Януку Купале
Януку Купале Верш Аўтар: Алесь Гарун Крыніца: https://knihi.com/Ales_Harun/Januku_Kupale_spz.html |
Хоць прастая і малая
«Жалейка» твая,
Але надта пекне грае,
Як паслухаў я.
Грае звонка, стаіць ёмка
За свой родны край;
Сярод бедаў і пацёмкаў
Будзіць, так і знай,
Каб ачнулісь, страпянулісь,
Кожын стаў брат, друг,—
Абярнулісь, аглянулісь
На сябе вакруг.
Сваё мора бяды, гора,
Крыві, поту, слёз,
Каб звёў кожын дружна, скора,
З паніжэння ўскрос.
Так спявае, так іграе
«Жалейка» твая...
Табе «дзякуй» скажа ўсякі,
Дык скажу і я!