Як Мікіта бараніў сваіх (1917)

Як Мікіта бараніў сваіх
Апавяданьне
Аўтар: Міхась Міцкевіч, Язэп Лёсік
1917 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як Мікіта бараніў сваіх.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЫДАНЬНЕ „ВОЛЬНАЕ БЕЛАРУСІ“.




М. Міцкевіч і Я. Лёсік.


Як Мікіта
бараніу сваіх.

Цана 15 кап.



Мінск.

Друкарня Я. Грынблята.

1917 г.

!! Момэнт, увагі !!

Каб сьвядома бараніць свае справы і каб моцна, з разумным пракананьям, стаяць на грунці сваіх нацыанальных дамаганьяу, дык трэба ведаць сваю гісторыю, дзеля чаго кожын Беларус павінен прачытаць вось гэткія кнігі па гісторыі Беларусі у расійскай мові:

1) Очеркъ по истории Лит.-русскаго государства Проф. М. Любавскаго.
2) Литовско-русский сеймъ Его-же.
3) Чтеніе по исторіи З.-Россіи М. Кояловича.
4) Рада В. Княж. Литовск., вып. I и II. І. Малиновскаго.
5) Россiя. Томъ IX. Подъ ред. В. Семенова.
6) Очерки по истории З.-Руси и Украины, т. III. І. Василенко.

Перачытаушы уважна гэтыя кнігі, чытач сам ужо с кніжак даведаецца, што чытаць яму даляй, каб грунтоуней азнаеміцца з вялікай і слаунай гісторыей нашай айчыны. А чытаючы гэтыя кнігі, трэ‘ памятаць і ня спускаць з увагі, 1) што слова русскій ужываецца там у значеньні беларускі, 2) што рускімі дауней зваліся толькі беларусы і 3) што «Літва, як племя, ня мела амаль што жаднай гасударсьцьвеннасьці і прымушана была скарыцца і скарылася дазвання пачаткам рускай (беларускай) дзяржаунасьці» (М. В.-Будановъ. Помѣстья лит.-русск. гасуд., стр. 2). Вял. Князство Літоуск. с самага пачатку свайго было Беларускім, а так звалася толькі па тэй тэрыторыі, дзе яно заклалася, як калісь Маскоускае царства звалася не Расіяй, а проста — Масковіей. Князе Літ.-Рускага Князства былі роду славянскага, патомкі полацкіх князеу-ізгоеу, шукаушых долі свае сярод дзікага, паганскага племя літоуцау.

Як Мікіта бараніу сваіх.

Вучыцеся, браты мае,
Думайце, чытайце;
Чужому навучайцеся.
А свайго ня цурайцеся.
Бо хто матку забывае,
Таго Бог карае;
Усе людзі цураюцца,
У хату ня пускаюць.
Т. Шэвчэнко.

Мікіту выбралі дэпутатам на селянскі зьезд.

— Глядзі-ж, Мікіта, — барані нашыя справы, казалі выбаршчыкі. — Ня слухай паноу, ці купцоу там якіх, — яны ворагі нашы і ніколі дабра нам ня жадалі. Ты павінян памятаць, што ты — селянін, хлебароб, як і усе мы, дык і стой за тое, што трэба нам усім, каб вальней на сьвеці жылося. Мы ж цябе пасылаем ад усяго обчэства…

Мікіта зьняу шапку, нізінька укланіуся ды кажа:

— Дзякуй братке за паважэньне! Буду як мага бараніць вас і вашыя справы. Хіба я, ніхай Бог крые, блазан які, ці што, — каб ні патрапіць што сказаць? Барані мяне Божа зрабіць што кепскае для обчэства. Буду выкладаць усе, што нам патрэбна, і ніколі ні паслухаю таго, хто будзе ганьбіць нас і звычаі нашы. Вашыя справы гэтак сама належаць і да мяне. Калі хто стане лашчыцца да мяне і звадыяшыць, дык я яго так турну, што ен і дзесятаму закажа. І хоць-бы галаву адсекалі мне, дык я ні здраджу вам, братке мае, панове брацьця!..

— Маладзец, Мікіта, малайчына! — гукалі селяне.

— Ніхай табе Бог дапаможа абстаяць нашыя патрэбы!..

— Дык я заусюды казау, што Мікіта — галава, дадау хтосьці з гурту.

— Ня трэ‘ сьпяшацца, пахвалім, як верняцца, сказау нехта у адказ.

Дзен колькі прабыу Мікіта на зьездзі. Усе што там гаварылі, ен трохі кеміу, трохі не. Так яму нічога і ня прышлося сказаць. Іншы раз, прауда, у яго руку гаварылі, дык ен ківау галавою і згаджауся. Нават пляскау у ладкі, гледзючы на другіx.

— Ну, што ж ты, Мікіта, чуу на зьездзі? — пыталіся селяне, абступіушы яго на вуліцы.


— Э, Браточкі, дзякаваць Богу. Цяпер зямелька уся наша будзя, і мы мецімем гэтакія самыя права, як і усе панэ. Але ці ведаеце што? Нашліся гэтакія ахцыкі, што хацелі, каб у нас завесьці нейкі «беларускі язык». Ду-удкі, пане мой. Цяпер нас ні падашукаеш. Мы і так кепска гаворым, а яны яшчэ выдумалі «беларускі язык». Патрэбян ен нам, як сабаку пятая нага…

— Як ня патрэбян? Гэта ж наш родны, уласны язык, на каторым мы гаворым, — перабіу яго нехта.

— Што ж ты у маскоуцы, ці у паляке запiсауся?

— Вот табе і Мікіта! Ад свае мовы адказауся. Усе людзі на сьвеці паважаюць і шануюць родную мову, а ен адрокся…

— Дык я ж, браточкі, ня ведау… — апраудывауся Мікіта.

— Ня ведау! — загаманіу салдат, прыехаушы с фронту. — А дзе твой глузд быу? Каго ты там слухау?.. Асталоп ты, калі ня чуу добрага слова. Гэта ім добра будзе, а ні нам, калі мы адкажамся ад свае мовы. Мы — беларусы, а зямелька наша завецца Беларусью. Тая мова, на каторай гаворымо мы і спакон веку гаварылі дзяд і бацьке нашы — называецца беларускаю моваю, або, як табе казалі па-маскоуску — беларускім языком. Дауней па-нашаму гаварылі усе панэ і карале, пісаліся законы, вучылі у школах, судзілі у судох. Але калі 120 год таму назад маскоускія цары, пры Катарыні II, заграбасталі увесь наш край у свае цупкія рукі, дык яны адабралі у нас нашу родную мову, калечылі нас у сваіх маскоускіх школах, зьдзекаваліся з нас за тое, што мы — беларусы, перарабляючы усіх нас на адзін расійскі, маскоускі народ, каб лягчэй уладаць намі. Яны вярнулі братоу нашых, каталікоу на праваслауя і тым заганялі іх да палякоу, капаючы такім спосабам глыбокую яму паміж імі і праваслаўнымі братамі, каторыя праз цямнату сваю верылі панасыланым у наш край маскоускім чыноунікам. Яны зьнішчылі на Беларусі нашае даунейшае беларускае права, мы перасталі быць гаспадарамі у сваей хаці і у нашу хату прышлі чужынцы, дужэйшыя суседзі, і нас, спакон вечных гаспадароу, загналі у цемны куток, заводзячы свае права і свае парадкі. Тагды і сталі яны дражніць нашу мову «брыдкаю», «мужычаю», а дзеля чаго? Дзеля таго, каб мы саромяліся самых сябе ды гарнуліся да іх, да паноу, каб ім лягчэй было даіць нас, як дойную карову.

Яны навучалі дзетак нашых у сваіх школах сьмеяцца з нас і з бацькоу нашых, а мы па цямнаце сваей верылі ім і патуралі. Ні водзін народ на сьвеці ня цураецца свае мовы. І палякі, і маскоуцы, пранцузы і немцы шануюць і любяць сваю мову, адны мы, беларусы, як вырадкі якія, саромеямся роднага слова. Але гэта мінулася. Дзеля таго і настала воля, каб мы схамянуліся і зразумелі, што нас падашуквалі, падманвалі. Дзеля таго і паустала свабода, каб мы вярнулі назад адабранае у нас маскоускімі царамі свае беларускае права, каб у нашым краю зноу, як дауней, запанавала наша родная беларуская мова, тая мова, на якой гадавала нас матка наша і сьпеваем мы песьні нашы. Каб стаць сьвятлейшымі і разумнейшымі, каб ня сьмеяліся з нас добрыя людзі, мы павінны зноу, як дауней, завесьці сваю мову у школах, судох і па усіх установах нашага роднага беларускага краю… А ен кажа ня трэба, — закончыу сваю прамову салдат. —Каго ты там слухау?! Лепш-бы ты галавы свае адрокся, дурніца ты…

— Дык я ж братке, ня ведау, — чуць ня плачучы адказвау Мікіта. — Чуу я, што калі завядзецца у нас «беларускі язык», дык нас аддзелюць ды да Польшчы прылучаць. А там кароль есьць гатовы для нас…

—Дык вот чым яны цябе палохалі! — сказаў нехта з натоупу. — Хітра прыдумалі, трасца іх матары…

— А на зьездзі гэтакія усе добрыя, таварышамі завуць, казау даляй Мікіта. — Усе удыгаюць, хораша аб нас адклікаюцца… А бадай жа іх пярун спаліу!..

— Эх, Мікіта, Мікіта! Нарабіу ты, братка, клопату, як тая баба у казцы, — сказау стары сівы дзед. — Прачуу вось маскаль[1], што у бабы многа грошай, але ня ведау, як да іх даступіцца. Купіу ен кварту гарэлкі, прышоу да бабы у хату ды стау яе частаваць. Гаспадара дома ня было, — на кірмаш ці на заработкі паехау. Маскаль такім добрым зрабіуся, што Божа мой. Баба навясялела, — вядома у галаве гарэлка зашаламіла. У кароткі час яны зрабіліся сябрамі. Стау маскаль скакаць, а скачучы прыпеваць: «У бабушки деньги есть, деньги есть, да не знаю, какъ подлезть, какъ подлезть!» Як усхопіцца баба ды як пойдзе у прысядкі: «у каморы за дзьвярыма, у корабі у перьi.» І пашлі скокі. Утаміушыся ад скокау, баба крыху прыкархнула. Салдат забрау апошні скарб с хаты ды пашоу сабе у сваю дарогу.

Вярнууся гаспадар, а баба і хваліцца: «А мой жа ты Яначка, а што я табе за навіну скажу»… І расказала усе, як было.

— А пляга на цябе! рынууся на яе мужык, — Гэта-ж цябе маскаль падмануу. А ці цэлы грошы, — паглядзі!

— А то-ж ен возьме, гэтакі добры маскалік! Глянула баба і — сьлязьмі аблілася. Маскаль абакрау усе чыста, бабі і на шчопцю перцу ні пакінуу.

Скончыушы гаварыць, дзед зьвярнууся да Мікіты і сказау:

— Дык цяпер разумеяш Мікітка, якія дабрадзеі каля цябе увіхаліся?! Разумеяш, братка, каму наша мова ні патрэбна і хто з гэтага карыстаць будзе? Гэта ім, маскалем ды паляком, добра будзе, калі мы адракомся ад нашае мовы ды адцураемся звычаеу бацькоу і дзядоу нашых. З дурня — глупая навіна. Хто наш звычай ці ігрышча на пасьмеішча, падыме, — што-ж з яго край родны зышча? Што-ж с пустой каліты выме?»





  1. маскаль — салдат, а гэтак сама па-бел. маскаль — велікарус.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі ды ў ЗША, бо ён быў апублікаваны да 7 лістапада 1917 года (паводле новага стылю) на тэрыторыі Расійскай імперыі.


За выняткам тэрыторый Вялікага Княства Фінляндскага і Царства Польскага, і не быў апублікаваны на тэрыторыі іншых дзяржаваў цягам 30 дзён пасля дня першае публікацыі. Юрыдычна Беларусь (ССРБ), як і Расея (РСФСР), не з’яўляецца спадкаемцам Расійскай імперыі. Таксама агульная міжнародная абарона аўтарскіх правоў на гэты твор не здзяйсняецца, бо Расійская імперыя не падпісвала міжнародных пагадненняў у галіне аўтарскага права.