Яны
Яны Аўтар: Алесь Мілюць 1930 Крыніца: https://knihi.com/Ales_Miluc/Jany.html |
Запыталіся ў іх, хто такія яны
I чаму тут марнуюць жыццё без пары?
«Мы — саломеных стрэх, бедных вёсак сыны,
Мы — байцы за народ, мы—жыцця змагары!»
Папыталіся ў іх, за што з роднай зямлі
Іх сагналі сюды на нямала гадоў?
«Мы за Волю, за Праўду святую ішлі,
Мы стаялі за долю гаротных братоў!»
Папыталіся ў іх, што ім трэба было?
Што хацелі яны, што імкнуліся ўзяць?
«Мы хацелі, каб ў свеце загінула зло,
Каб самім нам над скарбам сваім панаваць!»
Папыталіся ў іх, што ім будзе пасля?
Які лёс іх спаткае у прышласці дзён?
«Хай пагінем усе... нас прытуліць зямля,
Кінуць людзі за кроў нашу катам праклён.
Будуць помніць і помсціць за нас!» —
Такі быў іх на гэта адказ.