Я бачыў. Вершы ў прозе

Я бачыў. Вершы ў прозе
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
1911
Крыніца: http://knihi.com/Ciska_Hartny/Ja_bacyu_Viersy_u_prozie.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я бачыў, як умірала маладая дзяўчына… маладая яшчэ зусім і цвітучая да самай траха смерці, як чырвоны махрасты мак ды свежае, як толькі што ўзышоўшае восенню жыта. Да самай апошняй хвіліны, калі падкралася к ёй ліхая хвароба і сваімі смярцельнымі рукамі сціснула яе свежае маладое цела, дзяўчына хадзіла, як мяцёлка, смяялася, як канарка, глядзела сваімі сінімі вачыма ў неглыбокіх, абрамованых чорнымі бровамі прадаўгаватых ямках, як глядзяць толькі што вылезшыя з-пад снегу вясною пралескі. Простая, як маладая грушка, з доўгімі бялесымі коскамі, параскіданымі па фарфурных, гармонных плечках размеранымі валаконцамі, як вытрапаны дарагі лён, — калі ішла яна, бывала, па вуліцы свае роднае Весялухі-вёскі, кожны стрэчны і папярэчны не мог абмінуць яе, каб не кінуць на красотную дзяўчыну ласым вокам і ў думках не пацалаваць у яе поўныя, як спелая маліна, губы ці хоць бы ў круглую крывяністую шчочку. Бабы старыя і маладзіцы гаварылі пра яе, што яна паненка і толькі цудам нейкім, дзіўнымі чарамі радзілася ў простай небагатай сям’і беднага мужыка — Гаўрылы. «А калі яна будзе выходзіць замуж, — дабаўлялі вясковыя маладзіцы-рассудніцы, — то бацькі ні капейкі не дадуць пасагу за ёю і возьмуць зяця сабе самага пачотнага і паважаемага ў вёсцы хлапца. Шчаслівая тая маці, якой суджана мець такую прыгожую дзяціну!» Мужчыны-вяскоўцы дык кожны свайму знаёмаму хлопцу радзілі скарэй жаніцца і браць няйначай Гаўрылаву Ганну.

А хлопцы? Ай, што і гаварыць аб іх! Не было таго вечара, каб па ўсёй вёсцы не луналі вясёлыя песні цэлай грамады сабраўшайся моладзі ля Гаўрылавай хаты, ля саду. Ганна парупілася прыстроіць ля невысокага белага частаколу саду доўгую, гладкую і шырокую лавачку, каб многім хваціла мейсца пасядзець; і кожын вечар, толькі сонейка заходзіла, яна выбягала з хаты і садзілася на лаўцы, чакаючы таварышак-дзяўчат і хлопцаў. А яны-то і не пазніліся і, кончыўшы дзённую працу, наўзаперадкі спяшылі да Ганнінай лаўкі. Кожны прогся хоць крышку пасядзець ля пекнай мужычкі-дзяўчыны, перакінуцца з ёю адным славечкам, абняць, калі можна, ці прыхіліцца неўзаметку к яе мяккім і поўным грудзям. Другія дзяўчаты, Ганніны таварышкі, быццам і не прыкмячаліся хлопцамі, як няўбачны днём зоры цераз сонца. І за гэта таварышкі Ганны моцна завідувалі яе шчасцю, так моцна і заядла завідувалі, што гэта завісць пераходзіла ў гнеў, у злосць. І яны, здавалася, добрыя таварышкі, часта сходзіліся і абгаворвалі між сабой «гэту ачамерную Ляльку», надзяляючы яе ўсякімі мянушкамі… Эх, і дурныя ж яны! Што ж за віна Ганны, што ёй адной Бог паслаў такую красу.

Я бачыў, як хвілінамі савядала гэта прыгожая пахучая кветка, аж пакуль сіберная смерць не працягнула сваёй рукі… І так усё раптоўна і дзіўна зрабілася, што самы мудрэц і чараўнік не разабраўся бы ў гэтым заплеценым вузле неспадзяваных прыпадкаў. Хто мог падумаць яшчэ пазаўчора, калі Ганначка сядзела за сталом у свае таварышкі Каці за дружку, што яна, Ганулька, назаўтра пасля вяселля захварэе і цераз дзень памрэ?.. Ніхто… Седзючы па правую руку маладое, з белым вянком наўкол галавы і з гваздзікамі, прышпіленымі к вянчальнаму плаццю, беламу, як снег, Ганна трымала ў руках дзве жоўтыя тоўстыя свечкі, абвітыя зялёным барвенкам і дзеразою, і ўмільна, гасцінна глядзела наўкол сябе. Два прадаўгаватыя, завостраныя зверху, зрэдку міргаючыя агеньчыкі свечак выяснялі яе жывільны твар, і ён паказаўся тварам казачнае царэўны. Такі асобны ён быў! А кветачка цюльпану ў льністых косах з’яўлялася ўваччу ўва ўсіх вясельных пякней вянка Каці. Сам малады, ужо звянчаны з Кацяю, яўна завідуваў Ганнінай красе і шкадаваў, што не папробаваў к ёй пасватацца, а можа, і выйшла б за яго?

Але не так малады Кацін, як яго дружко, прыезджы з Злошоку, павятовага горада, паністы і далікатны хлопец. Праз усю пору, скора яго пасадзілі за стол, не спускаў ён вачэй з Ганны, покуль не дагледзеўся да таго, што ўзняў з ёю гутарку, а потым асмеліўся пазваць і на спацэр.

Ганна была дзяўчына не капрызная, не ганорная і ніколі ні перад кім не задавалася: хто ні зваў гуляць — хадзіла, хто ні адводзіў на сакрэт — ішла, хоць тайнаў ні прагулкі, ні сакрэта нікому не перагаворвала. Пайшла яна і з дружком. І ўсе глядзелі доўга на іх, на гэту маладую пару кветак, абедзвюх такіх пекных, свежых, аж пакуль яны не выйшлі з двара і не схаваліся за вёскай у дубовай дубраве. Ім весялей было ўдваіх, як скокі, як музыка, як усё вяселле!

У гэтай дубраве Ганна гуляла з дружком каля дзвюх гадзін і гаварыла многа і шчыра аба ўсім і аб такім, аб чым ні з бацькам, ні з маткаю, ні з кім другім на свеце яна дагэтуль не гаварыла яшчэ. Дружко паказаўся ёй добрым і прыгожым, лепшым за ўсіх вяскоўцаў, і за кароткі час Ганна так зблізілася з ім, што рада б была ніколі не разысціся, хоць памерці ўдваіх. Мусі быць жа, шчыра пакахаўся ён Ганне, калі яна яўна пачула нейкі козлыт сэрца і салодкую ўтому душы ды, па пазыву нейкага таемнага дагэтуль ёй пачуцця, прашапталася асавеўшымі губамі: «Пятро, ведаеш, як я люблю цябе!» і лягла яму на плячо. А Пятро яе за гэта шчыра і прагна пацалаваў.

Пад дзіўныя спевы птушак, пад пах красак лясных, музыку мошак, асыпаныя залатымі праменнямі сонца і абвеяныя лёгкім паветрам, яны радзілі любоў і меліся скора сядзець так, як сядзяць тыя, у каго яны сягоння за дружкоў.

Кацінага вяселля Ганна не думала ніколі забыць і, калі канчала яго скакаць, ела абаранкі ў мёдзе, прашчалася пацалункамі са ўсімі, сэрца купалася ў салодкай уцесе, і думкі луналі ў марах.

Ці яна думала, што ў свеце ёсць хваробы і адна ад іх ужо сцерагла яе?


Я бачыў, як безміласэрная смерць, гэты кат і вораг жыцця, прыйшла да Ганны, абняла яе і намерылася пацалаваць. І чырвоныя, поўныя гарачай крыві шчокі, сунічныя губы і зырклівыя вочы — змяніліся: пабляднелі шчокі, пасінелі губы, пасмугнелі вочы і глыбока запалі ў ямы; збегла вясёлая ўхмылка з твару; зацішэлі сапці грудзі і апусціліся ніжай, а рукі бязвольна працягнуліся ўздоўж цела.

«Мама! — чуць шамкала Ганна, гледзячы на тут жа, пры ёй стаячую матку. — Вы напішаце Петрусю, што я хворая?» І пасля гэтага доўга не магла ссапціся. А спачыўшы крыху, яна загаварыла ізноў: «Мама, а ці я не памру?» Матчына сэрца ёкнула пры гэтым, і буйная, крыштальная слязіна, як поўная спелая гарошына, выйшла з правага вока, пракацілася тварам і ўпала на кабат ды спілася матэр’яю. За гэтаю першаю слязою выпусцілі абедзве вочы яшчэ шмат другіх слёз, сёстраў першай і дзяцей аднаго гора. Потым бедная матка, заглушаючы боль сэрца, сказала, пацалаваўшы шчыра Ганначку:

«Кветка мая пахучая! Ласачка мая дарагая! Ласне ж такія маладыя ўміраюць калі?» А сама зусім крохка верыла ў то, што «такія не ўміраюць», і скора дачушка захварэла, чорныя — страшныя думкі-дагадкі так і забегалі ў галаве, так і заскраблі па сэрцы: «Што ж я тады зраблю, як Ганначка мая памрэ? Дзе мая ўцеха будзе?» Матка, наколькі магла, старалася адганяць гэтыя злыбедныя думкі, сілілася разбіць іх нашчэнт моцнаю вераю ў сілу жыцця і малітваю к Насіцелю яго. Але яны неатлётна круціліся ў яе галаве і радзілі ў душы сумненне: падстаць ёй падышлі ўсякія забабоны, небывалыя прыпадкі ў жыцці людзей, расказаныя баўтунамі і лішнія ў гэтым. Гінучы чалавек хапаецца за ўсё.


К Ганне, даведаўшыся, што яна хворая, прыходзілі вясковыя бабы, дзяўчаты-таварышкі і нават хлопцы, і ўсе зліваліся ў адно цэлае аграмаднае жаданне-жычэнне, каб хаця не памерла гэта харошая дзяўчына. Хто што ведаў, хто што знаў са свайго вопыту ці расказанага, кожны ад сябе радзіў рабіць, старацца для выздараўлення Ганны. Адны наганялі бацькоў ехаць скарэй жа па доктара ў суседняе мястэчка, другія раілі хатнія лекі, трэція, больш старыя бабы, падшэптвалі зусім адцурацца ўсякіх лекаў, а палажыцца на міласць боскую, а дзеля гэтага як бы спробаваць Божы цік к Ганнінаму жыццю, зрашылі прывясці папа, каб ён прычасціў хворую. І вось калі поп пачне чытаць сваё маленне над Ганнай ды адкрые кніжку незнарок і пападзе, адкрыўшы, на імя хворае, то Ганна няйначай памрэ, а калі на інакшае — то мо і выздаравее яшчэ. Рады зрабілі сваю работу: бедны бацька паехаў па доктара, а суседа Ермалая адправілі па папа.

Папа чакалі больш, як доктара… А хвароба Ганначкі ўвачавідкі ўбольшвалася і ўбольшвалася: яна пачала сапці часцей і чутней, з’явілася хрыпата ў сапенні; твар хвілінамі высыхаў, бледнеў; вочкі радзей адчыняліся і запалі так глыбока, быццам хто вапхаў іх туды. Пачаўся вялікі жар, і ў цяжкай смазе Ганначка прасіла піць; з жару гаварыла нешта, як непрытомная, але потым і ў гэткім палажэнні яна падслухала слова «поп» і, сабраўшы ўсе сілы, прагаварыла: «Толькі не прывозьце папа! Я хачу яшчэ жыць, а поп мне напамінае аб смерці!» Яе сцешылі, што папа не прывязуць. І Ганна супакойвалася.

А збоку яе, ад сцяны, з доўгаю гостраю касою, страшная, безміласэрная, стаяла смерць і ўхмылялася. Сваёю ўхмылкаю яна гаварыла, што ўсё роўна старанні напрасны, што Ганначка — пэўная яе ахвяра.


Я бачыў, як прывязлі папа, як увайшоў у хату сыты бесспагадны чалавек і, не патураючы гору беднае маткі, разлажыў сваю кантычку на стале і, як на бяду, зразу на слове-імю «Ганна» (Анна). «Рабу тваю, Анну…» прачытаў поп, і ўсе заплакалі.

Ганна перш не хацела прычашчацца, а потым як бы апомнілася, што грэх не споўніць вялення закону, і вольна прыняла Святыя Дары ды пацалавала нават папу ў руку.

Нічога не сказаўшы, поп паехаў. Усе ізноў абступілі Ганначку, якой зрабілася зусім трудна.

«Я ўмру!» — паціху прашаптала яна і закрыла вочкі. Усе зарухаліся ў пярэпалаху, потым сцішыліся і запалілі свечку, жоўтую, тоўстую грамнічную свечку…

Запалілі свечку, але яе агню ўжо Ганна не ўбачыла; пры яе жыцці свечкі згарэла нямнога. Смерць даканала дзяўчыну: Ганна ўмерла… Поп мо яшчэ не заехаў да гасподы, а бацька да доктара.

Ціха, спакойна ўмерла, як заснула. Заплюшчыла вочы, дыхнула некалькі разоў, і ўсё. Мабыць, ангелы ўзялі яе душу, бо лёгка яна рассталася з зямлёю.


Я бачыў, як мылі маладое, поўнае і не зусім яшчэ астыўшае цела Ганначкі. Маці разбівалася ад гора, суседзі спагадалі ёй і таксама моцна рыдалі…

А потым яго, гэтае цела, вабралі ў белае вянчальнае плацце і палажылі на шырокі тапчан, у вуглу, перад іконаю Божай Мацеры «Скорбящая радость». Таварышкі Ганначкі сплялі ёй пекны зялёны вянок з свежае дзеразы, з рунным барвенкам і пахучым рамонкам і абвілі ім заснуўшую вечным сном таварышку. А ў галавы ў ейнай, удвух чырвоных гладышах, поўных жытам, пастанавілі дзве грамнічныя свечкі, запаліўшы.

І вянок, і свечкі напаміналі сабою вяселле, радасць і жыццё.

Матка залівалася плачам, прыгаворваючы: «Ма-а-лада-а-я мая! Ку-у-ды ж ты замуж выходзіш ад мяне?» І надта балюча рэзалі сэрцы навяджаўшых гэтыя прычытанні.

Ноччу прыехаў і бацька з доктарам. Нашто той доктар цяпер? «Да-ачка-а мая!» — было прывітанне бацькі, і ён абамлеў… Яго адратавалі, але ён не сціхаў плакаць.

А Ганначка, як паненка, як святая, ціха ляжала на мяккай пасцелі, у зелені, у пахучым васковым дыме, з жоўтым пярсцёнкам на сярэднім пальцы левае рукі і адкрытымі, быццам жывымі вачамі глядзела не змігнуўшы на людзей, прыходзячых навядзіць яе апошні раз і прасціцца пацалункам у ногі і рукі.

Я ўсю пору глядзеў на яе, стаяў прад ёю як укопаны, не мог адарвацца. Потым нешта зачапіла маё балячае сэрца, і я падышоў к ёй і моцна, і шчыра цалаваў яе рукі, ногі і твар, соп усімі грудзямі, каб перадаць хоць палову свайго жыцця, толькі папрашкодзіць улажыць гэты прыгожы хутляр душы маладое ў сырую зямлю. Але нічога не памагала: дух жыцця адлятаў у бок ад плачу і жудаснага чытання Псалтыра…


Я бачыў гэты нудны і страшны вобраз! Я бачыў, як умірала і мерла прыгожая маладая Ганулька, як вяла і савяла гэтая пекная кветка, як тухла і затухла гэта ясная зорка!

Я бачыў! І разам з беднаю сіротнаю маткаю перажываў гэту незамянімую, неадкупную страту. Глыбока і гостра рэзала маю істоту дачасная смерць недаспелага стварэння. Я, чужы, пастаронні, і так шкадаваў Ганну, як толькі можа шкадаваць маладая душа…

А чаму? О, цяжка!

Я не веру ў замагільнае жыццё і знаю добра, што ўжо не толькі жывое Ганначкі, такое вясёлае, рэзвае і мілае, не ўбачу ніколі, а нават гэта нежывое цела ў вянках і ў белым чыстым гарнітуры раз назаўсёды схаваецца з людскога вока.

Чорныя неадчэпныя думкі не давалі мне спакою ва ўвесь час, аж пакуль не пахавалі Ганначкі; яны гострым плугам зруйнавалі маю душу, знішчылі веру і надзею і пакінулі свой след навекі…

Страшны, калючы шопат гэтых думак не мог заглушыцца ні плачам маткі, ні спяваннем дзяка, ні пахавальным звонам, ні даўгатою часу… Няпрошаныя, заядлыя і цяжкія, уюцца яны ў маёй галаве і, як каплі халоднае вады на збрытую голаў, вызываюць нязносную жудасную боль, смуцяць цяжарным смуткам усю істоту. Балючым стукам страшнага молата выбіваюць яны каменныя словы, словы жывое і горкае праўды. Нашто жыццё? Для чаго чалавек жыве? К чаму шчасце, краса, багацце, любоў і ўсё іншае, годнае і харошае на зямлі, калі чалавек у гэту хвіліну не ведае, што будзе з ім у другую, ідучую следам за першаю? Мо цяпер ён гарыць буйнай любоўю і сэрца яго рвецца ад вялікае вагі радасцей, жаданняў, а раптам смерць скосіць яго — і ўсяму канец… Нашто радзіцца, калі ўміраць? Нашто клапаціцца аб долі, калі яна не навекі? А па смерці — нічога-нічога не карысна: ні слава, ні багацце, ні магучча… Што ёй, Ганначцы, калі яе вабралі ў зелень маладую вянкоў, калі па ёй плачуць, шкадуюць яе і доўга, мо доўга яшчэ будуць гаварыць аб яе красе прыгожай… Яе — няма! І ніхто ўжо ніколі не падыме яе, не ажывіць, нават не ўбачыць… Ніколі!.. Вось дзе сэнс усяго!!

Я бачыў!.. О, лепей бы я не бачыў!..

(1911)