Як усьцерагчыся ад сыфілісу (1925)/Ці можна простым вокам убачыць заразу
← Што такое зараза сыфілісу | Ці можна простым вокам убачыць заразу Мэдыцынская праца Аўтар: Іван Цвікевіч 1925 год |
Як выглядае мікроб сыфілісу → |
3. Ці можна простым вокам убачыць заразу.
Калі пад старасьць у чалавека слабеюць вочы, то вочныя дактары даюць такім людзям акуляры, якія дапамагаюць добра бачыць дробныя рэчы. Прыкладам, старому чалавеку цяжка ўваткнуць нітку ў голку, а як начэпіць гэты стары акуляры на нос — і як бачыш, адразу трапіць у гольную дзірку. Гэта дзеля таго, што шкелкі ў акулярах не такія звычайныя, вось як шкло ў шыбах, а такія, што павялічваюць. Калі глядзець праз гэткае павялічальнае шкелка на дробную рэч, то яна выглядае большай. Ёсьць шклы, каторыя павялічваюць у два разы, у тры, у дзесяць і болей. Возьмем макавае зерне, паложым яго на белую паперу і паглядзім на гэтае зернетка праз шкло, якое павялічвае ў дзесяць раз: мачынка будзе выглядаць у дзесяць раз большаю, бы зерне грэчкі. Вучоныя спэцыялістыя прыдумалі прыладу, якая павялічвае ў тысячу раз. Прылада гэтая складаецца з мэталёвай трубкі, у якую запраўлены некалькі моцна павялічальных шкелак. Называецца гэта прылада мікроскоп. Назва гэта грэцкая, складаецца з двух слоў: мікро — панашаму азначае надта маленькі, дробны, скопэо — панашаму азначае бачу, гляджу. Вось-жа і выходзіць, што назва мікроскоп пабеларуску азначае прыладу для разгляду надта дробных рэчаў. На мал. № 1 паказана гэтая прылада — мікроскоп.
Мал. № 1. Мікроскоп.
Ці няма тут якога ашуканства? Бо дзе-ж яго возьмеш такую маленькую рэч, якую, нават, вокам ня ўгледзіш. Таго, што вока не хапае, мусіць і няма зусім на сьвеце! Вось-жа зусім няпраўда. Зернят у яблыку вока нашае ня бачыць, але яны ёсьць у ім. Паветра мы ня бачым, але яно ёсьцека. У глыбіні рэчкі мы ня бачым рыбы, а яе шмат там. Знача, ня ўсё можа схапіць нашае вока і шмат яшчэ ёсьць гэткага, чаго чалавек ня можа ўгледзіць без дапамогі розных прылад. Асабліва, што да дробных рэчаў. Вось хоць-бы ўзяць да прыкладу звычайны пыл.
Мы бачым на паліцах пыл. Ён складаецца з надта дробных парошынак і трэба мець вострае вока, каб, углядаючыся ў пыл, убачыць паасобную парошынку. Пільна разглядаючы пыл, мы можам схапіць вокам толькі найбольш буйныя парошынкі. А ўзяўшы павялічальнае шкло, мы ўбачым яшчэ драбнейшыя, якіх раней вока ня бачыла.
Каб яшчэ мацней праканацца ў тым, што ёсьць гэткія дробныя рэчы, каторых голымі вачыма не пабачыш, робяць гэтак.
Мал. № 2. Кропля вады праз мікроскоп.
Бяруць на кавалак шкла кроплю звычайнай вады са ставу або раўчака. Паглядзеце голым вокам: чыстая вадзічка, бы сьляза! Але паглядзеце гэтую самую кроплю праз павялічальную трубу, праз мікроскоп, дык проста вачом веры не дасьцё. У гэтай маленькай кроплі вады вы ўбачыце шмат чаго дзіўнага.
Тут або ляжаць нярухома, або рухаюцца рознай велічыні галачкі, кіёчкі, тасемачкі. На некаторых гэтых галачках і кіёчках маюцца валасочкі ці хвосьцікі, якія жвава рухаюцца. Адным словам, у кроплі вады кіпіць жыцьцё нейкіх драбнюсенькіх стварэньняў. Углядаючыся нейкі час, можна прыкмеціць, як і чым гэтыя стварэньні жывяцца, як плодзяцца і г. д. На мал. № 2 паказана кропля вады пры разгляданьні яе праз мікроскоп.
Аб чым сьведчыць гэтае разгляданьне кроплі вады? Ды аб тым, што ў вадзе, у якой простае вока нічога ня бачыць, ёсьць нязьлічонае мноства размаітай драбязы і сярод яе шмат жывых, надта дробных стварэньняў.
Вучоныя з дапамогаю павялічаючых прылад дазналіся, што ўсюды вакол нас — і ў паветры, і ў вадзе, і ў зямлі — жыве безьліч нябачных простаму воку надта дробных стварэньняў. Сярод гэтых стварэньняў сустракаюцца шкодныя для чалавека. Шкодны яны тым, што, трапіўшы ў кроў чалавека, пачынаюць шпарка пладзіцца і выпускаюць з сябе атруту, якая псуе кроў і заагняе ўсе часткі цела.
Называюцца ўсе гэтыя дробныя стварэньні мікробамі. Мікроб ёсьць грэцкае слова; складаецца яно з двух слоў: мікро — азначае надта малы, біо — азначае жыцьцё. Знача, мікроб пабеларуску азначае — надта дробная, малая жывёлінка.
Мікробы, шкодныя для здароўя, называюцца заразьлівымі мікробамі. Значыцца, зараза гэта ёсьць нябачныя простым вокам, надта малыя стварэньні, якія могуць сустракацца ўсюды, — у вадзе, у паветры, у зямлі і ў целе хворага чалавека.
Наш селянін — вялікі недавера. Калі ён пачуе, што заразу нельга ўбачыць голым вокам, дык скажа, што мусіць і нямашака гэтай самай заразы.
Каб пераканаць нашага селяніна, трэба яму гэтак дакладна давесьці, гэтак вытлумачыць, каб у яго не засталося ані кроплі сумніву. Трэба гэтак разжаваць справу, каб самы недаверны сказаў: „Ось дык даказаў! i дзецца няма куды. Усё да таго зразумела і проста, аж міла… нават, каб хацеў перакруціць дык ня здолееш…“
Самым лепшым доказам для такіх недавераў было-б ось што. Узяць кроплю крыві ад здаровага чалавека і ўзяць кроплю крыві ад хворага на зваротны тыфус. Палажыць гэтыя кроплі крыві пад мікроскоп і даць паглядзець. Тады гэты недаверны чалавек на ўласныя вочы ўбачыў-бы: кроў здаровага чалавека зусім чыстая, а ў крыві ад хворага на тыфус ёсьць пакручастыя тасемачкі, ось як гэта паказана на малюнку № 3.
А простым вокам, як ні ўглядайся ў гэтыя кроплі крыві нічога ня ўбачыш.
Але-ж няма ніякай магчымасьці ўсім, хто ня бачыў заразьлівых мікробаў, паказаць гэтых мікробаў праз мікроскоп, бо прылада гэтая дорага каштуе і ёсьць толькі ў добра абсталяваных больніцах і па гарадох у навуковых установах.
А раз няма магчымасьці такім спосабам усіх пераканаць, што ёсьць нябачныя голаму воку дробныя жывёлінкі, якія выклікаюць хваробы, то пішуцца кніжкі, у якіх вытлумачана аб гэтым і дадзены малюнкі заразьлівых мікробаў.
Кожная заразьлівая хвароба выклікаецца сваім асобным мікробам, які непадобен да іншых.
Гэтак, мікроб сухотаў мае выгляд маленькага кіёчка, а мікроб зваротнага тыфусу выглядае, як пакручастая вузенькая тасемачка (мал. № 3 і № 4).
Мал. № 4. Мікробы сухотаў — дробныя кіёчкі.
Заразьлівыя мікробы халеры маюць выгляд маленькіх выгнутых кіёчкаў з адным хвосьцікам (мал. № 5), а мікробы брушнога тыфусу выглядаюць, як кіёчкі з некалькімі хвосьцікамі (мал. № 6).
На малюнку № 7 паказаны выгляд мікробаў, якія выклікаюць гніцьцё і заагненьне ран.
Мал. № 7. Гнойныя мікробы.
Усе заразьлівыя мікробы, як толькі трапяць у цела чалавека (з вадой, з паветрам, праз маленькую раначку на скуры), пачынаюць хутка пладзіцца і псуюць кроў, выпускаючы з сябе атруту.
На першы погляд здаецца дзіўным і нават мала зразумелым, што гэткія драбнюсенькія жывёлінкі, якіх нават вокам ня ўзгледзіш, і могуць атруціць дарослага чалавека.
Успомнім пра пчалу. Калі адна пчала ўсадзіць джгала і ўпусьціць нам пад скуру кроплю атруты, то моцна баліць, скура ў гэтым месцы пачырванее, набракне, але чалавек не атруціцца.
Аднак-жа, ведама, што калі шмат пчол пакусаюць каня, дык конь здыхае. А конь куды мацнейшы за чалавека. Каб голага чалавека пакусала многа пчол, дык чалавек бязумоўна памёр-бы.
Адгэтуль відаць, што атрута аднае пчалы ня страшна, але ад вялікай колькасьці пчол будзе многа атруты, якая можа атруціць самага моцнага чалавека. Гэтак і мікробы. Атрута ад аднаго мікроба ня мікроба ня можа пашкодзіць чалавеку. Калі-ж у целе чалавека расплодзіцца гэтых мікробаў тысячы і мільёны (а плодзяцца яны вельмі хутка: з аднаго мікроба ў працягу гадзіны плодзіцца поўмільён мікробаў) і ўсе гэтыя мікробы разам выпускаюць гэтулькі атруты, што чалавек ад яе памірае.