прапацець.

Так некалькі дзён.

І вось пані Ганна раскумекала.

Твар яе зрабіўся шэрым. Вочы запаліліся. Яна спацела. Шэпт яе быў скрыпучым, нібы вадзіла нажом па шкле. Злосна прахрыпела.

— Вы, Стэфка, вы... цяжа-а-арная?..

Стэфка сцяла зубы і маўчала.

— Ад каго? — крыкнула гаспадыня не сваім голасам. — Ад каго?

Крушынскі ў той час стаяў у другім пакоі і слухаў. Дзяцей у хаце не было.

Гаспадыня стала непадобна да сябе. Твар пачырванеў, вочы сыпалі маланкі.

— Вон з маёй хаты! Мала вас там шляецца ў Мінску? Вон адгэтуль!

Урэпілася пальцамі ў валасы Стэфкі і пацягнула да дзвярэй. Настаўніца не баранілася. Рукі ў яе віселі, як абамлелыя. З вачэй капалі слёзы.

Выскачыў із другога пакоя Крушынскі. Падбег да жонкі. Схапіў яе за рукі.

— Супакойся, Ганна!

— Я не супакоюся! Аскандалю яе і цябе на ўсю ваколіцу.

Крушынскі так моцна сціснуў рукі жонкі, ажно яна пабялела і войкнула. Выпусціла валасы Стэфкі. Тая давалаклася да канапы і павалілася.

— Пусці рукі, ой, бал-іць... — заенчыла пані Ганна.

Крушынскі выпусціў яе рукі.

— Глядзі, — сказаў ён, — не думай выганяць яе з хаты! Я вазьму яе за жонку.

— А я? А дзеці? — застагнала пані Ганна.

— Дам табе кавалак зямлі, пабудую для цябе хату. Дзеці мае, як і твае. Няхай пры мне жывуць.

— Не дам!

— Вазьмі іх сабе... Толькі, каб шуму ніякага не рабіць, а то...

Крушынскі патрос кулаком.

Уночы месяц тады стаяў над самым дзядзінцам. Снегу бадай не было. Толькі лужыны былі ахоплены тонкім шкелкам ільду. Зямля была трохі прыпечана калючым вясеннім марозам — ён калоў, нібы тоненькімі голкамі, пальцы, вушы і нос.

Крушынскі выгнаў на дзядзінец. Пабег на стайню. Выцягнуў колы і хутка запрог самага лепшага каня. Рукі і ногі дрыжэлі. У вачах стаяў спалох.

Жонку ён перад гэтым перанёс са спальні ў «салон», каб дзеці не прачнуліся ад яе стогнаў. Ён злаваўся на местачковага аптэкара, які прадаў яму летась па знаёмству бутэльку неразведзенай карболкі. Жонка знайшла гэта дабро ў хатняй аптэцы. Трохі выпіла. Ён злаваўся на Стэфку, разбудзіў яе.

— Глядзі, што ты нарабіла.

— Што я нарабіла?

— Жонка атруцілася...

— А-а... — ускочыла яна, нібы яе падкінулі сталёвыя спрунжыны. — Атруцілася?

— Атруцілася...

Яе лоб пакрыў халодны пот.

— Дык гэта я нарабіла? — запыталася Стэфка.

Ён маўчаў.

— Гэта-ж ты сам зрабіў! Ты мяне згвалціў!

— Маўчы...

З таго часу яны ўжо больш на «вы» не гаварылі.

Каня ён не шкадаваў. Гнаў ва ўсю моц аж да Мінска. Па лясной дарозе яшчэ ляжалі гурбы снегу, пасінелыя месяцам. Усю дарогу месяц гнаўся :за ім, як за разбойнікам. Ад каня і воза плылі па дарозе доўгія цені.

Адразу завёз у бальніцу. Была яркая раніца з брызгамі вясновага сонца.

— Памрэ, — сказаў яму ў змрочным калідоры бальніцы дзяжурны доктар.— Тут ужо не паможа ніякая медыцына...

— Ніякая медыцына... — шаптаў Крушынскі сам з сабою, пакуль даехаў да сваякоў. — Ніякая медыцына...

Свяціла сонца. У горадзе ўжо не было слядоў зімы.

Жонка Антона Цярэшкі зараз-жа прачнулася.

— Сядайце, сваячок, тут, на маім ложку. Што вас нялюдскае прыгнала так рана?

Антон Цярэшка павярнуўся тварам да сцяны і зноў заснуў.

Крушынскі шэптам усё расказаў сваячцы.

Яна нецярпліва глытала сумную вестку. У яе вачах расла зацікаўленасць.

— Дык толькі да вечара дацягне?

Яна схапіла яго за руку гарачымі пульхнымі пальцамі.

— Так доктар сказаў...

Крушынскі сціснуў лоб рукамі.

«Не вельмі ахвотна выдалі за мяне, мужыка, замуж шляхцянку Ганну. Была яна тады ружовая, круглая. Вечна смяялася. Што-б я ні сказаў, Ганна — хі-хі-хі. Пры гэтым яе зубы блішчэлі ў ледзь прыкметнай вільгаці чырвоных губ. Пасля першых родаў пачалі выпадаць зубы. Сінія жылы выступілі на яе нагах. Пасля другіх родаў яна перастала смяяцца. Займалася гаспадаркай. А вось...»

— Што вы так задумаліся, сваячок? Шкадуеце?

— Не то, што... Не думаў, што так скончыцца.

— Трэба было раней падумаць. Цяпер Стэфку не пакідайце. Ганне ўжо ўсёроўна.

Ён яшчэ не паспеў выйсці са спальні, як яна ўскочыла з ложку. Ён адвярнуўся да яе.

— Не глядзіце, вочы сапсуеце.

Як пілі гарбату, сваячка сказала:

— Шчаслівая яна...

— Хто?

— Стэфка.

— Таму, што за мяне замуж ідзе?

— Не. А вось таму, што дзеля яе самагубствам канчаюць.

— А вы-б хацелі, каб хто дзеля вас так зрабіў?

— Ого! Яшчэ як хацела-б...

Крушынскі званіў лыжачкай па шклянцы.

Сваячка ўвайшла ў натхненне:

— У мяне ёсць адна знаёмая. Нельга сказаць, каб яна была ўжо вельмі цікавая, але мужчыны ліпнуць да яе, як мухі да атручанай паперы. Прыклеецца і дрыг-дрыг лапкамі. Гэта жанчына паказала мне альбом з партрэтамі яе ахвяр. Там цэлы аддзел самагубнікаў. Хто дзеля яе страляўся, хто вешаўся, хто рэзаўся, хто труціўся — розныя. Яна помсціла мужчынам, такім, як вы, лысым ды вусатым. Яна такая шчаслівая, ажно зайздрасць бярэ.

— Вам гэта падабаецца?

— Гэта-ж вельмі рамантычна.

— У вашым жыцці не было такіх здарэнняў?

— Не, — сумным голасам сказала яна. — Нецікава праходзіць маё жыццё. Была раз справа. Мільгнуў перад маімі вачыма светлы прамень і хутка згас. Але вы, сваячок, майму мужу аб гэтым нічога не кажыце...

— Не, не.

— Ну і пазнаёміліся... Цікавы такі хлопец! Высокі, з чорнымі вачыма. Таемна ўсміхаецца. Ветлівы. Трымаецца інкогніта, як пераапрануты турэцкі каліф. Я не ведала, хто ён і што ён. Свайго імя і прозвішча не хацеў сказаць. Гэта-ж вельмі рамантычна, праўда? Прыходзіў бадай штодня. Але глядзіце, трымайце язык за зубамі, а го муж як даведаецца, бяда будзе...

— Што вы? Я нікому не скажу.

— Вельмі цалавацца любіў. Цалуецца-цалуецца і гэтак далей. «Я, казаў ён, застрэлюся, калі не будзеце маёй». Страляйцеся! — кажу. Я-ж нават не ведаю, хто вы. ён зараз-жа выняў рэвальвер і паказаў мне. «Вось гэтым пушчу сабе кулю ў лоб». Мяне ахапіла радасць. Вось, думаю, будзе задаволена мая жаночая гордасць. Прамень у маім шэрым жыцці. Я глядзела на яго з замілаваннем. Частавала віном. Ён прыходзіць ка мне. А я ўсё думаю, калі ён гэта зробіць? Толькі вы майму —ані-ні...

— Ані-ні.

— Аднаго разу каля нашай кватэры прайшла пахавальная працэсія. Я выскачыла на вуліцу. Кажуць мне: «адзін малады чалавек застрэліўся, рамантычная гісторыя». Радасна затухкала маё сэрца. Ці не мой? — падумала я. Хацела ўжо суседцы па сакрэту пахваліцца. Паглядзела ў труну — не, не мой... Зноў сумна стала. Але і ён гэта зробіць. Я ўпэўнена — сам гаварыў. Вы, сваячок, глядзіце, каб ад вас мой пясняр не даведаўся. Яшчэ пісаць кіне.

— Нікому не скажу.

— Дык вось аднаго разу мой Цярэшка атрымаў ганарар і купіў мне залаты гадзіннік. Удзень ляжу сабе на канапе і грэюся на сонцы. Гадзіннік тут-жа на стале. Ажно бачу праз акно — ідзе мой невядомы герой. Я зажмурыла вочы і чакаю. Нібы сплю. Ну, думаю, сягоння давяду яго да таго, што заўтра абавязкова застрэліцца. ён увайшоў. Ціхенька падышоў да мяне. Зараз пацалуе, думаю. Не. Не пацалаваў. Пакруціўся туды і сюды і ціхенька высунуўся з пакоя. Мне здалося, што ён шапнуў: «застрэлюся». Толькі вы, сваячок, нікому.

— Нікому...

— Ускочыла з канапы. Неяк крыўдна. Чаму перад смерцю мяне не пацалаваў? Потым агледзелася — залатога гадзінніка няма... Вось мой пераадзеты каліф! Больш рамантычных гісторый у мяне не было. Як муж агледзеўся пасля, дык шмат рэчаў з кватэры знікла: срэбны партсігар, партфель з залатой манаграмай і яшчэ тое-сёе. Усё гэта падарункі, якія муж атрымаў на сваім літаратурным юбілеі. Вы мужу не кажыце, што гэта мой патаемны рамантык зрабіў.

— Не, не...

— Некалькі дзён, як мой не ў гуморы. Вышла яго новая кніжка «Сонцакруткі», а пакуль што ні слова аб ёй няма. Яго лейбкрытык Алалоўнік чакае, што людзі скажуць. Другі прыяцель таксама крытык, дык таксама маўчыць. Той выключна юбілейны крытык — выступае толькі на юбілеях пісьменнікаў і хваліць іх. Гэта цікавы чалавек. Тоўсценькі, нізенькі, ружовенькі, лысенькі, з маслянымі вочкамі. Гаворыць жабіным голасам — «кхэ-кхэ», а язычок яго нібы вазелінай намазаны, такі падатлівенькі язычок, што здаецца ў дзірачку голкі лезе, калі трэба. На попіка вучыўся гэты юбілейны крытык, казанні пробныя гаварыў, дык вось засталася ў яго папоўская прывычка. Потым ён з пачкай нашых адэсітаў у Мінск прыехаў. Ён абяцаўся мужу пахваліць яго на чарговым юбілеі.

Доктар падвёў Крушынскага. Пані Ганна жыла яшчэ два дні. Яе пахавалі ціха. Апрача сваіх, нікога на могілках не было.

Не вытрымала сваячка Крушынскага. Не магла хаваць у сабе такой «рамантычнай» справы. Зараз-жа з могілак пабегла да сляпой маткі Стэфкі і ўсё ёй апавядала.

Маці Стэфкі, цёця Вярбіцкая, з’явілася да Крушынскага ў пакой. Яе дачка, Бронька, засталася ў калідоры. Ён ціхенька высунуўся за дзверы і ўцёк ад сваёй новай цёшчы.

У пакоі засталіся паэт Цярэшка і яго жонка Мар’я.

Сляпая Вярбіцкая, думаючы, што яе зяць тут, загаварыла:

— Гэта-ж вы, Крушынскі, маю Стэфачку абманулі! Што вы мелі да яе і мяне, старой ды сляпой? Вось чаму яна дамоў усю зіму не прыязджала. Вось чаму яна лістоў мне не піша. Як вам не сорамна? Яна-ж яшчэ дзіцё!

Сляпая вочы ўтаропіла ў столь. Размахвала рукамі ў бок акна і гаварыла далей:

— Я-ж нават не ведаю, хто вы такі. Чым я гарантавана, што з маёй Стэфкай не здарыцца тое самае, што з вашай ранейшай жонкай? Навошта маёй Стэфцы няньчыцца з чужымі дзецьмі? Не хачу такога шчасця для маёй дачкі! Не хачу.

Сляпая Вярбіцкая трэсла кулакамі. Твар яе, заўсёды бледны, быў у чырвоных плямах.

— Зараз-жа аддайце мне Стэфачку! Паганец вы! Вось што я вам скажу! Паганец! Паганец!

Антон Цярэшка і яго жонка слухалі і маўчалі. Ён жонцы ківаў пальцам, каб яна голасу не падала, і яна яму тое самае.

— Вельмі цікава, — гаварыў Цярэшка вачыма да жонкі.

— Яшчэ больш, чым вельмі, — адказвала яна мужу таксама вачыма.

Сляпая Вярбіцкая плюнула ад злосці на плюшавы дыван.

Цярэшка ўсхапіўся з месца.

— А вы, цёця Вярбіцкая, не плюйце! Яго тут няма, вашага зяця Крушынскага.

— Няма? Дык чаму вы маўчалі? Выбачайце...

— Вось што твой язык нарабіў! — звярнуўся Цярэшка да жонкі. — Ты яго лепш у іншым месцы трымала-б, чымся ткнуць туды, куды не трэба.

— Хам! Лёкайчук! Яшчэ паэт! — ускочыла з плачам жонка.

— А твой бацька царскі чыноўнік задрыпаны!

Слухаючы такія пераклікі, сляпая Вярбіцкая анямела, хацела сунуцца да дзвярэй і трапіла выстаўленымі рукамі ў акно.

— Бронька, дзе ты? Хадзем дамоў!

— Бронька пайшла ўжо, — сказала Мар’я. — Я з вамі пайду. — Паднялася з месца, выцерла вочы і ўзяла сляпую за руку.

У кузні Крушынскага звінелі малаткі. Рабіліся розныя жалезныя прылады для млына.

Настачка і Мзей пайшлі да млына. Мітусіліся людзі, туды і сюды. Габлявалі дошкі, пілавалі, рэзалі, секлі. Цэлыя горы стружак і трэсак валяліся. Сцены раслі.

Крушынскі камандаваў. На дзяцей увагі не звярнуў. Яны трохі пастаялі пры будоўлі і пайшлі далей у лес, да таго месца, дзе ў мінулым годзе знайшлі скарб. У лагчыне стаяла ўжо добрая трава. Да самага лесу даходзіла высокая жытняя рунь. Воддаль чарнела глеба. Дзед Галава хадзіў з сявалкай у руках. Сеяў авёс.

На мяжы стаялі калёсы, пасвіўся спутаны конь. Воддаль сядзела старая Галавіха, якая прынесла мужу палуднаваць.

Настачка і Мзей зацікавіліся. Падышлі.

— Сюды, дзетачкі! Сюды, сіроткі горкія, —лемантавала Галавіха. — Блукаюцца, бедныя, нямаведама чаго. Можа па кавалачку блінца даць?

— Не хачу, — сказала Настачка.

— Я хачу, — папрасіла Мзей.

Галавіха дала ёй кавалак блінца і агледзела яе з ног да галавы.

— Стэфка-мачыха вас, сіроткі, б’е?

— Не.

— Ходзяць, бедныя, швэндаюцца нямаведама чаго і дзе, бо нагляду няма. Роднай матачкі няма.

— Мама ў Мінску, — сказала Настачка.

— Шмат, шмат гасцінцаў мама прывязе нам, — сказала Мзей.

Старая Галавіха зморшчыла твар, і ў яе вачах заблішчэлі слёзы.

— Бедныя, бедныя сіроткі! Не прыедзе ваша матанька з Мінска. Не прывязе вам гасцінцаў. Яна без пары, бедненькая, у сырую зямельку лягла.

Настачка і Мзей заплакалі.

— Плачце, сіроткі, плачце, маленечкія! — ламала над імі рукі старая Галавіха. — Плачце, бо вашыя валасочкі вецер-сівер расчэсваць будзе. Бо вашыя тварыкі будзе мыць расіца халодная. Спаткі класці маці родная вас не будзе. Карміці вас піражочкамі не будзе. Ой, горкая доля сіраціначак...

Настачка і Мзей нястрымана плакалі.

— Плачце, міленькія, плачце! — надавала ахвоту бабуля Галавіха. — Ваша маці на векі вечныя аглухла, анямела, аслепла. Ручкамі белымі не паверне. Галоўкаю не пакруціць. Ножкамі не пойдзе. Есцікі і піцікі не будзе.

Настачка і Мзей трэсліся ад страшнага плачу, які нахлынуў на іх, як навальніца. Усё тое, што накіпела ў іх за апошнія некалькі тыдняў, вылілася цяпер праз плач: і няшчырыя вочы бацькі і Стэфкі, і тое, што надта блізкімі сталі між сабою родны бацька з чужой Стэфкай, і тое, што маці з Мінска ўсё яшчэ не прыехала...

— Плачце, ягадкі мае, плачце! — зацягнула Галавіха на спеўны лад. — Кусток-яварок, на якім вы раслі, вецер-віхор вырваў і панёс. А вы адзінюткамі, адарванымі лісточкамі засталіся. А вы нават не ведаеце, дзе магілка вашай роднай маткі...

Падышоў Галава. Як закрычыць на жонку:

— Старая ды дурная! Навошта дзяцей разжальбіла? Эх ты...

— Сам стары і дурны! — уз'елася Галавіха. — Дзеці павінны ведаць. Не можна малых абманваць.

Старая Галавіха ўзяла на рукі Мзей, за руку Настачку і пайшла з імі ў Курганішча. Дзеці усхліпвалі, кулачкамі слёзы з вачэй выціралі.

З таго часу Настачка і Мзей пачалі ненавідзець бацьку і Стэфку; глядзелі на іх, як на грабежнікаў, якія забралі ў іх маму і схавалі нямаведама дзе...


15 - ХРЭСЬБІНЫ

правіць

Ірдзянымі матылямі плямілася лісцё клёнаў і дубоў. Асцярожнымі шолахамі шасталі ў павуцінным полі вільготныя крокі восені. Калі-ні-калі ўздумвалася ёй зірнуць на Курганішча расплылымі бельмамі бірузовых хмар. Тады вецер, нібы садоўнік яблыню, трос белагрудыя здзіўленыя бярозы, і з іх сыпаліся дзівацкімі садавінамі паіржавелыя і скурчаныя бляшкі лістоў. Надакучліва выбівалі дроб густыя дажджы. Аднатонныя і нудныя — без раз’юшанай музыкі грымот і ўхарскіх росчыркаў маланак. З расхлябаных хмар цягнулася ўніз бесперапынная дажджова-ніцяная пража. Па каламуці рэчкі тады пукаліся сівыя ўспышкі бурбалак.

А часам бабай-весялухай высоўвалася з-за фіранак хмарын са сваёй блакітнай святліцы лагоднае і цёплае сонца. Сушыла, як бялізну, вільготнае іржаннё1 і абмоклыя лясы.

І зноў адзін за адным на шпацыр выходзілі пазалочаныя летнія дні. І зноў яскравасць і цяплынь, і прытульная цішыня апляталі зычна-чулую далечыню.

У такія дні Стэфка, жонка Крушынскага, нарадзіла хлопчыка.

У такія дні Крушынскі ладзіў гульбішча для суседзяў, знаёмых, прыезджых.

Хрэсьбіны былі «чырвоныя». А як-жа інакш? Гулялі сельсоветчыкі, гаварылі прамовы, — пышныя, рэволюцыйныя. Хлопчыка Уладзімерам запісалі.

«Гэта не зашкодзіць ні сыну, ні мне», — думаў Крушынскі.

Пышныя хрэсьбіны пасля нуднага зімавання «рака», пасля няшчасця з першай жонкай, сонечныя дні пасля няветлага насупленага восеньскага неба.

Вось калі надышоў час запрасіць да сябе ў Курганішча знакамітых знаёмых, якіх Крушынскі часта сустракаў на вечарах у стрыечнага брата, паэта Цярэшкі. Вось калі ён пакажа на шырокай далоні Курганішча сваю гаспадарку з добрай сытай жывёлай, з мёдам, з садам, з сельскагаспадарчымі машынамі, з новым млынам, дзе вось-вось жорны аб жорны закруцяць, замеляць, запыляць, запахнуць збожжам і мукою, зажывуць агойданыя людскімі гутаркамі і жартамі. Вось калі знаёмыя з Мінска пабачаць, як ён умее жыць, умее ўгашчаць — шчодра, шчыра, па-свойску — добрых людзей.

У такія сонечныя дні вясёласць плыла ў Курганішча ручаінамі іскраў і смеху, кроплямі хмелю сачылася па ваколіцы:

— Хай бачаць, хай. ведаюць, хай спачуваюць, хай спрыяюць. Гэта аплаціцца ў дубальт...

У былінныя дні ў Курганішчы чакалі былінных гасцей з Мінска.

— Гэта аплаціцца ў дубальт...

Крушынскі выправіў у Мінск дзве фурманкі. Ахвотна адклікнуліся на яго запрашэнне знакамітыя госці.

— Гэта аплаціцца...

Апрача двух фурманак, на вялікім, як поле, дзядзінцы Курганішча бліскаў увечары ліхтарамі-пражэктарамі аўтамабіль.

У пахучую сінь фальварковага вечара, апрысканага дажджом дагістарычных зорак, укінуліся мінскія госці: стрыечныя браты гаспадара, «маршалак», «прэм’ер», адзін незнаёмы з чорна-сівой барадою і знаёмы Цімафейчык, які часта на вечарах у Цярэшкі кідаўся бутэлькамі ад піва, выклікаў скандалы і шчырыя слёзы, роспач і плач пані Мар’і — жонкі Цярэшкі.

Незнаёмы меў ніткі сівізны ў чорнай барадзе, акуляры на падслепаватых шэрых вачах і быў апрануты ў сівы гарнітур, у жоўтых і сініх макавінках. Нешта апостальскае было ў яго круглых, падслепаватых вачах, у яго маруднай, паважнай хадзе, буркатлівым голасе, з ноткамі суму, скромнасці і вінаватасці — нешта апостальскае. Аднак нічым не быў ён падобны да вядомых дванаццаці апосталаў на вядомых абразах, і ў той-жа час хацелася лічыць яго трынаццатым апосталам.

Знаёміўшыся з Язэпам Крушынскім, ён назваў сябе:

— «Лапоўскі, Лявон Максімыч.

Гаспадар Курганішча зірнуў на пані Мар’ю, жонку Цярэшкі, яго вочы пыталіся:

— Гэты хто?

Яе вочы лаканічна і многазначна адказалі:

— Гэта шышка.

Яго вочы зноў запыталіся:

— Свой?

Яе вочы зноў адказалі:

— Свой...

Пасля першага прыліву і адліву сардэчных гутарак і кампліментаў, пані Мар’я, улучыўшы хвілінку, непрыкметна лінула шушуканне ў правае вуха Крушынскага:

— Стары беларус. Прафесар. Быў нейкім упаўнаважаным пры Кераншчыне на Румынскім фронце. Пасля арганізоўваў там беларускае войска. Пасля быў за мяжою. Нядаўна адтуль прыехаў. Займае розныя пасады. Нашыя яго вельмі шануюць. Яго называюць «чалавекам без знакаў прыпынку». Потым падрабязна раскажу.

— Ага!—задаволена ўсміхнуўся Крушынскі.

— Ага! — мармытнуў ён яшчэ раз апетытна і зацікаўлена.

— Дык вы, пані Мар’я, будзьце гаспадыняй, — звярнуўся Крушынскі з просьбай, — мая з дзіцём занята. Не можа. Адплачу.

— Добра, добра, сваячок. — Яна кіўнула на яго пульхным пальцам. — А вы адразу «адплачу»!

Пасля позняй вячэры гасцей размясцілі спаць у салоне. па ўсіх пакоях. Знайшліся ахвотнікі, якія спалі на сене.

Ніколі не начавалі тут такія знакамітыя госці.

Ноч была цёплая, прытульная, ціхая. Ноч была нібы

спецыяльна для гасцей падрыхтаваная Язэпам Крушынскім. Шанцавала яму і з гэтай ночкай.

Дзень назаўтра выдаўся летні — спецыяльна для гасцей. Шанцавала гаспадару і з гэтым днём.

Снеданне зацягнулася да самага абеду. Багатырскае снеданне. Не абед — вяселле. Не абед — пір. Не абед — банкет; гаспадарскі, палітычны банкет з усім, што да гэтага патрабуецца: з тостамі, з урачыстымі прамовамі, з хвалебнымі слоўцамі па адрасу гаспадара — з усім.

На закуску — лес. Госці разбрыліся па лесе хто куды і зноў зыходзілі. Смешачкі, пашаптушачкі, сур’ёзныя гутаркі — усяго было.

З імі і Крушынскі.

Ірдзянымі матылямі плямілася лісце на клёнах і дубах. Ля бяроз — пажоўклая трушанка мядзяных лісткоў. Стромкія барыны. Сонца і цень. Сасновая жывіца і спозненыя сыраежкі.

Не лес — балада.

Стары выварацень — канапа.

Адсечаныя пні — крэслы.

Вераснёвы мох — дыван.

Для гасцей — прыволле.

Не лес — палацы.

Не лес — рамантыка.

Госці расселіся дзе хто хацеў, як хацеў.

І раптам перад вачыма Язэпа Крушынскага праплыў ледзь прыкметным воблачкам урывак дня з мінулай восені на тэму «я і яна».

«Тут...

... На гэтай самай паваленай бярозе я пацяшаў Мэру...

... Яна засталася ляжаць...

... Я ўцёк...

... Яна кінулася ў рэчку...

... Мяне ўжо тут не было...

... Яе выратавалі...

... Я вельмі палохаўся...

... Мужу. відаць, нічога не сказала...

... Малайчына...»

Пані Мар’я да яго:

— Што, сваячок, задумаўся?

— Я так сабе.


Крушынскі гулліва ўсміхнуўся.

Незнаёмы госць — чалавек без знакаў прыпынку — утаропіў падслепаватыя, у акулярах, вочы ў блізкія хвоі. ён быў задумёны, шамкаў губамі, нібы хацеў зараз-жа нешта сказаць, але баяўся, стрымліваўся.

Пані Мар’я сядзела побач з Крушынскім, шапнула яму на вуха:

— Гэты самы, Лявон Максімавіч Лапоўскі, завецца «чалавекам без знакаў прыпынку». Так назвалі яго студэнты, якім ён чытае лекцыі. Ён гатоў гаварыць цэлую гадзіну і нідзе ў гутарцы кропак не ставіць. Так мне гаварыў адзін студэнт. І вось дзеля гэтага словы яго здаюцца двухсэнсовымі і выклікаюць сярод студэнтаў непаразуменне.

Крушынскі ледзь улавіў яе шэпт, нічога не зразумеў, але па прывычцы сказаў:

— Так, так. Нікому не скажу.

Як-бы для ілюстравання слоў пані Мар’і чалавек без знакаў прыпынку загаварыў не то для ўсіх, не то для сябе тонам песні над калыскай:

— Як тут хораша і прыемна! Ты забываеш аб усіх прыкрасцях жыцця.

«Маршалак» і «прэм’ер» усміхаліся.

— І я тут не мала вершаў напісаў. Такая мясцовасць дае натхненне, — прыемна ўзбудзіўся сваімі ўласнымі словамі Антон Цярэшка.

Чалавек без знакаў прыпынку хмыкнуў у чорна-сівую, колеру каўказскіх сярэбраных аздобаў, бараду, здзівіўся і тлумачыў:

— Тут можна забыцца на тое, што плыве да нас з усходу...

Гэта ўзнервавала Цімафейчыка:

— А вас на захад цягне? Хочацца да «культурных» жандараў?

Вышла нешта ад тэатральнай ігры.

— Не, не, не, таварыш Цімафейчык, — занекаў чалавек без знакаў прыпынку і давай здымаць пылінкі з пінжака. — Я наогул у палітыку не ўмешваюся і толькі тэарэтычна разважаю. І паводле маёй тэорыі і паводле ходу гісторыі нам не шкодзіла-б незалежнасць потым мы пайшлі-б далей але не трэба пераскакваць праз гістарычныя шляхі як праз гнілыя калоды і пабачым што з усяго гэтага яшчэ выйдзе я толькі спец па беларусазнаўству прычым тут палітыка і я не палітык.

«Маршалак» і «прэм’ер» усміхаюцца.

Цімафейчык ускочыў і пачаў трэсці кулакамі. І зноў у яго голасе і выглядзе было нешта наігранае:

— Я вас разумею, Лявон Максімыч! Вам не падабаецца наша новая культура? Вядома, яна не такая, як-бы вам хацелася — яна не панская. Мы за яе нямала крыві пралівалі! А наконт гістарычнага шляху, дык вы праўду сказалі, мы сапраўды пераскакваем праз гнілыя калоды.

Чалавек без знакаў прыпынку бліснуў вачыма праз шкелкі акуляр, і нешта савінае было ў яго твары.

— Няма ў нас, таварыш Цімафейчык, — сказаў ён грудным голасам, — ні паноў ні пролетарыята і ёсць толькі адзін беларускі народ не трэба яго драбіць на кавалкі молатам і не трэба яго крымсаць сярпом на багатых і бедных на кулакоў і беднякоў на сялян і рабочых і вы ведаеце якія ў нас зусім не такія гістарычныя ўмовы як скажам у Масковіі.

Твар яго яшчэ больш зрабіўся падобным да савы.

— Ведаеце, — ускіпеў Цімафейчык, — ад вас сапраўды трухлявай калодай аддае!

— Вы недалікатны чалавек, дзядзька Цімафейчык, — ледзь не заплакала пані Мар’я, — нельга так выражацца.

— Трэба Еўропу выветрыць з мазгоў дзядзькі Лапоўскага. — Даўжэй у нас пабудзе, тады інакш гаварыць пачне. Мае словы няхай будуць для яго ашатыркай. Можа ачухаецца.

«Маршалак» і «прэм’ер» усміхаліся.

Цімафейчык плюнуў і пайшоў шпаркімі крокамі.

— Што ты яго вечна цягнеш за сабою? — абурана звярнулася жонка да Цярэшкі. — З ім вечныя скандалы.

— Міленькая, — мякка сказаў Цярэшка. — Ты добра ведаеш, што каб не ён, мы ўчора на машыне сюды не прыехалі-б. Няма чаго баяцца. Няхай сабе гаворыць. Партыец інакш не можа гаварыць. Але ён наш.

— Эх, — уздыхнуў чалавек без знакаў прыпынку, — кіньце аб ім я даўно знаю яго з Одэсы ў нас з ім агульныя радасці і агульны смутак.

Ён спыніўся і ў другі раз уздыхнуў:

— Эх усё наша шчасце ў тым што без нас старых спецаў абыходзіцца не могуць калі-б маглі выкінулі-б нас даўно і нам трэба жыць і ім патрэбны спецы а на кожным кроку нам вытыркаюць марксісцкі метад я напрыклад чытаю лекцыю а мяне перабівае нейкі Мікола Ярэмчык мой вучань і крычыць няправільна ва ўвесь голас і такіх Міколаў Ярэмчыкаў многа вось да чаго дайшлі мы інтэлігенты нас сцёбаюць пугамі Мікалаі Ярэмчыкі.

«Маршалак» і «прэм’ер» усміхаліся.

Гаспадар меў з сабою ў кошыку некалькі бутэлек віна, тарты, яблыкі.

Ён пачаў частаваць гасцей.

— Дзе Цімафейчык? —запытаўся Цярэшка.

— Пайшоў дахаты, — сказаў Крушынскі.

— Каб ён са злосці не паехаў адзін у горад на аўтамабілі, — заўважыў прафесар ад дзіцячага лемантара.

— Не зробіць гэтага, — супакоіў чалавек без знакаў прыпынку.

— Кінем аб гэтым, шаноўныя госці, — папрасіў гаспадар. — А на совецкую ўладу сапраўды няма чаго наракаць. Глядзіце вось справу з пасёлкамі і хутарамі. Мне здаецца, што гэта вельмі добрая рэч.

— Згодзен, згодзен, Язэп Сымонавіч, — усхапіўся чалавек без знакаў прыпынку і пачаў на гэты раз устаўляць знакі прыпынку ў сваю гутарку. — Пасёлкі і хутары — добрая справа, добрая! Гэта паказвае толькі, што большэвікі, калі хочуць, дык тое-сёе пераймаюць і ад еўрапейскай культуры. Не так ужо страшна. Калі яны ва ўсім пойдуць па такой дарожцы, як хутарская гаспадарка, тады і я большэвіком зраблюся!

Цяпер ён быў падобны да нейкага трынаццатага і ў хрысціянскай міфалогіі неіснуючага апостала.

Над дрэвамі з непрыемным крыкам праляцела плойма варон.

— Паляцелі за граніцу, — сказаў Крушынскі. — У Польшчу захацелі.

— З блізкага клёна пасыпалася пара чырвоных засохлых лістоў. «Прэм’ер» меланхалічна зірнуў на ўпаўшыя лісты, пагладзіў пяшчотна руку аб руку і шапатлівым голасам запрарочыў:

— А усё-ж такі пральецца тут нямала крыві!

У яго словах чулася вялікая ўпартасць, як даўней у Галілея, калі ён сказаў: «А ўсё-ж такі яна кружыцца!»

Госці на гэта нічога не сказалі. І невядома было, ці хто з іх згодзен з гэтай думкай, ці не.

«Прэм’ер» пагладзіў ружовымі пальцамі бронзавую лысіну і паўтарыў сваё прароцтва:

— А ўсё-ж такі пральецца тут нямала крыві...

Госці быццам не чулі.

— А ўсё-ж такі... — пачаў ён у трэці раз, нібы прыпеўку, махнуў рукою, не дакончыў і выняў з кішэні срэбны партсігар.

«Маршалак» слухаў ды ўсміхаўся. Выглядала, нібы ён усіх экзаменуе і вось, праслухаўшы ўсе развагі, зараз скажа, хто вытрымаў экзамен, а хто не.

— Шаноўныя госці, піце і закусвайце, — лемантаваў гаспадар. — Выбачайце, што гаспадыні тут няма. Яна ад дзіцяці адыходзіць баіцца.

— Нічога, нічога, сваячок, — пацяшала яго пані Мар‘я. — Я буду гаспадыняй. Бяру ўладу ў свае рукі! — і пачала частаваць гасцей.

Крушынскі быў у гэты дзень палахлівы і сарамлівы, як ніколі: упершыню ў Курганішча прыехалі такія госці... Ён стараўся з усіх сіл, а ўсё баяўся:

— Можа не так, як трэба, угашчаю.

— Можа не так, як трэба, гавару.

— Можа не так, як трэба, прашу.

Ён стараўся па вачах кожнага з гасцей улаўліваць яго жаданне, падаць, што трэба, пытацца, чаго той хоча, ды пры гэтым увесь час бянтэжыўся:

— Жартачкі, такія госці...

Ён быў ім адданы ўвесь. Да кожнага падыходзіў, нагінаўся, у вочы заглядаў, быў гатовы да паслугавання. Адчуваў сябе вінаватым.

— Жартачкі, такія госці...

Пані Мар’я яго супакойвала:

— Усё добра, сваячок.

А госці жартавалі, сыпалі іскрамі смеху і свойскасцю слоў, адчувалі сябе тут па-гаспадарску і прасілі Крушынскага не клапаціцца аб іх.

У лесе ні ветрыка. Цішыня. Воддаль, у хмызняку, жаласліва чылікае адзінокая птушка.

Не лес — балада.

Не лес — святліца.

«Маршалак» падняўся з свайго месца, залажыў рукі за спіну і давай у задумёнасці спацыраваць туды і сюды. Сутулілася яго нязграбная фігура. Ён нешта неразборлівае напяваў сабе пад нос. Раптам звярнуўся да гаспадара ціхім голасам:

— Ну, а людзей гаспадарных шмат у вашай ваколіцы?

— Ёсць такія-сякія, — уважліва ўскочыў Крушынскі з свайго месца.

«Ласкавасць гасця да гаспадара, хоча пагаварыць са мною аб тутэйшых гаспадарчых справах, а то аб чым ён са мною гаварыць будзе?» — падумаў Крушынскі.

— Часта сустракаецеся? Дружыце між сабою? — «Маршалак» звузіў вочы, і твар яго стаў сур’ёзным і зусім свойскім, нібы заўсёды вядзе з Крушынскім такія гутаркі.

Крушынскі пагладзіў лысіну і перайшоў на такі-ж тон:

— Вядомая справа. А то як? Заўсёды прыямней сустракацца з чалавекам, які табе роўны і воўкам на цябе не глядзіць. А бяднейшы хоць паважае мяне, але заўсёды зайздросціць і трымае на цябе камень за пазухай. Я ўмею ладзіць і з гэткімі, — пахваліўся гаспадар. — Але ёсць тут і ворагі, якіх нічым не возьмеш, як да іх не падыйдзеш. Яны вечна ражнамі ў вочы лезуць. Ёсць адзін такі, Антось Драчык, дык гатоў жыўцом мяне з’есці. Вуха востра трымаю, такое цяпер жыццё. Адно маё шчасце, што я стары рэволюцыянер. Бо той Драчык так брэша, каб яму паверылі, мяне паслалі-б туды, дзе салаўі спяваюць.

— Варта вам з гаспадарамі вашага складу цясней трымацца. Ну, вы мяне разумееце?

Яны адышлі ў глыб лесу, дзе цішыня лавіла здалёку кожны гук і кожнае слова. Трэск галіны пад нагамі рэзаў вуха, здаваўся непрыемным у такой дрымотнай цішыні.

— Дык вы кажаце, Язэп Сымонавіч, — пачаў «маршалак» гарачым шэптам зацікаўленасці, — што ў вас тут ёсць ворагі? Востраць на вас зубы? — Са звужаных шчылінак яго вачэй замігацелі іскры. — Трэба сказаць праўду, што з кожным годам вашаму брату — рупнаму гаспадару — горш стане. Да гэтага дойдзе. Трэба быць гатовым.

— Усё гэта сам добра ведаю, — хацеў сказаць Крушынскі. — Я супроць гэтага вяду сваю палітыку.

Не сказаў толькі таму, каб паказаць гасцю, што той «адкрывае яму Амерыку». Няхай гасцю будзе прыемна, калі падумае, што навучае гаспадара, як жыць на свеце.

— Дык што рабіць? — запытаўся Крушынскі, нібы школьнік, ён іграў ролю школьніка яшчэ таму, каб праверыць, ці правільна дагэтуль накіроўваў палітыку ў сваёй «рэспубліцы».

— Што рабіць? — «Маршалак» наблізіў губы да самых вушэй Крушынскага. — Усе свае людзі павінны быць гатовы на выпадак вайны з Польшчай. Чуць што якое, старацца апынуцца на тым баку, разумееце?

— Як гэта на тым баку? — здзівіўся Крушынскі. — А гаспадарка? А зямля? А млын?

— Разам з гаспадаркай, разам з зямлёю, разам з млынам. Вы мяне разумееце?

— Разумею...

Крушынскі пагладзіў вусы і недаверліва паглядзеў на «маршалка», ён адчуў кроплі поту на сваім твары.

«А можа ён мяне так на цыгундар бярэ, каб пасля расказаць дзе трэба? А можа ён хоча цяпер выслужыцца? Мала такіх? А каб недалёка шукаць... (Крушынскі ўспомніў самога сябе ў такіх ролях.) Не! Гэтаму чалавеку магу верыць»! — упэўніўся ён, нутром адчуў.

Тым часам «маршалак» разгортваў свае думкі, як трубку палатна:

— Я так кажу, на ўсялякі выпадак, але пакуль што вайна можа і не будзе. Калі так далей пойдзе з пасёлкамі і хутарамі, дык трывожыцца няма чаго, а некалі яна вырвецца ўсё-ж, гэта вайна.

На блізкай асіне над самай галавою нешта лёгка стукнула, нібы маленькім малатком. Абодва задрыжэлі. Паднялі ўгару галовы: дзяцел. Закурылі і на некалькі хвілін спынілі гутарку. З заходняга боку неба плыла маленькая, пухлая, з ружовымі беражкамі, і кволая, як ягнё, хмарынка. Блізка была яна ад лесу. Здавалася вось-вось упадзе.

— Тут, здаецца, комуна недзе блізка? — запытаўся «маршалак».

У гэту хвіліну Крушынскі падумаў, што можа дзеля гэтай гутаркі знакаміты госць сюды прыехаў і апошняе запытанне самае галоўнае. Ён паглядзеў сабе пад ногі і сказаў:

— Так, комуна. І каморніцкія ножніцы добра працуюць. На маё шчасце, я не зусім блізкі сусед гэтай комуны, а то як толькі прыбавіцца комунар, зараз-жа чык кавалак зямлі ў нашага брата-хутараніна.

— Вось тут і магіла для вашага брата. Калі так пойдзе далей, ад вашага брата нават рожкі ды ножкі не застануцца. Праўду я кажу? — па-настаўніцку запытаўся «маршалак».

— Ясна.

— Дык вось трэба старацца, каб людзі баяліся комуны, як чумы. Як гэта рабіць? То там коні дохнуць, то гумно гарыць, то... ды самі не лыкам шыты. Бо інакш і каля вас наладзіцца комуна. Вы свой чалавек, і я вам кажу шчыра, што думаю. Арганізавацца трэба, вось што. Даць ім па лапах! Так у іншых месцах і робіцца.

Крушынскі задумаўся. Яго твар зрабіўся сумным і ўстрывожаным. «Так яно і робіцца ў нас, але няма сістэмы ў працы, няма арганізацыі».

Думку ўголас паўтарыў:

— Робіцца гэта і ў нас, але кожны сам па сабе.

— Трэба арганізавана рабіць.

Горача і не па сабе стала Крушынскаму.

— Там госці чакаюць, можа пойдзем туды? — прапанаваў ён.

— Нічога, пачакаюць. — «Маршалак» кіўнуў пальцам.— Толькі памятайце... Наша гутарка...

— Магіла... — шапнуў Крушынскі. — Эх, дзядзенька, не ведаеце, што я ўжо рабіў на сваім вяку.

— Ведаю... Інакш я так з вамі не гаварыў-бы. Я з вашымі стрыечнымі — свае людзі.

«Дзеля гэтай гутаркі гэты дзядзя сюды і прыехаў»,— упэўніўся цяпер Крушынскі.

А тым часам госць яму гаварыў урачыстым тонам прысягі:

— Памятайце, што наша бацькаўшчына трымаецца на такіх людзях, як вы! Кожны з вас — пазіцыя! Кожны з вас — фронт!

Дзяцел рупна длубаў асіну.

Калі яны вярнуліся назад, ля вываратня ўжо гасцей не было. Гасцей яны знайшлі ў салоне. Хтосьці трымкаў на старым сапсутым музычным інструменце. Не было толькі «чалавека без знакаў прыпынку».

— А дзе прафесар? — запытаўся «маршалак».

— Пайшоў курганы аглядаць,—сказала пані Мар’я. — Каб хаця не спазніўся. Нам хутка ехаць трэба.

— Паедзем, як добра сцямнее, — сказаў «маршалак».

Крушынскі паглядзеў на яго са шчырай пашанай і падумаў:

«Мазгавіты чалавек. Я сам хацеў прапанаваць (пасля такой гутаркі), каб паехалі, як добра сцямнее. А то лішнія вочы, лішнія языкі, лішнія...»

— Люблю адзіноту і містыку, — сказаў «чалавек без знакаў прыпынку». — Нашыя продкі ў курганах шуму не любяць. Сам туды пайду.

А пайшоў ён не да курганоў, а воддаль у лес. Хацелася пабыць сам-на-сам якраз у такой мясціне, якая шмат аб чым напамінае.

— І Майсей самотна брыў па пустэчы на развагі і гутаркі з богам, — кінуў яму ўздагон «прэм'ер.

Гэты жарт спазніўся на часцінку хвіліны і не дайшоў да вушэй чалавека без знакаў прыпынку.

Хутка ён апынуўся ў сухім хвойніку. Пні — шэрагам, нібы прысады, стромкія, роўныя. Прайшоў далей маленькай пасекай. Заласкатала ў ноздрах прэлай вільгаццю і апенкамі. Упершыню ступае па гэтай глухой мясціне. Да жудасці прыемна. Дэкарацыя з «Зялёнага дуба». Любіць новыя мясціны — аднолькава і шум гарадоў і шум лесу.

Яшчэ хлапчуком такім быў, калі з роднага фальварка на Міншчыне паехаў у Мінск, у гімназію, потым у Маскоўскі універсітэт, потым у Вільню, дзе быў дырэктарам гімназіі, а пасля — вайна, афіцэрскія пагоны. Рэволюцыя. Румынскі фронт. Арганізацыя там-жа беларускіх часцей. Саноўныя залатапагонныя і аксельбантавыя начальнікі: генерал-маёр Пажарскі, генерал ад інфантэрыі Шчэрбачоў, розныя Чухніны, Манцэвічы і г. д. Пасля — Петлюра, Скарападскі ды іншыя: галерэя пышных «герояў» недалёкага мінулага. А пасля — чорны парадны палітычны сурдут.

— Ой, гэты сурдут...

Па якіх калідорах ён не цёрся, дзе ён не пабыў...

Паэма, а не сурдут.

Летуценне, а не сурдут.

А за сурдутам у грудзях якія пачуцці, які гонар, якая дастойнасць... Жартачкі, сурдут прадстаўляў сабою беларускі народ у абхопе ўсёй яго шырачэзнай «этнаграфічнай глеба-лясістасці», «пянькова-жывёліннай сыравіннасці»...

Ой, гэты сурдут...

А барада...

Чорна-дыпламатычная, пасольская, паважная, ледзь падстрыжаная.

Сурдут і барада не мала павандравалі па Еўропе. Сурдут пакамечыўся, паліняў. У бараду ўпляліся пасмы сівізны. У багатым фільме ўспамінаў: славянская Скарынінская Прага, строгі Бісмаркаўскі Берлін, добрапамятная паводле мірнага дагавора Рыга, гуллівы вялікасвецкі Парыж, сонечны, руіністы, аздоблены Тыбрам, помнікамі і цэзарскімі легендамі Рым. І яшчэ і яшчэ... Колькі рэк, колькі мораў! «Чалавек без знакаў прыпынку» ведаў усё гэта яшчэ са школьных падручнікаў. Кожны куток Еўропы выпукляе ў яго ўспамінах лялечныя фігуркі яго настаўнікаў. Вось калі прыгадзіліся.

Еўропа...

І лезуць, — ці то няпрошаныя, ці прошаныя, — у палітычныя калідоры Еўропы залётныя птушкі: «Беларуская народная рэспубліка», важныя сакрэтныя місіі, дзяржаўныя справы...

Геаграфія на практыцы.

Сурдут, барада, калідоры, перакладчыкі — усё гэта радкі адной і той самай «граматы да беларускага народа» і ад «беларускага народа» да міленькай цётухны Еўропы. Прадстаўніком — сурдут і барада чалавека без знакаў прыпынку ды іншых такіх чалавечкаў.

«Вайс», «блянк», «рус», «рутэйн» — беларусы, белыя русы?

Белыя?

Не. Народ такі...

Мемарандумы, у якіх трохі этнаграфіі, трохі гісторыі, цяга да культурнай Еўропы і, галоўнае, эканоміка — дапамога і тавараабмен; лён, пянька і гэтак далей.

Ратуйце ад большэвікоў! — шчырая просьба, слёзная просьба.

Анекдатычна блыталі справу перакладчыкі-белагвардзейцы. Усмешачкі, дыпламатычныя, вялікасвецкія, далікатныя ўсмешачкі.

— Чаго вам хочацца, панове?

— Мы — урад беларускай народнай рэспублікі. (Паўтарэнне ўсяго ранейшага.) Прыпеў:

«Ратуйце ад большэвікоў...»

Сурдут і барада плылі ў араматных хвалях зычнабарвістых букетаў гатэляў, рэстаранаў, кафе, факстротаў, джазбандаў, балерын і красунь з еўрапейскіх шумліва-пярэстых панеляў.

«Ратуйце ад большэвікоў...»

Дыпламатычныя пашпарты. Па чыгуначных рэйках імчаліся суматошныя экспрэсы. Барада і сурдут ля акна купе. Назад, назад па-вар’яцку мігцяцца пейзажы. Ландшафты мяняюцца, фабрычныя карпусы шпілямі комінаў і дымам у жудасную вышыню. Усё імчыцца і гойдаецца на гойдаўках-рэсорах Еўропы. Перарэжа экспрэс адну мяжу еўрапейскай дзяржавы, другую. Праверка пашпартаў, жар-птушкамі мяняюцца валюты. А яна, валюта, у барады і сурдута, авохці мне, якая шчупленькая...

«Ратуйце ад большэвікоў...»

Нарэшце — зноў валюта. І ў тым і бяда, што і тая, як тая незалежная, сплыла і няма яе...

Уздыхаюць валасатыя грудзі пад парадным сурдутам

У чорнай барадзе сівымі іерогліфамі ўпісан палітычны стаж Лапоўскага:

«Ратуйце...»

Тут ужо не ад большэвікоў, але ад голаду і холаду Еўропы. Ніхто там больш валюты не дае. Кончылася байка аб незалежнасці. Апошні акт аб роспуску «ўрада». Заход Еўропы — па Шпенглеру.

Апошні акт.

Не...

Мы яшчэ пабачым...

Мы яшчэ па...

Але...

Атрос Лапоўскі (і Лапоўскія) пыл Еўропы з лакірак сваіх (...сурдут пакамечаны, барада пакамечана...) і без перакладчыкаў пайшоў у совецкае консульства.

Грахі?

Так. Былі.

Цяпер?

Толькі пролетарыят. Ратуйце...

Паверылі. Патрэбны спецы. Патрэбны працаўнікі.

Патрэбны людзі.

Вярнуўся. Назваў сябе блудным сынам. Далі працу. Прытулілі.

Далі годнасць прафесара.

Палітычны лексікон разгубіў-рассеяў па шырокіх шляхах. Самы экстракт палітычнага лексікона ілам і глеем сценкі сардэчных клапанаў абхапіў, нібы панцыр.

Для віду:

Чалавек без знакаў прыпынку.

Знакі прыпынку, нібы бісерныя камары, рассыпаліся пакуль што па той бок слоўных барыкад. У маналогах Лапоўскага няма стрыжня, няма шкілета, няма знакаў прыпынку. Маналогі ўюцца доўгаметровымі салітэрамі. Сцёрты нейкай рэзінкай знакі прыпынку.

Але ў часе патрэбы...

Пакуль што трэба звіцца па-мудраму, як тая біблейная жывёліна, што Еву спакусіла.

А тады?

«Вернем беларускаму народу тое, што яму належыць спакон вякоў, і дзядоўскі фальварак...»

І вось лес у Курганішчы. Лес — дэкарацыя для «Зялёнага дуба» новай фармацыі.

Чырвонымі матылямі пляміцца лісце клёнаў і дубоў. Не то восень, не то лета. А сонца такое лагоднае... І на хвілінку, толькі на частку хвілінкі, чалавеку без знакаў прыпынку здаецца, што нічога тут не здарылася. Усё так, як было даўней, да рэволюцыі, да імперыялістычнай вайны, да... калі вякі аднолькавымі пластамі лялеялі гэтую глебу.

Толькі адзін мігатлівы міг.

А якія бураломы тут прагульваліся! Якія навальніцы з грымотамі!

Зноў спакойна ў краіне, як у гэтым лесе. Толькі здаецца, што спакойна. Трывожыць такі «спакой». І хочацца Лапоўскаму выклікаць з фальшывай застыласці новую буру. І хочацца Лапоўскаму, каб руль павярнуўся ў адваротны шлях гадоў... І хочацца Лапоўскаму...

Ён успомніў раптам прыпеўку «прэм’ера»:

«Яшчэ шмат крыві пральецца».

Ці лёгка будзе пакруціць такое жудасна-агромністае кола ў другі бок? Ці сцерпіш у ціхім чаканні? Ці ўдасца?

А ён — чалавек без знакаў прыпынку — вярнуўся сюды па ранейшую шапку і па ранейшыя рукавіцы. Яшчэ не страчана надзея зрабіцца Напалеонам, яшчэ не страчана надзея расстаўляць у сваіх маналогах такія знакі прыпынку, ад якіх зазвініць сталлю, ад якіх за...

Пад яго нагамі ўслужліва сцелецца пухкі мох. Над яго галавою лес і неба. У небе заблудзілася адна хмарынка, з ружовымі беражкамі, кволая, нібы ягнё.

«... Логіка падзей кіруе і без мяне туды, куды хачу. Большэвікі перараджаюцца. Адна маленькая дапамога, адзін маленькі націск на педаль — і ўсё пойдзе, як па масле. (Вось ужо гавораць аб навуковай канферэнцыі, на якую прыедуць у Мінск «нашыя» з усіх тых мясцін, дзе сівела яго барада і дзе камечыўся яго сурдут і дзе ён на пэўны час замарозіў, нібы чорных куслівых скочак, свае знакі прыпынку.) Усё ідзе добра. Аграрная справа... Родная культура...»

Вось дзе знакі прыпынку...

Нібы ружовыя шчылінкі праз пальцы, праз высокі паркан нязлічаных барын прасвечваецца дарога. Жоўты пясчаны тракт. На тракце не то мужчына, не то жанчына, шэрая доўгая вопратка.

— Гэта-ж мужчына... капялюх... — шапнуў Лапоўскі. — Поп.

І ад таго, што поп, стала цяплей у грудзях.

— Яшчэ не вывеліся... А там гаварылі...

І ад таго, што поп, стала лягчэй на сэрцы.

І не ад таго, што поп, але ад таго, што хрысціянскі шаман надае лесу і дарозе адценне ранейшага, калі... калі Лапоўскі быў яшчэ гаспадаром свайго фальварка...

Лапоўскі пільна прыглядаецца. З хвоі ўпала шышка. Ён уздрыгануўся. Поп падышоў бліжэй. Усё больш ярка выпукляецца яго твар, усё больш ярка вызначаюцца дэталі твара.

А вось...

— Такая знаёмая хада... Такія знаёмыя вочы...

Лапоўскі азірнуўся па баках.

Апрача папа, нікога не відаць.

Лапоўскі вышаў насустрач.

У самы твар папа з дзівам, з захапленнем, са свойскім усхліпам:

— Змітры Апанасавіч!

Айцец Дзімітры (гэта быў ён) паглядзеў на Лапоўскага, адскочыў назад, насунуўся мядзведзем на яго і войкнуў:

— Лля-во-он Максімавіч!

Адзін аднаму плюхнуліся на шыю.

— Пойдзем у лес. Тут не выпадае.

— Але, але.

Пайшлі ў лес, у павець з хвояў. У абдымку пайшлі брысці па пухкай падатлівай коўдры імху.

Пашаптушачкі, успаміны, сентыменты. Адны за адным запоўнілі пропускі аўтабіяграфіі.

Дабраліся да бярозавага гайка. На бярозах, нібы садавіны, ірдзеліся пажоўклыя сухія лісты. Была цішыня. А каб падзьмуў хоць малейшы ветрык, ён, нібы садоўнік яблыні, трос-бы белагрудыя здзіўленыя бярозы, і з іх сыпаліся-б дзівацкімі садавінамі паіржавелыя і скурчаныя бляшкі лістоў.



16 - ВЫРАТАВАЛІ ГАСПАДАРКУ

правіць

Пастанова аб пасёлках адбылася той зімою і ў Драздоў і Дзятлаў. На вясну ў Гайдачанскім сельсовеце пачалася завіруха: каморнікі, перавозка маёмасці, перарэзка зямлі, лес, будаванне на новых месцах, пры гэтым сваркі між сялян за лепшую зямлю, за лес ды іншае.

Антось Драчык выканаў сваё слова: пайшоў у комуну «Чырвоны Кастрычнік». Змітрок зацікавіўся пасёлкамі і падаўся туды.

Адразу, пасля пастановы аб пераходзе гайдачан на пасёлкі, сяляне разышліся па хатах. Марцінава хата, у якой адбыўся сход, здавалася пасля схода прасторнай, як ніколі.

Было так накурана, што прышлося адчыніць дзверы не гледзячы на мароз. Марцініха выцірала адразу падлогу, на якой стаялі лужыны ад снегу, нанесенага лапцямі гайдачан.

Марцін Тумілоўскі, бацька Хвёдара, пахмурнеў. Ён разуваўся з такой уважлівасцю, нібы збіраўся праверыць, колькі пальцаў у яго на нагах.

Пасля шуму і галасу на сходзе ў хаце стала ціха. Марцінава сям‘я адпачывала ў цішыні, усе маўчалі.

Гаспадар узлез на печ і звесіў ногі ўніз. У яго вачах была такая рашучасць і пагрозлівасць, як-бы ён збіраўся зараз зарэзаць чалавека. Ён хмурыў чарнявыя бровы і шукаў месца, куды ўтаропіць для самотнага раздум'я свой цяжкі, як жалезныя гіры, позірк. Супроць яго босых ног стаялі на падлозе яго скураныя атопкі. Яны былі пастаўлены так, каб, саскочыўшы з печы, можна было адразу трапіць у іх нагамі.

Марцін — кароткі, шырокі ў плячах, з моцнымі рукамі і нагамі, з вялікай круглай, як гарбуз, галавой, — здаваўся каменным, цяжкім. Вось расцісне печ. Пад яго цяжарам яна раздасца, разваліцца на цагліны. Селянін сядзеў нерухома. Яго цёмныя вочы ўпёрліся ў новы хамут, які вісеў на сцяне.

Хатнія не чапалі Марціна. Між сабою гаварылі шэптам, нібы ў хаце знаходзіцца вельмі хворы чалавек. Нават Хвёдар, які заўсёды любіў пашумець, стараўся на гэты раз быць непрыкметным.

Дзве рэчы лезлі неадчэпна ў мазгі старога, супакою не давалі. Часта ён мармытаў назвы гэтых рэчаў:

— Вяселле...

На дварэ пасля адлігі пачалася завея. Снег пытлюецца за вокнамі, круціцца, шархаецца каля сцен. Маленькая лямпачка на стале кружыць вакол сябе светлажоўты круг.

Хатнія кладуцца спаць, а Марцін усё сядзіць на печы. Ён абдумвае свае новыя гаспадарчыя планы ў сувязі з пераходам на пасёлкі.

У запечку скрабуцца мышы. Снег на дварэ туліцца да сцен, засыпае вокны. Вецер ледзь-ледзь у коміне завывае.

— Вяселле...

Хатнія ляжаць на ложках. Не спяць. Ніхто лямпы не тушыць, бо гаспадар яшчэ не думае спаць, хаця

позна ўжо.

Здаецца на першы погляд, што гной і вяселле ніякага дачынення не маюць да пераходу на пасёлкі. Хатнія, якія чуюць гэтыя словы з вуснаў гаспадара кожныя дзве-тры хвіліны, не могуць здагадацца, да чаго ён іх устаўляе ў сваю маўклівасць, нібы тычкі ў пустое поле.

Марцін свідруе цяжкім позіркам хамут на супроцьлеглай сцяне.

З самых маладых год Марцін вельмі шануе гной. Ён часта паўтарае свае спрактыкаваныя агранамічныя веды — калі добра ўгнойваць зямлю, яна дае добры ўраджай; для зямлі гной — тое самае, што хлеб для чалавека, авёс для каня. Ён гэта гаворыць кожны раз з такім захапленнем, нібы толькі што сам вынайшаў гэты спосаб палепшання ўраджаю. На зямлю ён глядзіць, як на жывую істоту, і шануе яе харч — гной. Вельмі рупліва ён заўсёды запасіць гной у хляве, збірае яго на дзядзінцы, на вуліцы, на выгане і кошыкамі ў хлеў носіць... Суседзі з яго смяюцца, а ён увагі не звяртае.

Калі вясною ці ўвосені Марцін выходзіць на рунь, дык заўсёды яго палоскі вызначаюцца, гусцейшыя і вышэйшыя, чымся ў суседзяў.

Ён тады гаворыць толькі адно слова, укладае ў гэтае слова вялікі сэнс:

— Гной!

Глядзіць пераможцам на суседнія шнуры.

Не варухнецца цяпер Марцін на печы. Перад сабою нічога не бачыць. Не чуе, як за сценамі хаты гуляе завея, кідае снегам у сінія шыбы акенцаў, дзьме ў комін, свішча. Лямпа міргае на стале жоўтым вокам.

— Камусьці чужому пакіну ўгноенае поле, — думае Марцін. — Як на ліха ўвосень увесь гной вычысціў з хлява. Каб ведаў, дык два гады падрад збіраў-бы ў хляве... Чорту лысаму застанецца...

Адчуваў Марцін, як сэрца ў яго баліць.

— Шкада...

Баліць сэрца, нібы хто сціснуў яго моцнымі пальцамі і трымае...

Другі Марціну клопат:

«Яшчэ да службы ў Чырвонай Арміі круціўся мой Хвёдар з Язэпавай Марыляй. Ходзіць-ходзіць да яе, дыбае, як бусел, а толку мала. Цьфу! А дзеўка гаспадарная ды з твару гладкая».

Ні ён — Марцін, ні Язэп — бацька Марылі, нічога супроць гэтых залётаў не маюць. А вось чакаюць...

Чакаюць год, другі, трэці. Хвёдар ходзіць да Марылі, на вечарынках заўсёды разам, часта шэпчуцца то каля Язэпавых, то каля Марцінавых варот, а толку ніякага.

Можа што-колечы і вышла-б у іх, але ёсць тут адна закавычка.

Хвёдар не прызнае папоўскага шлюбу. Бацькі Марылі не прызнаюць бясшлюбнага вяселля. Марыля не пабаялася-б і без шлюбу пабрацца з Хвёдарам, але не хочацца застацца без пасагу. Яе бацька не раз гаварыў, што пасагу не дасць, калі не пажэняцца «па-людску». Не будзе яна мець тады ні кароўкі, ні парсюкоў, ні таго-сяго... Хвёдар і на гэта пайшоў-бы. Часта ён гаварыў Марылі:

— Паедзем у горад. Дастану працу і будзем жыць.

— Баюся горада. Ты мяне кінеш у горадзе, — кожны раз адказвала Марыля.

Цягнецца час доўгаю істужкаю для Хвёдара і Марылі, а на гэтай істужцы ўсё адно і тое самае напісана!

Адбедаваў Марцін на печы свой гной, які ўсёроўна назад з поля не збярэ, каб забраць з сабою на пасёлак.

Але вось другая бяда — вяселле Хвёдара.

Вельмі непакоіць старога і гэта справа. Злез Марцін з печы, крэхчучы і стогнучы, затушыў лямпу і лёг спаць.

Ён заснуў з пэўнай думкай:

— Маё возьме!

Яшчэ ў сне ён крахтаў і стагнаў, але ўжо ад прыемнасці, нібы пад бярозавым распараным венікам у лазні.

— Маё возьме!

На яго губах, абкружаных цёмнай шчэццю валасоў барады і вусоў, прытаілася злодзеем задаволеная ўсмешка, нібы вось зараз ён прачнецца і скажа:

— Маё возьме!

Завея гуляла ўсю ноч.

Марцін рана падняўся з ложка, вышаў з лапатай на двор, каб вызваліць ад снегу дзверы і вокны і раскапаць сцежку да хлявоў, да гумна і да вуліцы. Да поту працаваў. Пасля такой працы паснедаў, насунуў на ногі святочныя боты, апрануўся ў жоўты кажух і вышаў з хаты...

— Куды яго панесла? — запыталася Марцініха ў Хвёдара.

Хвёдар моўчкі паціснуў плячыма.

Марцін ішоў па гайдачанскай вуліцы цвёрдым крокам чалавека ўпэўненага ў сваёй перамозе. Трымаў галаву роўна перад сабой і не аглядаўся па баках.

За ноч навярнула на ўсю вуліцу адну вялізную гурбу снегу. Трэба было выбіраць каля сцен, каля платоў, але Марцін не звяртаў увагі. Месцамі ён па калені ў снег увальваўся, але выратоўвалі доўгія халявы яго новых ботаў. А вось вуліца павярнула ў другі бок, дзе не было снегу.

Супроць хаты Антося Драчыка ён незнарок стукнуўся лоб у лоб з «Львом Талстым». На далікатную заўвагу старога «тоісь, як гэта?» ён нават не адказаў.

Адна думка сляпіла яму вочы і надавала бадзёрасці:

— Маё возьме!

Язэп — дзядзька з рыжай барадой і ружовым гладкім тварам — угледзеў яго яшчэ з акна, сустрэў ля самых дзвярэй.

— Сваток?

— Сваток.

Ужо некалькі год яны называюць адзін аднаго сватамі.

Язэп прыемна сажмурыў вочы, нібы не на Марціна глядзіць, а на яснае сонейка і запытаўся:

— З якою навіною?

— З такою, што нам трэба найхутчэй скончыць гэту справу — вяселле.

Марцін яшчэ не адсопся ад хады па глыбокім снезе.

Голас яго выклікаў трывогу ў Язэпа.

— Што здарылася? — спалохаўся Язэп. — Можа твой Хвёдар ужо...

Ён не дакончыў і строга зірнуў на сваю дачку Марылю, якая мыла гаршкі каля печы.

— Не, — засмяяўся Марцін. — Мой Хвёдар не з такіх.

— І мая Марыля не з такіх.

— Але як найхутчэй трэба ладзіць вяселле.

Пры гэтым Марцін махнуў рукою, нібы адганяў ад сябе надакучлівых мух.

— Уламаў сына на людскі шлюб?

— Не, дзе там! Але ўсёроўна трэба...

Язэп спахмурнеў. Раней зажмураныя вочы расплюшчыліся. Сіняватая сталь заблішчэла ў іх.

— Значыцца, нічога не будзе, калі так. Пачакаем, сваток.

Ведаеш, я сказаў — і аман, як адрэзана!

— Будзе! — зароў басам Марцін. — Яшчэ як будзе.

Ён з упэўненасцю палажыў цвёрдую руку на Язэпава плячо.

— Ніколі за бязбожніка дачкі сваёй не аддам! Ніколі!

Пры гэтым Язэп ківаў галавой направа і налева ў знак пацверджання сваіх слоў.

Марцін, адчуваючы сваю перамогу, якую зараз будзе мець, захіхікаў тоненькім хітрым смяшком, адразу стрымаў свой смех, зрабіўся сур’ёзным і давай тлумачыць:

— Кінь, сваток, бязбожніцтва і божніцтва! Ад гною большая карысць, павер ты мне. Калі яны, маладыя значыць, цяпер не запішуцца, дык можа прапасці цэлая гаспадарка. Я тады скажу, сваток, што ты знішчыў, спаліў гаспадарку. Мае словы шчырай праўдай будуць. Вось што!

Язэп адскочыў на крок назад і вылупіў на свата здзіўленыя вочы.

— Як гэта гаспадарка?

— А так, гаспадарка...

Чорныя вочы Марціна і сінія вочы Язэпа перапляліся рознакаляровымі агнямі здзіўлення і многазначнасці.

— Як гэта?

— А так...

— Нічога не разумею!

— Зразумееш

«Жартачкі — гаспадарка... — думаў Язэп.

«Ого, гаспадарка»... — меркаваў Марцін.

Зараз-жа бязбожніцтва і божніцтва адплылі кудысьці далёка ад іхняга ўяўлення, як-бы ніколі сваты не чулі царкоўнага звону, ніколі не бачылі айца Дзімітрыя, які не так, як усе папы, свае казанні гаварыў.

Думкі сватоў былі вельмі падобныя адны да адных. «Прападзе гаспадарка».

«Якая? Дзе? Якім чынам?»

Гэта ўжо не так важна. А гаспадарка гэта — хата, хлявы, пуня, гумно, агароды, жывёла, поле...

Сэрца Язэпа забалела.

... Што за загадка?

Непакоіўся, рабіў сумны выгляд і Марцін. Яго трывога была робленая, каб падбухторыць Язэпа. Ён добра ведае, што гаспадарка не прападзе. Зараз вытлумачыць Язэпу.

Водгаласкам на яго думкі Язэп сказаў:

— Дык растлумач, сваток, у чым справа?

— Справа простая. Пераходзім на пасёлкі?

— Пераходзім.

— На кожную сям’ю даюць надзел зямлі?

— Даюць.

— У мяне цяпер адна сям’я разам з Хвёдарам?

— Адна.

— А калі Хвёдар ажэніцца, будуць дзве сям’і, і на яго дадуць надзел зямлі. Зразумеў?

— Зразумеў...

Язэп церабіў бараду, і вочы яго зрабіліся такімі вінаватымі, нібы ён сапраўды хацеў разбурыць гаспадарку.

Марцін глядзеў на яго хітрымі вачыма і хіхікаў, і ў яго словах адчуваўся лагодны смяшок.

— Ну, сваток, што па-твойму важней — гаспадарка, ці шлюб у царк...

Язэп не даў яму скончыць. Сажмурыў вочы і кінуў у хату загад:

— Хутчэй да Сымона па самагонку!



17 - ПАД КРУШЫНСКАГА

правіць

Праз тыдзень пасля гэтай гутаркі адгулялі Хвёдарава вяселле без папа.

Улетку Хвёдар ужо меў у пасёлку новую хату, хлеў, гумно, жывёлу і розныя прылады для гаспадаркі.

Ранейшая хлапцоўская вёрткасць Хвёдара мінула. Ён агаспадарыўся і з выгляду. Тыднямі не галіўся. «Часу няма», — тлумачыў ён суседзям. Рухі яго зрабіліся павольнымі, змеранымі, узвешанымі. Адчувалася, што калі ідзе куды на дзядзінец, ці ў хаце ад кута да кута, дык не так сабе, а каб нешта рабіць, нешта паглядзець: ці ляжыць або стаіць яно на месцы. Ужо калі ступіць дзе, дык пакіне след — патрэбны, карысны для сваёй гаспадаркі. Бровы яго заўсёды цяпер насупленыя, вочы накіраваны ў адзін пункт і нібы прыглядаюцца да тых відовішч, якія Хвёдар малюе ў сваіх думках. Нават голас яго змяніўся, пасталеў: няма лішніх неабмеркаваных выкрыкаў. Словы льюцца павольна, тоненькім шнурком, нібы праводзіцца роўненькая, але глыбокая баразна. Не кідае Хвёдар слоў на вецер. Кожнае слова выпешчана, вынашана ў думках; выцягвае Хвёдар яго, нібы па кропельцы мёду з поўных сотаў.

Калі гаварыў з кім-небудзь, дык стараўся абдумваць, абмяркоўваць і адшліфоўваць кожнае слова, каб яно было вострым і гладкім, багатым па сэнсу. Дзеля гэтага паміж словамі заўсёды ён рабіў маленькія перапынкі, замаскаваныя клейкім і расцягненым гмыканнем; гмыканне прышчапілася да яго гутаркі, стала патрэбным, як восі да колаў.

Спачатку ён выгмыкваў такія думкі:

— Г-м-м. Такі закон. Трэба навучыцца гаспадарыць па-культурнаму... Г-м-м. Пасля, як навучымся, пяройдзем на калектыўныя формы гаспадаркі. Г-м-м. І аграном гаварыў: «пераходная ступень да калгаса...» Г-м-м...

Гэта ён аратарстваваў перад суседзямі-пасялкоўцамі, якія ведалі яго зусім інакшым на працягу ледзь не года пасля яго звароту з Чырвонай Арміі.

Калі-ні-калі наведваліся да Хвёдара яго былыя сябры — Змітрок і Антось Драчык. Змітрок жыў у другім пасёлку, а Драчык — у комуне. Яны часта між сабою сустракаліся і разам прыходзілі да Хвёдара.

— Глядзі, Хвёдар, каб ты тут гаспадарчай шэрсцю не абрастаў, і каб твая псіхалогія, як кажа «Леў Талстой», не змянілася, — гаварыў яму Змітрок.

— Г-м-м... не зменіцца, — супакойваў Хвёдар.

— А ты пра калгас трубіш людзям у вушы, культурнай справай займаешся? — дапытваўся Драчык. — Люблю шчырасць, мабыць, спіш у шапку.

— Г-м-м... дайце, браткі, людзям ачухацца. Яшчэ новыя гаспадаркі ў пасёлку як мае быць не наладжаны, а ўжо культура, калгас. Г-м-м... Што-ж гэта за скокі такія? Ведаеце, што працаваць на зямлі не гімнастычныя фокусы, а поўная напружаная праца. Г-м-м... Ды я-ж таксама, ведаеце, сам, адзін. Няма калі разгульваць. Не тое, што раней, калі пры бацьку жыў. Усё-ж такі я думаю аб культуры. Г-м-м. Часам аграном сюды прыязджае, раіць, як і што рабіць. Толькі я не чакаю яго. Купляю сам сельскагаспадарчыя кніжкі ды стараюся пакуль што хоць у сябе наводзіць культуру. Пабачаць людзі мае ўраджаі — вось і будзе агітацыя!

Новая хата Хвёдара пахне свежай смалою. Вокны вялікія: шмат сонца, шмат святла. Па сценах граюць сонечныя зайчыкі. У хаце ўсё новае і бліскучае. На стале ў кутку каля сцяны купка кніжак, газет. Яго жонка, Марыля, не вельмі гаваркая, але гаспадыня ветлая, з усмешкай на ружовым твары. Валасы яе золатам адліваюць, і здаецца, што і ад яе пахне сасновай смалою. Яна цяжарная. Асцярожна ступае па жоўтай новай падлозе. Ленасць і дрымотнасць у яе хадзе.

Задаволена глядзіць муж на жонку. Нібы пасля буры ў моры дабраўся да ціхай прыстані. Вось угледзеў, што абрус не роўна ляжыць на стале — паправіў. На падлозе газета — падняў, злажыў акуратненька і на месца.

Госці, Змітрок і Драчык, пераміргваюцца.

Прынёс Хвёдар з сенцаў пляшку гарэлкі. Жонка падала к сталу сыр, масла, сала, хлеба, белую булку.

— Ого! — здзівіўся Змітрок.

— Люблю шчырасць, гэта лішняе! — сказаў Драчык.

— Г-м-м... — усміхнуўся Хвёдар, — вы-ж у мяне самыя найлепшыя таварышы і госці. Чаму трохі не пабалавацца?

Селі за стол.

Няма жывой шчырай гутаркі паміж старымі таварышамі.

Нібы малазнаёмыя людзі сустрэліся. Змітрок глядзіць на новую печ. Драчык утаропіў вочы перад сабою на дзверы.

Здаецца, што яшчэ кагосьці чакаюць, які павінен увайсці ў хату, тады толькі пачнецца самае шчырае, цікавае і прыемнае.

Гаспадыня ставіць пачастункі на стол, працяжна і голасна ўздыхае. Хвёдар кладзе гасцям па відэльцу і нажу, расстаўляе талеркі, чаркі, налівае гарэлкі.

Усё гэта робіцца моўчкі — як-бы ў хаце нехта спіць, якога будзіць нельга.

— Г-м-м... калі ласка, таварышы, сілкуйцеся! Г-м-м... — просіць Хвёдар.

— Проша... — кажа гаспадыня.

— Што-ж гэта ў цябе, Хвёдар, за новая прывычка з'явілася? Пры кожным слове гмыкаеш, — заўважыў Змітрок.

Хвёдар пачырванеў.

— Вось прычапілася, г-м-м... нейкая дурная прывычка...

— Гэта ад розных думак па гаспадарцы. Глядзі, Хвёдар, каб праз меру ўласная гаспадарка цябе не за- хапіла. Люблю шчырасць, ты забываешся аб грамадскай працы.

— Г-м-м... А ну яе к ліху, зноў затыкаў, — смяецца Хвёдар. — Выпіце, браткі, і закусіце. Будзьце пэўны, што застануся такім, якім быў раней, толькі дайце агледзецца. Г-м-м...

Не клеілася ў іх гутарка. Гарэлка і закуска не памаглі. Моўчкі елі і пілі. Часта спыняліся, забываліся пра яду.

Змітрок глядзеў у новую сцяну сумным позіркам.

Драчык зазіраў Хвёдару ў глыбіню вачэй, нібы нешта вычытаць там хацеў.

Хвёдар адварачваецца. Яму непрыемна.

Праз адчыненыя вокны крадзецца ў хату ціхі летні поўдзень. Дзынкаюць пчолы. Два каляровыя матылі ўляцелі праз акно і замільгалі над сталом. На вуліцы на сонцапёку капаюцца ў пяску дзеці. Смяюцца. А вось сварыцца паміж сабою пачалі. Пачуўся дзіцячы плач, працяжны, жаласлівы, гучны.

Усе зірнулі ў акно.

— Г-м-м... Глупства, — кажа Хвёдар, — пасварыліся, памірацца. Піце, браткі, ежце!

Ён стараецца заглушыць непрыемнасць, якая пануе ў хаце.

— Дзякуем, — кажа Змітрок. — Чаму да мяне не прыдзеш?

— Усё, г-м-м... няма калі...

— А колькі разоў прасіў цябе паглядзець наш «Чырвоны Кастрычнік». Люблю шчырасць, цікавіцца перастаў нашай комунай. Стары «Леў Талстой» і то часта наведваецца.

— Паспею, дайце агледзецца! — з хваляваннем у голасе адказвае Хвёдар.

Падняўся з зэдліка і давай спацыраваць па хаце туды і сюды. У гэтыя хвіліны Хвёдар зноў як-бы стаў ранейшым (да наладжвання ўласнай гаспадаркі): руплівым, гарачым, вёрткім, шчырым і натуральным. Ранейшы голас, ранейшы бляск у вачах. Ходзіць па хаце і гаворыць так, нібы перад самім сабою апраўдваецца:

— Усе гады пражыў у беднаце, у гразі, у цемнаце. Дык ці-ж не маю права і я, г-м-м... наладзіць сваё жыццё? Хачу трохі на ногі падняцца. Няўжо-ж гэтым раблю злоўчынак перад бядняцкай грамадою? Я-ж таксама член грамады. Я-ж не болей як чалавек. Г-м-м...

Змітрок міргнуў Драчыку, Драчык — Змітраку.

— Бярэшся пад Крушынскага... — заўважыў Змітрок.

— Правільна! — пацвердзіў Драчык і стукнуў кулаком аб стол.

— Што вы, таварышы? — пакрыўдзіўся Хвёдар. —Крушынскі эксплаатуе чужую працу. Ён багаты, а я? Г-м-м... Я ўсё сваімі рукамі. Во, глядзіце, — мазалі на маіх руках. Наркамземаўскі аграном хваліць мяне кожны раз, як сюды прыязджае.

— Ты забыўся на беднату, на соцыялістычнае будаўніцтва. Думаеш толькі аб сабе. Вось што, Хвёдар, я табе скажу! — прабіраў яго Змітрок.

— Праз некаторы час зробішся воўкам, мядзведзем у бярлозе. Люблю праўду, гэта факт. Вось і пасёлкі! Вось яны! — крыкнуў Драчык. — Ражнамі лезуць яны ў горла! Ну і прыдумаў Наркамзем! Гэта-ж чорт ведае што...

Твар у Хвёдара наліўся крывёю. Вочы памутнелі і зрабіліся вільготнымі.

— Браткі... — пачаў ён дрыжачым голасам. — Вы-ж сапраўды лічыце мяне злачынцам. За што? За тое, што перасялілі на новае месца і далі магчымасць весці па-культурнаму гаспадарку і па-культурнаму жыць? Г-м-м... За тое, што я чытаю газеты і кніжкі і хачу суседзям паказаць розніцу паміж маёй гаспадаркай і іхняй? Г-м-м... Каб мог-бы, дык сэрца сваё паказаў вам, што я гэта ўсё шчыра раблю, шчыра... Г-м-м...

Хвёдар змоўк. Сеў за стол, падняўся, гмыкнуў і зноў сеў. Па ўсім відаць было, што чалавека нешта мучыла. Ён сабе месца не знаходзіў. Адварачваўся да акна, зганяў мух з падаконніка, глянуў пустымі вачыма на гасцей, на хату і не ведаў, што рабіць і дзе дзецца.

Змітрок падсунуўся да яго бліжэй, па-сяброўску палажыў яму руку на плячо і лагодным голасам шапнуў:

— Супакойся, Хвёдар, супакойся.

Гаварыў ён да Хвёдара такім тонам, нібы доктар да хворага. Гаварыў ад усяго сэрца:

— Глядзі, вось у пасёлку, дзе я жыву, малочнае таварыства наладзілі, машыннае, меліярацыйнае. Я бадай кожны дзень пасялкоўцам газеты чытаю. У цябе нічога гэтага няма.

— Будзе! — крыкнуў Хвёдар на ўвесь голас, і ад нутранага хвалявання твар яго афарбаваўся ў колер цэглы.

Жонка Хвёдара моўчкі прыслухоўвалася да гутаркі і варожымі вачыма глядзела на гасцей. Ледзь-ледзь з яе языка не сарваліся словы такога зместу:

— Чаго вы прышлі? Разбурыць тое, што мой Хвёдар пачаў будаваць? Няма чаго сказаць, добрыя таварышы!

У хаце стала ціха. Непрыемнай была гэта цішыня. Ніхто не ведаў, аб чым яшчэ гаварыць. Усё было сказана. Усё было абмеркавана. Змітрок утаропіўся вачыма ў бутэльку з гарэлкай, на якой сонца іграла колерамі.

Драчык прылажыў руку да грудзей, і на твары яго быў такі выраз, нібы яму нехапае паветра.

Хвёдар схаваў вочы пад брывамі, увесь як-бы сціснуўся і чакаў новага нападу.

Ва ўсіх было адно і тое самае жаданне: як найхутчэй разыйсціся хто куды. Гарэлка і закуска стаялі на стале бадай нечапаныя. Быў страчан апетыт.

І госці і гаспадар адчулі, што паміж імі ўстае сцяна. Пакуль што паложана толькі адно бервяно. Яшчэ можна праз яго пераходзіць. Але бярвенні будуць паднімацца адно за адным. Сцяна будзе расці і расці, аж пакуль з абодвух яе бакоў адны адных бачыць не будуць.

На адным з адчыненых вокан грэецца на сонцы белы тлусты кот. Ён паглядае на хату дрымотнымі сажмуранымі вачыма. З двара чуваць, як квактуха кліча сваіх куранят. А вось з боку гарода пачуўся гуд — вясёлы гуд з тонкімі перазвонамі: нехта вядзе адну ноту на ліры.

Усе наставілі вушы.

— Што гэта гудзе? — усхапіўся Хвёдар.

Яго жонка, якая ўвесь час маўчала, успляснула рукамі і крыкнула ў роспачы:

— Малады рой вылецеў! Хвёдар, хутчэй!

Хвёдар ускочыў з месца ўстрывожаны, нібы дом загарэўся.

— Прападзе малады рой...

Заклапочаныя Хвёдар з жонкаю выбеглі на двор і давай гнацца за пчоламі.



18 - «МАЯ ХАТА КУЛЬТУРНАЯ»

правіць

Хвёдар пчол палюбіў.

На другі год працы ў пасёлку пятнаццаць рамавых вулляў паставіў. Каня памяняў на лепшага, гадаваў жаробку. Купіў яшчэ адну карову.

— Для гною, каб больш гною было ў гаспадарцы, — раіў яму бацька.

Часта прыходзіў і бацька яго жонкі. Радаваўся і нарадавацца не мог. Гарэла агнём яго рыжая барада. Светлыя вочы былі сажмураны ў дзве бліскучыя шчылінкі.

— Вось гэта я разумею, — гаварыў ён. — На вокнах фіранкі, вазоны. На падлозе дарожкі. Гэта па-людску! Хвалю!

— Кіньце аб гэтым, тата. Вечна адно і тое самае гаворыце.

— Я гэта, каб людзям паказаць, як жыць трэба па-культурнаму... Г-м...

— Ну і жартаўнікі!

На поўныя грудзі рагоча рыжы Язэп.

— Гэ-гэ-гэ! Востры ты, зяцёк, на язык, ой востры! Мабыць, ад Крушынскага навучыўся. Разумны ён чалавек, ой, разумны! Малайчына ты, што здружыўся з ім, ой, малайчына!

Трасе Язэп рыжай барадой, аглядае ўсе куткі Хвёдаравай хаты, радуецца і нарадавацца не можа. Раптам мяняе тон і сур'ёзным голасам пытаецца:

— Як унук?

— Здароў.

— Не пашкодзілі папоўскія хрэсьбіны?

— Г-м-м...

З хрэсьбінамі вышла гісторыя.

Хвёдар тады павёз збожжа ў млын да Язэпа Крушынскага. Рыжы Язэп, цесць Хвёдара, аб гэтым ведаў. Малога хлопчыка, сына Хвёдара, павезлі да айца Дзімітрыя. Там-жа чакалі кумы. Ахрысцілі хлопчыка паводле ўсіх правіл.

Хвёдар сядзеў тады ў млыне ў Крушынскага аж два дні. Як вярнуўся адтуль, дык падняў скандал на ўвесь пасёлак.

— Маё шчасце, — крыкнуў ён, — што я беспартыйны, а то выкінулі-б з партыі.

Праз некалькі дзён ён забыўся пра скандал і запытаўся ў жонкі:

— Папу заплаціла?

— Заплаціла. Ты, здаецца, перад тым, як паехаў у млын, сам сказ...

Жонка стрымалася на поўслове.

— Г-м-м... Занясі яму трохі мёду. Чалавек ён культурны. Можа калі прыгадзіцца.

Селі палуднаваць.

Рады Хвёдар, што сынок гадуецца.

— Трэба старацца цяпер і на маленькага Мікітку! — кажа ён да жонкі бадзёрым голасам.

— Яму яшчэ мала трэба.

— Але-ж падрасце. Мала ў нас зямлі. Вось, каб яшчэ кавалак сенакосу, пару шнуроў пад жыта. Эх, загуляў-бы...

— Ты-ж не здолееш.

— Яшчэ як здолею! Толькі давай!

Хвёдар і пры ядзе ад руплівасці лоб моршчыць:

«Да каго падсунуцца? Ніхто лішняга не мае».

Есць шпарка:

— Трэба ўпарадкаваць гумно. Як пачнецца касьба, не будзе калі.

Неўзабаве нехта рыпнуў дзвярмі, Хвёдару думкі перабіў.

У хату ўваходзіць хлопчык гадоў дзесяці, чарнявы, як цыганёнак, у яго чорныя спалоханыя вочы. Стаў хлопчык каля парога, апусціў рукі, перабірае на адным месцы закарузлымі босымі нагамі і канфузіцца ступіць далей чыста вымытая, жоўтая, як воск, падлога, тканая ўзорамі дарожка ад дзвярэй да стала палохаюць яго.

Хлопчык глядзіць на Хвёдара, разявіўшы рот.

Прыемна Хвёдару, што яго хата робіць на хлопчыка такое ўражанне.

— Што, братку, скажаш? — пытаецца ён у хлопчыка лагодным голасам.

— Тата прасіў...

Але яго Хвёдар перабівае:

— Што трэба сказаць, як уваходзяць у хату?

— Дзень добры! — кажа хлопчык і чырванее.

— Вось так! Ну, а цяпер, што тата прасіў?

— Тата прасіў, каб дзядзька Хвёдар да нас прышоў.

— Добра. Скажы, што зараз прыду.

Хлопчык ціхенька высунуўся за дзверы.

— Г-м-м... Навошта ён мяне заве?

Ведае Хвёдар, што бацька гэтага хлопчыка, Сідар Мядзведзкі, ужо другі тыдзень з хаты не выходзіць. Яшчэ з вясны занядужаў, высах, кашляе. З бядой папалам абсеяў поле вясной, а цяпер зусім паддаўся.

Кончыў полудзень і пайшоў да Сідара.

На дварэ горача. Сонца пячэ якраз у твар. Хвёдар жмурыць вочы, ідзе павольным млявым крокам.

Вось і Сідараў двор — адчынены. Вароты ляжаць на зямлі, і пустая брама выглядае, як разяўлены бяззубы рот. На дрывотні ні палена дроў. Малыя дзеці сядзяць на возе, а двое большых цягнуць за аглоблі.

— Адразу відаць, што гаспадар хворы, — кажа Хвёдар самому сабе, адчыняючы дзверы хаты.

У бруднай і запушчанай хаце цэлыя хмары мух.

Сядзіць Сідар на ложку, кашляе і рукамі мух ад сябе адганяе. Ён кашляе надрыўна і прытрымлівае грудзі адною рукою.

— Дзень добры!

— Добры дзень!

Голас у Сідара такі, нібы нехта водзіць пілою па гнілой калодзе.

Хвёдар да яго прыглядаецца, вельмі змяніўся хворы за апошні час. Сядзіць згорблены ў расхрыстанай зрэбнай кашулі. Шчокі пажаўцелі, запалі, скура да самых касцей прыліпла. Толькі вочы гараць чорным ліхаманкавым бляскам.

Каля ложка наплёвана.

— Чаму вокны зачынены? Табе-ж няма чым дыхаць.

— Пацею вечна. Баюся, каб не прастудзіцца.

— Пацееш, бо ў душнай хаце сядзіш. Вышаў-бы на гумно, там паветра чыстае.

— Ат... — махнуў Сідар рукой. — Не магу... Сэрца баліць, як гляну на гаспадарку. Лепш, каб вочы не бачылі...

Хвёдар маўчаў. Не ведаў, што на гэта адказаць. Пасля запытаўся:

— Да майго дачніка хадзіў? Ён-жа добры доктар?

— Ат... мала ён памагае. Раней, ведаеш, так-сяк працаваў, абсяваў поле. А цяпер... (Сідар закашляўся) касьба не за гарамі, і не ведаю, што рабіць...

Хворы ўтаропіў у Хвёдара пранізваючыя вочы.

Хвёдар гмыкнуў глыбокадумна і адвярнуўся.

«Г-м-м... Што яму параіць?»

Каб гэта было два гады таму назад у Гайдачанах, дык грамадою дапамаглі-б пры такой бядзе справіцца з сенакосам. Тады іншае было. Тады Хвёдар яшчэ не меў сваёй сям'і і сваёй гаспадаркі. Тады ён сябраваў з Змітраком і Антосем Драчыкам. А цяпер?

«Г-м-м... Жыццё ў мяне інакш накіравалася...»

Пры гэтых думках Хвёдар не адважваецца зірнуць Сідару ў бліскучыя вільготныя вочы. Нібы нешта ўкраў у хворага.

А вочы Сідара мігацяцца ад нейкай затоенай сарамлівасці. У іх нямое запытанне:

— Што рабіць?

Хвёдар толькі адным вокам зірнуў на вінаватую збянтэжаную постаць Сідара. Нешта ўзварухнула ўсё яго нутро. Ледзь з языка не сарваліся такія словы:

— Пагавару, Сідарка, з пасялкоўцамі. Агульнымі сіламі мы табе ўпарадкуем сенакос...

Ведае Хвёдар:

Каб ён так сказаў, дык Сідар ад шчырай удзячнасці яшчэ больш засароміўся-б, яго вочы яшчэ больш вільготнымі сталі-б. Яго, Хвёдара, пранізала-б пры гэтым наскрозь гарачая хваля прыемнасці...

«Вось зараз скажу яму...»

У хаце глухі гуд ад мух. Хворы кашляе.

Хвёдар перабіў свае думкі такім запытаннем:

— Дзе жонка?

— Павяла каня на пашу.

— Чаму хлапца не выправіла?

— Хлопец? Каня баіцца. Брыкаецца конь.

— Г-м-м...

І думкі Хвёдара накіраваліся ў другі бок:

«Што мне больш за іншых клапаціцца пры чужой бядзе? Мяне ўсёроўна ніхто ў бядзе не пашкадуе. Яшчэ я сам добра на ногі не стаў, каб пра іншых думаць».

І Хвёдар сказаў зусім не тое, што хацеў сказаць спачатку:

— Прыдзецца табе, Сідар, аддаць сенакос каму-небудзь на палавіну. А там да жніва можа сам паправішся, а не — дапаможам грамадою.

— Дзякую, суседзе... Але хто возьме ў мяне сенакос?

— Г-м-м... Хто яго ведае? Ты ні з кім з пасялкоўцаў яшчэ не гаварыў?

— Табе першаму кажу.

Хвёдар паморшчыў лоб, каб схаваць радасць, выкліканую апошнімі словамі Сідара, і давай разважаць уголас:

— Бадай што ніхто не возьме, бо ў кожнага сваё.

Сідар забедаваўся.

І пачаў Хвёдар аглядаць усе куткі хаты: усюды бруд, лахманы. Захаваная гордасць з'явілася:

«Мая хата культурная...»

ён пералічыў у памяці ўсе двары пасялкоўцаў:

«...Паранейшаму, як у Гайдачанах, жывуць. У мяне самая лепшая гаспадарка...»

— Г-м-м... Дык вось, братку, трэба абмазгаваць справу з тваім сенакосам.

Сідар палахліва зірнуў на Хвёдара. Запрапанаваў:

— Можа-б ты, Хвёдар, узяў на палавіну мой сенакос?

— Не спраўлюся.

— Бацька дапаможа, цесць.

Сенакос застаўся ў Хвёдара...


19 - ХВЁДАРАВЫ ДАЧНІКІ І ЛЯВОНКА

правіць

У кожную летнюю раніцу Хвёдар любіць абыходзіць сваю гаспадарку, аглядаць тое, што з кожным днём расце і плодзіцца.

Выйдзе з расою, каб паглядзець, ці няма слядоў чужых ног, ці не здратаваны поле і луг начлежніцкімі коньмі.

Каля хаты кветнік насадзіў. Курэй і свіней на чысты двор не пускае, бо дарожкі пасыпаны жоўтым пяском. Куры і свінні маюць сваё месца каля хлява. Пры чыстым дварэ белы частакол, вароты з разьбою, з пяцікантовымі зоркамі.

Кветнік ён зрабіў для дачнікаў.

Ужо другое лета да яго доктар з сям‘ёю на дачу з Мінска прыязджае.

Сухі хваёвы бор зусім блізютка ад гумна. Стромкія дрэвы жывой сцяною абгароджваюць гумно Хвёдара. Нават на гумне смалою пахне. Калі хвоі шушукаюцца ад ветру, дык іхні шэпт даходзіць праз гумно аж да хаты.

— Зімою выскачу з хаты з паляўнічай стрэльбай, прайду некалькі сот крокаў і ўжо ў лесе, — хваліцца Хвёдар перад дачнікамі.

— Гэты бор лепшы курорт, чымся Крым і Каўказ,— кажа яму доктар па сакрэту.

Два разы на тыдзень доктар хворых прымае. Прыходзяць і прыязджаюць з усёй ваколіцы.

— Вось вам і доктарская дапамога, — хваліцца Хвёдар перад суседзямі. — Г-м-м... Не жарты, культура!

— Дзякуем за такую культуру. Доктар па тры рублі

дзярэ. Ласка невялікая...

— Г-м-м... і яму-ж трэба жыць. Мала ён гараваў, пакуль навучыўся? Г-м-м... Доктарства — яго поле, яго барана, яго саха.

Маўчаць суседзі.

— Г-м-м... А бальніца ў Шапалевічах. Там дарэмна лечаць. Каму не падабаецца доктар, можа ехаць туды.

Маўчаць суседзі.

Не ведае Хвёдар, ці згодны з ім, ці не...

— Г-м-м... Вы, суседзі, такой культурнай выгады не разумееце. Доктар тут-жа, на месцы. Хоць штодня хадзі да яго. Як у горадзе...

Весела ўлетку ў Хвёдаравым дварэ.

Ён, яго жонка, малы хлопец, доктарава сям'я і бедная жанчына-сваячка, якой ён, Хвёдар, «даў прытулак» (працуе ў яго да дзесятага поту).

І нават бор ажыў.

Не лес, а парк з прысадамі. Песні, гутаркі, смех, шум дзяцей. У сонечныя дні гамакі прывязаны да хвояў. Прытульна.

Воддаль ад гамакоў лупіны ад яек, косткі ад курэй, газеты, акуркі ад папярос, бутэлькі ад піва, віна.

Часта падкрадваецца туды пастушок Лявонка. Стаіць за дрэвам, каб яго не заўважылі, і слінку глытае, гледзячы на доктарскі абед.

Дзівіцца дванаццацігадовы Лявонка, сын удавы Мацеіхі, глядзіць на старэйшага доктарскага сынка, такога-ж хлопчыка, як ён.

Той ляжыць сабе ў гамаку ў кароткіх трусіках і пячэ плечы на сонцы. Тоцікам завецца доктарскі хлопчык.

Часта Тоцік кніжкі чытае — кніжкі з прыгожымі малюнкамі...

Вострае вока ў Лявонкі — здалёк ўгледзеў.

«Чым Тоцік лепшы за мяне?» — часам думае Лявонка.

А ў лесе смалою пахне. Знізу, дзе гамакі, ціха. Зверху вечна шумяць вершаліны хвояў.

Часам зязюлька кукуе.

— Ку-ку! ку-ку! — лічыць яна хвоі.

Доктар ляжыць у гамаку і глядзіць у неба. Па сіняве праплываюць ваўняныя бялявыя хмаркі. Нехта вялікі курыць там папяросы і дым пускае.

Доктарыха, тоўстая і заклапочаная, злуецца на Тоціка, візгатлівым голасам, нібы шкло рэжа, крычыць:

— Чаму, Тоцік, нічога не ясі?

— Я толькі што еў.

Тоцік дрыгае нагамі.

— Ты-ж павінен паправіцца на дачы. Ну і сынок...

Лявонка не варухнецца за дрэвамі. Слухае. Цікава.

Вельмі хочацца кінуць шышкай на Тоціка і крыкнуць «Тоцік-дроцік», але баіцца.

«Мая маці ніколі не крычыць на мяне за тое, што мала ем. Розныя маткі бываюць...» — думае Лявонка.

Уяўляе Лявонка сваю матку: тонкая, касцістая, вечна плача. Яе босыя ногі з крывымі пальцамі — чорныя, патрэсканыя.

Лявонку злосць бярэ на матку, што яна такая. А можа не злосць, а жаласлівасць, бо яму раптам сумна становіцца, хочацца плакаць...

І лезе Лявонку нешта ў галаву — не то думка, не то сон.

Гэта было тады, калі Лявонка быў яшчэ зусім малы, ледзь носам да стала даставаў.

Як прывалілі аднаго разу легіянеры ў хату. У руках у легіянераў бізуны:

— Давай сена!

— Давай аўса!

— Каня!

Спалохаўся спачатку бацька. Потым пачаў аднеквацца:

— Няма.

Тады бацьку бізунамі білі па спіне, па твары, па вачах...

Бацька сцяў зубы і маўчаў.

Хутка пасля гэтага не стала бацькі. Не прыходзіў дахаты дзень, два, тыдзень і больш.

Нудна Лявонку без бацькі...

Раней, бывала, бацька садзіў яго да сябе на калені, гладзіў па галоўцы і гаварыў:

— Вырасцеш, Лявонка, тады вучыцца будзеш, малайцом у мяне станеш.

Аднаго разу з Шапалевічаў коніка паліўнага прывёз. Лявонка дзьмуў, пальцамі па дзірачках перабіраў. Вельмі ладныя гукі выдаваў конік.

У другі раз белую булку прывёз з Шапалевічаў. Смачная была булка, упершыню Лявонка еў такую...

Занудзіўся Лявонка.

— Дзе тата?

Глядзела тады на яго маці, забедавалася і пачала вочы выціраць.

— Дзе тата? — не адставаў Лявонка.

— Ты, Лявонка, сіратою застанешся.

— Чаму?

— Бо тата ў лес пайшоў.

— Няхай хутчэй адтуль вернецца!

— Бог ведае, ці вернецца...

— Дык і я да яго пайду!

— Ты яшчэ малы...

І маці глядзела тады на Лявонку такімі вачыма, нібы радавалася, што ён яшчэ малы...

І не толькі адзін Лявонка бацькам цікавіўся: часта прыходзілі ў хату легіянеры — злосныя, страшныя.

— Дзе муж? — крычалі яны на матку і лаялі яе.

— Дзе тата? — пыталіся ў яго.

— Не ведаю, — казала маці.

— Не ведаю, — паўтараў за ёю і Лявонка, хоць ён і ведаў, што тата ў лесе.

Зноў бізун...

І ўздумаў Лявонка:

— Пайду ў лес тату шукаць.

Маці аб гэтым не сказаў ні слова, бо яна не дазваляла малому з хаты выходзіць у гэткі неспакойны час.

Лявонка пайшоў у той самы лес, дзе цяпер сядзяць дачнікі, тату шукаць.

Над хвоямі кружыўся груган. Спачатку цямнеўся маленькай кропкай у залацістай вышыні, а пасля пачаў расці, распрасцёр шырока-шырока крыллі.

— Пэўна груган недзе тату бачыў...

Доўга тады брыў Лявонка па лесе. Высокія хвоі маўчалі, дрымотныя ад гарачыні. Па некаторых пнях, аблысеных сякерай, цякла смала.

«Дзе тата?» — думаў Лявонка.

І яму здавалася, што дрэвы шапочуць і кажуць:

— Няма таты.

Па дрэвах не смала цячэ, а слёзы.

А птушкі спяваюць, а сонца лезе з хвоі на хвою і глядзіць на Лявонку... І так жаласна стала Лявонку. Ён заплакаў: вельмі хацелася тату пабачыць...

Вышаў на бераг лесу да жыта. Лёгкі ветрык нешта шапацеў з каласамі. Яны нахіляліся да Лявонкі — і можа яму здавалася, што яны гаварылі:

— Шукай у полі! Шукай у полі!

І пабег Лявонка ў чыстае поле, а ў сэрцы хлопчыка такая жаласць...

Бяжыць, бяжыць сенакосам, аўсамі, па жытніх межах. Бяжыць, бяжыць.

Ніхто яго тут не стрымае, пакуль таты не знойдзе. Спацеў увесь Лявонка, змарыўся і дабраўся аж да вялікага каменя.

Камень аброс лішаямі, на ім сляды птушак. Часта яны тут спачываюць. І цяпер некалькі шчыглоў сагнаў Лявонка з каменя. Камень падобны да вялікай і высокай труны.

Успомніў Лявонка, што дзяды кажуць пра гэты камень.

У акамянелай труне ляжыць тут акамянелая пані. Апоўначы, як толькі месяц узнімецца над полем, яна ходзіць па гонях туды і сюды. А валасы ў яе распушчаныя.

І сеў Лявонка адпачыць ля каменя. Каб уночы, дык пані спалохаўся-б. Удзень сонца тут свеціць, птушкі чылікаюць.

А воддаль вёска Рудня. Цяпер на тым баку мяжы, пад Польшчай.

Як тады дамоў дабраўся, Лявонка не памятае. Здаецца, нейкая цётка з Рудні прывяла яго дахаты.

Лявонка больш таты не бачыў.

Суседкі на яго жаласлівымі вачыма паглядалі і называлі сіратою.

І лезе Лявонку нешта ў галаву — не то думка, не то сон...

Доктарыха ляжыць у гамаку. Гамак пад ёю аж да зямлі апусціўся. Абхапіў яе гамак з усіх бакоў белым палатном. Бачыць Лявонка, якая яна круглая і тоўстая, яна газету чытае.

Хмельны пах лесу лезе ў нос, у горла. З блізкага лугу пахне скошанай мурожнай травою. Гудуць пчолы.

Дзівіцца Лявонка:

— Як гэта доктарыха чытае, калі газета на самым яе носе?

Востры слых у Лявонкі.

— Х-х-м-м... Х-х-м-м...

Доктарыха не чытае, а спіць. У яе добры сон. Не чуе, як над самай галавою зязюля кажа грудным зычным голасам:

— Ку-ку! Ку-ку! Ку-ку!

Водгаласкі з усіх бакоў.

Лявонка нацэліўся вачыма. Глядзіць. Радасць засвяцілася раптам у яго вачах. Ціхенька падняў шышку. Доўга цэліўся. Кінуў...

— Ай-ай... — візгатнула доктарыха. — Хто гэта? Што гэта?

Доктар яе супакойвае і тлумачыць:

— Шышка з дрэва ўпала.

— Але ў самы нос трапіла... баліць... — дзівіцца доктарыха.

Лявонка ціхенька адсоўваецца далей ад дачнікаў. Рот рукою прыціснуў. Каб так не зрабіў, дык зарагатаў-бы на ўвесь бор.

Праз некалькі хвілін Лявонка зноў падбягае да дачнікаў і крычыць на ўвесь голас:

— Тоцік-дроцік, з’еш кампоцік!

Шануе Хвёдар доктара:

— Ого! Такі культурны чалавек!

І Хвёдар часта напамінае пасялкоўцам:

— Доктар прасіў, каб дзеці не цягаліся ў лесе па тых месцах, дзе ён з сям'ёю адпачывае.

— Цьфу! Пан які! Як гэта дзецям забароніш? Глупства, Хвёдар, гаворыш!

Калі просьба Хвёдара не памагае, ён сам прыбяжыць у лес ганяць адтуль сялянскіх дзяцей.

Хвёдар любіць культурных людзей.

— Гэта-ж не жартачкі, на некалькі сот рублёў дачнікі ў мяне за лета прадуктаў купляюць. Г-м-м... Я-ж не шкадую. Няхай ядуць на здароўе. Яны-ж культурныя людзі...

Але часта хмурыцца Хвёдар, незадаволена аглядаецца па баках.

На адчувае за сваёй спіною неспагадлівыя вочы пасялкоўцаў. Яны перасталі яго паважаць.

Драчык і Змітрок да яго больш не паказваюцца, а па ваколіцы пусцілі гаворку, што ён, Хвёдар, кулаком зрабіўся, што нават сябраваць пачаў з Язэпам Крушынскім.



20 - «ТРЭБА ТРУЦІЦЬ СТУДНІ»

правіць

А ў адзін з лістападаўскіх дзён-непагадзяў тысяча дзевяцьсот дваццаць шостага года Язэп Крушынскі, паводле свайго звычаю, прыехаў у Мінск да Антона Цярэшкі. Адна з традыцыйных яго паездак у горад, якія былі ледзь не пастаўлены яму ў абавязак год таму назад, у часе хрэсьбін, калі «знакамітыя людзі» гасцілі ў Курганішчы.

Тады Цярэшка яму сказаў:

— Ты, братку Язэп, прыязджай ка мне больш акуратна. Хоць-бы раз у месяц. Шкадаваць не будзеш. Ты-ж у нашым доме выгадаваўся. Будзь у мяне, як у сваёй хаце. Табе карысна сустракацца з рознымі людзьмі. Чуць якая-небудзь небяспека тваёй гаспадарцы, млыну, дык не бойся. У Мінску ёсць нямала сваіх людзей — дапаможам. Прыязджай!

І тут-жа Цярэшка навёў стрэлку гутаркі на іншы лад, на ўспаміны дзяцінства, калі яны жылі разам:

— Помніш, Язэпка, як пацук у ванне апынуўся? Помніш выпадак з грашмі, калі я ўкраў у бацькі сто рублёў, і ён думаў, што гэта твая работа? А як я ўкінуў тваю шапку ў студню, помніш? Эт, як ідуць гады! Здаецца, толькі ўчора ўсё гэта было... Дык ты, братку, прыязджай да нас.

Крушынскі адчуў, што ўспамінамі з дзіцячых год Цярэшка хоча нешта, нібы заслонай, прыкрыць, схаваць. Ніколі Цярэшка не ўдаваўся ў такія сентыменты.

У Мінску гутаркі між стрыечнымі братамі заўсёды накіроўваліся на адну тэму: аб настроях сялян на тэрыторыі «рэспублікі» Язэпа Крушынскага ў ваколіцы Курганішча — у прымежнай паласе. На гэту тэму вельмі асцярожна і трапна наводзіў гутарку Цярэшка. У выглядзе начынкі ён перамешваў сказы ўспамінамі ранейшых часоў, успамінаў бацькоў, матак і ўсіх сваякоў, пускаў у ход жарцікі, дробныя анекдоты. Усе гэтыя гутаркі мелі заўсёды розныя варыянты аднаго і таго самага канчатку:

— «Рэспубліка» твая моцная. Жыві, Язэпка, спакойна. Ніхто цябе не зачэпіць.

Заўсёды паўтарэнні аднаго і таго самага спачатку дзівілі Крушынскага. «Гэта не здарма, — думаў ён. — За гэтым нешта захавана, нібы костачка ў сліве. Такое супакойванне, што ўсё ў мяне будзе добра з’яўляецца нейкай адплатай за нешта нейкае».

І Крушынскі трохі крыўдзіўся на стрыечнага брата за ледзь улавімую скрытнасць, адчуў не смак. Жмурыў вочы, усміхаўся і з яго языка вось-вось сарвуцца словы:

«Ведаю...

... Разумею...»

Ён прыпамінаў гутарку з «маршалкам», дзе той хваліў такіх гаспадароў, як ён — Крушынскі, — і здагадваўся, што такія візіты да стрыечнага брата ўведзены не без парады з боку «маршалка», што гэта ідзе можа яшчэ аднекуль «вышэй». І ён адчуваў сябе пакрыўджаным: чаму перад ім не адкрываюць сутнасці справы? Чаму ён павінен выконваць нейчыя загады і не быць у цэнтры ўсяго? Чаму?.. Цярпеў яго гонар. Але ён адчуў, што яго місія — такая маленькая і бязвінная — да таго, відаць, важная, ажно адкінуў, як брыдкага слімака, свой гонар. Антось Драчык часта рабіў падкопы пад яго гаспадарку, пад яго млын. І вось Цярэшка аднаго разу ў сябе на вечары пазнаёміў Крушынскага з нейкім наркамземаўскім тузам. Туз спадабаўся Крушынскаму. Ён быў вельмі ласкавы, прыгожы і фарсісты. Туз яму сказаў:

— Калі што якое, дык адразу праз Цярэшку дайце знаць мне. Такіх культурных гаспадароў крыўдзіць не будзем.

Пасля гэтага Крушынскі стараўся кожны раз прывозіць Цярэшку як найбольш вестак, цікавіўся імі на месцы, збіраў іх ад суседзяў і адчуваў сябе гаспадаром нечага такога, чаго рукамі не зловіш, вокам не пабачыш і вухам не пачуеш, але... з гэтага нешта выйдзе такое (ён успомніў словы «маршалка» аб вайне), выйдзе нешта такое... Тады і рукамі, і вачыма, і вушамі... План і думкі роіліся ў галаве Крушынскага руплівымі пчолкамі: «Толькі цяпер, калі ў Курганішчы маё карэнне ўрасло глыбока ў зямлю, патрэбна тое, аб чым гаварыў «маршалак»: каб комуны і калгасы не распаўсюдзіліся, а то...

... Калі я цяпер выконваю нейкія абавязкі, дык толькі для сябе. Я граю на сваёй уласнай скрыпцы».

Ён стараўся шчыра. Ён хацеў, каб такая дзейнасць разгортвалася не толькі тут, але па ўсёй Беларусі. З некаторых слоў Цярэшкі, з адносін да яго, Крушынскага, знакамітых знаёмых, ён зразумеў, што так яно і робіцца. Ён быў вельмі рад... Ён цяпер толькі пачаў разумець гутаркі «знакамітых» аб «беларускай культуры», аб розных кнігах:

...«Тое самае»...

Дык вось у адзін з лістападаўскіх дзён Язэп Крушынскі прыехаў да Цярэшкі з вялікім запасам свежых вестак.

А ў кватэры Цярэшкі садом. Прыемны садом. Мэбля перакідваецца і перастаўляецца з месца на месца, чысціцца, гладзіцца, выбіваецца з яе пыл у салодкім рыхтаванні да нечага новага і надзвычайнага. Прыемны садом. Печанае, смажанае, варанае ў сталовым пакоі, у кухні выдае сімфонію смачных пахаў. Прыемны садом. У буфеце і ля буфета на падлозе цэлая армія рознастайных бутэлек з рознастайным пітвом знаходзіцца ў шаноўным чаканні шаноўных гасцей. Строгая рэвізія адбываецца ў шафе з вопраткай. Адбіраецца лепшае, з лепшага — самае найлепшае і чысціцца, прасуецца, гладзіцца.

Рыпаюць дзверы, тупаюць ногі, трывожныя галасы. Завіруха. Кватэра Цярэшкі адноўлена, асвежана, усе рэчы яе, усё абсталяванне чакае гасцей над гасцямі, нібы дзеці багатага дзядзьку.

Такую завіруху сустрэў Язэп Крушынскі, калі ўвайшоў у кватэру Цярэшкі.

Пані Мар'я агнявела сінню вачэй, палыхала пунсовасцю шчок, гойдалася ў зыбцы прыемнага хвалявання.

Пройдзе некалькі крокаў плаўна, пышна, нібы пава, потым бягом туды і сюды, уся напружыненая ды ўсё камандуе работніцай, нібы генерал арміяй, робіць па пакоях вялікай кватэры тое вялікае бязладдзе, з хаосу якога павінен вось-вось, нібы чапурыстая дама, выступіць строгі лад і парадак.

Пані Мар'я зірнула на Крушынскага, — ён стаяў супроць яе, дзівіўся і не ведаў дзе дзецца,—ды запыталася ўсхліпным голасам:

— Сваячок?

Пані Мар'я прывіталася з ім за руку і прапяяла-прастагнала з кволай зморанасцю:

— Ой, часу няма... Пасля аб усім раскажу...

— Калі ласка.

— Ведаеце, сваячок?

— Не.

— Чулі?

— Не.

— Госці прыехалі ў Мінск... І ў нас будуць. — Яна пачала пералічваць з тэатральнымі спынкамі, з эфектам шматкроп'я:

— ... З Германіі...

... З Польшчы...

... З Латвіі...

... З Чэхіі...

... З Літвы...

... З...

Захапленне пані Мар‘і мяжы не мела. Кожная з гэтых пералічаных ёю дзяржаў — струна. Кожная з гэтых струн нацягнута на яе сэрцы, як на балалайцы.

Крушынскі ва ўсім гэтым адчуў нешта вялікае і шматсэнсавае.

Ён абрадаваўся той радасцю, хмыкнуў тым хмыкам, лысіна засвярбела тым свербам, які бывае ў астранома, калі раптам, неспадзеўна знаходзіць у жудасным бяздонні нябёс новую, нязнаную зорку-планету. Здаецца гэта зорка божай кароўкай на цёмнасінім плюшы вар’яцкіх вышынь, а ў сапраўднасці гэта тысячамільная куля — можа з акіянамі, гарамі, лясамі, можа з жывёліннай і расліннай насельнасцю, можа з няменш цікавымі канферэнцыямі ды не менш прыемна-збянтэжанымі гаспадынямі, як пані Мар'я.

Наслухаўшыся тут не раз ад былых міністраў пра вайну, інтэрвенцыю, Еўропу, пра «нашых», якія там жывуць (не раз пані Мар’я апавядала аб гэтым), сам уцягнуты ў кампанію «нашых», прахвалены імі да касцей, падтрыманы, падбадзёраны, абласканы імі да ахмялення, нібы ён адзін з тых трох кітоў, на якіх зямля трымаецца, Язэп Крушынскі цяпер адчуў ледзь відочную павуцінку сувязі паміж «нашымі» адгэтуль (у Мінску і па ўсёй рэспубліцы) і «нашымі» адтуль:

— ... У Германіі...

Злавіўшы гэту ледзь відочную павуцінку сувязі, ён злажыў яе ў некалькі столак — і вышла нітка, з ніткі — шпагат, і так да самай тоўстай, самай моцнай вяроўкі...

«...Можа цяпер і пачнецца тое, аб чым «знакамітыя» гавораць і не дагаварваюць, аб чым за дзесяццю дзвярмі, за дзесяццю замкамі шапочуць і не дашэптваюць?»

Усё гэта ён звязаў і са сваімі гутаркамі аб настроях у прымежнай паласе са сваім слаўным стрыечным братам. «... Вайна, інтэрвенцыя...

...Тады зажыву і я, добры гаспадар, ва ўсю шыр...

...Тады адпадуць мае дрыжыкі страху перад кожнай новай хвілінай. А гэтымі дрыжыкамі мая скура абрасла, нібы рыба лузгою...»

Язэп Крушынскі быў вельмі рад, што трапіў якраз у пункт сваім сягоннешнім прыездам у Мінск.

А Цяірэшкі не было дома. Ён быў у інстытуце.

Чакалі гасцей і там.

Па галоўных кабінетах — плюшавыя дываны. Па сходцах трохпавярховага мура — плюшавыя дарожкі. Швейцара пры парадных дзвярах — худзенькага, бялявенькага, спрытненькага чалавечка, пры якім часта ў швейцарскай рабіліся вечнымі невідзімкамі каракулевыя шапкі і новыя галошы інстытутчыкаў, — апранулі ў форму: сіні мундзір з галунамі, два салідныя шэрагі бліскучых гузікаў на грудзях, шапка з жоўтымі кантамі. Дастаў вось гэтыя прычындалы старога лёкайства гаспадарчы апарат інстытута. Хоць цяжка было гэта здабыць. Абсталявалі ў нейкага старэнькага дагістарычнага краўца.

Адзін сакунскі этнограф, — «правадзейны член інстытута», — які дзень-у-дзень да зялёных кругоў перад вачыма ў арцабы рэзаўся са швейцарам, падышоў да яго — ушляхотненага «формай» — і папрасіў:

— Хукні на мяне.

Швейцар хукнуў:

— Зноў гарэлкі надрызгаўся... Хоць-бы ў гэтыя дні як-небудзь...

— Не магу! — рашуча сказаў бялявенькі швейцар. — Не магу! Ведаеце, я інвалід, і ну яе к..!

Сакунскі этнограф зірнуў на яго спачувальным вокам, і яго голас зрабіўся водгаласкам швейцара з дадаткам «і я».

— І я не магу! Хоць я не інвалід, але ну яе к...! Толькі ў мяне ёсць сродак, каб не пахла гарэлкай...

— А што? — зацікавіўся швейцар.

— Пасля гэтага жую сухі чай.

— І я тое самае раблю, але не памагае.

— Так, — сакунскі этнограф уздыхнуў. — Не памагае. Дайце пакуль што сыграем!

— Дайце!

Швейцар «у форме» дастае арцабніцу.

Хто-ні-хто з тых, што працавалі ў інстытуце, чакалі «сваёй» Еўропы. І дачакаліся. Але сонца радасці затуляла цень смутку.

— Антона няма... Нехапае нашага віленскага Бісмарка...

Так перадаваліся скаргі з вуснаў у вусны. Але няма той бяды, якая пры пэўных умовах не была-б поўбядою.

Адсутнасць Антона кампенсавалася прысутнасцю іншага: прыехаў з берагоў Віллі з пэўнай місіяй ад адной вельмі важнай установы аўтар «Пана міністра». Весткі перадаў радасныя:

— Усё будзе добра, калі будзем трымаць сувязь. Я прыехаў для сувязі...

Даўганосы (і сіняносы ад агнявой вады) аўтар «Пана міністра» шушукаўся з панамі «міністрамі»:

— Сувязь...

— Сувязь...

І яшчэ раз:

— Сувязь... З Бісмаркам ды іншымі, якія нам спрыялі, спрыяюць і будуць спрыяць, якія чакаюць хвіліны, калі можна будзе сказаць: «Годзе!»

І вось тады прыбудзе «наш» Месіяш — вызваліцель і навядзе лад.

Хто ён?

А вось ён!

У неаддаленай мінуўшчыне ён грэў гругановыя крыллі пад сонцам Мазыршчыны, пугачом лунаў над палямі і лясамі, над вёскамі і мястэчкамі. Шаломам ваду піў з Прыпяці. А рэчка тая мела колер чырвонага заходу сонца, колер гэты так падобны да нечага, ажно вада аддавала смакам крыві... Яшчэ плачуць сіраты па бацьках. А многія з сірот і не плачуць: іх той славуты «Месіяш» галоўкамі аб вуглы хат — і змоўклі...

І прыехалі тады з Вінніцы ў Мазыр да «Месіяша» нейкія «милостивые господа» і сказалі:

— Мы міністры. Мы прадстаўляем беларускі народ.

— І блявалі, і хадыром туды-сюды хадзілі і ледзь насамі не аралі набухлую ад крыві глебу мазырскую — былі пад хмяльком.

— Давайце грошы!

І прапанавалі гругану «ад імя беларускага народа» стаць «начальнікам дзяржавы беларускай»...

А за гэта:

— Давайце грошы...

Адзін «міністр» быў чырвонатвары ошуст, падліза Радзівілавай, цюцька Скірмунта. Другі кульгавы шыбенік, галаварэз з «зялёна-дубаўскай» ганні. Яны тут-жа распаўсюджвалі «адозву да беларускага народа», якая пачыналася такімі словамі:

«Труціце студні па дарозе, дзе праходзіць Чырвоная Армія».

Сувязь! — шушукаў на вушы аўтар «Пана міністра» да «міністраў».

— Сувязь...

...Тады прыедзе мазырскі «Месіяш» пад пратэктаратам «пышнавусага дзядуні», перад якім у тысяча дзевяцьсот дзевятнаццатым годзе... «плакалі маткі ў Віцебску..., стагналі людзі ў Магілеве... і... маўчаў хаўтурны голас абымшэлых званіц у Смаленску»... Перад якім...

— Сувязь...

Прыехала Еўропа...

— Шкада, што няма Антона...

— Ен-бы труціў совецкія студні.

Былі ў гэтай «Еўропе» і слуцкія «героі» — акрываўленыя. Рубінамі блішчэлі. У Случы трупы плылі. Случ шмат чаго ведае, шмат аб чым шапаціць вецер над прыбярэжнымі лозамі рэчкі. Але «міністрам» і так вядома: польскія паны — найлепшыя прыяцелі Беларусі... Яны дапамагалі і дапамогуць чым толькі льга...

— Патрэбна сувязь... сувязь...

Прыехала Еўропа.

Паверылі ім, што будуць працаваць на карысць працоўных. Даравалі грахі і грашкі.

— Шкада, што няма Антона...

А на вуліцы, за вокнамі інстытута, па-лістападаўску імжыць дожджык. Цягнецца ад ваўняна-набухлых воблакаў тоненькімі, ледзь прыкметнымі для вока, валокнамі.

Цярэшка кончыў размеркаванне білетаў на канферэнцыю і глядзеў праз акно на восеньскае надвор’е.

— Каб хаця каго не забыць... — трывожыўся ён.

Яшчэ раз прагледзеў доўгі спіс запрошаных на канферэнцыю. Позірк яго прабег з заклапочанай руплівасцю па маленькіх птушачках, размашыста начырканых алоўкам з левага боку, побач з назвамі арганізацый і асоб, каму ўжо білеты пасланы. Чамусьці даўжэй спыніўся на слове «Маладняк». Па яго твары мільганулася змейкай злая ўсмешка.

Да пісьменніцкай арганізацыі «Маладняк» Цярэшка адносіўся з тым пачуццём, якое моцна, бы каханне: ён жадаў гэтым маладым пісьменнікам таго, што імкнуўся ў свой час выконваць над працоўнымі крыважэрны груган, прысланы польскімі панамі ў Мазыршчыну.

Цярэшка не чуў тупату ног і жвавай гутаркі ў пакоі, яго думкі былі заняты «Маладняком»:

...Гарэзлівыя хлопцы. Свае з’езды і канферэнцыі ладзяць, ездзяць па Беларусі, па розных гарадах СССР, у іхняй арганізацыі некалькі сот чалавек з моладзі. Ладзяць шумлівыя сходы, вечары, бяруцца ў рожкі са старымі, не прызнаюць літаратурных аўтарытэтаў. Хлопцы гэтыя косткамі ў горле стаяць, пішуць вершы пра торф, электрыку, фабрыкі, заводы, пра Кастрычнік, пра Леніна. Што за тэмы?! Чужыя тэмы... Няма ў іх беларускіх традыцый, адарваліся ад «нашаніўскіх» карэнняў, ад усяго роднага, цярушаць беларускі народ на нейкія прыдуманыя класы... Птушкі чужога гнязда...

— Усім пасланы білеты, дзядзька Цярэшка? — запытаўся чалавек без знакаў прыпынку і бліснуў на Цярэшку шкелкамі акуляр.


— Усім, усім! — супакоіў яго Цярэшка.

І зноў давай думаць пра «Маладняк». Цярэшка меў ад сваіх адну місію: апрацаваць «Маладняк» у патрэбным кірунку... Яшчэ ўчора паслаў «Маладняку» пакет з білетамі.

— Канферэнцыя зробіць у іх пэўны пералом, — сказаў яму чалавек без знакаў прыпынку. — Яны абавязкова павінны быць на канферэнцыі. Іх трэба гладзіць, бо не вельмі пахвальна адзываюцца пра некаторых з правадзейных сяброў нашага інстытута. Мы ім заткнем глоткі запрашэннем на канферэнцыю.

— Можа «Маладняк» перародзіцца? — не раз гаварыў сваім Антон Цярэшка.

Цярэшка зірнуў у акно. Дробныя кроплі дажджу, ледзь прыкметныя для вока, туманілі шыбы.

Запрацаваны і памізарнелы ад клопатаў дзелавод палажыў на стол перад Цярэшкам пакет. Цярэшка зірнуў на пакет стомленым вокам, але заўважыў на канверце штамп «Маладняка» і ўстрапянуўся:

— Цікава... цікава... — мармытнуў ён трохі ўсхваляваны, і давай дрыжучымі пальцамі распячатваць.

Усунуў у пухлы пакет адзін палец, зірнуў туды адным вокам, адхіліў галаву на бок, як бусел, і так пачырванеў, нібы ні з таго, ні з сяго хтосьці сыпнуў яму пару гучных аплявух. Раптоўна ахрыплым голасам ён выгукнуў адно толькі слова, слова найвялікшага абурэння:

— Бай-стр-р-ру-кі!

І ён расшыфраваў гэтае слова без слоў, толькі ў сэрцы сваім:

— Вырадкі! Не любяць яны культуры беларускай, сапраўднай, самабытнай, старадаўняй і формай і зместам. Агіткі большэвіцкія пішуць. Некаторых узялі на кручок, яшчэ возьмем!

Вельмі самаўпэўнены быў Цярэшка.

Тым часам з распячатанага пакета высыпаліся на стол, нібы блявоціна, маленькія шматочкі парваных білетаў на канферэнцыю.

— Што яны гэта? Супроць Еўропы?

І Цярэшка прыгнуўся да вуха чалавека без знакаў прыпынку:

— Гэты выбрык чырвоных сысуноў мае сімвалічнае значэнне.

Чалавек без знакаў прыпынку не меў часу, махнуў рукою і сказаў:

— Эт-т-т...

Не здаволіўся Цярэшка гэтым «эт-т-т» і ў другі раз прыгнуўся да вуха «вялікага арганізатара»:

— Ці тактыка, апрацаваная намі, правільная?

— Чудэсна... Будзем труціць студні...

І ў трэці раз Цярэшка прыгнуўся да яго вуха:

— Трэба ведаць, дзе мы знаходзімся. За намі сочаць вочы, вушы... Можа быць ужыта нават...

— Мы тых, з так званага «Маладняка», і за пісьменнікаў не лічым. У нас ёсць свае... І добра, што адмовіліся ад канферэнцыі. Менш будзе вачэй і вушэй, калі яны такія.

— Пераробім іх.

— Толькі шкада, што няма Антона...

Прышоўшы дамоў, Цярэшка паглядзеў на Язэпа Крушынскага вачыма чалавека, якому здаецца, што бачыць не толькі тое, што ёсць, але і што будзе.

Ён сказаў:

— Добра, Язэпка, што прыехаў. Вось табе білет на канферэнцыю. Шкада, што не разам з намі сядзець прыдзецца. Але бяда не вялікая. Праўда?

— Ясна.

Білет на канферэнцыю вельмі заімпанаваў Крушынскага.

«... Не толькі ў гасцях бываю разам з вялікімі людзьмі, але і на канферэнцыях...»

Крушынскі адчуў, што расце, расце, як на дражджах.

Па глянцавітай вільгаці тратуараў адсвечваюцца прытульныя праменні электрычных ліхтароў. Імжыць надакучлівай машкарой восеньскі дождж. На вуліцы, побач з гарадскім скверыкам, ланцуг фаэтонаў.

Антон Цярэшка прыспешнымі крокамі ідзе па дарожцы сквера. Жонка ў коцікавым паліце і вязанай бярэтцы побач з ім. Язэп Крушынскі тут-жа.

— Спознімся, — непакоіцца пані Мар’я.

— Паспеем, — пацяшае Крушынскі.

Цярэшка ад нецярплівасці адшпіляе і зашпіляе чорнае новае паліто, папраўляе капялюш на галаве і адчувае сябе, як калісьці ў гімназіі перад выпускнымі экзаменамі. Вільготны пылок восеньскай імжы ледзь дакранаецца яго твара.

Прыемная трывога.

У яго кішэні зграбная кніжачка з залатым абрэзам. На ёй: «Акадэмічная канферэнцыя».

Ва ўсёй яго істоце — пах Еўропы....

Каля вешалкі ў клубе шмат народа. Кароткія прывітанні між знаёмымі. Нецярплівае чаканне чаргі з шапкамі і польтамі ў руках.

Узлётам сокала Цярэшка ўзнёсся па сходах уверх.

За ім пані Мар’я.

За ёю Язэп Крушынскі.

Па ўсіх кутках вусная перадача знаёмых:

— Прыехалі...

... З Германіі...

... З Польшчы...

... З Латвіі...

... З Чэхіі...

... З Літвы...

... З ...

Так зюзюкаюць знаёмыя.

Цярэшка плыве вачыма па дэлегатах і гасцях. Шукае сярод мінскіх «азіятаў» маленькіх «аазісаў Еўропы» ў «культурных» сурдутах, у белых цвёрдых манішках...

Жонку згубіў яшчэ ля дзвярэй. У Язэпа Крушынскага прабачэння прасіў, што аднаго пакідае.

Цярэшка ззяе вачыма. Перад ім адзін з «тых» — з Еўропы.

Чорная вопратка, белы каўнер, бліскучая лысіна, русая бародка, вочы сфінкса. А манеры, а плаўнасць хады, а ўсмешка — еўрапейская, лагодна-іранічная, містычна-задумённая — еўрапейская ўсмешка.

— А-а-а...

— Як маецеся...

— Гэта вы, дзядзенька...

— Як...

У першую хвіліну гарачнасці лезуць трафарэты прывітанняў, лезуць старымі цёткамі-прыжывалкамі. Але гэта толькі маскі слоў. А за імі: многакроп’е і тое, што словамі не выкажаш.

Тры разы цалуюцца: «па-хрысціянску» — крыж з трох пацалункаў.

Глядзяць адзін на аднаго — не нагледзяцца.

Куды ісці?

Аб чым гаварыць?

З чаго пачынаць?

У кожнага з іх такія запытанні. Нібы жаніх і нявеста, шукаюць прытульнага кутка. Нідзе яго няма, такога кутка, бязлюднага і ціхага, у вялізным клубе. Усюды ён тут, гэты прытульны куток, бо ў таўканіне шматлюднай, у тлуме і галасе ніхто на цябе і ўвагі не зверне.

Цярэшка і чалавек з вачыма сфінкса ў клубнай людской завірусе, нібы рыбкі ў вадзе. Шчыльна, плячо ў плячо, ідуць з буфетнага пакоя ў галоўны зал.

Праз трыццаць хвілін павінна адбыцца ўрачыстае адкрыццё канферэнцыі.

— А вось Антон з Вільні не прыехаў, — сумуе чалавек з вачыма сфінкса. Электрычныя жырандолі запаўняюць усе куткі майскім яркім сонцам. На твары чалавека з вачыма сфінкса вялікая стомленасць. Дрымотная меланхолія ў вачах: — Няма Антона.

Пані Мар’я ўжо размаўляе з двума замежнікамі: старымі знаёмымі. Колеры на яе твары мяняюцца. Муж падыходзіць з «міністрам».

Гутарка-шэпт.

Недалёкае мінулае агортваецца ў гірлянды рамантыкі і лірыкі.

— Успамінаеце старое, пане Цярэшка?

Цярэшка чырванее, і на самае вуха:

— Не завіце мяне «пане», а «дзядзька», яшчэ лепш — «таварыш».

— Выбачайце, я ўсё забываюся...

Селі на свае месцы.

У залі мора электрычнага святла. Нідзе няма ценю.

На крэслах ніводнага вольнага месца.

Паглядзеў Цярэшка перад сабою — рознастайныя патыліцы.

Адвярнуўся ў бок — профілі, непадобныя адны да адных.

Яшчэ болей павярнуўся — багаты выбар анфасаў.

— Цікава колькі тут «нашых»? Колькі яшчэ надбавіцца? Аб чым усе гэтыя галовы цяпер думаюць.

А вось на пяць радоў далей Язэп Крушынскі да яго ўсміхаецца. Дзве нітачкі праменняў з вачэй гаспадара Курганішча злучаюцца з праменнямі яго, Цярэшкавых, вачэй.

Гутарка вачыма:

— Не нудзішся?

— Не.

— Добра.

Гутарка вачыма.

Трэці сігнал.

У зале пацямнела.

Абрываецца шэпт публікі, падобны да ляснога шуму. Нібы нажом зрэзваецца ў зале людскі гул.

Цішыня.

У цішыні шорханне заслоны, нібы шорханне крылляў.

Узнімаецца заслона.

На сцэне светла.

Усе вочы, уся ўвага туды — у светлы квадрат сцэны. Туды накіраваны прыцэл тысячаў пацямнеўшых у поўзмроку зрэнкаў. Усе ловяць з цэнтра ўвагі — са светлага квадрата — халаднаваты подых.

У зале да таго ціха, што Цярэшку прыкрым становіцца травяністае шуршанне вопраткі яго жонкі, пані Мар'і. У прыемнай нервовасці ён барабаніць пальцамі па каленях. Нібы вандруе імі па клавіятуры музычнага інструмента.

Канспект успамінаў:

... Калі-ні-калі на яркім «міністэрскім» небе з’яўляюцца чырвоныя хмары. То граматыку крытыкнулі. Контррэволюцыйныя сказы. «Гэта-ж народныя пагаворкі, — аж зямлю грыз аўтар. — Прычым тут палітыка? Звычайнае практыкаванне для дзяцей». Чаму для практыкавання няма нічога ў такіх школьных падручніках з совецкіх лозунгаў? Вось кажы ім чаму! Усё кажы... Здаецца, сказалі ў адным часопісе, што совецкія штампы на кнігах непатрэбны. Што яшчэ сказаць? Вось капаюцца...

І зноў канспект успамінаў:

... Якраз у мінулым тысяча дзевяцьсот дваццаць пятым годзе, ледзь не гэтай восеньскай парою, новы падзел Беларусі ці яшчэ горш — падзел беларускай інтэлігенцыі на градацыі — паркан ад самых правых да самых левых. Білі трывогу... Гэтай справе былі прысвечаны некалькі вечароў у адным з многіх клубаў.

Цярэшка шукаў сваё месца ў гэтым паркане. Ён добра ведаў сваё месца...

... Калі-ні-калі на яркім «міністэрскім» небе з’яўляюцца чырвоныя хмары.

І зноў канспект успамінаў:

... Дэлегацыі замежных рабочых сюды да (лічы не беларускага) пролетарыята... Энтузіязм... Прывітанні...

Паказ дасягненняў у чырвонай бацькаўшчыне сусветнага пролетарыята... На сцэне прэзідыум з многіх асоб. Прывітанні і туш . Туш і прывітанні.

«Юпітары» слепяць вочы.

Туш глушыць вушы.

І ў дзівосных вузлах электрычных хваляў, музыкі ды ўрачыстых прывітанняў гурчыць «замежная» крынічка.

Вочы сфінкса пытаюцца:

— Ці памятаеце, дзядзька Цярэшка, «беларускі .нацыянальны камітэт» у юбілейным доме?

Перапуджаныя думкі Цярэшкі разбегліся ад гэтага запытання, як малыя дзеці ад злоснай цёткі.

Гуллівыя іскры замігалі ў вачах сфінкса. Вочы сфінкса пілі блакітнасцю сваёй словы Цярэшкі:

— Так. Мы з вамі калісьці працавалі ў адной установе...

Вочы сфінкса дадалі многазначна і многаабяцаюча:

— І цяпер...

— Калі ласка, да мяне заўтра на вячэру, — просіць Цярэшка.

— Там аб усім...

— А то зойдзем сягоння пасля ўрачыстасці да мяне ў «Еўропу». Разумееце, дзядзька Цярэшка (ён прыемна картавіць), — адзін-на-адзін...

— Адзін-на-адзін...

І Цярэшка тапіўся ў пяцьдзесятгадовай паблеклай сінявасці сфінксавых вачэй.

Зараз-жа пасля паседжання канферэнцыі Антон Цярэшка пайшоў у «Еўропу» з чалавекам, вочы якога нагадвалі вочы сфінкса, і які прыемна картавіў.

Імжыў лістападаўскі дожджык. На тратуарах было мала народа. Толькі дзе-ні-дзе ля кааператываў сядзелі на тумбачках пышна-кажуховыя вартаўнікі, і на вуглах вуліц тупаліся міліцыянеры. Вуліцы рыхтаваліся да ўрачыстасці цішыні. Цішыня была яшчэ палавінная, дапоўночная, і калі-ні-калі ў яе хлюпкасці цокалі капыты рамізніцкіх коней, і калі-ні-калі ў яе шаўковасці шорхаліся гумовыя колы аўто, вар’яцкія вочы машыны мерылі жоўтасветлым вокамерам вулічную змрочную даўжыню. Шафёр даваў урывістыя сігналы. Гэта былі мінскія вуліцы канца 1926 года — без новых гмахаў, без тых фабрычных карпусоў, якія маем цяпер, без рабочых пасёлкаў, без універсітэцкага гарадка, без трамваяў, без пяцігодкі.

Вуліцы рыхтаваліся да ўрачыстай цішыні.

І ў кабінетах найлепшых сыноў пролетарыята рыхтаваліся да новых планаў, меркавалі аб далейшым. Там свяцілі вокны. Там не ведалі цішыні ночы. Там думкі з’яўляліся і аб тым:

— У нас яшчэ не мала нутраных замежнікаў. Мы ім даравалі ранейшае, але ці выправяцца яны? Ці пойдуць яны па нашых рэйках? Час пакажа...

Тым часам ішлі ў «Еўропу» два замежнікі: адзін з замежным пашпартам у кішэні, другі з замежнымі думкамі ў галаве.

У атэлі, у нумары чалавека з вачыма сфінкса, яны гаварылі шэптам: можа дзе няпрошаныя вушы.

І камфартабельная прытульнасць пакоя, пяшчотны плюш пад нагамі і на канапе, люстранасць нікеля з паасобнай адчыненай спаленкі, лакіраваны дуб пісьмовага стала, шафа са шліфаваным масіўным люстэркам, малюнкі на сценах і гардзіны на вокнах — усё гэта вымагала цішыні.

Старыя прыяцелі пры новай сустрэчы гаварылі шэптам.

— Прыеду сюды працаваць. Нашыя тут у шапку не спалі. Многа зроблена ва ўсходняй часці Крывіі. Трэба, трэба працаваць. Некаторыя з нашых прыехалі сюды на агледзіны. Некаторыя прыедуць пасля. Чым больш людзей, тым хутчэй тут колер зменіцца. Галоўнае, сувязь, сувязь усюды. Вось, напрыклад, з нашымі з Украіны. З Яхрэмавым часта бачыцца трэба, раіцца. У іх афіцэрства ў духавенства ідзе. Спакойна рыхтуе народ і рыхтуецца само. Я чуў, што і ў нас гаварылася пра аўтакефальную, але нешта не ўдалося. Нават многія з нашых пісаліся, збіраліся подпісы, і вы, здаецца?

— І я... хоць я католік...

— Дык раскажыце, як тут у вас праца ішла?

Цярэшка сеў на канапу, утапіўся ў яе мяккасці, по- бач сеў чалавек з вачыма сфінкса, і на чатыры вочы Цярэшка здаў кароткую справаздачу. Шэптам гаварыў, доўга гаварыў, з захапленнем гаварыў, бо і яго доля працы была ў гэтым «вялікім плане», і ён прымаў удзел, і ён мае вялікія заслугі.

— У нас праводзіцца тэорыя каналізацыі краіны — каналы і раўчукі, праз якія нашыя ўплывы, нашыя ідэі працяваюць ва ўсе артэрыі культуры і гаспадаркі. Мы групуем і збіраем нацыяналістычныя сілы, мы гадуем новыя такія сілы для патрэбнага моманту. Першы канал — настаўніцкія курсы, вышэйшыя курсы беларусазнаўства, размеркаванне сваіх людзей па ўсіх школах. Другі канал — падручнікі для школ. Трэці канал — літаратура мастацкая. Там не мала нашых і яшчэ больш будзе. Чацверты канал... пяты канал...

Сфінксавыя вочы адлюстроўвалі ў сабе гэтыя «каналы». Сфінксавыя вочы радаваліся і слухалі, слухалі і радаваліся.

Цярэшка доўга інфармаваў. Нарэшце выняў з кішэні верш, перадрукаваны на пішучай машынцы.

Вось гэта твор аднаго з нашых, — сказаў ён, — разасланы ўсім камісарам ды ўсім рэдакцыям тутэйшых газет. Гэты экземпляр я для вас пакінуў. Гэты верш маленькая забаўка. Няхай пайграе на нервах некаторых асоб. Літаратура мае вялікае значэнне. Гэта добрая драцянка, якая часам б’е балюча.

Сфінксавыя вочы ўпіліся ў радкі. Губы шапталі, губы мармыталі:

— Во-во-во-во... Так-так-так-так...

— Лоўка атручваеце совецкія студні...

Можна будзе яго надрукаваць там. Харошы верш. З перчыкам. Востранькі. Во-во-во...

— Цяпер не друкуйце. Лепш трохі пачакаўшы, а то здагадаюцца, — прасіў Цярэшка.

Чалавек з вачыма сфінкса палажыў верш у кішэнь. Сказаў:

— Тактыка ў вас тут правільная. Лоўка рыхтуецеся. Многія з кніг мяне таксама задавальняюць. Дзякую за прысланыя. Я цешыўся. У некаторых (я пільна правяраў) ні разу не ўпамінаецца слова «совет», «комунізм», «большэвізм» ды іншыя «ізмы». Аграрная справа таксама не страшна. Сваіх людзей размяркоўваеце правільна. Лапоўскі мне таксама гаварыў. Ён абяцаўся, што перацягне некаторых эканамістаў. Статыстыкай можна так агітнуць. Трэба ў статыстыцы, у лічбах пастарацца паказваць адваротнае таму, што паказваюць советы. Трэба труціць совецкія студні...

Цярэшка слухаў замежніка, нібы аракула. Слінкі пускаў, глытаў слінкі, падтакваў, згаджаўся.

На хвілінку сфінксавыя вочы змоўклі. Плюш ля спіны быў напружаны і падатлівы, пад нагамі ён скрадваў шолахі. Нібы не людзі тут сядзяць, а духі продкаў, выкліканыя праз медыум, знакі падаюць. Ці можа дух мазырскіх «герояў»?

Тым часам сфінксавыя вочы:

— І вашыя творы чытаў, дзядзька Цярэшка. Ведаеце? Падабаюцца мне. Ёсць шмат такога чыста беларускага, характэрнага (сфінксавыя вочы прыемна картавілі), без тых налётаў, якія жывуць сягоння, у тутэйшым спецыфікуме, а заўтра... Ну, разумееце мяне, дарагі дзядзенька?

Замежнік правёў рукою па белым каўнерыку сваёй замежнай манішкі, нібы нажом разануў.

— Разумею.

— Вось такая літаратура нам патрэбна. А я? Вандраваў па Еўропе. Там работу робім. У Рыме быў. Аўдыенцыю меў у папы. У нас, бачыце, шмат католікаў.

Па калідорах атэля хадзілі туды і сюды людзі. Крокі скрадваліся капітальнымі сценамі, даходзілі сюды глуха і таямнічасцю вушы ласкаталі. Чалавек з вачыма сфінкса і Цярэшка гаварылі шэптам. Спрытнымі і нячутнымі кашачымі лапкамі гэты шэпт усё бліжэй накіроўваўся да «самага галоўнага»:

— Калі? — запытаўся Цярэшка з заміраннем сэрца і зірнуў апаслівым зрокам на вадзяністы нікель і на масіўнае люстэрка.

Вочы сфінкса зразумелі значэнне «калі».

— Пабачым. Пакуль што многа вады плыве на наш млын. А далей пабачым, як усё падрыхтуецца, выспее, тады — наш парадачак і лад. Мы? ... Людзі гаспадарныя па вёсках, старая інтэлігенцыя па гарадах, старое афі- цэрства. А ў выпадку чаго, дык лепш што-б ні было, хто-б ні быў, толькі не... Разумееце?

— Разумею...

— Вось і фінал вашай работы тут. Усе каналы, аб якіх вы мне гаварылі, кіруюцца туды... Сягоння я тут, дэлегат, а праз год можа гаспадаром буду. Тое самае і вы. Магчымасці ёсць. Але аб усім гэтым яшчэ будзем гаварыць. Дык заўтра ўсе ў вас будзем.

З «Еўропы» дамоў Цярэшка пайшоў пад раніцу. Дожджык быў ледзь прыкметны і гладкай брытвай казлытаў твар. Была цішыня. Ля кааператыва на Совецкай дрымаў у кажуху вартаўнік. Па вуліцы плылі трывожныя цені.

Каля скверыка да яго пад’ехаў заспаны рамізнік.

— Паедзем?

Цярэшка махнуў рукою.

Ад скверыка да яго кватэры два кварталы. Блізка.

З-за воблакаў, бахматых і пушыстых, як расчосаная кудзеля, вынырнуў месячны чаўнок. І месяц па-інакшаму, па-замежнаму, свяціў сягоння Цярэшку. Ён ішоў дамоў праз анямелы скверык. Цішыня поўзала па ценях пад дрэвамі, каля жалезнай агарожы.

Цярэшка азірнуўся па баках — цустата ночы. Прыслухаўся — цішыня ночы. А ў цішыні крокі. Крокі набліжаліся і гулка аддаваліся ў яго вушах. Прайшоў міліцыянер.

... «Вось і дома.»

Бацькаўскі дом высіўся ўсімі паверхамі і балконамі.

— Дарма паслухаў Язэпа і аддаў дом. — пашкадаваў ён.

Яго думкі раптам перабіў фабрычны гудок. Ён плыў з розных акраін горада, ён будзіў горад бадзёрым прызывам і рэзаў цішыню, нібы нажом падатлівы свежы сыр. Цярэшка ўздрыгануўся. Знекуль, як-бы з-за сотні міль ад яго, пачаў падкрадвацца страх. Здалёку-здалёку... Аднак халодныя пазуры гэтага страху краналіся яго разгарачанага ілба. Гэта былі ледзь прыкметныя кроплі лістападаўскай імжы... Але часам бываюць страшныя восені...

Пані Мар’я і Язэп Крушынскі яшчэ гутарылі ў сталовым пакоі, калі вярнуўся Цярэшка.

— Чаму не спіце? — запытаў Цярэшка.

А жонка яму на гэта сваім запытаннем:

— Што цікавага чуў там, у «Еўропе»? — яна ведала, што ён быў там.

— Нічога асаблівага. Вось хацелася з сваім чала векам пагутарыць. Глядзі, Марыська, заўтра госці ў нас будуць. На гэты раз трэба, каб усё было добра.

— А ты не пужай. Сама ведаю.

— Ну, Язэп, спадабалася?



21 - «ДЗЕ ТУТ МАЁ РАНЕЙШАЕ?»

правіць

На небе паводка колераў — ліловых, сінявых.

У гэтыя летнія дні сонца ўзыходзіць якраз над тым месцам, дзе капаюць гліну, дзе будуецца цагельня комуны «Чырвоны Кастрычнік». Блішчыць пад сонцам чырвоная цагліна, агорнутая ў глянц раніцы. Пляц вялікі, роўны, гладкі, вытаптаны, як гліняны ток. На ім цэглы — палоскамі, клеткамі, узорамі. Тут-жа дашчаны шалаш, дзе паліцца цэгла. Побач — глыбокія ямы з мутнай вадою.

У гэтыя летнія дні сонца заходзіць якраз на тым краі неба, дзе свойскім спосабам капаюць на балоце торф для патрэб комуны.

Над чорнымі цаглінамі торфу расплываецца вячэрні змрок. А раней, калі балота яшчэ не было парэзана ў палосы вострымі рыдлёўкамі, калі груды тлустай чорнай зямлі з шэрымі жылкамі карэнняў раслін яшчэ не былі навалены зверху, тут кружыліся дзікія качкі. У бурштынавыя раніцы яны насіліся над балотам невялічкімі сямейкамі.

Даўней, калі яшчэ тут комуны не было, і гэты абшар зямлі належыў да маёнтка Хадыкаўкі, пан Гардзялкоўскі сюды хадзіў на паляванне. Блізка было.

Па краях комунарскай зямлі хутары.

Ад некаторых вакольных хутароў — былых арандатараў пана Гардзялкоўскага — прырэзаны да комуны кавалкі зямлі. З года ў год ідзе наступ на хутары. Прыбавіцца новы комунар і адбавіцца некалькі гектараў хутарской зямлі.

Плыве спалох ад комуны на хутары невідочнай паводкай. Баяцца заможнікі.

У хмызняках, у садочках прытуліліся хутары, чакаюць сваёй немінучай чаргі...

Хутаранін Макар Пархамчук выходзіць паглядзець:

— Дзе тут мае ранейшае?

Цягам сюды цягне...

А вось як было.

Калі яго парабак перайшоў у комуну, адрэзалі з Пархамчуковага хутара кавалак зямлі. Хоць старшыня сельсовета быў свой, але і ён нічога супроць гэтага зрабіць не мог. Круглатвары старшыня, стаўленнік Язэпа Крушынскага, прымушаны быў гэта зрабіць. З раёна быў загад. І сам старшыня сельсовета праклінаў комуну.

Пархамчук узяў жбан мёду, сала і паехаў да айца Дзімітрыя на параду. Гучна цмокнуў айца ў руку, доўга апавядаў пра сваю бяду і дадаў моцную канцоўку:

— Я за лерыгію! А калі яны ўсё ў мяне забяруць, дык чым-жа я тады дапамагу лерыгіі?

Паглядзеў на айца Дзімітрыя вільготнымі вачыма. У айца Дзімітрыя быў строгі выгляд. У гэту хвіліну здавалася Пархамчуку, што бацюшка шмат чаго рабіць можа ў яго дапамогу. Ці здавалася Пархамчуку, ці можа гэта было так сапраўды: бацюшка нешта брыдкае пра комуну прабурчэў. І яшчэ большая пашана да бацюшкі з’явілася. Пархамчук сарамлівым голасам дадаў:

— Там, у кухні, паставіў для бацюшкі сала, мёд...

Пархамчук шырока ўзмахнуў рукамі і пачаў уголас уздыхаць.

Айцец Дзімітры нервова шчыпаў бародку. Быў устрывожаны больш, чым Пархамчук думаў. Пачаў хадзіць з кута ў кут і доўга маўчаў. Потым спыніўся насупроць Пархамчука, зірнуў яму глыбока ў вочы, нібы хацеў ўпэўніцца ў тым, ці зразумее Пархамчук яго словы. Вось што ён сказаў:

— Вельмі кепская гэта справа. Паколькі жыве камуна, павінны цярпець хутары. Вось, каб яе не было, гэтай комуны, тады іншая справа. Трэба богу маліцца, каб ачысціў зямельку нашу ад бязбожніцкіх комун. Вось мая парада! Бог дапаможа. Не вечна так будзе!

Поп прагаварыў гэта голасам прарока і праніклівымі вачыма глядзеў на Пархамчука. Так глядзеў, нібы хацеў даведацца, ці можна ўсё Пархамчуку гаварыць.

— Але што-ж мне цяпер рабіць? — пытаўся Пархамчук.

— Цяпер? Маліся богу, і ўсемагутны накіруе твой розум, куды трэба.

— Я лерыгію паважаю, — з крэхтам праказаў Пархамчук, — толькі калі гэта ён зробіць?

Айцец усміхнуўся.

— Усё ад бога. Вайна, напэўна, будзе! — Кожнае слова звінела срэбным рублём. — Калі бог захоча, дык пакуль што якое ў самой комуне могуць быць няшчасці. Ён і на бязбожніцкі Егіпет розныя беды пасылаў: мор на жывёлу, на людзей, пажары і шмат іншага такога дабра...

Айцец хіхікнуў і адным вокам падміргнуў Пархамчуку.

Такая «лерыгія», дзе бог пасылае пагібель на бязбожнікаў, вельмі спадабалася рыжабародаму хутараніну. Ён гатоў шчыра служыць такому богу.

І словы айца Дзімітрыя пра мор на жывёлу і людзей, пра пажары глыбока заселі ў памяці Пархамчука. Ён заўсёды аб гэтым памятае.

Часта ўночы ён нават бачыць сны: бог карае Егіпет. І гэты самы Егіпет вельмі падобны да комуны «Чырвоны Кастрычнік».

Хоць рыжая барада, падкругленая знізу ножніцамі, яшчэ не пасівела, але на загарэлым твары барозны глыбокіх зморшчын. Макару за пяцьдзесят год. Ён невысокі. Плечы трохі сутулыя. На ім расшпіленая шэрая жакетка. Вялізныя боты, белыя ад пылу, пахнуць дзёгцем.

Наставіць Макар шырокую загарэлую далонь супроць сонца над вачыма і глядзіць смаглым позіркам светлаватых вачэй на агромністыя абшары бульбы, жыта, канюшыны.

Усё гэта комунарскае...

Абшары наводзяць на яго страх, душаць, ахопліваюць з усіх бакоў сотнямі невідочных рук. Заўсюды яны перад ім. Ён іх бачыць перад вачыма нават ва сне: за стылай паводкай насоўваюцца на яго поле.

Яго хутар вось тут, побач. Часта сюды прыходзіць тапіць у пахучай канюшыне слюнявыя праклёны ад бяссільнай злосці.

Бывае, ён тут сустрэне аднаго з комуны — Сымона Троську.

Той — худы, высокі, востраносы, з мігатлівымі вачыма і хітрыкай у голасе.

Ведае Макар: ужо колькі разоў збіраўся Троська выйсці з комуны, і вось цікава з ім пагаварыць...

Дыбае да яго Троська, як бусел. Смяецца, белыя вострыя зубы шчэрыць:

— Бачу здалёку, пянёк тырчыць. Ажно гэта т-ы-ы!

Троська зацягвае «ты-ы-ы» на спеўны лад.

— Я... — крэхча Макар.

— Чаго ты тут?

— А што? — усхопліваецца Макар. — Мо’ пастаяць тут забароніш?

— Па-мойму, хоць дзень і ноч стой сабе тут. Толькі нічога не выстаіш. Ногі засвярбяць, кроў застаіцца ў жылах.

— Так... — не то на заўвагу Троські, не то на свае думкі адказвае Пархамчук.

— Вядома, так.

Смяецца скрыпучым смехам Пархамчук. Троська на яго моўчкі глядзіць, міргае вачыма, як да старога сябра, і кажа:

— Дай закурым! — і Троська вымае з кішэні капшук.

Кураць махорку ў тоўстай паперы.

Між Троськай і Макарам уецца сіні дымок.

Не адступае Троська:

— Дык чаго тут стаіш? Сімпатыю комуне выказваеш?

— Сімпатыю.

Што гэта за слова «сімпатыя», Макар не ведае.

— Мабыць, нянавісць, злосць, — думае ён.

Глядзіць на Троську падазроным вокам. Той усміхаецца, знімае кончыкам пальца попел з папяросы і маўчыць.

— Сімпатыя, — паўтарае Пархамчук незразумелае слова. — Сімпатыя.

— Можа я твая сімпатыя? — не адстае Троська.

— Не ты, а Калістра.

— Любіш яго, як сабака кій?

Троська аглядаецца па баках. Калі чалавека здалёку пабачыць, дык зараз-жа адыходзіць ад Пархамчука.

— Чаго, Троська, уцякаеш?

— Ну іх к ліху! Яшчэ пачнуць брахаць, што з кулаком звязаўся.

— Ідзі сабе.

Блукае хутаранін вачыма па блізкім шнуры, шукае, дзе тут была мяжа яго зямлі. Не можа пазнаць... Тут даўней бярозавым плотам было адгарожана ад панскай зямлі. Цяпер на гэтым месцы канюшына цвіце, мёдам пахне.

— Аддзякаваў Калістра, — бурчыць Макар у рыжую бараду.— У мяне гэты гад, можна сказаць, выгадаваўся.

Яшчэ ўвосені 1915 года прыблукаўся на хутар Макара хлапчук, — абарваны, страшны, скура ды косці. Прышоў хлапец з тых краёў, дзе бухалі гарматы, скуль уначы неба ў пажарышча апраналася.

Прышоў хлапец з тых месц, дзе ў восеньскай шэрай кіселі расхлябаных вайсковымі абозамі дарог многія з бежанцаў ад халеры курчыліся. Абапал дарог на памятку крыжы заставаліся. Крыжы, на скорую руку зробленыя, хутка нішчыліся.

Калістрам звалі гэтага хлапца.

У такой гаспадарцы, як у Пархамчука, Калістра не быў лішнім.

Прабыў у яго Калістра аж пяць год. Потым у свет пайшоў. Год таму назад з сям’ёю вярнуўся. У комуну прынялі. На яго долю адрэзалі ад хутара, дзе ён быў парабкам, кавалак зямлі.

— За пяць год працы Калістры.

Так тлумачылі ў комуне.

І Пархамчук выказвае сваю «сімпатыю»:

— Каб яму пяць скул!

Мёдам пахне канюшына. Па небе паўзе хмарка, паўзе марудна, як маленькі звярок на слабых лапках.

На гэтым самым месны, дзе цяпер комунарская канюшына, заўсёды было ў Макара ўраджайнае жыта.

Увосень, пасля малацьбы, да яго звычайна з’яўляўся местачковы гандляр Мэндаль. Па ўсёй ваколіцы быў вядомы гандляр Мэндаль з Шапалевічаў. Ён скупліваў тут збожжа і са станцыі чыгункі вагонамі кудысьці адпраўляў. Высокі, худы, падслепаваты Мэндаль нават з панам Гардзялкоўскім пры адным стале сядзеў, гарбату піў. Яго і пан шанаваў.

З’явіцца Мэндаль да Макара на хутар і адразу да справы:

— Ну, як?

— Што, пане Мэндаль?

Макар быццам не ведае, пра што Мэндаль пытаецца.

— Як сёлета жыта?

— Як заўсёды...

Голас Макара рахманы. Макар пацягваецца, гультаявата пазяхае. Яму ўсёроўна: купіць у яго Мэндаль жыта ці не...

— Прадаеш?

— Хто яго ведае...

Макар лезе шырокімі пальцамі ў бараду. Вось пачне лічыць свае рыжыя валасы.

— Чакаеш, каб цана выспела?

— Паляруш яго знае...

— Ну дык бывай! Часу няма на доўгія гавэнды...

— Пачакай...

— Ідзем у свіран! — кажа строга Мэндаль і жмурыць падслепаватыя вочы.

Прыемна Макару гандлёвая ігра. Ён, не спяшаючыся, бярэ вялікі ключ ад свірна і ўсё яшчэ з няўпэўненасцю па баках аглядаецца: ісці ці не...

Доўга іграюць у гандлёвую дыпламатыю гэтыя два груганы.

— Цана якая? — пытаецца Макар.

— Колькі пану Гардзялкоўскаму, гэтулькі і табе.

Гонар Макару: калі меркаваць паводле цаны на жыта, ён і пан Гардзялкоўскі раўня...

У свірне падслепаваты Мэндаль усуне руку ў гаруд са збожжам, нібы грэць руку надумаў. Набярэ жменю ў адным месцы, у другім, у трэцім, да дзвярэй падыходзіць, дзе святлей; глядзіць, на зуб прабуе. Потым праз худыя пальцы выпускае зерне зноў у гаруд. Шорхае жыта ў яго руцэ, зярняты да зярнят шапочуць:

— Золата...

— Золата...

Разумее Макар жытнюю мову і кажа Мэндалю:

— Не жыта, а золата!

— Не хвалі, сам на тавар разумею.

Без лішніх слоў дае Макару задатак і тут-жа запісвае нешта алоўкам у кніжачку.

Макар цьфукае на грошы і крэхча салодкім млявым крэхтам.

— Няхай будзе спорна!

— Няхай.

Два груганы развітваюцца.

У імглістыя восеньскія дні раніцы, калі на платах і на полі блішчыць у расе павуціна, калі на Макаравым дварэ рабіны выстаўляюць на паказ свае акрываўленыя жмуты ягад, абоз фурманак цягнецца па дарозе — фурманкі з жытам. З розных хутароў яны соўваюцца па размяклым ад дажджоў тракце ў бок мястэчка Шапалевічы. Тут і Макар.

Вялікія шпіхляры ў Мэндаля. Як гляне Макар, дык страх бярэ: і зайздрасць і пашана...

З хаты Мэндаля выносяць некалькі бутэлек гарэлкі. Грэюцца фурманшчыкі.

Даўно хутаране-арандатары выкупілі зямлю ў пана Гардзялкоўскага. Самі панкамі парабіліся. Дапамагло і жыта, прапушчанае праз худыя пальцы Мэндаля.

Лагодная ўсмешка на твары Макара.

І ён успамінае:

З пастуха Калістры вышаў добры баранавалок. Хутка спрытным парабкам стаў. Спраўляўся з ворывам. Ад цямна да цямна працаваў дзяцюк. Можа быў-бы такім гультаём, як іншыя, але Макар ніколі з вока яго не спускаў. Аплявухамі габляваў. Чалавекам, можна сказаць, стаў Калістра.

Доўга стаіць Макар на адным месцы. Бачыць здалёку не то людзей, не то мурашак. Мітусяцца туды і сюды. Да касавіцы комунары на цагельні працуюць.

З вачэй Макара сыплюцца белыя аганькі. Зубы яго так вырабляюць, нібы жарству імі жуе.

— Ці падпаліць, ці што іншае?

Не ведае, як лепей...

Раней меркаваў, што комуна сама разваліцца:

— Які можа быць толк з гэтых парабкаў-абібокаў? Ажно не, мацнеюць. І яшчэ не спраўдзілася прароцтва папа.

Лёгкі ветрык ледзь зыбае траву, кране ільняныя рэдкія валасы Макара, кіне халадок на гарачую шапку, на загарэлы лоб. Жартуе летні ветрык з сур’ёзнага чалавека.

Ці падпаліць, ці што іншае?

Сціх ветрык. Сонца пячэ.

Прыткнешся рукою да каменя — накалены, як на агні. Млее зямля з гарачыні, пахне рознымі травамі. Гудуць чмялі. Зверху — кволыя званкі жаўранкаў.

— Адплачу!

На хвіліну радасць свеціцца ў вачах — дзікая, воўчая радасць.

— Тэ-э-э! — вырываецца з яго грудзей гук будучай

перамогі.

— Толькі... Ці спраўдзіцца прароцтва бацюшкі? Гасне радасць у яго светлых вачах. Не падкрадзешся.

Вартаўнікі ўначы вакол будынкаў, са стрэльбамі, з злымі сабакамі...

З боку дарогі тарахцяць калёсы. Іхні стукат і рып набліжаецца. Плывуць раўчукамі ў вушы Макара. Уздрыгануўся.

Спалохаўся сваіх думак.

Фурманка.

Чалавек падганяе пугай каня. На возе некалькі мяшкоў мукі. Чалавек абелены мукою, нібы снегам акроплены.

— Відаць з млыну едзе, ад Крушынскага.

Злуецца Макар, што воз з млівам думкі яго збянтэжыў.

Праехала фурманка.

Макар падышоў, каб з чалавекам пагаварыць.

Па дарозе ад фурманкі клубкі мутнага пылу і пах каламазі.

Ідучы дамоў, Макар звесіў галаву ўніз, як цяжкую гіру. Ад думак галава волавам налілася. Вачыма нацэліўся ў свае ўласныя ногі. На масянжовым твары выраз сарамлівасці.

«Не буду я Пархамчуком, калі чаго-колечы не прыдумаю супроць «іх».

Яго рыжая барада адлівае агнём. Твар у жоўтых плямінах рабаценняў.

«Прыдумаю...»

Разамлеў Пархамчук ад думак і гарачыні. І ўяўляе сабе комуну: як на далоні, вельмі ўрэзалася ў памяць.

... Вялізны ўзгорак, абкружаны ручаём з двух бакоў. Ручай празрысты, як шкло, з жоўтым пяском на дне, ад чаго ён здаецца залацістым. З боку дарогі вядуць у комуну таполевыя прысады. Далей вялізны англійскі парк з газонамі, сад, былыя панскія палацы, дзе цяпер клуб, сталоўка і школа. Трохі воддаль некалькі новых будынкаў для комунараў, крухмальня, стайня. Бліжэй да лесу аборы для жывёлы, доўгія будыніны для свіней і авечак; гумно займае цэлае поле з будынінамі для сена, збожжа і сельскагаспадарчых машын.

Перабірае Пархамчук у памяці ўсіх комунараў:

... Да каго можна прыступіцца?

Спыняецца на адным:

— Сымон Троська! Выпіць любіць. Як ні адвучваюць у комуне ад гарэлкі, нічога не памагае.



22 - ГАСПАДАР І ПАРАБАК

правіць

Хмурны дзень. Па небе ходзяць дажджавыя хмары. З аднаго боку дарогі — лес, з другога боку — поле. Калі-ні-калі кукуе зязюля. Далёкія грымоты недзе ў лясной далечыні. Над лесам ледзь прыкметны пераміргванні маланкі. Бледначырвоныя водблескі хутка гаснуць. Па дарозе сухі пясок. Пераганяюць стада з боку лесу. Над стадам воблака густога пылу. У паветры свежасць. Павявае цёплы вецер.

Вось-вось кінуцца на зямлю першыя кроплі дажджу. Кожная кропля — чорная плямінка на пяску. Потым уляжыцца пыл, прытопчыцца.

Вось-вось першыя кроплі прасеюцца з хмар, як праз рэшата... Вось-вось...

У млын да Крушынскага едзе некалькі фурманак з комуны «Чырвоны Кастрычнік»; Троська, Драчык і Калістра. За імі Пархамчук з хутара.

Калістра чалавек гадоў дваццаці сямі, невысокага росту. У яго маленькія чорныя вусікі, карыя вочы. Ён скручвае папяроску і падыходзіць да Пархамчука.

Калістра кпліва называе Пархамчука «пане гаспадару».

Пархамчук свайго былога парабка: «таварыш Калістра».

Яны колюць адзін аднаго вострымі вачыма і вострымі слоўцамі.

— Дай, пане гаспадару, прыкурыць.

Пархамчук вымае запалкі з кішэні.

— На, таварыш Калістра.

— Запалкі часам не атручаныя?

Збялеў Пархамчук ад злосці.

— Язык у цябе атручаны.

Калістра закурвае, зацягваецца папяроскай, дым праз ноздры пускае і глядзіць лагодна на Пархамчука. Потым вымае тытун з кішэні і дае Пархамчуку. Глядзіць на яго зверху ўніз і знізу ўверх, як-бы ў першы раз яго ўгледзеў, і цешыцца з яго. Кажа робленаветлівым голасам:

— На, круці, па старой знаёмасці, пане гаспадару.

Пархамчук робіць шырокай далонню такі рух, нібы хоча адпіхнуць Калістру з тытуном на тры мілі ад сябе, усміхаецца ў бараду і бярэ тытун.

— І па новай знаёмасці магу ў цябе закурыць, таварыш Калістра.

— Куры па новай знаёмасці! — згаджаецца Калістра.

— Жартачкі шэсць дзесяцін зямлі адцяпнула ў мяне комуна па тваёй міласці. За гэтую зямлю магу курыць твае папяросы ўсё жыццё.

Голас Пархамчука падзямельны, глухі. Рыжая барада ходырам ходзіць.

— Ды мала яшчэ, пане гаспадару! — голас Калістры вельмі сардэчны. — Твае дзеці ў маіх дзяцей, твае ўнукі ў маіх унукаў павінны курыць і так да страшнага суда, пане гаспадару!

Калістра праз меру націскае на словы «пане гаспадару».

Пархамчук робіць моцны націск на зварот «таварыш Калістрат».

— Не верыш, таварыш Калістра, у страшны суд? — гараць вочы Пархамчука воўчымі агеньчыкамі. — Чаго добрага, ён надыйдзе раней, чым ты думаеш, таварыш Калістра, яшчэ да ўнукаў, пакуль даедзеш у Курганішча.

У голасе Пархамчука шчырая пагроза. Ён адной рукой зашпільвае жакетку дрыжачымі пальцамі і зараз-жа адшпільвае. Прыкметна хвалюецца.

— Для цябе, пане гаспадару, страшны суд ужо наступіў. Вось і рукі твае дрыжаць ад страху.

— Брэшаш! — буркнуў яго былы гаспадар і скрыпнуў зубамі. — Брэшаш, гад!

Пархамчук кінуў ад злосці папяросу ў пясок з такім імпэтам, ажно рука забалела. Ледзь не вывіхнуў яе. Каб замест папяросы камень быў у яго руцэ, дык увайшоў-бы ў пясок і схаваўся-б там.

Калістра зарагатаў на ўвесь голас:

— Го-го-го!

Аж слёзы паказаліся ў яго вачах ад рогату. Ён нагінаўся, трымаўся абедзвюма рукамі за грудзі і не мог стрымаць свайго смеху.

— Чаго іржэш? — запытаўся з папярэдняга воза Антось Драчык.

— Не пужай варон! — дадаў з другога воза Троська.

— З сваім гаспадаром, панам Пархамчуком, размаўляю. Го-го-го!

— Кінь! — крыкнуў Драчык. — Вось кампанію сабе знайшоў. Ці варта з ім наогул гаварыць. Люблю шчырасць, навошта гэта?

— Няхай гаворыць. Язык не адпадзе, — сказаў Троська і міргнуў Пархамчуку адным вокам. — Можа Калістра заагітуе Макара Пархамчука, каб да нас у комуну перабраўся!

— Лепш мы цябе адправім на хутар да Пархамчука.

Ніхто нікуды мяне не адправіць. Куды захачу, туды пайду, — адгіркнуўся Троська і злосна сцебануў каня.

Пярэдн:я дзве фурманкі ад’ехалі наперад, заднія дзве Калістры і Пархамчука — засталіся.

Па небе гусцелі хмары. Здалёку ледзь прыкметна ві- даць былі хаткі. Яны дыміліся ў дажджавых хмарах. Хмары надыходзілі адны на адны, наступалі і клубіліся. Бліскавіцы не спыняліся. Увесь абшар чакаў.

Вось-вось сыпне дождж...

Вось-вось грымоты загуляюць над борам...

Вось-вось зусім сцямнее, апусціцца вільготны сіні змрок.

Побач соўваюцца наперад фурманкі Калістры і Пархамчука.

Нешта не дае людзям адыходзіць аднаму ад аднаго. Нітка нянавісці моцна звязала іх. Кароткі час яны моўчкі глядзяць адзін на аднаго.

Пасля:

— Пане гаспадару!

— Што, таварыш Калістра?

— Дык можа сапраўды пяройдзеш да нас у комуну? Ты зажыў-бы ў нас спакойна...

— Мне не кепска і ў сваёй хаце. Не мне, старому, да вас ісці. Жарты-жартамі...

— Я не жартую. Пойдзеш да нас, дык гліну мясіць будзеш на цагельні. Будзеш у нас працаваць, як даўней я ў цябе працаваў. Каб табе было весялей, выпішам для цябе з Польшчы пана Гардзялкоўскага.

Твар Пархамчука надзьмуўся пры гэтых словах. Пачырванеў ён увесь: і шыя і рукі наліліся малінавым

сокам.

— Як табе, таварыш Калістра, не сорамна з мяне жартаваць?

Пархамчук пырскаў слінаю, яна плыла па яго рыжай барадзе. Раптам ён згорбіўся, зрабіў жаласлівы выгляд, і вочы ў яго сталі вільготнымі, ён загаварыў рахманым дрыжачым голасам:

— Я-ж быў для цябе ўсёроўна, што бацька родны. Каб не я, дык загінуў-бы дзе-небудзь пад плотам. Ты прышоў да мяне голы, галодны. Вось, як ты мне аддзякаваў за маё дабро! Забраў шэсць дзесяцін, і я чуў, што ўвесь мой хутар хочаш да комуны прышыць. Успомні, што ты ў мяне выгадаваўся! Успомні!

Калістра адну хвіліну моўчкі на яго глядзеў.

Пархамчук быў згорблены, але здавалася, што ў адзін міг выпрастаецца, падскочыць на месцы і кінецца, як звер. Хоць шырокія пальцы яго віселі бяссільныя і крохкія, як свежая морква, але ў любую хвіліну гатовы былі скруціцца ў цвёрды і моцны кулак. Памутнелыя вільготныя вочы вось-вось высахнуць, бялявыя іскры заблішчаць у іх ад напору злосці, і голас Пархамчука памацнее ў крыклівай пагрозе.

Добра памятае Калістра ўсе жэсты і прывычкі свайго былога гаспадара. За пяць год прабывання парабкам дасканала яго пазнаў, ведае ігру кожнай зморшчынкі на яго твары.

Ідуць фурманкі Калістры і Пархамчука побач, па-прыяцельску. За фурманкамі Калістра і Пархамчук.

— Я ў цябе, кажаш, за сына быў? — засмяяўся злым смехам Калістра. — Татка, няма чаго і казаць! Татка! Та-а-атка!

Ён пачаў любавацца Пархамчуком, аглядаць яго з ўсіх бакоў.

— Татка, няма чаго гаварыць! Гэта-ж я горш за жывёлу ў цябе быў. Ого, каб я тады быў у цябе дагледжаны, як твой конь, за якога я ў некалькі разоў больш працаваў. Добра помню аплявухі, якімі ты мяне штодня частаваў, пракляты рыжы сабака! Ніколі я ў цябе не адпачываў. Нават у вашыя папоўскія святы. Спачатку скаціну пасвіў ад цямна да цямна з кавалкам хлеба на ўвесь дзень, а потым усе лугі твае касіў, узворваў тваю зямлю, падзённа ў лесе працаваў. А заробленыя маім потам грошы хто забіраў? Ты! Бо я быў тваім парабкам, тваёй скацінай. Не, пане гаспадару, быў ты чортавым бацькам, а не маім! Ну і та-а-атка!..

Калістра ўвесь гарыць ад гневу. Вочы ў яго пацямнелі. Сківіцы дрыжаць. На лбе над пераносіцай — цэлы жмуток маршчын. Ніколі Пархамчук не бачыў яго такім. Не рад, што такую гутарку з ім завёў. Страшна стала.

«Яшчэ зараз заедзе кулаком», — падумаў Пархамчук і пачаў патрошкі адсоўвацца ад Калістры. Задрыжэла яго рыжая барада.

— Усе парабкі тады так працавалі. Час такі быў, — сказаў Пархамчук няпэўным голасам. Узняў вочы на пахмурнае неба і дадаў спакойна: — Мабыць, хутка дождж сыпне.

— Што раптам пра пагоду загаварыў? — усхапіўся

Калістра з яшчэ большай злосцю. — Ты, здаецца, прывучыў мяне ніякіх пагод не баяцца... Усе парабкі так тады працавалі, кажаш? Час такі быў? Правільна! Вось цяпер і новы час настаў для парабкаў! Мы, парабкі, разлічваемся цяпер з сваімі гаспадарамі, з такімі, як ты. У «Чырвоным Кастрычніку» і жывуць парабкі пана Гардзялкоўскага.

— Яны-ж тут усё жыццё працавалі ў пана, а ты толькі прыткнуўся да маёй зямлі.

— «Прыткнуўся?» Ах ты, шэльма! Пяць год — гэта прыткнуўся? Я да цябе зараз так даткнуся, што косці сабачыя ў цябе рассыплюцца!

Калістра напружыўся ўвесь, нібы зараз шпурне ад сябе Пархамчука нагою, як пустую бочку.

— Кінь, Калістра, гарачыцца. Я сам, па-твойму, на печы валяўся? Я-ж больш за цябе працаваў. Такія-ж мазалі на маіх руках, як на тваіх. Вось што я скажу табе. Свайго брата мужыка душыш.

Калістра зарагатаў:

— Глядзі, якое сваяцтва! То ён мне бацька родны, то брат! Ну і пацешны ты, пане гаспадару! Калі на тое пайшло, дык у пана лягчэй было быць парабкам, чымся ў «роднага брата мужыка». Горшай п’яўкі за «роднага брата» на свеце не было. «Родны брат» ні на крок не адыходзіў ад свайго парабка, усе кішкі выматваў. Ніколі з вока не спускаў. Вечна ты вісеў, акаянец, над маім каркам, як узнятая сякера, і не было нават калі мне за сваёю патрэбай пайсці. Зненавідзеў я цябе, пане гаспадару, так, ну як чалавек зненавідзеў змяю, ну як кожны парабак ненавідзіць свайго гаспадара...

Кожны мускул на твары Калістры дрыжэў ад злосці. Твар яго быў бледны. Словы ён працэджваў праз зубы раздзельна гук у гук, і як-бы не словы гучэлі з яго тонкіх губ, а кавалкі крыві. Губы крывіліся, нібы ад вялікага нутранога болю.

Пархамчук маўчаў. Увесь ён спацеў. Вочы яго ўглыбіліся. Рукі прыціснуў да бакоў, як прышчэмлены да сцяны. Здаецца, зараз высуне язык, нібы пятля душыць яму шыю.

— Мала таго, што трэба ўсю зямлю забраць у такіх як ты, а скуру жывую злупіць трэба, сволач ты! —сказаў

Калістра пасля кароткага маўчання. — І злупім! Ніводная п’яўка не застанецца на совецкай зямлі!

Пархамчук спалохаўся яго голасу. Адскочыў. Здалёку сказаў:

— Ведаеш, мы з табою не кампанія, таварыш Калістра!

— Правільна! Табе кампанія — Язэп Крушынскі!

— А табе — Антось Драчык!

— Згодзен!

— І я згодзен!

Калістра ўскочыў на воз і давай даганяць сваіх.



23 - У МЛЫНЕ

правіць

Гудзе млын у Курганішчы. Ужо чатыры гады як гудзе.

Вакол млына прыбудовачкі; паветка для коней, цёплая будыніна для завознікаў.

Сам Крушынскі вечна ў млыне. Парабак Рыгор у яго цяпер мельнікам. Бухгалтарам — Стэфка. Яна важыць мліва, выдае квіткі, запісвае. Уся жывая сіла Курганішча ў хаду.

Знутры і звонку млын аброс мучным пылам. Драўляныя сцены аселі, па-гаспадарску на месцы ўмацаваліся.

Кіпіць жыццё ў млыне і каля яго. Млын сцягвае да сябе людзей з усёй ваколіцы. Нават з мястэка Шапалевічы завознікі прыязджаюць.

— Дарогі і пуцявінкі сюды цягнуцца з усіх бакоў, як у стары Рым, — не раз жартаваў айцец Дзімітры.

— Усё па закону раблю! — сур’ёзным тонам тлумачыў Крушынскі.

— Усё па закону! Тры тысячы рублёў падатку плачу дзяржаве. Добра цяпер хоць тое, што не трэба дрыжэць і кожнага баяцца. Усё па закону!

У млыне Крушынскі ніводнай хвіліны на месцы не можа ўстаяць. Яго рвуць на кавалкі — то туды, то сюды. Не мае часу нават ліст пачытаць, які вось зрання ляжыць у яго кішэні. А цікава пачытаць, хто гэта піша да Стэфкі і што там напісана.

Ужо некалькі разоў пачынаў чытаць:

«Дарагая, мілая Стэфачка.

Можаш мяне віншаваць...»

Далей гэтых двух радкоў Язэп Крушынскі ніяк не дабраўся. З усіх бакоў яго рвуць на кавалкі.

— Таварыш Крушынскі!

— Дзядзька Язэп!

— Суседзе!

То важыць трэба, то нехта скардзіцца, што чарга яго даўно мінула, а яго мяшкі стаяць на месцы.

Не глядзіць Крушынскі на людзей, а можа глядзіць і нікога не бачыць. Імчыцца ён з першага паверху на другі, зноў уніз і так без канца.

Гучыць у яго вушах стукат млына і людскі гул галасоў.

— Дарагая, мілая Стэфачка, можаш мяне віншаваць... — урэзалася ў яго памяці.

Зноў бярэцца за ліст.

— З чым-жа яе можна віншаваць? І хто гэта піша да маёй жонкі? Ніколі ніхто не пісаў.

Нервуецца Крушынскі.

«Жонка на шмат гадоў маладзейшая за мяне...»

— Суседзе, я да цябе... — цягне яго нехта за рукаў.

Падняў ад ліста вочы.

Насупроць яго рыжая барада хутараніна Пархамчука.

— Па чарзе, суседзе, нічым не магу дапамагчы,— кажа Крушынскі.

— Я не спяшаюся. Я па іншай справе.

Крушынскі зірнуў на яго зацікаўленымі вачыма.

— Я зараз.

— Дзядзька Язэп! — кліча Крушынскага Рыгор.

Крышынскі пабег.

Ужо тры разы як Пархамчук чуе ад яго гэтае «зараз».

У Пархамчука роспач на твары, ён цярпліва чакае.

А вось зноў паказаўся Крушынскі.

— Суседзе, на пяць хвілін... — літасці просіць Пархамчук.

— Добра, хадзем, Макар!

— Вялікі сакрэт...

Крушынскі ўстрапянуўся. Ён любіць сакрэты.

Калі так, дык ідзі ка мне ў хату, а я зараз прыду.

Не выпадае тут.

Праз некалькі хвілін яны разам сядзелі ў пакоі Крушынскага. Не вярнуўся Крушынскі ў млын праз пяць хвілін.

На стале была гарэлка.

І Пархамчук з Крушынскім ціхенька шапталіся доўгі час. Вушы да губы падстаўлялі адзін аднаму, пільна лавілі кожнае сяброўскае слова, каб не рассейвалася.

Часта Крушынскі паглядаў у акно, ці няма блізка чужога і лішняга вуха, і ўсё паўтараў Пархамчуку:

— Толькі цішэй...

Потым пайшоў у другі пакой і прынёс адтуль маленечкую аптэчную бутэлечку.

Даў Пархамчуку.

Пархамчук схаваў у кішэню.

Як Пархамчук вышаў з хаты, Крушынскі зноў узяўся за ліст:

«Дарагая, мілая Стэфачка.

Можаш мяне павіншаваць. Знайшоўся мой муж і твой дзядзька Антон Сяргеевіч Мятлоў».

— І мае пяцьсот рублёў знайшліся! — узрадаваўся Крушынскі. — Хоць дзядзька ён мне цяпер па жонцы, але гэтыя пяцьсот рублёў, якія пазычыў у мяне на дарогу некалькі год таму назад, ён павінен вярнуць. Ого, такія грошы! Не жартачкі. Анекдотамі гэта майму новаспечанаму дзядзьку не абыйдзецца.

— Дзядзька Язэп! На млын клічуць! — сказаў нехта пад акном.

— Ах, чэрці! Пачытаць не даюць.

Зноў скамячыў ліст, сунуў у кішэню і пабег у млын.

Толькі позна ўвечары вызваліўся Крушынскі ад працы ў млыне. Пад вечар зноў распагодзілася. На дварэ было вельмі цёпла. Крушынскі сядзеў пры адчыненым акне і піў гарбату. Над лямпай кружыліся матылі. Стэфка, цяперашняя жонка Крушынскага, сядзела побач. За апошнія чатыры гады яна пакруглела і як-бы пастарэла на 10 год. Вочы, раней бліскучыя, іскрыстыя, паблеклі, страцілі свой ранейшы колер. Ва ўсім яе целе няма ўжо болей дзявочай рухавасці. Яна лянівая, вечна заспаная, часта пазяхае. Нават голас яе змяніўся. Няма ў ім ранейшых зычных пераліваў. Рукі яе заплылі тлустасцю.

— У мельніка заўсёды тлусцеюць свінні, каровы і жонка, — часта жартаваў Крушынскі.

Стэфка спачатку, пакуль не прывыкла да гэтага жарту, злавалася, называла мужа «хамам», «дзярэўняй», а пасля перастала ўвагу зварочваць: ленавалася. Усім сваім выглядам яна гаварыла адно:

— Я сытая. Хачу спаць.

П’е Крушынскі гарбату і часта кажа да жонкі:

— Ідзі спаць, Стэфка.

— Дай ліст раней пачытаем. Цікава, што піша цёця.

Крушынскі дастаў з кішэні скамечаны ліст. Ён чытаў уголас, а Стэфка слухала:

«Дарагая, мілая Стэфачка.

Можаш мяне павіншаваць. Знайшоўся мой муж і твой дзядзька, Антон Сяргеевіч Мятлоў. Я нядаўна атрымала ад яго ліст. Ён мне піша, што быў на Каўказе пару год аграномам. Потым за штосьці яго судзілі і выслалі на дзесяць год. Ён просіць у мяне, каб паслала яму трохі грошай. Просіць прабачэння, што са мною так абыходзіўся, піша, што калі пабачымся з ім некалі, дык мне аб усім падрабязна раскажа. Інакш, піша ён, тады рабіць не мог. Не ведаю, як іншыя на маім месцы зрабілі-б, але я паслала яму з апошніх грошай трыццаць рублёў. Я цяпер на службе ў адной установе, машыністкай. Налаўчылася, як трэба было самой карміць і гадаваць дзяцей. Хаця злосць бярэ. За ўсе гады ні капейкі не прыслаў для дзяцей. Што з ім такое было, які злоўчынак, я ўцяміць не магу. Ён-жа рэволюцыянер з 1905 года. Дзеці падраслі за гэты час. Можа-б ты прыехала да мяне ў госці? Прывітанне твайму мужу. Вось і давялося тады мне пазнаёміцца з Крушынскім, а як прыехала пасля атрымання твайго ліста у Курганішча, як атрымала ад свайго ліст, ды аж тры дні плакала. Думаеш, я шкадавала яго? Не, не шкадавала. Толькі неяк шкада было дзяцей, якія сіротамі гадуюцца, без бацькі. Ён іх так любіў. І вось за тое, што ён іх любіў, я з апошніх паслала яму грошы. Мабыць, сапраўды, нешта страшнае было ў яго, якое прымушала яго адрачыся сям’і і схавацца, жыць пад чужым прозвішчам. Я-ж чула, што ён жыў адзін, кабет не меў. Суд над ім, пісаў ён мне, адбыўся ў Тыфлісе. Думала напісаць тады да пракурора, каб даведацца, за што яго судзілі. Збіралася колькі разоў напісаць, але ўсё адкладваю. Баюся, каб самой сабе гэтым не нашкодзіць. Разумееш, Стэфачка, я-ж жонка такога злачынца. Можа, лепш не дапытвацца? Тут усе думаюць, што твой дзядзька даўно памёр. З таго часу, як атрымала тэлеграму аб яго смерці, лічуся ўдавою. Дзеці выраслі за гэты час. Яны не ведаюць, што тата іх жыве. Я тады нікому твайго ліста не паказвала. І аб лісце мужа з ссылкі ніхто не ведае. Вось і нашуся цяпер з гэтым, папраўдзе кажучы, цікавым сакрэтам, як з пісанай торбай. Часам так хочацца каму-небудзь расказаць аб сваім сямейным становішчы. Я — удава і не ўдава. Дзеці — сіроты і не сіроты. Як паслала яму трыццаць рублёў, дык гэтыя грошы зараз-жа адчуліся на добрабыце сям’і; пачала ашчадна жыць, дзеці пачалі горш карміцца, пахмурнелі, глядзяць на мяне падазрона і маўчаць. Я ведаю, яны хочуць запытацца: «чаму яечні не зрабіла на снеданне, чаму няма малака?» Баліць у мяне сэрца, як гляну на іх. Колькі разоў прызнацца ім хацела: татку грошы паслала апошнія... ён жыве. Вы — не сіроты. Я — не ўдава. Ледзь стрымалася. Усёроўна такое нашае становішча іх не радавала-б, як і мяне не радуе. Я цяпер часта ўначы плачу. Проста стрымлівацца не магу. Слёзы самі з вачэй цякуць. Што такое муж зрабіў? — думаю я. Успамінаю брата, які ў царскай турме загінуў. Неяк апошнія часы ён у мяне з памяці не выходзіць. Вось як-бы глядзіць на мяне і пытацца хоча: чаму гэта твайго «Анціка» (мужа майго) тады вызвалілі, а мяне загубілі? Я памізарнела вельмі. На службе ў мяне пытаюцца: «Што з вамі? Вы памізарнелі». Я кажу, што хворая... Моцна трымаю за зубамі свой сакрэт. Словы, здаецца, самі лезуць на язык. Вось зараз, думаю, не вытрымаю, а ўсё пра мужа раскажу, дык не. Маўчу. Гэты сакрэт сядзіць у мяне ў грудзях і коліць, як вострая шпілька. Часам пачынаю ўспамінаць ранейшыя гады.

І вось выплываюць у памяці розныя карціны жыцця з мужам. Часта вечарамі ён дома не бываў. Аднаго разу я зацікавілася, дзе гэта ён прападае, і пайшла за ім ціхенька. Была тады восеньская вільготная ноч. Муж наперадзе, а я за ім тулілася да сцен дамоў. Насустрач мужу ішоў мужчына ў капелюшы, у чорным паліце. Яны павіталіся і пайшлі разам. Дзе я гэтага чалавека бачыла? — падумала я. — Вельмі знаёмыя рыжыя вусы. усе рысы яго голенага твара. Раптам успомніла — і дрыжыкі па ўсім целе ад страху пачаліся. Я так дрыжэла, ажно зуб на зуб не пападаў. Гэта быў той самы жандарскі палкоўнік, які раней арыштаваў майго брата. Якія ў яго справы з маім мужам? Я зараз-жа вярнулася дамоў. Няўжо-ж мой Анцік такі? Няўжо ён шпікам зрабіўся?.. Позна муж тады дахаты вярнуўся. Калі я ў яго запыталася, якая была ў яго справа з гэтым катам, муж пабялеў, як папера. Потым папрасіў нікому аб гэтым не гаварыць, запэўніў мяне, што знаходзіцца яшчэ пад наглядам, і што час-ад-часу прыходзіцца такім чынам сустракацца з жандарам, каб не хадзіць у іхнюю ўстанову. Я тады яму не зусім паверыла. «Нейкая цёмная справа», — падумала я. Пасля гэтага, мы хутка выехалі з таго горада, і я перастала аб гэтым думаць. Цяпер зноў успомніла. Хопіць на гэты раз пісаць. Прывітанне ад дзяцей. Нікому, Стэфачка, аб гэтым не гавары! Усяго найлепшага! Прыедзь ка мне ў госці з сынком. Буду вельмі рада. Цалую. А. Мятлова».

Крушынскі кончыў чытаць. Зрабіў многазначны выгляд на твары і многазначным тонам сказаў:

— Та-а-ак. Жыццё здорава, відаць, дзядзьку вашага круціла.

З твару Стэфкі сышла дрымотнасць. Яна захвалявалася. Памаладзела. У вачах з’явіўся ранейшы блеск.

— Ведаеш, мой хлопчык, — звярнулася яна да мужа, — трэба цёці паслаць трохі грошай...

Яна зазірала яму глыбока ў вочы, прытулілася да яго, як яна рабіла калісьці, у першыя месяцы пасля вяселля.

— Ты не будзеш скупым на гэты раз, праўда?


— Добра, — працадзіў Крушынскі праз зубы, пашлем. Ведаеш, у мяне засталася да яго нейкая сімпатыя, да гэтага агранома. Сімпатыя, кажу, засталася. Мы з ім сябравалі.

— Ён быў трохі падобны да цябе сваімі паводзінамі, — заўважыла Стэфка і зноў пазяхаць стала.

Глупства гаворыш. Якімі паводзінамі?

Крушынскі пакрыўдзіўся.



24 - ГРУГАН ГРУГАНУ ВОЧЫ НЕ КЛЮЕ

правіць

Праз некалькі дзён Пархамчук зноў сустрэў Троську.

Ідзе ён пасярод дарогі і тоненькім, нібы валасок, галаском песню спявае:

Выпіў чарку, выпіў дзве,

Зашумела ў галаве.

Нагамі перабірае, нібы зараз у скокі пусціцца.

Ён наступае на Пархамчука, выстаўляе рукі перад сабою і кажа п’яным голасам:

— Ты, кулак! Дай мне дарогу! Такі ты ды сякі!

— Як гэта дарогу ўступіць? Дарога шырокая. Ідзі, куды хочаш!

Адыходзіць Пархамчук направа — і Троська направа да яго нос у нос. Адыходзіць ён налева — і Троська супроць яго лоб у лоб.

— Дык чаго табе ад мяне трэба? — пытаецца Пархамчук.

— Знішчыць цябе хачу!

Пархамчук схапіў яго за грудкі і патрос так моцна, ажно Троська вочы вылупіў.

— Братка, пусці, — залемантаваў ён. — Горка мне.

— Прыдзі ка мне на хутар, мёдам накармлю.

У той-жа дзень увечары Троська да яго прышоў. Адразу папярэдзіў:

— Толькі ты нікому ані-ні, што я ў цябе быў.

— Нікому не скажу.

Пагладзіў Пархамчук бараду з гаспадарскай паважнасцю і сказаў салодкім голасам:

— Садзіся, Троська!

Пасадзіў госця. Сам побач сеў.

«Хоць госць неспадзяваны, але пажаданы», — падумаў Пархамчук. Уголас сказаў з сяброўскай усмешкай:

— Ты, можа, прышоў, каб вынюхаць, што ў мяне робіцца і даклад комуне зрабіць?

— Што ты! Што ты!

Аж спалохаўся Троська.

Пархамчук пахлопаў яго па спіне, і лагода чулася ў яго голасе:

— Ведаю. Ты не з такіх!

— Вядома, не з такіх! Інакш я да цябе не пайшоў-бы і не палез-бы да цябе п’яны ўдзень, як ішоў з Шапалевічаў. Як ты думаеш?

— Пэўна, так.

— Маю да цябе сімпатыю.

— З якіх часоў?

— Як толькі пазнаў цябе.

— За што?

— Вольна жывеш.

— Якое там вольна жыву. Душаць з усіх бакоў.

— Але як вып’еш, дык ніхто табе слова не скажа. Як засвяткуеш дзянёк, ніхто не скрытыкуе. Як хочаш, так і жывеш.

Пархамчук глядзеў на Троську вока ў вока і лавіў кожнае яго слова. Паглядзеў яму ў рот, нібы адтуль залатыя вераб’і вылятаюць.

— І так, і не зусім так, — працадзіў Пархамчук праз бараду.

Рад Пархамчук, што адзін з комунараў нездаволены, што прышоў да яго, хутараніна, паскардзіцца. Паглядзеў у акно.

Вячэрні змрок насоўваецца на ваколіцу, як чорны мядзведзь. На маленькім бярэзнічку паблеклі апошнія залатыя плямы сонца. Неба пацямнела.

— Каб ніхто, Троська, не даведаўся, што ты да мяне прышоў.

— Ніхто не даведаецца. Маю волю хадзіць, куды хачу. Маю да цябе сімпатыю. Вось і прышоў.

На стале з’явіўся самагон, сала, масла, хлеб, сыр.

Пасля выпіўкі ў Троські язык развязаўся.

— Уцяку з комуны, чэснае слова, уцяку!

— І добра і разумна зробіш. Усе ўцякуць, бо ўсёроўна пан Гардзялкоўскі вернецца ў свой маёнтак. Ён падзякуе, што гаспадарку падправілі. Ой, падзякуе.

Пархамчук пры гэтым пальцам у паветра махае. Вочы яго строгія. Ён успамінае словы айца Дзімітрыя аб тым, што на комуну прыдзе пагібель, як на грэшны Егіпет.

— Уцяку, — паўтарае Троська. — Я тут з людзьмі ладзіць не магу.

— Ты-ж тут не першы год працуеш?

— Раней было спакайней. А як з’явіўся Антось Драчык, дык жыць не магу. Не мае ён да мяне сімпатыі.

— Гэты скандаліст з Гайдачан?

— Ён! Гультаём мяне абазваў, апаганіў. Выпіць не можна. Не комуна, а манастыр. Так апаганіў, што жонка мяне адраклася. Асобна жыве. Усе яе хваляць за гэта. Ледзь стрымаўся, каб яе не пабіць.

— Добры час надышоў, каб муж жонку пабіць не мог! — пад’юджвае яго Пархамчук.

— Драчык мяне называе палыном у комунарскім агародзе. Я пакажу яму! Будзе ён мяне памятаць. Газету прыдумалі, «Комунар» завецца. У кожным нумары аба мне пішуць. Ненавісны чалавек гэты самы Драчык. Усё аба мне ўгледзіць, усё выкапае. Заб’ю яго! Дальбог, заб’ю!

— А ты яго капай! — усміхаецца Пархамчук. — Выпі, брат, яшчэ!

Троська п’е.

Пацямнела ў хаце.

— Дзе пад Драчыка падкапаешся? Калі што-б ён ні зрабіў, дык усё добра, кажуць комунары. Хаця не ўсе, але любяць гэтага шальмяца. Заб’ю яго!

Вочы ў Троські заплылі п’яным блескам. Спацелыя валасы прыліплі да ілба.

— Якая карысць з таго, што заб’еш яго? — кажа шэптам Пархамчук. — Яны там усе лык! аднаго лапця. Раз жонку яны ў цябе аднялі, апаганілі цябе, жыць не даюць, дык з усімі расплаціся.

— І то праўда! — згаджаецца Троська.

— Цішэй гавары, — просіць Пархамчук. — Дык вось пакінь памятку ўсёй комуне. Перад тым, як пойдзеш адтуль, шмат што зрабіць зможаш. На дарогу дам грошы.

— Пакіну памятку! Век помніць будуць!

— Ты цішэй...

— А ліха іх бяры!

— А як там мой Калістра?

— Чаму гэта твой?

— Парабкам у мяне быў. Выгадаваў яго.

— Асэсарам! Ого, Калістра! Улегцы яго не возьмеш Ён падае праект, каб увесь твой хутар забраць. Кажа, клінам у комуну ўрэзаўся.

— Ведаю...

Пархамчук увесь задрыжаў, як успомніў Калістру, і ўрэпіўся моцнай рукою ў худое плячо Троські.

— Вось як...

— А так... Я да цябе сімпатыю маю і кажу...

Пасля выпіўкі доўга ў сенцах шапталіся.

— Каб ніхто не ведаў, што ты ў мяне быў. Чуеш?

— Ясна... Іду з мястэчка, з Шапалевічаў.

На развітанне пацалаваліся.

— Дык мы-ж свае людзі... — кінуў Пархамчук сардэчныя словы.

— А ты думаў — чужыя?

Пайшоў Троська ў ноч на п'яных нагах. У ручаі квакаюць жабы. З неба глядзіць поўны месяц, дваіцца і траіцца ў вачах Троські.

Сочыць Пархамчук з двара, куды пайшоў Троська Ступае Троська па мяккім пяску, крокаў яго не чуваць.

— Кува-а-ах, кува-а-ах, — квакаюць жабы.

«Можа прароцтва бацюшкі спраўдзіцца», — думае Пархамчук.

Частым гасцём Троська ў Пархамчука. Як толькі можна вырвацца, — ён на хутары.

— Глядзі толькі, ніхто не нюхае тваіх слядоў?

— Ніхто.

— Умееш трымаць язык за зубамі?

— Э-гэ-гэ-э... Я табе не абы хто! — Вочы яго зайгралі заліхвацкім агеньчыкам. — У Балаховіча арудаваў, а па сягоннешні дзень ніхто аб гэтым не ведае!

Пархамчук ляпае яго шырокай лапай па спіне. Ківае галавою з такой мінай, нібы нешта дарагое раптам знайшоў.

— Вось і ўмееш трымаць язык за зубамі! Эх ты!

Яшчэ хваліцца!

— А што?

— Навошта мне пра Балаховіча кажаш? Ведаеш, такімі сакрэтамі не перакідваюцца, як дзеці каменьчыкамі. Эх! ты...

— Мы з табою свае, — апраўдваецца Троська.

— Мала што... А вось вазьму ды раскажу куды трэба... Ты цяпер у маіх руках, як рыба выцягнутая з вады.

— Чорт нас звязаў. Не баюся цябе, рыжага. Сімпатыя ў мяне да цябе.

Аднак Троська пашкадаваў зараз-жа, што неяк ненарокам выслізнула з яго губ, нібы сліва, неасцярожнае слова. Гэтулькі гадоў нікому не гаварыў, а вось выскачыла.

«Рыжы чорт», — падумаў ён.

Нават жонка, якая адраклася яго цяпер, аб гэтым не ведае. Міжволі мільгнулі перад яго вачыма пажарышчы, крыкі ахвяр, мітусня на вуліцах мястэчка.

Страх прабраў Троську. Але ён віду не паказваў перад Пархамчуком, што баіцца.

— Калі ўжо справа будзе зроблена? — звярнуўся да яго Пархамчук тонам гаспадара да парабка.

— Калі рак свісне.

— Ты, Троська, не таго. Я сур'ёзна гавару.

Троська злуецца.

Ён цяпер у лапах гэтага «рыжага чорта».

Навошта сказаў рыжаму?

Ён зірнуў у акно.

Была цёмная дажджлівая ноч. Ад святла невялічкай лямпы акно свяціла, як люстэрка. Ён на шыбінах угледзеў, нібы ў тумане, свой уласны твар і рыжую бараду Пархамчука. З яго памяці пры гэтым затушаваліся ўспаміны часоў Балаховіча. Троська адвярнуўся ад акна. Смяецца. Блішчаць яго белыя вострыя зубы.

— Дасі соценьку, зраблю! — сказаў ён рашуча. — Ведаеш, мне прыдзецца даць лататы далёка-далёка. — Ён рукою зрабіў дугу ў паветры. — У Польшчу махну.

— Дам, каб цябе ліха ўзяло!

— Толькі доларамі...

Пархамчук нездаволена махнуў рукой і пакруціў галавою.

— Гэта ўжо новая стацця... — Ён задумёна пачаў гладзіць бараду.

— Як сабе хочаш. Я застануся пры стаці, а ты пры доларах.

Устрапянуўся рыжы Пархамчук. Вочы яго пацямнелі. Ён хрыплым голасам прагаварыў:

— Навошта цягнеш у мяне жылы? Калі захачу, дык застанешся пры такой стаці, ад якой усе тыя, хто з Балаховічам арудавалі, даставалі пашпарт на той свет...

Троська падскочыў на месцы, нібы наступіў на вострае шкло босымі нагамі.

— Ведаеш, д‘ябла рыжы, з гэтым жартаваць не дазволю! У адзін момант адкручу табе рогі разам з галавою.

Пархамчук адсунуўся. Паводле твара Троські, які ў адну хвіліну зрабіўся страшэнным, ён пабачыў, што лепш з ім не жартаваць, і ён прымірэнча сказаў:

— Супакойся. Груган гругану вочы не клюе.

Яны сышліся.

Пархамчук згадзіўся даць Троську пяцьдзесят долараў.

Вышаў у сенцы. Недзе доўга капаўся, пакуль дастаў грошы. У дадатак прынёс маленькую аптэчную бутэлечку.

Троська ледзь пачуў яго шэпт, які, здавалася, плыў з рыжай барады. Нібы не Пархамчук гаварыў, а нехта іншы:

— Гэта такая штучка, што як адну макавінку з пудэлачку за язык паложаш і — капут... Харошая штучка! Гэтым можна цэлае стада атруціць. Ідзі! Шчасліва! Глядзі! каб сам не... — Пархамчук строга пальцам кіўнуў. — Асцерагайся...

Цёмная дажджлівая ноч.

Неба — чорны атрамант. На дварэ хутараніна шушукаюцца рабіны.

Стаіць гаспадар на ганку і прыслухоўваецца...

— Ведаем... ведаем... — шапочуць рабіны.

— Ведаем... ведаем... — кажуць дажджлівыя кроплі і падаюць з даху тонкімі ніткамі.

— Ведаем... ведаем, — падміргвае начная цемень.

Троська пайшоў.

Пархамчук быў і рад і не рад.

— А можа яшчэ варта было пачакаць з «гэтым»? Ці правільна я зразумеў словы бацюшкі пра божыя кары?

Хлюпае дождж, барабаніць па даху, хвіліны лічыць; раз-два-тры... раз-два-тры... — цёмныя хвіліны ночы.

Страх напаў на Пархамчука.

Праз акно свеціць невялікая лямпа, кідае ў цемру ночы яркія плямы. Серабром адліваюць бурбалкі ў лужынах.

— І навошта лямпа гарыць?

Узяўся за клямку, каб у хату ісці і патушыць лямпу, ажно чуе — нехта месіць гразь каля брамы. Квохчуць у гразі з нейкім прыкрым прыцмокам чалавечыя крокі.

Пархамчук спыніўся. Хацеў анямець, акамянець, каб нават сэрца не тухкала, але само сабою вырвалася:

— Хто ідзе?

І свайго ўласнага голасу не пазнаў.

— Цішэй. Гэта я...

Па светлай паласе ад лямпы ідзе да яго назад Троська. Ён усміхаецца. Блішчаць яго вострыя зубы.

— Чаго вярнуўся?

— Ціха... — У шэптах Троські страх. — Там людзі... Са стрэльбамі... Драчык і Калістра...

Пархамчук затросся.

— Сюды ідуць?

— Можа не сюды... Ведаеш, маю да цябе сімпатыю. Ты не думай, што я вораг совецкай улады і комуны. Я хацеў выпрабаваць, што ты за птушка. Вось Калістра і Драчык будуць сведкамі, які фокус ты хацеў праз мяне выкінуць у комуне. Я ім тваю пудэлачку паказаў. Яны заўтра на курыцы папрабуюць.

Пархамчук ледзь схапіўся за сцяну, каб не ўпасці. Ён адчуў, што ўжо ён не Макар Пархамчук, а куча разлезлага мяса.

— Эх ты... — прастагнаў ён. — Жулік...

— Ты, Макар, не лайся. Думаеш, я «не ўмею? Мой язык таксама гебляваны. Толькі сімпатыю да цябе маю. Вось і папаўся ты, саколік рыжанькі! Ты, мабыць, думаў, што я здраджу комуне? Не, брат, не купіш мяне за долары!

Пархамчук увесь пакрыўся халодным потам. Да спіны прыліпла кашуля. Дрыжаць рукі і ногі. Хоча ён нешта сказаць, а язык не варочаецца.

Глядзіць Троська на яго і любуецца.

— Вось і папалася птушачка! — кажа ён з спачуваннем.— Можа вады табе падаць? Што? Млосна стала?

— Ба-ла-хо-вец... Бандыт... — вырваліся ў Пархамчука хрыплыя словы. Не словы, а шматочкі слоў. Нібы іх нехта абцугамі з яго горла вырываў.

Засмяяўся Троська злым смехам.

— Гэта я табе наўмысля сказаў, што я балаховец, а ты, дурань, паверыў. Зараз крыкну да Калістры і Драчыка...

— Маўчы, братка... — застагнаў Пархамчук. — Што хочаш са мною рабі, толькі нікому не кажы...

— Вось гэта мне падабаецца. Тон у цябе вельмі шчыры... Проста і па-чалавечаму ты загаварыў. Ты — скрыпачка, а я — смычок... Ведаеш, груган гругану вочы не клюе, сказаў ты мне нядаўна. Гэта святая праўда. Маю да цябе сімпатыю, дасі яшчэ пяцьдзесят долараў, тады ўсё добра будзе...

«Дорага мне каштуе прароцтва бацюшкі», — падумаў Пархамчук і злосна плюнуў.



25 - ДРАЧЫХА

правіць

Мінулі чатыры ўраджаі, як сям’я Драчыка жыве у комуне «Чырвоны Кастрычнік».

Чатыры разы на новым месцы адбывалася сяўба, касьба, жніво, малацьба і розныя зімовыя працы ў комуне. Дзеці выраслі тут за гэты час. Цененькім і высокім зрабіўся Юзік, старэйшы сын Драчыка. Яму цяпер пятнаццаць год. Маленькая пяцігадовая Юлька нават не памятае ранейшай хаты ў Гайдачанах. Ды старэйшыя дзеці бадай што забыліся аб ранейшым жыцці.

Сама Драчыха часта ўспамінае.

Калі гаспадарчыя прылады і хатнія рэчы везлі з Гайдачан на комунарскіх фурманках, Драчыха слязу пусціла.

Яе пасадзілі на воз разам з дзецьмі.

— Бывай здарова, Драчыха! Шчасліва жыць у комуне! — крычалі ёй суседкі каля кожных варот.

Жаласлівыя бабы таксама вочы выціралі.

Па небе плылі лёгкія хмаркі. Быў свежы сцюдзёны вецер. Але весела спявалі птушкі. Абапал дарогі зелянела рунь. Па самай дарозе месцамі прабівалася трава.

Драчык бегаў тады ад фурманкі да фурманкі, папраўляў рэчы на вазах і быў заклапочаны і маўклівы.

— Глядзі, Антось, — звярнуўся да яго адзін з комунараў, — твая жонка плача.

— Шкода ёй старой хаты, дзе яна гэтулькі год пражыла.

— Радавацца трэба, а не шкадаваць.

Драчык усміхнуўся.

— Ведаеш, — сказаў ён, — мне калісьці апавядаў адзін арыштант, які тры гады адседзеў у турме, што як вышаў на волю, дык яму спачатку шкода было турэмнай камеры.

— Гэта можа быць.

Больш за ўсіх радаваліся дзеці.

Твары ў іх паружавелі ад свежага ветру. Зычным смехам звінелі яны праз усю дарогу. Ехаць прышлося якраз супроць ветру, які сцёбаў у дзіцячыя твары, вырываў з-пад шапак і хустак пасмы ільняных валасоў, выціскаў з дзіцячых вачэй бліскучыя кроплінкі. Дзеці смяяліся, выціралі вочы, нібы пры разрэзанай цыбулі альбо пры горкім дыме.

Драчыха крычала на іх:

— Не сядзіце тварам супроць ветру!

Дзеці не слухаліся.

Комунары прывезлі ім пшанічнага белага хлеба.

Дзеці елі па дарозе з такой прагнасцю і смакам, нібы перад гэтым галадалі некалькі дзён. Рэдка, можа раз на год, прыходзілася ім пробаваць пшанічнага хлеба... Яны гаварылі адно-аднаму з дзівам і радасцю:

— Ага! Белы хлеб...

— І ў мяне!

— І ў мяне.

Блішчэлі вочы і зубы ў дзяцей. Кавалкі белага хлеба яны трымалі абедзвюма рукамі. Канчалі есці і прасілі:

— Яшчэ!

— І мне...

— І мне...

Святам, сонечнай радасцю была для дзяцей гэта дарога.

Драчыха расчулілася і праз слёзы ўсміхалася.

— Ціха вы... Як галодныя шчаняты ўсёроўна. Дзядзькі падумаюць, што я вам ніколі есці не давала!

Хмызнячкі і маладыя бярозкі, якія дзе-ні-дзе стаялі абапал дарогі, гнуліся ад ветру ў бок Драчыхі, кланяліся ёй насустрач, як ветлыя падарожнікі.

Аж тры разы давалі ў дарозе дзецям белага хлеба.

— Вы-ж не з галоднай губерні едзеце, — сарамліва гаварыла Драчыха.

А тое, што ў хаце ў Гайдачанах дзеці ледзь не кожныя поўгадзіны падыходзілі да яе з крыкам: «мама, есці», ёй на возе чамусьці здавалася даўнай мінуўшчынай. Яны тармашылі яе за спадніцу, мітусіліся вечна каля яе з крыкам: «мамка, давай есці!» «Ненасытныя вы! — крычала Драчыха на іх. — Саранча галодная. Не набяруся на вас!» Часам моцна на іх злавалася, праклінала іх, сябе, і ўсё жыццё. А яны вечна сварыліся між сабой і зноў да яе падыходзілі са скаргамі:

— Мамка, Юзік мяне ўшчыкнуў!

— Мамка, Хомка мне нагу падставіў, і я павалілася!

Драчыха мірыла дзяцей рознымі спосабамі: ірване аднаго за вуха, другога за валасы, на трэцяга крыкне, чацвертага ўшчыкне... Плач і лямант напаўняў хату. А Драчыха ўваходзіла ў злосць. Вочы яе рабіліся дзікімі ад роспачы і болю, шкадавала і дзяцей і сябе, крычала на ўсю хату:

— Старэю ад вас без пары...

Такое камандаванне маленькай шасцігадовай арміяй было яе пастаянным абавязкам пры рознай рабоце ў хаце, на дварэ ці на полі, бо і на поле брала дзяцей з сабою: небяспечна было пакідаць іх ў хаце, каб не пакалечылі адны адных, або, каб чаго добрага, па неасцярожнасці хаты не падпалілі...

Ад такіх вечных клопатаў Драчыха састарэлася раней часу. Твар яе абсыпаўся маршчынамі. Нібы драцяным грэбнем падрапалі. Яе сінія вочы заўсёды ліхаманкава блішчэлі.

Цяпер старэйшыя дзеці вучацца ў школе. Меншыя жывуць асобна, з усімі комунарскімі дзецьмі, таксама пад наглядам настаўніцы.

Прайшлі чатыры гады.

Сягоння Драчыха працавала на сенакосе разам з вялікай грамадою. Было весела. Людзі перакідваліся жартамі.

Удзень пякло сонца. Ні маленькага ветра не было. Неба без адной хмарынкі, празрыстае, як сіняе шкло, сіняватае з ледзь прыкметным ружовым адлівам. Паветра было гарачае. Гулі розныя мухі, авадні. Скошаная трава хутка высыхала, як на гарачых цэглінах. Сонца сляпіла вочы. Драчыха насунула белую хустку на лоб і працавала граблямі.

Чамусьці вельмі стараўся Троська. Заўсёды лянівы, ён зухаваўся сягоння як ніколі. Часта бегалі іншыя комунары да ручая, чырвоныя ад сонца, млявыя, каб напіцца вады, альбо памыцца, а ён ні разу не адрываўся ад працы. Ён быў праз меру вясёлы. Ніколі, як сягоння, так не жартаваў.

— Троську камар укусіў, — смяяліся навакол.

ён укладаў сена на вазах. Яму падаваў Калістра. Не паспее Калістра падаць на воз, а ён хутка ўкладваў і ўсё крычаў:

— Падавай! Падавай!

— На! Няхай цябе чэрці возьмуць! — хрыплаватым голасам гаварыў Калістра.

— Даёш!

Пры гэтым чырвоная кашуля Троські мітусілася на возе і выглядала здалёку, як сцяг.

— І як ты спраўляешся так хутка? — дзівіўся Калістра, які ўвесь быў распараны. З яго пот цурком ліўся.

А Троська — бледны і сухі. Ён не пацеў. Толькі вочы ў яго не так, як заўсёды, гарэлі.

— Хутчэй! Не спі, Калістра! А то коней авадні кусаюць. Бачыш, як «Маруся» хвастом аваднёў зганяе? Хутчэй!

— Што на цябе надышло? — злуецца Калістра. — Раптам коней шкадаваць пачаў!

Сена абляпіла яго ўспацелы твар. Ён вохкаць пачаў. Накладуць адзін воз, а Троська падганяе:

— Не варонь, Калістра.

Не агледзецца — і другі воз парубнём прыціскаюць, увязваюць.

А вось і трэці воз гатоў.

Злоснымі вачыма Калістра пачынае глядзець на Троську, глядзіць, як на ворага. А той — хоць-бы што, шмаргане носам, падцягне вузкія шэрыя штаны і зноў тое самае:

— Даёш!

— Старайся, але ў меру, — бурчыць Калістра, — рукі млеюць. Сіл няма. Горача. Няўжо-ж хочаш адным днём выплаціць за гады гультайства?

— Ну, ну, не разгаварвай! Працуй!

— Як ні старайся, а жонка да цябе не вернецца...

— Даёш! Даёш! — грыміць голас Троські на ўвесь луг.

Здалёку глядзела Драчыха, усміхнулася і сказала суседцы:

— Перад выпіўкай стараецца.

Так прайшоў увесь дзень.

Не агледзелася Драчыха, як сонца апусцілася. Яно стаяла вялікім чырвоным кругам над тым месцам, дзе капалі торф. Як на малюнку вызначаліся на краі неба адзінокія дзераўцы вольхі і бярозы. Нібы шэраг невядомых істот залаціў пад сонцам свае калматыя галовы. У паветры адчуўся прыемны халадок. Гучней заспявалі птушкі. З луга забралі апошні воз сена.

Павячэралі ў агульнай сталоўцы і разышліся хто куды — у клуб, на дзядзінец, у сад.

На вячэру былі грыбы, прыпраўленыя смятанай. Заўтра, у дзень адпачынку, зноў многа хто ў грыбы пойдзе.

Любіць Драчыха збіраць грыбы ў лесе, блізка ад комуны.

Хоць гэта будзе не па-таварыску, але яна заўтра раненька пойдзе з кошыкам у лес. Адна пабяжыць, раней за ўсіх...

Трохі млеюць рукі ад сягоннешняй працы граблямі.

Драчыха рэдка заходзіла ў сад.

— Навошта мне гэта? Не пані якая.

Колькі разоў ні звалі яе туды, яна адмаўлялася. Заўсёды, як гляне на дарожкі ў садзе, на парк з газонамі, на яе нападаў не то страх, не то сарамлівасць.

Панская забава тут гуляць.

На гэты раз яна сама пайшла ў сад.

Пахла яблыкамі.

Недзе жаласліва чырлікала птушка. Праз густыя дрэвы з падпоркамі дзе-ні-дзе ўспыхвалі колеры заходняга неба. Тлелі вуголлем і гаслі.

Пачало цямнець.

Паміж стрыжаных кустоў Драчыха заўважыла невялічкую альтанку, якая выглядала белай каплічкай.

— Добра ўмелі паны жыць на нашых гарбах, — падумала Драчыха. — Парабкі працавалі, ад цёмна да цёмна пот пралівалі, а паны прахладжаліся вось у такіх будачках. Вучымся цяпер і мы жыць.

Дзверы альтанкі ціха рыпнулі.

Драчыха ўвайшла і села на пляцёным зэдліку. У альтанцы зусім цёмна. Пахне сушанымі кветкамі.

Недзе недалёка смяюцца людзі.

З клуба чуваць музыка. Зноў чамусьці Троську ўспомніла. Не падабаецца ёй Троська. Не разумее яна, чаму вось церпяць яго ў комуне. Часта праз яго тут адбываюцца сваркі. Ніхто не ведае, скуль ён сюды прышоў. Ён гаворыць, што бежанец з Горадзеншчыны. Заўсёды ён тут плёткамі займаецца.

З клуба плыве музыка, заглушаная, аддаленая. Кунежаць Драчыху кволыя гукі піяніны.

— Аднак добра тут пасядзець у халадку пасля працы... А то бывала...

Гэтае «бывала» — чатырохгадовая мяжа паміж ранейшым жыццём Драчыхі і цяперашнім: паміж Гайдачанамі і комунай.

З кожным месяцам, з кожным годам мяжа робіцца шырэйшай, аддаляе Драчыху ад усяго ранейшага.

— А то бывала, яшчэ не высахне на табе пот ад працы, а ты завінайся каля печы, гатуй вячэру, кармі дзяцей, кладзі іх спаць.



26 - ГРЫБНЫ ВАЛЬС

правіць

У мінулым годзе Драчыха сядзела раз у гэтай самай альтанцы з адной з былых парабчых. Тая расказала ёй, што тут пан Гардзялкоўскі часта з паненкамі балаваўся, віно піў. Садоўнік нікога ў сад не пускаў.

З клуба чуваць музыка. Нібы гучнымі кроплямі мелодыя прасочваецца сюды праз пахучы змрок, аплятае Драчыху прыемнай сеткай гукаў.

Драчыха ведае: гэта адна з настаўніц грае на піяніне, па-асабліваму нахіляецца над інструментам, пальцы яе бегаюць па белых клавішах вельмі спрытна. Грае нейкі вальс, які завецца «Грыбным вальсам». Як пачула Драчыха ўпершыню гэты вальс, дык вельмі расчулілася і апавядала сваю гісторыю аб грыбах і гэтай самай музыцы: тады было грыбное лета.

Густы, высокі панскі лес і сярод белага дня стаяў змрочнай сцяною. Вельмі вабіў да сябе грыбамі.

Іншай яды ў той час у Драчыхі не было.

Доўга гнаўся тады за ёю палясоўшчык пана Гардзялкоўскага. Пры гэтым соп, як мядзведзь. Яна так спалохалася... Той дагнаў, сарваў хустку з галавы з жмутам валасоў. Галава пасля гэтага некалькі дзён агнём гарэла... Адабраў кошык з грыбамі і пагнаў яе ў маёнтак.

Валасы на яе галаве раскалмачыліся. Драчыха плакала і нічога перад сабою не бачыла.

З гэтага самага пакоя, дзе цяпер клуб, чуваць была музыка. Ніколі раней Драчыха гэткай пекнай музыкі не чула. Яна тады спыніла плач і пачала прыслухоўвацца.

Прыгожая паненка высунула галаву з акна і паглядзела на Драчыху.

Зычным, як музыка, голасам паненка паскардзілася, надзьмула губкі:

— Навошта дапускаеш да майго акна гэтакіх?

Драчыха ўздрыганулася ад крыўды. Страх прапаў. Забыла боль ад вырванага жмута валасоў. Толькі ў грудзях нешта загарэлася.

Палясоўшчык зняў шапку перад паненкай і сказаў:

— У лесе, паненачка, злавіў. Грыбы збірала. Самыя лепшыя баравікі выбіраюць хамулы, а для панскага стала ніколі сваіх грыбоў няма.

Раней, ідучы ў маёнтак, Драчыха думала адпрасіцца, каб ёй кошык з грыбамі аддалі, але тут яе рот замкнуўся. Яна маўчала.

— Якія гэтыя вясковыя калматыя, дзікія, — грэбліва сказала паненка.

Драчыха зірнула на яе злоснымі вачыма. Слёз у іх ужо не было. Вочы Драчыхі цвёрда сустрэлі пагардлівы позірк паненкі.

Тая пачырванела і адвярнулася.

Палясоўшчык, шчупленькі і спрытны, з маленькай чорнай бародкай, кінуў Драчысе хустку:

— На, на, жаба карэлая! Чаго вачыма лыпаеш! Ідзі адгэтуль!

Грыбы панёс на кухню. Нават кошыка не аддаў.

Драчыха пачала каравымі ад працы пальцамі папраўляць валасы.

«Новы кошык», — успомніла яна, як пайшла з панскага двара.

Не плакала. Злосць была такая, што, каб магла, дык тады маёнтак падпаліла-б...

Яе даганялі гукі пекнай музыкі.

Яна тады праклінала і маёнтак і музыку.

Вось за такую гісторыю жартам назвалі цяпер гэту музыку «Грыбным вальсам».

Часта настаўніца, дачка аднаго з комунараў, грае той самы вальс, які тады грала паненка.

У садзе пацішэла. Не чуваць смеху і жартаў. Толькі птушкі пераклікаюцца ў кустах.

— Мабыць, у клуб пайшлі.

Драчыха ўскочыла з месца так раптоўна, нібы яе хтосьці даўно кліча, або дзеці пакалечыліся.

— Нельга доўга заседжвацца.

Бягом пусцілася...

Так «дома», у Гайдачанах, яна заўсёды рабіла — не хадзіла павольна, а вечна бягом. Засталася старая прывычка. Нават у ранейшай маленькай хатцы знаходзіла месца для свайго «бегу».

... Часу няма...

Стаяла цяплынь.

У небе цвілі зоркі.

Успомніла Драчыха, што хопіць ёй часу і стрымала свой «бег», хаця, каб павольна хадзіць, ёй прыходзілася напружвацца і на гэта пакласці спецыяльнае старанне...

На жоўтай дарожцы ў садзе Драчыха заўважыла некалькі сучкоў, чысценька падабрала і палажыла каля старой яблыні.

Ішла ў клуб. Гукі «Грыбнога вальса» ледзь чуваць былі. Затое гул галасоў плыў на вялікі дзядзінец з адчыненых акон разам з палосамі святла.

У тлуме ніхто не заўважыў, як Драчыха ўвайшла ў клуб.

...Чамусьці сягоння людзі ажыўлены больш, чым звычайна.

Камунары спрачаюцца, махаюць рукамі.

З урыўкаў гутаркі Драчыха толькі адно ўлавіла:

— Драчык правільна напісаў.

— Драчык перахапіў мерку.

— Ён нахлусіў.

— Ён праўду сказаў.

— Не, не.

На розныя лады людзі мяркуюць пра яе мужа.

— Што тут такое здарылася? — устрывожылася Драчыха.

Яе муж сядзіць тут-жа на канапе і маўчыць. Вочы ў яго такія строгія, што лепш да яго цяпер не падхадзі. Ён пускае ўгару над сваёй галавою махорачны дым і здаровым вухам зацікаўлена прыслухоўваецца да гутарак.

Святло ў клубе няроўнае. Па сценах мітусяцца людскія цені. Плывуць празрыстыя цені па розных партрэтах і плакатах. Затуляе цені куток бязбожнікаў. Егіпецкія, кітайскія і хрысціянскія богі на хвіліну выступаюць у святле, а вось іх зноў пакрыў цень. Строгія багі злуюцца. Мітусенне светаценяў робіць іхнія вочы жывымі, мігатлівымі.

На сцяне над піянінай цэлы шэраг малюнкаў з коньмі.

Коні, рознага выгляду і масці, красуюцца на плакатах. Пад кожным плакатам розныя парады пра гадоўлю каня, пра выбары каня, лячэнне.

Цікавяцца ў комуне гадоўляй коней. Комунарскія коні славяцца на ўвесь раён.

Каля аднае сцяны ціснуцца людзі.

— Чытаць нельга, адступіцеся! — крычыць Калістра. — Не шкляныя вы. Нічога не відаць!

Людзі адступаюцца і зноў падыходзяць.

На сцяне свежы нумар газеты «Комунар». Газета напісана ад рукі буйнымі роўнымі літарамі. Дзе-ні-дзе, паміж слупкамі тэкста, красуюцца карыкатуры. Набела ўсю газету перапісала настаўніца, якая ледзь чутна наігрывае цяпер на піяніне «Грыбны вальс». Здаецца, што коням грае. Яны нібы прыслухоўваюцца з малюнкаў — нерухомыя, у розных позах.

Настаўніца ціха перабірае пальцамі клавішы і адным вухам ловіць людскую гутарку.

Карыкатуры маляваў студэнт-практыкант, які прыехаў сюды на некалькі тыдняў. Ён сядзіць цяпер у кутку пры століку і кніжку чытае.

Знялі газету са сцяны, палажылі на стол. Усе глядзяць на Калістру і смяюцца. Паспелі даць на яго карыкатуру: ён падае на воз сена Троську і вельмі пацее. Пад ім — рэчка поту.

Троські няма ў клубе. Пайшоў коней паглядзець.

— Стараецца праз меру, — смяецца нехта. — Можа злітуюцца над ім і не выкінуць з комуны.

— Чакайце ад яго дабра, як ад казла малака, —устаўляе слова Драчыха і папраўляе хустку на галаве.


27 - «НОВАЕ АБ НАШАЙ КОМУНЕ»

правіць

Сымон Троська пасля вячэры апрануў лепшую вопратку, абуў новыя боты, але ў клуб чамусьці не пайшоў. Яшчэ пры вячэры ўсе заўважылі, што ён сягоння сур’ёзны і маўклівы, як ніколі. Многа было пушчана жартаў аб яго сягоннешнім старанні. Ён глядзеў спадлобу, часам мільгне белымі вострымі зубамі: вось нешта скажа калючае і вострае, але стрымліваўся. Толькі скосу зірне на аднаго-другога з такім выглядам, нібы зараз скажа: «вось расплачуся з вамі». Мала еў.

Як добра пацямнела, ён пайшоў у канюшню. Ціхенька, асцярожна адчыніў вароты. Абдала цёплай парай конскага паху. Ліхтары з лямпачкамі кідалі вакол бледнае святло. Дзе-ні-дзе ў стойлах ветліва заіржалі коні.

Троська пачаў прыслухоўвацца.

Раздумваў.

Нейкая нерашучасць лягла на яго твары. Потым ён махнуў рукою і пайшоў у кут, дзе ляжала сушаная канюшына. Узяў ахапак абедзвюма рукамі і панёс чорнаму, бліскучаму, як аксаміт, каню, пад клічкаю «Бура». Не любіў гэты конь Троську. Скасіў на Троську грознае вока, злосна пачаў стукаць капытам і стрыгчы вушамі.

— Ну ты, ганаровы! Супакойся!

Троська кінуў яму ў кармушку канюшыны і пачаў гладзіць па шыі.

Заіржаў побач «Танцор» і зазвінеў ланцужком.

Ведае Троська, «Танцор» спакойны, спі пад ім —не зачэпіць.

А вось за перагародкаю грызуцца дзве кабылы — «Зара» і «Маруся». Ніколі не ладзяць між сабою, а іх чамусьці заўсёды побач ставяць.

— Стоп! — крыкнуў на іх Троська. — Я вам дам зараз гасцінца, чэрці!

«Зара» і «Маруся» настаражыліся, застылі на месцы і чакаюць порцыі канюшыны. Апусцілі вінавата галовы.

— Разумныя вы, ліха на вас... — кажа Троська з пашкадаваннем у голасе.

Кожны раз, як Троська падасць каню канюшыны, дык пачынае чысціць свой сіні святочны фрэнч.

— Напрацаваліся вы за дзень, — размаўляе ён з коньмі, — але і я сягоння здорава валтузіўся. Ледзь дух з Калістры не выпер!

Смяецца Троська, задаволены сваёй удаласцю.

Коні шчыра жуюць. Ад нецярплівасці скубуць з яго ахапкаў, якія нясе па чарзе кожнаму каню.

Кончыў Троська раздачу корма. Старанна ачысціў вопратку і вышаў з канюшні. Азірнуўся ва ўсе бакі. Лавіў кожны гук з дзядзінца. Нідзе ні жывой душы. Па небе плылі хмаркі, пухкія, як-бы з сівой шэрсці тканыя, з ружовымі краямі. Паміж хмарамі з пустога цёмнасіняга бяздоння неба лезлі зоркі, нібы хацелі ўпасці ўніз.

Пах сушанага сена ласкатаў ноздры.

Троська заскрыгатаў зубамі. Вочы яго былі дзікія і злосныя.

Ён зноў вярнуўся ў канюшню. Дастаў з кішэні маленькую аптэчную бутэлечку. Падышоў да жвавай «Марусі».

Разлажыўшы газету на стале, Калістра пачаў чытаць уголас.

Усе стаўпіліся вакол яго. Змоўклі. Прыслухоўваюцца. Глядзяць яму ў самы рот, у апушчаныя на паперу вочы.

Калістра чытае басам.

На яго загарэлы шырокі твар падае святло. Калістра робіць частыя перапынкі, аглядаецца вакол і кажа:

— Глядзі вось напісаў такі!

— Бач, як хваліць нас! — адзываецца адзін зморшчаны дзядзька.

— Чаго добрага, перахваліць.

— Правільна хваліць! — чуваць некалькі галасоў.

— Дайце чытаць!

— Сам сябе перабівае, а потым «дайце чытаць». Прахвесар.

Калістра пачынае нанова чытаць артыкул Драчыка пад назваю «Новае аб нашай комуне».

«За ўсе гады свайго існавання наша комуна вельмі добра жыве і мацнее. Павялічыла гаспадарку ва ўсіх яе кірунках, а іменна: жывёлагадоўля, гадуем добрых коней, ураджаі ўсялякіх гатункаў збожжа, крухмальня і гэтак далей. Шмат новых будынкаў з’явілася ў нас за гэтыя гады. Прыносім пролетарскай дзяржаве не мала карысці. Ніхто супроць гэтага нічога сказаць не можа. Самі добра жывем, ямо белы хлеб, мяса. Ніхто за яду нас таксама не злае.

Мы бадай зліквідавалі непісьменнасць сярод нашых комунараў, вучым дзяцей у школе, ёсць у нас дзіцячы сад, ёсць у нас гурток бязбожнікаў і шмат іншых гурткоў.

І за гэта нас ніхто лаяць не будзе!

Ёсць у нас партыйная ячэйка, комсамольская. У межах комуны ідзе ў нас усё добра. Усё, здаецца, так, як павінна быць.

Калі часам з’явіцца да нас якая-небудзь экскурсія, дык ёсць чым пахваліцца, ёсць што і паказаць.

Правільна, я пішу?

Пр авільна.

Калі прыедзе хто да нас, калі прыдзе, мы і накормім і напоім.

Няўжо пакуль што пры нашых цяжкіх умовах можа быць лепей?

Не! Не можа быць лепей!

Мы жывем пры такіх добрых умовах, што ніхто з комунараў ад нас уцячы, я ўпэўнены, не хоча. Калі ёсць у нас гультаі і п’яніцы, як Троська, дык гэта можа два-тры, ад якіх, я ўпэўнены, мы хутка збавімся.

Усе са мною згодны?

Думаю, што ўсе!

У нас не комуна якая-небудзь бедненькая, нэндзная, а сапраўдны узор, хоць маленькі, але бліскучы ўзор соцыялістычнага будаўніцтва, на якім адпачывае вока кожнага пролетарыя, бядняцкага сялянства ды іншых.

Наша комуна блішчыць, як свежы чырвоны яблычак пад сонцам Кастрычніка.

Ніхто не скажа, што гэта мана?

Ніхто! Я ўпэўнены.

І мая жонка выйдзе ў сад, у альтанку пасядзець, і хлопцы і дзяўчаты спакойна газеткі чытаюць, і музыку паслухаюць на манер «Грыбнога вальса», і жывем мы сыта і добра.

Хто скажа, што не так, той паклёп навядзе на нас. Гэта так, таварышы!

Наша комуна акурат прыгожы яблык. Паспрабуйце гэты яблык раскусіць і знойдзеце чарвячкоў.

У чым-жа чарвякі нашай комуны?

А вось у чым:

Мы зашыліся, як у мяшку. Па-за межамі нашай комуны нічога не бачым і бачыць не хочам, нічога не ведаем і ведаць не хочам.

Не ў тым толькі павінна выяўляцца наша праца па-за сценамі комуны, каб далучыць да яе некалькі гектараў зямлі ад сумежных хутароў. Не ў тым толькі, каб калі-ні-калі павялічыць нашу комунарскую сям’ю на аднаго, двух новых комунараў.

Не ў гэтым уся мэта існавання комуны.

Ці бачыла комуна ўсе гады тое, што вакол яе робіцца?

Ці змагалася яна супроць розных Язэпаў Крушынскіх, якія млыны пабудавалі, якія эксплаатуюць беднату і жывуць сабе спакойненька, прыпяваючы?

Ці многія з комуны звярнулі ўвагу на тое, што сельсовет, Дразды і Дзятлы яшчэ на сягоннешні дзень знаходзяцца пад уплывам Язэпа Крушынскага, тутэйшага папа і іншых такіх добрадзеяў?

Не! Вельмі мала ва ўсім гэтым робіць наша комуна. Зусім правільна, што яна свежы яблык з чарваточынамі.

Мы сабе адзін да аднаго прывыклі, зжыліся, а на тое, што вакол нас робіцца, нам напляваць.

Так мы і робім — плюем!

Сорамна нам, таварышы! Люблю шчырасць, сорамна!

Мы праз меру захапіліся пшанічнымі блінцамі і «Грыбнымі вальсамі».

Хто ў гэтым вінаваты?

Мы ўсе вінаваты!

Аслепленыя сваім лагодным добрабытам, замазанымі маслам вачыма і вушыма, мы не бачым і не чуем, што робіцца вакол нас.

Рассыпемся, таварышы, ва ўсе бакі будзіць сялянскія масы.

Храпе «Маруся». З яе чулых ноздраў у твар Троські пападаюць цёплыя пырскі. Ён выцірае рукавом твар і сыпле нешта з бутэлечкі на пучок канюшыны, які «Маруся» цягне ў рот мяккімі губамі.

«Еж на здароўечка...»

Троська абыходзіць па чарзе самых лепшых коней.

У яго дрыжаць рукі.

Высоўваецца са стайні хуткімі нячутнымі крокамі, туліцца да сцен, аглядаецца, шаснуў каля клуба. Гул галасоў. Ціхі «Грыбны вальс».

Пайшоў Троська на гумно, адтуль накіраваўся ў лес.

Мігацяць зоркі над хвоямі, рыпяць дрэвы аб дрэвы. Стаіць лес цёмнай аграмадай. Пад нагамі Троські трышчаць сучкі, аддаюцца ў цішыні глухой ночы трывожным шэптам.

Троська прыслухоўваецца да сваіх крокаў і ваўком глядзіць у лясную цемру.

Кончыў Калістра чытаць. Уголас прачытаў подпіс: «Антось Драчык. Комуна «Чырвоны Кастрычнік». 1929 год».

Ён азірнуўся ва ўсе бакі і запытаўся:

— Ну?

Усе маўчалі.

Некаторыя выглядалі, як аблітыя халоднай вадою.

У іншых на тварах можна было заўважыць выраз незаслужанай крыўды.

Чутно было, як над лямпай гудзелі мухі.

— Нясмачна? — запытаўся Калістра ў другі раз. — Драчык майстра падносіць нясмачнае пад самы нос.

Вось так!

Пры гэтых словах Калістра сціснуў у адно кончыкі сваіх трох пальцаў, жоўтых, прыпаленых махорачнымі папіросамі, тыкнуў ім сабе пад нос і адышоў ад стала.

— Лоўка! — грымнуў сівы, барадаты Язэп, адзін з першых арганізатараў комуны шэсць год таму назад.

— Лоўка! — паўтарыў ён у другі раз.

І невядома, што ён хацеў сказаць гэтым «лоўка» — ці згодзен з Драчыкам, ці не.

За спіною старога нехта хіхікнуў.

— Смяяцца няма чаго! — злосна сказаў стары і падышоў да Драчыка з такім імпэтам, нібы хацеў задушыць яго адным махам.

Драчык сядзеў каля сцяны з апушчанай галавой. Стары патармашыў яго за плячо.

— Га? — устрапянуўся Драчык.

Стары перабіў яго думкі.

— Калі-б пачалі, таварыш Драчык, паводле тваёй парады рассыпацца ад комуны ў бакі, дык яна даўно рассыпалася-б, як сухі гарох.

Стары глядзеў на Драчыка такімі вачыма, нібы вось толькі што злавіў яго пры зладзейскім учынку.

— Як гэта рассыпалася-б? — запытаўся Драчык, падняўся з канапы і наставіў на старога Язэпа вострыя, як шпількі, вочы.

— А рассыпалася-б! Даўным-даўно і слядоў комуны тут не было-б! Дальбог, праўду кажу!

У кожным руху старога адчувалася абурэнне. У яго паружавеў твар, заблішчэлі маленькія слязлівыя вочы.

— Лёгка табе цяпер браць нас на цыгундар, — прабіраў ён Драчыка тоненькім галаском. — Лёгка браць нас на цыгундар, калі на ўсё гатовенькае сам прышоў сюды!

І стары Язэп пачаў апавядаць Драчыку гісторыю комуны, якую ён па традыцыі заўсёды гаварыў усім тым, хто сюды прыязджаў і прыходзіў. Апошнія два гады стары Язэп на цяжкую працу не выходзіў, поркаўся на дзядзінцы каля дрывотніку. Хто-б толькі ў комуну не паказваўся-б, стары Язэп першы яго сустракаў. Не аднаму экскурсанту і супрацоўніку газет гэты стары, былы парабак пана Гардзялкоўскага, дыктаваў у блакнот гісторыю комуны «Чырвоны Кастрычнік». Гэта зрабілася яго абавязкам, стала яго «амплуа». Ніхто так гладка, як ён, ды з такім шчырым пачуццем і апавядаць не мог. У яго гэта выходзіла не звычайнай гутаркай, а лірычнай паэмай.

Заўсёды ён пачынаў апавядаць з старых часоў, калі пан Гардзялкоўскі яшчэ быў у маёнтку Хадыкаўцы. Пасля апавядання аб здзеках гэтага пана над парабкамі і вакольнымі сялянамі з беднаты, ён пераходзіў да апошніх часоў.

... як у 1922 годзе заселі тут былыя парабкі пана Гардзялкоўскага, якія вярнуліся з Чырвонай Арміі, з грамадзянскай вайны.

... як цяжка тут было наладзіць зруйнаваную гаспадарку. Не было ні жывёлы, ні сельскагаспадарчых прылад. Нічога не было, апрача будынкаў, якія захаваліся нейкім цудам з панскай мэбляю ў палацах.

... як у першыя гады людзі сюды прыходзілі і выходзілі як у адчыненую стадолу. Два разы гарэла комуна: падпальвалі кулакі-хутаране.

Ніхто старога Язэпа не перабіваў.

Ніколі з гэткаю цікавасцю не слухалі ўсё вядомае комунарам, як у гэты раз.

— Драчык кажа, што мы тут нешта не тае, нядобрымі справамі займаемся, — зрабіў стары Язэп канцоўку, сеў і заківаў незадаволена галавою. Хутка зноў стаў і вышаў на двор.

Шаневіч, старшыня комуны, маўчаў, паглядаючы сабе пад ногі.

Комунары зноў падзяліліся на групкі, спрачаліся між сабою: хто быў за Драчыка, хто супроць. Хоць вокны былі адчынены, але душна стала ў пакоі.

Клуб выглядаў, як стрывожаны вулей.

— Правільна напісаў Драчык!

— Брэша!

— Хлусіць!

— Праўду сказаў!

Адны адным даводзілі сваю правату, хваляваліся. Ледзь іх супакоіў старшыня комуны — Шаневіч. Ён падышоў да Драчыка. У яго прыкметна дрыжэлі губы, быў бледны, Ён запытаўся ў Драчыка спакойным голасам:

— Комуну трэба было замацоўваць ды на ногі паставіць? Гэта па-твойму не грамадская праца — каля трыццаці сямействаў перашліфаваць ад «маё» да «наша»?

— Такое «наша» майму сэрцу нічога не кажа. Мы сабе добра жывём вялікай сям’ёю і адгарадзіліся кітайскай сцяною ад усіх. Як у манастыры жывём, люблю шчырасць!

— Перагібаеш, Драчык. Гарачы ты чалавек. Гарачнасць не заўсёды на карысць ідзе. Як табе здаецца: наша комуна сама па сабе не жывая агітацыя для ваколіцы? Нашыя ўраджаі, добра пастаўленая праца не кажуць усёй беднаце і серадняцтву: жывіце так, як мы? Ты, Драчык, лішне строга гаворыш.

— А спектаклі для сялян? А лекцыі? — крыкнуў нехта з грамады.

— Гэта ўсё капеечкі, а не рублі. Люблю шчырасць! Мы закапаліся ў сваіх акопах і сядзім тут.

Шаневіч сеў побач з Драчыкам, палажыў яму руку на плячо і, ледзь усміхаючыся, сказаў:

— А гэта-ж, міленькі мой, капеечкі, што сам у комуне вырас за чатыры гады? Успомні толькі: тут партыйцам стаў, чытаеш газеты дзень-у-дзень, кнігі розныя, Леніна. Малую школу ты тут праходзіш? Чаму толькі цяпер загаварыў аб тым, што праца ў ваколіцы ў нас кепска пастаўлена? Дзе ты, разумнік, раней быў? Зусім магчыма, каб сярод нас былі не адны сяляне, а хоць адзін-два рабочых з фабрыкі, дык раней загаварылі-б аб тым, што сягоння ў газеце напісаў. Цяжка, братку мой, было нам гэтым займацца, калі наша комуна тут выспачкай у моры стаіць, а вакол пладзіліся, як ты сам ведаеш, новыя хутары, пасёлачкі, дзе гадаваліся заможнікі. Усё будзе, толькі гарачыцца, таварыш Драчык, не трэба.

У гэту хвіліну з шумам адчыніліся дзверы.

З разяўленым ротам і выпучанымі вачыма стаў на парозе чалавек. Увесь ён дрыжэў. Твар яго быў белы. як палатно. Гэта быў стары Язэп, які пасля таго, як апавядаў гісторыю комуны, вышаў на двор.

Усе на яго зірнулі з трывогаю, да таго ён змяніўся за некалькі хвілін.

— Што здарылася?

— Што?

— Гавары!

Яму паветра нехапіла. Ён душыўся словамі:

— Ко-ко-ні падушыліся.

— Га?

— Дзе?

Усе падскочылі да дзвярэй, спалоханыя, напружаныя. У адну хвіліну клуб апусцеў.

Па дзядзінцу ў бок канюшні бягом пусціліся комунары.



28 - СВЕТ ПЕРАКУЛІЎСЯ

правіць

На лістах бяроз ружавее цёплая раніца.

Уводдалі местачковыя хаты. Выган у белых пер’ях, нібы сняжынках. Сажалка. Па сажалцы гусі. Сонца толькі што высунулася з-пад заслоны лесу. Крык варон глушыць спевы жаўранкаў.

Сцежкаю, побач з трактам, ідзе з мястэчка каваль Лейба. Сягоння ён першы пакідае нязграбныя сляды па роснай стоптанай траве. Пад мяшком на спіне ён да таго нагінаецца, што сівая барада прыціснута да грудзей. Рукою абапіраецца аб кій.

Павольна ідзе Лейба наперад да Драздоў і Дзятлаў. У мутнаватых чорных вачах выраз дзіва і непаразумення. Павольная хада надае такт яго думкам:

«... Ужо гэтулькі год не быў у Драздоў і Дзятлаў, А за гэты час ай-яй-яй, як мястэчка змянілася! Мабыць і Дразды і Дзятлы не тыя...»

Муліць мяшок на спіне. У мяшку цвёрдыя пакуначкі. Стары знімае яго з плеч, з усмешкай перабірае там пакуначкі і зноў ускідвае на плечы.

— «... Зусім не цяжка».

Пайшоў шпарчэй. Ніводнай фурманкі, ніводнага чалавека на дарозе. Толькі абапал па полі, недзе далёка, мітусяцца людзі з коньмі — чорныя кропкі на сіняватым фоне далягляду.

«... І не агледзеўся як мястэчка інакшым стала. Каля мястэчка некалькі дробных сельскагаспадарчых арцеляў. У мястэчку некалькі саматужных арцеляў. У сінагозе — клуб.

«... Свет перакуліўся...»

Ад таго, што «свет перакуліўся», Лейба цяпер ужо не сумуе, прабаваў раней сумаваць — не памагло, дык ліха з ім. Няхай ідзе, як ідзе!

«Няхай ідзе, як ідзе». — Лейба часта паўтарае такім тонам, нібы ён сам выпусціў з рук, з-пад свайго кіраўніцтва гэты свет, які скача перад ім галопам.

Дзень-у-дзень дзівіўся Лейба страшнаму «галопу».

«... Свет перакуліўся...»

Няма часу дзівіцца гэтаму, аднак Лейба дзівіцца... А раней сумаваў, што «каралева Шабас» узнялася і паплыла на воблачных крыллях да «караля Адэная» ў самае сёмае неба (вобраз гэты Лейба запазычыў з суботняй малітвы). Ды не горш за «каралеву Шабас» комсамолка Серада — дзень адпачынку ў саматужных арцельшчыкаў. Так маршуюць у гэты дзень, што сумаваць не прыходзіцца.

Спачатку Лейба палохаўся.

Потым разам з «каралевай Шабас» знік страх. Замест страху ў яго засталося адно здзіўленне.

Учора ён атрымаў па пошце ліст ад сваёй дачкі Мэры. Падумаеш, пошта запатрэбілася, калі ад Драздоў і Дзятлаў да мястэчка тры разы плюнуць!

Мэра так пісала:

«Дарагі тата!

Зорачка, унучка твая (ён думаў, што дачка Мэры завецца Сорачка), хоча цябе пабачыць. Дзеда Лейбу дай ёй, — кажа яна. Напішы, калі згодзен прыехаць, калі злосць твая адлегла ад сэрца, і мой Марцін запражэ каня і паедзе на цябе. Я таксама хачу цябе пабачыць. Чакаем цябе. Якраз цяпер да нас прыехаў твой другі зяць Мікола Ярэмчык. Вось і пазнаёмішся з ім. Твая дачка Мэра».

— Я толькі Сорачку хачу паглядзець, сваю кроў... — апраўдваўся Лейба перад жонкай.

Быў якраз дзень адпачынку — комсамолка Серада — і Лейба замест таго, каб напісаць ліст аб згодзе, запрог сваю пару, насунуў новыя боты на ногі і раніцой пайшоў да Драздоў і Дзятлаў. Яго жонка, якая ўжо некалькі разоў была ў дачкі, накупіла для ўнучкі розных падарункаў, дала яму з сабою харчоў («трэфнага мой Лейба не будзе есці, хоць з голаду памрэ», — гаварыла яна часта суседкам), і ён пайшоў.

Адно толькі кальнула старога тонкай шпілечкай, што і другая дачка, Соня, якая вучыцца ў Мінску, таксама за «гоем» замужам. Але на гэты раз укол быў не вельмі балючы:

— Прывык да Мэрынага Марціна, прывыкну і да Сонінага Міколы. Як Марцін не Шлёма, таксама і Мікола не Борух.

Доўга аб гэтым разважаў перад сваёй жонкай, якая лічыць яго самым разумным на свеце чалавекам...

Ён часта выкладаў перад ёю сваю новую філасофію наконт «перакуленага свету». Звычайна канчаў так:

— Мы ўсе цяпер ходзім дагары нагамі, а калі ўсе так ходзяць, дык здаецца, што роўна... Цікава паглядзець і другога — Міколу.

Пагладзіў бараду і дадаў:

— Дзве бяды аднолькавыя — адна бяда. Звыкнешся з бядою — палавіна бяды. Усё гэта залежыць ад часу. На цяперашні час можа і ніякай тут бяды няма...

Жонка не дачула канчатка яго разважанняў. Яна і так добра ведае:

«... Бо свет перакуліўся».

Здзіўленыя вочы Лейбы паглядаюць на знаёмы стары тракт з бярозавымі прысадамі.

«... І старыя бярозы не тыя, што даўней».

Калісьці яму здавалася, што старыя бярозы вечна богу моляцца, а цяпер нейкія гарэзлівыя песні пяюць.

«... Вунь, як тыя дзеўкі...»

(Па дарозе ішоў цяпер гурт дзяўчат з граблямі ды

гучнай песняй).

— Адкуль? — запытаўся Лейба.

— З комуны «Чырвоны Кастрычнік», — адказала адна з іх.

За апошнія гады выраз здзіўлення ніколі не зыходзіў з твара Лейбы.

Са слязьмі на вачах Мэра сустрэла старога бацьку, упершыню пасля некалькіх год разлукі. Зараз-жа пабегла ў пуню будзіць сваіх — Марціна і Міколу.

— Уставайце, госць прышоў. Мой тата.

Мужчыны ўвайшлі ў хату. Стары Лейба іх не прыкмеціў. Трохгадовая Зорачка сядзела ў яго на каленях. Адзін і той самы выраз здзіўлення і замілавання быў у вачах дзеда і ўнучкі.

Гэты выраз падраўняў пад адзін штрых іхні ўзрост. Абое глядзелі на адну цікавую рэч — на стары мяшок, які стаяў тут побач на лаўцы і нібы падміргваў ім з хітрыкай клоўна.

У мяшку было ўсё прыгожае, цікавае і смачнае, што толькі можа быць на свеце...

— Ясцэ, — гаварыла Зорачка, — ясцэ.

Дзед выцягваў з мяшка ўсё новыя рэчы павольна, і з доўгімі спынкамі, з тэатральнымі жэстамі.

— Ясцэ...

З мяшка перавандравалі на стол: спаднічка, пернікі, паліўны конік, цукеркі...

Мяшок пусцеў, моршчыўся і, здаецца, радаваўся свайму спустошанню, а самае прыгожае, цікавае і смачнае, што толькі можа быць на свеце, запаўняла стол са спрытам фокусніка...

Зорачка была ў захапленні ад свайго «новага дзядуні», смяялася, пляскала ў ладкі ды ўсё паўтарала:

— Ой, якое прыгожае! Ясцэ, дзядуня, ясцэ.

— Больш няма, — сказаў Лейба.

На дне мяшка засталася толькі яго «кашэрная» ежа... Мяшок быў цяпер скамечаны ў блін.

З гвара старога Лейбы зышоў выраз здзіўлення і ўступіў чаргу выразу ціхай лагоды, — гэта ўпершыню за апошнія гады.

— Мабыць «той» так захацеў, — падумаў Лейба. — Тут ужо нічога не зробіш...

Пад словам «той» стары разумеў бога, ад якога яшчэ не адышоў, але ў яго ўяўленні і «бог» змяніўся разам з «усім на свеце».

— Відаць, бог змірыўся. Ну дык і я тое самае...

Марцін і Мікола моўчкі глядзелі на старога і падміргвалі адзін аднаму без слоў.

— Глядзі асвойваецца стары...

— Але...

Мікола заўважыў кавальскія рукі Лейбы — патрэсканыя, чорныя.

Цёплая сардэчная ўсмешка з’явілася на твары Міколы.

«Стары герб працы. Такі самы герб і на руках майго бацькі. Герб інтэрнацыянальны. Няма расавых адзнак...»

— Глядзі, дзядуня, — усхапілася Зорачка, — татка плісёў і дзядзька. Яны глядзяць на нас і хочуць смяяцца...

— Хочам, — сказала Мэра і ўсе засмяяліся. Віталіся са старым.

Лейба падняўся і паказаў рукою на Міколу.

— Дык гэта Мікола? Муж маёй Соні?

— Гэты самы, — адказаў Мікола.

— А дзе цяпер Соня? — і палажыў руку на плячо Міколы.

Успомніў, што Мікола «гой» і зняў руку.

— Соня госціць цяпер у маіх бацькоў, — адказаў Мікола.

«Кожнае дзіцё мае бацькоў, і ўсе бацькі маюць сваю бяду, — падумаў Лейба. — Можа бацькі Міколы плакалі, што іх сын за жонку ўзяў яўрэйку...» — І Лейба спачуваў старым бацькам Міколы.

Мікола пільна прыглядаўся да старога. Ён знаходзіў у рысах твара Лейбы, аброслага да самых вачэй сівізною, нешта агульнае з рысамі твара Соні.

Тым часам Лейба сказаў уголас:

— Ну, што-ж! Калі ты муж маёй дачкі, дык, значыць, ты мой сын. А калі ты мой сын, дык, значыць, ты паедзеш да мяне ў госці разам з імі (ён паказаў рукою на Марціна і Мэру).

— Добра, выбярэмся калі, — за ўсіх даў згоду Марцін.

І тут-жа стары Лейба пашкадаваў, што прасіў іх у госці.

«Гэта-ж местачковыя як пабачаць, як возьмуць на языкі.»

Не падумаў да канца. Нешта рашучае бліснула ў яго вачах і ён сказаў голасам цвёрдым, як-бы гневаючыся:

— Абавязкова прыедзеце! Будзем чакаць. Старая вельмі прасіла...

На гэты раз ён схлусіў, бо старая аб гэтым яму нічога не казала.

Лейба зноў узяў да сябе на калені маленькую Зорачку.

Мэра мітусілася каля печы. Яна была заклапочана захаванай думкай:

«Ці тата будзе есці яе снеданне?»

Лейба аглядаў хату. У куце абразоў няма, але і «мэзузэ»2 няма пры дзвярах. Нешта не тое ды не сёе...

У гэту хвіліну павольна адчыніліся дзверы. У хату ўсунуўся бокам маленькі сівы дзядок. Твар у глыбокіх маршчынах. Барада рэдкая і жаўтавата-белая. Гэта быў Марцінаў бацька.

— Я ўгледзеў, што свой чалавек ідзе, — пачаў старэнькі тоненькім галаском, і вочы яго заслязіліся, — свой Лейба, дык я, казаў той, падумаў, што трэба прыйсці. Як жа-ж гэта, казаў той, не прыдзеш?

Марцінаў бацька паглядзеў на кожнага паасобку і пачаў нешта засоўваць глыбей за пазуху.

— Дык чаго сядзіш, Лейба? Дай павітаемся. Ці ты мо’, казаў той, злуеш на мяне? Я-ж не вінават. Свет такі настаў.

— Свет перакуліўся... — паправіў Лейба і асцярожненька, нібы жбанок, поўны малака, паставіў унучку на падлогу.

Абодва дзяды павольна ішлі адзін да аднаго. Здавалася, што ногі іхнія наліты волавам. Твары сур’ёзныя, і рашучасць у вачах.

Можна было падумаць, што яны рыхтуюцца да бойкі альбо да такога незвычайнага ўчынку, ад якога зараз, калі не ўвесь свет, дык прынамсі Марцінава хата перавернецца...

Можна было падумаць, што Марцін, Мэра і Мікола таксама рыхтуюцца да нечага незвычайнага, бо яны моўчкі, з вялікай зацікаўленасцю паглядаюць на абодвух дзядоў.

Сустрэліся дзяды пасярэдзіне хаты, падалі адзін аднаму рукі з такім выглядам, нібы яны два асілкі, якія за апошнія гады вельмі аслабелі.

— Сваток, — дрыжучым голасам прагаварыў Марцінаў бацька. — Сваток.

— Мэхутн, — паправіў бацька Мэры, — па-нашаму гэта будзе мэхутн...

— Няхай сабе «хамуты», усёроўна, братку, — дадаў Марцінаў бацька, — унучка ў нас адна — Зорка.

— Сорка, — паправіў бацька Мэры.

Старыя абняліся і заплакалі.

Мікола з Марцінам пераміргваліся. У вачах Мэры заблішчэлі слёзы.

— Не хачу, каб плакалі дзяды, — прасіла Зорачка.

Дзяды супакоіліся, селі.

Марцінаў бацька з асаблівай урачыстасцю выцягнуў з-за пазухі пляшку гарэлкі, узмахнуў ёю супроць сонца і ў бутэльцы закіпелі іскры.

Бацька Мэры падышоў да свайго мяшка, каб дастаць адтуль «кашэрную» закуску.

Стары Лейба быў усхваляваны. Думкі плылі шпарка адна за адной, як чаўны на рэчцы.

... Новае сваяцтва (стары Лейба любіў мець як найбольш сваякоў).

Ён пачаў лічыць:

«Марцін, Мікола, іхнія бацькі, маткі, браты, сёстры, дзядзькі, цёткі, стрыечныя браты...»

Закружылася галава:

«Я не адзінокі».

Тым часам Марцінаў бацька наліваў гарэлку ў чаркі і прыгаварваў:

— Казаў той, цікава жыць на свеце. Лейба, што там поркаешся ў мяшку?


29 - ЯШЧЭ ШМАТ КРЫВІ ПРАЛЬЕЦЦА...

правіць

Чалавек з вачыма сфінкса любіў метафары. Ён імі звінеў, як бразгулкамі. Ён любаваўся імі і сабою. Ён гаварыў. Ён мілагучна картавіў:

— За гэты час мы колькі разоў пробавалі наступаць на «іхнія» мазалі. Яны кожны раз з крыкам падскаквалі. Акадэмічную канферэнцыю па сягоннешні дзень не забываюць. А тэатральная дыскусія? А подпісы пад адным артыкулам? А «пераклічка з Антонам», як яны называюць? Гэта значыць, што на нашых кручках ёсць трапная прываба. Бяруцца рыбкі і рыбіны. Калі нам далі бой, дык прынамсі ведаем, дзе каменне на нашым шляху. З нашага боку было шмат неасцярожнасцей, надалей трэба гэта памятаць. У нас таксама шмат рук і шмат вачэй. У кожнага з нас ёсць свае Язэпы Крушынскія. Сваякі. Знаёмыя. Спачуваючыя. Па ўсёй Беларусі. Мы з імі трымаем добрую сувязь. Гэта нашыя, пакуль што, сталёвыя панцыры. Мы будзем мець падтрыманне і ад вялікай часткі гарадскіх і местачковых. Гэта нашыя рэзервы. Яны будуць з намі. З кожным годам, з кожным месяцам мы ўсё бліжэй і бліжэй падыходзім да той гістарычнай хвіліны, калі прыдзецца крыкнуць: «Годзе!». Нашыя на месцах чакаюць і пытаюцца: «Калі»? Нашыя на месцах не могуць дачакацца, нібы галодныя ежы. Ім хутчэй падавай. Яны кажуць: «Мы гатовы»! Трэба і нам у кожную хвіліну быць напагатове. Мы-ж ведаем, што, апрача нас, таксама ідзе праца па той-жа самай лініі. Нам і тыя дапамогуць. Мы ім таксама дапаможам. Бо хто супроць большэвікоў, той ужо з намі. Значыць, панове, трэба рыхтавацца. Дзяржаўная машына павінна быць наладжана. У любую хвіліну трэба чакаць магчымасці прыняць уладу ў свае рукі. Не тады сабак карміць, як на паляв...

На гэтым месцы чалавек з вачыма сфінкса спыніўся. Прымаўка наконт сабак і палявання была ў даным выпадку няўдалая ў адносінах да «дзяржаўнай машыны» — «кабінета міністраў».

Чалавек з вачыма сфінкса прыемна картавіў і з радаснай узнерваванасцю гладзіў далонямі калені.

На гэты раз справа адбылася днём у кватэры чалавека з вачыма сфінкса (ён прыехаў у Мінск на працу праз некалькі месяцаў пасля акадэмічнай канферэнцыі). Кватэра яго ў былым доме манахаў, у ціхай келлі ніжняга паверху, ледзь не падзямеллі. Старасвецкая мэбля, расстаўленая ў пакоі абы як і старасвецкія абразы па сценах нагадвалі музейны куток. Сонца ніколі не заглядала ў гэты змрочны пакой. Аддавала халадком і ледзь прыкметнай тухляцінкай. На кватэры ў Цярэшкі далей нельга было збірацца, бо зборышчамі цікавіцца пачалі суседзі з розных кватэр вялікага мураванага дома. Тое самае было і ў іншых. Быў зменены і час. Калі раней патаемныя нарады адбываліся ўвечары пад маскаю балюшак, дык цяпер агледзеліся, што лепш гэта рабіць удзень: вось забягуць з устаноў з партфелямі ў руках на пару хвілін ды і то не разам, ды і то ўсяго некалькі чалавек.

Змрочна было ў пакоі і тухляцінкай аддавала. Пакой у гусце чалавека з вачыма сфінкса. Ён за сваё жыццё начытаўся шмат твораў аб падзямеллях, аб грабніцах егіпецкіх фараонаў, аб рымскіх катакомбах, аб падвалах «святой інквізіцыі», аб падземных ходах старасвецкіх князёў. Як кажан любіць ноч, ён любіў незвычайныя абставіны і містыку. Верыў у забабоны. Сны тлумачыў. Беларускі стыль звязваў з старадаўнім Егіптам; беларускі стыль у яго рабіў уплыў на ўсе славянскія стылі. Яны ўсё запазычылі ў беларусаў і называлі сваім. Такім чынам усё ў яго кватэры было ў «беларускім стылі»... Такім чынам усё на свеце было ў «беларускім стылі», апрача... «дзяржаўнага ладу ў самой Беларусі»...

Ён цяпер гаварыў, прыемна картавіў. Красамоўствам не вызначаўся, як, напрыклад, «маршалак» сваім грубаватым, чыста сялянскім красамоўствам; альбо, як чалавек без знакаў прыпынку, які браў людзей сваёй «еўрапейскай эрудыцыяй». Не. На чалавека з вачыма сфінкса глядзелі, як на «вундэркінда», самародка. Яго шанавалі, як старога, «заслужанага».

Развагі чалавека з вачыма сфінкса на гэты раз слухалі некалькі чалавек.

Чалавек без знакаў прыпынку глядзеў падслепаватымі ў акулярах вачыма ў самы рот чалавека з вачыма сфінкса. І нібы падганяў прамоўцу. І нібы хацеў сказаць: «Хутчэй да справы, хутчэй да самага галоўнага»!

«Маршалак» усёй нязграбнай фігурай — аляпаваты Хрыстос, высечаны з дрэва сякерай вясковага аматара — падаўся наперад і часта выціраў хустачкай слязлівыя вочы. У апошні год ён захварэў на вочы і заўсёды быў узброены хустачкай. Здавалася, што кожнае слова чуліць яго да слёз.

«Прэм’ер» глядзеў на самыя кончыкі сваіх выглянцаваных жоўтых бацінкаў з такой увагай і пільнасцю, нібы на іх сканцэнтравана нейкая таямнічая руйнуючая сіла: узварухне нагамі і ўвесь свет устрасянецца ад гэтай сілы.

Саколіч вадзіў адным пальцам па маленькіх вусіках, двух чорных рабачках. Гладзіў іх пальцам, нібы вугалем чарніў, і па прывычцы калі-ні-калі з яго горла вырывалася:

— Хі-і-ік, хі-і-ік.

Такі гарлавы гук надаваў гутарцы чалавека з вачыма сфінкса сімволіку энергіі ды канкрэтных учынкаў.

— Хі-і-ік, правядзем нажом па горле...

— Хі-і-ік, будзем рэзаць тых, хто супроць нас...

Гэтая невялічкая зграйка людзей лічыла сябе «найлепшымі», смятанкаю былой і будучай «беларускай народнай рэспублікі».

Вокны пакоя ўвабралі ў квадратовыя рамкі вялізны дзядзінец з каштанамі і клёнамі. Пад дрэвамі лавачкі фарбаваныя ў блакітны колер, лавачкі — з тоненькіх драўляных планак, прышрубаваных да гнутага жалеза. Прытульныя лавачкі. За дзядзінцам распаўзаўся па лагчыне запушчаны сад, у якім даўней чорным па зялёным ратаваліся ад спакусы манахі. У садзе цяпер свеціць сонца. І праменні яго лакіраванымі ружовымі палосамі прыклейваюцца да дрэваў, разлягаюцца па скамечанай сакавітай траве, па аграмадным зонце круглай альтанкі.

Са змрочнага тухлаватага пакоя, дзе ніколі не гасцявала сонца, здавалася Цярэшку, што глядзіць ён на дрэвы, на сонечныя праменні, на градкі з геранямі здалёку — праз бінокль з цёмнай верставой аддаленасці. Глядзіць з поўначы ў поўдзень. І слухае картавыя словы чалавека з вачыма сфінкса:

— Уся Беларусь ахоплена нашай густой сеткай. Сетку гэтую вачыма не ўгледзіш, рукамі не намацаеш, а моцная яна, нібы са сталёвых пронтаў скутая. Дзе-нідзе с вострымі дзідамі (любіў чалавек з вачыма сфінкса моцныя метафары). Сетка гэта — нашыя пэўныя, выпрабаваныя людзі.

— Хі-і-ік, хі-і-ік, — згаджаецца з ім дзядзька Саколіч.

«Прэм’ер», утаропіўшы вочы ў кончыкі бацінкаў, трасе правай рукой з белай манжэтай, нібы трымае невідочны сцяг і прарочыць:

— Яшчэ шмат крыві пральецца...

«Маршалак» мяняе позу з «як пан Езус пакутаваў» на позу «Напалеона ля сцен Крэмля».

Чалавек з вачыма сфінкса мілагучна картавіць.

Цярэшку здаецца, што кожнае слова той расцягвае на некалькі хвілін. І паміж кожным словам ляжыць вялікая прастора і доўгі час. І паміж кожным словам Цярэшка, нібы ва сне, бачыць малюнак. І такім чынам ён бачыць многа малюнкаў. І малюнкі гэтыя — фільмы бачанага і чутага Цярэшкам раней у розныя часы — не перашкаджаюць яму слухаць словы чалавека з вачыма сфінкса, унікаць у іх сэнс, разумець іх, звузлаваць у адно цэлае.

... Вакол круглай печы ў гуце мігацяцца аганькі. Шмат аганькоў. Скачуць яны, робяць розныя геаметрычныя фігуры. Нібы вакол печы стаяць жанглёры і фокуснічаюць. Дзівосныя аганькі. Ён, Цярэшка, падыходзіць бліжэй да аганькоў. І вось яны — гэтыя жанглёры — хлопцы і дзяўчаты. Аганькі — падатлівыя пухіры з жоўта-светлага цягучага шкла — на кончыках доўгіх жалезных рулек. Рабочыя выстаўляюць перад сабою рулькі, нібы флейты, і дзьмуць у іх. Надуваюцца шчокі, як у музыкаў з духавога аркестра. І вочы ў іх напружаныя, і рукі напружаныя. Нялёгкая гэта «музыка». А на кончыках рулек бляднеюць агеньчыкі і растуць шкляныя пухіры. А вакол — мітусня, стукатанне формаў, нібы хрумсанне пашчанкамі. І выходзіць з гэтага жалезнага рота пасудзіна. Пераходзіць пасудзіна з рук у рукі. Кожная рука нешта сваё робіць і ў другую печ. І з другой печы вымаюць шкляное печыва, бліскучае і празрыстае. І носяць на насілках у другі пакой. Рабочыя мітусяцца туды і сюды. І ў гэты час Цярэшка думае, і думкі быццам крадзеныя, а не яго: «Вось яны забяспечваюць дзяржаву ўсім і кіруюць дзяржавай. Гаспадары». Рабочыя мітусяцца туды і сюды. Мітусяцца? — Цярэшка бачыць у «мітусні» гармонію, адчувае рытм. Твары ў іх сур‘ёзныя, вочы пільна сочаць за рукамі. Хтосьці ціха, самому сабе, напявае, хтосьці чамусьці кідае аднаслоўны жарт. Цярэшка не ведае, дзе стаяць, з якога боку глядзець за працэсам працы. Усюды перашкаджае. І зноў думкі лезуць крадзенымі, лезуць хлапчукамі-зухамі: «Для іх клубы, рабфакі, даклады, газеты. Для іх — усё, і яны ўсё. Яны змагаліся за свае правы на розных франтах і будуць змагацца. І ім ёсць за што змагацца». У гэту хвіліну, апрануты ў нязвыклыя вопраткі нязвыклых для яго думак, Цярэшка адчувае, што ён разрознены на некалькі частак, расшчэплены, як лучына. Цярэшка стаіць на дарозе і перашкаджае. «Асцярожна, браток», — кажа яму адзін з закасанымі рукавамі, з высокім крыху успацелым лобам. Цярэшка адыходзіць у другі бок. «Асцярожна, браток», — просіць дзявочы зычны галасок. Яна нізенькая, шчупленькая і спрытная. Цярэшку чуліць тое, што яны так сардэчна кажуць: «браток»...

«Якія яны простыя і харошыя, — думае ён. — Любуюся імі па-панску, — злавіў ён сам сябе на гэтай думцы. — Гэта я ў іх краду даверлівасць... Яны робяць на мяне уплыў... — спалохаўся ён раптам. — Я гэтага не хачу, мне гэта шкодна. Не трэба быць мяккацелым».

А вось урывак з другога малюнка:

...Сустрэў ён, Цярэшка, на Совецкай настаўніцу Сакалоўскую. Яна ўся — лагодная ўсмешка. Яна ўся...

Затуманіўся, паплыў урывачак малюнка кудысьці, нібы воблачка. Зноў слухае Цярэшка словы чалавека з вачыма сфінкса:

— Вось у мяне (вымае з кішэні лісток паперы) ужо ёсць размеркаванне міністэрскіх партфеляў. Не ведаю, як вы, панове, будзеце на гэта глядзець. Здаецца, што размеркаванне правільнае. Я і дзядзька Лапоўскі аб гэтым доўга мазгавалі і прышлі да пераканання, што кожная з вызначаных асоб будзе якраз на сваім месцы У гэтай справе зноў-жа Антон адмовіўся ад партфеля (чалавек з вачыма сфінкса трохі падняў галаву, вочы ўтаропіў у акно, у далёкае адгэтуль сонца, і бачыў нешта, і зусім не тое, што было перад вачыма. Бо летуценная ўсмешка яго была нутраная, з глыбіні затоеных думак). Антон наказаў, што будзе стаяць з боку. Па традыцыі ён з боку будзе ўсім кіраваць. Гэта яго метад. Вайсковым міністрам будзе...

... Настаўніца Сакалоўская ўся — лагодная ўсмешка, уся вясёласць і дабрата. «Зойдзем, — кажа, — таварыш Цярэшка, у дзіцячы сад. Вы, совецкі пісьменнік, павінны пабачыць, як гадуюцца ў нас дзеці пролетарыята». Яна з ласкавасцю, з такім шчырым замілаваннем прасіла, што не мог адмовіць. Зайшоў. Нізенькія столікі, табурэцікі, цацкі, забаўкі, гульні. Грамада хохлікаў. Кругленькія вясёлыя тварыкі, бліскучыя рознакаляровыя вочкі. І маленькія таварышы ў сваёй маленькай рэспубліцы жывуць агульным жыццём вялікай рэспублікі. Вось адзін смешны карапуз прадэкламаваў верш пра Леніна. Хлопчык рабіў маленькія змены ў алфавіце: літару «Р» ён замяняў на «ль», «ш» на «с». Забаўны хлопчык. Але вершык зусім не забаўны і не забаўка. І забаўны хлопчык падскочыў да Цярэшкі, задзёр угару да Цярэшкі галоўку (хлопчык быў нізенькі) і прасіў:

— Тавалісь Цялеська, напісіце нам вельсік...

— Пра што? — пытаецца Цярэшка.

— Пля-пля-пля... — хлопчык пачырванеў.

Яшчэ больш пачырванеў Цярэшка: «Гэта я краду даверлівасць дзяцей»...

А вось мільгануў адзін мур на Совецкай. Чырвонаармеец на варце. У Цярэшкі на хвіліну задрыжэлі калены... Гэта ўжо не хлопчыкі... Але не трэба быць труслівым... Узяўся за гуж, не кажы, што...

І слухае Цярэшка картавую мілагучнасць чалавека з вачыма сфінкса:

— Вайсковым міністрам будзе ў нас Булак-Балаховіч, бо досыць нам забаўкамі займацца. Справа сур’ёзная. Патрэбны сур’ёзныя людзі, якія не любяць жартаваць. Гэта не тое, што даўней. Горкая практыка паказала, Булак-Балаховіч чалавек цвёрды. Тое, што мы думаем цяпер, ён калісьці ў Мазыршчыне пачаў рабіць. Ён, Булак-Балаховіч, — герой. Ён самы галоўны ў нашым пантэоне...

Ён крывавым знічам ачысціць ад «іх» нашую бедную старонку...

Любіў чалавек з вачыма сфінкса ўзлётныя метафары...

— Яшчэ шмат крыві пральецца! — са смакам акампануе былы «прэм’ер». — Ой, пральецца!

Тут падняўся з свайго месца чалавек без знакаў прыпынку і кінуў кавалачак Ніцшэ ў стылі «Так кажа Заратустра». І нібы дынар кінуў па-каралеўску жабракам для брамы божага хорама:

— Благая кроў сыйдзе, а здаровая застанецца.

— Дык вы, панове, не перашкаджайце! — просіць чалавек з вачыма сфінкса (а вочы яго цяпер не сфінксавыя, а воўчыя). Ён чытае паперу з пералічэннем міністэрскіх партфеляў і канчае:

— На гэты раз маршалкам рады беларускай народнай рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы назначаецца пан Лапоўскі.

Пры апошнім слове былы «маршалак» устрапянуўся з такой сілай, што крэсла пад ім зарыпела. Яго постаць страціла ранейшую позу «так пакутваў пан Езус», пазнейшую позу «Напалеона ля сцен Крэмля». І ўвесь ён быў гнеў, і ўвесь ён палаў абурэннем, і ўвесь ён кіпеў ад злосці. Ён сказаў адно моцнае народнае слова, якое азначае вялікую актыўнасць...

Цярэшка зразумеў абурэнне былога «маршалка». Па-першае, «маршалак» хацеў быць падобным, пакуль што хоць зграбным лексіконам, да маршалка Пілсудскага. Па-другое, ён насіўся са сваім маршалкаўскім падпольным гонарам гэтулькі год, а раптам — на табе!

Маршалкам будзе Лапоўскі, а не ён! Было з чаго быць абураным. Было дзеля чаго сказаць тое, што ён сказаў. Цярэшка добра яго зразумеў.

Былы «маршалак» больш нічога не сказаў. А што больш скажаш пасля такога ядранага слова! Пасля такога слова ўжо не казаць, а рабіць трэба.

У гэтую ўрачыстую хвіліну дзядзька Саколіч пару разоў «хі-і-ікнуў». Былы «прэм’ер» зняў пылінку з белай манжэты. Чалавек без знакаў прыпынку — новы «маршалак» — скромна ўтаропіў вочы ў акно, нібы нічога не чуе, нічога не бачыць і быццам нічым не пахне. Цярэшка лавіў вачыма жэсты і позы кожнага з «вялікіх» людзей. Ён хацеў усё гэта ўвекавечыць некалі ў літаратуры. Чалавек з вачыма сфінкса сваімі картавымі развагамі затуліў урачыстую маўклівасць хвіліны:

— Гэты праект трэба будзе добра абмазгаваць і паслаць на Украіну Яфрэмаву. Цікава, што ён на гэта скажа. А тады нам трэба будзе...

... У сакратара комячэйкі Інстытута вечны флюс. Заўсёды ходзіць з чорнай павязкай на твары. Не выкраіць сабе вольнага часу на лячэнне зубоў. У яго блакітныя вочы і хрыплаваты голас. Ён былы матрос. Удзельнік грамадзянскай вайны. Яго блакітныя вочы кожны раз пранізваюць Цярэшку наскрозь. Цярэшку здаецца, што той ведае ўсё яго паднаготнае. Непрыемна сустракацца з матроскімі вачыма. Непрыемна чуць матроскі голас.

«Гэта адзін з тых малойцаў, якія ў свой час здорава дзейнічалі...» — думае Цярэшка.

«Можа гэты сакратар ячэйкі ўвесь час назірае за намі і дае ацэнку некаторым нашым дробным учынкам у штодзённай працы ўстановы і выводзіць з гэтых дробязей свае сур’ёзныя падазронасці?» — думае Цярэшка.

«Ці не ён гэта ў кожным нумары нашай насценгазеты гладзіць нас супроць шэрсці? Так гладзіць, ажно іскры з вачэй сыплюцца?..» — думае Цярэшка.

«Часта ў выглядзе анекдотаў нашым кідаюць жарцікі: «маршалка» называюць «маршалкам», «міністраў» — «міністрамі» і наогул кожнага паводле свайго старога чына і годнасці. Называюць, а «Васька слухае ды есць», але ў сакратара ячэйкі з матроскім чуццём могуць з’явіцца пэўныя меркаванні...» — думае Цярэшка.

І вось яму непрыемна сустракацца з светлашэрымі вачыма былога матроса. І штодня сустракаецца...

І вось у адным з калідораў ля кніжнай вітрыны, калі Цярэшка ўглыбіўся ў вокладку новай кніжкі, нехта на яго плячо мякка руку палажыў. Ён уздрыгануўся.

— Які вы нервовы, таварыш Цярэшка. Прабачайце.

Хрыпаваты голас былога матроса.

— Вы, таварыш Цярэшка, павінны сягоння ў клубе харчавікоў чытаць даклад пра... (голас былога матроса сардэчны і даверлівы, блакітныя вочы зусім непраніклівыя...). Дык пойдзеце?

Нешта скрабе ў Цярэшкі на сэрцы...

...Тут-жа ў Інстытуце. Геалагічны аддзел. Некалькі пакояў. Скрыні з рэльефамі глебы. Мяшочкі з узорамі глебы, гліны, торфу, вапны, каменняў. І вось адзін вучоны (шчыра аддаўся большэвікам) з захапленнем апавядае Цярэшку: — Завод можна будзе пабудаваць у Мазыршчыне. І гуту таксама...

Ціхім голасам гаворыць вучоны. Яго фігура сутулая. Вечна працуе ў лабараторыі. На сталах мудроныя інструменты. Вакол — аспіранты: маладыя хлопцы — кроў з малаком. Загарэлыя ад геалагічных экспедыцый. Тут-жа вылучэнец з друкарні.

Цярэшка павінен усміхацца, радавацца іх дасягненням. Непрыемна, агідна робленая ўсмешка, фальшывае захапленне... І Цярэшка «ўсміхаецца» і «захапляецца»...

Толькі адзін ёсць «свой» у гэтым аддзеле інстытута— сярэдніх год адэсіт з манархісцкім ухілам. Скардзіцца:

— Не падступіся да іх...

А геолаг падступае:

— Дык вы нас за працу не будзеце лаяць, таварыш Цярэшка?

Цярэшка «радуецца» і нават «дзякуе»...

Грызе нешта яго нутро. Часам у яго бываюць такія імкненні:

— Пайду куды трэба ды ўсё раскажу. Сам не агледзіўся, як на мяне гэтыя гады ўплыў зрабілі...

І валасы цвярдзеюць са страху. А «міністры»? А «маршалы»? А «народная»?

... Сумленне?

... Раздвоенае...

... Частка тут, частка там...

... Не сумленне — гнілы яблык...

... Што значыць сумленне ў дзяржаўных справах?

... Ныцік я... інтэлігент...

І адыходзіць ад Цярэшкі гэты ўрывак, адплывае ў бок. Нейкі гарачы і прыемны ток пранізвае яго наскрозь. ён чуе картавыя словы чалавека з вачыма сфінкса:

— Цярэшка назначаецца міністрам асветы...

Цярэшку да ўспацення горача стала ад нязнанай да гэтага часу прыемнасці... Ён ускочыў з месца і зноў сеў. Так некалькі разоў. Нібы шпарка імчаўся на машыне і ад шпаркасці яго падкідвала. Сонечныя плямы, якія ён бачыў раней праз акно ў аддаленні вялізнага дзядзінца, раптам шуганулі ў змрочны і тухлаваты пакой, дзе калісьці жылі манахі і дзе ніколі не было сонца, і сонца раптам запраменіла ў самыя вочы Цярэшкі. Ён іх сажмурыў і гатоў быў у гэту хвіліну крыкнуць:

— Няхай льецца кроў, няхай ставяць шыбеніцы, няхай будзе ўсё, што павінна быць! Дзяржава гэта не забаўка, абы я міністрам быў! Годзе з сентыментамі, прэч мяккацеласць! Абы я міністрам быў! І мае рацыю былы «прэм’ер» у белых манжэтах, калі заўсёды акампануе ўсім нам такімі адважнымі палітычнымі словамі, як...

І тое, што думаў Цярэшка, новы «міністр асветы», сказаў былы «прэм’ер» на гэты раз яшчэ больш рашучым, чым заўсёды голасам:

— Яшчэ шмат крыві пральецца!

Гэтыя словы яшчэ гучэлі ў вушах Цярэшкі, старадаўняя мэбля, вокны з аддаленым сонцам, былыя і будучыя «міністры» яшчэ мітусіліся перад фокусам яго затуманенага зроку, калі ён прачнуўся.

Міраж, ажыўлены сном, павольна адсоўваўся ўдаль летняга дня 1928 года, адыходзіў неахвотна ад уяўлення Цярэшкі, як сірата ад матчынай магілы.

Цярэшка прыпадняў галаву, абапёрся вераценевай вастрынёй правага локця аб падатлівую мяккасць падушкі і пачаў прыслухоўвацца да цішыні, прыдушанай змрочнай духатой пакоя. Не чуваць прывычных ранішніх гарадскіх гукаў: грукатаў калёс, людскай хады і гутаркі, ранішніх гудкоў. Ён успомніў, што госціць у Курганішчы, у свайго стрыечнага брата Язэпа Крушынскага.

Праз шчыліну акяніцы цячэ сонечна-рыжая ручаінка раніцы. Яна дрыжыць у змроку пакоя светлай жылкай на чорным мармуры і перарэзвае наўскос мядзяным нажом дубовую шафу.

Цярэшка намацаў на крэсле гадзіннік і злавіў сеткай цыферблата сонечную палоску.

... Восьмая гадзіна раніцы. Пагодны дзень.

Узрадаваўся. Адчыніў акяніцу, а разам і акно.

У пакой хлынула сонца і свежае паветра.

Цярэшка хутка апрануўся і пайшоў да рэчкі мыцца. Млявасць паўзла па ўсім целе. Жмурыў вочы ад сонца. Каля млына мітусіліся завознікі. Пахла каламаззю і свежым сенам. Адзін селянін з бялявымі вусамі, апушчанымі на рот, гнуўся пад мяшком збожжа, нёс па роўным дашчаным ганку ў адчыненыя дзверы млына. Другі селянін — нізенькі, сівенькі — падскочыў да яго і давай рукамі падпіраць мяшок на спіне белавусага.

— Ну і дапамога, — пачуўся з-пад мяшка надрыўны хрыплаваты голас.

— Скінеш мяшок. Глядзі, скінеш!

Каля ганку капаліся па-гаспадарску рупатлівыя вераб’і.

Ідучы да рэчкі, Цярэшка дамалёўваў на яве працяг свайго сна:

Аднадушна ўсе тады згадзіліся толькі з кандыдатурай Булак-Балаховіча. Лепшага вайсковага міністра і не трэба. Ён, як вялікі вайсковы спец, ужо выявіў свой талент на Беларусі... А вось наконт іншых міністэрскіх партфеляў пачалася калатня... Калаціць адзін аднаго прыходзілася ціхенька, асцярожненька, каб часам, чаго добрага... Калаціць трэба было балюча, каб кожны адчуваў.

І пайшлі брат на брата, «міністр» на «міністра», «маршалак» былы на «маршалка» будучага і наадварот.

І тым больш сур’ёзнай і зацяжнай была гэтая вайна яшчэ таму, што яна не магла быць вынесена на суд «народнай грамадскасці», бо ўся «народная дзяржава» была закулісная...

Чалавек без знакаў прыпынку глядзеў на гэта, як дыктатар, і маўчаў, як філосаф.

Дайшло да таго, што «міністры» ад грызні забываліся аб усім іншым. На сакрэтных нарадах ваўкамі глядзяць адзін на аднаго, адзін аднаго нервуе. Кожны паасобку лічыць сябе пакрыўджаным і ўсе ў цэлым таксама лічаць сябе пакрыўджанымі.

Дайшло да таго. што «міністры», сустракаючыся дзе-кольвечы ў адной установе, лаяліся ды агрызаліся між сабою пры любым выпадку, вядома, не на «міністэрскую» тэму. Калі хто з іх чытаў перад аўдыторыяй даклад на навуковую тэму, дык другі яго сябар па «кабінету» выступаў супроць і разбіваў яго ў пух і прах. Прычына гэтаму была адна — паднаготная і таемная: міністэрскія партфелі...

Чалавек без знакаў прыпынку глядзеў на такія ўчынкі спакойна і не зусім спакойна, бо нават радаваўся. ён меў на гэта свой погляд:

— Вельмі добра, што многія бачаць сваркі між нашымі людзьмі. Вельмі добра, што часова не ладзім між сабою. Вельмі добра. Гэта толькі дапамагае нашай канспірацыі. Пры такіх абставінах ніхто не будзе падазраваць, што мы аб’еднаны ў адно цэлае, што ў нас вядзецца агульная падпольная справа. Вельмі добра...

Чалавек без знакаў прыпынку аднойчы сказаў Цярэшку:

— Трэба, каб нашы людзі публічна сварыліся і спрачаліся між сабою, і не толькі «міністры». Гэта для канспірацыі. Дайце мы з вамі паспрачаемся раз. Я буду чытаць у інстытуце даклад і вы выступіце супроць мяне. Вострымі слоўцамі будзем лаяць адзін аднаго. А то ўсе бачаць, што мы вельмі дружым. Гэта для нас небяспечна. Вы згодны?

— Згодзен! — сказаў Цярэшка. — Яму гэта вельмі спадабалася.

— Пасля нашай спрэчкі мы з вамі, дзядзька Цярэшка, некалькі тыдняў гаварыць не будзем і вітацца не будзем. Вы згодны?

— Згодзен!

— Для большай агалоскі нашых спрэчак мы адзін на аднаго будзем скардзіцца ў мясцком інстытута, а то за намі сочаць вочы і вушы. Мы сапраўды неасцярожны між сабою.

Чалавек без знакаў прыпынку і Цярэшка так і зрабілі. Яны выкарысталі для гэтай мэты дыскусію аб мове і, спрачаючыся, так уваходзілі ў свае ролі, ажно сапраўды пасварыліся...

Тады ў насценгазеце інстытута прабралі і аднаго і другога, бо не ведалі, хто вінават у гэтай сварцы.

А яны пасля, як сустрэліся на падпольнай сходцы, умовіліся яшчэ некалькі тыдняў не быць знаёмымі, і смяяліся, смяяліся...

Лоўка было прыдумана, не прыдумана, а сама практыка паказала.

Калі часам у інстытуце, ці дзе ў іншым публічным месцы, двое з «міністраў» шапталіся і хто-кольвечы чужы заўважаў, тады зараз-жа пачыналі між сабою «спрачацца» на навуковую тэму...

Выкрыццё «С В У» на Украіне памірыла ўсіх на Беларусі.

«Міністры» прызнаваліся публічна ў розных дробненькіх памылачках у сваёй працы...

Успомніўшы гэта тут, у Курганішчы, Цярэшка ўздыхнуў, усміхнуўся і сказаў:

— Дыялектыка...

Жоўты пясок каля рэчкі ахапіў пямалы кавалак зямлі, вырваны з паплавоў. Пясок пабялеў на сонцы і быў падобны да мукі. Цярэшка падышоў да развілістай вольхі, крануў рукою галінку. З яе нізіліся буйныя кроплі расы.

Пасля купання вярнуўся ў хату. На стале чакала снеданне. Апрача пляменніц, Настачкі і Мзей, нікога не было.

Настачка выцягнулася, вырасла і, як кажуць, не паводле гадоў разумна. Мзей даганяе сястрычку, пераймае ад яе і манеры і розум. Нават шапяляць кінула.

Настачка кажа да Цярэшкі сумным галаском:

— А мы дзядзьку чакаем.

Мзей паўтарае, і Цярэшку здаецца, што гэта водгалас Настачкі:

— А мы дзядзьку чакаем.

Дзяўчаткі ў адных і тых-жа самых ружовых спаднічках з чорнымі гарошынкамі. Ручкі і ножкі загарэлыя на сонцы. Дзяўчаткі — як спарышы.

Вычышчаны да яркага блеску самавар шуміць, спявае тоненькім галаском, кашляе гарачым варам.

Цярэшка глядзіць на маўклівых і сумных людзей.

— Дзе-ж гэта цёця з хлопчыкам? — пытаецца ён.

— У млын пайшлі, да таты.

— Чаму вы, дзеткі, не гуляеце?

— На нашага татку вясковыя дзеці ўчора сказалі «сволач і кулак», бо татка, кажуць, багаты, бо татка, кажуць, млын мае.

— Дык што з таго?

— Ну, мы — яго дзеці. Не хочуць гуляць з намі, бо мы — сволачы і кулакі...

— А хто-ж гэта іх навучыў? — устрапянуўся Цярэшка.

— Не ведаем...

— Вось як...

Самавар паказаў яму скрыўлены выцягнуты твар з расшыранымі злоснымі вачыма.

Цярэшка маўчыць.

Праз акно лезе ў пакой разрэджанае сонца. Па кутках сцен дрыжаць сонечныя зайчыкі.

Дзеці глядзяць на Цярэшку пільнымі вачыма, чакаюць адказу. Ён ад іх адварачваецца.

— Дык вы не гуляйце з тымі дзецьмі, а самі забаўляйцеся.

Настачка крывіць губкі.

— Ай, не хочам самі...

Цярэшка маўчыць.

— Татка нягодны. Нам бабулька Галавіха гаварыла, што татка нашу матку ў магілку ўвагнаў і ўзяў сабе гарадскую пантыплюшку...

— Не гавары глупства, Настачка!

— А дзеці сваё кажуць: сволач і кулак...

— Мзей, маўчы!

Цярэшка без апетыта ўзяўся за снеданне. У гэты час прышло яму на памяць прароцтва былога «прэм’ера» з белымі манжэтамі і з ружовымі выпешчанымі пальцамі:

— Яшчэ шмат крыві пральецца...

— І чым хутчэй, тым лепш... — дадаў Цярэшка ад сябе ў вялікай злосці.



30 - СПРАВЫ СЕЛЬСОВЕТА

правіць

Мікола накіраваўся ў сельсовет.

За гэтыя некалькі дзён, што ён жыве ў швагра, пазнаёміўся з рознымі людзьмі. Тут цэнтр яго ўвагі — сельсовет. Часта прыходзіць да Міколы нейкі дзівацкі стары пад мянушкаю «Леў Талстой» са сшыткамі смешных твораў, у якіх, аднак, шмат цікавага. Сяляне скардзяцца, што ў млыне Язэпа Крушынскага пруская вага падгульвае. Праз меру многа бяруць на «фунты». Кажуць, што ледзь не дзень-у-дзень Слуп і Бочка возяць вазамі ў Мінск прыватным пекарам пшанічнай і жытняй мукі.

Сонца пячэ. Яно вандруе па пустэчы неахопнага блакіту і заглядае няўтомным агнёвым вокам ва ўсе куткі і шчыліны. Цень самы кароткі і празрысты. Пахне жывіцай, мурагом і распаранай сонцам глебай. Бзынкаюць мухі. Дзені-дзе па полі сустракаюцца курганы розных памераў і форм. Яны адпачываюць нерухома сярод абшараў дагістарычнымі мастадонтамі. Вакол, куды ні кінеш вокам, даспявае жыта. Дзе-ні-дзе зялёны шоўк аўсоў. Па курганах і па полі тэлеграфныя і тэлефонныя слупы. На на цягнутых бліскучых дратах — вераб’і. Над вясковымі хатамі калі-ні-калі сустрэнеш шасткі радыё.

Каля самага лесу пасуцца каровы. На паваленым пні сядзіць пастушок. Сядзіць моўчкі, скурчыўся. Нібы ў зямлю пад свае босыя ногі пільна ўглядаецца. Можа пазірае над бронзавымі мурашкамі, ці над сабачымі грыбамі. Чамусьці пастушок не дзьме ў традыцыйную жалейку, апяяную на ўсе лады беларускімі песнярамі старэйшага пакалення.

Можа пастушок кошыкі пляце або лапці? Не. Не рухае рукамі. Доўга ўглядаецца Мікола здалёку на яго скалмачаную кучаравую галаву, з палінялымі ад сонца валасамі. Зацікавіўся, падышоў бліжэй.

«Кніжку чытае, — узрадваўся Мікола, — піонерскую кніжку».

Пастушок зірнуў на Міколу. У хлапца звужаныя ад сонца зрэнкі, загарэлы твар. Ён жмурыць на Міколу вочы ды ўсміхаецца як свайму.

— Чытаеш?

— Чытаю.

Два словы двух істот, якія толькі што сустрэліся, а даўным-даўно знаёмы і блізкі...

Мікола адышоў. Жоўтае карэнне дрэў вылазіла з-пад зямлі, як электрычны кабель. Купкі сухога сіўца бялеліся вакол вялізнымі барадаўкамі.

А вось белыя хутаркі, новыя творы прышчэпаўшчыны. Воддаль старыя гайдачанскія хаты.

Кроплі поту блішчэлі на ілбе Міколы, пакуль дабраўся да сельсовета. Над ганкам на паіржавелым цвіку вісіць наўскос вывеска:

ГАЙДАЧАНСКІ СЕЛЬСОВЕТ

«І вывеска паказвае, што тут справы ідуць няроўна», — жартаўліва падумаў Мікола.

Першае, што ён у хаце сустрэў, яго здзівіла: каля печы завіхалася разрумяненая ад гарачыні жанчына. Яна садзіла хлеб у печ. Дружным хорам гулі мухі. Чорным воблакам яны кружыліся пад столлю, над сталом, каля печы. На Міколава «дзень добры» жанчына не адказала.

Мікола збянтэжыўся.

«...Можа не сюды папаў?»

Дзверы вялі ў другі пакой — у святліцу. Пачуў адтуль гул галасоў. Адчыніў дзверы і ўвайшоў.

«...Так і ёсць. Сельсовет...»

Каля адзінага доўгага стала стаіць некалькі чалавек. Некалькі сядзяць на доўгай лаве каля сцяны.

Старшыня разглядае пошту. Сакратар — маладая жанчына — раскладвае стопкі картак. Выбірае адны, адкладае, нешта ўпісвае ў іншыя і зноў бярэцца за першыя. Выглядае здалёку, нібы яна варожыць на карты.

Перад ёю сціртачкі картак — вёскі і хутары. Кожная картка — гаспадарка. На картках рубрыкі, клеткі, лічбы.

Гайдачанскіх сельсоветчыкаў Мікола бачыць упершыню, але паводле таго, як яны абмаляваны перад ім Антосем Драчыкам, ён іх адразу пазнае...

На тварах старшыні і сакратара стомленасць. Бледныя твары. Пад вачыма шэрыя кругі. Нервовасць у рухах.

— А-а-а... таварыш.

Старшыня падняўся з свайго месца і хацеў загаварыць да Міколы як да знаёмага, але зараз-жа паправіўся:

— Хто вы такі будзеце, таварыш! Па якіх справах?

Жанчына-сакратар зірнула на яго з-пад лобу і левай рукой паправіла «стрыжку».

— Я з Мінска.

Мікола выняў з кішэні паперку і падаў старшыні.

Старшыня толькі зірнуў на пасведчанне рэдакцыі «Звязда» і зараз-жа вярнуў назад, нібы раней яе чытаў.

Бацька Марціна яшчэ ўчора пахваліўся перад ім, хто такі Мікола і чаго ён сюды прыехаў. Ведаў старшыня, што Мікола шмат ужо з кім бачыўся...

Угодлівым голасам:

— Садзіцеся, таварыш Ярэмчык. Праз гадзіну скончу справы, а пасля пагаворым. А ты, Анкуд (да босага селяніна, які сядзеў на лаве каля самых дзвярэй), зачыні дзверы, а то мухі адтуль налятуць. Ад іх паратунку няма.

— Вось тут садзіцеся, таварыш Ярэмчык! — старшыня паказаў месца каля сябе пры стале. — Мы ад удавы арандуем гэты пакой пад сельсовет. Пяць рублёў у месяц.

У голасе, у твары — дображаданне тлумачыць, інфармаваць, дапамагаць у карэспандэнцкай справе Міколы чым толькі можа. Старшыні прыемна. Гэта відаць з яго карых вачэй:

«Жартачкі, таварыш з Мінска, ад «Звязды»...

— Паратунку няма ад гэтых мух! — тлусты дзякаўскі басок.

Гэта Анкуд, які зачыніў дзверы, каб бараніць сельсовет ад мух. Ён адчыняе вокны.

— Праз вокны можа вылятуць на двор, — кажа ён з абурэннем і глядзіць на Міколу.

У Анкуда рыжая бародка клінам, твар у рабаценні, хітрыя, прыжмураныя ад сонца вочы. У босых нагах з крывымі запэцканымі ў гнаі пальцамі хлапцоўскі спрыт.

— Дык вы працуйце, таварыш старшыня, перашкаджаць не буду, — сказаў Мікола і пачаў адным вухам лавіць сялянскае шушуканне.

«Як-бы ўсе тут баяцца мяне», — падумаў ён.

Стала непрыемна.

«Няўжо-ж усе яны гадунцы Крушынскага?»

Струмень чыстага паветра з адчыненых вокан казытаў ноздры. Зашалясцела на стале папера. Жанчына прыціснула рукою карткі, якія ветрам растрэсліся ва ўсе бакі, і крыкнула «ай» такім голасам, што ўсе засмяяліся.

Зачынілі вокны. З пакоя гаспадыні запахла свежым хлебам. Пачуўся шэпт:

— Можа што і выйдзе.

— А хто яго ведае!

— Мы з ім пасля пагаворым аб усім, што ў нас робіцца.

— Хіба што!

— Не перашкаджайце! — пачуўся трэці голас.

Мікола запрыкмеціў. Двое, якія гутараць між сабою, сядзяць у расхрыстаных кашулях. Галовы ў іх потныя, ускалмачаныя. Адзін малодшы, з шэрымі вачыма, з гладкім даўгаватым тварам. Другі, старэйшы, голены, з глыбокай маршчынай на ілбе. Лупавокі. Простая дзіцячая ўсмешка. «Цяжка здагадацца, аб чым гэта яны мяркуюць», — думае Мікола.

Агледзеўшы ўсіх сялян, ён зварочвае ўвагу на адну маладую пару — дзецюка і дзяўчыну. Яны вызначаюцца сваім урачыстым выглядам і святочнай вопраткай. Нецярпліва чакаюць. Да таго пацеюць і чырванеюць, нібы толькі што ў лазні парыліся. Шэпчуцца між сабою нячутна — на вуха адзін аднаму. Час-ад-часу паглядаюць у бок старшыні такімі вачыма, нібы ён павінен іх выратаваць з вялікай бяды.

Нарэшце хлопец нецярпліва звярнуўся да старшыні:

— Дык можна ўжо?

— Можна, — радасным голасам кажа старшыня. Да Міколы: — Жэняцца яны, таварыш Ярэмчык, па-новаму, без папоўскага шлюбу. Наша, так сказаць, перамога на культурным, так сказаць, фронце. — Зноў да маладых: — Няма спешкі. Ночы цяпер усёроўна кароткія.

Старшыня хіхікае на сваю трафарэтную дасціпнасць, адтапырвае тоўстыя губы.

«Няйначай старшыня хоча перада мною пахваліцца чырвоным вяселлем...»

Усё ў старшыні ў круглых формах: галава, шчокі, плечы пад сацінавай чорнай касавароткай, а на стомленым твары ўсмешка захованай перамогі. Ён чамусьці вельмі рад і не можа схаваць сваёй радасці. Ён пільна пераглядае паперы маладых і давай сам рыхтаваць новы дакумент.

Маладая аказалася непісьменнай.

— Вось табе і культурны фронт! — нехаця вырвалася ў Міколы. — Што робяць вашы лікпункты?

Пачырванеў старшыня.

— Вось і стаў крыжыкі на дакуменце, — стыдзіў ён маладую, — вось і стаў...

Відаць, што старшыні гэта вельмі непрыемна.

— Не маю калі вучыцца, працаваць трэба, — адказвае маладая.

На тэму жаніцьбы і граматы сяляне пачалі апавядаць вясёлыя анекдоты. Гуллівыя смешкі, развязаліся языкі. Успамінаюць і айца Дзімітрыя.

Тут-жа адчыняюцца дзверы, і сам айцец ва ўсёй сваёй духоўнай красе ўваходзіць у сельсовет.

Невысокі, шырокі ў плячах, айцец ні на кога не глядзіць, метравымі крокамі падыходзіць да старшыні. Паасобныя кусткі рэдкіх рыжаватых валасоў на яго твары злеплены ад поту. Чырвоныя тонкія губы сціснуты.

Старшыня пабляднеў. Вочы яго пацямнелі. Ён заёрзаў на лаве так нецярпліва, нібы пробваў шараваць сасновую дошку.

— Як наўмысля сягоння, — ледзь не вырваўся ў яго злосны крык. ён насупіўся. Разявіў рот і глядзеў на папа, як на здань.

— Ці вырашана справа з маім гародам? — пытаецца айцец з ноткамі далікатнай просьбы ў металёва-басовым голасе.

— Заўтра, бацюшка, заўтра аб гэтым пагаворым, — вырваўся ў старшыні не то крык, не то стогн.

— Вы-ж абяцаліся ўсё сягоння закончыць?

Металёва-басовыя пералівы пераходзяць у альтавыя выкрыкі.

Даўгаваты нос айца з чулымі ноздрамі ў кроплях поту, як у расе.

— Заўтра, бацюшка, заўтра, — шапоча старшыня і так глядзіць на папа, нібы просіць, каб той выцягнуў яго з глыбокага віру.

Айцец разумее. Не сказаўшы больш ні слова, выходзіць з сельсовета.

Мікола ўсміхаецца. Зноў чуе ранейшы суфлёрскі шэпт:

— Поп у нас у пашане. Ён і гэтых маладых патайком павянчаў ужо.

— Яшчэ не тое ўгледзіць у нас таварыш з Мінска.

Гаварылі тыя самыя два ў расхрыстаных кашулях.

— Дайце працаваць! — грымнулі іншыя галасы.

Пад столлю плойма мух. Сяляне падыходзяць па розных справах. Старшыня ветлівы, лагодны. Міколе падсоўвае «Правду», нібы дзіцяці пернік.

— Пакуль што, так сказаць, чытайце...

Мікола бярэ газету і прыслухоўваецца да сялянскіх спраў, каб у іх улавіць тое, чаго тут шукае, — здаровых думак і ўчынкаў беднаты. Усё ідзе гладка, лёгка, як воз па добрай грэблі. Мікола разумее: «Падрыхтавана раней для мяне. Толькі айцец сапсуў музыку...»

Старшыня часта скосу пазірае на Міколу за газетную заслону.

Кульгаючы, уваходзіць Антось Драчык.

— Люблю шчырасць, таварыш Мікола! — крыкнуў ён свой стары лозунг. — Можаце мяне лаяць! Кінуў працу ў комуне і прыбег сюды! Я так і ведаў, што вы тут будзеце сягоння. Люблю праўду. Матэрыяла для вас — во-о-о!

Драчык разгарнуў рукі на ўсю шырыню, каб паказаць колькі будзе для газеты матэрыяла.

У старшыні прыкметна дрыжаць пальцы. Сакратар нервова ўткнуў пяром у кароткі, нібы хоча іх пракалоць, як шылам.

Усю ноч перад гэтым сельсоветчыкі не спалі. Даведаліся, што «нехта» з Мінска прыехаў, «нейкі партыец Ярэмчык». Паслалі сваіх на разведку: гэты «нехта» вельмі цікавіцца ўсім, што тут робіцца, запісвае ў кніжку, а потым...

Галоўныя справы сельсовета перавандравалі на хутарок — да старшыні.

Шырачэзная дуга вясёлкі ахапіла тады поўнеба. З вышыні нізіўся лагодны дожджык. Было перад заходам сонца. Кроплі падалі яркія і буйныя, хоць ты іх лічы на ляту. Дожджык быў цёплы. Куры спакойна спацыравалі па дварэ, і кроплі расплываліся на іхніх пер’ях цемнаватымі плямінкамі. Але цяжка было на душы ў старшыні. Не хацелася папасці ў газету. Ён, саракагадовы чалавек, толькі нядаўна ажаніўся. Узяў за жонку дачку аднаго з самых моцных тутэйшых гаспадароў. Толькі жыць пачынае, а вось трывожаць...

Перад тым, як пералічыць недахопы «свайго» сельсовета, старшыні прышлося зрабіць часовы эксперымент над самім сабою: пераставіць наадварот стрэлку сваіх уласных пераконанняў. Зрабіўшы гэта, ён пачаў удумвацца:

... У багатых утоена шмат зямлі.

... Не ўпісаны поўнасцю лік жывёлы.

... Кааператыў выдае тавар, каму хоча і колькі хоча (багатым).

... З фунтамі ў млыне Крушынскага цёмная справа.

... Калі будуецца школа, дык хто возіць лес? — бяднейшыя.

Пунктаў абвінавачвання ў яго шмат. Як іх утоіш за адну ноч?

Нават ісці не хочацца. Аслабаніў стол ад хатніх рэчаў і вось на ім сельсовецкія справы.

Калі добра сцямнела, прыбег і «сам» —Язэп Крушынскі.

— Ну як?

— А так!

— Злавацца, дружа, няма чаго.

Лысіна Крушынскага блішчэла, нібы пакрытая лакам. Твар быў спакойны.

— Паслухай лепш, чалавек табе кажа. Блыха цябе ўкусіла, а ты думаеш мядзведзь. Памятай адно —кулакоў у нас няма. Так і кажы! Часта паўтарай, каб «яму» гэта ў мазгі ўлезла.

— А калі «ён» пра цябе запытаецца?

— Пра мяне?! — Крушынскі засмяяўся. Вадзіў вусамі, як таракан. — Я культурны селянін, рэволюцыянер 1905 года, чырвоны партызан пры белапольскай акупацыі. У сельсовеце ёсць тая «Беларуская Вёска» з артыкулам аба мне ды з маім партрэтам?

— Ёсць.

— Вось і добра. Калі што якое, тыцні яму ў вочы гэтай газецінай.

Старшыня пачаў супакойвацца. Крушынскі настаўляў далей: — там кааперацыя ды іншыя такія справы — плюнь! ты не адказваеш, ты не ведаеш. Няхай заўтра збярэцца ў сельсовеце пабольш сваіх. Ты ім, здаецца, наказаў? Чырвонае вяселле заўтра? — дзела! Вось і новы быт! За гэта цябе паважаю.

Крушынскі моцна апусціў руку на яго плечы. Старшыня падбадзёрыўся.

— А што варта наша вылучэнка? Жартачкі, жанчына сакратаром сельсовета! Дзівак ты, калі баішся нейкага там карэспандэнта з Мінска. Наш сельсовет на першым месцы ў раёне! Эх ты, варона!

— Дык можа вып’еш, га? — расхаробрыўся старшыня.

— Гэта на сягоння будзе залішне. Ты свае там шпаргалкі добра прагледзь, з чыстай галавой! А то... Толькі не бойся, дружа.

Крушынскі пайшоў дадому.

«У нашым сельсовеце кулакоў няма...» — прыемнай музыкай звінела ў вушах старшыні настаўленне Язэпа Крушынскага.

На гэты раз вокны былі заслонены абрусамі, каб з двара не відаць было святла лямпы... Старшыня і сакратар працавалі з незвычайным імпэтам. Скрыпелі пер’і, шалясцелі паперы і паперкі: — рэвізія. Вочы былі апушчаны ўніз, смагла, нібы п’яўкі, упіваліся ў лічбы, пальцы з асаблівай гарачкай перагортвалі купкі папяровага снегу, шукалі, знаходзілі. Учытваліся, раіліся, меркавалі, і ніколі такой салодкай і страшэннай ім не была канцылярская праца. Мухі гулі над гарачым шклом лямпы, смажыліся ў «Этне» газавага кнота, а сельсоветчыкі гарэлі на сваім уласным агні.

«У нашым сельсовеце кулакоў няма», — скрыпелі пер’і, і іерогліфамі адзначалі тое самае чарнільныя кляксы.

Плыла цішыня ночы па палях і лясах, спынялася над хутарам змрочнай хваляй і забрала на сваіх грэбнях скрыпы пер’яў, шалясценне паперы і шэпты людзей. На дварэ заспяваў певень. За ім— другі, трэці.

— Старшыня ўздрыгануўся. І ў «кукарэку» чуў галюцынацыю слоў:

«У нашым сельсовеце...»

Спіны, рукі і вочы смактала зморанасць. Старшыня зрабіўся шэрым. Сакратар моргаў вачыма, нібы ў іх папаў пясок. Толькі пад раніцу яны агледзеліся, што на адных і тых самых паперах неаднолькавы атрамант. У сельсовеце пішуць сінім, а тут выпраўлялі чорным...

Калі зарыпеў асвер над студняй, старшыня загасіў лямпу і зняў з вокан абрусы. Было зусім відна. Дзесьці блізка стагнала птушка. Чырвоным шоўкам палала нізка над лесам усходняя палоска неба.


31 - ГАЛАСЫ ПАЛЁЎ

правіць

Апрача Анкуда, у сельсовеце няма «чужых» — старшыня папрасіў «не перашкаджаць».

Паміж Міколай і старшынёй адбываецца лагодная гутарка, са спынкамі, з зазіраннем адзін аднаму ў вочы. Сакратар і Драчык прыслухоўваюцца. Гутарка плыве мірна, каменні падазронасці не затрымліваюць яе роўнай хады.

Старшыня падсоўвае Міколе армію папер з лічбамі, калонкамі і клеткамі ведамасцей. У сакратара напагатове сельсовецкія картачкі.

Мала заглядае туды Мікола.

Пасмялеў старшыня. Глядзіць на Міколу, як старэйшы на малодшага, часта пазяхае і далонню рот засланяе.

... Не так страшан чорт, як яго малююць.

У старшыні адна прыпеўка:

— У нашым сельсовеце няма кулакоў.

— Не ведае старшыня, якое ўражанне на «яго» робіць прыпеўка, і ледзь прыкметная маршчынка мільгае ў вуглах яго губ.

Анкуд стараецца ўсімі сіламі дасягнуць такога ідэала, каб усіх мух павыганяць з пакоя. Ён адчыняе акно і шапкай махае ў паветры.

— Паратунку ад вас няма! — злуецца Анкуд.

Нямаведама, ад каго няма паратунку: ад мух, ад старшыні, ад Міколы.

Калі-ні-калі Мікола нешта ўпісвае ў блакнот. Старшыня адным вокам глядзіць на незразумелыя круцёлкі.

«У гэтых круцёлках, нібы шчупак ў сетцы рыбалова, тузгаецца мой лёс...»

Па інтанацыі голасу Міколы старшыня стараецца даведацца пра свой лёс. Голас роўны, лагодны, упэўнены, але без водгукаў пагрозы.

Па выразу твара Міколы ён пачынае хіраманцкую варажбу пра сваю будучыню. Твар Міколы — маладосць, бадзёрасць, свойскасць. Вочы такія шчырыя...

«Можа ў шчырасці «яго» вачэй небяспека для мяне?.. «ён» шчыры, як малое дзіця...»

— А Язэп Крушынскі таксама не кулак? — Тут у Міколы вылазіць наверх не то нервовасць, не то нецярплівасць. Ён проста зазірае ў стомленыя вочы старшыні.

Такі-ж «просты» адказ... Крушынскі — галоўны козыр у руках старшыні:

— Ён культурны гаспадар.

Старшыня доўга шукае ў паперах, у папках. Бровы дужкамі ўзлётваюць над вачыма, апускаюцца. Ведае, дзе ляжыць патрэбная папера, але адцягвае драматычны эфект. Наўмысне шукае. Шалясцяць лісткі, нібы бярозавае лісце ўвосень. Нарэшце знаходзіць. Яго вочы ззяюць расплаўленым металам. Тоўстыя губы трубкай:

— Вось...

Падае Міколу выразку з «Беларускай вёскі» за 1924 год.

— Чытайце, таварыш Ярэмчык! — голас урачысты і пераможны.

Мікола чытае надрукаваны артыкульчык пра «культурную» гаспадарку Крушынскага, глядзіць на яго партрэт.

— Добры партрэт, — кажа Мікола.

Драчык ускаквае з месца. Яго твар буры ад злосці.

— Люблю шчырасць! Лоўка напісана!

І ён малюе ў кароткіх словах новы партрэт Крушынскага:

— Крушынскі — канакрад, кантрабандыст, эксплаататар чужой працы, фабрыку-млын мае! — Драчык бляднее і дрыжыць ад злосці.

— Ведаю, — супакойвае яго Мікола,—ведаю...

У старшыні кроплі поту на ілбе, чмокае губамі, нібы нясмачнае есць. Ён успамінае той час, калі быў фельдфебелем. Аднаго разу моцна збіў маладога белабрысага салдата за тое, што той быў слаб у «славеснасці». У таго кроў з носа пацякла. Вось, каб так цяпер «гэтых»...

— Я тут даведаўся, але чаму таварыш Драчык да гэтага часу маўчаў? — дзівіцца Мікола, ён выходзіць з ранейшай роўнавагі. Голас мяняецца.

— Я не маўчаў і не маўчу! На ўсіх сходах гавару. Праўду люблю! Пісаў у раён. Ніякіх вынікаў. У Крушынскага ўсюды свае людзі. Гэта такая хітрая сволач, што...

Драчык хвалюецца, стукае сабе кулаком у грудзі. Вочы гараць. З кожным словам яго голас расце, вырастае ў крык.

— ... Заўсёды выкручваецца. А мала іх у нас Крушынскіх рознага выгляду? Ці не сябар Крушынскага даў мне калом па галаве, ад чаго я аглух на адно вуха? А ў новых пасёлках мала кулакоў? Іх усіх адгэтуль трэба жалезнай мятлой! Люблю шчырасць!

Мікола глядзіць на Драчыка, і радасць свеціцца ў яго вачах. Ледзь стрымліваецца, каб не крычаць разам з Драчыкам.

З шэрых вачэй Драчыка сыплюцца іскры. Ён раптоўна паднімаецца з лавы, нібы хоча ўцячы з сельсовета змоў садзіцца, выцірае губы і зноў:

— Не я адзін так гавару... Многія, але я павінен канстатаваць той факт, што...

Анкуд спыніў вайну з мухамі і нацэліўся зацікаўленымі вачыма ў самы рот Драчыка. Рыжая бародка Анкуда гарыць на сонцы, як кучка чырвонага дроту. Рот у яго адчыняецца і зачыняецца, нібы прабуе сілу сківіц. Блішчаць белыя зубы. Мухі, як звар’яцелыя, сваволяць пад столлю. Пахне печаным хлебам.

Залацісты слупок сонца соваецца ад акна папярок пакоя. У ім мільёны драбнюткіх пылінак верцяцца, кружацца, рухаюцца.

Мікола вяртаецца дадому.

На скошаных паплавах сквіргочуць стрыгунчыкі, нібы сотні танюсенькіх пілак грызуць жалеза. Цені даўжэюць. Круглы чырвоны дыск сонца вісіць над самым лесам.

Толькі адзін раз у памяці Міколы яшчаркай мігатнулася перасцярога Драчыка:

— Асцерагайся, братку! Ты не ведаеш Крушынскага. У яго тут не мала рук.

Мікола зараз-жа пра гэта забыўся. Ішоў не гасцінцам, а воддаль, сцежкай. Рэчка ўрэзалася ў гасцінец бліскучай дугою.

У некаторых вокнах Драздоў і Дзятлаў рассыпаюцца снапы сонечнага заходу. Вее халадком.

З-за касагора паказаўся чалавек у белай сарочцы. Мікола зацікавіўся. У хадзе гэтага чалавека, які па-вайсковаму махае рукамі, ён успамінае нешта знаёмае. Як той падышоў бліжэй, Мікола пазнаў: паэт Цярэшка.

— А-а-а... як маецеся, таварыш Ярэмчык?

— Надоўга?

— Сягоння еду ў Мінск. Цэлы месяц тут адпачываў.А вы?

— Прыехаў на некалькі дзён па розных справах.

Па твары Цярэшкі зазмяіўся цень.

Прысадзісты, з шырокім рабым тварам (сляды воспы), чалавек звоніць па тэлефону. Твар яго бледны. Часта трэ рукою сухі лоб. Чалавеку здаецца, што ўспацеў. Вочы ўтаропіліся ў рукапісную газету, прышпіленую кнопкамі да сцяны, і нецерпяліва чакаюць адказу. Дрыжыць тэлефонная трубка ля яго вуха. Пальцы пабялелі ад таго, што моцна сціснулі трубку. Зараз бразне ёю аб стол, не сцерпіць, і з яго сціснутых губ сарвецца лаянка — моцная, злосная.

Стрымліваецца.

Звоніць у адно месца, другое, трэцяе.

Ніякага адказу.

— Ах, ч-ч-орт!

Губы крывяцца ў злую іронію, вочы цямнеюць, увесь ён да таго напружаны, што зараз тупне нагою, моцна тупне, ажно клубнае піяніна застогне ўсімі струнамі.

— Што рабіць? Ну, ш-ш-што?

Грудны голас з самага нутра.

Ярка свеціць электрычная лямпачка. Побач на сцяне, абвешанай лозунгамі, дыяграмамі, плакатамі і партрэтамі, цень чалавека. Каб акрэсліць вуглём, выйдзе чоткі профіль з завостраным носам і характэрнай напружанай лініяй барады, і кожны пазнае ў гэтым профілі старшыню комуны «Чырвоны Кастрычнік» — таварыша Шаневіча.

Адчуваецца, што ў клубе адбылася только што вялікая сумяціца: крэслы парассованы, адно ляжыць бокам, ножкі яго выцягнуты ў бок, нібы ў аглушанай ад спалоху жывёлы. Дзверы адчыненыя. Толькі што тут быў цэлы гурт людзей, толькі што сцены ўсмактвалі ў сябе іхнія рознастайныя галасы, толькі што па падлозе чуваць быў стукат сотні ног, толькі што...

Цярпліва маўчыць у чаканні таварыш Шаневіч.

— Паснулі яны ўсе, ч-ч-чорт іх падзяры!

Голас роспачы стрымліваецца, бо калі не будзеш стрымлівацца, дык... Але Шаневіч заўсёды такі — спакойны тады, калі іншыя хвалююцца і рвуць на сабе валасы.

Глядзіць на гадзіннік.

— Без пятнаццаці хвілін дванаццаць. Не дзіва, што ва ўстановах раёна нікога няма.

Зноў звоніць.

На гэты раз:

— Міліцыя! Адкуль?

— З комуны «Чырвоны Кастрычнік».

— Слухаю.

— Няшчасце ў нас. Коней атруцілі. Зараз-жа сюды

ветэрынара і міліцыю!

Летняя, цёплая ноч са сквіргатаннем стрыгунчык кудысьці адплыла адгэтуль на вялізным караблі. Ніхто яе не заўважае.

Трывога расце веерам — вузкім у клубе, дзе Шаневіч званіў у раён, шырэйшым на дзядзінцы і самым шырокім у канюшні, дзе мучаюцца ў сударгах атручаныя коні.

З дзядзінца гул галасоў урываецца праз вокны ў клуб, захлёствае вялізны пакой трывожным прылівам.

Шаневіч трэ рукамі сухі лоб і выходзіць на двор. Усё гэта напамінае Шаневічу той час, калі колькі год таму назад было падпалена комунарскае гумно.

У цёмнасінім бяздонні неба падміргваюць адны адным прамяністыя кропкі зорак. Нібы агеньчыкі караблёў у моры.

... І тады, пры падпале гумна, была такая-ж ноч.

Людзі не прыкмячалі яе тады, як і цяперашнюю ноч. Трывожны гул перакідваецца па дзядзінцы з месца на месца. Рыпаюць дзверы. Тупаюць ногі. Бягом мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці.

Трывога.

З вуснаў лезуць, ірвуцца гранатамі незвычайныя ў штодзённым жыцці комуны словы.

Шаневіч не прыслухоўваецца, але злосныя словы, крыкі абурэння і гневу самі лезуць у яго вушы вострымі і доўгімі ганталямі. Ён многіх пераганяе, а здаецца ідзе так павольна. Некаторыя ўступаюць яму дарогу.

Лагодна просіць:

— Супакойцеся, таварышы... Не хвалявацца і не тупацца без толку...

Устрывожаны вулей гудзе:

— Чулі?

— А-я-яй, што-ж гэта будзе?

— Пракляцце на іх, на гэтых бандытаў!

— Да чаго, звяр'ё, дадумаліся!

— Жывёл нявінных труціць, га?

Шаневіч пазнае голас Драчыхі.

— Супакойцеся...

— Ну і адплоцім кулаччу! Мы з імі расквітаемся! Люблю праўду! Так цягнуцца далей не можа! Гэта-ж няма як жыць!

Хрыплы крык у Драчыка.

Высокая труба крухмальні лезе ў неба чорным пальцам. Вось-вось саскрабе з сіняга абруса агнёвых «божых каровак». Заглушана галасамі людзей сквіргатанне стрыгунчыкаў. Чорным масівам ценяў глядзіць сад, прыслухоўваецца.

Расце гул людзей. У гуле — злосць і нянавісць да ворагаў. Страшная гэта нянавісць грамады.

Адна жанчына ўсхліпвае:

— Жыць тут тое самае, што на пазіцыі... Памятаю,

як была бежанкай, то...

— Супакойся, бабка. Праўду ты кажаш, жывем на пазіцыі. Вораг нам пакасці робіць, але наша возьме! Шаневіч уваходзіць у канюшню.

— Хто гэта зрабіў? Хто?

У Драчыка не чалавечы голас, а дзікі крык. Ён абводзіць усіх такімі страшнымі вачыма, аж некаторыя адварачваюцца ад яго.

— Супакойся, Драчык, даведаемся. Цяпер трэба прабаваць коней ратаваць, — звярнуўся да яго Шаневіч.

Людзі цягнуць вёдры з вадою, даюць коням піць і не ведаюць, што рабіць пры гэткіх выпадках.

«Вось табе і наша бібліятэка. Няма ў нас добрых кніжак па ветэрынарыі. Сам вінават, што не паклапаціўся ў пару», — думае Шаневіч і выцірае рукою сухі лоб. Звярнуўся да Драчыка.

— Пазвані ў міліцыю. Няхай да тэлефона пазавуць ветэрынара. Пытайся, што трэба рабіць у такіх выпадках.

Драчык пабег.

«Бура» — чорны і бліскучы, як аксаміт, конь — ляжаў, хрыпла стагнаў і дрыгаў нагамі. Адшліфаваныя падковы блішчэлі серабром.

Ходырам хадзілі ў каня бакі. Заўсёды грозныя вочы «Буры» былі цяпер зацягнуты мутнай павалокай. Пару разоў з яго вачэй сыходзіла каламуць, і яны рабіліся прытомнымі. Конь глядзеў тады на людзей бадай чала- вечым позіркам і чакаў дапамогі... Вушы яго бездапаможна абвіслі.

«Бура» — гадунец сівога Язэпа, аднаго з першых комунараў «Чырвонага Кастрычніка».

Тры гады таму назад «Бура» быў малым і смешным жарабём. Стары Язэп узяў на сябе абавязак выгадаваць яго. Сам прыдумаў яму клічку «Бура», прывык да яго «Бура». Бывала, Язэп крыкне:

— «Бу-ра-а-а».

Жарэбчык прыбягаў да яго, як дзіцё да добрага дзядзькі.

Разумныя жвавыя вочы былі ў «Буры»... Тады на свае ўласныя грошы Язэп купіў «малому» (нібы цацку для ўнука) званочак... Песціў стары «Буру».

На раённай сельскагаспадарчай выстаўцы ў мінулым годзе «Бура» атрымаў першы прыз. Ганарыўся стары Язэп.

Цяпер ён рукі ломіць над канаючым аксамітным жарабцом і ўпотайку слёзы выцірае...

— Хто вечарам у канюшню хадзіў? — пачуў стары Язэп гучны голас Шаневіча.

— Троська.

— Дзе Троська?

— Яго тут няма.

— Знайсці Троську!

«Яшчэ шмат крыві пральецца».

Гэты лозунг былога «прэм'ера» ў белых манжэтах большасць будучых «міністраў» прызнавала як бясспрэчны і выгравіравала ў сваіх сэрцах як сімвал сваёй будучай дзяржаўнасці. Дзеля гэтага каля года таму назад пры дзяльбе партфеляў аднадушна згадзіліся, што лепшага вайсковага міністра за Булак-Булаховіча не знойдзеш. Ён патрапіць па ўсёй цяперашняй Совецкай Беларусі паставіць шыбеніцы, нібы небывалы садоўнік рассадзіць небывалыя дрэвы з небывалымі садавінамі. І наш краявід, наш пейзаж дзе-ні-дзе зменіцца. Раскапаныя вучонымі старыя курганы заменяцца новымі курганамі... І пышным цветам закрасуе новая «курганная», «паэтычная» Беларусь...

Лозунг былога «прэм’ера» ў белых манжэтах мае глыбокі «гістарычна-філасофскі» і «паэтычны» сэнс:

«... Яшчэ шмат крыві пральецца...»

Цярэшка ўжо больш года з'яўляецца падпольным «міністрам асветы». Міністэрскі партфель накладаў на яго пэўныя абавязкі ўжо цяпер. Для самога сябе яму патрэбна была трэніроўка, своеасаблівая трэніроўка думак, розуму, псіхалогіі ў адным напрамку:

«Я міністр асветы. Трэба дзейнічаць. Трэба ўмець так дзейнічаць, каб работы было зроблена шмат, але каб яе не заўважылі. Яна павінна быць сакрэтнай, але, каб яе бачылі тыя, каму трэба бачыць. Тут ёсць шмат супроцьлегласцей, якія павінны перакрыжоўвацца між сабою ў строгім адзінстве мэты».

Цярэшка меркаваў сабе штат, падбіраў у памяці людзей паводле пэўнага ідэалагічнага напрамку — падбіраў «шчырых беларусаў».

Гэтыя людзі самі не ведалі, што з'яўляюцца будучымі саноўнікамі ў яго міністэрстве. Гэтыя людзі самі не ведалі, што будучыня іх такая бліскучая і ганаровая. Сяброўствам, трапнай крытыкай усяго вакольнага падпольны «міністр асветы» стараўся ачысціць сваіх будучых падначальных ад большэвіцкіх уплываў. Нібы кволыя расліны зімою, ён іх ахоўваў у сваім дзівосным духоўным парніку. Ён часта прыглядаўся да школ, гутарыў з настаўнікамі, глядзеў на іх, як на той ацвярдзелы воск, які потым будзе размякчаны ў яго руках і прыме патрэбныя для дзяржавы формы... Ён пакруціць у адваротны бок тое новае кола, якое было зроблена калеснікам увосені тысяча дзевяцьсот семнаццатага года. А калі сустрэне ў гэтым перашкоды, тады расставіць па ўсёй Беларусі маральныя шыбеніцы. А калі і маральныя шыбеніцы не памогуць, тады дапаможа герой Мазыршчыны — Булак-Балаховіч. Пілсудскі за ўсе гады кіраўніцтва Польшчай падрыхтаваў для гэтага нямала практычных метадаў... А будучая «Беларуская дзяржава» будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Польшчы.

Розныя планы раіліся ў галаве Цярэшкі, перашкаджалі адны адным, дапаўнялі адны адных і напаўнялі самога «міністра асветы» небывалым зместам і небывалымі настроямі.

І часта ў яго знаёмыя пыталіся:

— Што вы такі задумёны, таварыш Цярэшка? На вуліцы не пазнаяцё нас.

— Пішу новы твор.

— А-а-а. Усе паэты з аднаго палатна выкраены.

Цярэшка непакоіўся, што пачалі заўважаць у ім змену.

«Я, здаецца, так асцерагаюся...»

Не лёгка займаць такую вялікую дзяржаўную пасаду, ды каб ніхто аб гэтым не ведаў, ды каб самому з

гэтым хавацца...

«... Каб ужо хутчэй...»

Каб хутчэй можна было ўсенародна сказаць:

— Я міністр асветы!

Але гэта дзівосная дзяржаўная садавіна (як ні стараліся былыя і будучыя) яшчэ не выспела, хоць абагравалася іхнім цёплым сонцам, палівалася іхнімі лагоднымі дажджамі на ўгноенай ураджайнай глебе. Дзяржаўная садавіна яшчэ была цвёрдая і зялёная і магла-б пашкодзіць.

І носіцца Цярэшка са сваім міністэрскім партфелем, нібы казачная курыца з казачным залатым яйцом.

Гэта нямала стаміла яго.

І вось ён ужо цэлы месяц адпачывае ў Курганішчы ад сваіх дзяржаўных спраў. Месяц вырваны, нібы рэпіна з карэннем, з шумлівых клопатных месяцаў горада. Месяц спакойны і ціхі, нібы сажалка ў садзе Язэпа Крушынскага. Міністэрскі месяц на вёсцы. Фальваркова-лірычны летні месяц. Кожны дзень гэтага месяца напаўняўся пэўным зместам, як шкляная пасудзіна каляровым пітвом.

Цярэшка пісаў вершы, чытаў кнігі і газеты, гуляў у лесе, у двух дзядоў Драздоў і Дзятлаў — Галавы і Сухарукага — збіраў народную творчасць. А што тычыцца гутаркі з сялянамі, дык ён гэтага асцерагаўся. Лепш быць абасобленым і не мазоліць вачэй. У млыне бывала кожны дзень не мала народа з ваколіцы, але ён туды не хадзіў. У млыне для яго збіраў «народную творчасць» Язэп Крушынскі і перад сном перадаваў яму гатовенькае. Нібы зярно з мякіны, Цярэшка выбіраў з гэтай «народнай творчасці» самае галоўнае: нежаданне ісці ў калгасы і чаканне вайны...

У адплату за гэта Цярэшка кожны раз гаварыў Крушынскаму:

— Хутка прыдзе вызваленне. Мо’ праз тыдзень, а мо праз месяц. Самае доўгае — год...

Язэп Крушынскі жыў гэтым, нібы хворы падскурным успрыскваннем.

Так на месячным полі чаргаваліся фальваркавыя дні, падобныя адны да адных, як фотаздымкі — адбіткі з аднаго негатыва. Часам у гэтыя дні гвалтоўна ўрываліся гадзіны. Яны былі спачатку няпрошаныя і неапраўданыя. Цярэшка назваў гэтыя гадзіны папоўскімі.

Да яго пачаў прыходзіць айцец Дзімітры.

Поп прыходзіў якраз тады, калі ён гарэў творчым натхненнем, нібы кнот васковай свечкі, калі рыфмы — хлопчыкі і дзяўчаткі ў васільковых гірляндах — самі прасіліся ў дзіўныя скокі на белы снег паперы, калі радкі — цудадзейная рунь Цярэшкавага паэтычнага сэрца і міністэрскай цярплівасці — раслі адзін за адным у вокамгненне, калі Цярэшка хацеў быць сам-на-сам і пісаць і пісаць, пісаць да ахмяльнення, да зялёных і сініх кругоў перад вачыма...

У такія гадзіны паэтычнай смагласці і прагнасці ўрываўся чорнай шурай-бурай у сваёй папоўскай расе айцец Дзімітры.

— Пішаце? Эх вы, Нестар-летапісец!

Айцец Дзімітры жмурыў вочы і гладзіў бараду. І нешта прымусовае і надмеру стараннае відаць было ў яго жмуранні вачэй і гладжанні барады. Вось нібы хтосьці пад страхам загаду прымушае папа рабіць гэта, а самому зусім не хочацца.

— Нічога спешнага няма ў мяне. Калі ласка, бацюшка! Добра, што вы прышлі. Вельмі добра...

Цярэшка хаваў глыбока ўнутры змяю незадаволенасці, рабіў гасцінныя вочы і адкладваў прылады сваёй паэзіі — паперу і ручку.

Такое далікатнае абыходжанне ён таксама лічыў саматрэніроўкай. Калі надыйдзе той светлы час і ён громагласна і ўсенародна будзе міністрам, дык пэўна прыдзецца часам назначаць аўдыенцыі такім наведвальнікам, з якімі і гутарка ніякай прыемнасці не дасць. Але трэба сябе прывучаць...

Тым часам айцец Дзімітры перабівае яго думкі:

— Так хочацца з інтэлігентным чалавекам пагутарыць. Так хочацца... Так у бязводнай пустэчы чалавек піць хоча...

Апошнія словы «піць хоча» выклікаюць у «міністра асветы» пэўны рэфлекс. Ён прымае са стала папяровую пустэчу, і Стэфка, жонка гаспадара, прыносіць на стол закускі. Сам Цярэшка ставіць бутэльку віна. Прывёз з Мінска цэлую скрыню бутэлек.

Такія папоўскія гадзіны адбываюцца не штодня, але даволі часта.

У часе выпіўкі поп прыглядаецца да Цярэшкі, Цярэшка да яго. У абодвух вялікая смага — вывучаць адзін аднаго. Абодва намацваюць адзін аднаго асцярожна, цярпліва. Нібы адбываецца ў іх азартная ігра, дзе кожны стараецца застацца з выйгранкай.

— Курганішча для паэта добры Парнас, — кажа трохі выпіўшы айцец Дзімітры. — Тут можна вывучаць заход і ўсход сонца, рух, формы і колеры воблакаў, шапаценне лісцеў на дрэвах, спевы птушак над рэчкай, сум курганаў. Тут можна назіраць за фазамі месяца. Тут можна назіраць...

Айцец Дзімітры не гаворыць, а спявае. Вочкі яго бліскаюць і пільна глядзяць на Цярэшку, не вочкі, а царкоўныя лампадкі.

Цярэшка гаворыць яму ў тон:

— Курганішча для духоўніка — святы Назарэт. Тут можна славіць бога-госпада на ўсход і заход сонца. Тут сярод воблакаў можна чуць узлёт анельскіх крылляў. Можна збіраць у адно стада божых авечак і стрыгчы святое воўна. Тут можна...

— Годзе... — просіць айцец Дзімітры. — Ну і мсцівы вы паэт!

— А вы і не поп і не хлоп. Хто вы такі?

Айцец Дзімітры не звяртае ўвагі на яго запытанне і кажа:

— Паэт і духоўнік маюць адно прызначэнне ад бога — вучыць народ. Мы з вамі кроўныя браты. Паэзія і евангелле — родныя сёстры. Дайце вып'ем за крэўнасць нашых дзеянняў і помыслаў!

Цярэшка ўспамінае. Нешта Лапоўскі (чалавек без знакаў прыпынку) гаварыў яму пра тутэйшага папа. Цярэшка раптоўна, наўмысне неспадзеўна, пытаецца:

— Не ламайцеся! Хто вы?

Айцец Дзімітры трохі бляднее, глядзіць на Цярэшку на момант застылымі вачыма і шэпча голасам «святога блазна»:

— Я чалавек божы, у вопратках божых, са словам божым. Давайце вып'ем!

Цярэшка выходзіць з сябе. Коліць вачыма айца Дзімітрыя і зноў страляе раптоўнымі словамі:

— Мне пра вас дзядзька Лапоўскі гаварыў...

Айцец Дзімітры ўспыхвае, масляныя вочкі цямнеюць, і ён робіцца сур'ёзным.

— Які Лапоўскі?

— Лявон Максімавіч.

Некалькі мігаў яны пранізваюць адзін аднаго вачыма. Потым Цярэшка шэпча міралюбным тонам:

— Аднаго поля ягадкі. Не бойцеся.

— Я і не думаю баяцца, тым больш у хаце Язэпа Сымонавіча.

— Тым больш... — падказвае Цярэшка.

Айцец Дзімітры смяецца нервовым смехам:

— Тым больш афіцэру...

— Вось вам вашае евангелле!

— Вось вам вашая паэзія!

І тут яны пачынаюць гаварыць як старыя знаёмыя. Папоўскія гадзіны цяпер апраўданы.

— Як мы, аднак, неасцярожны, — дзівіцца Цярэшка.

— Глупства! Адзін-на-адзін няма чаго баяцца. Сведак няма. А пры тым у мяне добрае чуццё. Калі не памыляюся, тое самае і ў вас.

— Не памыляецеся.

Аднак гавораць між сабою асцярожна. Гавораць кароткімі сказамі. Не дагаварваюць. Кожнае слова — шыфр. Цярэшка пытаецца:

— Як у вас?

— Нарыхтавана. Чакаем.

— Нядоўга прыдзецца чакаць.

Ігра скончана. Абодва выйгралі.

І так, нібы цень ад хмар на жытнім полі, праплыў месяц.

Кожны раз пасля снедання Цярэшка дапаўняў новым творам свой зборнік паэзіі пад назваю «Галасы палёў».

Вось яны спяць на стале — у пялёнках шырокай папкі.

Вершы.

Кожны — на лістку белай гладкай паперы. Пад кожным — дата і назва мясцовасці — Курганішча.

Вось і новы зборнік...

Галасы палёў...

А пасля...

... Іх пачне соладка жаваць глухаваты крытык Алалоўнік пад псеўдонімам Гайдач.

А пасля...

... Да чарговага юбілея іх апране ў чырвоныя сарочкі юбілейны прафесар ад літаратуры — тоўсты, кароткі ілысы. У яго жабіныя вочы і жабінае квохканне. У яго... вялікія здольнасці. Ён знойдзе ў іх тое, чаго зусім няма. Юбілейны прафесар пачне перагортваць, як восеньскі вецер пажоўклае лісце, сусветную літаратуру, філасофію, абсыпіць Цярэшкавыя вершы імартэлямі лаціны, дажджом мудрасцей на пакалечанай французскай мове, загне пару запыленых цытат па-нямецку — усё вакол гэтых «Галасоў палёў». І юбілейны прафесар пачне гудзець, як жук, кругі кружыць, кіўнецца туды і сюды, пацягне носам і пачне нюхаць паветра:

...Ці моцны Цярэшка ў гэты момант?

... Як аб ім кажуць аўтарытэты?

... Ці выпадае гаварыць аб ім так?

... Ці выпадае гаварыць аб ім гэтак?

Панюхаўшы паветра, юбілейны прафесар заквохкае. Ён умее! Ён майстар. Ён асцярожны. Школу асцярожнасці праходзіў яшчэ ў духоўнай семінарыі.

Вось табе і юбілейны прафесар.

Вось табе і «Галасы палёў» Цярэшкі. Адно для аднаго створаны.

Чалавек без знакаў прыпынку не раз гаварыў Цярэшку:

— Класавае змаганне — штучна прыдуманая рэч (пры гутарцы са сваімі чалавек без знакаў прыпынку выразна акцэнтаваў свае думкі). У творах выяўляйце самабытнасць нашага народа. Выпукляйце яго вобразы, яго псіхалогію, яго ідэалы. Старайцеся накіроўваць сваю творчасць у наш бок. Разумееце?

— Разумею...

Цярэшка накіроўвае сваё пяро, куды трэба...

Вось і «Галасы палёў».

Кожны раз, пішучы, ён успамінае словы аднаго паэта, якога называе «вялікім»:

«Усе, усе мы носім маскі,

На’т скінуць дома баімося...»

Не лёгка насоўваць маскі на думкі і вобразы. Не лёгка пісаць так, каб адны прымалі маску за жывы твар, а каб другія бачылі пад маскай сапраўдны твар.

Цярэшка прыдумваў розныя шыфры. Ён займаўся гэтым з захапленнем вынаходцы.

Свае затоеныя думкі, галоўны стрыжань твора, ён з усіх бакоў абкідваў чырвоным пясочкам «рэволюцыйных» строф. Перакройваў па-свойму народныя казкі, дзе ў сімволіцы жывёлін, вятроў і дажджоў чулася змяінае сыканне яго захаваных настрояў. У шматпланавасці «Галасоў палёў» ён шпурляўся сумам і радасцю з такім спрытам, што няспрытны чытач не ведаў, дзе канчаецца сум і дзе пачынаецца радасць, чым выклікан сум і чым выклікана радасць. «Галасы палёў» былі ахоплены густым туманам іншасказаў. Словы ў радках слізгаліся, як дзеці на гладкім лёдзе, закручваліся ў петлі звярынымі слядамі. А калі-ні-калі «галасы» на Цярэшкавых «палях» станавіліся нахабнымі, вільгатнелі слінаю бяссільнай злосці, тады маскі адпадалі з іх смуроднымі струпамі, і выццё ваўкоў гучэла і разлягалася пошчакамі, бо звычайна «галасы» задыхаліся ў масках. З рыфмаваных радкоў адкідваўся чырвоны пясок.

«Галасы палёў» былі закончаны.

«Трэба параіцца са сваімі, — думае. Цярэшка. — На гэта ёсць свая цэнзура».

«Галасы палёў» былі закончаны.

Цяпер трэба было, нібы прадмову да іх, кінуць у масы атручаны газ ананімнага верша. На гэта былі свае майстры — спецыялісты па падробцы стыляў, спецыялісты па распаўсюджванні і розныя іншыя спецыялісты.

Будучы «маршалак» (чалавек без знакаў прыпынку) глядзеў на гэту справу, як філосаф.

«Гэта мае вялікае значэнне ў нашай працы».

Цярэшка сягоння апошні дзень у Курганішчы. Увечары едзе ў Мінск. Трэба яшчэ запісаць пару казак. Бярэ хімічны аловак і тоўсты сшытак паперы. Настачка і Мзей уюнамі каля яго.

— Пойдзем, дзеткі, паслухаць казкі ад старых.

— Не хачу, — кажа Настачка, а за ёю і Мзей.

— Чаму?

— Настаўнік гаварыў, што гэткія байкі не варта слухаць дзецям.

— Гыш-ты! — смех Цярэшкі злы і нервовы. — Да дзяцей дабраліся!

Вогненым мядзведзем сонца ўзвалілася на Курганішча.

Па дзядзінцу босай нагой не ступіш: пясок — прысак.

Цярэшка насунуў на лоб белую кепку і пайшоў млявым крокам да Драздоў і Дзятлаў. Некалькі дзён не быў у Галавы і Сухарукага.

У апошні раз Галава скардзіўся на здароўе:

— Нешта сярэдзіна баліць!

Цярэшка ідзе пясчанай дарогай. Далягляд атулены жоўтай заслонай узгорка, які лёг грудзьмі папярок дарогі. З таго боку ўзгорка чуваць не то пчаліны гуд, не то людскія галасы ў працяглым урачыстым спеве.

Цярэшка прырос вачыма да ўзгорка.

На самым пуку ўзгорка, абапал дарогі, растуць прысадзістыя хвоі. Здаецца яму, што гэта хвоі выставілі ў прастор распаленага неба дзесяткі рук-сукоў і выдаюць гэты гуд. Яны, дрэвы, —жывыя істоты.

У гэту-ж хвіліну Цярэшка глядзіць на сябе збоку і любуецца сабою: ён так пранікся старой міфалогіяй, ажно кожны куток прыроды напаўняе жывымі фантастычнымі істотамі, як старадаўні крывіч...

Уносіць гэты вобраз у кніжку і павольна ідзе наперад. Гукі растуць з кожным крокам. Як-бы з-пад зямлі, з таго боку ўзгорка ўзнімаліся людскія галовы. Праз хвіліну вырас цэлы гурт людзей без шапак. На фоне неба яны нагадваюць малюнак Чурляніса. Спераду адзін у белым нясе крыж, за ім на руках чатырох сялян гойдаецца труна.

Цярэшка пазнае Драздоў і Дзятлаў, айца Дзімітрыя, побач — Слупа і Бочку.

— Хто памёр?

— Галава.

— А я-ж іду да яго...

— Спазніўся, — смяецца Бочка.

— Вось ён у труне, — жартуе Слуп.

Галавіха не то галосіць, не то спявае. Сухарукі — побач з труною, нібы сваёй чаргі чакае.

Да магільніка недалёка. Цярэшка ідзе разам з усімі. На яго нападае сум.

«Памірае беларуская казка. Трэба на гэту тэму верш напісаць...

.. Вось табе і непарушнасць казкі... Маладыя забываюць яе, і Настачка слухаць не хоча... Мая пляменніца».

Магільнік заслонены хмызняком. Людзі разапрэлі ад гарачыні. Непрыемны пах чалавечага поту.

Затое Цярэшка будзе запісваць хаўтурнае галошанне Галавіхі.

Цярэшка глядзіць, як сонца грае на труне вясёлымі іскрамі.

Тым часам айцец Дзімітры міргае да яго адным вокам, хітрым і непрыкметным для іншых. Ведае Цярэшка значэнне гэтага падміргвання.

— Сягоння яшчэ з інтэлігентным чалавекам не пагаварыў.


32 - ПАЦУК У ВАННЕ

правіць

Крушынскі ўспомніў драбніцу з хлапцоўскіх гадоў, калі ён жыў у дзядзькі ў Мінску.

У кватэры напладзіліся пацукі. Ад іх паратунку не было. Усё грызлі — і ежу і вопратку. Дзядзька вар’яцеў ад злосці. Стары скнара валасы на сабе рваў. Што рабіць? Усе хатнія былі да таго тэрарызаваны дзядзькам з гэтай прычыны, што месца сабе не знаходзілі. Выглядала, нібы не пацукі ўсё грызуць, а яны... Панакуплялі мышаловак, параскідалі атруту. Але разумныя былі паганыя пацукі — не лезлі ў бяду. І вось аднаго разу ў ванну папаўся пацук. Ніяк не мог выкарабкацца адтуль па гладкіх эмалевых сценках. Першым пацука ўгледзеў ён — малы тады Крушынскі. Пазваў стрыечных братоў. І вось... пачалі дражніць яго кійком. У пацука загарэліся драпежніцкія злосныя вочкі. Ён цапаў кіёк вострымі зубамі, пішчэў і бараніўся.

— А, папаўся, драпежнік! — крычалі хлопцы.

Што было далей з гэтым шкоднікам-пацуком, Крушынскі не памятае, і не было калі аб гэтым думаць: старшыня сельсовета стаяў перад ім (употайку прышоў вечарам у Курганішча).

Крушынскаму здавалася, што набраклае цела старшыні зараз разваліцца, застанецца ад яго толькі мокрая вопратка.

— Ярэмчык усё ведае... Я дум...

— Годзе! (Крушынскі засмяяўся). Няма чаго больш расказваць. Раніцою еду ў раён да знаёмых. Ідзі спаць.

Калі старшыня вышаў, у вушах Крушынскага яшчэ доўга звінелі тры словы:

«Ярэмчык усё ведае».

Крушынскі адчуў, што вакол яго шыі звужаецца пятля.

«Як ратавацца?»

Завіруха страшных думак.

Лёг спаць.

І якраз нядаўна, некалькі гадзін таму назад, паехаў Цярэшка. Няма з кім параіцца. Той жартам гаварыў, што Настачка казала: «тата сволач і кулак»... Заўтра задасць ёй такога пытлю, ажно...

Колькі дзён таму назад даў Пархамчуку атруту для коней комуны. Калі гэта зробіцца, дык...

... Пацук у ванне.

З сельсовета Мікола вярнуўся змрокамі. На шыбах акон даўно памерлі водсветы заходняй зарніцы. Лямпа яшчэ не гарэла, і вокны выглядалі цёмнымі квадрацікамі ночы.

Лугі ды гароды былі напоўнены канцэртам конікаў-стрыгунчыкаў. Мэра даіла карову. Цырканне малака ў дайніцу песціла вушы. Пры Мэры стаяла Зорачка.

— Мама каёўку доіць, а тата павёз дзеда ў мястэчка, а дзядзька Мікоя сягоння не абедаў.

Мікола засмяяўся.

— Вырасцеш, Зорачка, лепшым карэспандэнтам за мяне.

— З цябе карэспандэнт праз меру шчыры. Ніхто цябе не перарасце. Гэта-ж трэба ведаць — цэлы дзень нічога не есці. Дзе-ж ты прападаў?

— У сельсовеце.

— А я з дзедавымі цацынькамі бавілася.

— І я ў сельсовеце бавіўся цацкамі. Нічога сабе цацка старшыня, а самая лепшая цаца — Язэп Крушынскі.

— Гэта, дык цаца, — сумным голасам сказала Мэра.

Перад ёю туманныя кадры ўспамінаў.

Ужо колькі год прайшло, і па сягоннешні дзень баіцца вады і... Крушынскага. Нібы калючыя шышкі, хавае ў сэрцы жаночы сорам і паганы сакрэт. Эх, каб мела адвагі, яго даўно-б за гэта судзілі!

Старая бярозка на дварэ ледзь шалясціць лісцем. Нібы хто перагортвае маленькія лісткі паперы. На небе запаліліся лямпачкі. Вакол іх дрыжыць сінявае павуцінне праменняў.

— Дзядзька Мікойка, да мяне!

Зорка выставіла яму маленькія ручкі.

— Я-ж вялікі ды цяжкі.

— Яна заўсёды кажа «да мяне», калі на рукі просіцца, — тлумачыць Мэра словы Зорачкі.

— Да мяне. Хачу каля дзядзькі.

Мікола паднімае Зорачку, садзіць на правае плячо. Дзяўчынка абнімае ручкамі яго галаву. Яму незвычайна прыемна. Зорачка глядзіць у неба.

— Глянь, дзядзька, колькі там зоячак.

— Якіх зорачак?

— Дзевачак.

— Хто табе гэта сказаў?

— Мама сказайя.

— Перастань лапатаць, Зорка. Дай дзядзю спакой. Ён яшчэ не абедаў.

— Нічога. Вячэрай наганю.

Мэра заганяе карову ў хлеў.

— Дзядзя, аз-два-евай!

— Як гэта аз-два-левай?

— Як піоней!

— О, дык ты аб піонерах ведаеш?

Пайшлі ў хату. Мэра запаліла невялічкую лямпачку. Паставіла ежу на стол.

— Бліны цвёрдыя, дык можа лепш тварог з хлебам будзеш, швагарок, есці?

— Сяг’ёк, сяг’ёк, казе мама.

— Ціха ты, папугай!

— Мама казе папугай...

— Дай дзядзю есці!

— Даю! (бярэ кавалак хлеба). На, дзядзя!

Смех.

Мэра да Зоркі:

— Ідзі спаць, Зорка.

— Не хацу...

Вокал лямпачкі на стале светлы круг. Па хаце клубіцца змрок. Зорачка сядзіць у дзядзі на каленях, перашкаджае есці.

— Дай дзядзю есці!

— Дам!

Праз хвіліну яна засынае ў Міколы на руках...

— Напрацавалася малая за дзень. — Мікола асцярожна перадае Мэры дзіцё. Мэра кладзе яе на ложак і падыходзіць да Міколы.

— Колькі я даведаўся тут пра Крушынскага! Як гэта, Мэра, можаш маўчаць? І ўсе вы тут!

— Ціха, малую разбудзіш. Небяспечна аб ім гаварыць.

— Усе вы яго баіцёся.

— Усюды яго людзі.

— Мы іх раскапаем!

Мікола заўважыў, што Мэра занепакоілася, пацягнулася да яго тварам, нібы нешта цікавае хоча яму сказаць. Са страхам у чорных вачах адсунулася назад. Яна павялічыла агонь лямпы, ціха падышла да ложка, тканінай затуліла Зорачку ад святла.

— Ты, Мэра, нешта хацела сказаць мне?

— Так... не...

Яна пачырванела. У яе вачах зноў нешта мільгнула і схавалася.

«Сказаць ці не?.. Пра Крушынскага...»

Мікола не здымае з яе вачэй.

— Ты падобна цяпер да маёй жонкі.

— Родныя сёстры.

— Нешта хочаш мне сказаць...

Трэснула шкло ад лямпы. Мэра ўздрыганулася. Зменшыла агонь.

Мікола не адстае:

— Гавары...

— Нічога асаблівага казаць не хацела, а можа і хацела ды забылася. Відаць, нешта няважнае, калі забылася. Ага! Упершыню за ўвесь час (пасля вяселля) угледзела сягоння бацьку. Як ён змяніўся... Зусім іншы.

— Новы час і бацькоў падганяе наперад. Вось мой стары. Калі я калісьці ўступіў у комсамол, ён быў рады, але... думаў шукаць у гэтым для сябе выгады. Я ледзь яму растлумачыў. Цяпер ён зразумеў.

З адчыненых дзвярэй плыў у хату прыемны подых ночы. Над лямпай кружыліся матылі. Стала ціха. Толькі што сказанае набыло ў цішыні асабліва глыбокі сэнс. У Мэры задрыжэлі вейкі. Зноў пацягнулася да Міколы, нібы...

«Хочаш нешта сказаць?..» — але ён не запытаўся.

— Толькі глядзі, Мікола, каб ніводны чалавек...

Яна пабляднела. Слёзы бліснулі ў чорных вачах. Валасы адлівалі вароннім крылом.

— Не ведаю, што-б рабіў Марцін, каб даведаўся. Мне вельмі сорамна, але я не вінавата...

— Гавары...

У Міколы незвычайна сардэчны голас.

Мэра адчула аблягчэнне і апавядала сваю сумную прыгоду з Крушынскім у лесе, як пасля выцягнулі яе з рэчкі.

Шастае па дварэ сіні змрок, станожкамі паўзе па скошаных пахучых паплавах. Стрыгунчыкі — так-так-так, нібы тахканне тысячаў гадзіннікаў. Праз акно зазіраюць у пакой зоркі. Здаецца Крушынскаму, што гэта вочы, шмат вачэй, праніклівых, усе ведаюць. Прытуліўся лобам да шыбы. З боку тракта грукат калёс. Пэўна, Марцін едзе назад з мястэчка. Крушынскі бачыў, як той старога Лейбу павёз. Лейба, пэўна, пра Рахмільку гаварыў...

«... Пацук у ванне...»

Нагамі адчувае падлогу, а нібы процьма. Жонка і дзеці спяць спакойна. Зайздрасць і злосць. «Гэта-ж я... Чаму яны такія спакойныя? На маім карку».

Крокі на дварэ. Асцярожнае шорханне чалавечых ног. Нібы злодзей крадзецца.

У сэрцы пуста. Пачаў нячутна апранацца. Вышаў у «салон». У пацёмках на сцяне ледзь свеціцца вялізнае круглае вока цыферблата старога гадзінніка ў дубовай шафе з разьбою. Колькі разоў думаў аддаць у папраўку, а ўсё не выбраўся.

Даўным-даўно гадзіннік анямеў у сваёй дубовай магіле. Сапсуўся механізм, а калі яго накруціць звоніць дванаццаць разоў. Жудасна ад таго, што дванаццаць разоў.

Глядзіць праз акно на двор. Да акна падыходзіць высокі, тонкі чалавек. Крушынскі яго не пазнае. Той ціха і асцярожна скрабе шкло: баіцца, каб хто і стуку яго не пачуў і нібы ведае, што Крушынскі тут — у «салоне».

«Мабыць, свой...»

Крушынскі ціха адчыняе акно. Шэптам:

— Хто?

— Свой...

Стала лёгка.

— Лезь у хату.

Чалавек спрытна, як кот, ускочыў у пакой. Адсапнуўся ўпоцемку, агледзеўся па баках.

— Святла не трэба.

Пазнаў.

Троська з «Чырвонага Кастрычніка».

— Змарыўся. Ледзь не быў на «тым» баку, у Польшчы, але пачулі, крыкнулі «стой», і я ўцёк назад. Трывогу нарабіў. Стралялі. Пабег сюды. Маю да цябе сімпатыю...

У цемнаце ледзь вызначалася постаць Троські. Крушынскаму здавалася, што гэта яго ўласны цень. Троська абапёрся рукою аб старое фартап’яна. Яно выдала глухі гук.

— Ціха... Па якіх справах сунуўся туды?

Троська гарачымі губамі да самага вуха:

— Атруціў коней у комуне...

Крушынскі адскочыў ад яго. Цела пакрыў халодны пот. Засмактала ў грудзях.

«... Пацук у ванне...»

— Хто даў табе атруту? Ай, што ты нарабіў...

— Рыжы Пархамчук.

Крушынскі пачаў да яго прыглядацца. Цень прымае акругленыя чалавечыя формы, вызначаецца твар, востры нос, мігатлівыя вочы, вінаватая ўсмешка, белыя зубы...

Пранізаў цемнату воўчым вокам і ўгледзеў усе маршчыны на твары Троські.

— Што за ліха?..

Стары гадзіннік, які не ходзіць ужо мо’ дваццаць год, ажыў у дубовай труне, затукаў..

— Тык-так...

— Тык-так...

— Тык-так...

— Тык-так...

Схваціўся рукамі за грудзі.

«Гэта-ж сэрца... У вушах звон. .»

Адзін толькі момант. Троська не заўважыў.

— Дзе Пархамчук дастаў атруту?

Яго вочы драпалі бледны твар Троські. Перад ім кружыўся млын, Курганішча, Дразды і Дзятлы. Усё гэта драбнюткае, бы цацкі, маленькія макеты.

«Ці ведае Троська?..»

— Не ведаю...

Крушынскі ледзь не кінуўся яму на шыю за тое, што не ведае. Зноў млын, Курганішча, Дразды і Дзятлы выраслі ў натуральную велічыню. Моцна стаяць на месцы, але пацук у ванне...

— Ратуй мяне... Схавай на дзень... Вечарам пайду...

— Чаму да Пархамчука не пайшоў?

— Вельмі-ж блізка ад комуны...



33 - ЦІ ВЫРАТУЕЦЦА

правіць

Хітрыкаў на гэты раз не чуваць у голасе Троcькі. Крушынскі вывучае ўсе маршчынкі на яго твары. Змрок парадзеў. Атрамант вокан разбаўлены вадою. На ўсходзе неба пажарышча раніцы. Нехта развешвае па небе акварэлі, замазвае адны і малюе новыя. На дзядзінцы павольна вызваляюцца са слепаты змрокаў абрысы будынкаў. Хваёвае бярвенне насупроць акна адлівае кракадзілавай скурай.

Пад спевы вясёлых ранішніх птушак Крушынскі думае невясёлыя думкі. Яны расшчапіліся ў яго на дзве часткі, як змяіныя языкі. Гаворыць да Троські адно, а мяркуе другое. Пацее, задыхаецца, нехапае паветра.

Уважліва раіць, пытаецца, а ў той-жа час пасылае самому сабе дэпешы-маланкі.

Да Троські:

— Кепска зрабіў, што дзе-небудзь у лесе не схаваўся на дзень-два.

Самому сабе:

«Паеду ў Мінск да сваякоў і адтуль уцяку. Грошы ёсць. Буду жыць пад чужым дакументам, як тон аграном».

Голас Троські:

— У лесе хавацца баяўся. Цяпер позна. Яшчэ хто ўгледзіць...

Крушынскі да яго:

— Пайшоў-бы да Пархамчука.

Самому сабе:

«А можа лепш перадаць млын сельсовету. Можа зноў выплыву наверх? Пацук у ванне? Глупства...»

Голас Троські:

— Я-ж табе казаў, што небяспечна ў Пархамчука... Блізка ад комуны.

Крушынскі да яго:

— Добра, я цябе схаваю.

Самому сабе:

«Перадам яго ў рукі ўлады. А што будзе, калі ён на судзе выдасць Пархамчука, а той — мяне? Спакайней усё-ж такі схаваць яго да вечара, а пасля няхай ідзе, куды хоча... Не! Узмацню свае пазіцыі, калі выдам Троську... А каб замесці сляды...»

— Схавай так, каб і твае хатнія не ведалі! — чуе ён замагільны голас Троські.

— Добра. Зараз...

Раніца лье на дзядзінец ружовы сок. Дахі выглянцаваны.

Раптам Крушынскі задрыжэў усім целам. Троська ўхапіўся за старое піяніна цэпкімі рукамі. Палахліва завойкаў расстроены інструмент.

Гучны стукат у дзверы.

Голас Драчыка грыміць на ўвесь дзядзінец:

— Ад-чы-ні-і-і!

У другі раз:

— Ад-чы-ні-і-і!

Крушынскі да Троські:

— У алькерык і праз акно ў сад...

— Зловяць... На дварэ міліцыя...

— Прарвешся...

— Куля дагоніць... Узброеныя...

Крушынскі самому сабе:

«Пацук у ванне...

... Хіба цуд...»

Гусінымі лапкамі расплыўся па акне першы прамень новага дня. Здалося Крушынскаму, што вокны зазвінелі.

Жонка і дзеці прачнуліся. З другога пакоя, дзе яны спяць, чуваць:

— Што такое? Хто тут?

— Ад-чы-ні-і! А то будзем дзверы ламаць!

На ганку старасвецкага фальварка грозны гул галасоў.

Позна ўночы вярнуўся з мястэчка Марцін.

І да і пасля яго прыезда з уяўлення Міколы не выходзіў «Леў Талстой».

«Цікавы тып. Прачытаў яго рукапісы. Стары пісар земскага часам цікавыя рэчы паказвае. Адна нага ў мінулым, другая — у сучасным».

Не спіцца.

Некалькі разоў яго прабудзіў дзіцячы плач Зорачкі.

Мэра люляла яе, спявала:


А-а, а-а, мой каток,

Вышаў коцік на таржок,

Купіў Зорачцы піражок

А-а, а-а...


Сціхне Мэра, і Зорачка просіць:

— Спявай, мама...

— Спі.

І зноў:


А-а, а-.а, мой каток...


«Дзе-ж гэта я раней бачыў «Льва Талстога»? Ага... Яго белая барада асвятляла калідоры інстытута, Ён хадзіў з пакоя ў пакой, з аддзела ў аддзел са сваімі рукапісамі. «Леў Талстой» дык хоць пра сучаснае гаворыць, а там? (Мікола ўспамінае). Адзін з правадзейных членаў з выглядам алхіміка і вачыма сфінкса паказваў усім паіржавелую спронжку ад дзягі. Гэту бляшку выкапалі пры каналізацыі Нямігі ў Мінску. З гэтай спронжкі мастак зрабіў некалькі зарысовак. Фатограф — некалькі здымкаў. Алхімік напісаў «навуковы» трактат і паслаў у Львоў да нейкага прафесара разам з малюнкамі. Маскве не даверыў, каб не далучылі гэты «скарб» да расійскага мастацтва... Праўда, былі скептыкі. Яны гаварылі, што спронжка з пажарніцкага пояса. Вось і кажы, што так сабе пісаў «Леў Талстой» свой «Летапіс вёскі Гайдачаны». Гэта не шкодзіла-б надрукаваць.

Мікола моцна спаў толькі пад раніцу. Прачнуўся, калі сонца засвяціла ў самыя вочы. Марціна ўжо не было ў хаце. Мэра завіналася каля печы.

— Мабыць не выспаўся, — сказала Мэра. — Мы заседзеліся позна, і ты не пайшоў спаць у пуню.

Мікола зараз-жа апрануўся і сеў за стол. Выняў блакнот і хімічны аловак. Пісаў шпарка, запаўняў лісток за лістком. З кожным новым радком Язэп Крушынскі выступаў перад уяўленнем Міколы ўсё жывей і ярчэй. Агідная фігура гэтага чалавека будзіла ў яго шчырую злосць. На дварэ чылікалі вераб’і. Сонца пачало прыпякаць.

Ужо многа лісткоў напісана. Мікола іх выразаў з блакнота і адкладваў убок. Ад націску алоўка забалелі пальцы. Праз адчыненыя дзверы ўвайшоў Антось Драчык, збянтэжаны і радасны. Шэрыя вочы яго блішчаць, а па твары відаць, што ўсю ноч не спаў.

Ён крычыць Міколе:

— Пачакай, не пішы. Люблю шчырасць, ты стараешся, але ёсць новы матэрыял.

— У чым справа?

— У гэту ноч атруцілі коней у комуне. Арыштавана цэлая хэўра. Папаўся нарэшце і Язэп Крушынскі.

Драчык падрабязна ўсё апавядаў Міколе.

— Гэта можна было чакаць ад Крушынскага.

— Хадзем у «Чырвоны Кастрычнік».

Мэра ўстрапянулася.

— Без снедання не пушчу.

— У комуне паснедае, не бяда. Хадзем, Мікола.

— Пачакай, Мікола. Мне трэба табе нешта сказаць.

Мэра яго спыніла, узяла за руку, як маленькага

хлапчука, і павяла ў кут.

— Глядзі, ні слова аб тым, што я табе ўчора казала.

Мэра хвалявалася.

Мікола і Драчык пайшлі шпаркім крокам у «Чырвоны Кастрычнік». Яны заўважылі, што ім насустрач ідзе «Леў Талстой», размахвае рукамі і ад шпаркай хады яго барада разыходзіцца венікам па грудзях. На лобе, як у шафёра, блішчаць акуляры. Стары на гэты раз босы, што з ім рэдка бывае. У яго такі імпэт і адвага нібы выступае адзін супроць варожага войска. Як падышоў блізка, ледзь адсапнуўся і запытаў:

— Чулі?

— Чулі.

— Ведаеце?

— Ведаем.

Жоўты пясок прыстаў да яго ног. Стары выняў хустачку, выцер успацелы лоб і акуляры. Насунуў іх на нос і давай узірацца падазроным вокам то ў Драчыка, то ў Міколу. Нарэшце запытаўся сумным голасам:

— Дык вы ўжо ведаеце?

— Ведаем...

Ён асекся. Расчараванасць мільгнула ценем па яго твары: так хацелася, каб яны яшчэ не ведалі, каб ён ім першы апавядаў пра гэту навіну, каб...

Пайшоў побач з імі. Некалькі хвілін трымаўся за грудзі абедзвюма рукамі. Як трохі адсопся, звярнуўся да Міколы і Драчыка голасам, у якім чулася шчырая просьба:

— Так. Я вам усё-такі раскажу. Ёсць магчымасць, што вы, магчыма, яшчэ не ўсё ведаеце...

Драчык і Мікола ўсміхаліся.

«Леў Талстой» гаварыў і гаварыў... У вялікім бурным моры яго гутаркі часта сустракаліся маленькія выспачкі: «так», «трэба прызнацца», «тоісь». Па ўсім гэтым можна было падумаць, што злачынцаў злавіў ён сам...

Не гледзячы на такое няшчасце, што здарылася у комуне, Драчыка і Міколу агортвала радасць. Кожны з іх думаў адно і тое самае:

«Вораг злоўлены».

Акенцы Цыпруковай хаты — невялічкія аправы для малюнкаў, але яны ахопліваюць сабою, нібы прыжмураныя чалавечыя вочы, абшары далягляду. З гэтых акенцаў можна бачыць густы стромкі лес. Ён застыў наводдалі кучаравай аграмадзінай і ледзь рухае вершалінамі, перабірае загубленай верхавінай, нібы грэбнем, сівыя камкі воблакаў. Старому Цыпруку відаць ледзь прыкметнае ківанне дрэў. На заходзе сонца на лес насоўваецца з ізумруднага поля нябес агнёва-крывавая шапка. Тады ўся адлегласць ад лесу да Цыпруковай хаты: паплавы, поле, узгоркі, дахі будынкаў, агароды і дарога апранаюцца ў палосы ценяў колеру павуціння. Тады невялічкія сямейкі дубоў дзе-ні-дзе на полі гараць, як паходні. Калі цені на адлегласці сшываюцца ў адну неахопную каламуць, на антэнах, якія тырчаць над вясковымі дахамі, садзяцца вераб’і. Птушкі ловяць крыллямі апошнія ружовыя блікі сонца.

Стары Цыпрук стаіць перад акенцам і глядзіць на дарогу.

Вочы яго — вузенькія, завостраныя ільдзінкі. Барада — прыклеены жмутак пакулля. Дарога сухая, гладкая, роўная.

У мінулым годзе брукаваная. Штодня ідзе з Мінска ў раён аўтобус. У гэты час Цыпрук заўсёды ля акенца, сплюшчыць нос аб шыбу і глядзіць на пасажыраў. Тут-жа на падаконніку стаіць невялічкая чорная скрыначка з навушнікамі — апошні падарунак Міколы.

Між Цыпруком і старэйшымі ўнукамі часта адбываюцца спрэчкі за навушнікі. Кожны хоча паслухаць.

На гэты раз захапіў стары.

— Вось прыдумалі людзі... — любуецца ён.

— Дзядок, дай мне...

— Ціха, жаўжаняткі. Дайце паслухаць, ці што.

Ён бароніцца ад іх рукамі.

— Слухайце, слухайце! Гаворыць Мінск!

Цыпрук глядзіць перад сабою праз акенца на далягляд і нічога не бачыць. Вочы-ільдзінкі ўглыблены.

У скалмачаным пакуллі барады хаваецца ўсмешка.

— Вось прыдумалі людзі...

— Дзядок...

— Ша, ці што. Не шуміце.

— Класавы вораг не спіць. На кожным кроку стараецца перашкодзіць нашаму соцыялістычнаму будаўніцтву. У комуне «Чырвоны Кастрычнік», Шапалевіцкага раёна, былі атручаны коні.

Гэта кепска, — перабівае радыё Цыпрук.

— Злачынцы злоўлены: былы бандыт Троська, кулак Пархамчук і кантрабандыст Язэп Крушынскі. Пролетарскі суд іх жорстка пакарае.

Далей Цыпрук не чуе, бо аглушыў самога сябе радаснымі словамі:

— Гэта добра!

Успаміны:

... Кантрабанда на дарозе... арышт... падласая кароўка...

Унукам не церпіцца:

— Дай, дзядок, паслухаць...



34 - ГІСТОРЫЯ АДНАГО МАТРОСА

правіць

Вузенькі даўгаваты пакойчык на другім паверсе інстытута ледзь не адзіны такі маленечкі ва ўсім вялікім гмаху. У вялізных кабінетах працуюць навуковыя спецы, а ў гэтай скрыні, побач з двума прасторнымі пакоямі прэзідыума інстытута, змяшчаецца бюро партячэйкі. Не гледзячы на тое, што і зімою і ўлетку тут адчынена фортачка адзінага акна, пад столлю заўсёды клубіцца сіні папяросны дым. Невялікі просты, стол, канцылярская шафа, пара крэслаў, старая жалезная шафа з чырвонымі нарастамі лаку, са слядамі пячаткі на дзверцах, нагадваюць нешта вайсковае, блізкае ад фронта. Здаецца, толькі на некалькі дзён спыніліся тут людзі дзеля важнай справы, а вось хутка перавандруюць у іншае месца.

Праз акно ўрываецца сюды бледнымі халоднымі палоскамі восеньскае сонца і заглушаны грукат з вуліцы. Пры стале сядзіць, нагнуўшыся над «Звяздою», сакратар партячэйкі таварыш Малеўскі. На твары чорная павязка. Адно вока прыпухла.

Заходзіць Мікола Ярэмчык. На яго бобрыкавым паліце блішчаць кроплі дажджу.

— Здароў, Янка! — кажа ён вясёлым голасам да сакратара ячэйкі.

Малеўскі не адрываецца ад газеты і згаджаецца з прывітаннем Ярэмчыка:

— А-г-га!

Ярэмчык глядзіць на яго спадлобу крытычнымі і кплівымі вачыма, ківае галавою і сароміць Малеўскага:

— Пайшоў-бы ты раз назаўсёды свой вечны флюс лячыць! Апрыкрыла глядзець на тваю павязку, на апухлую фізіяномію!

— Ага... — зноў згаджаецца Малеўскі.

— Што ты мне «ага» ды «ага»! Чалавечае слова кажы.

— Адчапіся, ліха! Вось табе і «чалавечае слова»! Лепш радуйся, што вось твой артыкул у «Звяздзе» чытаю.

— Радуюся... Колькі часу раней быў аб ім мой першы артыкул. Гэта ўжо другі.

— Скажы, наш Цярэшка-Крушынскі не сваяк таму Язэпу Крушынскаму, аб якім пішаш?

— Сваяк. Ён там у Курганішчы часта бывае, а што?

— Ага! Чуў, як учора Цярэшка выступаў? Не падумаў-бы, што такіх сваякоў-бандытаў мае.

— Той Язэп Крушынскі, галоўны герой майго артыкула, таксама «арацель»; так глотку дзёр за Совецкую ўладу, аж ніхто не паверыў-бы, што здолен комунарскіх коней труціць. Ты ўсё прачытаў?

— Ага.

— Я не вельмі веру ні Цярэшку-Крушынскаму, ні былым «маршалкам» і «прэм’ерам». Не веру ды і толькі! А вось трымаем іх...

— Ага. Чуў, як учора пасля даклада пра СВУ гэтыя самыя пратэставалі супроць украінскай контррэволюцыі? «Маршалак» дык аж слязу пусціў ад вялікага абурэння.

— Ліха яго знае, чым выклікана яго сляза. Можа ад пачуцця адваротнага характару.

Малеўскі ажывіўся. Закурыў папяросу і падняўся з месца. Ад вільготнай сцюжы ў пакойчыку ён згорбіў плечы і хутаўся ў сваім дэмісезонным паліце.

— Можа і так, — сказаў ён хрыплаватым голасам. — Я сам сумняваюся ў шчырасці гэтых паноў з «Беларускай рады». Воўк заўсёды да лесу цягне. Можа і ў нас нешта ёсць накшталт СВУ. Наш круглы і лысы (так яны называлі старшыню інстытута) залішне верыць ім. Пабачым.

Малеўскі паправіў чорную павязку на твары і паглядзеў блакітнымі вачыма на жалезную шафу. На яго твары зайграла ўсмешка.

— Ты, Мікола, першы згадзіўся са мною, што нельга верыць «панам-міністрам». Круглы і лысы заўсёды абураецца, калі я аб гэтым гавару яму. Рукамі адмахваецца.

— А рабочыя нашай друкарні? У іх здаровае пролетарскае чуццё.

— Пабачым... — Малеўскі ўтаропіўся вачыма ў жалезную шафу. Паводле яго расшыраных вачэй і не то летуценнага, не то задуменнага позірку Мікола разумее, што цяпер Малеўскі нічога не бачыць перад сабою. Перад яго вачыма — даль, недасяжная, туманістая.

— Чаго задумаўся, Янка?

— Ага...

Ён быў матросам — цяперашні сакратар ячэйкі інстытута. Але ні ў гутарцы, ні ў прывычках, ні ў хадзе ніхто-б у ім нічога матроскага цяпер не запрыкмеціў. Ён сам ніколі аб гэтым не гаворыць. Аднак ён увесь пранізаны гадамі вайны і рэволюцыі.

Ён быў матросам-большэвіком.

Свае багатыя ўспаміны напісаў на цэлую кнігу. Вечарамі сядзеў у гэтым пакоіку і выстукваў на старой машынцы свой неразборлівы рукапіс. Панёс у адно беларускае выдавецтва. Доўга, нешта з поўгода, чакаў адказу. Не надакучаў запытаннямі: «калі, як і што?» А вось аднаго разу ён пазваніў у выдавецтва па тэлефону.

— Прагледзелі рукапіс?

— Прагледзелі. Можаце забраць.

Ён забраў.

Адзін з сяброў Цярэшкі прачытаў рукапіс Малеўскага і напісаў лаканічную рэцэнзію наўскос першага ліста.

Нудна. Нецікава. Небеларускі матэрыял. Да друку не падыходзіць.

Дата Подпіс

Рэцэнзенту Малеўскі нічога не сказаў, але здзівіўся: «Як гэта, «нецікава», калі тут апісаны кавалкі гісторыі Кастрычніка? Што значыць «небеларускі» матэрыял? Каб у нас там не было перамогі, дык можа не было-б цяпер БССР, беларускага выдавецтва, і гэты дзядзя рэзалюцый на кніжках не пісаў-бы...»

Малеўскі не верыў такой рэзалюцыі.

Паслаў кніжку ў Ленінград. Пахвалілі. Надрукавалі. Трохі стыль правілі. Ён быў матросам. У вёсцы, недалёка ад Мінска, дзе ён радзіўся, школы тады не было. Матросам навучыўся пісаць і чытаць. І вось выправілі яго стыль.

Як вышла кніжка на рускай мове, тады і беларускае выдавецтва надрукавала. Нялоўка было не друкаваць...

Была і тады, у 1912 годзе, такая самая восень. Дажджыстая, вільготная, хмурная. Маці — маршчыністая, худая, у зрэб’і, з такімі-ж блакітнымі вачыма, як і ў сына, — плакала-галасіла над ім, як над нябожчыкам.

— Бог ведае, Яначка, ці пабачымся...

Яна плакала і кашляла, кашляла і плакала. У яе былі сухоты.

Іншых слоў яна не гаварыла на развітанні з сынам:

— Бог ведае, Яначка, ці пабачымся...

Гэтымі словамі маці быццам замаўляла сваю бяду.

Нешта шчаміла сэрца Янкі... Далей Мінска ён нідзе не быў. Свету не бачыў. А яго так цягнула ў далёкі свет. У сэрцы радаваўся, што хоць праз вайсковую службу гэты «далёкі свет» пабачыць...

А вось прыкра. Маці вые над ім немым голасам. Лемантуе. Пальцамі пахруствае.

Бог ведае...

А з шэрых воблакаў цадзіўся дробны, густы і калючы, як шпількі, дождж. Калёсы рыпелі па гразкай дарозе. Конік круціў шыяй. Ад старога цвёрдага хамута карак у яго быў намулены па мяса. Круціў конік шыяй, нібы чалавек у цеснай цвёрдай манішцы, злосна тупаў нагамі, і камкі гразі з-пад яго апытаў шлёпаліся ў твар хмурага і нібы злоснага бацькі і сына-новабранца.

Бацька, апрануты ў кароткі дзіравы кажушок, сядзеў спераду, як фурман, а новабранец — ззаду на пухцяры з пахучым муражком. Побач, пачэсным пасажырам, стаяў яго салдацкі куферчык.

Колькі не прасіў новабранец, каб бацька перасеў сюды, той адмаўляўся. Абодва ўсю дарогу маўчалі.

Яго, Малеўскага, здалі ў флот.

Сэрца радавалася.

«...Пабачу далёкі свет...»

Ён развітаўся з бацькам, трохі занепакоіўся, бо ўгледзеў на бацькавым твары дзве слязінкі, нібы дзве кроплі восеньскага дажджу. Гэтыя дзве бацькавыя слязінкі праз сілу выціснутыя, гаварылі сыну:

«Гадаваў, мучыўся, аслабеў, а цяпер зноў-жа дапамогі няма...»

У вагоне новабранец усунуў руку ў кішэнь. Выцягнуў адтуль нейкі жмуток.

— Ах, чорт, як гэта сянцо сюды папала?

Выкінуў ў скрынку са смеццем.

Тоненькі струмень мурожнага паху заказытаў у ноздрах. І нейкая дзівосная жаласлівасць напала раптам на новабранца ад паху засохлых травінак...

Палоска каля рэчкі... Далей альхоўнік... Туды ездзіў на начлег... Песні спявалі... Удзень ён касіў, а бацька цешыўся. «Мой сын найлепшы касец!» — часта хваліўся бацька.

Жаласлівасць напала на новабранца. Ён адвярнуўся да акна і вылаяў сябе:

— Дурны, як бот!

Непрыкметна для пасажыраў выцер з твару дзве слязінкі...

«...Найлепшым касцом быў. І да пана на касьбу хадзіў і да багатага суседа».

Як успомніў апошняе, палягчэла на сэрцы. Ён плюнуў, і ў другі раз вылаяў сябе:

— Дурны! Няма чаго шкадаваць...

А цягнік лязгаў жалезам па жалезе і выстукваў:

— У далёкі свет...

— У далёкі свет...

«Далёкі свет» сустрэў яго ў Пецербурзе ў Крукаўскіх флоцкіх казармах такім прывітаннем:

— Сволач! Скаціна!

Гэта з багатага слоўніка лаянак вайсковага начальства.

З групай такіх-жа «сволачаў» і «скаціны» ён пад наглядам строгіх «дзядзькаў» паехаў у Кранштадт. Спачатку вялікай мудрасцю былі для яго матроскія штаны: апранаў іх задам наперад. І «дзядзькі» зубатычынамі навучылі надзяваць штаны так, як трэба. У «плывучай турме» мічманы і лейтэнанты сустракалі яго зноў тымі-ж словамі:

— Сволач! Скаціна!

Апрыкрыла яму мора з затуманенымі далямі зімою і крыштальнай яснатою ўлетку. Драіў палубы на розных караблях, у розных месцах «далёкага свету» Балтыйскага мора.

Часта сядзеў запёрты ў карцары альбо станавіўся «пад ружжо». Тады, да Кастрычніка, матрос быў ва ўсім вінаваты, вечным злачынцам у вачах начальства. У часе вайны Малеўскага разам з іншымі матросамі перакідвалі з фронта на фронт, з мора на сухапуцце, з сухапуцця на мора. І ўсюды начальства было імі нездаволена. Малеўскі быў членам падпольнага рэволюцыйнага гуртка. І не мог быць спакорлівым, не мог быць тым «быдлам», як начальству жадалася. Не так глянуў — карцар. Не такое шчырае было «рад старацца» — пад ружжо. А то спіна яго начальству не спадабаецца — «сволач! скаціна!»

Расла нянавісць двух сіл, вырывала злосныя хрыпы з горла, выбівала іскры з вачэй, сцісквала далоні ў кулакі.

— Эх, калі ўжо надыйдзе той час... вырываліся часам паміж волі бунтарскія словы.

Начальства нюхала паветра. Аднак і яно баялася «братвы». Гарачыя былі хлопцы. Адзін за аднаго — гарою.

— Калі прыдзе вызваленне?..

Лютаўская.

Насцярожылася начальства.

Балтфлотаўцы нічога не ведалі. Газеты з берага не дапускаліся. Газеты былі больш небяспечны за нямецкія міны.

Але ці будзеш хаваць шторм за пазухай?

Даведаліся матросы.

А як даведаліся...

... Шэпты...

... Гарачыя вочы...

Раз —

Да пірамідаў са стрэльбамі...

Два —

Чырвоныя сцягі...

Тры —

Мітынг...

Усё гэта ў мгненне вока.

— Надышло доўгажаданае!..

— Ад нас хавалі!..

— Будзем спаганяць даўгі!..

— Зараз-жа расправімся з імі!..

Пажар матроскіх вачэй. Грымоты слоў. І ўсё гэта так раптоўна — начальства не агледзелася. А як агледзелася, крыкнула:

— Што вы, сволачы, робіце?

Старая прывычка кляшчом уелася.

Матросы адказалі:

Бац са стрэльбаў —

Раз.

Два.

Тры.

Мічман і лейтэнант нават болю не пачулі.

Малеўскі і яго таварышы трапна бралі «на мушку».

Два трупы скаціліся з палубы і плюхнуліся ў зялёныя халодныя хвалі.

Выскачыў на стрэлы бравы, вусаты, румяны контрадмірал — страхоцце карабля, люты звер. Скасіў вочы і грымнуў:

— Так вы з немцам ваюеце?

Яго цапнулі жыўцом. Твар хадыром хадзіў, як цёплая квашаніна. Рукі і ногі дрыжэлі. Шамкаў збялелымі губамі:

— Б-б-братцы... М-м-мілыя...

Цяпер — братцы, а раней — сволачы? Цяпер — мілыя, а раней — скаціна?

Нібы воўк з пасткі, тарашчыў вочы на сотні гарачых матроскіх твараў. Ведаў, што ў процьме іхніх рознакаляровых вачэй яго пагібель. І гукі выдаваў ён агідныя. Схапіўся рукамі за жывот...

— Ну, і засмярдзеў-жа ты, ваша высокаблагароддзе! Купайся!

І ён паплыў да сваіх таварышаў...

На караблі закіпела новае жыццё...

І блізкім стаў «далёкі свет»...

І гэты далёкі свет разгортваўся перад матросам-большэвіком багата-барвнымі* пейзажамі сухапуцця і неахопным курадымам морскіх далячынь. Бойкі з белымі бандамі ў партах і ў водным аддаленні ад берагоў, дзе мінная пагібель металёвымі акуламі сцерагла большэвіцкія судны. Пажарыўся ў бунтах і мецяжах вялізны абшар цяперашняга Саюза.

Ад Гельсінгфорса да поўдня. Купалася ў крыві Украіна. Трупамі была ўгноена Донская земля. На Каўказскіх гарах пераклікаліся гарматы. Ад Сібіры да Самарканда кулі песні спявалі. Беларусь з лясоў і балот паноў падстрэльвала... Усюды палыхалі пажары. Усюды двоіліся фронты. Усюды чырвоныя і белыя. Матрос-большэвік Малеўскі са сваімі таварышамі многа дзе пабываў на моры і сушы за час ад ліквідацыі юнкераў і ўдарніц Кераншчыны да знішчэння апошніх банд на рознакліматнай большэвіцкай зямлі. Годы былі апрануты ў шырачэзныя бурносы мітынгуючых гарадоў і разгойданых у агні і мецяжах вёсак. Бурныя, ліхаманкавыя, галодныя годы выкоўвалі на сталёвых кавадлах гісторыі новую эпоху.

Малеўскі вярнуўся дадому праз дзесяць год. Успомніў словы сухотнай маці:

— Бог ведае, ці пабачымся...

Так яно і было. Але не ад сухотаў памёрла маці. Яе насмерць закатавалі панскія легіянеры за яго — за тое, што ў яе сын большэвік...

Яшчэ некалькі год змагання. Чэкістам быў. А вось сакратар партячэйкі інстытута.

Матрос Малеўскі ніколі не ўжываў у гутарцы матроскай тэрміналогіі. Матроскія прывычкі выветрыліся ў яго новымі сухапутнымі вятрамі. Глянуўшы на яго, ніхто-б не сказаў, што гэта матрос. Але вобразы мора, быт флотаўцаў да і пасля рэволюцыі ў розных выглядах і абставінах засталіся ў ім. Вулканы бурлівых гадоў змагання адлюстроўваліся назаўсёды перад яго нутраным зрокам.

Інстытут быў для Малеўскага новым большэвіцкім караблём з новымі далямі, з новымі міннымі небяспекамі, з падводнымі лодкамі з усім тым, што бывае на фронце. На гэтым караблі ён, Малеўскі, адзін з вартавых.

У гэтым караблі было шмат кают. Яны называліся не каютамі, а кафедрамі: гісторыі, літаратуры, сельскай гаспадаркі, геалогіі, марксізма-ленінізма, этнаграфіі, мовы, геаграфіі, эканомікі, археалогіі, аддзелы новых кадраў ды шмат іншага.

Гэтыя тэрміны мала былі падобны да тэрмінаў маракоў. Затое карабель павінен быў плысці да тых самых берагоў, куды плылі іншыя большэвіцкія караблі— да берагоў таго сонечнага края, назва якога Соцыялізм.

Якраз на некалькі дзён раней, да прыходу Малеўскага ў інстытут, адбылося тут нешта такое, што выклікала сярод комфракцыі трывогу: прапалі сакрэтныя дакументы, прапалі з-пад замка. Малеўскі набыў жалезную шафу, у якой хаваў самыя важныя матэрыялы. Па-вайсковаму хаваў. Кожны дзень лакавая пячатка на дзверцах.

Спачатку гэты былы селянін, пасля матрос, пасля чэкіст, апынуўся тут нібы ў вялізным лесе. Навуковай падрыхтоўкі ў яго не было. А на гэтых новых пазіцыях, у новым моры з новымі далямі, было шмат варожых мін, было некалькі з былых капітанаў, мічманаў і лейтэнантаў. Навуковыя спецы мелі абшырныя кабінеты і салідныя спецстаўкі. На першы погляд здавалася, што карабель на поўным ходзе. Друкаваліся кнігі, пісаліся новыя. У кожным кабінеце драўляныя чэравы шафаў, шуфляды дубовых пісьмовых сталоў цяжарылі папкамі і рукапісамі. Дзесяткі і сотні розных мудроных інструментаў з метала, дрэва і шкла блішчэлі на сталах і паліцах. У некаторых пакоях можна было бачыць чалавечыя шкілеты, косці маманта, іншыя былі напоўнены гаршкамі, паіржавелымі пацеркамі, вузорамі, планамі і фотаздымкамі археалагічных раскопак курганнай эпохі. А вось узоры рознай глебы ў вялікіх скрынях, у мяшках, у шкляных прабірках. У іншых пакоях пагрызеныя рабакамі кнігі ў скураных фаліянтах, летапісы, пергаментныя граматы мінулых стагоддзяў — пажоўклыя, з вялізнымі круглымі воскавымі пячацямі ў металёвых бутэльках. Геаграфічны карты, атласы, лічбы, формулы, крывыя лініі, картаграмы дыяграмы, сцірты, скруткі, пузатыя папкі з народнымі казкамі, песнямі, нотамі. Спецыяльны вялізны пакой са слоўнікам. Аправа слоўніка — каменныя сцены. Яго старонкі — шафы. Кожная літара — некалькі шуфлядаў. Далей — узоры тканін, гліняная пасуда. І яшчэ пакоі, дзе горы з рукапісамі і кнігамі на розных мовах. А яшчэ далей хімічная лабараторыя са сваім штатам. Усё гэта, нібы апошняй канцоўкай аднаго волатаўскага рукапісу, канчаецца пакоямі агульнай бібліятэкі на розных мовах. І якіх толькі людзей тут не бачыш! Багатая калекцыя прафесарскіх лысін, барод, розныя шэвялюры і прычоскі, капелюшы і кепкі, мужчыны і жанчыны розных узростаў. Гутаркі на розных мовах, розныя тэрміны рознастайных навук вырываюцца з губ дзівоснымі птушкамі. Інстытутчыкі размахваюць рукамі, горача спрачаюцца, вітаюцца, раскланьваюцца, расшаркваюцца, і розных стыляў профілі і анфасы ўсміхаюцца, смяюцца, анекдоты гавораць. Шамкаючы бяззубы голас прафесара акампануе разбітымі ноткамі бадзёраму голасу маладога аспіранта.

Усё гэта імчыцца з паверха на паверх, з кабінета ў кабінет. Жывой лавінай усё гэта разліваецца па напоўзмрочных калідорах, плыве ў агульную канцылярыю, у пакой машыністак, у карэктарскую, у сваю ўласную друкарню. Звоняць па кабінетах тэлефоны.

А бываюць дні, што ў гэтым гмаху па кабінетах паўзе неахопная і цяжкая, як металёвы пыл, цішыня. Тады аб нечым сумуе гэты мур. Яго душыць уласная пустата. Інстытут тады падобны да аграмадных пчаліных сотаў, з якіх высмакталі мёд. Ён тады падобны да пясчанага берага акіяна ў часе адліву. Ад пакоя да пакоя, ад паверха да паверха пераклікаюцца водгаласкі адзінокага тупату ног, альбо смеху маладых аспірантаў. З вялікага агульнага зала падаюць кволымі кроплямі гукі раяля. Гукі ў цішыні губляюцца, як тапельнікі ў возеры. Прафесары ў большасці дома працуюць. Іх нельга кантраляваць. Яны ходзяць па розных бібліятэках, яны ў камандзіроўках па розных гарадах Саюза, у экскурсіях, у двухмесячных (улетку) водпусках, на дачах і курортах.

Малеўскі спачатку губляўся на палубе і ў труме вялізнага карабля. Але пільнае вока матроса-большэвіка пачало патрохі прывыкаць да новых нязвыклых для яго абставін. Ён улавіў вокам агульныя контуры карабля-інстытута і пачаў уваходзіць у ролю. Дапамагаў увесь парткалектыў з рабочых друкарні інстытута, некаторых навуковых працаўнікоў і маладой аспірантуры.

Матрос пусціўся ў разведку. Пачаў вывучаць людзей, пачаў запаўняць матэрыяламі жалезную шафу...

Было нямала сваіх людзей сярод вучоных. З імі матрос хутка перайшоў на цёплае «ты». Але былі і такія, якія горбіліся ад цяжкага груза мінулага. Былі тут у розных кабінетах інстытута маршалкі, дзянікінцы, врангелеўцы, міністры, адэсіты, радаўцы-замежнікі. Іхняе мінулае лезла наверх, нібы кот з завязанага мяшка. Колькі пісаных пратэстаў да начальства і ціхіх праклёнаў сыпалася на тых, хто спрабаваў іх выкрываць.

— Ці пераробіш іхнюю натуру? — пытаўся Малеўскі на партыйных сходах.

— Гэтыя людзі не пераварацца ў совецкім катле. Яны шмат шкоды прынясуць. Яны затрымліваюць совецкую навуку. — Так гаварыў адзін з наборшчыкаў друкарні інстытута таварыш Сакалоўскі. Яго светлашэрыя вочы цямнелі, і па твары ўглыбляліся маршчыны. — Я часта, набіраючы іхнія творы, гавару сваім таварышам, што праз меру шмат увагі аддаецца старасветчыне. У гістарычных працах ды іншых навуках я мала разбіраюся. Ведаю адно, для нашага брата, рабочага, яны нічога не пішуць. А ліха іх знае гэтых «маршалкаў», — што яны сабе мяркуюць. Можа рыхтуюць нам нож у спіну?

У голасе Сакалоўскага боль і няўпэўненасць.

Чарнявы і худатвары наборшчык Левінсон стучыць кулаком аб стол. Часта міргае гарачымі вачыма і кажа ўспыхваючым ад гневу голасам:

— Раней на грамадзянскім фронце і нашыя маладыя дзеці ведалі, дзе вораг, а цяпер патрэбна пільнае вока, каб упору ўгледзець яго. Чуццём мы яго адчуваем, але вось вазьмі яго за вушы, калі ён лемантуе, што за совецкую ўладу галаву аддае!.. Чаму з нашымі кадрамі \ інстытуце так кепска справа пастаўлена? На кожнага аспіранта накладаюць цэлыя мяшкі грамадскай працы, а вучыцца не даюць.

Левінсон хвалюецца. Голас яго пераходзіць на пісклівыя ноткі.

— З кадрамі кепска, — згаджаецца Сакалоўскі.

Старшыня інстытута, пажылы, лысы і круглы, махае рукамі і гаворыць заўсёды кволым басам адно і тое самае:

— Совецкая ўлада ўжо даўно амнісціравала старыя грахі. Людзі працуюць шчыра. А калі і робяць памылкі, дык хто з нас іх не робіць? З кадрамі трэба нешта зрабіць. Гэта праўда, што яны ў чорным целе.

На яго круглым голеным твары такі супакой, ажно іншых злосць бярэ.

— А калі гэта ў іх не памылкі, а сістэма? — ціхім хрыплаватым голасам пытаецца Малеўскі.

— Безумоўна сістэма! — падтрымлівае яго Сакалоўскі.

— Пабачым, — заспакойвае іх круглы і лысы. —Нельга так з бухты-барахту.

Пасля такіх гутарак Малеўскі не спіць начамі:

«Што рабіць? Нешта тут у нас няладнае...»

Пачалі ў інстытуце ладзіць вечары самакрытыкі. Прыходзяць на гэтыя вечары рабочыя з друкарні, тэхперсанал, аспірантура, нямногія з прафесараў; але з «тых», якія ў кабінетах інстытута займаюць некалькі кіраўнічых пасад, нікога няма.

— Чаму так мала? Няўжо-ж не ўсе павядомлены? — пытаецца Малеўскі.

— Як не павядомлены! — усхапліваецца з месца малады дзелавод, дэмабілізаваны вайсковец. Ён чырванее ад абурэння. — Ва ўсіх аддзелах абвесткі прыклеены. Многім дамоў паведамленні пасылаў.

— Мусіць гонар не дазваляе!.. — крычыць наборшчык Сакалоўскі. — Як мы «адважваемся» гаварыць аб працах вучоных?

— Не дарма адзін з паноў «міністраў» выразіўся, што нам, рабочым, месца ў піўнушках, а не ў інстытуце...

Раздаліся галасы:

— Хто?

— Калі?

— Гавары ясна!

Рух трывогі на крэслах.

— Гэта гаварыў прафесар Саколіч. ёсць сведкі.

Вялізны пуставаты зал інстытута прыслухоўваецца, адказвае лёгкімі водгаласкамі. Гіпсавыя бюсты Скарыны і Кастуся Каліноўскага ўтаропілі вочы ў пустыя крэслы. Звіняць галасы, абураныя, злосныя.

— Дзе яны? Чаму не прыходзяць? Чаму пустыя крэслы?

І зноў Сакалоўскі:

— Калі такімі тэмпамі будзем працаваць далей, дык нічога не зробім для соцбудаўніцтва...

Доўга гаворыць Сакалоўскі.

Спачатку ноткі крыўды ў голасе, а пасля абурэнне ў бок пустых крэслаў. Яркія электрычныя лямпачкі сцёрлі цень з пустых крэслаў, якія стаяць роўнымі шэрагамі — дубовыя, зграбныя, моцныя, з лёгкім пылком ад неўжывання. Нібы ў мэблевым магазіне.

— Да пустых крэслаў гаворым, — канчае Сакалоўскі. — Будзем у насценгазеце вастрэй пісаць! Можа ачухаюцца.

Пасля кожнага нумара насценгазеты «Навука і Праца» некаторыя з «пакрыўджаных» не вітаюцца з рэдкалегіяй.

Два лагеры неахвотна абменьваюцца халодным, як лёд, «дзень добры».

І вось перад Малеўскім-матросам пачынаюць праясняцца далі гэтага карабля. Ён пачынае разумець яго своеасаблівы компас. Ён робіць вывады свайго вывучэння.

Старасветчына служыць для некаторых самамэтай. Вельмі мала займаюцца пытаннямі сучаснасці. А калі дзе і праслізгваецца слова пра сённешні дзень, дык гэта толькі чырвоная маска. Сабатаж — іхні бронецягнік.

А вось з матроскага мінулага:

Позняя восень. З-пад Гатчыны дае лататы бронецягнік Керанскага. Станцыя Чудава. Матросы і чырвонаармейцы нарыхтавалі некалькі вагонаў. Але што рабіць? Стаяць вагоны, як малыя дзеці без бацькі.

Няма паравозаў...

Начальнік станцыі ўюнам туды і сюды, вачыма мірг, трэ руку аб руку, ды ўсё сваё гаворыць:

— Няма паравозаў...

— Як няма? Павінна быць! — крычыць Малеўскі. Начальнік станцыі, адкормлены дзядзя, з бравымі вусамі царскага служакі, адшпільвае шынель, выпукляе грудзі і кажа «шчырым» голасам:

— Во! Страляйце! Адкуль вазьму паравоз, калі няма?

— Што рабіць?

— Якая карысць, калі ў яго будзеш страляць? Хвалююцца матросы. Уцякае бронецягнік Керанскага.

Імжыць халодны дожджык, лезе пад каўнер.

Па вільготным пероне, наставіўшы каўнер, ходзіць туды і сюды рабочы-чыгуначнік. Ходзіць, хвалюецца і ўсё паглядае паляўнічым вокам на начальніка станцыі. У рабочага замаслены пінджак, чорны ад сажы твар, бліскучыя вочы. Падобны да негра. А вось ён рашучым крокам падыходзіць да Малеўскага.

— Таварыш... — шэпча ён і блішчыць вачыма і зубамі.

— А што?

— Паравозы ёсць. Трэба схадзіць у дэпо...

— Дык хадзем!

— Хадзем...

Начальніка станцыі ледзь не расстралялі.

Паехалі.

Імчыцца цягнік па слядах ворага. Па абодвух баках лініі — лісцяны лес, кусты і балота.

Недалёка ад станцыі Балагое пачалі даганяць бронецягнік.

— Да вечара прыціснем яго да Балагое. З нашых рук не вырвецца.

Зноў імчыцца цягнік уздагон. Насустрач па абодвух баках рэек плыве назад з такім-жа імпэтам лес і балота. Халодны вецер сцёбае ў твар.

— Дагонім!

Прыехалі ў Балагое, а там кажуць, што бронецягнік пайшоў на Кужэнкіна.

— Ах, д’ябал!

Паведамілі тэлеграмай Кужэнкінскаму совету:

— Затрымайце бронецягнік Керанскага.

Кужэнкінцы параскідалі рэйкі. Бронецягнік падышоў туды і давай наладжваць сабе шлях наперад, у той-жа час раскідваў рэйкі за сабою, каб бараніць сябе ад большэвіцкай пагоні. Пачало цямнець. Спераду відаць агні бронецягніка. Адлегласць каля трох вёрст. Вакол лес і балота. Пайшлі з абодвух бакоў лесам, брылі па балоце, канавах і ручаях.

І Малеўскі крыкнуў:

— Няма чаго хавацца па кустах! Возьмем бронецягнік!

Час плыў марудна. Цёмная ноч агарнула абшар, абліла ўсё чорным атрамантам. Агні бронецягніка блішчаць воўчымі вачыма. Холад. Вільгаць. Матросаў і чырвонаармейцаў злосць узяла. Абкружылі ўпоцемках бронецягнік з усіх бакоў.

— Гэй, здавайцеся, а то горш будзе!

Бронецягнік з юнкерамі здаўся...

«Ці здасца інстытуцкі бронецягнік?» — думае Малеўскі.

Вечары самакрытыкі выявілі многа шкодных прац. Л некаторыя, баючыся памылак, зусім нічога не робяць. Многія з былых вядуць далей сваю контррэволюцыйную працу. Прызнаюцца ў памылках і смела робяць новыя...

— Што за мёртвая зыб?..

Малеўскі сядзіць па начах і піша свае нататкі. Малеўскі дае матэрыял для адной цэнтральнай газеты. Малеўскі не спіць. Б’е трывогу.

Яму адказваюць:

— Пачакаем. Пабачым. Добра расследуем. Вывучым. У такіх справах не павінна быць лішняй гарачкі.

І матрос яшчэ пільней прыглядаецца да людзей, пачынае сам вывучаць іхнія творы. Цяжка яму гэта. Куды лягчэй, ямчэй і больш зручна было яму ў балотным лесе ды ўночы захапіць бронецягнік Керанскага... Аднак разам з Міколай Ярэмчыкам упарта працуе. «Трэба самому вывучаць, а можа памыляецца...»

Малеўскі стараецца да дзесятага поту.

«Гэта табе не палубу драіць», — успамінае ён свае матроскае.

Кафедра марксізма-ленінізма яшчэ нядаўна арганізавана ў інстытуце. Гэта кафедра самая высокая мачта новага карабля. Але яна яшчэ праз меру маладая. Прафесары-марксісты вельмі заняты ў розных іншых установах.

— Няма калі, таварыш Малеўскі. Гэта наш абавязак. Мы ведаем, але нас на кавалкі раздзіраюць. Дайце агледзецца.

Працуе матрос. Няма калі лячыць свой флюс. Прывык да яго...

...Тут куды цяжэй, чымся ўвосень 1919 года бараніць ад Юдзеніча Петраград і Кранштадт. Тут больш складаная справа, чымся вызваленне Чугуева ад юнкераў.

Малеўскі ўспомніў Волгу, Дон, Украіну — усе мясцовасці, дзе толькі яму прыходзілася бываць абвешаным гранатамі, са стрэльбаю ў руках і з наганам за поясам.

Яго пакой, самы меншы ў інстытуце побач з абшырнымі пакоямі (у некаторых і скураная мяккая мэбля), ніколі не пуставаў, ніколі не быў маўклівым сіратою, як іншыя кабінеты.

З матроскай настойлівасцю Малеўскі ўвайшоў у азарт навукі.

Напісаў гісторыю свайго роднага мястэчка. Тры вярсты ад той вёскі, дзе жылі яго бацькі. Гісторыю пачаў з часоў рэволюцыі 1905 года. Паказаў старому прафесару — нізенькаму, голенаму, вясёленькаму, далікатненькаму. Той прагледзеў, ветліва ўсміхаўся, спрытна жартаваў ды ўсё паўтараў:

— Няпоўна. Няпоўна. — Ківаў галавою і паказальным пульхным пальчыкам. — Але ў вас, таварыш Малеўскі, добры нахіл да гістарычных навук. Працуйце ў гэтым кірунку. — Ён трос руку Малеўскага, з усмешкай у вочы зазіраў, нахіляў галаву. — Працуйце! Працуйце! — Ён нібы літасці прасіў у Малеўскага. — Працуйце... Працуйце, таварыш Малеўскі...

І даў Малеўскаму спіс матэрыялаў, паводле якіх трэба дапоўніць гістарычны нарыс аб родным мястэчку.

І Малеўскі пачаў «дапаўняць». Павандраваў на маленькім чаўночку па балотных азёрах ад пятнаццатага да апошняга стагоддзя: князі, графы, княгіні, графіні, кляштары, унія, кальвінізм — усё вакол роднага мястэчка, увесь гэты божы народ і божыя справы. А мястэчка з рук у рукі пераходзіла, як пасаг ці як спадчына, ад адных магнатаў да другіх... Паміралі адны, нараджаліся другія...

Твор надрукавалі ў адным са зборнікаў прац інстытута.

Наборшчык Сакалоўскі першы заўважыў:

— Улез ты, Яначка, да графаў і княгінь. Улез, як мыш у саладуху.

Паплыў матрос!

Ад хвалявання Малеўскі ўсё тармашыў павязку на сваім флюсе. І публічна сказаў на агульным сходзе:

— Памыліўся, таварышы... Каросты набраўся. І на мяне вось уплыў зрабілі. Трэба бараніць кадры ад уплыву некаторых прафесараў. А мне гэта добрая навука. Я толькі яшчэ больш пераканаўся цяпер, што наш карабель зацёрты ільдзінамі.

Хрыплаваты голас яго быў не зусім спакойны на гэты раз. Упершыню пачаў ужываць матроскія словы. Светлыя вочы яго былі апушчаны ўніз.

А стары гісторык цмокаў губамі:

— Дарма вы, таварыш Малеўскі, прызнаяцёся ў неіснуючых памылках. Не прыслухоўвайцеся да павярхоўнай крытыкі. Працуйце далей у гэтай галіне...

Малеўскі ўтаропіў у гісторыка блакітныя вочы. Стары ўгледзеў у яго вачах непрыветнае бяздонне і давай дробненька нагамі перабіраць.

— Усяго добрага, таварыш Малеўскі, часу няма...

Уласная памылка пераканала Малеўскага ў небяспецы для інстытута, павялічыла яго пільнасць.

«Наш карабель зацёрты ільдзінамі», — часта думаў ён.

На адным са сходаў ячэйкі ён сказаў:

— Многія сварачкі носяць шавіністычны характар рознай фармацыі. Трэба аб гэтым гаварыць на агульных сходах, пісаць у насценгазеце.

— Ой, грахі, грахі... Пачакаем. Не варта нерваваць вучоных. Няхай працуюць, — стагнаў круглы і лысы.

— Такія словы — апартунізм! — крыкнуў наборшчык Сакалоўскі, і бровы яго ўзняліся двума дужкамі.

— Няма чаго гарачыцца... — Круглы і лысы шараваў рукою цвёрды стол. Пасля такіх размоў пачаў часта хварэць...

«Наш карабель заціраецца ільдзінамі, — думаў Малеўскі.— Трэба ратаваць карабель...»

Аб гэтым небяспечным караблі пачалі ўжо з’яўляцца вострыя артыкулы ў газетах. Пачалі біць трывогу. Пролетарская грамадскасць зацікавілася караблём у ільдзінах.

Малеўскі пільней прыглядацца пачаў да чалавека без знакаў прыпынку, да чалавека з вачыма сфінкса, да «прэм’ера» ў белых манжэтах з ружовымі рукамі, да «маршалка», да Цярэшкі, да Саколіча, да Барзоўскага, да Лявончыка і да іншых з гэтай кампаніі.

«Ліха іх ведае... — думаў ён. — А, здаецца, вечна сварацца між сабою...»

Карабель у ільдзінах.

А вось яшчэ з матроскага мінулага:

Дзень без сонца. Мутны дзень. Мароз шчыпле нос і вушы. У пальцах адчуваеш яго тоненькія вострыя голачкі. З роту клубіцца густая пара. Фінская затока закута ў тоўсты ільдзяны панцыр. Па мігатлівай бялявасці ільдзяной пустэчы, якая слепіць вока, захрасла ў лёдзе многа совецкіх караблёў: крэйсеры, мінаносцы, падводныя лодкі. За ўвесь час імперыялістычнай вайны набралася іх шмат ля Гельсінгфорса. Дымяць коміны. Калі-ні-калі пераклікаюцца сірэны.

Трэба ратаваць большэвіцкія караблі, пакуль не позна, а то белагвардзейцы Фінляндыі галовы паднімаюць...

Трэба ратаваць...

— Нічога з гэтага не будзе, — кажуць некаторыя з камандзіраў. — Загінуць караблі... Будзем ратавацца самі, пакуль не позна...

А матросы сваё:

— Няўжо-ж ворагу пакінем.

Матросы не верылі старым камандзірам і адважыліся.

— Ледакол «Ярмак» выратуе, «Крэчэт» дапаможа

У яго моцны сталёвы нос. !

Угрызаўся зграбны асілак «Ярмак» у лёд да вар’яцкага хрусту і трэску. Лёд крахтаў, падаваўся, крышыўся як цукар. Барозны з вадой зноў зацягваліся плеўкаю тонкага ільда. Гневаўся мароз. Як гэта адважваюцца людзі руйнаваць яго ільдзяныя палацы?

Паехаў так-сяк караван совецкіх караблёў. А здалёку сачыў варожы ледакол. Матросаў было мала, а харчоў і на гэтых было скупа.

На караблі з гневам лезлі зялёна-сівыя магутныя таросы. Здалёку пагражалі застылыя асілкі-шхеры.

Павольна рухаўся караван наперад. Мінаносцы выглядалі сярод таросаў пабітымі варонамі. Цёрлі бакі, камечылася сталёвая абшыўка. Пачалі абрывацца буксіры. Цярплівыя былі матросы. Зноў ладзілі. Пакуль што перамога была на баку людзей.

Ноч. Мароз. Над ільдом малочны сцюдзёны туман. Ісці наперад небяспечна — шхеры, мелі. Па белай снежнай густэчы вандруе цішыня. Караван адпачывае. Матросы жартуюць, бадзёраць адны адных. Дзеляцца харчамі.

Пераклікаюцца сірэны:

— Жывем! Жывем!

— Можа яшчэ дзянёк, і мы выратуемся...

Зноў цішыня.

У бялявай слепаце цёмныя плямы караблёў.

Нікому матросы-большэвікі не аддадуць гэтых дарагіх сталёвых скрынь... Нікому!..

Раніцою, як толькі трохі расплыўся туман, пасунуліся далей. Кожны за сваю працу.

Бадзёра гучыць каманда.

Зноў крэхча лёд. Не можа ўстаяць супроць магутных сталёвых і вострых грудзей «Ярмака». Лёд стогне. Трашчыць зімовы кажух Фінскай затокі...

— Малайчына «Ярмак»!

Як бацька, «Ярмак» вядзе наперад сваю сталёвую сям’ю, прабівае дарогу сярод ільдзін да большэвіцкіх берагоў...

— Гэй, набліжайцеся да нас, любыя, родныя берагі!

Дзве падводныя лодкі зацёрліся ў лёдзе, закавылялі

туды і сюды, як дзеці, якія толькі што хадзіць пачынаюць... Крычаць іртамі сірэн, лемантуюць, просяць:

— Ра-а-ату-у-уй!!!

Варочаецца назад «Ярмак». Грызе лёд, бакамі туды і сюды трэцца, нібы тоўсты дзядзя сярод цеснага натоўпу. Дыміць аграмаднай цыгарай-комінам.

— Вось вам, дзеткі, сцежачка! Дайце ручкі!

Зноў ідзе караван наперад.

Рады матросы. Трохі голад трывожыць. Мала правізіі. Не думалі, што так марудна і павольна пойдуць. Дзеляцца апошнім...

— Пацерпім...

Яшчэ ноч.

Яшчэ дзень.

Горшае і цяжэйшае ззаду. Лепшае і лягчэйшае наперадзе.

І вось з туманістай белай далі пачалі вырысоўвацца доўгажаданыя перадавыя фарты Кранштадта...

Большэвіцкія берагі...

Забылі голад, сцюжу, да крыві намазоленыя рукі.

Малеўскі жмурыць вочы і зноў іх шырока расплюшчвае. Скінуты з плеч усе цяжкасці пройдзенага шляху. Матросы радуюцца, як дзеці.

...Бліжэй, бліжэй...

Прыгожы «Ярмак» ганарыцца яркачырвоным сцягам.

... Зараз, зараз...

— Ура-а-а!!!

... Выратавалі большэвіцкія караблі...

Малеўскі падбадзёрыўся.

Калі пролетарская грамадскасць загаварыла пра небяспеку ў інстытуце, дык і гэты карабель будзе выратаваны. Ніякія таросы яго на шляху не затрымаюць. Большэвіцкія ледаколы скрамсаюць лёд і разатруць у пыл. Карабель вольна паплыве да сонечных берагоў Соцыялізма.


35 - СТЭФЧЫНЫ СЛЁЗЫ

правіць

У той восеньскі дзень з каламуці набухлых воблакаў нізіўся лапчасты вільготны снег. Ледзь прымосціцца дзе дробным пер’ем да крушні, глебы, даху ці плоту, і зараз-жа расплывецца. На палях і дарогах квасілася шэрае цеста клеістай гразі. У заімжавелым полі крычалі, скардзіліся вароны. Над хмызнякамі і напоенымі вільгаццю лагчынамі яны з устрывожанай рупнасцю пісалі крыллямі шырокія кругі. А там, дзе яны апускаліся на зябленыя шнуры, іхні колер скрадвалі шэрыя грудзістыя гоні.

Па расхлябанай дарозе хлюпала фурманка. На возе двое — мужчына і жанчына. Абодва ў брэзентавых плашчах з капюшонамі на галавах. Яны стараліся схавацца ад вільготнага ветру і снежнага хлюпата. Іх пранізвала сцюжа. Твары былі чырвоныя і набраклыя.

— Вам не холадна, цётка Крушынская? — часта чуваць быў прыглушаны голас.

— Не... Далёка да Мінск

За апошні час ужо некалькі разоў Стэфка была ў Мінску. Сляпая маці па яе голасу адразу зразумела, што нешта нядобрае з ёю здарылася.

— Ён арыштаваны...

— Пабягу да Мар’і, — сказала сляпая.

— Я ўжо была там. Ён-жа ім, Цярэшкавым, сваяк.

— І што сказаў Цярэшка?

— Сказаў, што будзе старацца. |

Раней, калі старая Вярбіцкая хвалявалася, яна моршчыла лоб, і ў яе вачах запаляліся і патухалі агеньчыкі. Цяпер яна моршчыла лоб паранейшаму, але ў яе сляпых вачах ніякага выразу не было. Сляпая хруснула пальцамі і сказала:

— Навошта было выходзіць, Стэфачка, замуж за такога галаварэза? Чаму ў мяне не пыталася?

— А ты ведала, мама, што ён галаварэз? Ты і цяпер ведаеш, дык не гавары. Не забывай, што ён мой муж. Не забывай, што нямала ён пераслаў сюды нашай сям

Хлюпае фурманка па расхлябанай дарозе. Непрытульна. Сцюжа. Вільгаць. Хмары зацягнулі неба. Нібы густым дымам яно затулена.

Стэфка выглядае з капюшона і зноў хавае твар у набухлы брэзент.

На гэты раз яна ад Цярэшкі лёгка не адвяжацца. Ён павінен дапамагчы. Ён можа. У яго такое знаёмства. Мой муж у яго зарабіў! Апошні сказ яна кажа ўголас. Да яе звяртаецца фурман:

— Што вы сказалі?

— Нічога. Я так.

— Н-н-но-о-о! т-ты! — ён падбадзёрвае каня.

Па гразі прыглушана цокаюць падковы. Фурманку трасе.

І ў горадзе непрытул.

Снег прыстае да шыбаў акон мутнымі кроплямі, расцякаецца рагамі па шкле.

Антон Цярэшка толькі што прышоў на працу. Якраз на гарбату паспеў. Ля ўваходу ў трохпавярховую камяніцу невялікая шыльда. Залатыя літары на мармуры:

ІНСТЫТУТ

Рэшта ўсё залеплена вільготным снегам.

Дванаццаць гадзін дня.

У вялізным пакоі змрочна і нудна. Цярэшка зірнуў праз акно трэцяга паверху. Від нібы з самалёта, які спускаецца на зямлю: мутныя квадраты дахаў. Шахматнымі клеткамі яны драбнеюць у аддаленні. За імі пыхкаюць рыжым і сінім дымам некалькі фабрычных комінаў. Насупроць праз вуліцу Цярэшка бачыць з акна белыя шкілеты рыштаванняў вакол двух новых будынкаў, незакончаных за сяголетні сезон. Ад іх улетку многа было пылу. Так на ўсіх вуліцах.

У гарачы час летняга будавання Цярэшка ўцякае на поўдзень. Так кожнае лета: месяц на курорце, месяц на хутары ў Язэпа Крушынскага. Ластаўкі аблепліваюць вясковыя стрэхі, а Цярэшка і ўвесь «будучы ўрад» БНР — пляжы Чорнага мора і вышыні Каўказскіх гор. Тым часам Мінск адбудоўваецца, шырыцца ва ўсе бакі.

Кожны сезон — нямала новых гмахаў, новых фабрык гарадкоў, рабочых пасёлкаў на акраінах.

Цярэшка можа па-свойму, на асаблівы лад, рабіць падлічэнне будаўніцтва ў Мінску за апошнія некалькі год.

Ён у Кіславодску — тут каналізацыя горада і новы мост.

Ён на Крымскім узбярэжжы Чорнага мора— тут універсітэцкі гарадок.

Ён на Волзе на параходзе — тут трамвай.

Ён у Курганішчы — тут на Камароўцы навезены будаўнічы матэрыял для вялізных карпусоў інстытута.

І гэтак далей, і гэтак далей.

Цярэшка мацае пальцамі астылую шклянку гарбаты.

— Чорт пабяры, горача...

Хвалюецца.

Ён-бы не прышоў сягоння. Ніхто над каркам не стаіць. Але сягоння з’явіліся і тыя, якія прыходзяць у інстытут вельмі рэдка.

Сягоння на сталах кабінетаў садом і гамора партфеляў, капелюшаў, шапак, кніг і рукапісаў з шафаў і шуфляд. Сягоння будуць выплачваць пенсію...

За апошнія некалькі месяцаў у «Звяздзе» аж два разы пра Язэпа Крушынскага пісалася. Абодва разы подпіс — Мікола Ярэмчык.

І першы і другі артыкул Цярэшка выразаў доўгімі канцылярскімі ножніцамі і засунуў у верхнюю шуфляду свайго пісьмовага стала. Толькі адзін раз прачытаў.

Кожны абзац кусаў яго, нібы плойма камароў.

Кожны радок смяяўся з Цярэшкі трыма дзесяткамі маленькіх вочак.

Кожнае слова кпіла з яго:

— Ага... Папаўся...

— Падумаеш... «Папаўся...» Я — Цярэшка, а той — Крушынскі... Крэўны? Мала што...

І няма на гэты раз у артыкулах партрэта вусатага лысага дзядзькі, як было калісьці ў артыкуле агранома пра Крушынскага, але з кожнага радка глядзіць на чытача жывы чалавек.

І ёсць на гэты раз у артыкулах пра Шапалевіцкі раён. Там выкрылі цэлы гнойнік. Некалькі адказных працаўнікоў зняты з працы. Склад працаўнікоў Гайдачанскага сельсовета зменены.

— Як ратаваць Язэпа Крушынскага?

Калі Цярэшка бываў на курорце, ён часта забаўляўся. З вышыні гары кідаў уніз камень. Камень ляцеў, захапляючы па дарозе яшчэ некалькі каменняў. Кожны з новых — яшчэ. Імпэт падання рос з шалёнай шпаркасцю. Пакуль каменні дакаціліся, падскокваючы, у самае дно цясніны, паднімалася вялікае грукаценне, і водгаласкі разыходзіліся па гарах, нібы ад страляніны.

Язэп Крушынскі быў першым каменем, кінутым з гары.

— Каб часам...

— Як ратаваць Язэпа Крушынскага?

У манашаскай келлі на кватэры чалавека з вачыма сфінкса сабраліся раніцою.

— Справа ў тым, — гаварыў чалавек без знакаў прыпынку, — што чым горш, тым лепш. Калі пачалося па вёсках такое раскулачванне, дык нешта з гэтага выйдзе (ён песціў рукою чорна-сівую бародку). Такіх гаспадароў, як Крушынскі, нямала па нашых вёсках. Яны нешта зробяць. Большэвікі наступаюць на качаргу, а яна як бэнцне ў лоб. Хутка адбудзецца тое, да чаго мы рыхтуемся ўжо доўгі час... Нашы міністэрскія партфелі — не міф. Чым горш — тым лепш.

У спакойным голасе чалавека без знакаў прыпынку чулася ўпэўненасць. Ён быў філосафам. На ўсе вакольныя падзеі глядзеў праз замежныя акуляры сваімі падслепаватымі вачыма ў адзін пункт — БНР.

Былы «прэм’ер» у белых манжэтах згадзіўся з філасофіяй чалавека без знакаў прыпынку аб тым, што «чым горш — тым лепш». Адной рукою ён пагладзіў бліскучую лысіну і пераказаў гэту самую філасофію на свой лад:

— Яшчэ шмат крыві пральецца.

А ў гэты-ж час у яго вачах сур’ёзная лагодка.

— Так. Яшчэ шмат крыві пральецца! — згаджаецца з ім чалавек з вачыма сфінкса.

І гэты стары трафарэт «прэм’ера» набывае новую свежасць. «Прэм’ер» ажывіўся. Мільгнуў у паветра белай паласою манжэта і сказаў:

— Некаторыя ўжо дзейнічаць пачалі. Вось у Магілеўшчыне арганізацыя добра працуе. Можна быць упэўненым, што нашыя пушчаюць там чырвоных пеўняў па ўсіх калгасах.

— Гэта ўсё добра, — умяшаўся ў гутарку Цярэшка.— Але як ратаваць Крушынскага? Тут не аднаго яго справа. Разумееце, браткі, што ён залішне многа ведае аб нас... Ён можа прагаварыцца...

Усе насцярожыліся. Выраз вачэй усіх удзельнікаў «канвента» зрабіўся аднолькавым: страх і трывога.

Але сфінксавыя вочы раней за ўсіх схавалі гэты страх:

— Няма чаго баяцца. Нашыя па вёсках пачалі энергічна бараніцца. А нам трэба паказаць ім дарогу да адважнага наступлення... А Крушынскага я знаю. Ён глупства гаварыць не стане. Папрабуйце яго, Цярэшка, ратаваць. Сувязі ў нас усіх адны і тыя самыя. Крушынскі ваш стрыечны брат, і вам зручней гэтым займацца. Толькі асцярожна.

— Я ўжо пробаваў намацваць розныя грунты, пакуль што мала надзеі.

У сфінксавых вачах засвяціліся блакітныя светлячкі.

— Крушынскі не прападзе. Ён не з такіх. Ён вырвецца. Уцячэ. А пакуль за нас возьмуцца, тут могуць адбыцца вялікія падзеі. Тады мы за «іх» возьмемся.

Падняўся з месца чорнавусенькі Саколіч. Вусікі пальцам пашліфаваў і сказаў: _

— Не кажы «гоп», пакуль не пераскок. Хі-і-ік. (Ён па прывычцы хікнуў горлам.) Вось бачыце, што здарылася на Украіне? Там галовы не менш спрытныя за нашыя. Яшчэ пакуль што ў нас Яфрэмавых няма. А дзе ён апынуўся? Хі-і-ік. Першым чынам трэба, каб кожны з нас самога сябе добра рэвізаваў. Усе кампраментуючыя дакументы знішчыць. У інстытуце таксама... Там гэты Малеўскі... Хі-і-ік. Ён мне вельмі не падабаецца. Ён, мабыць, чорт ведае што пра нас думае. Учора я праходзіў ля дзвярэй ячэйкі. Нікога ў калідоры не было, і я пачаў прыслухоўвацца. Гаварылі нешта пра Украіну і нашыя імёны ўспаміналі.

— У страха вочы вялікія, — засмяяўся чалавек без знакаў прыпынку. — Мала аб чым там гаварылі. Вы не дачулі, а вам і здалося.

— Хто яго ведае! — Саколіч устрывожана глядзіць праз акно на лапчасты снег. — Вось што я мяркую. Хі-і-ік. Нам трэба на нейкі час ліквідаваць свае партфелі. Хі-і-ік.

— Што-о-о? — ускіпеў чалавек без знакаў прыпынку і пачаў выціраць акуляры. — Калі надышоў час дзейнічаць, дык вы рукі апускаеце? Не забывайце, Саколіч, што мы гэтулькі год разам працавалі. Не забывайце, што колькі часу таму назад вы, Саколіч, у гэтым-жа пакоі гаварылі: «будзем рэзаць тых, хто супроць нас». Я тады лічыў вас моцным чалавекам. Вы так лёгка ад нас не адыйдзеце. Бо мы... — ён падняўся з месца. — Бо ў нас ёсць сіла, якая... якая вас прымусіць...

— Ніхто мяне не прымусіць! — Саколіч стукнуў кулаком аб стол, і з папельніцы высыпаліся акуркі. — У мяне ёсць жонка і дзеці. Яны аб нашай арганізацыі не ведаюць. Хі-і-ік. Яны не павінны дзеля мяне, хі-і-ік, цярпець. Яны... Калі я пападуся, дык што з імі будзе? Хі-і-ік, хі-і-ік... — У Саколіча хадыром захадзіў твар, а горлам ён вырабляў такія гукі, нібы косткі глытаў і давіўся імі.

— Саколіч, не забывайцеся! Вы ведалі на што ішлі. У кожнага з нас ёсць сям’я. Вясною будзе нешта канчатковае. Вы будзеце шкадаваць. Калі вам не падабаецца міністэрства народнай гаспадаркі, дык выбірайце.

Упершыню бачыў Цярэшка чалавека без знакаў прыпынку ў такім гневе. Той цёр далонню насуплены лоб, вочы ўспыхвалі.

— Хі-і-ік. Ніякія гутаркі не памогуць. Душою я з вамі, але прымаць удзел у гэтай справе не хачу! — крыкнуў Саколіч.

— Ц-с-с-с, — прасіў гаспадар кватэры. — Сцены вушы маюць.

— Душою з намі, а скурай з імі. Чулі?

Чалавек без знакаў прыпынку кпліва хіхікае і трасе галавою.

— Усяго лепшага!

Саколіч сказаў гэта слова ўжо тады, калі ўвесь «канвент» мог бачыць толькі яго спіну. Ён адчыніў дзверы ў калідор.

— Тру-ус! Падлю-ю-уга! — кінуў яму ўздагон «прэм’ер».

Саколіч пайшоў.

Хвіліну ўвесь «канвент» прыслухоўваўся моўчкі да яго крокаў у доўгім калідоры.

— Можа вернецца, — шапнуў Цярэшка.

Крокі аддаляліся і заміралі.

— Не вернецца...

— Чорт з ім, — буркнуў былы «маршалак» і пачаў хадзіць туды і сюды па пакоі, залажыўшы за спіну рукі. Спыніўся і выгнуў у лук сваё нязграбнае тулава. — А калі ён, каб ратаваць сваю скуру, пойдзе «туды» ды ўсё раскажа?

— Глупства, — махнуў рукою чалавек без знакаў прыпынку. — Ён добра ведае, што мы не хлопчыкі. Пабаіцца. Хопіць. Разыйдземся ў адзіночку. Сягоння, здаецца, пенсію выплачваюць у інстытуце.

Цярэшка вышаў першым. Цяжка было на сэрцы. Цярэшка добра ведаў, што нічым не паможа Крушынскаму. А Стэфка часта прыязджае. І кожны раз:

— Ну, як?

— Пакуль што нічога не мог зрабіць?

— Вы верыце, што Язэп даў атруту нейкім там бандытам, каб коней труціць?

Цярэшка з усмешкай паглядзеў на круглы заплылы твар Стэфкі.

— Не веру, але...

Курганішча раскулачылі. Стэфка часова перабралася да Бочкі. Настачка і Мзей, дзеці Крушынскага ад першай жонкі, прыехалі да Цярэшкі. Аб гэтым самым у яго з паняй Мар’яй адбылася непрыемная гутарка.

— Клопату з гэтымі дзецьмі будзе мне, а не табе.— гаварыла жонка.

Тады Цярэшка стаў супроць жонкі ў позу стралка, прыжмурыў адно вока, рукі ў кішэні штаноў усунуў, змерыў пані Мар’ю крытычным вокам знізу ўверх і зверху ўніз і пачаў сыпаць запытаннямі:

— А сала і масла, вяндліну і каўбасу з Курганішча ты любіла есці? А мануфактуру на вопратку і шаўковыя панчохі ад Крушынскага любіла браць? А дача ў Курганішчы табе падабалася?

Цярэшка вылічыў усё і сказаў:

— Рахуначак не малы.

...А вось «Галасы палёў».

Як наўмысне на гэты раз зборнік вершаў хутка папаў у друк і адразу быў набраны. Хацелася-б выкінуць з-пад вершаў слова «Курганішча», правароніў карэктуру. Ды якая розніца? Вершы самі за сябе гавораць. «Чым горш — тым лепш», — успомніў Цярэшка словы чалавека без знакаў прыпынку.

Было дванаццаць гадзін дня.

Цярэшка выпіў адным махам шклянку халоднай гарбаты і пайшоў у бухгалтэрыю па пенсію. Там ужо нямалая чарга. Лапчасты снег пярэсціць перад вокнамі бухгалтэрыі кавалкамі падзёртай паперы. Над галовамі чаргі ўецца табачны дым. Хударлявая нервовая машыністка кашляе суха і адрывіста. Яна грэбліва кругліць губы:

— Не курыце.

Дзверы бухгалтэрыі рыпаюць, спяваюць. У адчыненые дзверы ўсоўваюцца галовы, за бухгалтэрскім сталом пільна цікуюць зацікаўленыя вочы.

— Няма бухгалтара?

— Няма.

У чарзе ўсе знаёмыя Цярэшкі. Ён бачыць і тых інстытутчыкаў, з якімі месяцамі не сустракаецца. З сябрамі «канвента» не размаўляў, нават не глядзіць на іх. Грукаценне прыдушаных галасоў. Кожны стараецца гаварыць ціха, нібы тут знаходзіцца смяртэльна хворы чалавек.

Пад ціхі гул галасоў лёгка меркаваць аб розных справах. Цярэшка мяркуе.

«Што рабіць з млынам? Шкода... Такі млын быў у Курганішчы».

Папраўляе гальштук. Круціць галавою, стараецца вызваліць шыю з цеснага каўняра манішкі.

«Хто будаваў, а хто цяпер ім карыстаецца... такім харошым млынам...»

Глядзіць застылымі вачыма. Туманіцца перад ім чарга. З розных куткоў свядомасці ды ўяўлення высоўваюцца, як зладзеі, затоеныя мары:

«... Шугаюць чырвоныя языкі полымя... Драўлянавуглёвы хрыпат сцен. Ад бярвенняў чорныя галавешкі з мядзянымі змейкамі...»

Зайшоў у бухгалтэрыю Малеўскі. Блакітнымі вачыма паглядзеў на чаргу, паморшчыўся, паціснуў плячыма і вышаў.

Нарэшце прышоў бухгалтар.

Бекеша ў мокрым снезе. На ворсе шэрага сукна маленькія кропелькі-іскры.

Чарга ажывілася.

Пачалася выдача пенсіі. Усё бліжэй падсоўваецца Цярэшка да бухгалтарскага стала. Вось і ён падпісваецца ў саліднай ведамасці. Яшчэ не паспеў праверыць грошы, як пачуў урачысты і строгі голас дзелавода:

— Вас завуць, таварыш Цярэшка!

— Да тэлефона?

— У калідоры. Жанчына. Тая самая, што заўсёды да вас прыходзіць.

У дзелавода чужыя халодныя вочы. Кожны раз, як гаворыць да Цярэшкі, галаву трохі на бок хіліць.

Цярэшка чырванее.

... Мабыць «яна»...

Шпаркімі крокамі на цыпачках выкрадваецца з бухгалтэрыі. Бачыць «яе» ў змрочнай аддаленасці калідора. Яна стаіць перад вітрынай і незацікаўлена глядзіць на кнігі.

Жонка Язэпа Крушынскага займае цяпер шмат месца ў яго жыцці, яна часта торгае за нервы запытаннямі і чытаннем цэлага спісу старой маралі:

«Што будзе?»

«Калі?»

«Далей так цягнуцца не можа».

«Чалавек толькі ў бядзе пазнаецца».

«Я больш чакаць не магу».

«Любілі нас беленькіх, палюбіце і чорненькіх».

«Ратуйце мужа. Ён вам не чужы».

«Адно — два словы пагаварыце, напішыце».

«Ён-жа вам часта дапамагаў».

Часам Стэфка прабуе і сілу сваіх жаночых слёз.

Цярэшка заўсёды стараецца абыходзіцца з ёю далікатна і цярпліва. Кожны раз, як угледзіць яе, зменіцца ў твары. Яму непрыемна. Ён заблытаўся ў тонкіх вузлах свайго сумлення. І разрывалася яго сумленне на многа нітачак. Адзін кавалак сумлення пярэчыў другому.

Некалькі разоў прыходзіла сюды гэта жанчына шукаць Цярэшку. Некаторыя з інстытутчыкаў заўважылі яе, гаварылі:

— Новая муза Цярэшкі. Падобна да адкормленай мельнічыхі.

Глядзіць Стэфка ў кніжную вітрыну незацікаўленымі вачыма.

— Стэфка?

— Я...

На ёй паліто з сіняга сукна і шэрая вязаная хустка. Тлусты твар чырвоны і набраклы да сіні ад холаду.

— А я так і думаў, што гэта вы. Хадзем. Тут не выпадае.

Спусціліся па сходах уніз. Ён наставіў каўнер паліта. Снежная слота напала на іх плоймай белых аваднёў. Спешна падышлі да рамізніка. Паехалі дамоў. Раней Цярэшка тлумачыў жонцы Крушынскага, што не ў сілах дапамагчы, але Стэфка кожны раз яму напамінала:

— Вы, мабыць, забыліся на той час, калі Язэп трымаў на сваіх плячах усіх мінскіх Крушынскіх.

Тады Цярэшка прыдумаў новую тактыку:

— Усё будзе добра. Яшчэ не даведзена, што Язэп прымаў удзел у справе атручэння коней.

Цяпер на фаэтоне з паднятай будаю яна зноў запыталася:

— Што чуваць?

— Дома пагаворым.

На спіну рамізніка падаў мокры снег.

— З кім вы прыехалі ў такую бездарож?

— Бочка прывёз.

— Гэты нізкі і тоўсты Дрозд?

— Ён.

Дома Бочка апавядае, што ў пакоях Крушынскага ідзе цяпер рамонт. Новыя сельсоветчыкі рыхтуюць клуб у Курганішчы.

Бочка доўга гутарыць аб гэтым і часта для большай яркасці, паўтарае:

— У Курганішчы цяпер габлююць і майструюць.

Цярэшка абедае, слухае і думае пра сябе:

«Усюды цяпер габлююць і майструюць. У інстытуце тое самае...»

Жонка Крушынскага выцірае заплаканыя вочы.

Прывыклі ўжо да Стэфчыных слёз. На Цярэшкавых яны ўжо ніякага ўражання не робяць.

Старасвецкі буфет у сталовым пакоі блішчыць бронзай і дубам. Даўно не пераклікаліся звонам дарагія бакалы, якія нагадваюць вадзяныя лілеі.

... Калісьці ў гэтым буфеце...

... Калісьці з гэтых бакалаў...

... Калісьці ў гэтай сталовай...

Рамантычныя азёры ўспамінаў.

За шырокім венецыянскім акном мітульгаецца лапчасты снег.

І дні за днямі чаргуюцца ў белых скоках зімы. Меншаюць дні. Нібы хтосьці ножніцамі кароціць іхнія шлейфы.

А вось зімовы дзень, апрануты ў шэрань і сонца. Дрэвы абраслі сівой поўсцю. Драты над гарадскімі вуліцамі абтрушаны белым пылам. На дратах дзе-ні-дзет шэрыя кропкі вераб'ёў, з-пад лапак якіх пыліцца ледзь прыкметная снежная труха.

Антон Цярэшка ідзе ў друкарню, дзе друкуецца яго новы зборнік вершаў.

І радасць, і трывога.

«Галасы палёў» клічуць яго сваёй затуманенай двухсэнсавай мовай.

Кніжка ўжо ў пераплётнай. Што аб ёй скажа крытыка? Чамусьці на гэты раз аўтар больш, чым заўсёды, баіцца двухсэнсавасці зладзейскіх радкоў, напісаных у кулацкім хутары, у новым хутарскім стылі... Як наўмысна і на вокладцы дзераўцы, хаткі, птушкі. Мастак зрабіў паводле зместу. На гэты раз у вельмі празрыстую маску апранута яго муза...

У пераплётнай на доўгіх сталах, замазаных клеем, якраз яго «Галасы палёў». Фальсоўка. Некалькі дзяўчат фальсуюць. Шалясцяць аркушы, складваюцца папалам, папалам і яшчэ раз папалам. Угару растуць стопкі белымі цаглінамі. Куды ні павернешся — «Галасы палёў». Цярэшка ўглядаецца ў твары рабочых, у рытмічныя ўзмахі рук і пальцаў, у роўнамернае ківанне тулаваў.

«Каб гэтыя ведалі, якія мікробы пушчаны ў радкі гэтых аркушаў, дык пэўна з агідай адкінулі-б ад сябе «Галасы палёў», закінулі-б мяне стопкамі паперы з маімі вершамі, нібы каменнямі. Каб ведалі, дык...»

І зноў яму непрыемна. І зноў ён заблытаўся ў тонкіх вузлах свайго сумлення. Ён з апаскаю аглядаецца па баках. Саколіч тады і на яго нагнаў страх у манашаскай келлі чалавека з вачыма сфінкса. Бярэ адзін экземпляр «Галасоў палёў» і кладзе ў партфель. Дома яшчэ раз прачытае. Дасць на прагляд усім сваім блізкім і свайму крытыку. А калі чужы крытык пагладзіць супроць шэрсці, дык гэта толькі пакажа, што аўтар «Галасоў» трапіў якраз куды трэба... Кожны зразумее куды накіроўваецца яго паэзія. За гэта не арыштоўваюць. Ну, памылкі і памылкі...

Хто-ж іх не робіць? Хто ад іх забяспечаны? А як зробіцца «міністрам асветы», тады «Галасы палёў» зоймуць першае месца ў школах. Тады...

Мары «магчымай будучыні» пад крылом крывавага героя Мазыршчыны гойдаюць Цярэшку на гарачых крыллях.

У пераплётным гудуць сшывальныя машыны. Пахне мучным клеем. Ніхто з рабочых не звяртае ўвагі на Цярэшку.

Ён вышаў з друкарні.

Настрой у яго зараз-жа змяніўся.

Раптам на яго надышоў такі страх, што ён не ведаў, дзе дзецца. Гэта-ж, каб даведаліся, што ў яго партфель «міністра асветы»... Гэта-ж, каб даведаліся, што ён ды іншыя яго сябры рыхтуюць края...

Пляц Волі блішчэў ад сонца і снегу. Цярэшка ішоў па трамвайных рэйках і не чуў званкоў. На яго ледзь не наскочыў трамвай...

... Страшна... Саколіч вышаў з арганізацыі. Але што з таго?

Цярэшка з «Галасамі палёў» у партфелі зайшоў у піўную.



36 - ЕДУЦЬ БРЫГАДЗІРЫ

правіць

На Пляцу Волі з высокай вежы гаворыць гучна радыё:

... Пяцігодка...

... Суцэльная калектывізацыя...

... Абвастрэнне класавага змаганняў вёсцы і ў горадзе.

У маленькім скверыку, нібы ўлетку, туды і сюды ходзяць людзі, сядзяць на лаўках. У маленькіх саначках ухутаныя дзеці.

Лёгкім, зграбным і чыстым выглядае Пляц Волі ў гэты аснежаны марозны дзень. Лёгкімі, зграбнымі і чыстымі выглядаюць гмахі, дрэвы, людзі на марозным гучным і празрыстым паветры. Мітусня людзей, рамізнікаў, трамваяў, аўтамабіляў і аўтобусаў здаецца прагулкай.

На адной з лавак скверыка, супроць вялізнага гмаха горсовета, сядзяць некалькі чалавек з ручнымі чамаданчыкамі, з кошыкамі і клункамі. Незнаёмых між сабою людзей цяпер аб’едноўвае на гэтай доўгай скамейцы адна і тая самая думка:

— Ці хутка прыдзе аўтобус на Шапалевічы?

Пасядзяць, паглядзяць на плошчу заклапочанымі вачыма, пашэпчуцца між сабою аб пагодзе і пытаюцца адзін у аднаго:

— Ці хутка пойдзе аўтобус на Шапалевічы?

Вакол ходзяць і ездзяць. І нібы стараюцца раз назаўсёды так адшараваць, адшліфаваць пляц снежнай крэйдай, каб ён блішчэў не то шклом, не то мармурам. Воддаль ля Дома Працы жанчына ў валёнках і жоўтым кажушку ачышчае трамвайныя рэйкі. Гурт людзей з ручным багажом расце каля лаўкі. І ўсе з заклапочанасцю ў вачах глядзяць у той бок, адкуль павінен прыбыць доўгачаканы аўтобус. І зноў адно і тое самае:

— Ці скора?

— А я ведаю?

— Мабыць, скора.

— Пехатой за гэты час мог-бы зайсці, — кпіць вострабароды сутулы дзядзька.

— Ідзіце.

На гэтай самай лаўцы сядзіць Мікола Ярэмчык і яго сябар, наборшчык Сакалоўскі з друкарні інстытута. І яны едуць у Шапалевіцкі раён, едуць брыгадзірамі ў Гайдачанскі сельсовет — на бацькаўшчыну Язэпа Крушынскага — дапамагчы ў працы калектывізацыі вёскі.

Шумна было ўчора на сходзе партячэйкі інстытута. Малеўскі сам хацеў ехаць. Ён застаўся на другую чаргу. З інстытута раз’язджаюцца сягоння ў розныя месцы каля дваццаці чалавек партыйцаў і комсамольцаў. Усе па адной справе, аб якой цяпер у скверыку крычыць радыё, — калектывізацыі. І так з усіх устаноў, з усіх фабрык і заводаў будуць штурмаваць рэшткі старога ладу па розных кутках краіны.

Пад’язджае аўтобус.

— Ці не наш? — нервуюцца пасажыры.

Па адшліфаваным да ільдзянога асляпляючага глянцу пляца аўтобус робіць павольны і плаўны поўкруг, пыхціць, дае частыя сірэны і спыняецца недалёка ад лаўкі.

Пасажыры, як па камандзе, паднімаюцца з сваіх месц:

— Га?

— У Шапалевічы?

— У Шапалевічы!

— У Шапалевічы!

Ля аўтобуса мітусня. Трывога. Таўканіна.

Шафёр у сівай кубанцы і ў чорным раманаўскім кажуху паважна гладзіць чорныя пышныя вусы, глядзіць на ўзбунтаваны гурт пасажыраў, як на блазноту і просіць строгім голасам:

— Супакойцеся, грамадзяне! Камандзіровачныя ў першую чаргу!

З-пад яго вусоў валіць белая пара. Адной рукою шафёр трымаецца за шчаку, нібы яму зуб баліць.

Крыкі. Скаргі. Развітванні са сваімі. Нейкая круглабокая сялянка падае аднаму пасажыру, які ўжо стаіць на сходцах машыны, дзіця, захутанае, нібы мумія, у чырвоную коўдру, просіць: «дапамажыце, дзядзенька, а то дзіцё штурхануць».

Ёй даюць дарогу наперад. А вось чалавек з жоўтым партфелем глядзіць на ўсіх злоснымі заспанымі вачыма прабівае сабе дарогу локцем і крычыць:

— Не вароньце! Не вароньце!

— А вы не піргайцеся, грамадзянін! Яшчэ інтэлігент называецца! З партфелем, а ў бакі таўчэ...

Хвілін пяць пасажыры ўсаджваюцца. Хвілін пяць чакаюць. З'явілася яшчэ пара з чамаданчыкамі. Нідзе вольнага месца. Усаджваюцца на сваіх чамаданчыках і адзін аднаго частуюць цукеркамі. Спакойна іх вылушчваюць з паперак. Шафёр нібы гэтага толькі і чакаў. Даў пару адрыўных гудкоў і крануўся з месца.

Мікола Ярэмчык і Сакалоўскі сядзяць побач ля акна. Моўчкі прыглядаюцца да пасажыраў, а потым адварочваюцца да акна. Мікола рукавіцай выцірае шыбу. Павольна адсоўваецца Пляц Волі. Шпарчэй пачынаюць плысці вуліца за вуліцай. Пасажыры аглядаюцца. І вось прыдушаным жаласлівым голасам заплакала акутанае коўдрай дзіця.

— Ай, а-а-а-ай... — Чалавек з партфелем стогне і моршчыцца. Яго нервовы стомлены твар выяўляе вялікую пакуту.

— Цётка, дзіцё задушыцца, разгарніце коўдру, — кажа сердабольны чалавек з тых, што сядзяць на сваіх чамаданах.

Кабета паслухалася.

Цяпер дзіцячы плач зрабіўся больш гучным і больш упэўненым ў сваю нервуючую сілу. Чалавек з партфелем двума ўказальнымі пальцамі абедзвюх рук заткнуў вушы

— На, котачка, цукерку! — зноў кажа сердабольны чалавек.

Кабета бярэ з рук чалавека цукерку і совае ў рот дзіцяці.

— І ў мяне такая крыкса, — кажа сердабольны. — Ды вы, цёця, зніміце паперку з цукеркі.

Збянтэжаная кабета зрывае паперку зубамі і дае дзіцяці клейкую цукерку. Дзіцё пачынае смактаць і хутка супакойваецца.

Мякка калышыцца па вуліцах аўтобус. На тварах пасажыраў алімпійскі спакой. Ва ўсіх адзін выраз — адваявалі небяспечныя пазіцыі і спачываюць на лаўрах. Імчыцца наперад аўтобус, імпэт яго расце. Перасек Пярэспу, спалохаў сялянскага каня, які ўпёрся кудысьці ў браму, і выехаў хутка на вольную дарогу, абсаджаную абапал, нібы дрэвамі, рэдкімі прыгараднымі хаткамі.

Паміж некаторымі пасажырамі пачалася гутарка аб гнойніку ў Шапалевічах, аб п'янстве адказных працаўнікоў раёна ды аб іншых грахах былога начальства. Спрэчкі аб калектывізацыі ды наогул спрэчкі.

Шпарка ідзе наперад аўтобус, роўна, як страла, прарэзвае абшар.

Снежная даль.

Хмызнячкі.

Хаткі.

І зноў — снежная даль.

Пасажыры на чамаданчыках пачынаюць дрымаць з цукеркамі ў руках.

Белавалосая дзяўчына ў сіняй шапачцы трымае перад тварам рэдыкюль, нібы шчыт, і, крадучыся, каб ніхто не запрыкмеціў, пудрыць кірпаты нос. Побач гутараць двое пра нейкую рабую карову, якую забраў нейкі сельсовет у нейкага кулака. Іхні дыялог не то буйны шэпт, не то ціхі голас.

Ярэмчык і Сакалоўскі між сабою не гавораць. Глядзяць у акно. Учора на ячэйцы дасыта нагаварыліся. Глядзяць праз чыстыя круглячкі шкла на белыя прасторы палёў і не прыкмячаюць, як нешта іх агартае празрыстым вэлюмам: не то дрыма, падобная да шумлівай гутаркі, не то ўспаміны, падобныя да дрымы.

Ля самай дарогі ельнічак.

Ні Ярэмчык, ні Сакалоўскі яго не бачаць.

Калышыцца аўтобус. Шпарка глытае гладкую снежную дарогу, аблітую пагодлівым зімовым днём.

Ужо другі год як Мікола Ярэмчык займае пакой у доміку за гарадскім паркам у нейкіх Вярбіцкіх. Дзівацкая сям’я. Гаспадыня сляпая, гаспадар вар’ят. Гаспадыня супакойвала яго тым, што муж яе не быў раней вар’ятам, а яна не была раней сляпой. За старымі калекамі глядзіць іхняя дачка, жвавая Бронька. Вечныя скаргі на жыццё, на цяперашнія парадкі. А вось у дадатак з восені пачала да іх прыязджаць другая дачка, Стэфка. У яе маленькі хлопчык Уладзімер. Апрача хлопчыка, у Стэфкі ёсць бяда — мужа арыштавалі, раскулачылі (так старая Вярбіцкая паінфармавала Міколу). Вось і новая прыемнасць — часта сустракацца з жонкай Язэпа Крушынскага. Плача Стэфка, праклінае яго. Ведае Стэфка, што Мікола ў газеце пра мужа напісаў. Цяпер Мікола для Вярбіцкіх люты вораг. Сляпая колькі разоў прасіла яго:

— Выбірайцеся ад нас...

Пагражала, праклінала:

— Выбірайцеся ад нас...

Куды ён выберацца, калі так цяжка цяпер з кватэрамі. Каб хоць адзін быў, дык зноў выбраўся-б у інтэрнат, але жонка ёсць, Соняй завецца. Дачка каваля Лейбы з Шапалевічаў. Пасля знаёмства ў мястэчку, пачалі сустракацца ў Мінску. І вось яна яго жонка.

— Выбірайцеся ад нас... — Не магла супакоіцца сляпая Вярбіцкая.

Думкі Міколы пераскокваюць на іншыя рэйкі.

Соня кончыла педтэхнікум. Яна настаўніца. У іхнім пакоі многа кніг. Апошнюю зіму яны сустракаюцца дома толькі позна увечары. Вячэраюць і снедаюць разам. Перад тым, як паехаў, жонка сказала яму:

— Жыць будзеш у Мэры, а калі паедзеш у Шапалевічы, абавязкова да майго старога бацькі зайдзі. А то пакрыўдзіцца.

Соня дала яму розныя гасцінцы для Мэры, бацькі і яго старых.

Выкраіла жонка трохі з свайго часу і памыла яму на дарогу дзве пары бялізны. «Вось умеюць жанчыны». А занятая не менш за яго.

Калі сляпая Вярбіцкая даведалася, што яго жонка яўрэйка, сказала яму з папрокам:

— Ведаеце, гэта ўжо лішняе. Сам бог падзяліў людзей. Кожны сваё мае. Мала ёсць нашых? Але я ў вашыя справы не ўмешваюся. Прабачайце.

Пасля гэтай гутаркі сляпая Вярбіцкая некалькі тыдняў маўчала. Потым зноў пачала «не ўмешвацца».

— Ведаеце? Прабачайце, я ў вашы справы не ўмешваюся, але мне ваша жонка вельмі падабаецца. 'І акая лагодная. Заўсёды, як дома бывае, мне, сляпой, дапаможа, паднясе тое-сёе, добрае слова скажа...

А як арыштавалі Язэпа Крушынскага зноў пачала «не ўмешвацца»:

— Выбірайцеся з маёй кватэры...

Сакалоўскаму надакучыла глядзець праз акно на аднастайную зімовую дарогу. Ён утаропіў светлашэрыя вочы ў чалавека з партфелем. Той быў цяпер спакойны. Выраз вачэй памякчэў. Твар зрабіўся лагодным. Сакалоўскі заўважыў у яго сівыя валасы на скронях і мяшкі пад вачыма. А твар малады... Той чытае «Правду».

— Можа даць вам газету, таварыш? — звярнуўся чалавек з партфелем да Сакалоўскага.

— Калі ласка.

Сакалоўскі бярэ ў яго «Звязду» і дзякуе. Раніцой чытаў, але яшчэ разок прагледзець.

Плаўна ідзе аўтобус.

Поле.

На краі далягляду абснежаныя конусы стагоў.

Шафёр дае частыя сігналы.

— Г-г-г-р-р-р! Г-г-г-р-р-р!

Раптам аўтобус спыняецца.

Шафёр злуецца, крычыць:

— Не ведаеш, што трэба брацца направа? Ах ты, вё-о-оска!

Пасажыры зацікаўлены. Праз вокны бачаць: селянін перакуліў санкі ў канаву. Конік па бруха ў снезе. Аглобля далася папалам. Селянін крычыць:

— Развялося вас тут! Коней пужаеце!

— Мы яшчэ лепш умеем лаяцца, — супакойвае яго шафёр. — Прывыкнуць пара. Не ўпершыню едзем тут.

— Дапамажы, братку, — пераходзіць селянін на добры тон.

Хвілін пяць важдаецца шафёр з селянінам каля санак. Пасажыры хвалююцца. Кожны з іх лічыць сваім абавязкам сказаць дасціпнае слова пра дыктатарства шафёра ў дарозе. Зноў заплакала дзіцё. Яно атрымала хабару яшчэ адну цукерку.

Паехалі.

Вёсачка.

Куры з крыкам спалоху растапырылі крыллі і рассыпаліся з сярэдзіны вуліцы ва ўсе бакі.

— Г-г-г-р-р-р,— папераджае машына вясковую вуліцу.

Рыжы сабака ўсхапіўся з месца, пабрахаў і схаваўся за браму. Хлопчык гадоў васьмі ў чырвонаармейскім шлеме пабег за аўтобусам. Крокаў дваццаць бег побач з машынай і адстаў. У вокнах сялянскіх хат прамільгнула некалькі твараў у хустках. Хлапчук, які гнаўся за машынай, кінуў на яе цвёрдым конскім яблыкам.

Аўтобус зашпарыў поўны ход.

Прамільгнуў белы ўзгорачак. На ім тры хвоі з цяжкімі снежнымі нарастамі на лапках. Кружацца і гвалту крычаць стада варон.

Дарога такая роўная, што здаецца нібы аўтобус стаіць на месцы ў прасторнай пустэчы, тлуста абсыпанай цукрам.

— Мікола, спіш? — пытаецца Сакалоўскі.

— Газету чытаю.

— А-а-а.

Сакалоўскі глядзіць у «Звязду».

«Да артыкула тав. Сталіна».

«Тэмы калектывізацыі».

«Класавы вораг не спіць».

«Буржуазны нацыяналізм у Н... інстытуце».

«Задушым контррэволюцыю».

«Да новых перамог».

Сакалоўскі думае:

«Даўно не было такіх гарачых загалоўкаў у нашых газетах. Што робіцца цяпер у горадзе і на вёсцы! Падобная гарачка была ў часы грамадзянскай вайны. Здаецца, нямнога год, а як далёка мы адышлі ад тых часоў...

Аўтобус урэзаўся ў шырокі калідор лясной дарогі. Хвойная цішыня. Нібы хвойнік гэты дрэмле недзе за акіянам далёка ад гарачай большэвіцкай зімы. У белахвойнай цішыні чуваць, як гумовыя шыны шорхаюцца па снезе:

— Ш-ш-ш-ш...

Гумовыя шыны друкуюць па снежнай дарозе паясы з узорамі.

— Яшчэ далёка? — пытаецца ў Міколы Сакалоўскі.

— Каля поўгадзіны да маіх бацькоў. Там пераначуем.

Мікола пазяхае. Мала спаў уночы. За ім, як па камандзе, ледзь не ўсе пасажыры пазяхаюць.

Сакалоўскі ў абдымках сваёй мінуўшчыны, нібы ў дзівоснай летаргіі.

«Хлопчык. Шавец бацька памёр маладым ад празмернага п’янства і празмернага недаядання. Маці па кватэрах бялізну мые. А ён, хлопчык, мае адну радасць — слухае на Старажоўскіх могілках, як дзяк і поп адпяваюць нябожчыкаў. Хлопчык любіць спевы... Да непрытомнасці слухаў-бы... Летам цэлымі днямі купаецца. Зімою цэлымі днямі матку чакае. І летам і зімою бадзёры і галодны. Голад выганяе яго на вуліцу. Сваёй бадзёрасцю наганяе страх на ўсіх равеснікаў:

— Прынясі хлеба, а то біць буду...

Аднаго разу запрацаваная і хмурная маці раздабрылася, купіла яму на Нізкім рынку гарнітурчык з «чортавай кожы», апранула яго ў новае адзенне, прычасала, пакарміла і нязвычным для яе лагодным голасам сказала:

— Хадзем, сынку...

Павяла на Губернатарскую вуліцу. Праз усю дарогу яму здавалася, што лепшага і харашэйшага за яго гарнітур няма ў Мінску. Паважнеў... Памякчэў натурай... Толькі адзін разок ірвануўся з рук маткі, каб расквітацца з нейкім шаламызнікам-хлапчуком, які выставіў яму язык і сказаў:

— Вытры смаркачы...

Маці завяла яго ў друкарню. Да яе падышоў сутулы пажылы чалавек у акулярах і запытаўся:

— Гэты?

— Ён самы.

Сутулы чалавек пагладзіў бародку, заківаў галавою

і заўважыў:

— Маленькі ён у цябе...

Маці занепакоілася і бараніцца пачала ад сутулага

чалавека.

— Маленькі, але жвавенькі. Паночку мой, ён добра чытае. Сам вось, чарцёнак, навучыўся, без школы.

Умовіліся цэлы год бялізну мыць у гаспадара. За гэта яе сын будзе вучыцца за наборшчыка.

У друкарні хлопчыка назвалі «рыжым».

— Рыжы! — крыкне вечна злосны машыніст. — Прынясі піва!

— Рыжы, прынясі папяросы!

Цэлы год «рыжы» рабіў уборку ў друкарні, прыносіў піва і папяросы, цягаў пакі з паперай, быў падручным. Цэлы год яго маці дарма мыла бялізну для вялікай сям’і гаспадара друкарні, карміла сябе і сына. І толькі пасля гэтага «рыжага» дапусцілі да касы — да разбору шрыфтоў. Потым ён стаў наборшчыкам.

Гады вар’яцкай працы па дванаццаць і больш гадзін у суткі. Ён пачаў зарабляць па чатыры-пяць рублёў на тыдзень і лічыў сябе забяспечаным маладым чалавекам. Памёрла маці. Забастоўкі. Вандраванне з друкарні ў друкарню, з горада ў горад. Беспрацоўе. У рэволюцыі 1905 года, хоць быў яшчэ падлеткам, але ва ўсім прымаў удзел разам са сталымі рабочымі.

Несупыннымі вандроўцамі ішлі гады. Разгортваліся.

Згортваліся.

І вось аднаго разу ў 1916 годзе «рыжы» з’явіўся да свайго першага гаспадара.

Сутулы чалавек сустрэў яго ў тых-жа акулярах, з той-жа бародкай, у той самай змрочнай і пыльнай друкарні на Губернатарскай вуліцы. Зусім не змяніўся гаспадар. Ледзь-ледзь толькі бародка мукой абсыпана і ледзь галава аснежана. Затое «рыжы» змяніўся. Глядзіць гаспадар і не пазнае.

— Не пазнаяцё?

— Не.

— Рыжага памятаеце?

Ляснуў яго гаспадар па спіне і скупа засмяяўся.

— Рыжы!..

— Во то-та ж...

— Як з войску выкруціўся?

«Рыжы» азірнуўся па баках.

— Заяц. Уцёк. Жыў у розных месцах, пісарам воінскіх начальнікаў і прыставам грошы плаціў.

— І ў нас ёсць прыставы і пісары воінскага начальніка. І яны не адмаўляюцца ад грошай. Станавіся і працуй. Вось пры гэтай касе! Газету будзеш набіраць. Наконт войска наладзім.

Абрадаваўся гаспадар. Ледзь не дармовы наборшчык. Маю для яго добрую пугу — войска...

«Рыжы» зноў працуе ў знаёмай друкарні. І днюе тут, і начуе. Асцерагаецца аблаў.

Пасля рэволюцыі 1917 года «рыжага» не стала. Вельмі няўдзячным быў. Пакінуў гаспадара. Але не навекі. Вярнуўся да яго чырвонаармейцам.

— Глядзі! — здзівіўся сутулы гаспадар. — Раней баяўся войска, а цяпер асмялеў?

— Я і раней не баяўся, але не хацеў.

І «рыжы» абольшэвічыў друкарню сутулага чалавека. Потым перад прыходам немцаў застаўся тут на падпольную працу. На Захараўскай вуліцы «рыжага» пазнаў (хоць пераапрануўся) сутулы чалавек.

— Большэвік! Большэвік! — падняў былы гаспадар лямант на ўсю вуліцу.

Сакалоўскага забралі. Цяжка ўспамінаць. Жаўнеры Доўбар-Мусніцкага павезлі яго ў Бабруйскую крэпасць. Выскачыў з вагона, калі цягнік ішоў поўным ходам. А там — лес. А далей зноў падполле. Пасля партызаншчына. Уцёкі паноў з Мінска. Ён са стрэльбай у руках. Каля вакзала куля легіянера трапіла ў грудзі аднаму таварышу, беспрацоўнаму пры паляках настаўніку. Паў настаўнік патыліцай аб брук. Грудзі ў яго былі прастрэлены. Лужа крыві. Стрэльба засталася ў здранцвелай руцэ. Адразу сканаў. І ўспомніў Сакалоўскі, што гэты настаўнік пры панах усю зіму цыратавую накідку насіў, мёрз. І такая жаласць агарнула... Сакалоўскі за настаўніка тады ля вакзала трох шляхцюкоў палажыў. Добра цэліўся...

Жудасныя былі дні ў Мінску пры ўцёках паноў, а пасля...

Аўтобус спыніўся.

— Што здарылася?

Шафёру зубы забалелі. Ехаць не можа.

— Ці няма зубных кропляў, ёду або гарэлкі?

— Няма.

— Дайце цёплую хустку абвязаць твар.

Адна жанчына зняла з галавы хустку для шафёра.

Паехалі.

Змрокі. Запыліў дробны сняжок.

А пасля.

Абарваныя і бадзёрыя, галодныя і вясёлыя ішлі чырвонаармейцы па вуліцах, дзе нядаўна крыкі жудасці разлягаліся, дзе яшчэ пажары дагаралі.

Крыкамі радасці працоўныя Мінска сустрэлі чырвонае войска.

Вось стары рабочы чыгуначнік з сівой шчоткай няголеных шчок нясе булку хлеба. Сам нажом дзеліць на дзве роўныя часткі, мерыць вокам, каб часткі былі роўныя, і дае двум чырвонаармейцам.

Другі дзядок кідаецца на шыю трэцяму чырвонаармейцу... '

— Сынок мой... сынку... — усхліпвае ён.

Упершыню бачыць яго. Але ў такіх-жа чырвонаармейскіх вопратках яго родны сын загінуў нядаўна каля Барысава...

Дзяўчына падносіць кветкі чырвонаармейцу, ён ветліва ўсміхаецца і не ведае, што з імі рабіць...

Павялі групу палонных пілсудчыкаў. Некалькі чалавек з насельніцтва кінуліся да іх. Чырвонаармейцы ледзь адбаранілі.

Спякотны дзень. Падмятаюць вуліцы. Кучы шкла і скрынь. Праляцела дзесяць год. Залечаны раны. Не пазнаць Мінска, не пазнаць Беларусі і ўсяго Саюза. Новае. Небывалае. А вось зноў у паход. Адна з апошніх боек за соцыялізм. Суцэльная калектывізацыя. Змаганне з заядлымі ворагамі. Сакалоўскі ў адзін і той самы час і старэе і маладзее... Дзіўны час... З імпэтам урэзаўся ў старое, як гэты новы аўтобус у старую вясковую дарогу...

— Сакалоўскі, спіш?

— Ну?

— Мы прыехалі.

Сакалоўскі зірнуў у акно. Сіні аксаміт змрокаў. Аўтобус спыніўся. Невялічкая вёсачка. Некаторыя пасажыры выходзяць. З імі Мікола Ярэмчык і Сакалоўскі.

Сакалоўскі аглядаецца:

— Цікава. Незнаёмае...

Сквапным вокам глядзіць Мікола:

— Цікава. Знаёмае...

— Г-г-г-р-р-р.

Машына ідзе далей.

Мікола тлумачыць:

— Машына зараз паверне налева, у мястэчка Шапалевічы, а мы пераначуем у маіх бацькоў і заўтра паедзем на бацькавым кані ў Гайдачанскі сельсовет, бо там некаторыя набраліся кулацкага раку ад Язэпа Крушынскага.

— Ну і даўся табе гэты Крушынскі! Часта яго ўспамінаеш, ікаецца яму недзе...

— Часта ўспамінаю, бо яшчэ шмат крушыншчыкаў засталося ў сельсовеце.

— Папрацуем! — упэўнена кажа Сакалоўскі, і яго светлашэрыя вочы цямнеюць.

Насустрач брыгадзірам не то бяжыць, не то дробныя крокі робіць стары дзядок.

— Міколка... Міколка... — кажа дзядок. Яго прыжмураныя вочы блішчаць вільготнымі ільдзінкамі.

— Гэта мой бацька, — кажа Мікола Сакалоўскаму і глядзіць на старога з такой лагоднай усмешкай, нібы сталы чалавек на малога сынка.

Аўтобус звярнуў за круглую горку пад назваю «Гарадок». Здалёку чуваць гудкі, яны мякчэюць і губляюцца ў аддаленні. Сінеюць змрокі. У вокнах хат замільгалі прытульныя агеньчыкі. Над вясковымі стрэхамі, над шасткамі радыё запальваюцца зоркі.

Стары Цыпрук, бацька Міколы, таропіць гасцей:

— Хадзем у хату, ці што?



37 - СПАДЧЫНА

правіць

У Гайдачанскі сельсовет прыехала з Мінска брыгада з двух чалавек — Мікола Ярэмчык і наборшчык Сакалоўскі.

У клубе ўсё новае і святочнае: невялічкая сцэна з суфлёрскай будкай, на якой выступіла бурштынам клейкая сасновая смала; жаўтаватыя сталы, расстаўленыя каля сцен; гладка адгебляваныя сасновыя лавы; на сценах белыя шпалеры з сінімі ўзорамі. Дзве нікельныя лямпы «молнія» вісяць пад столлю, кідаюць роўнае святло на шматгаловы сход. Народу з усёй ваколіцы: Дразды і Дзятлы, гайдачане, пасёлкаўцы, глухаўцы, комунары з «Чырвонага Кастрычніка», хутаране. Паміж жоўтых кажухоў і сівых світак дзе-ні-дзе вайсковыя шынелі пагранічнікаў. Сярод шэрагаў рознастайных шапак і кучмаў жаночыя хусткі. Рыгор, былы парабак Язэпа Крушынскага, сядзіць на адной з бакавых лавак і шэпча белабрысаму суседу на вуха, у той-жа час вачыма глядзіць на сцэну, дзе сядзіць прэзідыум сягоннешняга сходу. У адзін і той самы час Рыгор слухае і шэпча суседу:

— Сценкі бакавых пакойчыкаў разбурылі, і вось, бачыш, які вялікі клуб! Раней гэты пакой называўся «салонам». Усё барахло адгэтуль выкінулі — вазоны і цацкі на століках, і стары сапсаваны гадзіннік. Фартап'яна хацелі адрамантаваць, але нікуды не гадзіцца — таксама выкінулі.

Антось Драчык — новы старшыня Гайдачанскага сельсовета, абраны замест ранейшага, адчыняе ўрачысты сход. Усе ўважна слухаюць. Выцягнулі галовы ў бок сцэны і не здымаюць вачэй з прамоўцы.

Голас Драчыка (сягоння мякчэйшы, чым заўсёды) плыве, нібы човен па спакойным возеры. Толькі калі-нікалі на гэтым возеры ўспеньваюцца хвалі: вырываюцца грозныя выкрыкі па адрасу кулакоў. Традыцыйныя словы Драчыка: «люблю праўду», «люблю шчырасць» — гэта тыя вёслы, якімі ён кіруе свой човен. Сягоння, спецыяльна для гэтай урачыстасці, Драчык пагаліўся. Суседзі, якія прывыклі бачыць яго заўсёды са скалмачанай бародкай, прыглядаюцца да яго, як да незнаёмага чалавека. Некаторым здаецца, што Драчык памаладзеў. А некаторым, што пастарэў, бо якраз цяпер на голеным твары выступаюць раней схаваныя пад барадою глыбокія маршчыны. Шэрыя вочы ў павуцінні тонкіх маршчынак адкідваюць іскры ва ўсе бакі. Адной рукою Драчык абапіраецца аб сасновы белы стол, другою энергічна махае ў паветры ў тахт сваім словам:

— Люблю шчырасць! Каб сягоння вярнуўся з турмы Язэп Крушынскі, гэты бандыт і прахвост, каб вярнуўся ў сваю «культурную» гаспадарку ды пабачыў, што мы ў яго «салоне» зрабілі клуб для нашай беднаты і серадняцтва, дык я ўпэўнены, што гэты «культурнік» не абрадаваўся-б нашай сапраўднай культуры! Люблю праўду, не абрадваўся-б!

У прэзідыуме ціха перашэптваюцца Мікола Ярэмчык, сакратар райкома і наборшчык Сакалоўскі. Новы сакратар райкома пачаў нешта ўпісваць у невялічкі блакнот. Яго густая чупрына блішчыць сівізнай. Калі-ні-калі паднімае вочы з блакнота і пранікліва аглядае сход.

У пярэдніх радах сядзіць у застылых позах моладзь, хлопцы і дзяўчаты з арганізаванай нядаўна комсамольскай ячэйкі. Ў некаторых у вачах многазначныя ўсмешкі. У іншых грозная і акамянелая сур’ёзнасць. А вось хлапчук з завостраным носам ловіць па-вучнёўскі кожнае слова прамоўцы. Калі глядзець на яго выразлівы малады твар і зусім не чуць прамоўцы, дык па адной міміцы гэтага твара можна прыблізна здагадацца, аб чым ідзе гутарка.

— Крушынскага ў нас няма, але люблю праўду, крушыншчыкаў у нас яшчэ не мала засталося. З імі нам цяпер прыдзецца змагацца, доўга і ўпарта змагацца! Во як весці бойку! (Драчык сціснуў кулакі і выпяў грудзі наперад.) Я ўпэўнены, што крушыншчыкі будуць нам перашкаджаць на кожным кроку, як яны дагэтуль рабілі! Гэта факт, таварышы! Такіх чорт нямала тут насеяў. (На лаўках замітусіліся. Пачуўся многагалосы гул схода, нібы дрэвы ў лесе пад ветрам.) Крушыншчыкі спакойна жывуць у пасёлках, на хутарах, сярод Драздоў і Дзятлаў, у Гайдачанах. Ваўкі ў авечай скуры! Люблю шчырасць, таварышы! Чаго варты Слуп і Бочка, наш поп, які ледзь не старшынёю сельсовета быў у нас? (Зноў на лаўках мітусня, нецярплівае шорханне кажухамі і світкамі аб новыя сасновыя дошкі ўслонняў.) А пра калгас, таварышы, якраз сягоння трэба будзе пагаварыць. Пяцігодк — гэта вам не жарты! Не думайце, што толькі ў газетах аб гэтым пішуць. Вы можа скажаце, што нашыя багацеі спакойненька сядзяць, злажыўшы лапкі? Паглядзіце, як у нас прайшла сёлета хлебанарыхтоўка! Люблю шчырасць! Кулакі правалілі!

На лаўках мітусня.

— А ты, старшыня, не сам вінават у гэтым?

— Ты сам!

Гэтыя галасы пачуліся з маленькага гуртка жанчынудоў, якія сядзелі на адным з зэдлікаў.

— Заткні глотку, бабская каманда! — закрычаў хтосьці з іншай лавы. — Шмат вы там далі гэтай нарыхтоўкі?

— У нас нічога няма!

— Вось за гэта самае вы надта жвавыя на языкі, каб іншыя за вас давалі!

Зноў сход узбурыўся. Грукатанне гарачых галасоў расплываецца, сыплецца гарохам на розныя лады. Драчык трохі непакоіцца. Твар яго чырванее.

— Ціха! Супакойцеся, таварышы! Калі кулакі пахавалі дабро, дык мы яшчэ з імі паваюем! Люблю шчырасць! Паваюем!

Сход зноў застыў. Кажухі і світкі перасталі рухацца.

«Леў Талстой» сядзіць на першай лаўцы супроць прэзідыума і глытае кожнае слова. За апошні час барада яго яшчэ больш пабялела. Ён сягоння сумны, што яго не абралі ў прэзідыум, аднак старанна запісвае алоўкам у кнізе земскага ўсё, што чуе і бачыць. Часта выцірае кавалачкам палатна свае акуляры і насоўвае іх шчыльней на нос з заклапочанай стараннасцю.

Хвёдар і Змітрок сядзяць побач на адной з бакавых лавак. За той час, што вярнуліся з арміі (каля пяцёх год) абодва пасталелі. Хвёдар выглядае, як вухар-купец на старых лубачных малюнках: русая кучаравая бародка ахоплівае ўвесь яго ружовы твар да самых вачэй. Даўно нястрыжаныя валасы ўюцца ў дробныя абаранкі. Ён сядзіць каля самага акна. Шыбы напалавіну акованы снежна-срэбнымі хвойкамі з лёду. Дзе-ні-дзе праз чыстыя кавалкі шкла заглядаюць у клуб цёмнасінія плямінкі зімовай ночы. Хвёдар часта пазяхае ў руку.

Змітрок штурхае Хвёдара локцем у бок.

— Хвёдар!

— Га?

— Раз назаўсёды ты павінен, Хведзька, сёння сказаць...

У голасе Змітрака цеплыня, якой Хвёдар даўно ў яго не заўважаў у адносінах да сябе.

— А што? — Хвёдар вылупіў вочы на Змітрака.

— Раз назаўсёды кажы мне: альбо-альбо. Ці ты з крушыншчыкамі, ці з намі?

Хвёдар апускае галаву. Маўчыць.

— Кажы, Хведзя! Мы разам з табою гэтулькі часу ў Чырвонай Арміі былі. З аднымі думкамі назад вярнуліся. І вось ты збочыў на правады багатых...

Хвёдар панура глядзіць перад сабою.

— Так, — працадзіў ён праз зубы. — У душы я такім самым застаўся. Але ведаеш, Змітрок, як я жыў раней? Вечна ў галоце. Хоць бацька моцны гаспадар, але мне было ад гэтага ўсёроўна. Хочацца хоць трохі лепш пажыць. Хочацца хоць чутачку дабра і для сябе.

Хвёдар махнуў рукою.

— У душы я, дальбог, такі самы, якім быў раней. Але я-ж думаў, што гэтыя пасёлкі... ды што аб гэтым казаць...

Хвёдар зноў махнуў рукою.

— Значыць, — зазлаваўся Змітрок, — твая душа не прымала ўдзелу тады, калі поп твайго сына ахрысціў?

— Гэта рабілася без мяне. Я не быў тады дома.

— Годзе!

Змітрок махнуў рукою і змоўк. Позірк яго стаў халодным і вострым.

У клубе пачынае станавіцца душна. Над рознатварым сходам уюцца воблачкі махорачнага дыму. Некаторыя пацеюць. Густы пах аўчыны і чалавечага поту.

Кончыў уступнае слова Драчык.

— Пакуль сельская гаспадарка ў нас цалкам не пяройдзе на новыя рэйкі, нічога добрага ў нас не выйдзе, — гаварыў таварыш з раёна, чалавек з маладым тварам, сівымі валасамі і са стомленымі вачыма. — І мы пяройдзем на гэтыя рэйкі. Наш Шапалевіцкі раён спазніўся, таварышы. Вы гэта добра ведаеце з таго, што ў вашым Гайдачанскім сельсовеце робіцца, і газеты пісалі аб раённым кіраўніцтве. Яно гадавала розных Крушынскіх. Ніколі адказныя працаўнікі раёна не выязджалі ў сельсоветы, а калі выязджалі, дык на гасцяванне да Крушынскага і да яго падобных. Наш раён папаў на чорную дошку. Так. На чорную дошку. Толькі цяпер мы пачалі ў раёне тую працу, якую трэба было рабіць даўным-даўно. Сорам нам, таварышы! Сорам! Але я ўпэўнены, што не доўга ў нас так будзе. Гайдачанскі сельсовет самы адсталы ў нашым раёне. Толькі вось цяпер першы клуб тут нарыхтавалі. «Чырвоны Кастрычнік» — адзіную тут комуну — кулакі стараліся ўвесь час сцерці з твару зямлі. Да гэтага часу ў сельсовеце вораг гаспадарыў. З гэтага часу...

Хвёдар, які толькі што чуў ад Змітрака непрыемныя аб сабе словы, слухаў прамоўцу няўважліва, глядзеў уніз на свае боты, нібы ў глыбокім раздум’і. Голас прамоўцы зыбаў яго слых на роўных хвалях, і Хвёдар тады толькі абудзіўся, калі пачуў іншы голас. Ён падняў твар на сцэну. Гаварыў новы.

— Гэты клуб, адзіны і першы ў вашым сельсовеце, стане тым пунктам, дзе вы калектыўна будзеце абгаварваць, абмяркоўваць вашу агульную працу. Вы, таварышы, павінны хоць трохі перайсці на рабочы быт. Фабрыкі хлеба на вёсках павінны даганяць фабрыкі і заводы па гарадах. Мы ўсе павінны ісці адной дарогай Да соцыялізма. Дайце аб’еднаемся разам, рабочыя з вясковай беднатою так шчыльна, як гэта мы рабілі ў часы грамадзянскай вайны са зброяй у руках на ўсіх франтах. Нам цяжка? Мы гэтыя цяжкасці пераможам, як перамаглі ўсіх нашых заклятых ворагаў. Нашыя цяперашнія заклятыя ворагі — кулакі.

Светлашэрыя вочы прамоўцы блішчэлі.

Калі Хвёдар зірнуў на яго, дык здавалася яму, што прамоўца толькі на яго глядзіць. Хвёдар зноў апусціў вочы. Прыкра стала ад нядаўніх папрокаў Змітрака. А голас са сцэны плыў у вушы Хвёдара:

— Калі бедната не пакладзе цяпер усіх сіл на тое, каб ісці на новым этапе нашых перамог поплеч з рабочымі, тады адцягнем тую справу, за якую разам змагаліся ў часы грамадзянскай вайны. Але гэтага не будзе! Я разумею, што вы з намі, толькі Крушынскія вам галовы туманілі. Яны яшчэ не ўсе выкрыты!

Апошнія словы чамусьці ўкалолі Хвёдара ў самае сэрца. Ён падняўся з месца злосны і ціхенька пасунуўся да сцяны ля акна. Да яго вушэй словы Сакалоўскага цяпер даходзілі як-бы з аддалення і зрабіліся мякчэйшымі.

«Ездзіць пачалі сюды добрадзеі розныя. Хто іх просіць? — гневаўся Хвёдар. — Гаспадарку разбураць у Курганішчы. Клуб зрабілі... — Хвёдар слухае і хмыкае: — Фабрыкі хлеба! Яшчэ што прыдумаюць?»

Хвёдар паранейшаму ўтаропіўся ў свае боты і не заўважыў, як пачаў гаварыць новы прамоўца. Але хутка зноў абудзіўся, ірвануўся тварам убок — да сцэны.

Мікола Ярэмчык размахваў рукамі і пытаўся ў схода:

— Чаму Крушынскі так доўга арудваў у нас? Бо раённае начальства хваліла яго за нібы-то «культурную» гаспадарку. «Культуру» гэтую ён выціскаў з поту парабкаў. Сам кантрабандай займаўся. Яго партрэты ў газетах друкавалі, яго расхвальвалі, а вы маўчалі. Чаму вы маўчалі? Бо некаторых ён дробнымі падачкамі падтрымліваў. Іншыя проста баяліся яго. Бо не толькі сельсовет быў у яго руках. Ён меў сваіх і ў раённым цэнтры. Часам ён вас гарэлкай паіў. Здаецца, спектакль раз наладзіў. Так? Ну вось! Хітры быў і спрытны. Комуну знішчыць уздумаў. Аб ім можа ўжо і няма чаго гаварыць.

Я і не казаў-бы, каб ён сваіх спульнікаў тут не пакінуў. Яны ёсць. Іх можа некалькі цяпер і ў клубе. Іх трэба...

На некаторых лаўках мітусня.

У пакоі горача. «Матушка» (жонка айца Дзімітрыя) спіць на канапе. Жоўты язычок лямпы сеіць навакол скупое святло.

— Маці... Маці...

— Га?

Яна ўстрывожана расплюшчвае вочы, глядзіць на айца і не бачыць яго.

— Можа хопіць табе спаць?

«Матушка» не чуе. Зноў заснула. Па яе ружовым твары мільгае цень ад пальца айца Дзімітрыя. Айцец хацеў з ёю пагаварыць аб сур’ёзных справах ды не паспеў: зноў моцна спіць.

Яшчэ за некалькі дзён да схода ў новым клубе айцец Дзімітры «рыхтаваў» людзей. Сам быў невідзімкай, але дзейнічаў праз Слупа і Бочку. Яны ледзь не кожны дзень рапартавалі папу аб усім тым, што дзеецца ў сельсовеце пад старшынствам Антося Драчыка. Айцец Дзімітры праз Слупа і Бочку вучыў сваіх парахвіян, як трымацца на сходзе. Расседжвацца трэба так, каб свае былі ўперамешку з няпэўнымі на ўсіх лаўках. Свае павінны падаваць знак: калі выступаць, а калі маўчаць. Самых небяспечных трэба заўчас улагодзіць пазычкамі грошай ці чаго іншага. Гэтым заткнем ім рот непрыкметна і пэўна. Можна палохаць Польшчай: як толькі вайна, дык Гайдачанскі сельсовет, прымежная паласа, зараз-жа апынецца на «тым» баку. Ні аднаго фунта хлебанарыхтовак. Няма лішняга, сабе трэба...

Айцец усміхаецца. У гэтай справе ён нямала папрацаваў. Калгасы і рэлігія — вада і агонь... Усё залежыць ад нас саміх... Не захочам, дык... Дагэтуль так ціха было ў нас, а вось нейкая завіруха...

«Што там на сходзе цяпер робіцца? Зараз прыдзе адтуль Слуп. Такі быў угавор...»

Ад нецярплівасці айцец надзяе кажух і выходзіць на двор.

Ізумрудны снег трэцца пад нагамі, як расціснутае шкло. Дзве старыя бярозы, вартаўнікі ў белых футрах, застылі каля брамы. Калі-ні-калі па бярвеннях будынкаў стрэльне мароз. У бяздонні ночнага неба жоўта-сінімі кроплямі вісяць зоркі. Вось-вось са звонам упадуць на купал царквы (воддаль на ўзгорку) і рассыплюцца гарохам па бляшаным даху. Саламяныя стрэхі вёскі Глухаўкі прыдушаны сівымі кажухамі снегу. Адтуль вее сцюжай і цішынёю.

... Мабыць, і глухаўцы пайшлі на сход...

Бярэзнік зліваецца з сіняй глухаманню ночы. Адтуль плыве воўчае выццё. Спачатку ціхае, як з-пад зямлі, яно з кожным разам расце — усё галасней і галасней. Адказваюць водгуллем глухаўскія ды іншыя сабакі. Мурза з усіх сіл звініць ланцугом, рвецца на волю. Непрыемна папу. Вецер стогне над студняй, рыпае асверам. Поп свідруе вачыма сінява-снежны абшар. Некалькі вёрст адгэтуль граніца. На шырокім полі лінія калючага дроту. Вялікі камень ляжыць на тым полі. Аб камені ёсць байка: акамянелая капліца. У капліцы — княгіня. У княгіні на пальцах — пярсцёнкі з дарагімі каменьчыкамі. А на тым баку калючага дроту — вёска Рудня.

Поп шчыльней акрываецца кажухом, адварочвае твар ад марозлівага ветру, супакойвае Мурзу і бокам ідзе ў хату. Гудзіць грозны вецер. Яго гул здаецца папу водгуллем схода ў Курганішчы. Поп сцяў зубы. У яго вачах агеньчыкі нянавісці.

У сенцах скідае кажух. Уваходзіць у пакоік да «матушкі» і садзіцца к сталу. Ад рыпату дзвярэй і раптоўнай сцюжы, якая шматкамі ўварвалася ў пакой разам з папом, «матушка» прачнулася.

— Чаму, баця, спаць не ідзеш?

— Чакаю...

— Ах, праўда, і я-ж чакаю...

— Колькі цяпер часу?

«Матушка» зірнула на свой ручны гадзіннік.

— Роўна адзінаццаць.

— Сход яшчэ доўга зацягнецца. Калі ім сягоння ўдасца, тады канец нашаму добрабыту. Парахвія дасць нам гэтулькі, як дае «Чырвоны Кастрычнік»...

— Што-ж нам тады рабіць? — палохаецца «матушка».

— Так доўга цягнуцца не можа. Еўропа не будзе маўчаць. Рыхтуецца Польшча, Францыя, Англія. Увесь цывілізаваны свет рыхтуецца. Я ўпэўнены, што хутка ўсяму гэтаму канец.

Басавы голас айца пераходзіць на альт.

— Пяцігадовы план... Яны сапраўды планава працуюць. Глядзі, як патрохі з кожным годам тут усё горш і горш робіцца. Крушынскі вось праваліўся, бо не ведаў вайсковай стратэгіі.

Вочы «матушкі» праяснелі. Адпала ахвота да сну.

Айцец Дзімітры пачаў спацыраваць з кута ў кут. Цень перадражніваў па сцяне яго рухі.

— Некаторыя раілі мне адмовіцца ад духоўнага сану. І добра, што я так не зрабіў. Кіну расу тады, калі зноў трэба будзе надзець мундзір паручніка. Помніш мяне ў гэтым мундзіры?

— А як-жа! Я потым спаліла фотаздымак.

— Цяпер выгадней быць паручнікам з крыжам. Я вось тут з табою гавару, а камандую фактычна сходам у Курганішчы. Эх...

Перад яго ўяўленнем, нібы яшчаркі, мільгаюць успаміны. Твар айца становіцца сумным і задумёным. У гэту хвіліну «матушка» глядзіць на яго і кажа:

— Мне здаецца часта (таксама і цяпер), што твая брыдкая барада і кудлы на галаве прыклееныя, чужыя...

— Але я ўвайшоў у папоўскую ролю як належыць. Нават задумаў быў зарганізаваць тут рэлігійны інтэрнацыянал (айцец хіхікнуў мышыным піскам). Хацеў наладзіць сувязь з местачковым рабінам. Мы з ім сустрэліся неяк на вуліцы, і ён на мяне паглядзеў такімі спачувальнымі вачыма; мне здалося, што ён кінецца да мяне, як палякі кажуць, «як свуй да свэго». Але ведаеш, яго барада, пэйсы і бліскучы ад бруду лапсердак здаваліся мне больш праціўнымі за мае кудлы ды папоўскую расу...

— Гі-гі-гі-гі.

«Матушка» зарагатала срэбным смехам. І грудзі, і круглыя шчокі яе трасліся, як квашаніна.

Мікола Ярэмчык выцер пару разоў пот з ілба. Ён бледны, змораны ад духаты, але голас яго бадзёры і свежы:

— Адзінае выйсце для вас — гэта калгас! (Ён зірнуў на сход, на многія дзесяткі рознакаляровых вачэй. Успомніў вузенькія шнуры тутэйшых сялян, саламяныя стрэхі, бруд у хаце, галоту, худую жывёлу... Усё гэта ў адзін міг: працяглая кропка між двума сказамі). Скажыце, ці не лепш жывуць у «Чырвоным Кастрычніку»? Калі хто наракае, што дагэтуль тут будавалі новыя хутары і пасёлкі, дык аб прышчэпаўшчыне ўжо гаварыў папярэдні прамоўца.

Бочка сядзіць побач са старым Сухарукім, шэпча яму на вуха:

— Гавары! Табе, старому, няма чаго баяцца...

Сухарукі, высокі і тонкі, як жэрдка, падняўся з лавы.

Зыркімі вачыма зірнуў вакол і крыкнуў старэчым пісклівым голасам вывучаныя словы:

— На нашым карку будзеце памылкі рабіць? А можа выйдзе пасля, што і калгас памылка, што тады будзе?

— Ціха ты! — крыкнуў Драчык. — А-а-а! Каля цябе Бочка сядзіць? Навучыў? Глядзі, Бочка! Гэта табе не бойка за лужок. Глядзі, каб на табе абручы не трэснулі! Пакуль што дайце гаварыць таварышу Ярэмчыку, а пасля выступіць хто захоча.

Сход ледзь супакоіўся. Бочка скрыгатаў зубамі.

— Няхай класавы вораг не радуецца нашым памылкам. Мы іх не тоім. Мы першыя аб іх гаворым. А што тычыцца прышчэпаўшчыны, дык гэта проста шкодніцтва з боку класавага ворага, — сказаў Мікола Ярэмчык.

Быў зроблены перапынак.

Сход рушыў з месца, падзяліўся на групкі, прыціснуўся да акон, расплыўся па кутах, многія выходзілі ў цёплыя сенцы. Цяпер стаяў такі гуд, што здавалася, нібы на людзей напаў нейкі шал.

Каля аднаго акна высокі Слуп шэпча на вуха чорнавусаму Яўхіму ў кароткім кажуронку:

— Калі табе трэба хлеба, ідзі ка мне, дам колькі хочаш! Мы-ж суседзі! Пасля разлічымся. Толькі не думай ісці ў гэту цёплую кампанію, калі жыць ахвота.

— А вось у комуне ўсё-ж такі людзі добра жывуць. Чаму-ж нам калгаса тут не рабіць? — баязліва пытаецца Яўхім.

— Пан Гардзялкоўскі ім гатовую гаспадарку пакінуў. Бокам ім усё гэта вылезе, як прыдуць палякі.

— Прыдуць?

— Прыдуць... Помніш, як яны табе ўсыпалі за панскае бярвенне? І цяпер тое самае будзе.

У бакавым пакоіку з левага боку сцэны сядзіць комсамольскі штаб і прэзідыум схода.

Мікола Ярэмчык хвалюецца, голас яго трохі ахрыплы:

— Сягоння, таварышы, нічога не выйдзе з калгаснай справай. Ты, Драчык, яшчэ слаба падрыхтаваў беднату. Будзе тое самае, што з хлебанарыхтоўкай.

— Нічога, мы з крушыншчыкамі расправімся! — упэўнена кажа Драчык.

— А табе вядома, — не адстае Ярэмчык, — колькі ў сельсовеце кулакоў?

— Яшчэ падлічыць не паспелі. Бо шмат вазяніны было са справамі ў канцылярыі. Але я і па пальцах пералічу. Люблю шчырасць, усіх памятаю.

Драчык трохі збянтэжыўся.

— Вось бачыш, «па пальцах», кажаш, пералічыш. Думаю, што табе пальцаў не хопіць... А чым комсамол займаецца? Не маглі хлопцы гэтага зрабіць?

Драчык пачаў церабіць патыліцу.

— Гэтулькі часу варонілі тут і нічога не зрабілі! — дзівіцца наборшчык Сакалоўскі. Ён глядзіць на сакратара райкома з дакорам. Светлашэрыя вочы Сакалоўскага цяпер цёмныя. Маршчыны на ілбе глыбеюць.

— Я тут новы чалавек, — апраўдваецца сакратар райкома. — Зусім згодзен з вамі, таварыш Сакалоўскі, што гэты раён вельмі адсталы.

— А комуна? — не адстае Сакалоўскі. — Што комуна рабіла?

— Комуна ўвесь час была абкружана ворагамі, і ёй не да гэтага было. Вось яшчэ нядаўна, як вам вядома, былі атручаны коні. Комуна мела свае клопаты.

Так пачаў бараніць комуну Драчык.

— Але... — Драчык пагладзіў голены твар, — люблю шчырасць, комуна спала ў шапку. Тое, што мы цяпер пачалі, комуна магла зрабіць куды раней. Комунары былі захоплены сваёй справай і не звярталі ўвагі на сельсовет. Я сам калі-ні-калі прабаваў дзейнічаць, кідаўся, як том кажа, нібы рыба аб лёд, але і ў раёне не мог дабіцца праўды. Усё-ж такі і я вінават.

Драчык паморшчыўся і махнуў рукой.

— Я бачу, многа ліха нарабілі ў вас прышчэпаўскія хутары і пасёлкі, — сказаў Сакалоўскі не то Драчыку, не то самому сабе.

На стале ў айца Дзімітрыя гарэлка і ежа. Чакаюць гасцей. Побач на камодзе гафтаваная сарвэта — мастацтва «матушкі», калі была яшчэ дзяўчынай. Фрэнзлі сарвэты вісяць уніз ледзь не да самай падлогі. Імі забаўляецца адкормлены кот. «Матушка» смяецца.

— Як табе, маці, не сорамна? — злуецца айцец Дзімітры. — Тут сур’ёзныя падзеі адбываюцца. Усё жыццё наша крэмсаюць на кавалкі, а ты забаўкамі занята.

— Няўжо-ж мне вечна плакаць? І так атручана маё жыццё. Можа загадаеш пайсці са стрэльбай пад Драчыкава акно?

Айцец Дзімітры тупнуў нагой і крыкнуў:

— Ах ты, дурная баба! — і дадаў непрыстойнае слова.

«Матушка» заплакала.

Айцец Дзімітры, не звярнуўшы ўвагі на яе слёзы, выбег на двор. Прывёў Мурзу.

— Ледзь не забыўся, — сказаў ён. — Гэта-ж сабака нарабіў-бы галасу на ўсю ваколіцу, каб сустрэў іх на дварэ.

А другой гадзіне ўночы прышлі яны: Слуп і Бочка.

Скінулі кажухі, выцерлі заільдзянелыя вусы і бровы.

— Садзіцеся, госцікі, садзіцеся! Ну і доўга цягнулася гэта музыка...

— Не сход быў, а лазня, — сказаў Слуп.

— Не лазня, а бойка, — паправіў Бочка.

Айцец Дзімітры наліў гарэлкі ў кілішкі.

Пілі і закусвалі. «Матушка» з асаблівай ветлівасцю падавала гасцям закуску.

— Ну, і як там гэта бойка праходзіла? — пачакаўшы трохі, запытаў айцец Дзімітры, моршчачы лоб і чвакаючы напоўненым ежай ротам.

Слуп паглядзеў на вокны. Акяніцы былі шчыльна зачынены.

— Выпусціце, бацюшка, сабаку на двор. Можа хто за намі цікуе. Тады няпрошаных сустрэне Мурза.

Айцец Дзімітры выгнаў Мурзу.

Слуп доўга апавядаў нізкім голасам, падмацоўваючы свае словы новай чаркай гарэлкі.

—...Нарэшце пасыпаліся запытанні ў прэзідыум.— Слуп зрабіў хітрыя вочы. — Нашыя раней умовіліся, што пытацца, і нашэптвалі людзям на вушы:

— А калі ў калгасе ператруцяць усіх нас, як тых коней у «Чырвоным Кастрычніку»?

— Чаму нам трохі не пачакаць з гэтай справай, ну, хоць год адзін?

— Калі наша воля, дык мы не хочам у калгас. Навошта нам калгас, калі пры совецкай уладзе нам і так добра?

— Ці будзе дазволена ў калгасе богу маліцца?

... На ўсё гэта яны вельмі трапна адказвалі. Зноў доўга гаварылі аб пяцігадовым плане, і многія з гайдачанцаў запісаліся ў калгас.

Слуп кончыў сваё апавяданне, паважна выцер губы і, нібы гаспадар, напоўніў кілішкі.

Айцец Дзімітры паморшчыўся, выставіў палец угару і сказаў:

— Та-а-к... Пяцігадовы план. А мы на план адкажам планам. Не можа быць, каб так доўга цягнулася. Еўропа павінна нас ратаваць.

— У лес прыдзецца ісці, — дрымотным голасам сказаў Бочка, і вочкі яго замасліліся ад хмелю.

— Трэба як-кольвечы затрымліваць калгасную музыку, а там прыдуць разумнейшыя і навядуць лад і парадачак. Ні аднаго фунту хлебанарыхтовак! Вясною абсеяць поле толькі для сябе. Жывёлу прадаваць альбо рэзаць для сябе. Хоць мяса сабакам аддаваць, толькі калгасам нічога не пакідаць. Вось і зробімся ўсе беднякамі, калі беднякі ім так любы і дорагі. Пабачым, што з усяго гэтага выйдзе. Нарэшце ў кожным калгасе павінны быць і нашы.

Усю ноч дзьмуў вецер — сухі, марозлівы. Па вясковых комінах ён высвістваў працяглыя трэлі.

Усю ноч «Леў Талстой» пісаў. Сядзеў крукам над маленькім столікам.

Не спала ўсю ноч і яго жонка Барбара — плакала на печы. Яна часта звярталася да мужа з такімі словамі:

— Ах ты, памяло сівое! Куды палез? Які ты ў мяне гаспадар?

— Ціха, маці, не перашкаджай мне працаваць. А то гаворыш, як той класавы вораг. Трэба прызнацца, так яно і ёсць.

— Я ўсё жыццё працавала-гаравала, а ты паскудзіць мне задумаў?

— «Леў Талстой» перастаў прыслухоўвацца і давай далей пісаць:

«... Трэба прызнацца, гайдачанскі калгас будзе называцца «Першамайскі». Змітрок — старшынёю калгаса. Так. Той самы Змітрок, які калісьці разам з Хвёдарам вярнуўся з Чырвонай Арміі, іхнія дарогі цяпер разышліся ў розныя бакі — налева і направа. Так. Упартыя Дразды і Дзятлы. Косамі, гарэлкай ды іншай трасцай Язэп Крушынскі труціў іх некалькі год. Так. Можа гэта горшая атрута за тую, яхую ён, Крушынскі тоісь, перадаў Пархамчуку, а Пархамчук — Троську-бандыту, а бандыт Троська — коням комунарскім. Так».

Ужо зусім відна стала, калі ў хату ўвайшоў радасна ўсхваляваны Змітрок. Зірнуў адным вокам на пісаніну «Льва Талстога».

— Пішаш?

— Пішу...

— Пойдзем. Вазьмі з сабою паперу і аловак. Будзем рабіць падлік маёмасці калгаснікаў. Абагулім жывёлу, насенне, інвентар, сена.

— Пайду, пайду... — устрапянуўся «Леў Талстой» і высунуўся за дзверы разам з Змітраком.

ЁН нават не звярнуў увагі на тое, што першы раз за ўсё сумеснае жыццё з Барбарай яна не падала яму снедання...

У хаце Змітраковых бацькоў ужо ўсе былі ў зборы.

— Ну і спадчыну пакінуў нам Крушынскі! — пачуў «Леў Талстой» гутарку Міколы Ярэмчыка, які таксама сюды з’явіўся, — апрача майго швагра Марціна, ніхто з Драздоў і Дзятлаў у калгас не ідзе.



38 - СТРАХ БЯРЭ

правіць

І Яўхіму, аднаму з старых касцоў Язэпа Крушынскага, успомнілася:

... Год-у-год, як толькі касьба, ён адзін з самых рупных на сенакосе ў Курганішчы. Жонка — адна з першых там-жа на жніве.

Тады і ён і жонка думалі, што Крушынскі робіць ім вялікую ласку. І былі яны ўдзячны такому гаспадару.

Калі пад вясну ў Яўхіма канчаўся хлеб, ён зараз-жа з мяшком да Крушынскага.

— Добраму суседу ніколі не шкадую, — гаварыў Крушынскі. — Са сваім чалавекам гатоў апошнім падзяліцца. Вось які я!

Крушынскі цёр лысіну, хадзіў туды і сюды па розных справах. Спачатку ішоў на гумно, з гумна — у хлявы, потым у хату. Яўхім ззаду за ім, як цялё за каровай, ды ўсё выслухваў гутаркі Крушынскага.

Умеў Крушынскі так пагаварыць з чалавекам, каб тон глядзеў на яго, як варона, і не мог слова сказаць.

У Яўхіма галава кружылася. Пакуль выберацца ў Курганішча, пакуль жонка яго сюды не прагоніць, паказваючы на згаладалых дзяцей, заўсёды праходзіла некалькі дзён. Вельмі не любіў Яўхім доўгіх і мудрых гутарак гаспадара Курганішча. Калі-б адкідаць тоўстую шкарлупіну гутарак, дык зярно іх заставалася-б заўсёды вось якое:

«Мы суседзі. Павінны памагаць у бядзе адзін аднаму».

У Яўхіма бяда, што сям’я галадае. У Крушынскага бяда — сваімі сіламі не справіцца скасіць лугі і зжаць збожжа на полі. Заўсёды пасля гутарак Крушынскага выходзіла, што ён, Яўхім, не адзінокі ў бядзе...

Кожны раз пасля такой гутаркі, павадзіўшы Яўхіма за нос доўгі час, Крушынскі даваў пуд-другі жыта.

— Улетку адробіш, жонку прышлеш. Ну, бывай здароў!

З нейкім цяжарам на сэрцы заўсёды выходзіў Яўхім ад Крушынскага, не гледзячы на тое, што той ніколі

Яўхіму не адмаўляў.

Яўхім сягоння позна падняўся з ложка.

— Гэта-ж усяночная была ў Курганішчы! — пачаў ён апраўдваць самога сябе, што позна спаў. — Потым, як вярнуўся, доўга заснуць не мог. Усё думаў-думаў.

— А на дварэ вецер і мароз, — сказала жонка і пагладзіла ўздуты жывот. Яна была цяжарная.

Яўхім пацёр пальцам чорныя вусы і няголеную бараду. Паглядзеў у акно. На дварэ круціла завея.

Пры снеданні Яўхім сказаў жонцы:

— Дзіва, як усё неяк круціцца-мелецца.

— А што? — зацікавілася жонка і паглядзела на Яўхіма паблеклымі шэрымі вачыма.

— Вось быў Крушынскі, ды няма Крушынскага! Гэта я пра ўчарашні сход. Учора як растлумачылі на сходзе, дык я зразумеў, што мы былі парабкамі ў Крушынскага гэтулькі часу.

— А я гэта даўно без схода ведаю! — сказала жонка. Яе твар, у жоўтых плямінах, ажывіўся. — Мала мы на яго працавалі? Кожны пудзік жыта нам дорага абыходзіўся. Апошнюю сілу выцягне, пакуль адробіш. Дык што-ж там на сходзе гаварылася?

— Усяго не перакажаш. Гаварылі, што трэба ісці ў калгас. Неяк страх бярэ.

— А які страх? Чаго ты баішся? Нам дык няма чаго палохацца.

Яўхіміха паднялася з лавы ды зноў села.

— Няма чаго палохацца, кажаш? А калі пан Гардзялкоўскі вернецца? Помніш, як за бярвенне мне ўсыпалі?

— Хто табе сказаў, што вернецца? — усхапілася жонка. — Няўжо-ж гэта праўда?

Яна добра памятае, як білі Яўхіма за тое, што знайшлі на яго дварэ пару бярвенняў, вывезеных з панскага лесу да прыходу белапалякаў.

— Слуп гаварыў. Калі, кажа, табе трэба хлеба, дам колькі хочаш. Мы-ж суседзі, кажа, пасля разлічымся.

Толькі не ідзі, кажа, у гэтую цёплую кампанію, калі жыць хочаш.

— Ён і ласкамі, і страшуначкамі, — Яўхіміха раскрычалася, — як той Крушынскі ўсёроўна! Ведаю іх! Дай бог нам жыць, як у комуне. Была я там не раз. Ведаю.

— Ціха, не крычы! — збянтэжыўся Яўхім. Ён трохі баяўся жонкі. — Не крычы, а то пачуюць.

— Чаго мне баяцца! Нашай беднасці? Не баюся! Калі ўсе пойдуць, дык і мы. Няма чаго шкадаваць. Бачыла, як людзі ў комуне жывуць.

— А калі вайна? — палахліва запытаўся Яўхім.

— Дык што, калі вайна? Твае маёнткі забяруць? Чаго мне баяцца вайны? Мала ваюю, пакуль дзяцей накармлю. Што ў нас возьмуць? Ды ці будзе гэта вайна?

— Слуп сказаў.

— Слуп? — жонка кпліва засмяялася. — Гэты дык майстар! Як толькі людзі будуць пісацца, дык і мы.

— З Драздоў і Дзятлаў яшчэ ніхто не ідзе, а вось гайдачане падаліся ў калгас. Праўда, не ўсе.

Яўхім цярэбіць бараду.

— Калі не ведаеш, чалавеча, дзе лепш будзе.

— Горш не будзе! Шкада, што ў мяне вось гэткі жывот, а то я на сходзе была-б, паглядзела-б сама, што і як Яўхім вінавата аглядаецца па баках.

— Схадзі ў Гайдачаны, паглядзі, што там робіцца, цікава, — сказала Яўхіміха.

Яўхім апрануў кароткі кажуронак і вышаў з хаты. Вецер адразу разануў у твар. Не хацелася цяпер ісці ў Гайдачаны. Яўхім злаваўся на самога сябе, што баба рэй вядзе ў хаце. Ён то, праўда, у прымакі пайшоў да яе. Хата, гарод, кавалак сенакосу, некалькі палосак поля, кароўка — усё гэта яе. Аднак-жа, ён гаспадар, «бо мужчына». З яго і людзі смяюцца, што дае жонцы волю. Некаторыя добрадзеі нават вучылі яго, як вымуштраваць жонку, каб яна ішла на яго павадку. Нічога з гэтага не выходзіла. Каб ён і адважыўся спрабаваць сваю сілу на ёй, дык яна была дужэйшай за яго.

У Гайдачанах на вуліцы было вялікае ажыўленне. Не гледзячы на кепскае надвор’е, усе былі на дварэ — і старыя і малыя.

Яўхім далучыўся да гуртка людзей, якія хадзілі з хаты ў хату абагульваць жывёлу, збожжа, конскую збрую, вазы, плугі ды іншае.

«Леў Талстой» акуратна ўсё ўпісваў у кнігу. Кожную хвіліну шчыльней насоўваў акуляры на нос.

— У вас тры каровы, дык вам адну пакінем, якую сабе хочаце, — сказаў Змітрок да гаспадара-гайдачаніна.

— Мне што, — казаў той, — мне нічога, але вось жонка артачыцца.

Барадаты гайдачанін паказаў рукою на жонку —нізенькую зморшчаную кабеціну. Яна паглядзела спалоханымі вачыма на Змітрака, на «Льва Талстога», нават на Яўхіма недаверліва зірнула.

— Я бурай каровы не дам! Гэта пасаг дачкі! — прагаварыла яна пісклівым крыкам.

— Вялікая бяда, — засмяяўся Змітрок, — няхай бурая табе застанецца, а падласую і рабую мы запішам у агульнае.

— Дзякую за ласку! — завізгатала старая. — А нам не трэба? Запішыце адну — падласую! Рабую нам патрэбна, а бурая — Марыльчын пасаг.

Тут-жа стаяла дачка Марыля. Яе шчокі ўспыхвалі, як агонь.

— Не можна так, — тлумачыў Змітрок. — Тады-жу вашай сям’і застануцца дзве каровы, а мы пастанавілі толькі па адной пакідаць.

— Але-ж гэта пасаг! — крычала старая.

— Марыля яшчэ замуж не ідзе. Як ты, Марыля? Ідзеш цяпер замуж?

Марыля чырванела, маўчала і не ведала, дзе дзецца ад сораму.

— Ці яшчэ з бацькамі жыць будзеш? — не адставаў Змітрок.

— З бацькамі... — пацвердзіла Марыля ціхім голасам.

— У калгасе і пасаг не патрэбен, — тлумачыў Змітрок.— Там адна вялікая гаспадарка для ўсіх. Там мужчыны і жанчыны роўныя. Выдадзім Марылю замуж за лепшага комсамольца. Без пасагу Марыля будзе добрай гаспадыняй-калгасніцай! Праўда, Марыля?

Дзяўчына ўсміхалася.

Старая маці Марылі супакоіцца не магла. Калі ўжо

ўсе вышлі з хаты, чуваць быў яе лямант:

— А я гадавала, а я карміла буранькую, думала для

Марылькі пасаг...

— Ціха ты, дурная! — крычаў на яе муж.

Гаспадыня заплакала.

«Страх бярэ», — падумаў Яўхім, ківаў галавою і цмокаў губамі.

У другой хаце вышла ліха з новым хамутом.

Усе ведалі, што ў Яўмена ёсць два хамуты, адзін стары, а другі новы. А вось ён запісвае толькі стары хамут.

— А дзе новы? — запытаўся Змітрок.

Глядзіць на яго Яўмен вочы ў вочы і кажа:

— Прадаў новы хамут.

— Як гэта прадаў? — дзівяцца ўсе.

— Калі прадаў? Гэта-ж пазаўчора, як ты ехаў у лес, на кані быў новы хамут. Што ты, Яўмен, пляцеш? Трэба прызнацца, ты хлусіш...

Так стыдзіў «Леў Талстой» і падняў акуляры з носа на лоб.

— Кажу, прадаў ды і годзе! — зазлаваўся Яўмен і давай круціць плячыма, нібы хоча скінуць з сябе невідочны хамут.

— Хто ў цябе купіў?

— У Шапалевічах на рынку прадаў! Вось што!

— Ты-ы нікуды не ездзіў! Што выдумляеш?

— Прадаў і канец! — падняў голас Яўмен.

— Як табе, Яўмен, не сорамна маніць, — пачаў яго прабіраць Змітрок. — Калі ты такі, дык навошта было табе ў калгас пісацца. Нам гэткія ў калгасе не патрэбны. Можаш выпісацца!

Яўмен апусціў галаву. Нешта мармытаў сабе пад нос. Неразборлівае спачатку мармытанне перайшло ў разборлівыя словы.

— Я хацеў прадаць гэты хамут. Слуп сказаў, купіць. А калі такая ўжо справа, дык няхай сабе! Запішы і гэты хамут, — звярнуўся ён да «Льва Талстога», і раптам лоб яго пакрыўся потам.

У трэцяй хаце сварыліся бацька з сынам.

— Я не пісаўся ў калгас! — крычаў бацька. — І не хачу, каб да мяне прыходзілі цяпер апісваць! Нікога ў хату не пушчу!

Ён стаяў каля парога, разняў рукі крыжам і не пускаў у хату. Густыя рыжыя бровы над яго вачыма былі насуплены, вочы непрытомныя. Заслюнявілася рэдкая рыжая бародка.

Сын стаяў насупроць яго без шапкі і спакойным голасам прасіў:

— Пусці, тата.

— Не пушчу!

— Тут і мая праца ёсць.

— Уткніся ты са сваёй працай!.. — крыкнуў бацька і кінуўся на яго з паднятым кулаком.

Сын адскочыў, збянтэжыўся спачатку, а потым і ён зазлаваўся І ў яго бровы насупіліся. Выглядам ён цяпер стаў вельмі падобным да бацькі.

— Дык давай дзяліцца! — крыкнуў ён. І голас яго стаў падобным да бацькавага. — Я са сваёй часткай пераходжу ў калгас!

— Не сын ты мне!

— А ты мне не бацька!

Яўхім не вытрываў ды ўголас сказаў:

— Страхоцце адно...

— Якое страхоцце? — звярнуўся да яго Змітрок. — Сын з бацькам пасварыліся? Глупства! Памірацца. Пасля яшчэ сам стары прасіцца будзе, каб мы яго прынялі ў калгас, але мы яшчэ падумаем, ці варта прымаць яго, такога сварлівага.

Потым абагульванне пайшло спакайней. Толькі адзін гаспадар адмовіўся ісці ў калгас. Калі Яўхім у яго ціха на вуха запытаўся, у чым справа, дык той сказаў:

— Ведаеш, нейкі страх бярэ. Вось, як пачнуць на сходзе гаварыць, дык здаецца ўсё добра, лепш быць не можа. Ну, думаю, толькі ў калгасе мне і жыць. А як вось дайшло да таго, што трэба ў агульны кацёл кінуць усё тое, што за ўсё жыццё сваё нажыў, дык нейкі страх нападае. Хто яго ведае, што са мною робіцца. Хто яго, братку, знае, што з усяго гэтага будзе?

Глядзіць Яўхім на спалоханага гайдачаніна ды шчыра яму спачувае.

Ведае Яўхім добра гэтага чалавека. Не раз ездзілі

разам у лес, вазілі калоды на сплаўную рэчку. Гэты голены, невысокі, шырокаплечы гайдачанін Макарам завецца. Хоць гаспадарка ў яго невялікая, але не кепска жыве. Ён трохі сталяркай займаецца. Усю восень працаваў у Курганішчы, калі дом Крушынскага перараблялі пад клуб.

— Дык страшна, кажаш?

— Страшна, братку, аддаваць гатовенькае, а потым ласкі чакаць, каб хто табе даў паёк з твайго-ж запрацаванага.

Пры гэтых словах Макар глядзеў на Яўхіма такімі вачыма, нібы ад яго паратунку чакаў.

Каб добра самому даведацца, у чым тут рэч, і каб самому ўпэўніцца ў перавазе калгаснай гаспадаркі нададнаасобнай, Яўхім пачаў яго агітаваць.

— Як гэта, каб хто даў табе паёк! А сам ты не гаспадар у калгасе, як усе іншыя?

— Так-то яно так, але ці будзе чаго дзяліць? Ведаеш, не будуць-жа працаваць, як раней для сябе. Кожны пачне выкручвацца ад працы. А тады шыш і дастанеш.

— Ну, ну! — паехаў далей у сваёй агітацыі Яўхім. — А як-жа ў комуне жывуць? Лепш, чымся мы, брат, з табою!

— Калі неяк боязна. Вось і там коней атруцілі, раней спаліць хацелі колькі разоў.

— Дык гэта-ж сволачы робяць! — аж крыкнуў Яўхім і сам збіўся з свайго голасу. — А тут палохаюць адзін аднаго нямаведама чаго. Вось мне Слуп кожны раз як нагаворыць, дык жыццё нямілым становіцца.

— І мяне той самы палохае чорт ведае чым: ванна, паны...

— Такім, як Слуп, выгады няма ісці ў калгас з такой багатай гаспадаркі, але нашаму брату зусім іншы сэнс ёсць.

— Што праўда, то праўда, але хто яго ведае, каб чалавек не баяўся-б, дык...

Макар быў збянтэжаны, прыгнуўся і, здаецца, усёй фігурай літасці прасіў у Яўхіма.

Яўхім на заўважыў, як пры гэтай гутарцы з чалавекам, самога сябе пераканаў у тым, што трэба ісці ў калгас. Глядзеў на Макара, як дарослы на хлапца, і неяк лёгка стала яму ад гэтай гутаркі.

Яны яшчэ доўга гутарылі-б, але пачулі крыкі з трэцяга двара. Жаночы візгатлівы голас дрыжэў у паветры.

— Не дам хлява!..

Яўхім і Макар пабеглі туды, як на пажар.

Гэта адбылося на дварэ «Льва Талстога». Крычала так яго жонка Барбара. Гурт людзей глядзеў з цікавасцю на гэта дармавое прадстаўленне. Суседзі падбухторвалі, жартавалі. Барбара была страшнай у сваёй злосці. Вочы яе пачырванелі, губы крывіліся. Барбара кружылася на адным месцы, нібы квактуха, што збіраецца садзіцца на рэшата з яйкамі.

— Не да-а-м хлява! Памяло ты сівое. Ду-у-урань! Пі-і-ісар! Адыйдзі!

Пры гэтым пачала наступаць на мужа і мерылася на

яго кулакамі.

«Леў Талстой» хаваўся за плечы Змітрака.

— Цялушак чужых тут уздумалі ставіць! — не магла супакоіцца Барбара і дрыжэла ад абурэння. — Не хачу-у-у! Не дазволю-у-у! Я тут гаспадыня!

Яўхім вярнуўся дамоў з той самай няўпэўненасцю, з якой пайшоў. Пры абагульванні ён бачыў страх адных і радасць другіх і не ведаў, што рабіць.



39 - СУТЫЧКА

правіць

Пасля ветру пачалася адліга. Неба было яснае, сонечнае; капала са стрэх. Каля сцен будынкаў стаялі лужыны. З саламяных дахаў сышоў снег. Дарогі пачарнелі. Было падобна да вясны. Аголіўся лес. Усюды ў даляглядах ён цяпер абрамляў край неба цёмнашэрым тынам. Чыліканне вераб’ёў напоўніла паветра. Санкі ўрэзваліся ў разлезлы, як кісель, снег.

Калі скончылася абагульванне кароў і коней, інвентара і насення ў вёсцы Гайдачаны, на нарадзе ў сельсовеце Мікола Ярэмчык раіў дастаць каваля для рамонта плугоў. Ён абяцаўся паехаць у мястэчка і прывезці сюды Лейбу. Што тычыцца чысткі збожжа на насенне, дык гэта зробіць «Чырвоны Кастрычнік».

Драчыка захапіла іншае:

— Пачатак зроблены. Люблю шчырасць! Пастараемся, каб увесь сельсовет на ўсе сто працэнтаў быў калектывізаваны! Мы гэта зробім! Што-б тут ні было, а так павінна быць!

— Не гарачыся! Сваёй гарачкай нічога не зробіш. Трэба рабіць памаленьку, але затое моцна, грунтоўна, каб потым не прыходзілася перарабляць. Дразды і Дзятлы яшчэ добра пахнуць духам Крушынскага. Трэба выветрыць гэты пах.

— Комсамольцы пастараюцца, — не адступаў Драчык.— Змабілізую ўсю беднату! Люблю шчырасць,— з кулакамі хутка пакончым.

Ночы надышлі цёмныя. Над зямлёю віселі густыя хмары. Гнілая вільгаць расплылася па дварах.

У адну з такіх начэй Бочка разбудзіў свайго старшага хлапчука.

— Гальяшка! Схадзі, пазаві Слупа!

— Навошта ён? — пазяхаючы, запытаўся хлапчук.

— Ты не пытайся, а хутчэй збегай!

Гальяшка апрануўся і пабег.

Тым часам Бочка пайшоў, крадучыся, у хлеў і запаліў запалку. Тры яго добрыя каровы паднялі на гаспадара здзіўленыя асалавелыя вочы. У пацёмках Бочка накінуў на рогі адной з кароў пятлю з вяроўкі і ціхенька павёў у пуню. Карова ішла за ім спакорліва. Калі прышоў Слуп, Бочка паслаў у хату сына па маленькую газоўку. Яе паставілі на калоду пасярод пуні. Жоўтым кругам расплылося святло лямпачкі ў халоднай цёмнай будыніне. Слуп выняў з кішэні навостраны нож. Дзве пары вачэй паглядзелі на Слупа і Бочку не то са страхам, не то з дзівам. Гэты выраз адсвечваўся ў цёмных зрэнках Гальяша і каровы.

— Што-ж тут такое будзе? — запытаўся Гальяшка.

Ні бацька, ні сусед яму на гэта не адказалі. Яны можа і не чулі, бо былі заняты. Нейкім хітрым чынам зачапілі ногі каровы вяроўкай і карова павалілася. Тады моцна звязалі ёй ногі. Бочка ўрэпіўся за рогі і павярнуў, пацягнуў карову за галаву. Бурая шыя каровы напружылася. Слуп падышоў з нажом... Карова замэкала. Спужаўся Гальяшка:

— Татка, не трэба...

І слёзы бліснулі ў яго вачах.

— Адыйдзі!

Гальяшка яшчэ больш спалохаўся. Заплакаў.

— У хату ідзі, шчанё! — крыкнуў бацька.

Хлапец пабег.

Як справіліся з каровай, прывалаклі пару авечак. Скончылі і пайшлі да Слупа рабіць тое самае...

Яшчэ ўдодні яны паехалі ў Мінск. Па дарозе заўважылі многіх, якія везлі на рынак такі самы тавар. У некаторых да санак была прывязана на павадку жывёла.

У Мінску ў Цярэшкавай кватэры на кухні тады стаяла пазычаная ў суседкі, былой крамнічыхі, паіржавелая вага. Тут адбываўся продаж мяса. Зося, хатняя работніца Цярэшкавых, наказала ўсім знаёмым. Прыходзілі пакупцы, Слуп і Бочка з імі нават мала таргаваліся. Ці ведаў Цярэшка аб тым, ці не, але яго жонка прымала ў гэтай працы самы гарачы ўдзел.

Удава Мацеіха глядзела праз акенца на вуліцу. Нядаўна ўправілася са снеданнем. Накарміла бульбай сына, які зараз-жа пабег у Гайдачаны, у сельсовет, і не ведае яна, што рыхтаваць на абед. Ужо некалькі тыдняў, як сын увайшоў у комсамол. Цэлымі днямі працуе ў сельсовеце. Лявон з ёю цяпер мала гаворыць: ён вельмі заняты. Глядзіць Мацеіха ў акно і бачыць: гання сабак цягне па вуліцы трыбух і кішкі. За сабакамі з кіямі ў руках бягуць дзеці.

— Хто-ж гэта жывёлу зарэзаў? — падумала яна. —Эх, даўно мяса не каштавала... Забылася нават смак гэтага мяса... Добра, каб хлеба было ў волю. Колькі ўжо год будзе, як Мацей памёр?

Мацеіха ўспомніла:

Было так. Пры белапаляках яе муж партызаніў. Яго шукалі. І вось аднаго разу... Была тады цёмная летняя ноч. Душна было ў хаце. Яна спала на ложку з васьмігадовым хлапчуком. Пачула нібы нехта драпае пальцамі акно з боку гумна. Уздрыганулася Мацеіха, падскочыла да акна ў адной кашулі.

— Хто тут?

Яна спалохалася, бо ў вёсцы былі легіянеры.

— Выходзь, гэта я...

Мацеіха пачула голас мужа і задрыжэла ўсім целам.

Хутка апранулася і выбегла на двор.

Яшчэ раней некалькі разоў прыходзілі легіянеры.

— Дзе муж?

— Не ведаю...

Тады яе пачалі цягаць за валасы і вадзіць па хаце ад сцяны да сцяны...

— І цяпер, пся косць, не ведаеш?

— Не ведаю...

Яна сціскала зубы ад болю, калі бізун ляснуў ёй па спіне і твары.

Малы Лявон плакаў.

— Маўчы, чортава насенне! — крыкнуў адзін ды намерваўся над хлопчыкам бізуном. — Кажы, дзе тата?

— Не ведаю. — Лявонка заплакаў.

Хацеў азвярэлы чалавек даць хлопчыку бізуном, але вырвалася матка. Клок яе валасоў застаўся ў руках жаўнера. Болю яна тады не адчувала. Бізун апаліў ёй руку. Абараніла сына.

Некалькі разоў прыходзілі да яе легіянеры.

На дварэ за вуглом хаты яна тады сказала Мацею:

— Уцякай, легіянеры ў вёсцы.

— Ведаю. Забяры сына ды пойдзем у лес, а то яны цябе тут прыкончаць. Можа яшчэ тыдзень, і мы іх адгэтуль прагонім.

— А хата? — няўпэўненым голасам запыталася Мацеіха.

— Усёроўна спаляць. Сына я панясу, а ты падушку якую возьмеш...

— Рукі ўгару і ні з месца!

Крык гэты быў гучны і раптоўны.

Мацей стрэльнуў з нагана, але з-за вугла кінуліся на яго з шаблямі трое. Мацеіху павалаклі назад у хату.

— Што было далей?

Крывавы туман ахапіў яе з усіх бакоў, душыў. Прачнулася ў местачковай бальніцы. Яе хлопчыка забраў сусед.

Глядзіць Мацеіха ў акно і думае:

«Што сыну зварыць на абед?»

Чуе вясёлыя посвісты і крыкі дзяцей, візгатанне сабак.

Не заўважыла Мацеіха, як адчыніліся дзверы і ў хату ўсунулася жонка Слупа.

— Дзень добры, мая міленькая!

Задрыжэла Мацеіха ад неспадзеўкі, як пачула шчабятлівы голас.

— Дзень добры, дзень добры! — паўтарыла Мацеіха, аж два разы.

Не здзівілася на прыход жонкі Слупа, бо ў апошнія часы тая часта прыходзіла з рознымі навінкамі. Але і не абрадавалася, бо навіны цёткі Слупіхі заўсёды былі невясёлыя: то «канец свету» яна прыносіла ў хату, то з вайною прыходзіла, то з цудадзейным сном...

З пустымі рукамі цётка Слупіха ніколі не прыходзіла.

Кожны раз, пасеяўшы трывогу ў сэрцы Мацеіхі, яна ішла ў іншую хату з тымі-ж падарункамі.

Доўга шчабятала на гэты раз цётка Слупіха.

— Людзі па начах не спяць, мая ты родненькая. Ад нуды вошы напалі. Кажуць, не можна пісацца ў калгасы, бо хутка палякі прыдуць. Тым, хто ў калгасе, горш будзе, мая ты родненькая...

Вочкі цёткі Слупіхі блішчаць. Яна выцірае слёзы.

— На! Прынесла трохі мяса... Ты-ж, мабыць, даўно не пробавала. Людзі рэжуць жывёлу. Усёроўна, кажуць, у калгасах лепшую дадуць. А мы ўсе хочам быць беднякамі, мая родненькая. Мы ўсе цяпер роўныя, мая міленькая. Дык ты там глядзі, каб твой Лявон нічога на нас не ўзвёў. Нешта там, у сельсовеце, мая родненькая, цяпер кулакоў шукаюць. Мой-жа, ведаеш, мая міленькая, зусім не кулак...

Палажыла на зэдлік ёмкі кавалак бараніны.

— Дык няхай ужо есць на здароўе твой Лявонка і ты, мая родненькая, таксама... Ну, бывай, мая міленькая здаровенька.

Пад вечар прышоў Лявонка і здзівіўся: у хаце пахне тлустым вараным мясам.

— Маці, хутчэй есці! — і носам давай уцягваць прыемны пах.

Ён ужо ведае і новую кулацкую махінацыю. У сельсовеце гавораць, што трэба прыняць меры супроць разбазарвання жывёлы. Сам бачыў на некаторых дварах лужы крыві ад зарэзаных кароў і авечак. Але цяпер думаць аб гэтым не хочацца. Вельмі галодны, а пах з печы так вабіць...

Маці выняла з печы гаршчок. Паставіла на стол ежу ў місцы. Лявонка пачаў есці з вялікім апетытам. Ноздры прагна ўцягвалі смачны пах. Як трохі супакоіў голад, запытаўся:

— Дзе, маці, мяса дастала?

— Слупіха прынесла... — зірнула на сына і спалохалася. Ніколі не бачыла яго такім узлаваным. На ілбе ўздуліся жылы, з вачэй сыпаліся іскры. «Якраз бацька такім быў, як злаваўся», — успомніла яна.

— Як?! — крыкнуў Лявонка не сваім голасам.— Ад кулака падарунак прыняла?! Можа Слуп хоча мяне падкупіць? Зараз-жа назад аднясі!

Лявонка больш не еў.

Прыехаў з мястэчка стары Лейба. На двух фурманках прывезлі ўсе яго кавальскія прылады і хатнюю маемасць. У адзін з гэтых шумных дзён у Курганішчы ў кузні, дзе раней Язэп Крушынскі рыхтаваў на продаж колы на жалезным хаду, пачуўся звон малаткоў. Рамантаваліся плугі ды іншыя сельскагаспадарчыя прылады гайдачан для калгаса імя Першага мая. У дапамогу старому кавалю прымацавалі да кузні яшчэ двух комсамольцаў. Вакол кузні грамадкі людзей.

За пару дзён каля кузні вытапталі чорную пляміну зямлі. Не то што снегу тут не засталося, але і леташняй травы.

Часта падыходзіў сюды, крадучыся, Слуп. Глядзеў на гайдачан кплівымі вачыма:

— Плужочак ладзіш, першамайнік?

— Плужок, а табе што?

— Мне? Мне нічога, цябе шкадую. Хіба вясною цябе самога ў ім араць упрагуць, бо коні вашыя перадохнуць. Хто за імі цяпер глядзіць, за чужымі?

— Толькі ты, Слуп, не вельмі бядуй, — адказвае барадаты гайдачанін.

— Як мне не бедаваць? Суседа шкода.

— Ідзі адгэтуль, бо пападзецца табе за кулацкую агітацыю.

Той злуецца ды аглядаецца па баках, каб ніхто ўсё-ж такі не пачуў...

Слуп смялее.

— Ты схаваў калёсы? Хоць калёсы схавай, а то паломяць. Па-суседску кажу. Я-ж цяпер такі серадняк, як і ты...

Барадаты наставіў вушы.

— Калёсы, кажаш?

— Ты-ж гэтулькі гараваў, пакуль іх нажыў... (У Слупа літаслівы галасок.) Ты ўжо, братку, не гаспадар. Над сталым чалавекам гаспадараць сысуны-комсамольцы. Дажыўся ты, няшчасны.

— Не плач над маёю галавою.

Слуп аглядаецца па баках і шэптам кажа:

— Схавай, дурны, калёсы, як суседу кажу. Будзеш пасля шкадаваць.

З кузні вышаў адзін з памочнікаў Лейбы, малады хлапец.

Слуп павярнуўся ды праз сад пайшоў у вёску.

— Што табе Слуп на вуха бубніў?

— А нічога... Пытаўся, ці можна тут яго каня падкаваць...

У бакавым пакоіку на ложку гара падушак і падушачак «матушкі». Ад большых да меншых яны цягнуцца ўверх завостраным стажком. З боку каля самага акна круглы столік. Айцец Дзімітры сядзіць пры століку і піша. Часам паднімае твар ад паперы і глядзіць у акно. Са страхі падаюць уніз кроплі. Мільгаюць перад вачыма. У цішыні айцец чуе, як кроплі плюхаюцца ў лужынку Яны лічаць хвіліны, лічаць несупынна, без памылак: раз... два... тры... На гародзе выступіла чорная лапіна зямлі. Здалёку відаць аголены бярэзнік. Адліга змыла яго снежны кажух.

Айцец не піша, а «друкуе» — піша друкаванымі літарамі, каб ніхто не пазнаў яго рукі. Павольна і старанна выводзіць літары.

Адліга плача за акном. А кроплі са стрэх:

... раз...

... два...

... тры...

Лічаць яны «надрукаваныя» айцом Дзімітрыем радкі. Айцец чытае голасам псалмаў. Яго пульхныя губы выпячваюцца. Хадыром ходзіць рэдкая барада:


Браты сяляне!

Цяжкі час надышоў для вас...

Калгас — гэта...


Айцец Дзімітры «надрукаваў» яшчэ некалькі слоў і спыніўся. Зірнуў праз акно на гарод і задумаўся.

Перад яго ўяўленнем стаяў на гародзе, на аголенай ад снегу зямлі вайсковец у белым летнім мундзіры з бліскучымі залатымі пагонамі.

— Глядзі, з настаўніка які зграбны афіцэр выкраіўся! — смехатлівым голасам кажа «яна».

З «ёю» ўвесь час, як быў на румынскім фронце, перапісваўся.

У «яе» доўгія косы і сінія вочы. Ён гасціць у яе бацькоў.

Жаніхоўскі настрой.

Пільна ўглядаецца ў айца Дзімітрыя малады афіцэр, малады, але абветраны ў бойках. Дзе яго не было — на Каўказе, у Крыме, на дзянікінскім, а пасля...

Толькі вочы тыя самыя засталіся.

Афіцэр-стратэг перасцерагае айца Дзімітрыя знаёмым голасам, які айцец даўным-даўно слухае з пашанай:

— Не пішы. Небяспечна... Прымежная паласа... На цябе падазронасць падзе... Яшчэ па стылі пазнаюць... Не пішы... Словамі лепш... Праз сваіх людзей... Кожнаму на вуха... А то... скончыцца, як з Язэпам Крушынскім...

Айцец Дзімітры рве «надрукаваную» паперу на дробныя кавалачкі, кідае ў грубку.

За акном кроплі — кап, кап, кап.

Айцец Дзімітры ўздыхае.

І лезе ў яго ўяўленне вось што...

... Колькі год таму назад сустрэча. Неспадзяваная сустрэча з Лявонам Максімавічам Лапоўскім. У лесе каля Курганішча. Такая выпадковасць... Была тады залатая восень. У лесе цвіў верас. Пахла апенькамі. Клёны былі афарбаваны. Лісты на іх былі падобны да медзі і, здавалася, вось-вось зазвіняць.

Лапоўскі?

Разам афіцэрнічалі на Румынскім фронце. Потым — адзін «беларускім» дыпламатам, другі — папом.

Доўга гутарылі тады ў лесе.

Лапоўскі ўвесь час накіроўваў на адно:

— Трэба арганізаваць старое афіцэрства. Асабліва каля граніцы. Ды ў нас уся Беларусь граніца.

Хваліў за папоўства.

— Пад кудламі і расай цёпла і спакойна. А ў сэрцы — стары афіцэр. Блізкія сустрэчы з сялянствам. Самыя найлепшыя ўмовы для арганізацыі. Трэба быць нагатове. Не шкодзіць і зброя. Нават неабходна. У любую хвіліну можна чакаць вайны. А тады...

Вочы Лапоўскага блішчэлі, падслепаватыя, у акулярах.

Ад захаплення дрыжэў.

— А тады...

Далей словы непатрэбны былі. Ясната выпірала з аднаго слова «тады».

— Так мы па ўсёй Беларусі наладзім. Старое афіцэрства — наша галоўная апора. Наша будучая (блізкая) вайсковая сіла. Пэўная і шчырая.

Пасля гэтага калі-ні-калі поп ездзіў да Лапоўскага ў Мінск.

Пад папоўскай расай закіпела стараафіцэрская кроў.

Айцец Дзімітры ўздыхае.

Гараць у грубцы дробныя кавалачкі «надрукаванай» паперы. Ад іх — адзін попел.

«... Сцеражыся, поп...»

Марудна і надакучліва поўзаў дзень за акном на гародзе. Чорная зямля, аголеная ад снегу, і цёплае сонца гаварылі пра вясну.

За акном кроплі — кап, кап, кап. Дзялілі дзень на драбнюткія, на мікраскапічныя пылінкі.

«Сцеражыся, поп...» — чуў айцец Дзімітры голас хвілін.

Вечарам прышоў да яго Слуп.

— Бацюшка, напісаў?

— Не... Не...

«Сцеражыся, поп...»

Спалох у вачах айца.

... — Што ты, мілы мой... Не можна так супроць совецкай улады... Ты глядзі... каб і Бочка не ведаў... Сказанае слова ніхто за хвост не зловіць; гавары колькі хочаш, а з напісаным — не жартуй...

«Сцеражыся, поп...»

Праз некалькі дзён у новым клубе адбыўся яшчэ адзін сход.

Голас брыгадзіра з Мінска, наборшчыка Сакалоўскага, роўны, спакойны і пераконваючы.

— Беднаце і серадняцтву адна толькі выгада пры той сельскай гаспадарцы, дзе людзі працуюць разам, вялікай грамадою. Толькі ў калектыве вызваліцеся з-пад эксплаатацыі кулака, які па сягоннешні дзень трымае вас у руках. Мала вы яму працуеце за малатарню, за пазычку збожжа, грошы, каня? Калектыў зніме з вас многа лішніх клапот па гаспадарцы, палегчыць працу, павялічыць ураджаі.

Доўга гаворыць брыгадзір Сакалоўскі.

Маўчыць сход, прыслухоўваецца. Ніхто прамоўцу не перабівае.

Лямпы «молнія» асвятляюць шапкі і хусткі роўным святлом.

Бываюць хвіліны, калі Сакалоўскаму здаецца, што ўсе з ім цалкам згодны. Тады яго голас становіцца яшчэ больш лагодным. А часамі яму здаецца, што такая маўклівасць, без ніводнай рэплікі з боку схода, азначае не- зацікаўленасць да яго слоў, выглядае раней падрыхтаванай змовай. Тады з голасу яго пачынаюць зрывацца, нібы іскры з крэменя, ноткі нецярплівасці, злосці. Ён гаворыць і ў той-жа час думае, што куды лягчэй збудаваць новы завод, чымся арганізаваць калгас.

Не падабаецца Сакалоўскаму загадкавая маўклівасць сялян.

Дзе-ні-дзе мігацяцца рубінамі агеньчыкі папярос. Вочы становяцца хмурымі. З розных куткоў чуецца нецярплівы кашаль.

— Не думайце, — кажа Сакалоўскі, — што як толькі ўступіце ў калгас, дык адразу пападзяцё ў соцыялістычны рай. Ніхто вам гэтага не абяцае. Але агульнымі сіламі вы даб’яцёся поспехаў. Не думайце, што ў калектыве не будуць вам перашкаджаць нашыя ворагі. Але гэта вам добра вядома.

Калі Сакалоўскі скончыў, сход і дыханне стрымаў. Да воплескаў у прэзідыуме далучыліся толькі комсамольцы і «Леў Талстой». І гэтыя воплескі — адзінокія, не падтрыманыя ўсім сходам — здаліся дзіцячай гульнёю ў ладкі.

Сакалоўскі сеў і давай прыглядацца да дзесяткаў вачэй маўклівых людзей. У вачах некаторых блішчаць іскрачкі стрыманага смеху. Не то злосць, не то сум заўладаў Сакалоўскім.

Мікола ў сваім чарговым выступленні прыводзіў лічбы з іншых калгасаў БССР, дзе кожны гектар зямлі дае ў два разы больш, чымся ў аднаасобніка.

— Няўжо-ж вам так цяжка і боязна, таварышы, адмовіцца ад сваіх вузенькіх шнуроў, ад праклятых дзедаўскіх межаў? — запытаўся ён у многагаловага схода.

— Цяпер, таварышы, кажыце вы свае думкі без усялякай утойкі, — кончыў Мікола і зірнуў на зал.

— Хто просіць слова? — запытаўся Драчык.

Сход маўчыць. Вочы ўсіх накіраваны ў бок прэзідыума.

Марцін, швагер Міколы, падняўся:

— Я прашу слова!

У надзвычайнай цішыні голас Марціна здаваўся адзінокім і бездапаможным. Марцін пабляднеў і падняў па-піонерску руку.

— Дык вось, таварышы! Сягоння Дразды і Дзятлы ды ўсе іншыя павінны раз назаўсёды пакончыць з той музыкай, якая цягнецца ад бандыта Язэпа Крушынскага. Вы ледзь не ўсе парабкамі былі ў яго, за гарэлку і касу вас купляў і прадаваў. У яго вы заўсёды талакою працавалі, а для сябе вы не хочаце агульна весці сваю гаспадарку. Я думаю, што сягоння ўсе дадуць згоду арганізаваць у нас калгас. Я першым іду!

— Бач, як швагер швагру камерцыю падтрымлівае! — крыкнуў хтосьці з грамады раздражнёна і злосна.

— Хто яшчэ просіць слова? — запытаўся Драчык і давай аглядаць сход, плаваў вачыма па лаўках, лавіў здаровым вухам галасы сялян.

Шушуканне прайшло па ўсіх кутках. Адзін кашлянуў.

— Ты, Мірон, просіш слова? — звярнуўся Драчык да таго, хто кашлянуў. — Дык не кашляй, а гавары смела! Люблю шчырасць, няма чаго маўчаць, таварышы!

— Я не прашу, — апраўдваўся Мірон і яшчэ раз кашлянуў.

— Ніхто не хоча выказацца? І так усё ясна? Тады можа хто пытацца хоча?

Ніхто не зварухнуўся.

Зрабілася так ціха, што чуваць было, як стары Сухарукі старанна цмокаў сваю люльку.

— Пастаў, Антось, на галасаванне! — шапнуў Мікола.

— Хто за калгасы? — крыкнуў Драчык.

Яго ліхаманкавыя вочы ахапілі ўвесь зал. Над галовамі схода ён заўважыў толькі двое рук — Марціна і Мэры.

Драчык глядзеў на дзве паднятыя рукі, як на выспы паратунку ў бурлівым моры, і ахрыплым голасам прагаварыў:

— А яшчэ хто?

— Ніхто... — мармытнуў «Леў Талстой»: ён рыхтаваўся лічыць галасы.

— Хто супроць калгаса?

Драчык сціснуў зубы. Сківіцы ў яго дрыжэлі ад напружанага гневу. Вочы кідалі нажы на анямелы сход.

— Ніхто... — уздыхнуў «Леў Талстой». — Хто-ж гэта іх зачараваў? Трэба прызнацца, гэта ўжо нешта нейкае... Та-а-ак...

— Хто стрымаўся?

— Ніхто.

Пры гэтым слове «Леў Талстой» выцер акуляры, а хацеў выцерці ўспацелы лоб...

Мікола ўтаропіўся ў зал.

Апрача вачэй, па-рознаму бліскучых, гаварлівых без слоў, ён нічога не бачыў. Твары і постаці зліваліся перад яго зрокам у адну туманістую бясформенную масу. Ён успомніў саламяныя стрэхі, вузенькія шнурочкі, схудалых маленькіх конікаў малаўрадлівую глебу. Забалела... Чым прабіць гэту многавекавую саламяную крэпасць? Як ты ім дасі зразумець, што калгас — адзіны для іх паратунак? Няйнакш варожыя лапы заткнулі ім раты...

Перад яго вачыма пачалі з туману вырысоўвацца

знаёмыя постаці Драздоў і Дзятлаў. Вось Сухарукі піпкае сваю люльку. Удава Мацеіха глядзіць спалоханымі вачыма, ківае галавою і нібы прыгаварвае: «божа мой, божа мой». А там далей у цені каля самых дзвярэй двое шэпчуцца. Адзін наставіў вуха, а другі блізка губамі прысунуўся.

— Дык што-ж вы, таварышы, маўчыцё? — (голас Мікола нервовы, няроўны). — Я-ж бачу сярод вас нямала беднаты. Няўжо-ж вы не ведаеце, што ў «Чырвоным Кастрычніку» бедната лепш жыве, чымся вы ў адзіночку? Чаго вы баіцеся? Вы-ж нічым не рызыкуеце. Саламяныя стрэхі і вузенькія шнурочкі — не вялікае шчасце, за якое трэба трымацца і рукамі і нагамі. А не спадабаецца калгас, ніхто вам не забароніць выйсці з яго. Прымусу ў нас няма. Усё гэта па добрай волі.

— Няхай совецкая ўлада выдасць закон, каб усе ішлі ў калгас, тады пойдзем! — пачуўся жартаўлівы голас з задніх лавак.

— Законаў такіх няма. Я ўжо казаў, што гэта добрая воля кожнага грамадзяніна. — Драчык павесялеў. Ён рад быў, што хоць адзін загаварыў.

— Калі па добрай волі, дык не хочам... — адказаў той-жа голас.

Драчык стукнуў кулаком аб стол, закрычаў:

— Гэй, хто там? Выходзь сюды, кулацкі адвакат! Чаго хаваешся, як мыш пад венікам? Сюды ідзі! Вы што гэта, таварышы, кулацкага падпявала нанялі за адваката? — сказаў Драчык ахрыплым раптам голасам. Яго голены твар успыхваў чырвонымі латкамі. Драчык цяжка дыхаў. Аглядаў сход. Нібы ўпершыню бачыць гэтых людзей.

Абазвалася некалькі галасоў. Не то апраўдваліся, не то злаваліся, не то радаваліся:

— Ніхто Слупа не прасіў за нас гаварыць!

— Ён сам за сябе!

— Ліха яго бяры, гэтага аблаката!

Мікола прыглядаўся, прыслухоўваўся.

«Прабіта саламяная крэпасць, — падумаў ён.— Людзі загаварылі».

Дзе-ні-дзе на лаўках блішчэлі рубіны папярос, успыхвалі, ніклі, зноў мігацеліся.

— Дык можа цяпер хто з вас выступіць, таварышы?

Высунуўся наперад Сухарукі. Высокі, тонкі, як жэрдка, ён падышоў аж да прэзідыума. Усе павярнуліся з цікавасцю ў яго бок. Ён выняў люльку з губ, спакойна вытрас попел і палажыў люльку ў кішэнь штаноў.

— Рэжце, усёроўна не пайду! Альбо піпка, альбо рыбка! Усёроўна хутка памру... Але маёй мяжы не чапа-а-айце! Ніко-о-ога не баюся! Вось арыштуйце мяне, калі хочаце! Арыштуй, Драчык! Арыштуй!

— Ніхто і не думае цябе, дзядок, арыштаваць, — сказаў усхваляваны Мікола. — Не хочаш, не ідзі ў калгас.

— Не слухайце, што стары пляце, — абазваўся барадаты сын Сухарукага, Пархвен. — Сядзеў-бы, тата, на печы, лепш было! Як усе зробяць, так і мы!

Яго сын, Пархвен, засароміўся, пачырванеў і выціраў нецярплівай рукою буйныя кроплі поту з твара.

Паднялася раптам з месца ўдава Мацеіха.

— А я скажу перад усімі, хто нам тут круціць мазгі!

— Гавары! Гавары! — падбухторылі некаторыя.

— А вы думаеце, баюся сказаць?—звярнулася яна да схода, — зусім не баюся! Старога так навучыў гаварыць Слуп. Ён ды яшчэ некаторыя ўвесь час нас баламуцяць.

— Ах, гадзіна! — крыкнула Слупіха. — Вечна корміш цябе, а ты вунь што ўзводзіш на нас!

— Ды я-ж твой падарунак назад аднесла! Лявон і не думаў есці, — аж узвізгнула Мацеіха. — Слуп і старога Сухарукага навучыў, а ўвесь сход маўчаць вучыў. Я гэта таму, што неяк не добра гэта і ўсё такое.

Ад хвалявання ў Мацеіхі збялелі губы. Шэрая хустка з’ехала на лоб.

Сход загуў, як устрывожаны вулей.

Цяпер ужо многія парываліся гаварыць. Перабівалі аізін аднаго, паднімаліся з лавак, крычалі на розныя галасы. Нібы паводка, якая хоча прарваць грэблю.

«Рушыцца саламяная крэпасць...» — узрадаваўся Мікола.

— Не толькі Слуп! — крыкнуў Яўхім, чалавек у кажуронку. — Тут і Бочка ды яшчэ некаторыя! А мы, бедната, за калгас стаім! Няма, казаў той, чаго нам баяцца. А то многія — «страх бярэ»!

Некалькі чалавек пры гэтым шуганула за дзверы. У агульным тлуме і сумяціцы ніхто гэтага і не заўважыў.

Спалоханы і злосны бег Слуп. Ён туліўся каля вуглоў будынкаў, каб ніхто яго не заўважыў.

Ноч была цёмная і вільготная.

Боты Слупа хлюпалі ў мокрым снезе. Мінуўшы вёску, ён пайшоў дарогай. Часта азіраўся навакол, ці не гоніцца хто за ім. Ноч агарнула яго з усіх бакоў. Вільготны вецер калоў твар халоднымі шыламі.

— Цікава, што на гэта ўсё скажа бацюшка... — мармытаў Слуп і адварочваў твар ад ветру.

Скрыгатаў зубамі і прыдумваў розныя рэчы:

«Млын падпаліць?..

... Каля млына ўночы ходзіць варта...

... Застрэліць Драчыка або Міколу Ярэмчыка?..

...Хто яго ведае...»

Успомніў нецікавы лёс Язэпа Крушынскага.

Студзёны вецер сцёбаў у твар.

Здалёку мігацеўся прытульны агеньчык з хаты айца Дзімітрыя.


40 - РАШУЧЫ БОЙ

правіць

У сельсовеце няма карты, але Антось Драчык ведае напамяць, як сваю далонь, тую ваколіцу, дзе ён радзіўся, вырас і жыве па сягоннешні дзень.

... Пяцьдзесят працэнтаў сельсовета ўжо калектывізавана.

Той сход у клубе быў пераломным. Большасць Драздоў і Дзятлаў згадзілася ісці ў калектыў. За імі пайшла і вёска Глухаўка. Цяжэй з хутарамі ды пасёлкамі.

Шэрыя вочы Драчыка за гэты час запалі. Ён па начах не спаў. Некалькі разоў ездзіў у райкалгассаюз за парадамі і кіраўніцтвам.

Абшар сельсовецкай зямлі стаяў увесь час перад вачыма.

Рэчка на вялікім балоце цягнецца на некалькі вёрст, робіць розныя звівы, лукі, падковы. Яна служыць гранічнай паласою. Каля яе стаяць прымежныя слупы. Далей мяжа ідзе праз хваёвы лес роўнай, як струна, лініяй. Яшчэ далей мяжа перасякае аграмаднае поле, тлустае, роўнае, без каменняў (тут ёсць разгул для трактараў). У гэтым месцы калючы дрот дзяржаўнай мяжы. На тым баку калючага дроту вёска Рудня. Туды ў прымакі пайшоў старэйшы брат Драчыка. Даўней Драчык там бываў часта. Ведае ўсіх сялян вакольных блізкіх вёсак на тым баку. Калі стаіш на высокім камені, што ляжыць на полі, і глядзіш туды, дык за Рудняю бачыш яшчэ некалькі хутаркоў.

І вось што кажа Антось Драчык сельсовецкаму актыву:

— У нас ёсць торф, у нас ёсць гліна, у нас ёсць добры будаўнічы лес. Ды мы яшчэ самі не ведаем, якія багацці ёсць у нашым сельсовеце...

І вось што кажа наборшчык Сакалоўскі Антосю Драчыку:

— У вас няма сельскагаспадарчых машын, у вас няма добрай жывёлы, у вас многа непісьменных, у вас мала школ. Ды вельмі шмат чаго нехапае.

Усё гэта хутка будзе!

А на сельсовецкіх сталах ляжаць сцірткамі, кубікамі карткі — рэшткі часоў Язэпа Крушынскага, калі былы старшыня сельсовета рабіў розныя фокусы.

На стале Драчыка гарыць газавая лямпа і асвятляе пакой жоўтым маленькім язычком. На сценах мільгаюць цені. Перад яго нутраным зрокам — нямалы абшар сельсовета, асветлены сонцам, жыве новым жыццём...

У гэтыя ночы Драчык спіць толькі па тры-чатыры гадзіны. Схуд за гэты час.

«Яшчэ адна пяцігодка», — думае ён.

Пасля адлігі выпаў новы снег.

Змітрок, Драчык з брыгадай комсамольцаў паехалі ў пасёлак да Хвёдара. Санкі шпарка слізгаліся па снезе. Мільгалі перад вачыма і адсоўваліся назад платы, дробныя хмызнячкі.

Трохі непрыемна Змітраку:

... Калісьці разам у арміі служылі, былі шчырымі таварышамі. Чужым зрабіўся цяпер Хвёдар, чужым і далёкім...

Бялее на ўзгорачку прышчэпаўскі пасёлак, які выгадаваў пару новых кулакоў ды ўзмацніў ранейшых.

Хутка імчацца санкі, шорхаюць па пухкім снезе.

Пасёлак расце перад вачыма, набліжаецца.

На Хвёдаравым дварэ іх сустрэла гаспадыня, Хвёдарава жонка.

— Да нас?

— Да вас.

Гаспадыня выцірае рукою сняжынкі з русых валасоў, падазрона глядзіць на гасцей.

— Хвёдар дома?

Маладая ружовая Хвёдарыха аглядаецца па баках, паратунку шукае.

— У хаце яго няма, — кажа яна.

Ноткі спалоху ў голасе. Яна ўтаропіла вочы ў твар Змітрака, шукае ў ім тлумачэння: навошта запатрэбіўся

Хвёдар.

— Дык дзе-ж ён? — не адстае Змітрок.

Яна стараецца не глядзець у бок гумна. Адвярнулася тварам да абледзянелай студні.

— Не ведаю, дзе Хвёдар.

— Не ведаеш, дык абыйдземся без яго.

Нешта такое было ў голасе Змітрака, ад чаго яна яшчэ больш устрывожылася.

— А вы па якой справе прыехалі?

— Трэба апісаць вашу гаспадарку, — сказаў Драчык. Жанчына пабляднела. У яе вачах загарэліся два агеньчыкі.

— Вось як... Вось як...

Адвярнулася ў бок гумна і крыкнула:

— Хвё-о-о-да-ар!

— Глядзі, і Хвёдар дома!

Змітрок усміхнуўся, і дзве глыбокія маршчынкі зайгралі на яго ілбе.

Да двара падыходзяць некалькі пасялкоўцаў. Зацікаўленымі вачыма паглядаюць на Змітрака, Антося Драчыка і маладых хлапцоў, якія стаяць каля санак.

Змітрок з імі вітаецца.

— А ты, Сідар, што валачэшся хворы? — пытаецца ён у аднаго худога селяніна ў латаным, зашмальцаваным кажушку.

— Усёроўна.

Сідар махае рукамі. Ён ледзь на нагах стаіць ад слабасці.

— Хто сёлета ў цябе касіў луг?

— Хвёдар...

— І ўсё сена забраў?

— Навошта мне сена, калі не маю каго карміць гэтым сенам. Бачыш, хварэю: жывёлу прадаў.

Сідар вінавата апускае галаву.

— Хвёдар і каня ў мяне адкупіў, — мармыча ён ціха, нібы сабе самому навіну гаворыць. — Дзеці малыя...

— Хвё-о-о-да-ар! — крычыць гаспадыня ў другі раз.

— Чаго-о-о табе? — плыве з пуні Хвёдараў адказ.

— Ды ты, Марыля, не крычы. Мы да яго пойдам,— супакойвае гаспадыню Змітрок.

Гаспадыня ўспляснула рукамі:

— А божа-ж мой... А мі-і-іленькі...

У пуні яны засталі Хвёдара пры тым, як ён канчаў аблупліваць карову. Над цёплым яшчэ тулавам віўся ледзь прыкметны дымок пары...

— Га? — адазваўся Хвёдар на прывітанне Змітрака.

— Ты не кепскі скуралуп! Навошта такую добрую карову зарэзаў?

— Як навошта, на мяса, — спакойна адказвае Хвёдар.

— А ведаеш, што дастанеш за разбазарванне жывёлы?

— Жывёла мая. Што хачу тое і раблю.

Хвёдар адразу падняўся, і твар яго зрабіўся сур’ёзным. Не ведаў, як схаваць боты і рукі, запэцканыя ў крыві.

— Эх ты, скуралуп! Раней Сідара некалькі год лупіў, а цяпер вось што ты робіш! Хадзем! Трэба рабіць вопіс тваёй гаспадаркі. Хлопцы, запрэце пуню, каб сабакі не ўлезлі сюды, — звярнуўся Змітрок гаспадарчым тонам.

— Што? Раскулачваеш? — запытаўся Хвёдар змененым раптам голасам, і левая рука ў яго павісла, як чужая.

Змітрок нічога не адказвае.

У хату ідзе ўжо не ранейшы Хвёдар, моцны і ўпэўнены, а чалавек, якога раптам нібы схваціў паляруш. У яго апусцілася галава.

На гумне, нібы дробныя хатачкі з дзіцячых казак, стаяць рамачныя вуллі. Іхнія маленькія стрэшкі абпушаны свежым сняжком. Дзверцы і сценкі вулляў фарбаваны ў зялёны колер. Над вуллямі, нібы белыя пчолы, кружацца-мільгаюць сняжынкі.

— Падлічы, Лявон, вуллі! — загадаў Змітрок аднаму маладому хлапцу з комсамольскай брыгады.

— ... А цяпер так трэба рабіць... — навучаў айцец Дзімітры. — Зараз-жа, пакуль не выслалі, падацца ў калгас. Усім нашым гаварыце, каб ішлі... А далей відаць будзе. Трэба, каб калгасы апынуліся ў нашых руках... Вы разумееце?

— Разумею... — кажа Слуп.

— Разумеем яшчэ як... — дадае Бочка. — Нас дык, мабыць, не прымуць, але іншых з нашых возьмуць.

Той самы маленькі пакойчык. Тая самая лямпа на стале.

«Матушка» слухае вельмі зацікаўлена. Жвавы кот грае фрэнзлямі сарвэткі, якія вісяць з камоды.

Мала таго, што акяніцы зачынены, вокны шчыльна завешаны тканінамі.

На дварэ сеецца дробны снег, пытлюецца, пыліцца і туліцца каля платоў і сцен будынкаў невялікімі гурбамі. Каля сцяны сцелецца сіняя ноч. Над купалам царквы вісяць халодныя зоркі.

Айцец Дзімітры п’е гарбату. «Матушка» налівае з самавара і гасцям. Яны, чырвоныя і потныя, слухаюць яго настаўленні.

— Да вясны трэба так-сяк трымацца, а потым пабачым. За граніцай маўчаць не будуць. А як толькі вайна, дык наш сельсовет у першы дзень будзе вызвалены.

Айцец аглядаецца на завешаныя вокны. Доўга прыслухоўваецца, прыгнуўшы трохі галаву на левы бок. Апрача шуму самавара, нічога не чуваць.

— Вясною нешта будзе. Вайна немінуча. Увесь свет супроць тутэйшых парадкаў...

Голас айца шапатлівы і меланхалічны.

— Канец усяму-ж гэтаму павінен быць. Так цягнуцца доўга не можа...

Ён частуе гасцей папяросамі.

— У мяне іх цэлы запас. Яшчэ ўвосені купіў на трыццаць рублёў.

«Матушка» перагортвае старую «Ниву». Глядзіць на малюнкі ды любуецца:

— Вось прыгожа. А як пісалі даўней. Прыемна чытаць.

— Э-э-эх...—глыбока ўздыхае айцец Дзімітры і вачыма ўпёрся ў сцяну, нібы некага бачыць там жывога. Вочы ў яго павялічыліся, пацямнелі.

На дварэ скаголіць вецер.

Каля сцен царквы мільгаюць цені. Вось яны вызначаюцца чорнымі профілямі, а вось снег зноў закруціў, калматымі сівымі лапамі пачаў мацаць высокія сцены, давай пыліць па іх белай мукою.

І зноў нікога няма.

Толькі ноч, сіва-сіняя, глядзіць з усіх бакоў, вандруе па снежным полі ў абмерзлых лапцях. А з зажмураных далячынь імчыцца вецер, імчыцца грозны і суровы і блытае па саламяных стрэхах свой заільдзянелы бурнос.

І думае айцец Дзімітры:

«Хутчэй ужо скінуць гэту агідную расу ды зноў апрануць бліскучы мундзір паручніка...»

Слуп і Бочка кураць папяроскі, зацягваюцца смачным дымам, і па іх тварах расплываецца прыемнасць.

— Даўно такіх добрых папярос не курыў.

— Аг-га...

Трывожна забрахаў на дварэ Мурза.

Акамянеў айцец Дзімітры і давай азірацца па баках.

Слуп і Бочка ўскочылі з табурэтак.

— Хто гэта можа быць? — устрывожылася «матушка» і адкінула ад сябе «Ниву».

Загаласілі, завылі на розныя галасы ўсе сабакі вёскі Глухаўкі.

У айца Дзімітрыя ледзь дрыгнула барада.

— Няўжо-ж... — прамармытаў ён... — Няўжо-ж вобыск?

Адну хвіліну прыціснуў стол правай рукой. Пальцы пабялелі. Супакоіўся:

— У хаце нічога не знойдуць. Няма чаго баяцца.

— Адчы-ні-і-це!

На ганку тупат ног. Увайшлі ў хату вайскоўцы-пагранічнікі.

У прытульны пакой уварваўся холад зімовай ночы.

Вочы ў людзей блішчаць. На брывах срэбны шэрань.

Аж да поўдня круціла завея. Марозным подыхам яна імчалася па полі, па замеценых дарогах. Гурбы снегу наносіла на гумны, на вясковыя двары.

Мікола і Сакалоўскі сягоння яшчэ нікуды не выходзілі. Трэба ехаць у Мінск, а тут гэткае надвор’е.

Марцін лапатай пракопвае сцежку ад двара да гумна, а Мэра трымае на каленях Зорачку і кажа да Міколы і Сакалоўскага.

— Не бядуйце, пад вечар паедзеце. За дзень дарога палепшае.

— Навошта чакаць?

— Ды ўсёроўна адпачнеце. Гэтулькі ў нас працавалі

Ды як працавалі. Не елі, не спалі.

— Ну, гавары, гавары! Яшчэ што скажаш?

— Ахрып ты, Мікола, высах, аброс барадою.

Зорачка паўтарае за Мэрай:

— Дзядзя ахліп, высах, аб’ёс баядою...

Усе смяюцца.

— Аж неяк не верыцца, — кажа Мэра, — што ў нас ужо калгас. Здаецца, нічога не змянілася. ,

Вясною зменіцца. Тыя межы, якія цяпер занесены снегам, будуць завораны. Іх знішчыць трактар.

— Мама, сьто такое т’яктай? — пытаецца Зорачка.

Не паспела Мэра адказаць Зорцы на гэтае запытанне, як у хату ўвайшоў «Леў Талстой».

Не сказаўшы «дзень добры», ён адразу запытаўся:

— Чулі?

— А што?

«Леў Талстой» да таго ўсхваляваны, што доўгі час атрасае нешта невідочнае з барады.

— Ды на вашай барадзе няма снегу! — смяецца Мэра.

— Так. А я, трэба прызнацца, мог-бы яшчэ доўга трэсці, бо яна белая сама па сабе, а я ўсё думаю, што на ёй снег. Так. Ух, ты! Забыўся, што мне даўно стукнула шэсцьдзесят год. Так. Мая барада і летам пакры...

— Дык раскажы, брат, у чым справа? Чаго прыбег так раптоўна? — зацікавіўся Мікола.

«Леў Талстой» наставіў на яго вочы, памацаў кішэні ды ўстрывожыўся:

— Ах ты ліха! Акуляры ў хаце забыўся!

— Раскажы без акуляраў, — параіў Мікола і ўсміхнуўся.

— Так. Сягоння ўночы быў вобыск у бацюшкі. Арыштавалі яго і Слупа і Бочку. Яны якраз былі на той час у яго хаце. Доўга шукалі, дык вось у царкве раскапалі нейкі стары склеп, а там знайшлі пудоў сто тухлага збожжа, шмат кантрабанды...

— Ого-го-о-о! Гэта дзела!

Мікола ўскочыў з свайго месца.

— Бачыш ты іх! Дзе-ж яны цяпер, арыштаваныя?

— Павезлі ў Шапалевічы — у раён. Так. А раскулачванне ідзе поўным ходам!

— Каб хаця Драчык не перахапіў мерку, — заўважыў Мікола. — Але не! Было ўсё гэта абмеркавана раней з удзелам раёна. Пагрэйся, стары, і назад туды пойдзем — у Гайдачаны.

— Не ў Гайдачаны, а ў «Першае мая». Так, — паправіў яго «Леў Талстой».

Як супакоілася завея, засвяціла яркае сонца.

Бліскучы і крохкі снег сляпіў вочы. Мікола, Сакалоўскі і «Леў Талстой» ішлі ў «Першае мая».

«Леў Талстой» усю дарогу апавядаў падрабязнасці вобыска. Пры гэтым кожную хвіліну спыняўся і ўстаўляў у свой верставы маналог свежыя навіны:

— Ага, ледзь не забыўся. Так. Раскулачваюць сягоння Слупа і Бочку. Так.

Прайшлі яшчэ трохі і «Леў Талстой» зноў успомніў:

— Бацюшка, як кажуць, зусім не быў раней духоўнай асобай, а белагвардзейскім тоісь афіцэрам. Так.

«Вось табе «храм божы», — думае Мікола.— А хлебанарыхтоўкі? У кулака лепш згніе збожжа, а дзяржаве даць не хоча...»

— Ага, — перабіў яго думкі «Леў Талстой», — шмат золата знайшлі ў склепе пад царквою. Так. Бацюшка, тоісь афіцэр белагвардзейскі, тлумачыў, што золата і кантрабанду тут схаваў не ён, а Язэп Крушынскі.

Сельсовет перанеслі з Гайдачан у дом бацюшкі. Драчык яшчэ ўвосені збіраўся гэта зрабіць. Усё часу не было.

Царква зусім забыта людзьмі. Дзверы яе занесены снегам. Часта Драчык глядзіць на яе праз акно сельсовета. Яна мазоліць яму вочы.

І вось была пушчана пагалоска, што стары Сухарукі, адзін з бацькоў Драздоў і Дзятлаў, нейкім дзіўным зрабіўся. Пачаў гаварыць сам з сабою.

Быў адзін з гарачых дзён калектывізацыі ў Гайдачанскім сельсовеце. На дварэ выла, скаголіла і хадыром хадзіла мяцеліца. Вецер насвістваў па комінах заліхвацкія песні. Салома на стрэхах так шурхала, нібы там гойсала стада спалоханых авечак. Квахталі трывожным квохтам старыя вароты. Гурбы снегу паўставалі дуба і падалі плазма ля сутулых бярозавых платоў раненымі белымі мядзведзямі, падалі і паўзлі ракам па дварах і гумнах. Гурбы снегу раздвойваліся, растройваліся, зноў сціскваліся ў адно і курадымілі пад акенцам.

Стары Сухарукі горбіўся ў кажуху на тапчане, зірк-зірк у шыбіну і мяцеліцы не бачыў. Перад яго зрокам і слыхам як наўмысна зазелянелася веснавая трава і заціўкалі жаўранкі. Над балотным абшарам шалясцела крыллем стада буслоў. Л на полі за вёскай заворваюць у адзін абшар у даўжэзныя, як дзедава жыццё, барозны разам з суседнімі і яго вузенькія, бы ручнікі, палоскі...

Глядзеў стары Сухарукі ў акенца і праз каламуць і сляпніцу мяцеліцы адчуваў трывожную для сябе вясну.

— Крыжам лягу, а не дазволю!..

Цмокаў з засосам абгрызаны, абсмактаны цыбук старой са шматгадовым дурнапахам люлькі. А ў люльцы не было тытуну, яна не дыміла. Заядлы курэц не запрыкмеціў...

Гэты дзень быў адным з гарачых у Гайдачанскім сельсовеце.

Калгасны актыў меркаваў розныя планы аб тым, як палепшыць жыццё Драздоў і Дзятлаў. Звінеў голас Антося Драчыка:

— Люблю праўду! Выкарчуем з нашай зямлі рэшткі мінулага! З карэннем вырвем! Люблю шчырасць, радавацца будуць людзі. Аратаі зменяцца ў нас, новымі стануць. Гэтага не ўцямяць хіба такія, як Сухарукі.

Блішчэлі радаснай дабратой шэрыя вочы Антося Драчыка.

Сухарукі пачаў рыдлёўкай раскопваць тое месца, дзе каля адзінокага дуба павінна быць мяжа аднаго з яго шнуроў, ледзь шырэйшага за мяжу.

Мяцеліца заскаголіла над старым, сарвала шапку з яго галавы і кудысьці занесла, закінула. Ён нават не запрыкмеціў... Завея кідала яму ў вочы белае пер'е, сляпіла, ірвала з рук рыдлёўку. Дзед адкідваў, а завея намятала новыя гурбы. Дзед спацеў. Яму стала горача; ён расчыняе рот, і белыя мухі да балючай прыемнасці язык студзяць. Шамкае бяззубым ротам снежны пыл, нібы манную кашу. Капае рыдлёўкай, шуфлюе, згінаецца, гахкае. Вось дабіраецца да чысцюткай зямлі, да святога святых яе грудзей, дзе ўвосені жыцянымі шпілечкамі выціснулася з-пад верхняй лушпінкі глебы скупая рунь кепскага насення.

Мяцеліца мяце, а дзед:

— Альба — альба...

Правая рука моцна рыдлёўку трымае, левая ледзь дапамагае. Дзед рупна скінуў кажух. Горача, непрытомна гараць вочы.

— Гэй, Галава, бацька Драздоў, дапамажы суседу!

Забыўся, што Галава ўжо зімуе першую зімку ў труне.

— Сухарукі забаламуціўся, — прынеслі навіну ў вёску. — У чыстым полі снег адкопвае з сваіх меж...

— Бедны... Стары кацялок не пераварвае, — гаварылі калгаснікі да Сухарукавага сына. — Няхай сабе дзед паасобку гаспадарыць.

— Дзе там яму гаспадарыць? — аж зазлаваўся той. — Мой стары з глуздоў з’ехаў. Нічым тут не паможаш.

У другі раз Сухарукі — старэйшы з роду Дзятлаў — у цёмную ноч пайшоў некуды. Хатнія не агледзеліся. Раптам пачулі людзі сярод ночы перакліканне званоў. Устрывожыліся, аглядаліся, ці не палыхае ў небе полымя пажару. Прыслухоўваліся, ці не чуваць крыку, гвалту. І пабеглі з усіх бакоў да забытай царквы.

На званіцы знайшлі адубелага ад марозу і зусім звар’яцелага Сухарукага. Ён упіраўся рукамі і нагамі ды не хацеў злезці.

Некаторыя старыя бабы пачалі прыдумваць новыя байкі аб «цудах божых».

Тады калгаснікі пастанавілі зняць званы.


41 - ЗРЫВАЮЦЬ МАСКІ

правіць

Якраз гэтай парою ўрываецца праз акно ў кабінет Антона Цярэшкі ранішняе сонца. Яно лезе на пісьмовы стол.

А калі ў гэты час Цярэшка сядзіць пры стале, яно грэе яму левую шчаку.

Сягоння на стале красуецца стопка кніжак — «Галасы палёў». На вокладцы — птушкі, падобныя да самалётаў, дзераўцы, падобныя да птушак, і хаткі, падобныя да дзераўцаў. Сонца з акна палажыла на вокладку кніжкі рыжую лапу і хоча замазаць вокладку новым колерам.

Учора Цярэшка дастаў на кніжнай базе дваццаць пяць экземпляраў «аўтарскіх». Каб даць кніжку з надпісамі «ад аўтара» толькі самым блізкім, дык набярэцца да сарака, і то яшчэ некаторыя будуць крыўдзіцца і будуць напамінаць:

— Дзядзька Цярэшка, чакаю кніжкі.

— Дзядзька Цярэшка, яшчэ мне не далі.

— Вы, пэўна, забыліся, дзядзька Цярэшка.

— Дзядзька Цярэшка...

Учора раздаў служачым на базе пяць экземпляраў.

Прычапіліся:

— Дайце, дзядзька Цярэшка. Мы пастараемся распаўсюдзіць вашу кніжку.

Ён наспех пісаў хімічным алоўкам. Пры гэтым непрыемна было пытацца як завуць. А прыходзілася. Ён пісаў:

«Ад аўтара»,

«На памяць»,

«Паважанаму»,

«Дарагому»,

«З пашанай».

Тое самае і ў кнігарні трэба будзе даніну аддаць. А як не дасі, калі ад гэтых «дарагіх» і «паважаных» залежыць продаж кніжкі? Купіш і дасі.

А вось упершыню Язэпу Крушынскаму не дасі.

Заўсёды той атрымліваў Цярэшкавыя кніжкі з самымі гарачымі надпісамі... Цяпер ён недзе далёка, дзе салаўі пяюць...

На дварэ сонца, мароз і вецер. У кабінеце сонца, прытул і цяпло.

Цярэшка пачынае пісаць надпісы на першай старонцы кніжкі пасля вокладкі. Пры гэтым у думках лаецца:

— Чорт ведае! Пішы вось... Куды лягчэй некалькі вершаў напісаць, чымся адно прысвячэнне на кніжцы. Трэба так пісаць, каб кожнаму трапіць пад яго густ, стукнуць цёплым словам у самае сэрца. Трэба...

Ён піша:

«Дзеду беларускага руху, рыцару адраджэння народа нашага, шаноўнаму і дарагому Н.........

Ад вас я вучыўся. Вы мяне, можна сказаць, выгадавалі. Заўсёды Вы мне надавалі натхненне сваім вогненым гарачым і родным словам. Прыміце «Галасы палёў» — думы сэрца майго — у знак найвялікшай да вас пашаны. Заўсёды Ваш

Антон Цярэшка.»

Цярэшка ведае: гэты дзядок-прафесар возьме кніжку, кінецца яму на шыю цалавацца і пачне ад чуллівасці выціраць вочы.

— Ідзі снедаць! — чуе Цярэшка з-за дзвярэй голас жонкі.

— Зараз пайду.

Піша на другой кніжцы:

«Бацьку «Нашае нівы». Найлепшаму майму настаўніку і бацьку духоўнаму, шчыраму ратаю на роднай глебе Н

Буду лічыць за вялікі гонар, калі пачытаеце мае «Галасы палёў». Гэтыя вершы я пісаў, кіруючыся выключна Вашымі настаўніцкімі, каштоўнымі для мяне, парадамі. Ваш духоўны сын Антон Цярэшка.»

І Цярэшку добра вядома: гэты дзядзя скосу, адным вокам, зірне ў кніжку, падзякуе і моцна пацісне руку.

У кабінет усоўваецца хатняя работніца.

— Астыне гарбата. Пані Мар’я прасіла, каб ішлі снедаць.

— Добра...

І ён бярэцца за трэцюю кніжку:

« Вялікаму Н...........

ад маленькага Цярэшкі. Адважыўся паднесці Вам свае «Галасы палёў». З сэрцатрапятаннем буду чакаць Вашага слова аб гэтай кніжцы. Ваша ацэнка для мяне той маяк, які ў далейшым будзе свяціць на маім творчым шляху. Хілю галаву перад вашым геніем. Ваш вучань

Антон Цярэшка.»

Гэты і на кніжку не гляне, пахваліць кніжку і яе змест, зірнуўшы толькі на вокладку, і скажа: «Як найхутчэй трэба апрыскаць вашыя «Галасы», а то ахрыпнуць. Хадзем пакуль што на кухню вып’ем, а там пабачым».

З-за дзвярэй чуваць голас жонкі. Ноткі нецярплівасці ў яе словах:

— Пойдзеш снедаць ці не?

— Адчапіся! — кажа Цярэшка. На чарзе ў яго чацвёртая кніжка.

«Міламу і дарагому, шаноўнаму і паважанаму крытыку Гайдачу-Алалоўніку. Кіруюся ў творчасці выключна Вамі. Адважуся даць Вам «Галасы палёў» на строгі прысуд. Я ўпэўнены, што вы зразумееце аўтара і адчуеце «Галасы палёў» такімі, якімі яны ёсць. Калі мяне прызнаюць як паэта, дык дзякуючы Вашай глыбокай і трапнай крытыцы. Сардэчна і шчыра дзякую за Вашыя прыязныя адносіны да мяне на старонках друку. Адданы Вам, як нікому

Антон Цярэшка.»

А гэты? — О-го-го! Гайдач адразу прачытае прысвячэнне, напісанае аўтарам на першай старонцы аж тры разы адным махам, пакруціць па-гусінаму галаву і скажа: «Дзякую, дзякую, дзякую, дзядзенька Цярэшка.» Пачне трасці руку моцна, рупна прыгнецца і яшчэ раз падзякуе, выпрастаецца і яшчэ раз падзякуе, выпрастаецца і яшчэ раз. І будзе дзякаваць пры кожнай сустрэчы яшчэ некалькі дзён...

Ціхенька адчыняюцца дзверы кабінета, і Мзей, дачушка Язэпа Крушынскага, якая жыве цяпер у Цярэшкавых, кажа:

— Дзядзька Антон! Цёця прасіла, каб ішлі есці.

— Га-а-а? — усхапіўся Цярэшка. — Ідзі! Не перашкаджай!

Спалоханая Мзей спрытна, як мышка, высоўваецца з пакоя.

Цярэшка бярэцца за пятую кніжку. Доўга думае, курыць ды злуецца:

— Перашкаджаюць. Думкі перабіваюць.

Ён трэ левай рукою лоб і піша:

«Дарагому і слаўнаму Лявону Максімычу Лапоўскаму. Лічу, што гэта кніжка не мая, а Ваша. Бо Вы сваімі гутаркамі, сваімі філасофскімі развагамі і чыста беларускай мудрасцю заўсёды...»

Раптам у кабінет урываецца бура некалькіх галасоў. Цярэшка аж ускочыў з свайго месца. Дзверы кабінета адчыніліся, і з сур’ёзным тварам і грознымі вачыма пані Мар’я несла шклянку гарбаты. За паняй Мар’яй работніца ўрачыста трымала невялікую тацу3 . На тацы — булачка, сыр з маслам, каўбаса і хлеб. За работніцай ішла Мзей з абрусам у руках.

— Разумна прыдумана, — пахваліў Цярэшка і засмяяўся. — Я-ткі, па шчырасці кажучы, прагаладаўся. Каб да такой працэсіі яшчэ пару музыкаў і адну балерыну, дык можна было-б з прыемнасцю паснедаць.

— Кінь глупства гаварыць, а снедай! — загадвае пані Мар’я.

Мзей кладзе абрус на пісьмовы стол, на «Галасы палёў», работніца ставіць на абрус тацу з ежаю, а пані Мар’я — гарбату.

— Ой, абальеце мне ўсё гэта, — літасці просіць Цярэшка і бярэцца за снеданне.

Працэсія са смехам выходзіць.

У калідоры хрыпіць званок.

Мзей хутка прыносіць Цярэшку пошту: газеты, пару часопісаў і ліст.

Цярэшка адразу бярэцца за ліст. Глянуўшы на паштовы штэмпель, кажа: «а-а-а, стары друг гадоў дзяцінства!»

Ліст ад Язэпа Крушынскага.

І Цярэшка думае. Думка яго ўдзячная.

«Малайчына Язэп! Сам пакутуе, а нашых не выдаў. Мог-бы гэтулькі бяды нарабіць...»

Вачыма прабягае па радках ліста:

«Як там Настачка і Мзей?

«Што там у Курганішчы цяпер робіцца?

«Сустрэўся з аграномам. Шле прывітанне. Я да гэтага часу блытаю Івана Мацвеевіча Шапавалава з Антонам Сяргеевічам Мятловым».

«Прышлі махоркі».

Зноў званок.

Нехта прыспешнымі крокамі ідзе адразу ў кабінет.

— Вы?

— Я.

Чалавек без знакаў прыпынку з партфелем у руках.

— Можа гарбаты вып’еце?

— Дзякую. Я ўжо снедаў. Чыталі сягоння «Совецкую Беларусь»?

— Яшчэ не чытаў. А што?

— Там пра вашыя «Галасы палёў»...

Цярэшка паружавеў.

— Ну як? Хваляць? Лаяць?

— І тое і другое, а наогул добра... — Чалавек без знакаў прыпынку ўсміхнуўся. — Калі лічыць, што «іхняя» лаянка нам хвальба (для падтрымання настрою Цярэшкі ён сказаў «нам»), а так яно і ёсць, дык значыць хваляць...

— Паводле вашых слоў я разумею, што лаяць? — усхапіўся Цярэшка.

Чалавек без знакаў прыпынку выцер успацелыя акуляры і падслепаватымі вачыма зірнуў на Цярэшку.

— Зразумелі? Чудэсна! Добра, што зразумелі. Калі лаяць, дык «Галасы палёў» хутка разыйдуцца. Непакоіцца, дзядзька Цярэшка, нам няма чаго.

Тым часам Цярэшка непакоіўся. Снеданне ў горла не лезла, ён узяўся за «Совецкую Беларусь».

Аб «Галасах палёў» быў надрукаваны артыкул на цэлы падвал. Паміж гонямі звычайнага корпуса дзе-ні-дзе свежа ўзаранымі барознамі вызначаўся чорны корпус. Дробнымі межамі мільгалі петытныя радкі — урыўкі з Цярэшкавых вершаў.

Спачатку Цярэшка пачаў лавіць вачыма чорны

корпус:

«Гэта не галасы палёў, а галасы кулакоў».

«Аб чым паэт сумуе? Аб чым лье горкія слёзы? Сум яго—сум кулака. Слёзы — плач класавага ворага, які адчувае сваю немінучую пагібель».

«Цярэшка нам чужы».

«Нас толькі дзівіць, як гэта выдавецтва друкуе такія кніжкі з контррэволюцыйным зместам».

«Цярэшка, мабыць, сядзеў у кулацкім хутары, калі пісаў гэтыя вершы».

Пакуль што Цярэшка задаволіўся чорна-корпуснымі выняткамі з артыкула.

Пад артыкулам подпіс — Н. Бандарчук.

Цярэшка стукнуў кулаком аб стол. З яго горла вырвалася адно слова:

— Ха-ле-ра!

Чалавек без знакаў прыпынку з усмешкаю за ім назіраў.

— Дык чаго вы, дзядзька Цярэшка, хвалюецеся? Бандарчук добра зразумеў вашыя вершы.

— Яно так, але вось свой брат пісьменнік напісаў...

— Які ён там «свой брат», калі мы ў розныя бакі цягнем. Тут і брат не брат і сват не сват. А хто гэты Бандарчук?

— Белапавец.

— Вось бачыце, птушка з чужога гнязда.

— Я з ім вітацца не буду! Гаварыць з ім не стану! — Цярэшка яшчэ раз стукнуў кулаком аб стол і яшчэ раз сказаў:

— Ха-ле-ра!

Чалавек без знакаў прыпынку назіраў за ім з усмешкай.

— Я ўсё-ж не разумею, чаго вы, дзядзька Цярэшка, злуецеся? Вы «іх» дурнямі лічыце? Думалі, што не зразумеюць?

— Так то яно так, але...

— Супакойцеся...

Зноў званок.

Прышоў чалавек з вачыма сфінкса. Ён яшчэ не паспеў прывітацца, як запытаўся:

— Чыталі «Совецкую Беларусь»?

— Чытаў.

— Ну, дык не хвалюйцеся. Трэба прасіць Гайдача даць контркрытыку.

— Пабаіцца, — кажа Цярэшка. — Ён трымае нос па ветру. Цяпер, чаго добрага, лаяць пачне.

— Тады папросім Юбілейнага.

— Тое самае.

— Дык што-ж рабіць? — пытаецца чалавек з вачыма сфінкса ў чалавека без знакаў прыпынку.

— А нічога рабіць не трэба. На мой погляд, нават добра. Кніжка хутчэй разыйдзецца.

Тым часам пані Мар’я прынесла бутэльку віна і бакалы, падобныя да вадзяных лілеяў. Калі госці выпілі, вастрыня ўражання ад артыкула ступілася.

Цярэшка супакоіўся. А чалавек без знакаў прыпынку задумаўся, мэкнуў і сказаў:

— Дзядзька Цярэшка мае перад сабою ў недалёкай будучыні большыя абавязкі, чымся пісаць «Галасы палёў». Не доўга нам чакаць прыдзецца. Тады нашыя «Галасы палёў» (ён зноў сказаў «нашыя») стануць падручнікам для маладых пісьменнікаў.

Ён выпіў яшчэ раз і давай раіць Цярэшку, як трымацца. Пры гэтым чалавек без знакаў прыпынку меў прывычку, калі гаварыў нешта сардэчнае, глыбокадумнае і высокаўзлётнае, выдаваць часта гук падобны да «м-м-м». Ён сказаў:

— Углыбіцеся, дзядзька Цярэшка, у сябе, м-м-м. Думайце аб вечным харастве, м-м-м, на зямлі і няхай вам не перашкаджаюць драбніцы. Будзьце горды сабою. Усё рэшта, м-м-м, — трынь-трава!

Цяпер, як ніколі ў іншы час, чалавек без знакаў прыпынку быў падобны да апостала. Ён падняўся з месца з бакалам у руках і гаварыў сваё казанне:

— М-м-м... Калі гэтыя «Галасы палёў» нам цяпер непрыемнасці прынясуць, дык не трэба падаць^ духам. Панства духа бязмежна шырока, м-м-м, і духоўнага на свеце бязмежна шмат. Што такое па сутнасці дух.

М-м-м. Гэта спадчына, якую мы атрымалі ад прадзедаў на зямельцы роднай. Дух ваш, дзядзька Цярэшка, павінен, м-м-м, быць свабодным і мужным. Калі дух можа быць такім? Толькі, м-м-м, тады, калі ён абкружаны самім сабою і не цікавіцца вакольным. Так. Вакольным не цікавіцца. Духоўны свет трэба, м-м-м, шукаць у самім сабе.

Чалавек без знакаў прыпынку захапіўся сваімі ўласнымі словамі. У яго быў такі выгляд, нібы ў ката, які ўздумаў раптам лавіць свой уласны хвост. Ён трохі адпіў з свайго бакала і гаварыў далей.

Ніхто не пачуў, як рыпнулі дзверы кабінета ды ўвайшоў «прэм’ер» у белых манжэтах. Запрыкмецілі яго толькі тады, калі ён у Цярэшкі запытаўся:

— Чыталі сягоннешнюю «Совецкую Беларусь»?

— Глупства, — сказаў Цярэшка. — Марыська, будзь ласкавенька ды прыцягні сюды яшчэ адну бутэлечку... Пачакай, пачакай, Марыська! А як табе здаецца, ці не лепш будзе пару?..

Калі былі выпіты яшчэ дзве бутэлькі віна, «прэм’ер» з асаблівай уважлівасцю паглядзеў на свае белыя манжэты і сказаў:

— У нас хутка адбудзецца нешта горшае за крытыку «Галасоў палёў».

— Ну? — усхапіўся чалавек без знакаў прыпынку.

Усе насцярожыліся.

— Я чуў ад адной пэўнай асобы, што хутка пачнецца крытыка працы нашага інстытута за ўсе гады яго існавання. А там могуць дакапацца чорт ведае да чаго. Нават спецыяльная рабочая брыгада прымацоўваецца.

— Значыць, возьмуцца за галасы гарадоў, — пажартаваў чалавек без знакаў прыпынку.

— Жарты малыя, — уздыхнуў «прэм'ер». — Я анэгды зайшоў у кафедру марксізма-ленінізма, дык там на сталах выданні інстытута за ўсе гады.

Чалавек без знакаў прыпынку з нязвыклай для яго гуллівасцю міргнуў да Цярэшкі:

— Я сягоння аптымістычна настроены. Навошта псаваць добры настрой? Усё будзе добра! Гэта зіма будзе апошняй для нашага падполля. Вясною абавязкова пачнецца вайна, інакш быць не можа. А што такое крытыка ці самакрытыка? У найгоршым выпадку знойдуць памылкі ў нашай працы. Не раз знаходзілі. Прызнаваліся і рабілі новыя. Але каму прыдзе ў галаву бачыць у «памылках» нешта больш сур’ёзнае. Вы, дзядзька Цярэшка як міністр асветы ў блізкай будучыні, вучыцеся, як выкрываць памылкі. Будзьце ўпэўнены, што пасля... і нам прыдзецца гэтым самым займацца (усе пачалі смяяцца). Смяяцца няма чаго. Міністру асветы трэба вучыцца, як выкарчоўваць кепскія ўплывы. Толькі я ўпэўнены, што Цярэшка не будзе гуманістам у гэтай справе. Жарты жартамі, а гэта зіма будзе рашучай для нас у найлепшым разуменні гэтага слова. Я містык, і маё прадчуццё падказвае тое, што ўсё будзе добра.

— А маё пачуццё, — задумёна закартавіў чалавек з вачыма сфінкса, — мне зусім іншае гаворыць. Сяголетняя зіма можа быць апошняй для нашага падполля, але ці будучая зіма будзе першай для нашай легальшчыны?

— Кіньце, дзядзенька, не трэба быць песімістам!

Чамусьці маленькі пакоік Янкі Малеўскага, сакратара ячэйкі інстытута, зрабіўся раптам самым прасторным. Нібы гэты пакоік сцен не меў, і ад яго былі адчыненыя хады ва ўсе кабінеты інстытута. Чамусьці Малеўскі быў рады як ніколі. Нібы ён знайшоў у моры месца варожых мін, і вось іх пачынаюць вылаўліваць, і караблю будзе цяпер усюды прасторная дарога.

Аднаго разу Мікола Ярэмчык зайшоў да яго.

— Што чуваць?

— Толькі што была тут рабочая брыгада. Яна пачала працаваць. Матэрыялы падрыхтаваны.

— Думаеш, Янка, табе не ўляціць?

— Усім нам уляціць. Усяму парткалектыву. Затое ачысціцца атмасфера. Я гаварыў з брыгадай аб усім адкрыта.

Ужо увесь інстытут ведаў.

У брыгадзе трое.

Адзін высокі, малады, чарнявы, з праніклівымі вачыма. Нешта ўсё пра сябе ўсміхаецца, нібы ведае, чым уся гэта музыка скончыцца.

Другі — сярэдняга росту і сярэдніх год. У яго вачах часта мяняюцца колеры. Рыжаватыя вусы і бародка клінам. Каб не рукі слесара, тоўстыя з цвёрдымі далонямі, у якія ўеўся чорны жалезны пылок, можна было-б падумаць, што гэта прафесар. Вельмі падобны да аднаго з гісторыкаў інстытута.

Трэці — з кучаравай галавою. Юнак. Сінія вочы. Строгія. Кастрычнік сустрэў яго, калі яму было не больш сямі год. Усім сваім узростам ён у новую эпоху ўвайшоў. Відаць, не з падатлівых. Упэўнены голас. Упэўненыя рухі.

Часта інстытутчыкі бачылі іх па калідорах: ад ячэйкі ў мясцком, ад прэзідыума ў кафедру марксізма-ленінізма. Заходзілі і ў кабінеты вучоных.

У некаторых інстытутчыкаў ліхаманкава блішчэлі вочы. Хто раней рэдка калі прыходзіў на працу, цяпер акуратненька адседжвае гадзіны пры сваім стале. У насценнай газеце «Навука і Праца» запярэсцілі цяпер куды вастрэйшыя артыкулы, куды больш дасціпныя карыкатуры: характарыстыка навуковых прац. Рэдкалегія працавала цэлымі начамі. Рэдкалегія бегала ва ўсе кабінеты.

— Давайце матэрыял!

— Сыпце, не гледзячы на асобы!

— Няма чаго цырымоніцца!

— Пішыце! Пішыце!

І ў скрынку з надпісам «Сюды апускаюцца матэрыялы» ляцелі паперкі, мяцеліца паперак, дождж паперак, страшныя паперкі. Ільічоўка зажыла новым жыццём. Штодня мяняліся матэрыялы. Штодня новыя каляровыя загалоўкі пярэсцілі нібы кінохроніка. У мастака «Навукі і Працы» пальцы былі ў розных фарбах. Адно вока ў мастака было бяльмістае, вечна здзіўленае, у колерах воблака. Другое вока — чорнае — блішчэла, як ніколі, ад радаснай таропнасці і ўзбуджанасці.

У вялікай грамадзе вучоных і аспірантаў «міністры» стараліся быць кроплямі ў моры, пясчынкамі на шырокім шляху, непрыкметнымі прыпісачкамі ў вялізным рукапісе. Між сабою ва ўстанове стараліся не сустракацца: «каб ніхто не падумаў»...

Тут пачаў гаспадарыць строгі гаспадар...

Цярэшка сядзіць у сваім кабінеце і курыць папяросу за папяросай. Яму прыносяць гарбату. Ён не п’е гарачая. Чакае, пакуль астыне. Стаіць шклянка гарбаты некалькі гадзін на яго стале, пакуль зноў не забяруць.

— Чаму не пілі?

— Халодная.

Цярэшка глядзіць у акно: дахі абтрушаны снегам.

Дахі нагадваюць калоды карт: хто выйграе?.. Дзе-ні-дзе, у аддаленні вокагляду, з акна трэцяга паверху відаць кучаравыя дымкі. Яны вечна дымяць з фабрычных комінаў, і Цярэшка думае:

«Гэта адтуль прышлі гаспадары. Прышлі і цэлы перапалох у нас зрабілі. А Малеўскі радуецца і радасці сваёй не хавае».

І Цярэшка забыўся цяпер зусім пра Язэпа Крушынскага, і нават «Галасы палёў» выскачылі з галавы. Так і не дапісаў прысвячэнняў «ад аўтара». Нават не раздаў кніжак з напісанымі прысвячэннямі.

Падае крупчасты, як рыс, сняжок. Дробным градам мільгае перад вокнамі.

...Прышлі гаспадары...

...Круг звужаецца...

Цярэшка ўспомніў Крушынскага:

«Цяпер яму куды-куды лепш, чым мне. Спакойна жыве на новым месцы. А я? А мы? Ці ўдасца нам? Ці пераскочым гэты круг?»

Яму пачало здавацца, што вось-вось сарвуць з яго вопратку, ён захоча затушавацца і месца не знойдзе; стане клапом і шчылінкі не знойдзе...

Прышлі гаспадары.

Асаблівым жыццём жывуць цяпер напоўзмрочныя калідоры інстытута. Яны падобны да прыгарадных закавулкаў, дзе праходжыя заўсёды з апаскаю праходзяць. Яны такія, што па іх не можаш пазнаваць пагоды, не ведаеш — раніца, поўдзень, вечар. Заўсёды цені. Тут часам бачыш трывожныя вочы і чуеш трывожныя шэпты. Ходзяць на цыпачках, нібы ў шпіталі, дзе ў палатах ляжаць смяртэльна хворыя. А падлога ў калідорах старога мура як наўмысна крэхча пад нагамі. Водгаласкі людскіх крокаў вандруюць з канца ў канец. Містыка калідораў. А калі тут праходзіць брыгадная тройка, містыка нахіляе змрочную галаву і губляецца, як сон. Гучныя галасы, упэўненыя крокі. Хто зазірае тройцы ў вочы зладзейскім ледзь прыкметным позіркам, каб па выразу твараў улаўліваць настрой. Хто тульгаецца і праскоквае, нібы ад пажару ўцякае. Хто робіць штучны незалежны выгляд і не ведае, дзе свае рукі дзець, рукі раптам лішнімі робяцца, і ён імі па-вайсковаму размахвае. Хто перакінецца ветлівым словам з брыгадай. Відаць, ужо гаварыў з гэтымі людзьмі. Відаць, што свае.

Прышлі гаспадары.

Лысіны розных формаў, твары розных узростаў і стыляў нагінаюцца над кнігамі і рукапісам. Глядзяць адны на адных з запытаннем:

— Што чуваць?

— Хто яго ведае.

Знакамітыя анекдатысты інстытута — адзін чарнявасівенькі эканаміст, другі бландыністы залатазубы гайдачаназнаўца — не разносяць па кабінетах на снеданне штодзённай порцыі свежых анекдотаў. Ды іхнія ранейшыя анекдоты на трамвайныя канкрэтныя тэмы не апраўдаліся. Рэйкі на вуліцах Мінска не засталіся ляжаць да трэцяй пяцігодкі... Самі анекдатысты ездзяць трамваем на працу. Яны-б можа выціснулі з сваіх мазгоў анекдоты аб рабочай брыгадзе, але...

Прышлі гаспадары.

Круглы і лысы сядзіць у сваім кабінеце. Калі хто да яго заходзіць, дык ён таго сустракае:

— Грахі... Грахі...

Сумныя і жаласлівыя вочы круглага і лысага ветліва просяць садзіцца на мяккае скураное крэсла і без слоў гавораць:

— Грахі... Грахі...

ён пачынае гутарку на розныя тэмы ды з затоеным стогнам усё варочаецца да галоўнага:

— Грахі... Грахі...

Многія з прафесуры радуюцца прыходу гаспадароў разам з Малеўскім, Ярэмчыкам і Сакалоўскім. І ў кабінетах сустракаюцца і перакрыжоўваюцца між сабою вочы. У адных радасць, у другіх трывога.

З тых месц, адкуль праз вокны інстытута відаць задымленыя фабрычныя коміны, прышла сюды ўпершыню за ўсе гады рабочая брыгада.

— Гэта мне не падабаецца, — сказаў чалавек без знакаў прыпынку. — Навошта смецце з хаты выносіць? Навошта пераносіць крытыку прац інстытута ў рабочы клуб? У нас такі вялізны зал.

Ён быў абураны. За некалькі тыдняў працы рабочай брыгады ў дыпламатычнай барадзе чалавека без знакаў прыпынку сівізна ўзяла верх над чарнізнай.

— А мне не падабаецца ўся гэта крытыка. Ды што ты тут, чалавеча, зробіш? У нас аб гэтым не пытаюцца,— заўважыў чалавек з вачыма сфінкса.

І яго сінія вочы паблеклі за гэты час, іхні колер стаў падобным да аблезлага паркалю.

Чалавек без знакаў прыпынку меркаваў:

— Каб нам нерваў не псаваць, не будзем хадзіць у гэты рабочы клуб.

Чалавек з вачыма сфінкса пачаў ірытавацца:

— Нам-жа трэба ведаць, чым усё гэта пахне для нас. Няхай хоць адзін з нашых возьме на сябе гэты цяжкі абавязак. Хто-ж ад нас будзе хадзіць у рабочы клуб?

— Я-а-а!

У гэтым «я-а-а!» чулася радасць адвагі, боль ахвяры і цвёрдасць абавязку.

— Я буду хадзіць у рабочы клуб, — сказаў Антон Цярэшка.

— Вельмі добра!

— Чудэсна!

І Цярэшка хадзіў.

Для гэтай справы, каб быць непрыкметным, ён апрануўся ў «спецвопратку» — з ваннай дастаў пятнаццацігадовае старое паліто, а «рабочую» кепку знайшоў у калекцыі сваіх старых шапак. Для большай натуральнасці ён бязлітасна камечыў яшчэ зусім прыстойную кепку, паздзекаваўся, быццам кат, над цвёрдым брылікам: паламаў, пакрамсаў яго на анучу і са злосцю насунуў на галаву «рабочую» кепку, брылік, на самыя вочы. Калі ішоў па вуліцы, дык задзіраў галаву, нібы толькі небам цікавіцца.

І вечары ў рабочым клубе цягнуліся перад Цярэшкам адным доўгім-доўгім, нібы вечнасць, вечарам. Адзін і той самы новенькі бліскучы трамвай імчаў Цярэшку туды і назад. Паліто і кепка — у адмысловым стылі — надавалі яму такі значны выгляд, што пасажыры ціскалі плячыма, уступалі яму месца і стараніліся ад яго... Ад заклапочанасці пераапрануты каліф гэтага нават не запрыкмеціў. У клубе — адзін і той самы прэзідыум: рабочая брыгада, наборшчык Сакалоўскі, Мікола Ярэмчык, круглы і лысы старшыня інстытута і Янка Малеўскі. Адна і тая самая аўдыторыя — вялікая грамада рабочых: мужчыны і жанчыны рознага ўзросту і выгляду. Адна і тая самая ўважлівасць аўдыторыі да дакладчыкаў. Адно і тое самае здзіўленне Цярэшкі: «бач, як рабочыя цікавяцца навукай». Уражанне аднаго доўгага вечара яшчэ ўзмацнялася тым, што ва ўсе гэтыя вечары падаў цвёрды крупчасты сняжок, і каля клуба, пры яркім асвятленні электрычных ліхтароў, сняжок здаваўся квола-ружовым, цёплым і прытульным. Сур’ёзныя даклады канчаліся кожны раз выбухам гарачых спрэчак. Мікола Ярэмчык быў сакратаром. Аловак яго спрытна соўваўся па шырокіх аркушах паперы ледзь прыкметнымі зігзагамі. Вочы яго былі апушчаны ўніз, і русы чуб затуляў лоб і кідаў на твар да самай барады шэраваты цень.

Назаўтра раніцою, пасля кожнага вечара, Антон Цярэшка прыносіў сваім кароткія вусныя справаздачы:

«Сакратар ячэйкі ў сваім дакладзе падзяліў навуковых працаўнікоў інстытута на людзей шчыра адданых совецкай уладзе, якія прыносяць карысць сваёй працай, на людзей лаяльных і — такіх, у каго памылкі ўваходзяць у сістэму. Апошніх ён называе шкоднікамі. Усыпалі ячэйцы, што да гэтага часу па-апартуністычнаму адносілася да падбору працаўнікоў».

«Круглы і лысы ў дакладзе аб працы інстытута каяўся ў грахах і падаваў надзею, што ўсё наладзіцца, усё будзе добра».

«Расчыкрыжылі некаторых гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, мовазнаўцаў, аграрнікаў, гайдачаназнаўцаў, ды іншых знаўцаў».

«Крылі беларускі буржуазны нацыяналізм, вялікадзяржаўны расійскі шавінізм».

Весткі сыпаліся, як гарох з вялізнага мяшка.

Пры гэтых інфармацыях голас, тон гутаркі і манеры Цярэшкі набывалі ўсё больш аднастайны характар: ён іранізаваў і злаваўся. Іронія пераходзіла ў злосць злосць — у іронію. І адно і другое ў нейкую акамянеласць і апатыю.

— Значыць, пух і пер’е з нас ляціць, — кожны раз рэзюмаваў чалавек без знакаў прыпынку.

І вочы, падслепаватыя вочы, з-пад шкелак акуляр зрабіліся вачыма сфінкса.

А твар чалавека з пастаяннымі вачыма сфінкса траціў свой заўсёдны выраз. І ён картавіў:

— Ці дачакаемся лепшых часоў?

— Дачакаемся!

І зноў Антон Цярэшка ў рабочым клубе.

Ён ужо ведае тут усе куткі, усе пакоі і пакоікі, прагледзеў усе плакаты на сценах, усе партрэты. Ведае, дзе, калі, які гурток тут працуе. А ў зале ён аблюбаваў сабе месца недалёка ад дзвярэй, каб калі-ні-калі шмыгнуць з зала ў буфетны пакой, з буфета ў зал. Тут бываюць добрыя яблыкі, някепскія бутэрброды і колькі хочаш папярос. Ён углядаецца ў незнаёмыя твары мужчын і жанчын і шукае сярод іх «асаблівасцей рабочага тыпу»...

У зале цішыня. Толькі калі-ні-калі цішыню прарэзвае прыглушаны рукою адзінокі кашаль. Голас апошняга прамоўцы асабліва грозны. Ён ўжо даўно гаворыць і тону не мяняе. Нібы роўныя хвалі расплываюцца над галовамі аўдыторыі.

— ...Я, таварышы, рабочы. Не бяруся сам крытыкаваць навуковыя працы інстытута. Але паводле водзываў нашых кампетэнтных таварышоў, якія тут выказваліся ўсе гэтыя вечары, відаць, што ў інстытуце справа пастаўлена горш, чым дрэнна. У мастацтве займаюцца вывучэннем цэркваў і касцёлаў. Выключна! Аб іншым ані шыш! У аграрных працах апраўдваецца прышчэпаўшчына. Пад выглядам «культуры» расхвальваюцца кулацкія хутарскія гаспадаркі. У гісторыі адмаўляецца класавае змаганне на Беларусі, ідэалізуецца «беларуская соцыялістычная грамада». Праз меру захапляюцца старасветчынай, а пра сучаснае забываюць. І так у іншых галінах навукі. Напрыклад, мовазнаўства.

Цярэшка апусціў галаву. У яго ёкнула сэрца. Якраз ён працуе ў кафедры мовазнаўства. У твар прамоўцы ён ні разу не зірнуў, бо і так добра ведае наборшчыка Сакалоўскага. Паветра ў зале здаецца Цярэшку такім гарачым, што ўсё цела ў яго гарыць. Голас прамоўцы раптам пачаў рэзаць пілою па самым горле Цярэшкі.

— Па-іхняму выходзіць, што па-беларуску слова «пролетарыят» — «убоства». Чулі? «Убоства!» (З розных бакоў па зале сыплюцца пырскі смеху). Няўжо-ж, таварышы, гэта не кулацкая кпінка над нашым братам? Беларуская мова мае лепшыя словы для рабочых. Але «мовазнаўцы» тых слоў чамусьці не знаходзяць.

Цярэшка зірнуў на сцэну з-пад скамечанага брыля: вочы ў Сакалоўскага блішчэлі ад гневу. Ён адпіў вады са шклянкі, ахапіў зал пацямнеўшым позіркам, нібы хацеў уміг упітаць у сябе рознастайныя выразы некалькіх сот вачэй. Яму здавалася, што Сакалоўскі спыніў на ім свой позірк даўжэй і больш пранікліва, чым на іншых, і Цярэшка прыгнуў галаву за плечы суседа на пярэдняй лаўцы. «Гаворыць, як гаспадар», — падумаў ён. Многалюдны зал маўчаў у нейкім драматычным і нецярплівым чаканні. І здавалася: мучыць яго гэтае маўчанне, не вытрымаюць людзі на лаўках і зараз крыкнуць у адзін голас: «Прэч такіх шкоднікаў з совецкай установы!»

— ... Дык вось, таварышы, мы павінны запытацца, чаму ячэйка да гэтага часу не прыняла больш рашучых мер супроць такіх прац? Нас не здавальняе механічная, сухая справаздача ячэйкі (з яго горла вырваўся крык). Не зда-валь-ня-е! Мы знаем таварыша Малеўскага, як заслужанага старога большэвіка, але ён тут не гаварыў нам аб усім. Ці можа яму цяжка разбірацца ў тонкіх справах навукі? Гэта нам сягоння ўсёроўна. Гэта справы не мяняе. Але дзе былі вочы прафесароў з кафедры марксізма-ленінізма? Тое, што гэта кафедра зрабіла цяпер дзеля рабочай брыгады, павінна было праводзіцца ёю ў штодзённай працы. А то выходзіць нейкае далікатненькае раскланьванне між «калегамі». (Пры гэтым Сакалоўскі робіць камічны рэверанс. Чуюцца смяшкі.) Гэта горш за апартунізм! Горш, таварышы!

Словы Сакалоўскага гарачым градам сыплюцца па галовах рабочай аўдыторыі. Твары напружаныя і сур’ёзныя. Усе слухаюць са сцятымі губамі. Мікола Ярэмчык старанна запісвае. Ён праз меру нагнуўся над паперай Русы чуб яго вісіць над вачыма, як ільняная заслона Малеўскі яму нешта шэпча на вуха. Твар у яго вясёлы як ніколі раней.

І дзівіцца Цярэшка:

«... Яго сягоння так драпанулі, а ён вось радуецца. Не магу зразумець гэтых большэвікоў...»

Недалёка ад Цярэшкі сядзяць дзве жанчыны. Адна пажылая, у хустцы. У яе круглы твар і сінія кплівыя вочы. Вакол вачэй ледзь прыкметная сетка маршчынак. Поўныя чырвоныя губы. Яна ўсё ціскае плячыма і закладвае крысы свайго шэрага паліта адну на адну, нібы ёй вельмі холадна. Другая жанчына маладзейшая. Чорная, як варонне крыло, стрыжка ўздзёрнута ззаду. Футровы пышны каўнер не дае валасам ляжаць прыгладжанымі на месцы. Яе вялікія, ледзь выпуклыя, чорныя вочы як-бы засмучаныя. Вуглы тонкіх губ часта уздрыгваюць.

— А-ей, што ў нас робіцца! — дзівіцца старэйшая.

— А што? — пытаецца маладзейшая.

— «Убоствам» нас называюць.

— Аднак тут цікавыя рэчы гавораць. Ведаеш што, хадзем, убоства ты маё, у буфет. Есці захацелася.

— Ах ты! Я табе дам «убоства»!

— Тут ужо нічога не зробіш, калі вучоныя людзі так пастанавілі, дык з сягоннешняга дня апрача «ўбоства» іншага слова ад мяне не пачуеш, маё ты пяціпудовае ўбоства!

— Апрача ўбоства думак, я ад цябе нічога і не чула.

— Ну, ну! Пакрыўдзілася.

Абедзве жанчыны, смеючыся, пайшлі ў буфет.

І дзівіцца Цярэшка, што пролетаркі паміж сабой па беларуску гавораць. «А паводле тэорыі нашых...»

Як наўмысне і іншыя пачалі між сабою гаварыць па-беларуску. Быў зроблены кароткі спынак. З зала высыпала шмат народу, рассеяліся па ўсіх пакоях. Курылі, падмацоўваліся каля буфета. Пасля напружанай уважлівасці ў зале пачалося вялікае ажыўленне. Гул галасоў плыў з усіх пакояў і зліваўся ў адзін роўны шум.

Цярэшка адчуў сябе адзінокім у гэтай грамадзе. Ён усеўся на плюшавым крэсле пад вялікім фікусам, нібы пад трапічнай пальмай у сонечны дзень, і пачаў думаць над сваім сапраўды ўбоскім становішчам у гэтым рабочым клубе. Ён пускаў папяросны дым з акругленых трубкай губ сінімі кольцамі і думаў над словам «убоства». Прыпомніў дзядочка-латыніста з узгоркам старых слоўнікаў на стале. Успомніў, як гэты здзяцінелы дзядок плёў перад ім філалагічную нітачку:

— Пролетарыят—нова-латынскае слова «ргоIеtагius», што азначае беднасць. Як па нашаму «беднасць»? — убоства! Дык няхай будзе «ўбоства»! Хэ-хэ-хэ...

Ад радасці, што трапіў якраз у пункт, дзядок засмяяўся і праслязіўся, выцер вочы і прыгожым каліграфічным почаркам запісаў:

«Пролетарыят — убоства».

Слоўнікавая камісія прыняла гэтае ды іншыя падобныя словы з вялікай радасцю. Якраз па густу.

І вось вышла — убоства...

Клубны круглы гадзіннік паказваў адзінаццаць. З прэзідыума пачулася дзынканне званка. Хваля людзей з усіх пакояў зноў паплыла ў зал. Хутка ўсе расселіся па ранейшых месцах.

Выступіў новы прамоўца — старшыня рабочай брыгады. Высокі, малады і чарнявы, з праніклівымі вачыма. Ён усміхнуўся і пачаў гаварыць, стаўшы ў профіль да аўдыторыі:

— Я, таварышы, сягоння буду старацца гаварыць як найкарацей, бо ўжо адзінаццаць гадзін, а тых, хто яшчэ запісаўся, адложым на заўтра, бо нашаму брату прыдзецца рана ўстаць на працу. Усе згодны, таварышы?

— Добра! Згодны! — пачулася некалькі галасоў.

Голас прамоўцы быў спачатку сухаваты і ціхі.

— Дык вось. Безумоўна, у першую чаргу будзем крыць увесь парткалектыў інстытута за нядбайныя адносіны да таго, што там рабілася. Безумоўна, партыйнага кіраўніцтва там не адчувалася. Аднак трэба памятаць, што многія з партыйцаў, — і, галоўным чынам, таварыш Малеўскі, — шмат дапамагалі нашай рабочай брыгадзе ў яе працы. Трэба ведаць, што таварышу Малеўскаму цяжка было арыентавацца ва ўсім гэтым. Усё-ж такі таварыш Малеўскі не раз біў трывогу, і яго меркаванні аказаліся правільнымі. Я вось звярнуся да слоў папярэдняга прамоўцы — таварыша Сакалоўскага.

— Галасней! Галасней! — папрасілі з задніх лавак

Старшыня брыгады набраў у сябе паветра і выпяў

грудзі наперад. Яго голас пачаў звінець.

— Таварыш Сакалоўскі гаварыў правільна, але чамусьці не давёў думкі да канца. Вялікая большасць шкодных прац інстытута належыць якраз да былых «міністраў», «прэм’ераў» і «маршалкаў». (Пры гэтым яго губы грэбліва скрывіліся. Яны выразілі такую агіду, што Цярэшка ў гэту хвіліну гатоў быў яго забіць, задушыць, застрэліць і павесіць...) Гэтыя паночкі ў свой час вялі заядлае змаганне супроць дыктатуры пролетарыята. Рознымі спосабамі яны стараліся задушыць пролетарыят, якога, да слова кажучы, не здарма яны цяпер называюць «убоствам». Гэта ад вялікай «сімпатыі». Яны паслалі кайзеру Вільгельму тэлеграму, у якой дзякавалі за вызваленне ад большэвікоў, яны перад Пілсудскім на задніх лапках стаялі і, дзякуючы ім, не мала лішняй крыві пралетарыя праліў на тутэйшых франтах.

На лаўках пачалася мітусня, шорханне, выкрыкі абурэння.

— Ціха, таварышы! Ціха!

Поўхвіліны гучэў званок. Зал ледзь супакоіўся. Прамоўца пачаў лагодным голасам. Цішыня ў зале настала цяпер такая, што ні поўслова прамоўцы не было не дачута. Лавілі прагна кожны гук.

— Калі ім — былым кайзераўцам і пілсудчыкам — совецкая ўлада даравала грахі і прыняла на працу, дык улада спадзявалася, што яны выправяцца і будуць шчыра працаваць на карысць пролетарыята. Аднак яны працягваюць сваю ранейшую контррэволюцыйную дзейнасць. (Голас яго зрабіўся грозным. Ён увесь змяніўся ў твары.) Яны займаюцца шкодніцтвам у навуцы. Яны працуюць на руку ворага пролетарыята! І зусім магчыма, што яны рыхтуюцца тут да інтэрвенцыі. Вось табе ў адным цёплым месцы цёплая кампанія з «маршалкаў», «міністраў» і «прэм’ераў» — гатовенькі ўрад! Да іх вярнуліся іхнія старыя прыяцелі з-за межаў...

Прамоўца спыніўся і запытаўся грозным голасам:

— А можа яны падзялілі ўжо між сабою старыя партфелі, а для нас, рабочых, шыбеніцы будуюць?

Зноў на лаўках пачулася мітусня, але адзін аднаго прасілі, каб было ціха.

Цярэшка пачырванеў. Ён ніжэй насунуў на лоб «рабочую» кепку. Яму стала і горача і холадна. У аўдыторыі адчувалася такая напружанасць, што здавалася, усе зараз ірвануцца з месца.

— Я не бяру на сябе адказнасць, — пачаў прамоўца мякчэйшым тонам, нібы апраўдваючыся, — сказаць упэўнена, што так яно і ёсць. Аднак на Украіне так і было. Можна думаць, што і ў нас так можа быць. (Ён прыкметна хваляваўся, быў бледны і відаць было, што стараецца супакоіць самога сябе.) Таксама, таварышы, у інстытуце ёсць некалькі чалавек з душком вялікадзяржаўнага рускага шавінізма. Гэтых мы таксама па галоўцы не пагладзім. І — «лаяльным» мы скажам: «альбо з намі — альбо»... Сярэдзінкі ў гэты востры час класавага змагання быць не можа! Нам патрэбны ў навуцы пролетарскія кадры. Да гэтага часу на аспірантуру звярталася мала ўвагі.

Тут Цярэшка, які сядзеў каля дзвярэй, ціха высунуўся з зала.

І не чуў Цярэшка, як пасля старшыні брыгады выступіў адзін навуковы працаўнік з сівенькай бародкай клінам. Той з абурэннем у голасе сказаў:

— Калі ў нас ёсць такія, дык трэба вызваліць ад іх пролетарскую навуку і пролетарскую грамадскасць наогул!

Каб Цярэшка чуў, дык сказаў-бы:

— Наш брат вучоны супроць нас так жорстка выступае.

А чалавек без знакаў прыпынку яму-бы тлумачыў:

— Цяпер і брат — не брат, і сват — не сват.

І не чуў Цярэшка, як рабочыя, не гледзячы на тое, што трэба раненька ўстаць на працу, прасілі, каб выступілі сягоння-ж і тыя, якія ўжо запісаліся.

Цярэшка сеў у трамвай і паехаў дамоў з цяжкім каменем на эрцы і трывожным запытаннем:

— Ці дачакаюцца нашыя партфелі?

Трамвай шпарка імчаў яго наперад. Цярэшка пачаў абціраць снег з паліта. Успомніў, што на ім старая «спецоўка» для рабочага клуба, махнуў рукою і давай прыглядацца да пасажыраў з захаванай апаскай. Яму здавалася, што кожны з іх чытае яго думкі.

— Дык цябе, Янка, супроць шэрсці гладзяць? — звярнуўся Мікола Ярэмчык да Малеўскага пасля аднаго з гэтых вечароў. — Трымайся, матрос!

— Лепш няхай нашы мяне б’юць, чымся каб тыя цалавалі, — сказаў Малеўскі. — Я рабіў усё тое, што было ў маёй магчымасці. А што гэта ў цябе, Мікола, за пакет тырчыць з кішэні?

— Ліст з вёскі. Няма калі чытаць. Добра, што ўспомніў.

Мікола раскрыў канверт. Ліст быў ад швагера Марціна. Той пісаў:

«Дарагі Мікола!

Праца ў нас кіпіць. Рыхтуемся да веснавой сяўбы. Трыеры з комуны «Чырвоны Кастрычнік» працуюць поўным ходам. Кончыўшы з абагульваннем, калгаснікі цяпер возяць лес на новыя хлявы ды на іншыя патрэбы. Да нас цяпер прыехала рабочая брыгада і дапамагае ў працы. Антон Драчык працуе з усіх сіл і ўдзень і ўночы, ніколі аддухі не мае. На паседжаннях сельсовета ці праўленняў нашых новых калгасаў ён выстаўляе для абмеркавання такія цікавыя планы, ажно многіх радасць прабірае. Аднак некаторыя выпісаліся з калгасаў, і ў сувязі з гэтым было шмат непрыемнасцей. Вясною прышлюць нам з Украіны сто цялушак і некалькі заводных свіней. З раёна нам абяцаліся даць некалькі сот пудоў штучнага ўгнаення. Усё ідзе не кепска. Я ўпэўнены, што праз год забудуцца старыя назвы вёсак Гайдачанскага сельсовета.

Усе мае жывы і здаровы. Мэра і Зорачка табе кланяюцца. Зорачка просіць, каб ты купіў ёй трактар у Мінску. Вось табе і малыя дзеці аб трактарах загаварылі! Праўда?

Ага! Яшчэ адна навіна. Пры абагульванні вельмі шмат працаваў стары Гарбочык з белай барадою. Памятаеш яго? Усе ў нас завуць яго «Леў Талстой». Ён прастудзіўся, хварэў некалькі дзён і памёр. Перад смерцю цябе бачыць хацеў. Ён мне перадаў для цябе свае рукапісы. Іх вельмі многа. Страхоцце, як многа! Прасіў, каб ты іх надрукаваў у Мінску.

І яшчэ адна навіна! З царквою ў нас пакончана. Новага папа няма. Некаторыя з калгаснікаў паляць абразы. І вось між старымі і маладымі адбываюцца вялікія спрэчкі, якія часам даходзяць да боек.

І яшчэ адна навіна! Стары дзед Сухарукі звар’яцеў. Дык вось, Міколка, што ў нас робіцца. Яшчэ нейкія цёмныя сілы стараюцца баламуціць нашых сялян, але нічога! Перамога на нашым баку! У калгасе «Чырвоная Ніва» скінулі старшыню. Помніш, як ён на сходах вырабляўся, крычаў, што толькі ў калгасах усім добра будзе і запісаўся адным з першых. Дык вось што ён зрабіў — прысвоіў сабе шмат маёмасці раскулачаных ды кожны дзень ладзіў вечарынкі ў сваёй хаце. Вось і вер! Яго, вядома, выкінулі з калгаса. Трэба пільна сачыць за тым, каб кулацкія агенты не ўлезлі ў калгасы. Можа вырвешся калі сюды на некалькі дзён?»

Мікола толькі ўсміхнуўся на гэта запрашэнне.

— Дзе тут паедзеш, калі ў інстытуце гэтулькі цікавага! Інстытут хутка будзе адноўлены...



42 - НЕ СПІЦЬ ВАРТА

правіць

У неахопным моры часу зімовыя дні 1930 года зыбаліся пеністымі грэбнямі хваль. Чаргаваліся ў сварцы між сабою адліга і мароз. Сонца цяплела з кожным новым цвіценнем усходу і заходу. З кожным разам яно кругліла агнёвым цыркулем па надгалоўным бязбрэжжы шырэйшыя кругі. Вятры — вільготныя і сухія — імчалі пад сінімі і залацістымі парусамі новую вясну большэвіцкай пяцігодкі.

За шпаркай хадою часу, зацугленага ў чырвоныя дэкады, не паспявалі паэты.

І дні нараджаліся, і дні адыходзілі ў мярэжныя далягляды, і дні расціралі ў пыл трухлыя карчы, і дні будавалі светлыя гмахі будучыні — і дні заставаліся недапетымі...

Матрос Малеўскі лічыў новыя большэвіцкія караблі ды з ліку збіваўся...

Хоць-бы ў БССР:

Асінбуд, ліхаманкавая падрыхтоўка да Усебеларускай выстаўкі, трохмесячнік пролетарскай культуры, новыя фабрыкі і заводы, соцспаборніцтва, ударнікі, калектывізацыя вёскі, ліквідацыя кулакоў, рыхтаванне да большэвіцкай сяўбы — і яшчэ, і яшчэ, і яшчэ...

Большэвіцкія караблі.

Багатая флатылія ў моры часу. Пяцігодка — качагарка. Партыя — камандзір. Рабочы клас — матросы.

Малеўскі, сакратар партячэйкі інстытута, лічыў караблі ды з ліку збіваўся... Ён папраўляў павязку на твары. Не было калі вызваліцца ад надакучлівага флюса. Утаропіў светлыя вочы ў жалезную шафу з нарастамі чырвонага трохі задымленага лаку на дзверцах і не бачыў шафы. Ён бачыў хвалістыя прасторы мора. Ужо не трэба было глядзець у морскі бінокль, каб намацваць даль: соцыялізм можна было бачыць няўзброеным звычайным вокам.

Большэвіцкія караблі трэба пільнаваць ад мінных небяспек, ад падводных рыфаў і меляў.

— Трэба пільна сачыць!

Антон Цярэшка хадзіў у інстытут, але праца ў яго не ішла. Ён з трывогаю чытаў газеты і чакаў трывожных навін.

Аднаго разу прышоў да яго занепакоены чалавек без знакаў прыпынку.

— Чулі?

— Ну?

— Арыштавалі айца Дзімітрыя.

Холадна стала Цярэшку. Ён запытаўся:

— Ён можа налапатаць?

— Можа...

— Што рабіць?

Чалавек без знакаў прыпынку развёў рукамі.

— Нічога не зробіш. Дзе ты, чалавеча, дзенешся. Будзем чакаць. Хутка пачнецца вайна. Усе вось чакаем інтэрвенцыі. Іду. Не выпадае шаптацца. (Ён часта ставіў знакі прыпынку). Асцерагайцеся Малеўскага. Бывайце.

— Бывайце.

Праз некалькі дзён да Цярэшкі зайшоў чалавек з вачыма сфінкса. Вочы спалоханыя.

— Чулі?

— Ну?

— Саколіча арыштавалі.

Цярэшка пабялеў. Перад вачыма дваіліся і траіліся вочы сфінкса.

— Што вы на гэта скажаце?

Цярэшка маўчаў.

— Еду з Лапоўскім у камандзіроўку на поўнач. Уцякаем. Тут круг звужаецца. Здаецца, што з магілеўскай арганізацыі арыштаваны двое.

Цярэшка маўчаў.

— Што там Пілсудскі спіць? Што з Балаховічам сталася? Яны-ж павінны разумець. З кожным днём з нашых пазіцый выбываюць лепшыя людзі. Небяспека вялікая.

Чалавек з вачыма сфінкса картавіў больш, чым заўсёды.

— А тут выстаўка. А тут кожную ноч «гасцей» чакай. Чорт ведае... Хутчэй бы з таго боку пачалі... Спяць...

У сфінксавых вачах блакітны гнеў.

Цярэшка маўчаў.

— Калі што якое, дык шмат хто можа быць выкрыты... — не мог супакоіцца чалавек з вачыма сфінкса.

Над галовамі «міністраў» вісеў дамоклаў меч.

У Цярэшкі пачаліся кашмарныя ночы. Смоўжамі яны прысмактоўваліся да яго цела. Страціў сон.

Кожны раз уночы, калі пачуе тупат ног на тратуары, дык увесь закалоціцца.

Ён чакаў...

Кожны раз, як затуркоча ўночы званок у калідоры, яму станавілася млосна.

Ён чакаў...

Кожны раз, як уночы пачуе шуганне аўтамабіля ля дома, яго лоб пакрываў халодны пот.

Ён чакаў...

Удзень хадзіў у інстытут. Калі сустракаўся з Малеўскім, дык горача з ім вітаўся і ветліва і «шчыра» заглядаў яму ў вочы. Хацеў у іх вычытаць свой лёс.

У інстытуце кіпела праца. Стукалі «ундэрвуды», хадзілі туды і сюды навуковыя працаўнікі, рыхтаваліся да Усебеларускай выстаўкі, у арганізацыі якой інстытут прымаў не малы удзел. За Камароўкай будавалі новы горад-выстаўку. Працавалі інжынеры, аграномы, эканамісты, маляры, скульптары, будаўнікі. Сюды ўлетку павінны будуць ездзіць сотнямі тысяч з Беларусі, многія з розных рэспублік Саюза. Пракладваліся трамвайныя рэйкі па той дарозе, кудою паны вадзілі ў 1920 годзе партызан у Камароўскі лес на расстрэл. Аспіранты інстытута арганізоўвалі свае брыгады і выязджалі ў розныя глухія месцы краіны дапамагаць пры калектывізацыі. Прыязджалі стомленыя дарогай і працай, але вясёлыя і бадзёрыя. Чыталі справаздачы аб ходзе працы на вёсцы. Зал інстытута быў заўсёды перапоўнены. Кафедра кафедру выклікала на соцспаборніцтва. Аддзелы абвяшчалі сябе ўдарнымі. Цярэшка прыглядаўся да ўсяго і да ўсіх, зайздросціў і ненавідзеў.

І адно прыкрае адчуванне з’явілася ў Цярэшкі:

... Яго вось распранулі. Голым ходзіць ён па вуліцах, голым сядзіць у сваім кабінеце ў інстытуце, нават без кашулі з людзьмі размаўляе. Яму сорамна, холадна, прыкра...

І яшчэ адно адчуванне:

... Нешта ўкраў, і яго злавілі пры зладзейскім учынку. Так было з ім аднаго разу, калі яшчэ быў малым, каліў гімназіі вучыўся. У таварыша па вучнёўскай лаўцы ножык украў, прыгожанькі такі ножык з перламутравымі тронкамі, у замшавым мяшочку, які са звонам зашпіляўся. Адразу злавілі. У гімназіі даведаліся ўсе. Багаты бацька ледзь замазаў гэту прыкрую гісторыю...

Сустрэў яго раз былы «прэм’ер» у белых манжэтах.

— Вы яшчэ дома? Вітаю...

— І вас з тым-жа...

— Мы ў мухалоўцы. Нічога. Яшчэ шмат крыві пральецца. Але як вы з твара з’ехалі, дзядзечка...

— Думаеце, што лепш за мяне выглядаеце?

— Я? Дзіва што! У мяне жонка і дзеці...

— Тое самае ў мяне. Дзеці Язэпа Крушынскага ў мяне жывуць.

— Неяк-жа будзе. Можа ўсяго не раскапаюць. На ўсялякі выпадак перагледзьце свой архіў, каб нічога кампраметуючага ў вас не было.

— А,я зусім забыўся...

Цярэшка ледзь за галаву не схапіўся.

— Паэт... — вылаяў яго «прэм’ер» у белых манжэтах.

Некалькі дзён Цярэшка соваў у печ розныя паперы,

арыгіналы падпольна распаўсюджаных вершаў, нават кнігі, старыя газеты. Хаваўся з гэтым ад хатняй работніцы, ад жонкі, ад Настачкі і Мзей.

Дома прывыклі шанаваць кожную яго шпаргалку, кожны радок, напісаны яго рукою. І вось пані Мар’я паднесла яму падарунак і сказала з абурэннем:

— Н-н-на-а-а !

І палажыла на яго пісьмовы стол жмут рукапісаў.

— Я думала, што гэта зрабіла работніца, дык яна прысягаецца: ніколі тваімі рукапісамі і газетамі ў печы не паліць. Гэта дзеці зрабілі! Вось табе прыемнасць ад дзяцей твайго Язэпа Крушынскага! Вось маеш! Я ад іх вар’яцею. Божанька, яны мяне ў магілу ўвагоняць. Я табе раней гаварыла, што так будзе. Божанька ты мой! Я табе...

Пані Мар’я толькі ўвайшла ў азарт вуснай творчасці, дык на самым цікавым месцы Цярэшка на яе зірнуў такімі вачыма і сказаў такія словы, што яна адразу змоўкла і з дзівам паглядзела на мужа.

— Марыська! Птушачка мая... — сказаў ён, — ц-ц-ціха...

Такімі пяшчотнымі словамі ён абкружаў яе тады, калі яна была яго нявестай. Даўно яна гэткіх слоў не чула ад мужа. Слова «ц-ц-ціха» — працяглае і жаласлівае — спалохала яе.

— Ты што, нездароў? Божанька ты мой, як ты памізарнеў за апошні час! І чаму-ж гэта госці перасталі да нас прыходзіць?..

— Спалі, Маруська, усё гэта, каб ніхто не ведаў. Маўчы... Пасля раскажу...

У яго вачах было нешта такое страшнае і разам з тым жаласлівае, што пані Мар’я — да вар’яцця ласая на цікавыя навіны — зараз-жа без слоў выканала яго просьбу.

— Попел ад паперы ў сметнік вынесеш...

— Добра...

Ужо ў гарадскім парку вербы над Свіслаччу афарбаваліся ў зялёны колер. Цярэшка ўсё чакаў.

«...А можа міне ліха? Хутчэй-бы адтуль нашыя прышлі...»

Пані Мар’я трывожыцца пачала:

— Чаму не спіш па начах?

— Сплю...

— Я чую, як ты варочаешся з боку на бок. Мяне не абманеш.

Цярэшка мусіў ёй растлумачыць прычыну свайго неспакою.

— Можа яшчэ нічога не будзе, — пацяшала яго пані Мар’я, задаволеная, што даведалася.

— Хто яго знае...

Ажыў гарадскі парк. Па гародах градкі капалі. Пахла свежай зямлёй. У горадзе ўжо ніякіх знакаў зімы не засталося.

Цярэшка хадзіў у інстытут дзень-у-дзень, каб даведацца, каго новага там нехапае...

Ён чакаў:

«А можа...

... Можа герой Мазыршчыны першай веснавой ластаўкай прыляціць з таго боку?»

І зноў Цярэшка пачаў у вопратку апранацца. Яму перастала здавацца, што голым ходзіць. Нібы пеўня скубуць, а вось ён новым пер’ем абрастае. Ці абрасце...

Цярэшка прывык да газетнай сумяціцы пра беларускі буржуазны нацыяналізм і пра вялікадзяржаўны расійскі шавінізм.

Цярэшка пераходзіў ад роспачы і страху да радасных надзей, ад надзей — да роспачы. Зыбаўся, нібы ў вар'яцкай калысцы. У хвіліны падупаласці ён шкадаваў аб тым, што так далёка заехаў у нерат, а ў часе пад'ёму рыхтаваў свой партфель «міністра асветы». У яго галаве роіліся багатыя планы... і ён шкадаваў, што не здарылася. А здарыцца павінна было, па яго «міністэрскай» ініцыятыве, вось што.

Адно літаратурнае аб'еднанне рабіла вялікія ідэалагічныя памылкі. Некаторыя члены гэтага аб’еднання хоць позна, але агледзеліся. І давай прызнавацца ў сваіх памылках. А тыя, хто вёў іх да гэтых памылак, назвалі першых «здраднікамі».

І вось у адзін з ціхіх вечароў той зімы востраносы малады крытык і круглатвары паэт стаялі на глухой вуліцы супроць акна аднаго з «здраднікаў».

З вуліцы ўсё відаць было, што робіцца ў «здраднікавай» хаце.

«Здраднік» толькі што падняўся з-за стала, дзе нешта пісаў, і...

Тут па вуліцы прайшоў нейкі чалавек у кажуху. Доўганосы крытык з круглатварым паэтам мусілі адыйсці ад акна і пайсці тратуарам, куды вочы глядзяць. Як заглухлі апошнія крокі прахожага ў кажуху, круглатвары паэт вынуў нешта невялікае, халоднае і цяжкае з кішэні, падаў востраносаму крытыку і шапнуў:

— На!

У востраносага крытыка задрыжэла рука.

— Баішся?

— Не. Мала выпіў...

— Дурны. Каб больш выпіў, дык цэліцца не мог-бы.

Глухую вуліцу сушыў лёгкі мароз. Неба было чыстае

і зорнае, а па снезе пераміргваліся сінія іскры.

«Здраднік» трымаў на руках малога хлопчыка і гаварыў да жонкі:

— Малы пісаць не дае. Забяры яго.

(Усё чуваць было праз акно)...

Хлопчык смяяўся. Падышла маці. У яе былі гладка прычасаныя валасы і цёмнасінія вочы. Яна выставіла рукі, каб забраць у бацькі хлопчыка. «Здраднік» зрабіў «здрадніцкі» ўчынак: адскочыў. Не даў сына. І бацька і сын, і маці смяяліся трайным смехам.

(Усё чуваць было праз акно).

— Цэлься! — шапнуў круглатвары паэт востраносаму крытыку.

— Пачакай... Дзіцё трымае...

А маці сапраўды хацела забраць дзіця, бо бацьку трэба было нешта тэрмінова здаць у друк. Яна выставіла рукі да хлопчыка.

— Не хацу да мамы. Буду з татам пісаць.

І зноў пачуўся трайны смех.

Востраносы крытык і круглатвары паэт дачакацца не маглі той хвіліны калі, «здраднік» застанецца адзін, каб... А тут, за акном, і лагодная ноч, і зорнае неба, і сінія іскры гараць па снезе, і зноў нехта тупае: туп-туп-туп у аддаленых змроках тратуара. Вось табе і глухая вуліца... Проста бяда... Перашкаджаюць...

Крытык схаваў за пазуху невялікае, халоднае і цяжкое і шапнуў паэту:

— Ідзі і пазаві яго ў горад да... Я схаваюся. Ты з ім выйдзеш, а я ззаду...

Паэт пайшоў у «здраднікаву» кватэру, а крытык павярнуўся насустрач да незнаёмага прахожага. Як бліжэй падышоў, наставіў каўнер і адвярнуўся — «на ўсялякі выпадак. Мала хто і мала што-б»... Зноў сцішэла на глухой вуліцы. Прыемны быў сіні з іскрамі мароз. А вакол — цёмныя калідорчыкі бязлюдных закавулкаў...

Крытык навастрыў вушы. «Здраднік» скардзіцца паэту.

— Цесната. Няма як працаваць. Тут і адзін хлопчык, і другі — працаваць не даюць. А ў суседа за тонкай сценкай і хлопчыкі, і дзяўчаткі, і куры, і грамафон, і такі галагуцкі певень, проста дзяк, а не певень. Хоць ты сам з ім спявай!

«Каб ужо скарэй... — не церпіцца крытыку. Вось тарабары завялі».

І нечаканая радасць. Крытык пачуў рып дзвярэй. Зірнуў у акно. Не відаць паэта і «здрадніка»... Зараз тут будуць... Зараз выйдуць з двара... Зараз пакажуцца з брамы дзве постаці, падобныя да ценяў... Зараз...

І ўспомніў крытык настаўленні паэта.

— Зблізку будзеш, а то яшчэ ў мяне трапіш...

— Не бойся, дружа!

Крытык выпіў. Ён быў малады і храбры. За «нацыянальную і формай і зместам» — ён на ўсё гатоў. Ён намацаў невялікае, цяжкое і халоднае і чакаў:

«Зараз...»

Дык не.

Зноў тупат ног разбудзіў тратуары глухой вуліцы. Нечакана з завулкаў вышлі людзі.

Новы «здраднік»: здрадзіла глухая вуліца...

У сіні мароз, па яскравым начным снезе ішлі цяпер трое: востраносы крытык, круглатвары паэт і «здраднік».

І гаварылі яны зноў аб тым самым, аб чым ужо некалькі месяцаў гаварылася: аб ідэалагічных памылках у літаратурным аб’еднанні. Але як гаварылі? Зусім не так, як заўсёды. На гэты раз і востраносы крытык і круглатвары паэт «радаваліся»:

— Добра зрабілі, што публічна ў памылках прызналіся.

Яны думалі:

«Сёння ён выратаваўся... У другі раз...»

Яны «хвалілі» «здрадніка»: ён першым быў за прызнанне памылак.

Ён шчыра сачыў за тым, каб яны не паўтарыліся.

А вось і электрычныя ліхтары. Па сінім снезе вуліцы плылі доўгія цені крытыка, паэта і «здрадніка».

Цярэшка шкадаваў, што аднаго са «здраднікаў» не зліквідавалі...

«Для палітыкі ніякія ахвяры не страшны. Гэты ўчынак паказаў-бы там, за межамі, як у нас змагаюцца.

Сенсацыя. Ажыўленне. І сігнал: мы гатовы... На ўсё гатовы... Хутчэй прыдзеце...»

Прыгародныя дзеці ўжо не прыносяць у горад пралесак. Мінуў сезон. У гарадскім парку над свежай зямлёю, над пахучымі дрэвамі, над шырокай канавай, у якой застаўся рознастайны нанос ад веснавога разліву Свіслачы, несупынна звіняць жаўранкі. Вар’яцеюць ад уласнага крыку шпакі.

Цярэшка не ведае, дзе дзецца ад гэтай вясны, ад сонца, ад вясёлых дзяцей, ад людзей наогул.

Зноў упадак настрою.

Зноў чакае...

Арыштавалі чалавека без знакаў прыпынку.

Не спіць большэвіцкая варта.

Як шпагі ў руках фехтавальнікаў, перакрыжоўваюцца ў інстытуце радасць і сум.

Малеўскі працуе ў сваім пакойчыку, ён рады, як ніколі за ўвесь час працы ў Інстытуце: вылаўліваюцца падводныя міны ворага. Большэвіцкія караблі абмінаюць рыфы і мелі. Шпарка і смела плывуць наперад. Упору даюць трывожныя сігналы. Шчыра працуюць матросы. Зорка сочыць за ўсім камандзір.

Не спіць большэвіцкая варта.

«Можна цяпер вызваліцца ад флюсу. Трэба зубы лячыць», — думае Малеўскі. Гэтым ён песціць сябе, нібы дзіцё цукеркай.

Нехта палахліва стучыць у дзверы.

— Можна?

— Калі ласка!

Заходзіць заплаканая жонка «міністра асветы» — пані Мар’я.

— Можна на пару слоў, таварыш Малеўскі?

— Гаварыце.

— Мой на працу не прыдзе. Яго арыштавалі.

— А хто гэта ваш?

— Антон Цярэшка. Ён ні ў чым невінаваты.

— Добра. Калі невінаваты, дык выпусцяць.

Пані Мар’я адварочваецца ад пранізваючых вачэй Малеўскага.

— Бывайце.

Малеўскі глядзіць праз акно на гарадскую вясну. Насупраць, на тым баку вуліцы, па рыштаваннях новых будынкаў мітусяцца людзі. Сцены растуць угару з кожным днём. Праз вуліцу прабягае босы хлопчык. Малеўскі адчыніў акно. Селянін панёс некалькі свежых бярозавых венікаў. Пахне лесам. Месцамі ля парканаў зелянее трава. А вунь на каштанах распускаюцца пупышкі. На ганку грэецца згорбленая бабулька.

Хацеў-бы Малеўскі паехаць цяпер куды-колечы на пасеўную кампанію. Няма як. Зайздросціць Міколе Ярэмчыку — той паехаў у Гайдачанскі сельсовет, туды, дзе раней гаспадарылі Крушынскія. Яшчэ патрэбна пільная большэвіцкая варта.

Варта не спіць.



43 - МЕЖЫ

правіць

Па лясах, па тых гушчарах, якія ўлетку мала даступны сонечным косам, дзе-ні-дзе яшчэ туляцца ад неба закарэлыя латачкі снегу. На іхнія крохкія спіны сеюцца з дрэў пажоўклыя хвойныя голкі. Сюды ледзь пралазіць цёплы вецер. Ён трэцца-ціскаецца каля шурпатых грудзей стагодніх пнёў і кідае праз густыя галіны сонечныя кропачкі на забытыя вясною кавалкі снегу. Смокча вецер прытоеныя ў лесе рэшткі зімы, і вакол замурзаных снежных латак блішчаць лужыны. Воддаль рупліва ёрзаюць па моху розныя мурашкі. Над дрэвамі па-вясноваму чылікаюць птушкі, разгульвае сонца.

Па зялёных лясах і палянах, па лугах і палях, па азімай руні, па рэчках і вёсках вандруе красавік у жаўронкава-сонечнай світцы. Як-бы ніколі сюды не даплываў воўчы лямант з асівелай сцюжы хвойнікаў.

Пад босымі нагамі красавіка сцелецца юнацкая пахучая глеба, разгортваецца ярказялёная далячыня, апушаная мяккай, як дзіцячыя валасы, травою.

Каля прасёлачных дарог цягнуцца дзе-ні-дзе вузенькія, нібы істужкі, шнуры, доўгія, дзесяткамі год нечапаныя, межы. Воддаль — купкі саламяных стрэхаў.

За мінулую зіму паплыла ў нябыт частка апошняй спадчыны стагоддзяў. Зніклі Глухоўкі, Магданаўкі. Зніклі ранейшыя назвы вёсак, якіх агідная паншчына хрысціла калісьці прозвішчамі часоў прыгону.

Межы на вузенькіх загонах дажываюць свае апошнія дні.

Некаторыя глядзяць на іх з прытоенай жаласлівасцю ў вачах, а некаторыя з несхаванай радасцю. Зараз знікнуць межы разам са старымі панскімі назвамі вёсак і хутароў. Дажываюць апошнія гады і саламяныя стрэхі.

Па зямлі вандруе красавік.

Грэецца на сонцы стары Цыпрук Ярэмчык. Зняў з сябе кажуронак і выставіў засохлыя грудзі, аброслыя сівымі валасамі.

«Няхай пякуцца!»

Ён недзе чуў, што вясновае сонца лечыць чалавека лепш за розных дактароў.

Прыжмураныя вочы Цыпрука блішчаць двума ільдзінкамі. Ён глядзіць на старыя межы і гаворыць сам з сабою:

— Зараз іх не стане, ці што? Ну, і здольны народ пайшоў на розныя мудроныя штукі!

Стары Цыпрук абапіраецца аб моцны кій і грэе асівелыя валасатыя грудзі.

Павольным крокам падыходзіць да яго матрос царскіх часоў Солах.

— Добры дзень.

— Дзень добры.

У Солаха пануры выгляд. Вочы пазіраюць углыб.

Ён пастарэў за гэтую зіму.

— Ну, як? — пытаецца Солах надломаным голасам. — Скора сяўба?

У яго такі голас, нібы працягвае толькі што спыненую гутарку. Глядзіць на Цыпрука такімі вачыма, быццам стары ў нечым перад ім вінаваты.

— Хутка, братку мой, ці што... — адказвае Цыпрук. — Я вось гляджу на іх... (ён паказвае рукою на вузкія шнуры). Усё жыццё іх бачыў і быццам сягоння толькі ўгледзеў.

— Твой Мікола табе акуляры надзеў, — іранізуе Солах і мерае сур’ёзнымі вачыма Цыпрукову постаць.

— Ай-я-яй, які народ пайшоў... — адказвае Цыпрук

не Солаху, а ўласным думкам.

Стары мяняе позу, настаўляе далонь над вачыма, як брыль, міг адзін глядзіць зажмураным вокам супроць сонца, дзе на далёкіх паплавах тырчаць пустыя сцяжарні, раптоўна адварачваецца ад Солаха і кажа радасным голасам (каб дапякчы Солаху): — усе межы мы сёлета заарэм!

— Хто-ж гэта «мы»? — пытаецца Солах.

— Ну, мы ўсе... і я, і ты...

— Без мяне мяне жанілі, — кажа Солах. — Няхай будзе «мы», — згаджаецца ён. — За тое і ваявалі тут усю зіму.

Пры гэтым Солах чамусьці ўспамінае вайну з Японіяй. Глядзіць задумёна на межы і ўсміхаецца самому сабе.

Цыпрук з нецярплівасцю за ім назірае. Ведае, што калі Солах моршчыць лоб гармонікам, дык скажа зараз нешта цікавае. Любіць Цыпрук цікавае паслухаць...

— Та-а-ак... — Солах трэ лоб рукою. — Мы цяпер калгаснікі калгаса імя Энгельса. Прывык ужо да новай назвы. Ну і ваявалі зімачку, а ўсё за гэтыя межы! Ведаеш?

— Што?

— Крэпасць Порт-Артур лягчэй далася, чым гэтыя межы.

— Ну?!

— Так, так!

— Яно і праўда!

— Усё гэта яшчэ па вадзе віламі пісана, — пачаў Солах сумнявацца. — Многія яшчэ не вераць, што сапраўды будзе адно вялікае поле. Некаторыя прыхавалі збожжа. На ўсялякі, кажуць, выпадак.

— Плугі ўжо гатовы, насенне прачышчана, няхай толькі трохі зямля абсохне. Яшчэ якія тры дні, калі будзе пагода. А сягоння мы пойдзем з Міколай у Гайдачаны паглядзець калгасную сяўбу. Кажуць, трактары заўтра раніцою, ці што, прыедуць. Бачыў Міколу? Ён сягоння аўтобусам прыкаціў. З ім нейкі рабочы Сакалоўскі, які зімою ў мяне начаваў.

— А як-жа, і мой Саўка пойдзе. Ён цяпер газетная шышка. Піша і друкуе. А дзе Мікола?

— Мікола? Ды ён у канцылярыі калгаса, падганяе на сяўбу, ці што.

Пад вечар, калі пры будынках паляглі доўгія цені, па новай грэблі, дзе колькі год таму назад квохала непралазная гразь, пайшлі чацвёра: стары Цыпрук, яго сын

Мікола, Сакалоўскі і Саўка Солах.

Яны ішлі ў Гайдачанскі сельсовет на калгаснае свята, каб паглядзець заўтра раніцою трактарную калону.

Над бярэзнікам палыхае, дрыжыць яркая бавоўна зараніцы. Звіняць жаўранкі. Свежы ветрык шапаціць між галінамі.

Ад бярэзніка пачынаецца аграмаджанае поле, шызае ад ценяў веснавой ночы. А вось пырснулі шырокім веерам першыя праменні сонца. Цені на полі пачалі таяць, блекнуць.

На высокім камені, які вызначаецца на гладкім полі, нібы помнік невядомым падзеям і геройскім учынкам, граюць сонечныя блікі. Вызначаюцца вузкія палосы глухаўскага поля. Рыжаватыя межы цягнуцца роўнымі вужамі. На адным месцы, недалёка ад высокага каменя, поле абселі вароны.

На ранішнім абшары цямнеецца паіржавелы калючы дрот совецка-польскай мяжы. Недалёка за калючым дротам зліваюцца з небам саламяныя стрэхі замежнай вёскі Рудні. Адгэтуль менш відаць былая вёска Глухаўка, цяперашні калгас «Чырвоная варта». Толькі вокны царквы ярка блішчаць, нібы знутры будынка пырскаюць іскры пажару. Крыж з царквы быў зняты яшчэ зімою.

Па дарозе да поля ідзе спешна групка хлапцоў і дзяўчат. Часам аглядаюцца на бярэзнік, прыслухоўваюцца і зноў ідуць сюды, на поле.

— Мы самыя першыя, — кажа адна з дзяўчат. Шустрымі. вачыма глядзіць на хлапцоў і вось-вось засмяецца.

З боку бярэзніка, за якім раскінуўся бальшак, пачуліся невядомыя ў гэтай мясціне гукі. Не то самалёт у вышыні гудзіць, не то машына нейкая грукоча.

— Лявонка, едуць! — успляснула дзяўчына рукамі, нібы спалохалася, падскочыла ўгору і зараз-жа паправіла пасму валос, якая ўпала ёй на вочы.

— Комсамол, наперад! — закамандаваў Лявонка.

— Едуць! Едуць! — закрычалі ў адзін голас усе і пусціліся бягом наперад.

З-за бярэзніка паказаліся адна за адной пяць машын. Яны шпарка імчаліся. І здавалася, што вельмі цяжкія яны, аж зямля пад імі гнецца, і здавалася, што лёгкія яны, нібы вецер. Над машынамі ірдзеліся чырвоныя сцяжкі, мільгаліся пад ветрам, як крыллі невядомай птушкі.

— Вы павольна, — стрымліваў Лявонка грамадку комсамольцаў з робленай паважнасцю ў голасе, — а то, як дзеці малыя!

Засмяяліся, і па ўсім полі разлёгся гучны крык:

— Ур-а-а-а!

— Трактарная калона...

— Драчык не падвёў! Мілыя, вось-жа лоўка! — не стрымлівала сваіх пачуццяў яшчэ адна з дзяўчат.

І пабеглі насустрач трактарнай калоне.

Грукаценне матораў расло, напоўніла сталёвымі гукамі ружовае паветра.

З крыкам падняліся з загонаў спалоханыя вароны, шэрым стадам яны ўзняліся над полем. Паляцелі на той бок калючага дрота. У празрыстым паветры ярка абрысоўваліся шырока разгорнутыя крыллі і завостраныя дзюбы.

Пяць трактараў спыніліся, выстраіліся на полі ў адзін рад.

— Здаровы, хлопцы! — крыкнуў Лявонка з усёй сілы маладых грудзей і зачырванеўся ад напружання.

Прывітанне падхапілі ўсе.

Трактарысты смяяліся, блішчэлі белыя зубы. Усе махалі рукамі, крычалі і кожны па-свойму бурна выказваў сваю радасць.

Тым часам з розных месц: з-за бярэзніка, з боку «Чырвонай варты», «Першага мая» паказваюцца на даляглядзе грамады і грамадкі людзей. Палыхаюць над галовамі чырвоныя сцягі. Чуваць песні. Хто ідзе стройнай калонай, дзе ў рассыпную едуць конныя. Каля дарослых мітусяцца дзеці. На жаночых галовах белыя і чырвоныя хусткі. Між вяскоўцаў і чырвонаармейцы-пагранічнікі. Расце, падыходзіць, нібы хваля, людскі гоман смех, жарты.

— Ніколі гэтае поле не бачыла столькі народа! — кажа адна з дзяўчат, і вочы яе робяцца сур’ёзнымі і задумёнымі. — Як на пазіцыі, — кажа яна цішэй.

— Вось яна гэта пазіцыя, — смяецца Лявонка, — Дзікая трава на межах. Зараз ім канец!

Усё бліжэй і бліжэй падыходзяць грамады. Вышэй узнімаецца сонца.

— Мабыць, ніхто з вас яшчэ трактара не бачыў,— смяецца адзін трактарыст і чорнымі, трохі выпуклымі вачыма глядзіць на Лявонку.

— Бачылі! — кажа Лявонка з крыўдай у голасе. — Вось хіба з тых (ён паказвае рукою на грамады, якія набліжаюцца сюды), старыя не бачылі гэтага «дзіва».

Толькі каля самага бярэзніка і далёкіх хмызнякоў і гайкоў яшчэ ляжаць вільготныя цені. Усё поле ахоплена рыжаватым водсветам сонечнай раніцы.

— Каля чатырохсот чалавек будзе тут, глядзі, Лявонка! — Дзяўчына тармошыць яго за пінжак.

— Праўда, — згаджаецца Лявонка. — Ніколі наша поле столькі народа не бачыла.

Расце шум, набліжаецца. Сотні вачэй, свежыя ад узбуджанасці твары, узмахі рук, крыкі «ура». Усё гэта жывой хваляй плыве на трактарную калону.

Старыя, маладыя, мужчыны, жанчыны мацаюць рукамі жалеза і сталь машын.

Вось адзін стаў на крыло трактара. Вось і другі, трэці.

Маленькі хлопчык узлез на калені трактарыста. Другі крычыць: «Татачка, і мяне пасадзі туды, да дзядзькі!» У агульным тлуме раздаецца плач маленькай дзяўчынкі. Трактарыст са смятлівымі міргаючымі вачыма, з тонкім ружовым носам выставіў дзяўчынцы доўгія рукі з растапыранымі пальцамі.

— Мамачка, баюся... — просіцца дзяўчынка.

— Ну, дык не трэба, Аленка. — Маці смяецца і выцірае рукою слёзы дачушкі.

— Баіцца, нялюдскае дзіця, — апраўдваецца кабета.

— Ай, нага, нага! — крычыць дзесяцігадовы хлапчук. Нехта наступіў ботам на яго босую нагу. Ён скача на адной назе, без шапкі, белагаловы. Пад сонцам яго валасы ружавеюць.

Драчык, Шаневіч, Змітрок, Мікола, Сакалоўскі і некалькі іншых — заклапочаныя і ўзбуджаныя — бегаюць туды і сюды і шукаюць месца, дзе пачаць мітынг.

— Глядзі, Марцінка, — торгае Мэра мужа за руку, — каб хто не ведаў, падумаў-бы, што яны злуюцца. Надуліся, як пузыры.

Марцін ёй нічога на гэта не адказвае і падскоквае да Драчыка.

— Антось, Антось! — крычыць ён.

— Га? — Драчык падстаўляе здаровае вуха.

— А вунь там! — Марцін паказвае рукою на вялізны камень.

Драчык узрадваўся. Маршчыны на яго твары расплываюцца ў шырокую ўсмешку.

— Вось тут мы і пачнем, — кажа ён. — Люблю шчырасць, каменная трыбуна. Та-ва-ры-шы, сю-у-уды-ы-ы! — крычыць ён да грамады і паказвае рукою на камень.

Жывы лес грамады рынуўся, валам валіць. Да каменя ціснуцца ўсе, кожны стараецца захапіць самае блізкае месца.

— Ды ты не піргайся! — чуваць пісклівы голас.

— Мяне піргаюць, дык і я, — адказвае спакойна басок.

Многія расчырванеліся, выціраюць рукавамі пот з твара.

Малады Саўка Солах нешта піша алоўкам у блакнот, аглядаецца навокал пільным вокам і зноў піша...

Блізка ад каменя стаяць стары Цыпрук, каваль Лейба, Мікола, Сакалоўскі, Марцін. Мэру адціснулі на дзесяць галоў далей.

Стары Лейба толькі ўчора вечарам пазнаёміўся з новым сватам — Цыпруком. Часта Лейба паглядае на Цыпрука цёплым вокам сваяка... Чым больш сваякоў, тым Лейба шчаслівейшы. Сівая барада ў яго расчэсана па-святочнаму. Чорныя вочы пад кусткамі брывей трохі здзіўленыя

— Сваток! Сваток! — кажа Лейба і кладзе руку на плячо старога Цыпрука.

— Га?

— Відаць, што свята ідзе не ад бога, але ад людзей. Ад людзей ідзе яно. Вось бачыш, сваток, гэту грамаду? Захацелі яны — і свята сабе наладзілі...

— Праўду кажаш, ці што...

Цыпрук жмурыць вузкія ільдзінкі вачэй і глядзіць на Лейбу з пашанай.

— Глядзі, сваток, на гэтыя межы. Пасля ты іх ніколі ўжо не пабачыш.

Цыпрук ківае галавою і ўстаўляе сваё слова:

— Мабыць, Язэпу Крушынскаму гэта і не снілася.

— А калі і снілася, дык гэта было для яго страшным сном.

— Ну і разумны ты, сваток, чалавек... — любуецца Цыпрук на Лейбу.

Яны не гавораць, а крычаць адзін аднаму, бо гул грамады расце, шум павялічваецца, нібы ў лесе ў час навальніцы.

Антось Драчык тым часам узлез на высокі камень. Да каменя цясней падступіла грамада. Спляліся людзі ў адно. Склеіліся, здаецца, так, што ніколі не разыйдуцца паасобку.

— Та-ва-ры-шы! — пачаў Драчык зычным голасам.

— Цішэй, цішэй! — перадавалі адзін аднаму з грамады.

Грамада пачала супакойвацца. Шэпт. Нібы жытняе поле пад ветрам.

— Цішэй, цішэй.

— Як прозвішча таго, што на камені стаіць? — пытаецца Саўка Солах у аднаго старога дзеда.

— Гэта-ж Драчык, старшыня сельсовета.

Саўка запісвае ў блакнот.

Драчык аглядае мора галоў і на хвіліну задумваецца; выцер рот дрыжачай рукою і кашлянуў у далонь.

— Таварышы!

Голас яго змяніўся, зрабіўся болей спакойным.

— Сягоння мы руйнуем спрадвечныя межы паасобных гаспадарак беднякоў і сераднякоў. Сягоння памруць межы! Памруць на векі вечныя! Ніколі ўжо калы не будуць гудзець над гэтымі межамі, як часта бывала да гэтага часу! Ніколі ўжо сварак і боек тут не будзе. Мы аб іх забудзем, аб межах, а нашы дзеці і гэтага слова можа не пачуюць! Толькі памятайце, таварышы, што ў нашых калгасах яшчэ ёсць крушыншчыкі, з імі яшчэ прыдзецца змагацца!

Драчык спыніўся на адну хвіліну. Задумаўся. Нецярплівае шорханне грамады як-бы ўзбудзіла яго і ён зноў пачаў:

— Цяпер нам трэба абмеркаваць...

Антось Драчык пачаў пералічваць тое, што зроблена было за зіму калгасамі сельсовета, успомніў, што з раёна прыслалі сто заводных цялят, што пабудавалі некалькі новых вялікіх будынкаў і давай разгортваць далейшыя планы пяцігодкі: школы, добрыя дамы, яслі для дзяцей, багатыя ўраджаі, асушка балот, крухмальні, лесапільні. Ён маляваў перад грамадою шырокае палатно блізкай будучыні...

Некаторыя старыя жанчыны выціраюць хусткамі вочы. Ківаюць адна адной галовамі з пашкадаваннем.

— Адвекавала я свой век... — кажа сваёй суседцы адна нізенькая старая цётка.

— Ды ліха цябе, Макарыха, не возьме. Яшчэ даўбнёй не прыб’еш... — пацяшае яе высокая без хусткі суседка.

— А ты, Мацеіха, чаго зараўла? — пытаецца тая самая ў удавы Мацеіхі.

— Я? З радасці... — сарамліва ўсхліпвае Мацеіха.

І раптам спыніла ўсхліпванне. Выцерла вочы і зацікаўлена паглядзела на замежную вёску Рудню за паіржавелым калючым дротам.

— Глядзіце, глядзіце, людцы! — Мацеіха паказвае рукою, куды глядзець. — Як вераб’і ўсёроўна!

Мацеіха пачала смяяцца.

Многія адварачваюць галовы ў бок граніцы.

На саламяных стрэхах замежнай вёскі Рудні стаяць дзеці і пільна глядзяць сюды. На яркім фоне неба яны вызначаюцца, як малюнкі на паперы. На гародах і платах дарослыя мужчыны і жанчыны. Глядзяць здалёку на вялікае поле «Чырвонай варты».

Саўка Солах доўга піша нешта ў блакнот.

— Як нябожчык «Леў Талстой», — кажа нейкі дзядзька.

Каваль Лейба і стары Цыпрук выслізнуліся з грамады, каб паглядзець туды — за калючы дрот...

— Эх, сваток, — кажа Лейба, — каб не гэтая граніца, усе з Рудні былі-б тут і святкавалі-б разам з намі.

Цыпрук наставіў над вачыма далонь правай рукі, а левай рукой мацней абапіраўся аб кій.

— Праўда, сваток, кажаш. Бач, сюды ім хочацца, ці што...

Да каменнай трыбуны прабіраўся Мікола Ярэмчык. Лакцямі сабе прабіваў дарогу паміж плеч, спін і грудзей. Тым часам каля вузкіх загонаў нарыхтаваліся пяць трактараў. Загулі маторы. Закруціліся колы. Вялікія сталёвыя плугі ўгрызліся ў глебу.

Да першых свежых барознаў падыходзілі калгаснікі. Стары Цыпрук па-гаспадарску падсунуўся да свежа ўзоранай баразны, нагнуўся і давай кіем мерыць шырыню і глыбіню.

З лёгкім крэхтам падняўся, выпрастаўся. Пагладзіў паясніцу. Вочы зажмурыліся, ён кіўнуў галавою і сказаў:

— Нічога сабе баразёначка, ці што. Ніколі ў нас так не аралі...

Цыпрук цмокнуў губамі, нібы цукерку смокча. Выставіў палец угару, як-бы хоча неба пракалоць пальцам, і сказаў самому сабе:

— Век пражыў, шмат чаго бачыў, а вось гэткага ворыва, яй-права, ніколі...

Яшчэ раз нагнуўся, узяў у рукі кавалак зямлі і давай яго мяць і расціраць з асаблівай любасцю, як скульптар гліну.

— Вось гэта дык ратаі!.. Ай-я-яй!..

Запахла свежай глебай... Ноздры Цыпрука дрыжэлі. Ён прагна, з лёгкім посвістам, уцягнуў у сябе носам парны пах глебы...

Гудуць трактары...

Вось узбіраецца па мяжу трактар, трохі кавыляе ў адзін і другі бок, пярэднімі прасуе адзервянелую мяжу Вось і заднія колы душаць яе жалезнымі барадаукамі шыпамі, хочуць яе распластаць, расціснуць, каб з мяжы аж сок паказаўся. Два сталёвыя дыскі крамсаюць яе, дробяць на часткі. Трактарыст напірае на педаль з асаблівай упартасцю. Сталёвыя лемяхі пачынаюць пераварочваць, перажоўваць дзёран... Ірвецца белае карэнне дзікіх траў, шорхае зямля...

— У-р-р-а-а! Межы гінуць!

Дзеці, расхрыстаныя, вясёлыя, бягуць за трактарамі, размахваюць рукамі, рагочуць...

Сярод неахопнага гулу чуваць гучныя словы Міколы Ярэмчыка.

Ён стаіць на высокім камені, пакрытым зялёнымі лішаямі.

— Паміраюць межы... Надыйдзе час, што не будзе ніякіх меж. — Мікола паказвае рукою на калючы дрот дзяржаўнай мяжы.

Шаневіч пачаў спяваць «Інтэрнацыянал». Падхапіла грамада. Вышэй запалыхалі чырвоныя сцягі.

— Глядзі, глядзі, сватку! — стары Цыпрук штурхнуў злёгку Лейбу. — Глядзі!

На тым баку калючага дроту рудненцы падкідвалі ўгору шапкі. Расшырыліся на адзін міг вочы Цыпрука ды зноў звузіліся ў дзве ільдзінкі.

— Людцы! Лю-у-удцы! — крыкнуў Цыпрук. — Гля-дзі-це!

Ён адной рукой паказаў у бок калючага дроту мяжы і ўсім тулавам падаўся наперад, нібы збіраўся бегчы туды, каб ратаваць не то ад пажару, не то ад смерці.

— Лю-у-удцы!!

На тым баку, дзе рудненцы толькі што спакойна стаялі і пільна глядзелі сюды, на большэвіцкую сяўбу, пачалася мітусня.

Дзеці спрытна, з незвычайным імпэтам, нібы спалоханыя птушкі, саскоквалі, саслізгваліся са стрэхаў уніз па вуглах будынкаў. Яны мільгалі, шэрыя, белагаловыя, і нешта спалохана крычалі дарослым, паказваючы рукамі кудысьці за вёску, на дарогу.

З дарогі на гароды і гумны з усёй шпаркасцю імчаліся на конях жандары. Коні выцягваліся ў даўжыню, коні глыталі паветра, сцягваліся і скакалі поўным бегам. Вось яны рынуліся праз платы. Некаторыя платы паваліліся.

Рудненцы ірвануліся гумнамі да хат, размахваюць рукамі, сагнуліся і бягом, бягом... Зірне хто ў бок жандараў і зноў бягом. Хтосьці падае, ускочыць і зноў бяжыць і зноў падае.

Блішчаць шапкі ў жандараў. Пад брылямі чырванеюць уз'юшаныя твары. А з-пад конскіх капытаў выбіваюцца ўгару комы зямлі.

Уцякаюць рудненцы.

Не паспелі схавацца ў будынках. А ці і там для іх паратунак?

Змоўк мітынг. Тут ля каменя на аграмадным полі некалькі сот чалавек калгаснікаў утаропілі вочы туды. Застылі на месцы, адарвацца не могуць.

— Вось сволачы! — чуваць галасы калгаснікаў.

Не паспелі схавацца рудненцы. Конныя жандары іх абкружылі. Вяскоўцы — мужчыны і жанчыны — рукамі затуляюць твары і галовы. Жандары з усяе сілы ўзмахваюць бізунамі, сцёбаюць па руках, па галовах, па тварах, па спінах.

Лямант. Страшэнныя крыкі. Плач. Выццё. Звініць паветра ад войкання.

Упаў адзін селянін, другі. Жандары не даюць уцякаць. Паднімаюцца ды апускаюцца бізуны. Коні на дыбкі паднімаюцца, уюнамі круцяцца на адным месцы, узгарачаныя жандарскімі шпорамі. На гародах курадыміць пыл. А вось адна сялянка падняла камень і кінула ў жандара. За ёю і іншыя тое самае. Коні на дыбы, коні, як узвар'яцелыя. Цэлы град каменняў. Дзеці падскочылі бліжэй, памагаюць каменнямі. Яны спрытныя.

— Малайцы! Малайцы!

Калгаснікі радуюцца. Хваляць.

— Вось шпурляюць! Вось трапілі якраз у твар жандару!

— Ён з каня саскочыў.

Стрэл разануў паветра. Некалькі стрэлаў. Страшная каша з людзей, коней і бізуноў. Блішчаць на сонцы шаблі.

— А-а-а-а-й! О-о-о-о-о-ой! — стогне Рудня. Уся вёска крычыць, ратунку просіць. І нібы выццё без слоў дымам з зямлі расце, коціцца з-за калючага дроту на аграмаднае калгаснае поле.

— Сволачы! Дзікае звяр’ё!

— На людзей, на бяззбройных рудненцаў напалі!

Ірвуцца словы абурэння з некалькіх сот грудзей калгаснікаў...

І вось нібы вымерла вёска — сціхла Рудня. Жандары ачысцілі гароды, платы, саламяныя стрэхі. Толькі пыл курыць над гародамі. Нават птушак не відаць на Рудненскай зямлі. У цішыні пачулася выццё сабакі. Пара стрэлаў — і выццё сціхла.

Лейба штурхнуў локцем Цыпрука.

— Бачыш?

— Бачу. Чаго так паны ўз’еліся?

— Чаго? Баяцца нашага калгаса. Вось і ўз’еліся. Страхоцце на іх напала.

— Ай-я-яй! Там зусім іншы свет, ці што?

У вачах Цыпрука блішчэлі слёзы.

— Іншы свет, — Лейба кіўнуў галавою. — Іншы свет, але людзі, вясковыя людзі, бедныя, пахнуць тым духам, што і нашыя. Бач, як высыпалі бедныя, каб на наша свята паглядзець?

— А на іх жандары...

— Яны-ж, бедныя, бараніліся, як маглі. І не так яшчэ бароняцца. Панскія маёнткі паляць. Вось пабачыш, хутка бегчы да нас пачнуць. Вось пабачыш, сваток!

Некаторыя кабеты плакалі. Уся грамада калгаснікаў гула, як рой пчол.

— Цішэй, таварышы, — прасіў Шаневіч, старшыня «Чырвонага Кастрычніка». — Вось бачылі, што там робіцца? — яго голас дрыжэў. Ён хваляваўся. — Думаю, таварышы, што тлумачэнні тут не патрэбны. Цішэй, таварышы!

Ледзь удалося супакоіць грамаду. І стары Цыпрук пачуў зноў ацвярдзелы і ўпэўнены голас Шаневіча:

— Няма на свеце такой сілы, якая прымусіла-б нашых зарубежных братоў, прыгнечаных Заходняй Беларусі, не глядзець на Совецкую Беларусь і не ведаць, што ў нас робіцца...

Саўка Солах рупна піша нешта ў блакнот, паднімае галаву з паперы, аглядае грамаду і зноў піша.

Сонца мацней пачало грэць зямлю.

Нешта звініць у вушах Цыпрука. Ён заўважае, як некаторыя калгаснікі пільна глядзяць на вузкія палоскі.

Ужо ладны кавалак поля завораны. Ужо много меж не стала.

І неяк дзіўна становіцца Цыпруку: ён у сабе нешта новае адчувае; адчувае, што ён сягоння адзін з тутэйшых гаспадароў... Першы раз на гэтым полі, а вось гаспадары... Па-гаспадарску пачынае ўсё аглядаць... Пры ім нейкі стары з сівой бародкай рукі ламае.

— Чаго ты? — пытаецца Цыпрук.

— Страшна, ніколі свайго шнура не пазнаю... Усё жыццё на ім спіну гнуў...

— Кінь, — злуецца Цыпрук. — Во, хто цяпер будзе за цябе карак гнуць, — і паказвае рукою на трактары,— а калі коньмі араць, дык на гэта таксама ёсць моладзь. Табе дадуць працу па сіле. Эх ты! Там, у Рудні, дык страшна. А там нібы ніхто і межаў не чапае. Эх!..

На высокім камені стаіць наборшчык Сакалоўскі. Ён жмурыць вочы на сонцы, аглядаецца ва ўсе бакі.

— Рабочыя нашай друкарні прымаюць шэфства над калгасамі Гайдачанскага сельсовета — гучыць яго голас.— Надрукуем для вас газету. У хуткім часе прышлём бібліятэчку.

Голас Сакалоўскага пачынае плаўна разыходзіцца па шматгаловым сходзе на полі.

Адну хвіліну Сакалоўскі спыняецца, успамінае зімовыя сходы ў клубе тутэйшага сельсовета. «Як цяжка ўсё гэта было зрабіць», — думае ён.

— Мы перамагаем усе цяжкасці. Нямала яшчэ іх будзе і ў вас, таварышы калгаснікі. На кожным кроку ворагі пастараюцца перашкодзіць. Але будзем упэўнены, што перамога будзе на вашым баку!

Блішчыць вільгаццю свежа-узораная глеба.

Стары Цыпрук ужо некалькі разоў імкнецца да каменя. Кожны раз стрымліваецца. Заўсёды толькі іншых слухаць любіў. Ніколі сам перад грамадою не гаварыў.

«Папрасіць слова, ці што?»

Страх яго бярэ. Аднак усё бліжэй падсоўваецца да

каменнай трыбуны.

— Наш прымежны сельсовет, — чуе Цыпрук малады голас аднаго з тутэйшых комсамольцаў, — будзе стаяць на варце. Няхай польскія паны не думаюць лезці на нас, бо трактары па-іншаму загуляюць... Я тады пры польскай акупацыі быў яшчэ хлапчуком, а добра памятаю панскія бізуны...

Каля Цыпрука стаіць цяпер удава Мацеіха і плача ўголас.

— Чаго ты, цётка?

— Гээ-э-та-ж мой Лявонка гаворыць...

— Дык ты радуйся, ці што. І мой Мікола нядаўна гаварыў.

— Але майго Лявонкі бацька, мой муж Мацей, памёр пад польскімі шаблямі... Успомніла, вось і...

— І я каштаваў панскі бізун, — пацяшае Цыпрук удаву.

Гудуць трактары.

На агромністым полі яны разыходзяцца і зыходзяцца. Цёплы вецер, афарбаваны сонцам, нясе на той бок калючага дроту пах свежай глебы.

Першы раз у жыцці бачыць Цыпрук Ярэмчык такое ворыва...

Заўсёды ён уставаў раніцою ды хадзіў адзін на свой шнур. На суседнім шнуры — другі араты, далей трэці — але рэдка калі зыходзіліся разам. Здалёку толькі чуваць былі нялюдскія лаянкі і злосныя галасы.

Плоймай ластавак праносяцца перад Цыпруком кавалкі ўспамінаў, пырхнуць ценем і знікнуць. На доўгай дарозе свайго шэрага жыцця ён так прагнуў бачыць і чуць цікавае...

— Хто яшчэ просіць слова? — чуе Цыпрук голас Драчыка.

— Я-а-а! Я!

Цыпруку здаецца, што гэта не ён крыкнуў, а нехта незнаёмы, бо свайго ўласнага голасу не пазнаў. Яму ачышчаюць дарогу да каменнай трыбуны. Ніколі ён не адчуваў у сабе такой сілы. Ніхто-б яго цяпер не стрымаў. Ён мусіць гаварыць перад грамадою, ён павінен выказаць тое, што расце ў яго нутры...

— У Рудні вокны завешваюць, каб сюды і праз вокны не глядзелі, — чуе Цыпрук нейкі голас.

Ён па-хлапцоўскі ўскочыў на высокі камень. Перад сабою ён бачыць шмат твараў. Гарачыя вочы накіраваны на яго. Заўважыў, як Мікола глядзіць на яго радаснымі вачыма. А вунь сівы Лейба, яго сват. Кінуў вокам на той бок калючага дроту: толькі паліцэйскія жандары на конях раз’язджаюць...

І цяпер Цыпрук не пазнае свайго голаса, які імкнецца з усяго яго нутра:

— Таварышы браты! Бачачы і чуючы ўсё гэта, прашу запісаць мяне ў большэвікі.

Больш гаварыць ён не можа. Ад крыкаў «ура», ад пляскання ў далоні звініць у вушах.