Я — не Гарацый
Я — не Гарацый Верш Аўтар: Язэп Пушча 1954 Крыніца: https://knihi.com/Jazep_Pusca/Viersy.html#chapter61 |
Я — не Гарацый, у вянку лаўровым,
І не чытаю мецэнату вершаў,
Я — толькі Пушча, ў радасці і ў горы
Паміж паэтаў найвялікшы грэшнік.
Пазнаў, адведаў зябкі змрок цямніцы,
Тады быў год ужо такі суровы.
Шмат дзён маўчалі маладыя словы,
А я крапіўся і не падаў ніцам.
Было не сёння ўсё яно, а ўчора.
Віна больш не разбавіць горкі чэмер,
Яго адмералі мне поўнай мерай.
Сваё святло зноў пасылаюць зоры,
І абудзіўся ў сэрцы спеў гарачы,
Хоць толькі Пушча я, а не Гарацый.