Як Лявон Недарада дарадзіў сваёй бядзе

Як Лявон Недарада дарадзіў сваёй бядзе
Апавяданне
Аўтар: Леапольд Родзевіч
Крыніца: Беларуская палічка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Строгі быў загад у гміне, каб усе неадкладна заплацілі даніну. Падышоў ужо апошні тэрмін, але з сялян, бадай, ніхто не плаціў: той не мае чым; той мае, але не рупіцца, бо чаму іншыя не плацяць; а той, кіруючыся ўсялякімі асабістымі перакананнямі, зусім не хоча плаціць. І так, даніна ані з месца.

Ажно прыехаў якісьці важны чын у гміну. Сабраў сход і ў прысутнасці жандараў нагрымеў страшных слоў, даў тэрміну толькі тры дні, прыгразіў астрогам, настукаў кулакамі, лаяўся — надта ўжо, відаць, яму гэтая даніна патрэбна была. Як ачумеўшыя, разыходзіліся сяляне са сходкі — ціхія, панурыя, з затаенымі думкамі, вось быццам той лес, што чакае буру-навальніцу.

А Лявон Недарада дык, мабыць, больш за ўсіх меў клопату. Яму ўсё жыццё ніяк не ручыла, а ў грашовых справах — асабліва. І спраў гэтых у яго заўсёды было гібель, а грошай дык ніколі не было.

Узяць хоць бы цешчу Лявона, якая памерла і не сказала, дзе грошы схавала. Дакладней, не здолела сказаць — раптоўна памерла. А сама калісь хвалілася, што прызапасіла на чорную гадзіну. Нават нейкім прыпадкам старасвецкі чырвонец захаваўся. Лявон сам яго бачыў, пробаваў зубамі, стаўляў рубцом, ці не фальшывы.

Нямала клопату ён меў і са сваёй жонкай. Баба была хоць куды: спор мела ў руках і догляд гаспадарскі. Адзін быў толькі фэлер: цераз меру была прыгожай. Кожны на яе галіўся, падлабуньваўся ўсялякімі спосабамі. І гэтым набівалі ёй цану. Пачала яна ганарыцца, узяла Лявона, як кажуць, на павадок. І не мог Лявон ёй пярэчыць, бо не ўстаяць яму супраць яе красы. Вось і цяпер: прадаў бы ён Серадулю і адпіхнуў бы сваю бяду — даніну, а там — Бог-бацька. Але не туды тое, зрабіць гэта не ўдасца, бо жонка не дазволіць. Ды яно і справядліва: што варта гаспадыня без каровы і карова без гаспадыні?! Апроч таго, жонка апошнімі часамі стала бокам хадзіць, трэба нейкім гасцінцам паддобрыцца. Бяда з гэтымі прыгожымі жонкамі! А тут і вясна на дварэ, хлеба няма, нарогі трэба купіць…

І ўсяго тэрміну тры дні! І яму, Лявону, звычайнаму сабе бульбаеду, трэба столькі грошай выдаўбаць недзе, прыдумаць нейкі ратунак.

Так разважаў Лявон, ідучы са сходкі. Усю здатнасць сваю ён ужыў, каб прыдумаць, дарадзіць сваёй бядзе. Але як? Хіба ж ён бачыў калі радасны прамень у сваім жыцпі? Хіба ж не ён сын паднявольнага народа? Хіба ж не ішоў дождж і не разліўся пансак у печцы, калі ён радзіўся? А бародаўка на носе хіба не магнэс для ўсялякіх напасцей? Эх, з горам радзіўся, з горам, мабыць, прыдзецца памерці! Дык вось чаму яго загартаваныя працай рукі сталі непаслухмянымі і так нялоўка аціралі халодны пот з чала.

Прыйшоўшы дамоў змярканнем, Лявон ні з кім з хатніх не ўваходзіў у гутарку і, не вячэраўшы, лёг спаць. Дакучлівыя, трывожныя думкі не пакідалі яго ўсю ноч.

Са змучанай душой устаў ён з першым пеўнем і пайшоў на даржнік, каб дагледзець гаўяда, і тут яму прыйшла шчаслівая думка.

У бальшавіцкія часы, калі аднасяльчане разбівалі панскі двор, Лявон, не ўмешваючыся ў разбушаваную табалу, пайшоў пацікавіцца гэтым надзвычайным выпадкам. Увайшоўшы ў панскі сад, ён згледзіў невялічкую бліскучую шмаціну з квяцістымі каменьчыкамі. Падняўшы яе, пайшоў дамоў і не ведаў, што з ёй зрабіць. Разглядаючы аднаго разу знаходку, Лявон заўважыў на ёй чырванаватую пляму і адразу дагадаўся, што гэта была кроў. Аж неяк занудзіла яго, апанаваў забабонны жах, і каб далей быць ад граху, барзджэй абярнуў шмаціну ў рызман, улажыў у скрынку ад калёснай мазі і закапаў у еўні. Хутка Лявон пераканаўся, што як толькі пачне думаць аб сваёй знаходцы, дык нейкае ліха з ім здарыцца: то конь пад ім спаткнецца і ён зваліцца ў гразь, то на прыпол выпусціць лыжку са стравай, то цвік назаве гузікам. Адным словам, Лявон прыкмеціў ва ўсім гэтымі чартоўскую махінацыю.

Вось чаму ён так узрадаваўся, калі ўспомніў знаходку: сягоння кірмашовы дзень, пойдзе ў мястэчка і прадасць там каму-небудзь з-пад палы — і бяды пазбудзецца, і грошы будзе мець. Хоць грошы, праўда, нячыстыя, але на даніну самыя тыя.

Нікому не кажучы, адкапаў ён знаходку і пайшоў на кірмаш. Увайшоўшы ў бор, зняў шапку і, ідучы, пачаў маліць Бога, каб яму ды хоць раз у жыцці пашанцавала. Калі добра ўсё ўдасца, абяцаў Богу трэцюю частку выручаных грошай. Але пасля доўгай развагі над пакутным жыццём-быццём зрабіў моцную пастанову ахвяраваць толькі пятую частку.

Прыйшоўшы ў мястэчка, Лявон пацягаўся па рынку, прыглядаючыся да людзей, якія больш падыходзілі да яго справы. Знаёмых жыдкоў ён не хацеў чапаць, каб не асароміцца. Усё гэта яго дужа непакоіла. Не раз, моцна задумаўшыся, натыкаўся на людзей ці, пачуўшы крык «З дарогі!» занадта позна, атрымліваў удар аглаблёй у плечы. Ужо думаў уцякаць дахаты, паслаўшы ўвесь свет к чортавай мацеры, як тут перад сабой згледзеў франтаватага паўпанка, пацягнуўшага, відаць, гары, бо ўсё ківаўся ў бакі. Доўга сачыў за ім Лявон, чуў, як паўпанка звалі амерыканцам, і ніяк не мог адважыцца, каб яго зачапіць.

— А што, калі арыштуюць ды пачнуць біць?! — падумаў Лявон. Ну, але, мусіць, той важны чын у гміне быў страшней за страх Лявона, бо ён, вытыркнуўшы рог шмаціны з кішэні, падышоў да паўпанка і сказаў: «Купіце!» Паўпанак абгледзеў, памармытаў — і тыц два даляры ў руку Лявона. Аж у вачах Лявону пацямнела, хацеў у руку цмокнуць дабрадзею свайму, але той ужо знік.

Напетушыўся Лявон, жывей забілася кроў у сэрцы. Важна размахваючы рукамі, пайшоў да знаёмага загатоўшчыка Лейзара і загадаў паставіць гары, абяцаючы падвезці козам ахапак сена. Цяпер ён меў толькі адзін клопат — гэта разрахавацца з Богам. Пятую частку ад двух даляраў ніяк не адлічыш, трэба іх мяняць. А мяняць не хацеў — баяўся, каб яго не ашукалі. Абмяняе ён іх у каваля сваёй вёскі, Боруха. Ён — жыдок сумленны. Аднак яго абяцанка Богу, справа шмаціны з крывавай плямай, гэтыя нечаканыя даляры не давалі Лявону супакою. І чым больш асушваў чарак, тым больш адчуваў страх перад Божым гневам, а ў сваім раптоўным багацці бачыў выкрутасы нячыстай сілы. Нейкі цяжар прыгнятаў Лявона, марока плутала думкі, і радасць, і трывога валтузіліся ў грудзях. Ён чуў патрэбу зрабіць нешта незвычайнае, балюча-вострае, каб ачуняць, пачуць ясней, што з ім і дзе ён.

Вось, каб пазбавіцца ад усяго гэтага клопату, рашыў хмельнай галавой і грэшнай душой пайсці ў касцёл і паляжаць крыжам. Можа, такім чынам не толькі адстрашыць чорта, але і адпакутуе пятую частку ад даляраў.

На нешпарах касцёл быў паўнюсенькі народу. Лявон заціснуўся пад сцяну і бухнуў крыжам вобземлю. Народ здзіўлена расступіўся, а пасля стаў прывыкаць і цясней абступіў Лявона. Песня, арганы, цеплыня і хмель нагналі на яго такі смачны сон, што ён не пачуў, як разышоўся народ. А закрыстыян, дзякуючы кірмашоваму дню, таксама нанюхаўся з бутэлькі і, не абгледзеўшы касцёл, запёр Лявона.

Прабудзіўся Лявон апоўначы і спрасонку пачаў шукаць жонку, думаючы, што ён спіць на ложку ў сваёй хаце. Хутка ён ачухаўся і скамянеў са страху. Сярод касцёла гарэла лямпачка. Цішыня, дзіўныя цені, нямыя, застыгшыя фігуры святых, бляск пазалоты — усё гэта веяла нейкім незямным, незвычайным і наганяла жуду на Лявона. Але раскумекаўшы сабе, што ён у касцёле, у пасвенчаным месцы, пад апекай святых, стаў падымацца, пільна ўглядаючыся ў цёмныя падазроныя месцы. Калі нічога страшнага не сталася, пасмялеў, кашлянуў колькі разоў для адвагі і адразу супакоіўся. Убачыўшы абраз, дзе быў намаляваны сам Бог у воблаках, а ў нагах меў зямлю, Лявон адазваўся:

— Дзякуй табе, Божа, што ты даў мне такі выпадак, калі я магу пагутарыць з табой вока на вока. Перш-наперш мушу перасцерагчы цябе, што несамавіта ты гаспадарыш на нашай старонцы. Жывём мы па справядлівасці, як кажуць: Бога не гневім і з людзьмі ладзім; калі нас б’юць па адной шчацэ, дык падстаўляем і другую. Ніколі нікога не крыўдзілі, не няволілі. Аднак, гора — дык як мора разліўное, ажно захлябаешся. Кінь, Божа, хоць саломінку, паратуй у бядзе, бо мы народ цёмны, дзікі, раздражнены сучасным безгалоўем, і за сябе не ручаемся. Суд наш страшны і крыві мы не шкадуем. Так што з разгону і табе можам наклеіць. Гэта мы калісь былі пужлівыя, цяпер справа інакш стаіць. Успамінаю, як я раз уздумаў накрасці яблыкаў у панскім садзе. А вартаўнік там быў вельмі запальчывы. Бывала, птушка не ўляціць у сад, каб ён не заўважыў. Сушаным гарохам страляў па нас. Вось я начапіў торбу і палез, цікуючыся, праз паркан. І толькі, гэта, пераскочыў, як чую, што мяне нехта і цягне. Я барзджэй ірвануў назад і бег, мусіць, з паўвярсты, валакучы за сабой прасла паркана, што зачапілася за торбу, як я лез у сад. А то, бывала…

Тут Лявон стаў гарадзіць аб сваіх брыдкіх справах і небывалых здарэннях і, урэшце, закончыў:

— Што да доўгу, то справа стаіць так: я ніколі не кручу, а табе, моцны Божа, тым больш. Вось бачыш…

З гэтымі словамі Лявон дастаў залатую манстрацыю і, ківаючы, казаў далей:

— Я гэтую дарагую рэч магу ўкрасці, але я гэтага не раблю, бо я акуратны даўжнік і сумленны чалавек і аддаю табе, Божа, доўг з барышом.

Тут ён манстрацыю паставіў ізноў на месца і, лічачы ўсе справы ўдала пакончанымі, стаў разглядаць касцёл, каб не маркоціцца, пакуль развіднее. Абыходзячы каля сцен, Лявон згледзеў абраз святой Магдалены, дужа падобнай да яго жонкі. Доўгі час Лявон узіраўся на абраз здзіўлены, а пасля, зарагатаўшы на ўвесь касцёл, сказаў:

— Ну, шмат у мяне знойдзецца гэткіх святых!

Пасля, пабачыўшы на другім абразе Адама і Еву, якія спіраліся аб яблыку, быў азадачаны пытаннем: на якой гэта мове яны спіраюцца?

Рамы вокан штораз ярчэй выступалі на шэрых досвітках. А хутка забразгалі ключы каля дзвярэй. Лявон паспяшыў затаіцца ў куточку. У адчынены касцёл пачаў находзіць народ. Загудзелі званы. Арган згушчаў касцёльныя песні. Выйшаў незаўважаным у народ Лявон і рушыў барзджэй дахаты.

Яшчэ здалёк пачуў Лявон звон малатоў у кузні Боруха. Ішоў ён пэўнай, цвёрдай паходкай, як чалавек з забяспечанай будучыняй, ішоў проста ў кузню, каб абмяняць даляры.

— Памагай Бог! — пажадаў Лявон, увайшоўшы ў кузню.

— Дзякую, — адказаў каваль і ўзяў пададзеныя новыя паперкі ў запэцканыя рукі, паварочаў іх і выйшаў з кузні на сонца — ён ніяк не мог паверыць, каб у гэтага абадранца маглі быць даляры.

— Псс… — раптам адазваўся Борух і аддаў даляры Лявону.

— Што ты псыкаеш? — зазлаваў Лявон.

— Пашкуства, — фальшывы…

Вось быццам хто абухам стукнуў па галаве Лявона, ажно ён хістануўся ў бакі і прысланіўся да вушака. Боль пайшоў па жылах, бы атрута тая. Крыўда, жаль, злосць на сябе, на ўсё на свеце даводзілі яго да вар’яцтва. Качаючыся па зямлі, ён рваў сабе валасы, блюзнерыў, праклінаў. Здавалася, што вось-вось — і ён звіхнецца з розуму. Урэшце ўскочыў на ногі. З дзікімі, вытарашчанымі вачмі, ускалмачанымі валасамі, абкачаны ў зямлю, скрыгатаў зубамі і нема гразіў небу заціснутымі кулакамі.

На народ, які збегся глядзець, напаў страх; нават Борух схаваўся ў кузню. Як бы нейкім холадам павеяла, чадным паветрам хухнула, а Стэпка Люлічніха нават пабачыла рогі ў калматай галаве Лявона. Усім стала ясна, што паганы чорт змяшаўся з паветрам і валтузіць душу Лявона. Мужчыны сталі разыходзіцца, бабы жагнацца ды сплёўваць, дзеці ў плач, а ў Лявона паваліла пена з губ і ён стаў усяляк трызніць на Бога і ўсіх святых.

Тут нехта параіў гукнуць шаптуху, каб абараніць неба ад паняверы, але Лявон пякельна зарагатаў і паплёўся дахаты, падымаючы нагамі пыл.

Прыйшоўшы дамоў, сваім страшным выглядам напужаў усіх хатніх: жонка схавалася на печ, а дзеці з гвалтам выбеглі вонкі з хаты. Злосна вырваўшы млён ад жорнаў, Лявон пачаў ім калаціць па абразах. Бразг шкла, трэск рам, крык гаспадыні — усё гэта разам тварыла пякельную музыку. Як толькі Лявон сцебануў па святым Антонію, дык з-пад абраза шухнуў на падлогу запылены пачак.

— Грошы ёсць! Лявонка, маміны грошы! — І жонка кульком кінулася з печы, каб падняць запылены пачак. І калі яна разварачвала папяровыя банкноты, выкаціўся вядомы чырвонец. Лявон сядзеў ужо на лаве, сапучы, як кавальскі мех, і абціраў то адным, то другім рукавом абліты потам твар.

Пасля гэтага нічога надзвычайнага з Лявонам не здарылася. Заплаціў ён даніну і на рэшту грошай пачаў лячыць розныя гаспадарскія недамаганні. А крыху абжыўшыся, пасыцеў, пачырванеў, а гутарку сваю пераплятаў вясёлым смехам і жартамі.

— Вось, дарагенькія, як нам трэба, што ўбіў, тое ўехаў, казаў Лявон Недарада.