Як скарб з-пад печы выходзіў

Як скарб з-пад печы выходзіў
Паданне
Аўтар: народ
Крыніца: http://skarby.in/jak-skarb-z-pad-pechy-vyhodziu.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пабудаваў адзін гаспадар хату. Ды вось бяда — жыць перабраўся, а начаваць у новых сценах баіцца. Кожную ноч вылазіць з-пад печы баран і ўсё палохае:

— Выйду! Выйду!

І няма ніякай рады на праклятага рагача. Хочаш не хочаш, а мусіш уцякаць з хаты, бо ўсё роўна да раніцы не заснеш.

Аднойчы заблукаў у гэтую вёску падарожны і просіцца:

— Гаспадарыку, прымі мяне нанач.

— Куды я цябе прытулю? — развёў рукамі селянін. — Сам у гумне начую, бо ў хаце нейкі нячысты завёўся. Ратунку ад яго няма!

— Мне да страхаў не прывыкаць, — сказаў падарожны, — абы страха над галавою.

— То ідзі начуй, — згадзіўся гаспадар.

Зайшоў падарожны у хату. Запаліў лучыну, а сам на цёплую печ залез. Неўзабаве лучына згарэла, зусім цёмна стала. І толькі певень адкукарэкаў поўнач, як пад печчу хтосьці заварушыўся і пагрозліва загукаў:

— Выйду! Выйду!

У падарожнага валасы сталі дыбам — ён жа ў хаце адзін быў. Але як чалавек бывалы, не разгубіўся: схапіў ладны кій і кажа:

— Ну, то выходзь!

Адно так вымавіў — лезе да яго вялізны страшны баран. Не доўга думаючы, уперыў падарожны рагача па лабаціне. Раптам чуе — штосьці зазвінела. Запаліў лучыну, а замест барана — горба золата ляжыць.

Набраў падарожны колькі змог панесці сабе золата, астатняе гаспадару пакінуў і пайшоў далей вандраваць па свеце.