Якуб Колас — «народны паэт»

Якуб Колас — «народны паэт»
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1926
Крыніца: Народная Справа, 1926. 19 лістап

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




1926 год — год цэлага рада радасных і смутных юбілеяў — канчаецца юбілеем найвялікшага песьняра беларускае вёскі — ЯКУБА КОЛАСА.

Дваццацілецьце паэтыцкае працы яго, лічучы ад паяўленьня ў друку першага верша Коласа, зыходзіцца з дваццацілецьцем беларускае прэсы: бо ж творы свае пачаў Колас зьмяшчаць у першай беларускай газэце «Наша Доля» — ад трэцяга нумару яе. За ўсе гэтыя дваццаць гадоў Колас ні на крок не зышоў з таго шляху, па якім пайшло адраджэньне беларускага працоўнага народу — адраджэньне нацыянальнае, палітычнае і сацыяльнае. Як быў, так і астаўся верным сынам беларускае вёскі, нягледзячы на ўсе жыцьцёвыя нягоды, няўхільныя ў жыцьці барацьбітаў за свой народ, — на царскія вастрогі і перасьледаваньні, на беспрытульнасьць, жыцьцё на чужыне, гвалтаваньне і ламаньне яго духовага Я паліцэйскімі спосабамі. Колас змагаўся з жыцьцёвымі бедамі, перамагаў усе нягоды і — тварыў.

Багаты той скарб, які ўлажыў Колас у нашу літаратуру. Багаты і думкамі, і мастацкімі цэннасьцямі. Дык — побач з Купалай — ён слушна займае першае месца на беларускім Парнасе.

І беларускі народ патрапіў як сьлед ацаніць нашага вялікага мастака слова, а ўлада работнікаў і сялян ў Радавай Беларусі дала яму — у сьвязі зь ягоным юбілеем — пачэсны тытул НАРОДНАГА ПАЭТА, забясьпечыўшы адначасна жыцьцё і магчымасьць далейшае бесклапотнае творчае працы — вызначэньнем дажывотнае пэнсіі. Так ушанаваў наш народ дагэтуль аднаго толькі Купалу.

Мы шчыра вітаем нашага паважанага Юбіляра — і тым больш шчыра, што ён некалі тут, у Вільні, разам з намі жыў і супольна з намі вёў нашае паўгалоднае бытаваньне, што пакінуў па сабе ў усіх найлепшыя ўспаміны як вельмі скромны, просты, шчыры і прыступны чалавек і добры таварыш.

Дык «многая лета» Яму — дзеля далейшае творчае працы і служэньня свайму народу!..