Як жывецца ў Пецярбурзе? (кірыліца)

Як жывецца ў Пецярбурзе?
Публіцыстыка
Аўтар: Антон Борык
1918 год
Крыніца: Часопіс «Гоман» (Вільня), 1918, № 84 (280), 25 кастрычніка, б. 2-3
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як жывецца ў Пецярбурзе?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як жывецца ў Пецярбурзе?

Калі хто быў даўно, ці хоць колькі месяцаў таму назад — Пецярбургу цяпер не пазнаў-бы. Гэта нешта такое, што немагчыма нарысаваць жыцьця, каторае кідаецца адразу ў вочы і коле ў сэрца новапрыежджаму чалавеку. Вуліцы пустыя. Калі якісь чалавек і ідзе, то ледзь цягне свае папухшыя з голаду ногі. А то часта гэткі чалавек, абвязаўшы сабе жоўтую, папухшую з голаду, шыю і падбародак мокрым рызьзём, ўчапіўшыся за лятарню, апушчаецца на зямлю і тут ўмірае, не сказаўшы нікому ні слова, бо й каму скажаш, адкуль можа прысьці падмога пры агульным панаваньні голаду, хвароб і сьмерці.

Як і адкуль прывозяць харчы?

Вагонамі, як калісьці, цяпер еміны (харчоў) блізу што ня прывозяць, бо вагоны былі-б разграблены самымі вартаўнікамі чыгункі. Кожна вязе толькі для сябе. Хоць праўда ёсьць і спэкулянты, каторыя, карыстаючы з даражыні, езьдзяць на вёскі ў другія губэрні, прывозяць харчы ў Пецярбург і там бяруць у 2—3 разы больш. Але такіх цяпер мала, бо ад іх адбіраюць тое, што яны вязуць і тут-жа на месцы, адбіраючы, накладаюць штраф, каторы мусіць спэкулянт заплаціць „у адну часіну“, бо інакш расстрэляваюць. Для сябе людзі возяць у кішэнях і г. п., у адны боты толькі ня сыпляць, бо яны вельмі падзертыя. Раней пазволена было везьці пяць хунтаў хлеба, а ўсяго харчоў 20 хун. Як прыходзіць поезд, яго абступаюць з усіх бакоў чырвонаармейцы-вартаўнікі і ўсіх пасажыраў говяць „на вагу“ і, калі ў каго „багаж“ заважыць балей за 20 хунтаў, адбіраюць багаж, а калі гаспадар багажа загадзя не ўцячэ, то і аштрафуюць. Усё, што адбіраецца, балей пападае ў рукі чырвонаармейцаў вартаўнікоў дарогі, чымся ў скарб. Гэтак робіцца і ў Вітабску і ўва ўсіх бліжэйшых да Пецярбурга мястох. Сваім бязпраўем ці самаўпраўем (бо самі заканадаўцы і спаўняючыя) чырвонаармейцы давялі да таго, што людзі перасталі вазіць харчы, бо ніхто на 5 душ, а часамі і балей, ня можа навазіцца па 5 хунт. хлеба з Вітабска, ці з Пскова, каторы, ня гледзячы на тое, што заняты немцамі, корміць вялікшую часьць жыхараў Пецярбурга.

Такі малы і рэдкі правоз не падабаецца большэвіком, бо няма чаго адбіраць, а служаць на чыгунцы толькі дзеля гэтага, бо што былі-б варты тыя 450 р. у месяц пэнсыі, калі-б прышлося плаціць за хунт хлеба 17 рублёў. Дык што-ж робяць большэвікі? Яны пазволяюць правозіць ня 20 хун, а 1½ пуда і спусьціўшы дні 3 — 4 адбіраюць ад усіх усё і гэткім парадкам запасаюць сабе на зіму.

Але гэтак дастаюць хлеб звычайныя жыхары Пецярбурга, што ім прыходзіцца старцаваць (жабраваць) па вёсках каля Вітабска або Пскова, пакуль знойдзеш 5 хунтаў па 5-8 рублёў за хунт. Іначай дастаюць хлеб работнікі. Яны ад часу да часу робяць экспэдыцыі. Робіцца гэтак: зьбіраюцца з фабрыкі па 60 чал., бяруць стрэльбы, а часамі і кулямёты і едуць за места, куды намечана, бяруць вёску „прыступам“, а там усё іх!

Аднак не заўсёды работнікам удаюцца гэткія экспэдыцыі. Бывае часта, што вясковыя людзі перабіваюць людзей гэткай экспэдыцыі. Па вёсках ёсьць ваенныя стрэльбы, кулямёты, а то ня рэдка і гарматы. Што работнікі баяцца сялян відаць з таго, што ня кожная экспэдыцыя набірае патрэбную лічбу сабе людзей. Усякі не запісаваецца, бо баіцца быць забітым. Але ўсё-ж ткі работнікам жывецца найляпей, бо яны, хоць галодныя, але чуюцца гаспадарамі над усім і над усімі.

Усе жыхары Пецярбурга падзелены на 4 групы. 1-я група — работнікі, яны дастаюць на карты ¼ хунта хлеба і 4 селядцы ў дзень. Другая група займаецца лягчэйшай фізычнай працай. Людзі гэтай групы дастаюць ⅛ хунта хлеба і 3 селядцы ў дзень. 3-я група інтелігэнцыя, яна дастае ¼ хун. бульбы і 4 селядцы. 4-я—быўшая буржуазія, яна дастае 4 селядцы і больш нічога. Гэткім парадкам людзі ядуць селядцы і п’юць сырую ваду, (няма дроў згатаваць) рэзультаты ўсяго гэтага—страшныя хваробы.

Колькі каштуюць прадукты?

Хлеб 1 хунт каштуе ад 17 да 20 руб. Бульба 1 хунт — 3½ — 4 рублі. Цукар хунт — 30 — 33 руб. Больш прызнацца цаны ня ведаю, бо і нічога, апроч гэтых прадуктаў і няма.

Антон Борык.