Ян Луцэвіч—Янка Купала (1882—25.VІ.—1932)

Ян Луцэвіч—Янка Купала (1882—25.VІ.—1932)
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1932
Крыніца: БЗвон. 1932. 30 ліп

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Грамадзянства звычайна адзначае заканчэньне пэўных «круглых» пэрыядаў працы грамадзкіх дзеячоў, паэтаў і пісьменьнікаў. І мы ўрачыста адсьвяткавалі ў Вільні 25я ўгодкі паэтыцкае творчасьці Янкі Купалы, як быццам аддзяляючы гэту творчасьць ад асобы Юбіляра.

Гэтым летам выпалі зусім іншыя ўгодкі, зьвязаныя іменна з асобай нашага паэты: 50-лецьце нарадзін Яна Луцэвіча. І вось, адзначаючы гэты мамэнт, які даў нашаму народу запраўды вялікага песьняра, мы будзем гаварыць сяньня выключна аб асобе яго.

Жыцьцё Купалы ўсім ведама, дык не паўтараем даных зь ягонае біяграфіі. Затое затрымаемся над духовым воблікам паэты як чалавека і грамадзяніна.

Хто асабіста ведаў Яна Луцэвіча, калі ён яшчэ ня стаўся Янкай Купалай, хто прыглядаўся да першых крокаў яго на шляху паэтыцкае творчасьці і грамадзкае працы, таго заўсёды мусіла паражаць дзіўная разьбежнасьць паміж Янам Луцэвічам і Янкай Купалай. Янка Луцэвіч, нясьмелы, замкнёны ў сабе вясковы дзяцюк, здаваўся зусім звычайным чалавекам, якіх бачым сотні навакол сябе, чалавекам з усімі слабасьцямі, з усімі заганамі, з усімі прыземнымі імкненьнямі. Але ў мамэнты творчага ўздыму Янка Луцэвіч перараджаўся, «выходзіў ізь сябе», ставаўся магутным волатам-прарокам — Янкай Купалай. І тады адпала ад яго ўсё тое прыземнае, ад чаго ня вольны ніводзін чалавек, і аставаўся вольны ад усялякіх людзкіх слабасьцяў Князь-Дух, каторы поўнымі жменямі шчодра кідаў пэрлы красы й пачуцьця, будзіў прыспаныя душы людзей зь векавога сну і клікаў-вёў іх на тыя высі, дзе пачынаецца непадзельнае панаваньне ідэалу. І будзілася ў бачыўшых гэтае пераабражэньне недаўменная думка: скуль гэтае ўсё ў яго?

Пытаньне: як адбывалася гэтае ператварэньне Яна Луцэвіча ў Янку Купалу, гэта ёсьць пытаньне аб істоце творчасьці паэты наагул. Даць адказ на яго — значыць разьвязаць праблему ператвараньня надсьвядомага ў сьвядомае, думкі і пачуцьця — у мастацкія абразы. Не задаючыся ў гэты мамэнт такой цяжкай задачай, мы мусім сьцьвярдзіць толькі адно: тое, за што ўвесь Беларускі Народ узьвялічае Янку Купалу, мусіла недзе гнязьдзіцца ў песьняровай душы, мусіла тамака вытварыцца і разьвіцца, хоць мо і без учасьця сьвядомае волі паэты. Скарбы, якія магла выявіць душа Купалы, паказваюць на багацьце і веліч гэтае самае душы.

Духовая веліч Купалы выяўлялася так ярка і так поўна ў яго паэтыцкай творчасьці, што для выяўленьня ў штодзённым, будным жыцьці як быццам нічога ўжо не аставалася. Прынамся Купала ня меў ужо патрэбы выяўляць сябе, калі ня быў у стане творчага экстазу. Але бываюць мамэнты, калі чалавек і грамадзянін ня можа маўчаць, ня можа аставацца бязьдзейным. У такія мамэнты Янка Луцэвіч і ў грамадзкім жыцьці ўзьнімаўся на тую самую вышыню, як і ў паэтыцкай творчасьці.

Тры мамэнты ў жыцьці Беларусі прымусілі Купалу дзеяць, як грамадзяніна. Першы — гэта мамэнт таго вялізарнага нацыянальнага ўздыму, які выявіўся ў беларусаў у будаваньні сваей незалежнай нацыянальнай дзяржавы. І Купала заняў належнае месца ў першых радох байцоў за беларускую справу. Другі мамэнт — гэта мамэнт тварэньня новага сацыяльнага ладу на Беларускай зямлі, мамэнт тварэньня — як, пэўне ж, шчыра верыў Купала — сялянска-работніцкае ўлады. І тут Купала быў таксама чынны і аддаў свае сілы на карысьць працоўных масаў Беларусі. Урэшце прыйшоў трэці мамэнт — мамэнт ня радасьці, а жаху, мамэнт, калі па загаду чырвонае Масквы — ад імя тае ж сялянска-работніцкае ўлады — пачалося таптаньне і нішчэньне ўсяго, што было цэнным і сьвятым для кожнага беларуса, што было цэнным і сьвятым і для Купалы. Гэта — ведамая процібеларуская акцыя ў Савецкай Беларусі, знайшоўшая свой водгук і ў Заходняй Беларусі, — акцыя, закончаная разгромам беларускае інтэлігенцыі, арыштам некалькіх сотняў найвыдатнейшых беларускіх культурных працаўнікоў у БССР. Што мусіў перажываць тады Купала, лёгка згадаць... Але імя Купалы — «народнага паэты» — было лішне вялікім і паважаным у вачох беларускіх сялян і работнікаў, каб ГПУ адважылася гэтак проста схапіць нашага песьняра і кінуць у свае лёхі, як зрабіла з сотнямі іншых беларусаў. І вось пачаўся чыста інквізітарскі націск на Купалу, каб ён «пакаяўся» ў сваіх «нацыянальных грахох» і адрокся ад сваей нацыянальнай ідэалёгіі. Купала мужна адбіваў гэты націск, але ўрэшце, бачучы, як паддаюцца вонкавай сіле другія, паддаўся ёй і ён — апошні. Купала падпісаў сваё «пакаяньне» адначасна з праф. Ігнатоўскім, трымаўшымся таксама дастойна даканца. Але тады ГПУ і зрабіла ім абодвум сьмяротны ўдар: на падставе «дабравольнага прызнаньня» ў «процісавецкіх грахох» абодва былі абвешчаны «грамадзкімі шкоднікамі», арыштаваны і пасаджаны за краты. Вось тады і выявілася духовая веліч гэтых стойкіх барцоў за беларускую Ідэю: у знак пратэсту проці фізычнага і маральнага гвалту, фізычных і маральных зьдзекаў над імі з боку абнаглеўшых маскоўскіх чырвоных нацыяналістаў, Купала і Ігнатоўскі налажылі на сябе рукі. Ігнатоўскі памёр у вастрозе; Купалу адратавалі, і цяпер ён жыве — на волі.

Апошнім актам Купала сьцьвярдзіў сваю духовую веліч ня толькі як паэта, але і як грамадзянін. Як раней у паэзіі, так цяпер у грамадзкім жыцьці, выявіў сябе ў ім Князь-Дух. Счэзла колішняя разьбежнасьць між Янам Луцэвічам і Янкай Купалай: Купала — перамог.

У пяцідзясятыя ўгодкі нараджэньня Луцэвіча-Купалы сьцьвярджэньне гэтае перамогі Князя-Духа ў асобе Яна Луцэвіча ёсьць найвялікшай пахвалой, найвышэйшым выяўленьнем пашаны да асобы Юбіляра. Няхай жа нам жыве йшчэ многа год, — няхай дачакаецца такое сьветлае часіны, калі ня будуць ужо сьніцца яму цяжкія «сны аб Беларусі», што заўсёды трывожылі і пэўне трывожаць сягоньня душу нашага вялікага песьняра. Няхай угледзіць ён сваімі вачыма перамогу Князя-Духа і ў Беларускім Народзе.