Янка Купала. СПАДЧЫНА (Каравайчык)

Янка Купала. СПАДЧЫНА
Рэцэнзія
Аўтар: Павел Каравайчык
1922
Крыніца: Адраджэньне, 1922 - №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫТЫКА І КНІГАПІС.

1. Янка Купала. СПАДЧЫНА. Беларускае Коопэрацыйнае Выдавецтва «Адраджэньне». Менск 1922, іn ⅛°, cтp. 221.

Цэлых дзевяць год прайшло ад гаго часу, як выйшаў апошні зборнік Я. Купалы: «Шляхам жыцьця». І вось цяпер, пасьля доўгага перарыву, калі так зьмяніўся сьвет, зьмяніліся людзі й акалічнасьці нашага жыцьця, выходзіць кніжка вершаў нашага любімага песьняра, чыё імя неразрыўна зьвязана з беларускім рухам, беларускім адраджэньнем. Хапаешся за кніжку, гартаеш яе і ўрэшце—застаешся трохі расчараваны: усё пастарому! І толькі праз некаторы час, пераглядуючы зноў гэтую кніжку, бачыш, што ня ўсё тут старое. Ёсьць і новае.

У зборніку зьмешчаны вершы з розных часаў Купалаўскай творчасьці, пачынаючы ад эпохі яго першых спроб (1906 г.) і аж да 1919 году ўключна. З ранейшага пэрыаду творчасьці Я. Купалы зьмешчаны вершы, дзеля тых ці другіх прычын не ўвайшоўшыя ў ранейшыя зборнікі яго твораў. Дзеля гэтага, у «Спадчыну» папала шмат такіх вершаў, якія звычайна астаўляюцца да поўнага «Збору твораў». У такіх варунках кніжка нейкага ядынага, цалкавітага ўражаньня ня робіць, ні з боку мастацкага, ні з боку ідэолёгічнага. Побач з вершамі высокай вартасьці ёсьць вершы зусім слабыя па зьместу й форме.

Калі параўнаваць «Спадчыну» з ранейшымі зборнікамі, а так-сама ў гэтым адным зборніку вершы ранейшыя й пазьнейшыя, то мы заўважым, што вершы з ранейшых часаў характэрны цеплатой свайго ўчуцьця, лірычным пад’ёмам, напеўнасьцю вершу і яго блізкасьцю да песьні. Вершы-ж пазьнейшых часаў маюць больш спакойны характар і вызначаюцца сьвядомым мастацтвам формы. Поэта ужо ня проста бярэ ўсё, што нахлыне ў душу, а робіць сьвядома-мастацкі выбар і ў тэмах і ў спосабах іх anpaцоўкі.

Характэрным у гэтым сэнсе зьяўяецца самы першы верш, пачынаючы кнігу і даўшы ёй навву—«Спадчына»:

«Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына,
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай».

Тэма вершу старая, тыпічная для Купалы—каханьне да роднай старонкі,—але тут мы бачым такую апрацоўку тэмы, што яна адцясьняе на задні плян самую тэму. Тут мы бачым нават зухаваньне багатымі рыфмамі. Ранейшымі вершамі поэта ставіў сваім заданьнем будзіць у нас тыя ці іншыя ўчуцьці, адпавядаючыя яго ўласным; тут апрача гэтага і нават перш за гэта.―даецца эстэтычна-гастранамічнае задаваленьне. Мы ня столькі наядаемся, сколькі пагурманску смакуем страву.

Адраджэнцкія-ж матывы, якімі напоўнена кніжка, узятыя самы па сабе, ужо не захапляюць нас так, як захаплялі раней. Адраджэнцкія матывы да апошняга часу былі поўнымі гаспадарамі у наша поэзіі, і нават тыя поэты, якім палітычна-адраджэнцкія кірункі творчасьці былі чужымі (як напр., Багдановіч), складалі ім дань.

Цяпер-жа адраджэнцкая хваля ўжо настолька шырока заліла наш край, што адраджэнцтва ў літаратуры ўжо зьяўляецца перажыткам, яно аджывае свой век; адраджэнцкія вершы ўжо не захапляюць нас, бо тая вера, якую яны павінны разбудзіць у нас, ужо моцна сядзіць у нашым сэрцы; нам хочацца чагось новага. Мы ўжо ня будзем захапляцца тымі творамі Я. Купалы, гдзе ён пытаецца: хто такія беларусы—ці людзі, ці скаціна; або тымі, гдзе ён выказвае жаданьне беларусаў «людзьмі звацца»; або тымі, дзе ён усьлед за Багушэвічам даводзіць, што беларуская мова ― ня толькі мужычая, але й такая людзкая, як і ўсякая іншая. Усе гэтыя пытаньні для нас ужо разьвязаны. Мы цяпер цьвёрда ведаем, што мы ― людзі, што мы ня горшыя за другіх людзей; што наша мова―ня мужыцкая толькі, але й наогул такая-ж добрая, як і іншыя. Цяпер мы самі ведаем па паўдзесятку, а то й па дзесятку чужых моваў і аднака ня цураемся свае роднае, разумеем яе хараство. Дзеля гэтага адраджэнцкія матывы ў вышэйпаказаным сэнсе для нас ужо аджылі свой век. Мы іх болей не патрабуем. Пэўна-ж, на пэрыфэрыі адраджэнцкага руху (а такая пэрыфэрыя ёсьць і яшчэ доўга не прападзе) творы з адраджэнцкім зьместам яшчэ доўга ня страцяць свае беспасрэднае вартасьці і ўплыву.

Адраджэнцкія матывы ў «Спадчыне» вельмі сходны з такімі-ж матывамі «Шляхам Жыцьця». Далей поэта не пайшоў, бо далей, мусіць, і йсьці-то некуды. «Шляхам жыцьця»―вяршына разьвіцьця беларускай адраджэнцкай ідэолёгіі ня толькі Я. Купалы, але й наогул. Тая нездаволенасьць цяперашнім і тая безнадзейнасьць, што так яскрава выяўлены ў малюнку пустой, балотнай дарогі на вокладцы «Шляхам жыцьця». ― пануюць і ў «Спадчыне»:

«Як мы жывём, чаго чакаем,
Ня знаем мы, ня знае сьвет;
Ніто ўжо мром, ні то ўскрасаем,
Змагчы ня ў сілах мук і бед».

Гэтая пакойная безнадзейнасьць рэзка кантрастуе з выкрыкамі «маладых» і «пралятарскіх» поэтаў, якія зьявіліся-былі ў нас у апошнім часе. Пэўна-ж, кожнаму з нас хацелася-б, каб нашы поэты пелі радасныя гымны радаснаму жыцьцю. Але гэтага пакуль што няма, і да тых пор, пакуль наша жыцьцё ня зьменіцца, радасных песень мы не пачуем, бо песьня родзіцца з жыцьця.

Беспрасьветная сучаснасьць і пачуцьцё бязьсільнасьці свае і свайго народу застаўляюць поэта зьвяртацца да найвышэйшай сьветавой улады―да Бога. Яшчэ ў канцы 1912 году поэта зьвяртаецца да Бога з натхнёнай малітвай-вершам, поўнай горкіх скаргаў і дакораў. Гэтая «ода» «Цару Неба й Зямлі» (стар. 40), гэты ў істоце сваей абвініцельны акт проціў Яго, належыць да наймацнейшых вершаў Купалы, і ня толькі Купалы, але і ўсяе беларускае поэзіі, і ня толькі ўсяе беларускае паэзіі, але таксама й сьветавой поэзіі.

Сярод другіх вершаў першага аддзелу кніжкі зьвяртаюць на сябе ўвагу «Моладзі» і «Песьні вайны». Верш «Моладзі» друкаваўся ў аднэй з першых кніжак часопісі «Лучынка», якая пачала была выходзіць у канцы 1913 і пачатку 1914 году, прысьвячоная спецыяльна моладзі беларускай.

З пачаткам вайны 1914 году пад гістарычныя выкрыкі нацыянал-шавіністаў нават некаторыя значныя поэты, што цяпер сьпяваюць у Маскве гымны акцябраўскай рэвалюцыі і камунізму, —настроіліся-былі на ўра-патрыотычны лад і «пелі» аб Басфоры, Константынопалю і т. д. Зусім іначай адбілася вайна ў творах Купалы. Толькі на момант затуманілася яго прытомнасьць адвечнай пакорлівасьцю беларускага хлопка. Кажуць ісьца ― трэба ісьці, кажуць забіваць―трэба забіваць» ― вось сэнс аднаго з вершаў напісаных Купалаю пры пачатку вайны («Склік», стар. 31). але наогул пачатак вайны адбіўся ў яго творах трывожным чаканьнем чагось страшнага і невядомага, якім тагды быў напоўнен наш край. Хутка пасьля гэтага ён ужо рашуча асуждае вайну («1914-ты», «Вясна 1915», ст. 36-38).

«1914-ты» сустракае суровы дакор поэта за тoe, што:

«Не забіваці-ты стрывожыў права,
На сэрца і душу наклікаў цьму,
Людзей на зьвераў пошасьцяй крывавай
Ператварыў і здаў насьледніку свайму».

Дзеля гэтата поэта з горачу прадсказвае «1914-му»:

«Касьцьлявай зморан з гібелі сталецьцяў
Ты, як пракляцьце, будзеш вызіраць.
І будзе маці страшыць табой дзеці,
Ды клікаць той, хто ўздумае ўміраць».

Aлe нават у такі момант поэта верыць у прыход лепшых часаў:

«Аж прыйдзе іншы год з рукою лёгкай
Агледзіны рабіці новых дзён.
Дзе меч нявідзімага Бога-Рока
Напіша бескрывавы свой закон.

Гэтаю ацэнкаю вайны Я. Купала выгадна вызначаецца ад хэўры ўра-патрыотаў у сваім часе, а цяперашніх «інтэрнацыяналістаў».

У другім аддзеле спіжкі ёсьць вельмі наіўныя насьледаваньні Кальцоўскім песьням. Зьвяртаю на іх увагу дзеля таго, што падобныя вершы далі повад аднаму з прафэсароў Менскага Дзяржаўнага Унівэрсытэту на ўрачыстым сьвяткаваньні юбілею Купалы далікатна назваць яго беларускім Кальцовым толькі слабейшым. Аб абсурднасьці такой думкі ня прыходзіцца гаварыць, хоць-бы дзеля аднаго таго, што на Купалаўскай творчасьці апрача Кальцова можна прасьлядзіць уплывы Сыракомлі, Канапніцкай, Някрасава, нават Надсана, не гаворачы ўжо аб пунктах сваяцтва Купалы з навейшымі поэтамі. Ніводная літаратура ня жыве цяпер асобным, зусім самастойным жыцьцем. Гэта бязумоўна справядліва і аб нашай маладой літаратуры; але творчасьць кожнага больш-менш значнага поэты складаюцца з уласных элементаў плюс рознастароньнія ўплывы другіх поэтаў. Так што нізвадзіць Купалу да Кальцова №2 можа толькі профэсарскае нявуцтва.

Справа, як відаць, можа быць растлумачана проста. Многія людзі, незнаёмыя з беларускай літаратураю і беларускім жыцьцём, судзяць аб Купале па зборніку яго вершаў у перакладах расейскіх поэтаў. Незалежна ад таго, што гэты зборнічак тэматычна не ахапляе ўсіх бакоў творчасьці Купалы, ― трэба мець яшчэ на ўвазе вось што: вершы Купалы з першай палавіны яго творчасьці вызначаюцца інтуіцыйнай напеўнасьцю рытму пры прымітыўным зьмесьце; зьмест у іх ня толькі разварачвае які сюжэт, сколькі праз свае вобразы ў сьвязку з рытмам мае на мэце ўзбудзіць у нас пэўныя эмоцыі. Такія вершы цяжка паддаюцца перакладу і звычайна трацяць пры гэтым большую часьць свае вартасьці, якую яны мелі ў арыгінале. Так сама здарылася і з Купалаўскімі вершамі, і той хто судзіць аб Купале па гэтых перакладах, хай зараней ведае, што яго вывады будуць неправідловымі.

Найбольшую мастацкую вартасьць з усяе кніжкі маюць вершы, што пападаюцца ў ІІІ, ІV-м і V аддзелах, гдзе мэты чыстага мастацтва пануючы над прыкладнымі дамешкамі. Першым з іх зьяўляецца першы верш у ІІІ аддзеле «Млечны шлях». Звычайна у Купалы блізка што да ўсякага anісаньня прыроды далучаюцца грамадзянскія думкі. Верш чыніць на нас дваякі уплыў―і эстэтычны і грамадзянскі, і быць можа, справу можна разглядаць так, што грамадзянскія ўчуцьці бываюць галоўным, апісаньне прыроды—толькі фонам, аправаю. Зусім ня тое ў першых вершах III-га разьдзелу: яны ня маюць ніякіх грамадзянскіх думак і зьяўляюцца чыстым мастацтвам высокай пробы.

Другі верш з гэтага разьдзелу «Званы» вельмі цікавы з тэхнічнага боку: даведзенай да найвышэйшай ступені інструмэнтоўкай гукаў. Альлітарацыі й гукавыя паўторы пападаюцца ў вершах Купалы вельмі часта, мілагучнасьць яго вершаў шмат залежыць ад іх, але пры звычайным чытаньні, калі ўвага компэтэнтнага чытара не зьвяртаецца спэцыяльна на іх, то яны ня відаць. Тут-жа гэтая інструмэнтоўка гукаў адразу кідаецца ў вочы кожнаму чытару:

«Гудуць званы, з дня ў дзень гудуць мядзяныя званы,
Як стогн, гук-водгульле гучыць мальбою жудзі,
Дрыжыць званіцы мур сьцюдзены, цагляны,
Дрыжыць званар, надорваныя рвучы грудзі».

Поэты даволі часта задаваліся заданьнем падрабіць у вершах розныя гукі жывой прыроды. Найбольш вядомы і звычайны цяпер імітацыі шуму лесу праз альлітарацыі і паўторы шыпячых. Таксама прыцягваў увагу поэтаў і звон. Шмат каму вядомы, напр., такія радкі расейскага поэты Сяргея Гарадзецкага:

«Стоны-звоны, перезвоны,
Звоны-стоны, звоны-сны,
Хороши крутые склоны,
Крутосклоны зелены».

Галоўную ўвагу мае тут паўтор гуку «н», які ў зьвязку з рытмам і паўторам «з» і «с» дае ільлюзію вясёлага веснавога перазвону.

Іначай пабудован верш Купалы і дае зусім другое ўражаньне. Паўторам у Купалы захоплен большы лік гукаў. Паўтор гукау «н», «з», «д» і «г» дае імітацыю званоў, якая праз дамешку «д» і «г» у зьвязку з рытмам ахварбоўваецца ў мрочны, патаемны колёрыт; а паўтор гукаў «ж», «ц» і «р» у другой палове чатырохрадкоўкі малюе мур сьцяны, яго дрыжаньне ад магутных званоў і маласільнасьць званара перад такімі грамадамі.

Так сама нельга не заўважыць другога такога вершу, дзе гукавая інструмэнтоўка з другараднага, часта нават несьвядомага мастацкага сродку, робіцца галоўным. Гэта верш «Сьмейся» (стар. 90). Дзеля прыкладу выпісваем тут дзьве страфы з яго:

Сьмейся сьмехам, сычэньнем праз скрогат
Перадсьмертны зубоў і расьсейся
Ў гразь жыцьця, ў пекла Дантава рогaт!
Каб аж косьці ўстрасаў дзікі дрогат.
На пацеху сьляпой дзічы, сьмейся!
................
Сьмейся сьмехам-скавытам вядзьмячым,
У віхровым пасьвісьце разьвейся
І над сьветам разьюшаным, сьпячым,
Над жывымі трупамі і плачам
Ты лунай, вочы рві сабе… й сьмейся!

Але зноў такі, трэба не забывацца, што апрача гэтых прыкладаў, дзе паўтарэньне гукаў вылазіць наверх, як сьвядомы мастацкі сродак (і адзін з галоўных), у Я. Купалы ёсьць вялікае багацьце гукавой інструмэнтоўкі наогул, гукавыя паўторы розных тыпаў. Але гэтая старана яго творчасьці яшчэ чакае сваіх дасьледчыкаў. У нас яшчэ зусім няма ні крытыкі, ні крытыкаў. А вядома з другіх літаратур, што грунтоўныя досьледы фармальнай стараны твораў позіі (мэтрыкі, эўфоніі, вобразнасьці―як мастацкага сродку і г. д.) зьяўляюцца вельмі позна, ужо пасьля таго, зьмест будзе зжован і перажован на ўсе лады.

У трэцьцім-жа разьдзеле зьмешчана некалькі сонетаў Купалы, якія сьведчаць аб усё большым і большым праніканьні поэты ў сэнс гэтай поэтыцкай формы.

Верш «На вуліцы» (стр. 87) такcaмa вельмі цікавы з боку тэхнікі. Звычайна, у Купалы незаметна пагоні з яркай вобразнасьцю. Зьмест у яго пануе над усім другім, і вобразы маюць толькі падсобнае, другараднае значэньне. Гэты-ж верш цікавы іменна, як спроба (і высока-ўдачная спроба) даць нізку яскравых вобразаў, выклікаемых вуліцай места. Вось дзеля прыкладу адна страфа гэтага вершу:

«У дроце, што паміж слупамі віўся густа ўдоўж,
Як-бы напяты былі там людзкія жылы,
Гудзеў, заводзіў вецер, бы па дроце рэзаў нож,
Як вісельнік, выў, вырваўшыся з-пад магілы».

Прыгожы верш «Мая навука» ў канцы III разьдзелу мае аўтобіографічны характар.

Поэма «Яна і Я», пачынаючая сабою ІV разьдзел, мае вялікую мастацкую вартасьць. Гэта кусок грубага будзённага жыцьця, з якога ўтворана высока-мастацкая і поэтычная легэнда. Гэта, як пісаньне даўнейшых, старасьвецкіх кніжнікаў: кожная літара, кожная рысачка, кожная драбніца выпісваецца з вялікім стараньнем і замілаваньнем у адным стылю, праходзячым праз усю працу. Па стылю гэтую поэму раўнуюць з творамі індускага поэты Рабіндраната Тагора.

V разьдзел пачынаецца пераказам народнай легэнды аб разбойніку Машэцы, што калісьці жыў на тым мейсцы, дзе цяпер стаіць Магілеў (Магіла Лева). За выключаньнем некаторай слабасьці псыхолёгічнай канвы, тут рэшта ўсё добра.

Што належыцца да «Бандароўны», то праўда, гэта бледны, рэторычны пераказ народнай колёрытнай бальляды. Самая галоўная розьніца яе з народным творам такая, што «Бандароўна» народная―твор строга эпічны, хоць там і гаворыцца аб вельмі трагічнай справе. У Купалы-ж пры пералажэньні гэтай бальляды наплыло шмат рэторычнага суб'ектывівму (напрыкл., у IІІ адрыўку). Пападаюцца і вульгарныя прозаізмы:

«Тая, жартаў не пазнаўшы,
Зьехала па твары».

Купала, як відаць, карыстаўся тлумачэньнем Кастамарава, зьмешчаным у І томе І часьці Шэйна і прыведзеным там адным украінскім варыантам «Бандароўны», але-ж усе роўна там такога выразу «зьехала па твары» няма. (Бандароўна махнула рукой, адбіваючыся, і зачапіла пана).

Шмат больш беспасрэднасьці й поэзіі так-сама ў пераказе народнай легэнды «Страшны вір» (стар. 167).

«Казка аб песьні» ― высока мастацкі адраджэнцкі твор.

Так-сама вельмі добрымі зьяўляюцца: вырасшая на грунце народных вераваньняў «Рунь» (стар. 177) і «Забытая карчма» (стар. 178) у пазьнейшай пераробцы.

Высока поэтычны замысел у вершы «Буслы» (ст. 182). Не разьбіраючы яго падрабязгова, можна ўказаць на адну няпрыемную драбностку: «жабры», папаўшыя дзеля рыфмы к слову «сябры». Гаварыць аб птушках і ўжываць слова «жабры» ніяк ня можна, а то хто-небудзь прачытае ды стане яшчэ вінаваціць поэту ў нязнаньні аб прыродзе таго, што ведае кожны.

Наастатак два словы аб рыфмах у «Спадчыне». Наогул, Купала вялікі ў нас масьцер рыфмы, але ў гэтым зборніку мы сустракаем тое, чаго раней у яго не сустракалі: такія складковыя рыфмы, як «аповесьць―даўно весьць», «слаў-бы―слабы» і др.

Чым-жа зьяўляецца «Спадчына»? Рэцэнзэнт Савецкай Беларусі» грам. Дзяржынскі назваў яе крокам наперад. З гэтым ніяк ня можна згадзіцца. Каб назваць «Спадчыну» крокам наперад, трэба было-б прызнаць, што ў ёй ёсьць вершы больш вартныя, чым у ранейшым пэрыядзе творчасьці Купалы. А гэта ня так. Лепшыя адраджэнцкія вершы «Спадчыны» толькі дасягаюць вышыні ранейшых Купалаўскіх твораў, а другія высока-мастацкія творы, зьмешчаныя ў кніжцы, зьяўляюцца спробаю творчасьці ў новым для поэты кірунку.

Так што «Спадчына» ня крок наперад, а паварот: тэматычны і фармальны. З боку тэматычнага гэты паварот характарызуецца меншым захапленьнем поэты адраджэнцкімі матывамі і апрацоўкаю тэмаў чыстага мастацтва; з боку фармальнага—прыметна большая мастацкая сьвядомасьць у карыстаньні вобразнасьцю, рытмікай, рыфмай, інструментоўкай гукаў і т. д. Мераючы на расійскую мерку, я-б сказаў, што ў «Спадчыне» вызначаецца паварот Купалы ад інтуіцыйнай, эмоцыанальнай напеўнасьці Бальмонта да сьвядома-мастацкай шліфоўкі вершаў Брусава. Гэта зусім не азначае, што раней Купала быў вучнем Бальмонта, а цяпер паступіў вучнем у школу Брусава. Не, сэнс ўпамінаньня тут Бальмонта й Брусава такі, што так, як расійская літаратура млада-беларусам лепш вядома, чым беларуская, то адно трапнае параўнаньне, узятае з яе, лепш асьветліць справу, чым доўгі артыкул.

Цяпер некалькі слоў аб надворным выглядзе кніжкі, прычым, сказанае будзе датычыць і другіх выданьняў «Адраджэньня». Вокладка просьценькая, бяз усякіх хітрыкаў, мусі дзеля таго, каб зрабіць кніжку больш таннай і даступнай. На другой старонцы вокладкі адбіт каталёг выдавецтва, тaк што першая старонка робіцца шурпатай і з прастаты становіцца кепствам.

На апошняй старонцы вокладкі кляймо фірмы з пралятарскай сымвалістыкай (серп і молат, рука з разарванымі кайданамі, факел) і надпісам «Пролетарыі ўсіх краёў злучайцеся!» „Беларускае Кооперацыйна-Выдавецкае Т-ва «Адраджэньне»“.

Баюся паказацца неблаганамераным, але мушу выступіць проціў такоra кляйма на культурна-асьветных кніжках. У Маскве гэтак ня робяць ужо нават на казённых выданьнях, апрача выданьняў агітацыйных і партыйных. Тут-жа, у правінцыі, гэтым займаецца «коопэр. выд. т-ва». Aлe гэта няхай сабе: правінцыя ўсюды благанамераней цэнтру. Справа вось у чым. Для нас, беларусоў, чыя бацькаўшчына разьдзелена паміх варожымі сабе дзяржавамі, важна, каб падтрымліваўся культурны зьвязак між гэтымі разарванымі часьцінамі краю, трэба, каб культурная кніжка, выданая па адзін бок мяжы, магла цыркуляваць і па другі бок мяжы. Тымчасам гэтае кляймо адразу робіць кніжку падазронай у вачох польскай дэфэнзывы і загараджвае ёй (кніжцы) дарогу к чытачу.

Што належыцца да зьмяшчаньня па два-тры вершы на адну старонку, то трэба памятаць, што цяпер няма каму траціцца на кніжку, выданую «як мае быць». А вось што да абмылак, якія тут пападаюцца (хоць і не ў такой меры, як на беларускіх савецкіх вывесках), то трэба было-б выганяць іх пры карэктуры і выпраўленьні карэктуры больш старанна

П. Любецкі

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.