Янка Купала ў крывым люстры
Янка Купала ў крывым люстры Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1938 Крыніца: Калосьсе. 1938. № 2 |
У ўкраінскім журнале «Вістник» за красавік 1938 г. зьмешчана стацьця В. Піліпчука п. н. «Ідэоляг новае Беларусі?», прысьвечаная нашаму нацыянальнаму паэту Янцы Купале. Стацьця гэтая гэтак скажае аблічча і ідэалёгію Купалы, што паэт наш выглядае ў ёй запраўды як у крывым люстры, і дзеля гэтага немагчыма прайсьці міма яе моўчкі, хоць з увагі на яе нізкі ровень аб ёй можна было б і не гаварыць. Аб грубай тэндэнцыйнасьці аўтара стацьці дае паняцьце небывалая, здаецца, дагэтуль у вуснах украінца заява, што «гаварыць сягодня аб беларускай нацыі — што найменш зарана!» Дык няхай украінцы — навучае ён сваіх землякоў — ня робяць палітычнае абмылкі: няхай пакінуць спагадаць беларусам, а лепш імкнуцца — як само сабой вынікае зь ягоных слоў — праглынуць беларускі народ...
Калі чалавек выступае публічна з падобным заклікам, супярэчным з паглядамі ўсяго ўкраінскага грамадзянства, дык мусіць жа неяк абаснаваць сваё выступленьне, давясьці правільнасьць яго. І Піліпчук прабуе гэта зрабіць, а як — гэта ўраз пабачым.
Піліпчук выходзіць з таго гледзішча, што вялікія нацыянальныя паэты ў сваіх творах выяўляюць душу і ідэалы сваіх народаў. У беларусаў такім паэтам ёсьць Янка Купала. Значыць, ідэалёгія Купалы, выяўленая ў ягонай паэзіі, ёсьць ідэалёгіяй беларускага народу.
Да гэтага месца ўсё як быццам у парадку. Але ж, пераходзячы да аналізы Купалавае паэзіі, Піліпчук папросту фальшуе ягоную паэзію, вырывае з паасобных вершаў радкі, каторыя самі па сабе ня маюць сэнсу і не выяўляюць думкі песьняровае, і ўкладае ў Купалаву творчасьць такія «ідэалы», якіх ніколі ня меў дый ня мае ані Купала, ані беларускі народ. І вось, паказаўшы гэтак украінскаму грамадзянству ў сваім крывым люстры сфальшаванага Купалу, Піліпчук робіць вывад, што беларускі народ мае «бабскую» псыхалёгію і «зрабіўся малым духам», зрабіўся няздольным да жыцьця і да барацьбы за сваю волю й нацыянальны быт, за сваё нацыянальнае «я».
Вось галоўныя думкі Піліпчука, выказаныя ім аб Купале і ягонай ідэалёгіі.
Перадусім Купала прадстаўляецца Піліпчуку далёкім ад народу інтэлігентам, каторы вырас ня з роднае беларускае глебы, а «нахапаў» жаласьлівых абразоў у чужацкіх паэтаў — расейскіх ды польскіх — і творыць «штучныя абразы» нібыта беларускага жыцьця, далёкія ад рэальнасьці, дыктаваныя «фантазіяй». Як прыклад гэткага нібыта непраўдзівага маляваньня абразоў беларускага жыцьця Піліпчук дае два радкі зь вершу Купалавага «Разьвейся туман...», каторы заканчываецца гэтак:
Нядоля і гора, навокал — магілы, —
Вось роднага шчасьця абраз...
У гэтым першым тэзісе Піліпчука выявілася перадусім ягоная грубая ігнаранцыя. Піліпчук ня ведае, што Купала — сын мужыцкае вёскі і апісвае незвычайна рэальна іменна тое, што запраўды бачыў навакол сябе і перажываў ад малых гадоў; ня ведае і таго, што іменна так, як малюе Купала, запраўды выглядала жыцьцё беларускага селяніна ў тую пару, калі Купала пісаў цытаваны верш — задоўга да выбуху сусьветнае вайны; ня ведае ўрэшце, што апісыванае Купалам жыцьцё роднае краіны глыбака розьнілася ў роўнай меры ад жыцьця расейскага, як і ад польската. Але — паміма няведаньня — ёсьць у Піліпчука бясспрэчна і элемэнт сьведамага фальшаваньня думак і ідэалаў Купалавых, як гэта пабачым із далейшага.
Зрабіўшы сэнсацыйнае «адкрыцьцё», што абразы беларускага жыцьця ў Купалы — гэта «штучнасьць» і «фантазія», Піліпчук робіць з гэтага і ўсе лягічныя вывады — роўна ілжывыя, як і самае «адкрыцьцё». І калі бачыць (бо ж гэтага нельга ня бачыць!) у нашага паэта матывы народныя, якімі арганічна прасякла ўся творчасьць Купалы, дык гэта «дысанансам рэжа» ягонае «чулае» вуха. Галоўны ж «праступак» Купалы — тое, што ягоны мужык шануе сваю мазалістую руку! Гэтае рукі з мазалямі ў беларуса Піліпчук чамусьці дараваць Купале ня можа!
Ідучы ўсё тым жа фальшывым шляхам і бачучы ў асобе Купалы ня сына мужыцкае вёскі, каторы дае нам непадробленыя абразы яе жыцьця, а чалавека, каторы нібыта падыходзе да вёскі звонку, Піліпчук і з Купалавых апісаньняў прыроды зрабіў такія ж «мудрыя» вывады, як з апісаньняў беларускага сялянскага жыцьця. Верна апісаны Купалам факт, што беларускі селянін ад сівое даўніны пераняў страх перад тайніцамі прыроды, для яго незразумелымі, Піліпчук называе страхам самога Купалы, а сьцьверджаньне немагчымасьці разгаданьня гэтых тайніц для чалавечага розуму лічыць довадам, што быццам то Купала займаецца прапагандай... «будыйскага фаталізму»!
Далей Піліпчук пераходзе да ідэалаў Купалы, выказаных у ягоных вершах. Зварот Купалы да Аратага, каб не паддаваўся злыдням і любіў «сваю ніву, свой край» ды працай сваей «выараў сабе долю», Піліпчук разглядае як довад беднасьці Купалавых ідэалаў, як жаданьне Купалы... «ператварыць беларуса ў машыну»! Але ж бойся ты Бога, чалавеча: ніякая «машына» ня можа нікога любіць, а любоў да Бацькаўшчыны — гэта ж першы і галоўны канон усяе паэзіі Купалы! — Пратэсты Купалы супроць катаржных варункаў працы мужыка, выразнае асуджэньне сьлязьлівасьці ды пустога лямантаваньня — замест барацьбы з нягодным лёсам — Піліпчук ізноў жа перакручавае гэткім чынам, што быццам гэта сам Купала «заліваецца сьлязою з ахвотай». — Сатырычныя вершыкі Купалы на цёмных, нясьведамых сялян, імкненьні каторых не падымаюцца вышэй здаваленьня самых элемэнтарных жыцьцёвых патрэбаў, ператвараюцца ў Піліпчука ў цэлую сацыяльную «праграму» нашага паэта! — Але найярчэй выяўляецца фальсыфікацыя Купалавых ідэалаў, калі чытаем інтэрпрэтацыю Піліпчуком песьні пра Лявона («На папасе»). Песьня гэтая — жывая гісторыя прабуджэньня грамадзкае й нацыянальнае сьведамасьці ды барацьбянага духа ў волата Лявона, сымбалізуючага беларускі народ. Ад палажэньня прыгоннае скаціны народ гэты падняўся на агульначалавечую роўню і пачаў барацьбу не на жыцьцё, а на сьмерць за сваю волю і права на чалавечае існаваньне. Песьня Лявона будзіць масу, уздымае дух і кажа аб непераможнасьці Лявона: хоць аднаго заб’юць, хоць ён ляжа ў магілу, барацьба будзе трываць далей, бо — «Лявоны ў нас не пазводзяцца!» І гэту песьню Піліпчук фальшуе: вырваўшы радок аб тым, як нясьведамы йшчэ Лявон першы раз пачуў з розных бакоў крыкі, «што ён дурань, жыве па-быдлячаму», Піліпчук імпутуе і Купале, і беларусам, што яны... самі сябе лічаць быдлам! — Урэшце сьцьверджаны Купалам з болем сэрца факт пакорлівасьці беларусаў, якая давяла іх да запраўды жахлівага палажэньня, Піліпчук называе... прадметам «нацыянальнае амбіцыі» беларускага «Fьhrer’a» (Піліпчук у гэтым слове вельмі ж ужо засмакаваў!). А ў выніку ўсяго гэткага фальшу пазваляе сабе зрабіць бязглуздую заяву, што нібыта ў Купалы «паяўляецца маральнае здаваленьне, калі бачыць свой народ пераможаным і заняпалым»...
Здавалася б, што пасьля гэтага далей па гэтай дарозе гэтаму асабліваму «крытыку» нашага нацыянальнага паэта йсьці няма куды. Аднак ён мае: відаць, за тое, што Купала жыве і працуе ў Савецкай Беларусі, Піліпчук ізноў кідае паэту ілжывы закід, што быццам той «зварочваецца толькі да беларусаў на гэты бок Сьвіслачы, дыпляматычна замоўчваючы, што ёсьць яшчэ «бацькаўшчына і на іншы бок». Але ж большая частка вершаў Купалы (апрача малога зборнічку «Безназоўнае», відаць, няведамага Піліпчуку), а перадусім — усе тыя вершы, аб якіх Піліпчук успамінае, напісаны да ўтварэньня Савецкага гаспадарства — у тыя часы, калі ўся Беларусь, не падзеленая, была пад уладай Расеі! Дык «стрэл» Піліпчука ізноў пападае ў пустое месца — таксама, як і ўсе ранейшыя.
Ня будзем тут пераказваць усіх недарэчных разважаньняў аб Купале фальсыфікатара ягоных ідэалаў: гэта заняло б лішне многа месца. Адзначым толькі, што запраўдныя ідэалы, якія Купала выказвае ў сваіх вершах, дужа добра ведамы Піліпчуку, але аб іх ён гаворыць роўна ў... 26 радкох, пад той час як разгляд сфальшаваных ім самым ідэалаў нашага паэта займае ў «Вістнику» ажно восем старонак. У гэтых 26 радкох успамінае Піліпчук і заклікі Купалавы «наперад па шчасьце!» («Вялікдзень») і жаданьне, каб ускрэсла Беларусь («Хрыстос уваскрос!»), і цэлы рад іншых («Навагоднія жаданьні», «Лета», «Прарок», «Папросту»). Сьцьвярджае і тое, што Купала фактычна-тыкі кліча беларуса «кінуць сьлёзны пагляд», але тут жа паўтарае сваю выдумку, быццам Купала «перш» заклікаў «залівацца сьлязою з ахвотай». Урэшце, на падставе толькі шасьцёх несфальшаваных вершаў Купалавых мусіць «гэты крытык» прызнаць веліч ідэалёгіі Купалы: «На гэткія вышыні — піша Піліпчук — можа падняцца толькі сэрца, якое рвецца ад болю за свае крыўды, але не падымецца ніколі дуплявае; і калі Купала на хвіліну глянуў у чысьцец, дык мы пачулі ня нуднае квіленьне падстрэленага птаха, а летуценьні волата». Бо ж Купала, каторага Піліпчук сьпярша так ганебна сфальшаваў дзеля сваіх палітычных меркаваньняў, ёсьць запраўды волат; — бо ўся ягоная паэзія — гэта безупыннае кляйменьне ад’емных бакоў беларуса і кліканьне яго да барацьбы за волю, да тварэньня несьмяротных цэннасьцяў нацыянальнае культуры, — кліканьне на сонечныя «арліныя шляхі». Бо тая запраўдная нацыянальная рэвалюцыя, якую перажыў беларускі народ ад выбуху палітычнае й сацыяльнае рэвалюцыі ў Расеі, адбылася ў значнай меры іменна дзякуючы псыхалягічнай падгатоўцы, зробленай паміж іншым і творчасьцяй Янкі Купалы! — Дык злая воля Піліпчука, які адважыўся сваю руку падняць на нашага песьняра, выяўлена гэтак да канца.
Паганьбіўшы, як мы бачылі, ідэалёгію і Купалы, і беларусаў наагул, Піліпчук проціўстаўляе нам — украінцаў. Але ж і ў украінскай паэзіі знойдзем усё тое, за што бічуе ён Купалу! Купала ж найбліжэй стаіць не да Кальцовых, Някрасавых ці Нікіціных, або іншых расейскіх паэтаў, а якраз да ўкраінскага нацыянальнага песьняра Тараса Шаўчэнкі. Бо ж і ў Шаўчэнкі знойдзем мы тыя самыя думкі, якія трапляюцца ў Купалы і выклікаюць нездаваленьне ў Піліпчука:
Як бы з кім сесьці, хлеба зьесьці,
Прамовіць слоўца, дык тады б
Хоць бы сяк-так на гэтым сьвеце
Было магчыма неяк жыць.
(«Кабзар», стар. 225[1])
Піліпчук мусіў бы з гэтых радкоў, згодна з сваімі «крытычнымі мэтадамі», зрабіць забойчы для Шаўчэнкі вывад... аб поўным здаваленьні «Бацькі Украіны» жахлівым жыцьцём украінскага сялянства ў часы прыгону! — У іншым месцы («Малітвы», стар. 212) Шаўчэнка, як і Купала, гаворыць:
Працоўным рукам,
Працоўным умам
Пералогі гараць.
Думаць, сеяць, ня ждаць —
І засевы зжынаць —
Працоўным рукам...
І тут быў бы пошар для Піліпчукоў, калі б пад гэтымі радкамі стаяў подпіс: Купала. А ўжо верхам «праступнасьці» з Піліпчуковага гледзішча мусяць быць словы ўпекі, кіненыя Шаўчэнкай сваей, нацыянальнай, украінскай казацкай старшыне:
Вашы слаўныя Бруты
Рабы, падножкі, гразь Масквы,
Сьмяцьцё варшаўскае...
бо, калі маскоўскія цары руйнавалі Украіну, дык
...мы глядзелі і маўчалі
Ды моўчкі чухалі чубы,
Нямыя, подлыя рабы...
(стар. 17, 18)
А вось Піліпчук «не разумее», чаму гэта «Купала раз багаславіў, а раз кляў свой народ, калі гэты аб’ект пераставаў быць вартым спогаду». Відаць, свайго нацыянальнага павадыра Піліпчук гэтаксама «добра» разумее, як і Купалу. Бо ж горкі дакор Купалы, кінены бязьдзейным і пакорлівым братом сваім:
Вам — пакорным рабам — не вясны
Рукі накрыж злажыўшы чакаць,
А пад гоман паўночнай зімы
Ямы ў полі сабе будаваць!..
лічыць Піліпчук... «нацыянальным ідэалам» Купалы! Канцавыя радкі стацьці Піліпчука даюць адказ на пытаньне, чаго ж у канцы канцоў хоча гэны «крытык» ад беларускага нацыянальнага паэта, каторы, як ведама кожнаму граматнаму беларусу, сваімі вершамі ўсьцяж будзіў — дый збудзіў! — прыспаны дух у нашым народзе, клікаў беларусаў да барацьбы за волю і вялікія ідэалы чалавецтва, зваў «да сонца і да зор», да «красы і свабоды»? Піліпчук хоча таго, каб Купала перастаў быць беларусам-чалавекам ды стаўся беларусам-зьверам! І беларусы — на ягоны пагляд — толькі тады мо зробяцца (хоць не напэўна!) нечага вартымі, калі — па «кароткім супрацоўніцтве» з украінскімі прадстаўнікамі зьвярынае ідэалёгіі — свае нацыянальна-людзкія ідэалы заменяць на «здаровыя» прынцыпы барацьбы за існаваньне свайго гатунку, — ясна ж, гатунку заалягічнага, зьвярынага. Дзіўна крыху, што ўкраінская дэмакратычная прэса дагэтуль на пасквіль Піліпчука аніяк не адгукнулася. А мо ў вачох украінскага грамадзянства «свае» фашысты прадстаўляюць такое ж непаважнае зьявішча, як у нас — беларускія фашысты, і на падобныя выпады «Вістника» яно ня лічыць патрэбным зварочваць увагу?
- ↑ Цытуем паводле львоўскага выданьня «Кобзара» з 1914 году — «Саюзу Вызваленьня Украіны».