Як узяць да ладу, што добра, што блага (Маякоўскі/Дзяркач)

Як узяць да ладу, што добра, што блага
Вершы
Аўтар: Уладзімір Маякоўскі
1925
Арыгінальная назва: Что такое хорошо и что такое плохо
Пераклад: Анатоль Дзяркач
Крыніца: Як узяць да ладу, што добра, што блага? / Мал. І. Давідовіча. - Гомель: Друк. "Палесдрук", 1932. - 13 с.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як узяць да ладу,
што добра, што блага


Сын маленькі
падышоў
і спытаўся ў бацькі:
– Добра – што
і блага – што,
як гэта
пазнаць іх?

Не хачу хаваць
ад вас, –
знайце, хлапчанята,
ў гэтай кніжыцы
адказ
я зьмяшчаю
татаў.

– Калі вецер
град нясе,
звоніць
бляхай
дахаў,
гэта –
ведаюць усе –
для гулянак
блага.

Дождж аціх,
адмарасіў.
Сонца
ў цэлым свеце.
Гэта –
дужа добра ўсім,
а найлепей
дзецям.

Калі
скуру
бруд абляжа,
зробішся пачвараю, –
гэта значыць –
дужа блага
для
дзіцячых тварыкаў.

Калі
хлопчык
любіць мыла,
ўмее
зубы шанаваць,
гэты хлопчык –
дужа мілы,
добра робіць,
што й казаць.

Калі стаў
благі хлапчук
біць слабога
нішкам,
Я такога не хачу
і зьмяшчаць
у кніжку.

А вось той крычыць:
– ня руш
тых,
хто меншы ростам! –
Гэты хлопчык
добрым дуж,
ня зьдзівіцца проста!

Як ты
кніжку пашматаў
і апуку топчаш,
акцябрата
кажуць так:
дрэннаваты хлопчык.

Калі-ж
любіш ты чытаць,
працаваць ахвочы,
значыць –
трэба запісаць:
гэта –
добры хлопчык.

Ад вароны
той пузан
пабег
ды заплакаў...
Пра яго адно сказаць,
гэта –
дужа блага.

Гэты-ж –
хоць і сам на пядзь,
але
страшыць птушку.
Гэта
добра
для жыцьця, –
сьмелым быць,
нязрушным.

Гэты –
ўмазаўся
і рад,
што кашулю збрудзіў.
Калі
хлопчык
лезе ў гразь, –
ён благі –
няхлюда.

Той –
чысьціць валёнкі днём,
мые
сам
галёшы,
вось
хоць і маленькі ён,
ды зусім харошы.

Помні
гэта
кожны
сын,
кожны
знай
дзіцёнак:
каб
ня вырас
з сына
сьвін,
калі сын –
сьвінёнак.

Хлопчык
радасны той
быў,
што прышоў да ладу:
"буду –
добра
я рабіць
і ня буду –
блага".


1925