Як курачка пеўніка ратавала
Як курачка пеўніка ратавала Беларускія народныя казкі Аўтар: народ |
Жылі-былі Курачка і Пеўнік. Курачка яйкі несла, а Пеўнік зярняткі здабываў, Курачку частаваў. Выграбе з ямкі зярнятка і кліча Курачку:
— Ко-ко-ко, Чубатка, знайшоў зярнятка!
Вось аднойчы выграб Пеўнік вялікую бобінку.
«Ну, — думае, — гэтага зярняці Курачцы не праглынуць, з’ем хіба сам».
Праглынуў — ды і падавіўся.
Паваліўся Пеўнік, ногі задраў і не дыхае.
Падбегла да яго к Курачка:
— Што з табою, Пеця? Чаму ты ляжыш і не дыхаеш?
— Ой, — стогне Пеўнік, — бобінкай падавіўся…
— Як жа цябе ратаваць, Пеця? — пытаецца Курачка.
— Трэба, — шэпча Пеўнік, — масла дастаць, горла змазаць.
— А дзе яго дастаць?
— У Каровы.
Пабегла к Курачка да Каровы:
— Карова, Карова, дай масла!
— Нашто табе масла?
— Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
— Добра, — кажа Карова, — дам я табе масла. Але схадзі спярша да касцоў, папрасі сена.
Прыйшла курачка да касцоў:
— Касцы, касцы, дайце сена!
— Нашто табе сена?
— Сена — Карове. Карова дасць масла. Масла — Пеўніку, бо Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
Касцы кажуць:
— Схадзі да пекара, папрасі пірагоў. Пірагі мы з’ядзім, тады і сена накосім.
Прыйшла Курачка да пекара:
— Пекар, пекар, дай пірагоў!
— Нашто табе пірагі?
— Пірагі — касцам. Касцы накосяць сена. Сена — Карове. Карова дасць масла. Масла — Пеўніку, бо Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
Пекар кажа:
— Збегай у лес, прынясі дроў, каб было на чым пірагі пячы.
Пабегла курачка ў лес і прынесла дроў.
Пекар напёк пірагоў.
Занесла курачка пірагі касцам. Касцы з’елі пірагі і накасілі сена.
Прынесла курачка сена Карове.
Карова з’ела сена і дала масла.
Пеўнік змазаў маслам горла і праглынуў бобінку.
Праглынуў і зноў весела на ўвесь двор заспяваў:
— Ку-ка-рэ-ку! Чуб-чубатка — маладзец!
Тут і казцы канец.