Якім Бяздольны (1914)/Ад аўтора
Ад аўтора Публіцыстыка Аўтар: Пётра Беларус 1914 год |
Якім Бяздольны → |
Ад аўтора.
Жывучы паміж простых людзей, кожны раз, як толькі дзе зьбярэцца два-тры челавекі — мужыкі ці бабы — а найбардзі старыкі, — давядзецца наслухацца дужа многа ці вясёлаго, ці маркотнаго, але адзінакава цікаваго.
Хто маець ахвоту, як можна бліжэй знаёміцца з жыцьцём народу, з яго душой ці іншым чым, каб дабыць сабе тэмы для літэратурнай працы, таму бяспрэменна трэба бываць — і на хрэсьбінах, і на вясельлях, і на хаўтурах, і на талоках, і на дажынках, і на купальлях, і на ігрышчах, і на дзядох, і на кермашах, і на ўсякіх валасных і селянскіх сходках. Тутака можна пачуць і увідзець тое, чаго седзючы ў пакоях ніколі не пачуў-бы і не ўбачыў-бы; можна нахапацца такога матэр’ялу да катораго так сама седзючы ў пакоях ніколі не дадумаўся-б.
Ня толькі да тых пісьменьнікаў, хто мае і талент і глыбокі розум, хто ўсюды ясьней бачыць, — чутчэй чуіць, усюды болі чаго набярэцца і лепі апрацуець, — але і да працоўнікаў сярэдней рукі і да ўсіх тых, хто маець хоць невялічкую здольнасьць і ахвоту да літэратурнай працы зьвертаю я свае словы.
Калі толькі вас ня гонюць, трапляйцеся быць ўсюды там, дзе пры добрым ладзі, пры добрым парадку і пры добрых справах зьбярэцца куча народу. Нават калі стабуніліся людзі, каб хахлы дзяліць, а вы гэтаму можэця перашкодзіць — пхайцеся і туды: і да злога не дапусьцеця, і даведаецяся, што й за што, а гэта патчас бываець натта цекава.
Дужа раю не мінаць і карчмы. Яно вядома, хто гарэлкі ня пьець, той і чаду яе ня любіць, і таму, вядома, прыкра у карчму заходзіцца, — але гэта не беда: і ў карчме сілком у рот на ліюць і дарма не даюць, — калі цябе чарка псуець ня пій. За тое другіе, калі не за натта выпьюць, дык сябра сябру раскажэць тоя, чаго пэўні і на споведзі не сказаў-бы, — а ты сядзі сабе, слухай і навучайся. Іншы раз сойдупца такіе камраты, што даўно відзеліся, а здарыцца так, што абудвым хапаець часу, дык можна, бываець, выслухаць ад пачатку да конца цэлае ціковае апаведаньне.
Петра Беларус.