Я помню, яблыні цвілі…

Я помню, яблыні цвілі…
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1931
Крыніца: Маладняк. – 1931. – № 5. – С. 6–7.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я помню, — яблыні цьвілі,
І вецер заліваўся сьмехам
Ў расой апырсканай далі.
Пад месяцам гарэлі стрэхі
Халодным колерам сваім.
Палала ноч, і вёска спала,
Сьпявалі ціха паплавы,
А мне чагосьці не ставала.
Я абыходзіў сад вакол
І вуснамі кранаўся кветак,
Якія колісь рваў рукой
Другі, асьмеяны паэта.
Усё праходзіць чарадой,
І ўсім даецца сум і радасьць,
І ўсе спазналі горыч здрады,
Калі стыкаліся зь бядой.
Я ведаў ўсё. Ўсяму цану
Спазнаў за словамі чужымі,
І я нікога не кляну,
Не называю й дарагімі.
Шляхі вялі мяне ў туман,
А я імкнуўся да сузор’яў.
Таму мо й хцівасьці няма
Ў маіх нявыказаных творах.
Прайшлі жалезныя гады
І ўзварухнулі ў сэрцы нешта,
І я сягоньня, як заўжды,
Сябе выказваю дарэшты.
Інакшы сад цьвіце кругом,
І нашы песьні іншым складам
Вядуць да новых берагоў
Свае ударныя брыгады.
Які далёкі, грозны шлях,
А колькі ж вёснаў адпалала!
І мне чагось (ну проста жах!)
Ўсё не стае, як не ставала…