1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930)/Ісайка

Мэндэль Гданскі Ісайка
Апавяданьне
Аўтар: Канстанцін Станюковіч
1930 год
Арыгінальная назва: Исайка (1894)
Пераклад: Васіль Каваль

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІСАЙКА

I

Ня толькі паны афіцэры і бакавая арыстократыя, але і ўсе матросы звалі гэтага змарнелага на выгляд, маленькага, бледатварага чалавека з тыповым яўрэйскім кручкаватым носам, тонкімі губамі і сур’ёзным і ў той-жа час крыху пужлівым выглядам вялікіх, нязвычайна ціхіх, чорных вачэй, — не па прозьвішчу, як звычайна вядзецца, а паменшаным імем Ісайка. Другога прозьвішча ў яго ня было, хоць Ісайку ўжо мінула сорак і ён быў старым матросам, што адслужыў шаснаццаць год з абавязковых у мінулыя часы дваццаці пяці год, у годнасьці карабельнага ветразьніка, г. ё. майстра, які шыў і латаў ветразі.

Ісайка даўно прывык да гэтай мянушкі. Ён атрымаў яе ўсьлед за тым, калі бляды, як сьмерць, тонкі, як сярнічка, у засаленым, падраным лапсардаку і ў пэйсах, зьявіўся, у ліку другіх, у рэкруцкі пункт, што пасядаў у адным з гарадоў Паўночна-Заходняга краю, і, ня гледзячы на свае вузкія грудзі і малы рост, на якія ён так спадзяваўся, пачуў страшнае: «лоб»… Як ні плакала маці і як ні кланяўся ў ногі вайсковаму доктару бацька, Ісайку «забрылі». Узялі і чамусьці назначылі на флёт (мабыць, з-за малога росту) і хутка адправілі з партыяй у Кронштадт. У флёцкім экіпажы, куды папаў Ісайка, яго з першага-ж дня сталі называць не па прозьвішчу, а Ісайкам.

Так з тых часоў ён і застаўся на ўсё жыцьцё Ісайкам.

«Не ў мянушцы справа, а ў тым, каб на службе ня білі і не каралі лінькамі і дубцамі!» — разважаў пра сябе Ісайка і зусім ня крыўдзіўся, што яго завуць ня так, як рускіх, тым больш, што адносіны да яго матросаў былі вельмі добрыя. Яго нават шанавалі. Амаль усе, не выключаючы боцманаў і афіцэраў, паважалі Ісайку, як зусім «правільнага» чалавека, сумленнага, сьціплага, працавітага і прытым «башкаватага» і з «вялікім паняцьцем», які ўмеў пры выпадку вытлумачыць тое, што чаго ніхто другі на караблі ня мог. А Ісайка, як казалі матросы, «усё мог». І гаварыў ён так пераконваюча і красамоўна, што яго са здаваленьнем слухалі, ня гледзячы на яўрэйскі акцэнт. Ісайка, стаўшы на службу, сам навучыўся пісьменнасьці і чытаў не адны яўрэйскія кнігі, а і расійскія. Ён любіў «заняцца кніжкаю», што ў тыя часы было рэдкасьцю сярод матросаў, у аграмаднай большасьці няпісьменных, і з ахвотаю гутарыў аб прачытаным.

Гэта і давала яму аўторытэт «вучонага» чалавека, якім ён умела карыстаўся.

Рэпутацыя Ісайкі даўно зацьвердзілася на экіпажы, у якім ён служыў з дня паступленьня ў матросы, і ніводная пляма не зацямняла гэтай заслужанай добрай славы.

Праўда, некаторыя з матросаў знаходзілі, што хоць Ісайка і добры чалавек, але ўсё-ткі «жыд», і як-ні-як, а да вядомай ступені вінаваты ў тым, што Юда прадаў Хрыста за трыццаць срэбных і што продкі Ісайкавы, хоць і далёкія, укрыжавалі Хрыста. Аднак асабовыя якасьці Ісайкі, няздольнага пакрыўдзіць нават мухі, а ня тое, што прадаць ці ўкрыжаваць каго-небудзь, у значнай меры зьмякчалі вінаватасьць яго за ўкрыжаванага Хрыста нават у вачох некалькіх шалёных юдафобаў, сярод якіх асабліва вызначаўся катэгорычнасьцю поглядаў рыжы і тоўсты пісар з кантоністых, Аўдзееў, які апавядаў пра яўрэяў самыя немагчымыя рэчы. Але і ён, нарэшце, прышоў да згоды, што Ісайка зусім не падобны на «паганага жыда» і не адважыцца на «іхныя» ганебныя ўчынкі. Пераканала яго галоўным чынам тое, што Ісайка ня скнары на грошы. Апошняя акалічнасьць была добра вядома Аўдзееву, які гады тры не аддаваў пазычаных ім у Ісайкі трох рублёў, карыстаючыся яго далікатнасьцю.

І пісар часамі шкадаваў, што Ісайка не перахрысьціцца.

— Тады быў-бы сапраўдным чалавекам, — дадаваў ён.

Гаварылі аб гэтым ісайку і другія асобы.

Айцец Сьпірыдоні, басісты іераманах з Валаамскага манастыра, які быў на караблі некалькі кампаній за сьвяшчэньніка, якому Ісайка ня раз вычышчаў і зусім нанава латаў раску пасьля таго, як айцец Сьпірыдоні бываў на беразе, — завёў аднойчы гаворку аб тым цікавым і неабыякім пытаньні.

— Вельмі-ж ты, Ісайка, добры на сэрцы і ня скнара чалавек, — гаварыў сваім густым, трохі асіплым пасьля «берагу» басам айцец Сьпірыдоні, прымаючы ад Ісайкі расу. — Вось, напрыклад, латаеш ты служыцелю божаму і зусім чужой табе веры і ніякай мзды за сіе не патрабуеш… Хіба гэта не паказвае ў табе, Ісайка, ісьціна-хрысьціянскай дабрачыннасьці. Другі вось і праваслаўны, а возьме з папа грыўню, а ты жыд, пазбаўлен благасьці божай, а не бярэш, — гаварыў іераманах, дужа задаволены, што Ісайка ніколі не намякае аб якой-небудзь нагародзе за сваю работу. — І ведаю, што і ў будучыні, калі прыдзецца прыйсьці да тваёй паслугі, не адмовіш. Ці ня так, ісайка?

Ісайка адказваў, што ён заўсёды са здавальненьнем, калі што палатаць.

— То-та і ёсьць… Я і кажу, што ў табе душа хрысьціянская, дарма, што вера твая, проста, калі сказаць, паганая. Ты ўжо ня злуйся за праўду, Ісайка, а ўсе лічаць, што паганая! — упарта гаварыў айцец Сьпірыдоні, і пры гэтым яго поўны, зьлёгку апухлы твар дабрадушна і вясёла ўсьміхаўся.

Ісайка не супярэчыў. Але, мабыць, не жадаючы цягнуць размовы ў гэтым кірунку, асьцярожна і з пашанаю спытаў:

— Дык вам нічога больш не патрабуецца, бацюшка?

— Не, ты, Ісайка, пачакай. Я маю табе сказаць нешта.

— Дазвольце гаварыць, а я буду слухаць, — далікатна адказаў Ісайка, схіліўшы ледзь-ледзь на бок сваю закурчавеўшую галаву.

— Ведаеш што, Ісайка? Кінь ты сваю жыдоўскую веру… ну яе. Успрыймі-тка, брацец, благадаць божую і прыабшчыся да лону чад праваслаўных. Галоўнае — шкода мне цябе, Ісайка… вельмі-ж ты добры норавам чалавек, а між тым душа твая гіне. Вер слову: гіне! Жыдом на тым сьвеце, ты думаеш, дзе месца? У гіене огненай, у печы, значыцца! А што ім прызначана? Як ты мяркуеш?

— Вам лепей ведаць, — дыплёматычна адказаў Ісайка.

— Вуглі глытаць, — катэгорычна разважаў айцец Сьпірыдоні і дадаў: — Перахрысьціся лепш.

— Што рабіць! Калі ўжо міласэрдны бог такі на жыда злы, як вы кажаце, што загадае гарачыя вуглі глытаць, я буду і вуглі глытаць, калі іх на ўсіх жыдоў хопіць, а веры не перамяню. У сваёй веры радзіўся, у ёй і памру, бацюшка адказаў Ісайка.

І, пакруціўшы ў руках шапку, зноў спытаў:

— Дык я, з вашага дазволу, пайду, калі вам больш нічога ня трэба?

— Глупы ты чалавек, Ісайка, калі ня хочаш душу ратаваць.

— Мусіць і ёсьць глупы, — згадзіўся Ісайка, і па яго твару мільганула тонкая, ледзь прыкметная ўхмылка. — А, можа, яшчэ што залатаць патрабуеце?

— Дзякуй, Ісайка. Пакуль усё ў акураце… Бачу: глухі ты на ісьціну. А ты пра мае словы падумай.

— Чаму не падумаць? Аб усякім слове трэба падумаць, на тое ўсякаму чалавеку бог развагу даў. І жыда не пакрыўдзіў, — дадаў з ледзь чутнай гіронічнай ноткай Ісайка і шмыгануў з каюты.

«Ня сдухае!» — падумаў, уздыхнуўшы, айцец Сьпірыдоні.

І, наглядзеўшыся дасканала на залатаную люстраваную раску, пашкадаваў, што такому добраму жыду, як Ісайка, ва ўсякім выпадку прыдзецца кепска на тым сьвеце.

II

Быў і другі, больш сур’ёзны намер на Ісайкаву душу з боку аднэй паджылой адміральшы ў Кронштадзе, якая пад старасьць год, пасьля вясёлага жыцьця, якое мела мала агульнага з яе пазьнейшымі поглядамі на жаночую дабрачыннасьць і шлюбны абавязак, раскідала яшчэ вялікі запас пачуцьця ўжо не на зямныя, а на духоўныя перамогі.

Ісайка шыў адміральшы чаравікі (ён быў адменны шавец і шыў з «фасонам»), атрымоўваючы за работу «што дадуць». Карыстаючыся тым, што Ісайка казённы чалавек і прысланы быў да яе падначальным мужу экіпажным камандзірам, адміральша давала, вядома, мала, але за тое ня супроць была выратаваць Ісайкаву душу, абярнуўшы яго на шлях праўды.

І вось, аднойчы, даўшы Ісайку дзьве грыўні за работу шчыгульных чаравік з францускімі заднікамі і літасьціва кіўнуўшы галавою ў адказ на «вельмі ўдзячан, ваша правасхадзіцельства!» — адміральша зрабіла некалькі крокаў, каб папрабаваць, ці спрытна сядзяць чаравікі, і, задаволеная, прысела затым на канапу і сказала:

— Ты-ж, Ісайка, жыд?

— Точна так, ваша правасхадзіцельства! — адказаў Ісайка, адступаючы да дзьвярэй.

Адміральша ўздыхнула і павяла прамову аб заблудзіўшых душах. Гаварыла яна не без натхненьня пра ісьціну і духоўнае адраджэньне, пра цемру і сьвятло, відавочна захопленая ўласным сваім красамоўствам, і скончыла прамову парадаю хрысьціцца, абяцаючы Ісайку, апроч ратунку духоўнага, некаторае яшчэ матэрыяльнае дабро. Яна ведае, што Ісайка добры і сумленны чалавек, і папросіць мужа, каб Ісайку ўзялі ў унтэр-афіцэры і пакінулі пры беразе.

Прапанова была прывабнай, асабліва пэрспэктыва быць заўсёды на цьвёрдай зямлі, якую Ісайка лічыў непараўнана прыемней і зручней морскае стыхіі.

Ён так уважліва і, здавалася, глыбока, ня міргнуўшы вокам, слухаў адміральшу, стоячы на выцяжцы, з рукамі па швох, ля дзьвярэй сталовай, у якой адбывалася гэта духоўнае навучаньне, што адміральша амаль не сумнявалася ў Ісайкавым збавеньні і, дабрасхільна ўставіўшы на яго некалі прыгожыя вочы і ўстрахнуўшы лёгкім рухам галавы пару сівых завітак, што аздаблялі паблеклыя шчокі, не без некаторай урачыстасьці прамовіла:

— Ты, вядома, хочаш быць хрысьціянінам, Ісайка? А я буду тваёй хроснай маткаю! — дадала яна і літасьціва ўхмыльнулася.

Сам разумеючы і ўмеючы цаніць тонкія звароты і наогул па натуры вельмі мяккі чалавек, Ісайка заклікаў на дапамогу ўсё сваё дыплёматычнае ўмельства і ўсю сілу сваёй вёрткасьці, каб не абразіць адміральшу і не ўзварушыць яе незадаваленьня якім-небудзь непаважным адмаўленьнем ад яе гэткай шчырай прапановы. Ды, прызнацца, к таму і спалохаўся, каб ня вышла для яго якой-небудзь сур’ёзнай няпрыемнасьці. Ці мала што ўздумае начальства? Пры аднэй гэтай думцы ў Ісайкі апала сэрца.

І ён пачаў з таго, што некалькі разоў нізка і шчыра кланяўся і дзякаваў, што такая шаноўная пані зьвярнула на нявартага нічога Ісайку сваю дабрадзейную ўвагу. Ці думаў ён чакаць гэткай пашаны?

І Ісайка ўсё кланяўся і дзякаваў у самых тонкіх выразах, якія толькі мог прыдумаць, аднак на пытаньне адміральшы не адказваў і нават рызыкнуў ад падзякі досыць спрытна перайсьці да прапановы зрабіць яе правасхадзіцельству летнія чаравічкі самага апошняга загранічнага фасону, што прывезла з Парыжу адміральша Гвазьдзёва.

— Я ў іх бачыў гэтыя чаравічкі… Ай, які прыгожы фасон, ваша правасхадзіцельства, ай як акуратна зроблена! захапляўся Ісайка. — і абыйдуцца ўсяго два рублі з маім таварам: — дадаў Ісайка, вырашыўшы даплаціць сваіх паўтара рублі, каб толькі задобрыць скнару адміральшу і адхіліць яе ўвагу ад ратаваньня яго грэшнай душы.

Адміральша ласкава прыняла прапанову і распытала Ісайку падрабязна пра загранічныя чаравічкі адміральшы Гвазьдзёвай, і Ісайка думаў канчаткова адкланяцца, паабяцаўшы пастарацца над чаравічкамі і даставіць іх праз пяць дзён, як адміральша спытала:

— Што-ж ты, Ісайка, на маё пытаньне не адказаў? Хочаш ты хрысьціцца?

Ісайка прыняў раптам сур’ёзны і таемны выгляд і, паніжаючы голас, прамовіў некалькі конфідэнцыяльным тонам:

— Ніяк не магу, ваша правасхадзіцельства.

— Чаму ня можаш?

— З-за бацькі і маткі, ваша правасхадзіцелства. Іх шкода.

— Чаго-ж іх шкадаваць? — зьдзівілася адміральша.

— Яны, ваша правасхадзіцельства, старыя, дурныя людзі, жывуць у глушы і па неадукаванасьці сваёй скажуць: «Хіба можна сваю веру мяняць, як, з дазволу сказаць, начны «гарнітур», ваша правасхадзіцельства, і падумаюць, што іхны сынок Ісайка прадаў сваё сумленьне і зрабіў, асьмелюся далажыць, як самы апошні чалавек. Мае бацька з маткаю людзі без вялікіх паняцьцяў, ваша правасхадзіцельства, ня ведаюць, якая вера самая правільная, і спытаюць: «Па якой такой прычыне, Ісайка, рускія не мяняюць сваёй веры і жывуць, у якой родзяцца, а ты, Ісайка, перамяніў яе, га?» І скажуць: «Будзь ты за гэта пракляты, Ісайка!» І будуць усё плакаць і плакаць, што ў іх такі сын, і з гора памруць, ваша правасхадзіцельства. І мне будзе вельмі сорамна і крыўдна, калі праз мяне бацька з маткаю памруць. Ай, як сорамна! А за вашу міласьцівую ўвагу да маёй грэшнай душы дай бог вашаму правасхадзіцельству шчасьця і здароўя… І пану мужу вашаму і дзеткам… Ці не загадаеце і ім боцікі зрабіць? — нечакана дадаў Ісайка і зноў закланяўся.

Не пазбаўленае разумнае спрытнасьці спасыланьне Ісайкі на бацькоў, якія даўно ўжо супакойна адпачывалі ў магілах, довады, укладзеныя ў вусны гэтых «дурных» людзей, і, нарэшце, сапраўды казачная таннасьць чаравікаў, абяцаных Ісайкай, усё гэта разам пакінула на адміральшы добрае ўражаньне, і яна, з прычыны цяжкага становішча Ісайкі, не дамагалася больш ратаваньня яго душы і нават пахваліла Ісайку за яго замілаваньне і пашану да бацькоў.

— Хлопчыкам пакуль што ня трэба ботаў, Ісайка. У іх яшчэ добрыя.

Значна заспакоены і нават павесялелы, Ісайка сэнтэнцыёзна заўважыў, што «ўсякі чалавек павінен паважаць бацькоў» і дадаў:

— Дык на чаравічкі пражкі загадаеце паставіць, ваша правасхадзіцельства?

— Ці ня лепш банты, Ісайка?

— Як загадаеце, ваша правасхадзіцельства, але толькі, асьмелюся далажыць, пражкі будуць трывалей за банцікі… Канечна, можна і банцікі, але апошні фасон — пражкі, і ў адміральшы Гвазьдзёвай на чаравічках пражкі.

— Дык пастаў і мне пражкі.

— Слухаю, ваша правасхадзіцельства.

Ісайка цяпер не сьпяшаўся выходзіць, упэўнены, што ранейшай размовы больш ня будзе. Заўважыўшы добры настрой адміральшы, у яго ўзьнікла сьмелая думка, ў сваю чаргу, пакарыстацца адміральшай, каб пазбавіцца, пры яе дапамозе, ад плаваньняў і абсталявацца пры беразе, не рызыкуючы ўласнай душою.

І, асьцярожна пераступіўшы з нагі на нагу, ён сказаў:

— А я ўжо, ваша правасхадзіцельства, паклапачуся, каб чаравічкі былі ня горш за загранічныя. І заўсёды, што дазволіце загадаць, зраблю на першы сорт і вам і маладым панічом. Вось толькі летам аніяк не магу, бо ў мора пасылаюць… Летам сама носяцца боцікі ў маладых панічкоў, — падкрэсьліў Ісайка: — а Ісайкі няма… Каб я быў пры беразе, ваша правасхадзіцельства, тады і калі адносна пачынкі, і новыя боцікі. Толькі дазвольце патрабаваць.

— Што-ж, я скажу мужу, — прамовіла адміральша.

— Вельмі буду ўдзячны, ваша правасхадзіцельства! Шчасьліва заставацца, ваша правасхадзіцельства! — адказаў узрадаваны Ісайка і, павярнуўшыся, як трэба па форме, налева кругом, выйшаў.

Аднак Ісайка пры беразе не застаўся і ў тое-ж лета быў адпраўлены ў плаваньне. Адміральша забыла пра сваё абяцаньне і хутка пасьля размовы з Ісайкам пераехала з мужам у Пецярбург, і Ісайку прасіць было некага.

Але затое, з ад’ездам адміральшы, ужо ня было ні з якога боку спробаў выратаваць Ісайкаву душу, і ён, цьвёрды ў сваёй веры, сьвята выконваў прадпісаныя яго рэлігіяй звычаі, па меры магчымасьці. Надзвычайна рэлігійны, Ісайка кожную пятніцу вечарам, ці на беразе, ці ў плаваньні, забіраўся куды-небудзь у ціхі куток і, накінуўшы на сябе маліцьвены плашч, доўга і горача маліўся, воючы ціхім і гуснявым голасам свае аднастайныя і манатонныя кантаты. Бледны, худы Ісайкаў твар, з вялікімі чорнымі вачыма, у такія хвіліны сьвяціўся натхненьнем, расчуленасьцю і нейкай ціхай тугою, і голас яго дрыжэў ад наплыву рэлігійнага пачуцьця.

Аб чым ён маліўся? Чаго ён прасіў?

І ніхто з матросаў не дазволіў сабе ні насьмешкі, ні якой-небудзь зьневажальнай заўвагі. Наадварот! Усе з асьцярожнай павагаю абыходзілі стаяўшага на малітве яўрэя, і многія, дзівячыся на яго натхнёную малітву, ціха, у нейкай зьдзіўленай развазе, гаварылі:

— Жыд, а які старанны да свайго бога Ісайка.

III

Ня ставілася ў асуджэньне Ісайку і яго страх перад морам, асабліва, калі яно пачынала хвалявацца, і нейкі непераможны, чыста фізычны сполах да рызыкі і небясьпекі, злучаныя з сапраўднай матроскай справай.

Сапраўды, Ісайка ня мог перамагчы ў сабе гэтага пачуцьця, і з яго, бязумоўна, ня выйшла марака. Усе шаснаццаць год сваёй службы ён прабыў «нестраявым», займаючыся майстэрствам ветразьніка. Ніколі ня мог ён падняцца да марса — палохаўся і, пераступіўшы некалькі ванцін, спускаўся, адчуваючы сябе на палубе бязьмерна шчасьлівей, і не адважваўся больш паўторваць гэтых дабравольных спроб у пачатку службы, паколькі годнасьць нестраявога пазбаўляла яго ад {{{2}}} матроскай справы. І толькі ў часе аўралаў, калі выклікалі ўсіх наверх, Ісайка павінен быў выконваць абавязкі простай рабочай сілы: разам з другімі цягнуць унізе, на палубе, якую-небудзь прыладу, стаяць ля вымбовак на шпіле, пры падняцьці якара і да т. п., што ён і выконваў заўсёды з адменнай стараннасьцю. Ён добрасумленна «трэкаў» снасьць ці навальваўся грудзьмі на вымбоўку, напружваючы ўсе свае слабыя сілы і поўны самалюбнага задзёру паказаць, што і ён можа працаваць ня горш за іншых.

Але ўсяго, што было на караблі вышэй палубы, ён баяўся і з пужлівай павагаю заглядаў на вяршыні высокіх шчоглаў. Пры аднэй думцы аб тым, што яго раптам маглі-б паслаць у сьвежую пагоду ўмацоўваць марсэль, стоячы на вяровачным «пэрце» шпарка-хісткай рэі, бугшпрыт, што гэтак зарываецца ў ваду, прыбіраць кліверы, Ісайка ўвесь халадзеў, жмурыў вочы і неяк бездапаможна адмахваўся, быццам ад страшэннай здані, сваімі маленькімі і худымі, зусім не матроскімі рукамі, з тонкімі касьцістымі пальцамі, што па-майстэрску валадалі аграмаднай паруснай голкаю.

— Такім ужо, значыцца, пужлівым Ісайку бог стварыў, а ён не вінаваты. І рад быў-бы, ды ня можа. Нутро ня прымае. Пашлі Ісайку, напрыклад, на брам-рэю, — са страху памрэ.

— І не дапаўзе, а зваліцца ў мора.

— Зусім не матроскае натуры чалавек ісайка.

— І сілачкі ў ім ніякай няма.

Так пра яго разважалі матросы і, гатовыя абвінаваціць і павыскаляцца з усякіх праяў баязьлівасьці ў таварышоў, у суджэньнях пра Ісайку, з чуласьцю разуменьня, прыкладвалі да яго асобную мерку, і калі некаторыя старыя матросы, здавалася, і падсьмейваліся з гэтае прычыны з Ісайкі, дык самым дабрадушным чынам і бяз усякага намеру прынізіць ці абразіць яго, тым больш, што і сам Ісайка не хаваў сваёй слабасьці.

— Усяго мне даў бог, — казаў Ісайка: — і развагі, і стараннасьці, і цярплівасьці, а вось матроскай адвагі ня даў, браткі… Мусіць, усякаму чалавеку свая доля, і бог не жадае, каб яўрэй быў матросам… «Будзь ты майстровы і жыві на сухім шляху!» вось што загадаў бог яўрэю, — дадаваў Ісайка, прыпісваючы богу свае ўласныя жаданьні.

— А што, Ісайка, калі раптам ды старшы, афіцэр пашле цябе ў адседку на нок? — жартаваў хто-небудзь з унтэр-афіцэраў ці старых матросаў.

— Не пашле! Навошта мяне пасылаць?

— А на кару!

— Пхэ! За што мяне караць? Я латаю сабе ветразі ў падшкіперскай і ніхто мяне ня бачыць, і раблю сваю справу акуратна. Старшы афіцэр — разумны чалавек.

— Разумны, разумны, а калі ўзлуецца, дык і і розум згубіць… Мала за што можна прычапіцца дарэмна… Дакладна ня ведаеш. Убачыць цябе на палубе і закрычыць: «Паслаць Ісайку на нок. Няхай Ісайка праветрыцца!»









52

гЯ

У нязвычайна жывым Ісайкавым выабражэньні, што добра ведала, якія бываюць выпадковасьці на вайсковым караблі, ужо мільгала ўяўленьне аб магчымасьці чаго-небудзь падобнага і раптоўна складалася ў яскравую карціну. І ён спалохана выгукваў:

— У—у—у! Ня можа гэтага быць!

І разам за гэтым хутка кеміў, што гэта глупства і што з ім жартуюць, і сам усьміхаўся і дабрадушна-спакойна гаварыў:

— А ты, Мацьвеевіч, не палохай. Я і бяз гэтага палохаюся.

У сьвежую пагоду Ісайка звычайна адчуваў сябе дрэнна і трывожна, хоць яго і не качала, і калі, здаралася, вялікі драўляны карабель, вытрымліваючы трэпку, стагнаў і скрыпеў усімі сваімі членамі, Ісайка прыцішаны. З шырока-расплюшчанымі вачыма, шаптаў зьбялелымі вуснамі малітвы, схаваўшыся ў куток падшкіперскай каюты і прыслухоўваючыся да бульканьня вады, што білася аб борт. Наверх ён ня выходзіў у такую пагоду, не жадаючы глядзець на гэтыя разьюшаныя хвалі, якія падкідвалі трохдэчны старасьвецкі карабель, як трэску, і поўнілі Ісайкава сэрца панічным жахам. І ён уважаў перачакаць буру ў самотнасьці, у паўцёмнай каюце, заваленай ветразямі і скруткамі вяровак і тросаў, не паказваючыся на вочы людзям і не саромячыся ўздрыгваць і вохкаць пры кожным імклівым дрыжэньні судна.

Але калі сьвісталі: «усіх наверх, чацьверты рыф браць!» — Ісайка з журбою ў сэрцы, праклінаючы злыбедны свой лёс, шпарка, аднак, выбягаў разам з другімі на верхнюю палубу і старанна цягнуў снасьці, лётам перабягаючы з месца на месца, і стараўся не падымаць вачэй на шалеючае мора. Навошта на яго, абрыдлае, глядзець!

І ў такія хвіліны, як сумысьля, задорыста прабягалі думкі аб маленькім ціхім кутку дзе-небудзь на цьвёрдай зямлі, у якім ён сядзіць у цяплыні, на маленькім зэдліку, і шые сабе боты ці чаравікі самага апошняга фасону, у той час як у галаве тоўпяцца рознастайныя думкі аб розных справах чалавецкіх і божацкіх, якія займаюць яго дапытны і дзейны розум.

«Няхай-б лепш забралі ў салдаты!»

Палахлівы сам, Ісайка затое з нейкай асаблівай павагаю і ў той-жа час з заміраньнем сэрца глядзеў на марсавых, якія ў такую буру па-заліхвацку зьбягалі па вантах, потым, быццам волаты-мурашкі, распаўзаліся па рэях і, прыпадаючы да белага паруса, хапалі надутую мякаць яго нейкай нябачанай сілаю.

— Уфф! — вырывалася з Ісайкавых грудзей пахвала і жах, што вось хто-небудзь ды сарвецца і зваліцца ў мора ці з шумам шлёпнецца на палубу, расьціснуты і акрываўлены.

Такія выпадкі здарыліся амаль што кожнае плаваньне і заўсёды варушылі Ісайку.

І ён пасьпешна апускаў свае вочы і зноў глядзеў сабе пад ногі, несьвядома прагаварыўшы суседу, быццам жадаючы выказаць сваё захопленае зьдзіўленьне:

— Ай, якія адважныя! і як яны нічога не баяцца!

— Хто гэта, Ісайка?

— Ды яны, нашы матросікі! — шаптаў Ісайка не без ганарлівага пачуцьця за тых, якія былі непадобны на яго.

IV

Але непараўнана больш за хісткія рэі і буры баяўся Ісайка лінькоў, дубцоў і кулачнай расправы. Цялесныя кары надавалі яму ня толькі панічны страх фізычнае пакуты, але і інстыктыўны жах ганьбы заплёванага чалавечага гонару. А ён быў моцна разьвіты ў Ісайкі, як і ў шмат якіх яўрэяў, у норавах якіх няма прывычкі да прыніжанай кары, з дзяцінства знаёмай расійскаму прыгоннаму люду таго часу.

Гэты жах, які даходзіў у Ісайкі да нейкай хваравітасьці і заўсёды трымаў яго ў нэрвовым напружаным стане боязьні ня выклікаць чым-небудзь гнеў у кім-небудзь з начальніцкіх асоб, абярнуўся ў прывычку. І, ня гледзячы на шаснаццаць год шчасна праведзенай службы, Ісайка заўсёды быў на варце, быццам заяц, што чуе блізкасьць сабак. Аджа ў тыя далёкія часы, калі матросаў дрэсыравалі жорсткім біцьцём за нязначнае папушчэньне і калі сама жорсткасьць была ў модзе сярод маракоў, так магчыма і лёгка было «нарвацца» нават пры чуткай асьцярожнасьці Ісайкі.

Ісайка быў нязвычайна чулы для таго «жорсткага» часу. Выгляд аголенай матроскай сьпіны, на якую з ціхім шлёпаньнем лажыліся ўдары лінькоў з-пад рук азьвярэлых унтэр-афіцэраў ці боцманаў, пад зіркім наглядам прывыклага да такіх відовішч афіцэра, гэтае цела, што ўкрывалася сінімі палосамі з барвістымі падцёкамі, гэтыя пакорныя спачатку стогны чалавека, што пераходзілі потым у нейкі дзікі лямант безабароннае жывёлы і затым часамі зусім заціхаўшыя ад страты прытомнасьці, напаўнялі душу Ісайкі жахам і спачуваньнем. І калі яму выпадала быць сьведкаю такіх кар, якія адбываліся ў некаторых выпадках у прысутнасьці ўсёй карабельнай каманды, — Ісайка, бляды, як сьмерць, уздрыгваючы сваім худым целам, ледзь стаяў на нагах і крадучыся выціраў нявольныя сьлёзы, палохаючыся, каб іх не заўважылі.

Вядома, Ісайка добраахвотна ніколі-б не адважыўся прысутнічаць на такіх экзэкуцыях. Калі, пасьля вучэньняў і аўралаў, чуўся, бывала, загад пакараць каго-небудзь, і зьбялелы матрос ішоў на бак пакорны ці з штучным выглядам бесклапотнае разудаласьці, — Ісайка ўцякаў уніз, у падшкіперскую каюту, прыціскаўся ў куток і, затыкаючы вушы, узварушаны, усхвалёвана шаптаў малітвы, і яго вялікія ціхія і спалоханыя вочы сьвяціліся нявыразнай тугою.

— Жаласьлівы Ісайка! — гаварылі пра яго.

А Ісайка ня толькі спачуваў, але і нявольна зьдзіўляўся цярпеньню і мужнасьці, з якімі шмат хто з матросаў вытрымлівалі пакараньне, навадзіўшае на Ісайку такі сполах.

Асабліва зьдзіўляў яго адзін з яго блізкіх прыяцеляў, якім, па дзіўнай супярэчнасьці, быў Іван Рабы, каранасты, шырокаплечы, моцны і прыземісты матрос, год сарака, удалы і бясстрашны марсавы, які хадзіў на штык-болт, г. ё. выконваў самую цяжкую і небясьпечную справу на ноку (канцы рэі), і пры гэтым забіяцкі гуляка і п’яніца, не асабліва строгіх правіл чалавек, у хмелю буйны і нястрыманы на язык. Рабога секлі досыць часта і дасеклі да таго, што ён, бывала біўся аб заклад на чарку гарэлкі, што не прамовіць да пяцідзесяці ўдараў. І, сапраўды, ня кідаў гуку, і толькі бляды, з злосна скрыўленым тварам, на якім блішчэлі буйныя кроплі поту, сьціскаў зубы. Пасьля выйгрышу чаркі Рабы пачынаў зьлёгку ўскрыкваць. Ад крыку, паводле яго слоў, «ня так дух займала». Атрымаўшы часам сто лінькоў, Рабы надзяваў спушчаную з плеч сарочку і выходзіў, як устропаны, выкурыць люльку тытуню. Потым звычайна спускаўся ўніз да Ісайкі, які ў падшкіперскай латаў ветразі, і гаварыў:

— Сотню, падлюгі, усыпалі, Ісайка.

— Сотню? Ай, ай, ай! — спалохана выгукваў Ісайка, ня зусім, аднак, давяраючы ліку прыяцеля, бо бадзёры выгляд яго і тон голасу далёка не адпавядалі атрыманьню такой колькасьці ўдараў.

— І лупцавалі-ж, я табе скажу, Ісайка! Асабліва гэты д’ябал Чакушкін навальваўся… За ўчарашняе п’янства… Казалі: нагрубіў вахценнаму начальніку… А я, хоць ты, забі, ня памятаю… Ты, брат, мазі сваёй падрыхтуй. Папрашу ўжо таварыша сьпіну памазаць.

— Ісайка ўмеў рабіць нейкую мазь, якая, як казалі матросы, стрымлівала боль у сьпіне пасьля пакараньня, і шмат хто карыстаўся Ісайкавай мазьзю.

— Як прасьвішчуць: «адпачываць!» — падрыхтую. Фэльчар прыпасу дасьць, — адказаў Ісайка і неяк баязьліва спытаў:

— А дужа баліць?

Твар Ісайкі меў такі пакутніцкі выгляд, што з боку можна было падумаць, быццам пакараны быў Ісайка, а не Рабы, загарэлы, грубы і сьмелы твар якога, поўнае выражэньне нейкай бесклапотнай разудаласьці, з бойкімі, дабрадушна-хітраватымі, шэрымі маленькімі вочкамі ня меў у сабе нічога пакутнага.

— На тое, братка ты мой, і б’юць, каб балела! А ты думаў так, дарэмна? — адказваў, усьміхнуўшыся, Рабы. — А падлюзе Чакушкіну на беразе морду раскрывяню, будзь спакойны, нічога што унтэр. Цеста з яго хайла зраблю! — нечакана дадаваў матрос.

І звычайна дабрадушны погляд загараўся злым аганьком.

— Ай, ай, Іванавіч! За што?

— А за тое, каб ён, жывадзёр, не стараўся! Ты бі, калі твая пасада такая сабачая, па форме, а ня зьверствуй над сваім-жа братам.

— Горш будзе, Іванавіч. Ён табе пасьля прыпомніць, калі зноў…

Ісайка далікатна не даканчваў і, уздыхаючы, дадаваў:

— Усё праз віно.

— То-та-ж праз віно, Ісайка. Ты вось з галавою чалавек, а не зразумееш, што матросу трэба пагуляць. Бяз віна, братка ты мой, зусім-бы служба апаскудзела… Ты гэта вазьмі ў толк, Ісайка.

— Адважны ты, Іванавіч… Нічога не баішся… Сто лінькоў?.. Ай, ай!.. І як ты толькі вытрымліваеш?

— Скура паабівалася. І не такую плепорцыю, дзякаваць богу, вытрымліваў! — не без самахвальства гаварыў Рабы. — Ня бойся, кланяцца перад імі, падлюгамі, ня буду, калі яны за бяспамяцтва з цябе скуру зьдзіраюць. Нагрубі, значыць, я цьвярозы, забі на сьмерць — гэта правільна, а з п’янага хіба можна што браць? Хіба гэта сумленна?

— Сумленьне людзі даўно забылі, Іванавіч, — задуменна гаварыў Ісайка.

— То-та-ж і ёсьць. Людзі забылі, і я, значыцца, п’янствую… Бі, зрабі ласку… Бі толькі з развагаю, не навальвайся! Я і тры сотні прыму і ў лазарэт ня лягу.

— Бач ты! шаптаў Ісайка і з нейкім паважлівым зьдзіўленьнем паглядаў на Рабога.

— А ты, мабыць, Ісайка, і пяцідзесяці лінькоў ня прымеш? І ад такой дробязі з цябе дух вон. Зусім ты мізэрны, Ісайка! — сьмяяўся Рабы, паглядаючы на недалужную фігуру Ісайкі з лагодным жалем здаравеннага, моцнага чалавека.

Ісайка жмурыўся ад страху пры гэтых словах і ўсхвалявана, з нязвычайнай сур’ёзнасьцю у голасе, выказаў:

— А сорам? Ад аднаго сораму памерці можна… І—і—і!…

І ісайка нават верашчэў.

— Які сорам? — не разумеў Рабы. — Гэта ты, Ісайка, са страху мелеш!.. Калі каму сорам, дык таму, хто чалавека не шкадуе і за ўсякую дробязь загадвае цябе паласаваць… Таму дык сорам… А матросу ніякага сораму няма… Бог яму за гэта на тым сьвеце ўсе грахі даруе… Бо — матросік усё перацярпеў.

На гэтым пункце Ісайка ніколі ня зыходзіўся з Рабым, і тут яны адзін аднаго зусім не разумелі.

Зблізіліся яны год сем таму назад зусім нечакана і з асаблівага выпадку.

Абодвы яны былі ў адной роце на беразе і абодвы ў летнія морскія кампаніі плавалі разам на 84-гарматным караблі «Пасьпешным», але дачыненьні іх адзін да аднаго былі халоднымі і нават не асабліва прыязнымі. Ціхі і мірны Ісайка хоць і паважаў бесклапотную разудаласьць бравага матроса, якога лічылі першым марсавым на караблі, але яго забіяцкі разгул на беразе, яго не асабліва чулыя разуменьні наконт спосабаў здабычы грошай на выпіўку, чуткі аб тым, што Рабы быццам-бы ў цёмныя асеньнія ночы выходзіць з казармы і ня супроць у глухім завулку абрабаваць запозьненага афіцэра, — усё гэта далёка не набліжала Ісайку да п’янчужкі Рабога. І той, у сваю чаргу, глядзеў на Ісайку з некаторай пагардаю, як на «паганага жыда» ды к таму-ж безнадзейнага баязьліўца. Аднак, ніколі ня задзіраў яго, лічачы гэта ніжэй сваёй годнасьці… Ці варты Ісайка таго?

Аднойчы, адпушчаны ў нядзелю з двара, Рабы позна ўначы быў прыведзены ў бяспамятным стане і амаль голы. Боты і казённы шынэль былі прапіты Рабым. Нават і ён спалохаўся, калі, прачнуўшыся ў наступную раніцу, даведаўся што здарылася. У роце зараз-жа стала вядома, што Рабы прапіў казённыя рэчы, і усё гаварылі, што за гэта яго аддзяруць «форменна», як сідараву казу, менш, як пяцьсот дубцоў за такую справу не дадуць — шынэль новы.

Фэльдфэбэль некалькі разоў зьезьдзіў Рабога поўху, больш для зьберажэньня свайго гонару, чым для ўразуменьня такога безнадзейнага чалавека, — што яму ад бою! — і абяцаў захаваць ад ротнага камандзіра да вечара, калі Рабы здабудзе шынэль.

А ён нават і ня памятае, за колькі ён быў пакінуты ў знаёмай карчме, дзе Рабы заўсёды піў. І як здабыць шынэль? Дзе дастаць грошы?

— Давядзецца, мабыць, скураю заплаціць за шынэль, Аўдзей Трыфанавіч! — абвясьціў ён разьвязным тонам, стараючыся захаваць перад фэльдфэбэлем сваю душэўную трывогу.

— У гэтым не сумнявайся, распусны сабака, п’яная морда! Адшліфуюць цябе, падлюгу, начыста, ва ўсім акураце… Проймуць і тваю барабанную скуру, ня бойся. А то, можа, яшчэ і пад суд аддадуць, пападзеш у арыштанцкія роты… Як ротны на гэту справу паглядзіць… Ня ў першы раз ты казну аб’ягорваеш…

Стары фэльдфэбэль (ён-жа боцман першай яхты на «Пасьпешным») гаварыў, мусіць, суровым, абыякавым тонам, дадаючы лаянку бяз усякага захапленьня. Аднак у яго вачох сьвяцілася спагаднасьць. Вельмі-ж удалы і бясстрашны быў марсавы, гэты гуляка і п’яніца.

— Ты папрабуй ужо, выверніся як-небудзь, беспардонны д’ябал, а да вечара дакладваць ня буду! А далей не магу. Сам службу разумееш! — прыбавіў не бяз цёплай ноткі ў голасе стары і як-бы апраўдваючыся.

— Дзякую і за гэта, Аўдзей Трыфанавіч, але толькі ўжо ўсёроўна з ранішнім ляпартам дакладзеце ротнаму… Чаго яшчэ чакаць?

— А ты форцу на сябе не напушчай, не ламайся… Ня бойся, усыпка будзе важная… Дый зусім прапасьці можаш. Папрабуй, кажу… Ці яшчэ не праспаўся, сучы ты сын? Чуеш: да вечара ротнаму не дакладу.

Ісайка, які ўжо даўно сядзеў у сваім кутку за працаю, пачуў пра тое, якая насоўвалася бяда на Рабога, і твар яго адлюстраваў спагаднасьць і ў той-жа час нейкае нутраное змаганьне. Так праседзеў ён, заклапочана соваючы шылам, хвілін з пяць і, нарэшце, поўны рашучасьці, устаў і пайшоў на другі канец казармы, дзе панура сядзеў Рабы.

— А што я табе скажу, братка, — прамовіў сваім тоненькім галаском, зьлёгку нарасьпеў і некалькі таемна Ісайка, падыходзячы да Рабога.

Рабы з запытаньнем падняў на Ісайку злыя вочы і раўнадушна апусьціў іх.

— Ведаеш, што я табе скажу?

— Ну, што прыстаў: «скажу ды скажу»? Кажы!

— За колькі ты прапіў шынэль?

— А табе што?.. Чаго лезеш?

— Ты толькі скажы, а мне ёсьць справа! — працягваў Ісайка і адабраючы і ласкава падміргнуў вокам.

— А чорт яго ведае, за колькі!

— Гм… Грошы ня браў? Піў толькі? А многа ты выпіў? Штофы два?

— І паўвядра валі. Я-ж ня жыд, а хрышчоны!

— Ай, ай, паўвядра! — ахнуў Ісайка.

— Ды ты да чаго гэта гнеш? — ужо мякчэй спытаў Рабы, паглядаючы на Ісайку і зьдзіўлены і нязвычайна спачуваючым выразам яго твару.

— Хачу шынэль тваю дастаць ціха прамовіў Ісайка. — Скажы, у якой карчме ты яе пакінуў? А я ўжо шынэль прынясу.

— Ты? — прамовіў толькі Рабы.

І больш ня мог у першую хвіліну нічога дадаць, зачэплены да глыбіні душы гэтай вялікадушнай прапановай.

— Век не забуду, Ісайка! Вызвалі! — нарэцце, здрыгнуўшым голасам, прамовіў. Рабы і, мусіць, жадаючы выразіць свае пачуцьці ва ўсёй паўнаце, дадаў: — Жыд, а які добры!

Ісайка ледзь-ледзь усьміхнуўся ад гэтага комплімэнту і стаў распытваць, дзе карчма, у якой Рабы ўчора выпіваў.

Рабы падрабязна растлумачыў і вінавата дадаў:

— Толькі карчмар зьдзярэ… Бадай, рублёў пяць заломіць.

На фізыономіі Ісайкі зьявіўся дзелавы выраз чалавека, які зьбіраецца зрабіць комэрцыйную справу, і ён зноў падміргнуў вокам на гэты раз з некаторай хітрасьцю, і сказаў:

— Ня бойся, Ісайка будзе спрачацца. Ісайка лішняй капейкі не аддасьць.

Ён зараз-жа адпрасіўся ў фэльдфэбэля з двара і накіраваўся ў паказаную Рабым карчму.

Прайдзісьвет малады яраславец — карчмар, убачыўшы Ісайку, з запытаньнем абвёў яго вачыма. Ісайка далікатна растлумачыў, што прышоў за шынэляй Івана Рабога.

— А грошы прынёс?

— Вам колькі грошай?

— Сем рублёў, — ня мігнуўшы вокам, адказаў карчмар.

— Ці ня многа будзе? — прыжмурыўшы вока, працягнуў Ісайка.

— А многа, дык ідзі.

— Я-б і пайшоў, ды таварыша шкода… Вы самі ведаеце — казённая рэч… Яму дастанецца… Казённая рэч — царская… Калі ротны даведаецца, што вы ў матроса ўзялі царскую рэч, вялікія няпрыемнасьці будуць… Ай, ай, ай! Якія няпрыемнасьці! Паліцыя і ўсё іншае! Царская рэч ня можа гінуць. — І Ісайка з сур’ёзным відам паківаў галавою. — Рабы загадаў аддаць паўтары рублі і прасіць шынэль і боты… А потым ужо, як вы захочаце; дадаў Ісайка раўнадушным, здавалася, тонам і зрабіў выгляд, быццам зьбіраецца выходзіць.

— Ды ты пачакай…

— Выбачайце! Мне некалі… Я казёнвы чалавек. Мяне сам пан фэльдфэбэль паслаў, Аўдзей Трыфанавіч, ведаеце? Ён таксама ў вас віно бярэ. Ідзі, кажа, Ісайка, па шынэль, каб ня было, кажа, няпрыемнасьцяй.

Пачалі спрачацца. Ісайка некалькі разоў выходзіў з карчмы і варочаўся, жадаючы зьберагчы свае кроўныя грошы, якія ён хаваў, як зрэнку вока. І было ў яго назапашана ўсяго-на-ўсяго рублёў дваццаць ад грыўняў, што яму давалі — і то не заўсёды — за яго работу.

Нарэшце, шынэль і боты былі выкуплены за два рублі дваццаць капеек, і Ісайка, згарнуўшы рэчы ў клунак, выйшаў урачысты і вясёлы з карчмы, не зьвяртаючы ніякай увагі на тое, што раззлаваны сядзелец вылаяў усьлед яго паганай жыдоўскай мордай.

З гэтага дня Іван Рабы і Ісайка зрабіліся шчырымі прыяцелямі, хоць і ня зусім разумелі адзін аднаго.

V

Шмат розуму, асьцярожнасьці, гнуткасьці і такту трэба было мець Ісайку, каб за 16 год свае службы ў тыя старыя жорсткія часы ўберагчыся ад пакараньняў. Але Ісайка з першых-жа дзён службы быў такі старанны, так добра вёў сябе, так стараўся, што ня было нават і магчымасьці да яго прыдрацца. Дый неяк шкода было гэтага безадказнага, баязьлівага, ціхага, шчуплага чалавека з вялікімі ціхімі вачыма. Калі, у першы год службы нейкі унтэр-афіцэр пабіў Ісайку, Ісайка так горка плакаў цэлую ноч, што нават унтэр-афіцэр, які біў яго, адчуў нешта падобнае на скруху.

Да таго-ж Ісайка, па няздольнасьці да страявой службы і знаходзячыся ў майстрах, быў далёка ад вачэй начальства на караблі. Бліжэйшых начальнікаў у яго было толькі двое: шкіпер — афіцэр з былых боцманаў, ды падшкіпер, з якімі Ісайка ўмеў добра ладзіць і задабрываць іх пры выпадку. А іншае начальства, асабліва суровае з матросамі, да яго не датычылася. Сядзі сабе ў падшкіперскай і папраўляй парусы ды выходзь наверх толькі ў час аўралаў.

Апроч таго, што Ісайка, што называецца, са скуры вылазіў, вызначаючыся бязупыннай працай і чыстатою паводзін, ён, як чалавек разумны і наглядальны, ведаў, чым узяць, акрамя стараннасьці. На беразе ён заўсёды шыў і ротным сваім камандзірам і фэльдфэбэлям боты, абшываў іх жонак і дзяцей, а летам тое-ж самае рабіў для шкіпера і яго памочніка, разумеецца, дарма. І ўсе абыходзіліся з Ісайкам ласкава, лічачы яго залатым чалавекам. На ўсякае рамяство ён быў майстар. Раз нават цацку прыгожую зрабіў і паднёс сынку экіпажнага камандзіра; жонцы яго, канечне, шыў чаравікі.

Ісайка кожны дзень дзякаваў богу, што служба, якой ён так баяўся спачатку, здавалася для яго не асабліва страшнай — мора толькі пужала яго. Але ўжо служыць заставалася нямнога. Гады праз чатыры яго, напэўна, зволяць у бестэрміновы водпуск, і тады канец гэтым вечным страхам! Вольны чалавек!

І ён час-ад-часу марыў, як будзе жыць заўсёды на цьвёрдай зямлі, займацца майстэрствам у Кронштадзе, дзе яго ўсе ведаюць, і зажыве сабе спакойна і ціха, як патрэбна сумленнаму яўрэю.

Адна акалічнасьць непакоіла тодькі Ісайку ў апошні час. Ён быў нераўнадушны да аднае матроскае ўдавы, вядомай на кронштадзкім рынку, дзе летам яна гандлявала землянікаю, а зімою мела ларок з розных дробных тавараў, пад імем «рыжай Анкі». Гэтая «рыжая Анка», здаровая і тоўстая баба, год трыццаці пяці, з шырокімі сьцёгнамі і пульхным тварам, пакрытым вяснушкамі, таксама паглядала на Ісайку сваімі блакітнымі, хітраватымі вачыма не без задорнага какецтва. Яе палюбоўнік—матрос пайшоў на тры гады ў «дальнюю», і яна была вольнай. А Ісайка быў сталы чалавек і ўмеў ёй даваць добрыя парады ў гандлі. Без яго ў яе ледзь хапала на хлеб ды на квас, а як ён з ёю пазнаёміўся — зусім іншая справа пайшла. Здатны Ісайка! Адкуль толькі выдумка ішла. І чаравікі ёй цудоўныя зрабіў, і на куплю тавару, дзесяць рублёў пазычыў.

І Анка ня супроць была-б зьвязацца з «жыдам» — няхай на рынку сьмяюцца — напляваць! І так ужо сьмяюцца!

Але Ісайка не рабіў рашучых авансаў, ня маючы сьмеласьці прызнацца Анцы ў сваёй схільнасьці. Дый ці згодзіцца яна жыць з жыдам? Пра шлюб Ісайка, вядома, і ня думаў.

Усё можа быць, што нясьмелы Ісайка так-бы застаўся патайным «уздыхальнікам», калі-б у пачатку лета, як «Пасьпешны» ўжо выцягнуўся на рэйд, Ісайка аднойчы раніцою ў нядзелю не зайшоў купіць у Анкі на капейку цыбулі.

Выбраўшы пучок і распытаўшы Анку аб справах, Ісайка хацеў ужо выходзіць, як Анка, зірнуўшы ў вочы Ісайку, хітра спытала:

— Толькі цыбулі табе ад мяне і трэба, Ісайка?

— Чаго-ж я асьмелюся, апроч цыбулі, Ганна Сьпірыдонаўна? — значна працягнуў Ісайка.

— Чаго?.. Ах ты, хітры Ісайка! — засьмяялася Анка і пяшчотна дадала: — няма чаго на карабель ісьці; прыходзь ужо да мяне гарбату піць!

З гэтага дня Ісайка стаў часьцей зьяжджаць на бераг, і, калі «Пасьпешны» пайшоў у мора, Ісайка ўзяўся шыць Анцы самыя фасоністыя чаравікі і напісаў ёй два лісты, у якіх з чульлівым красамоўствам выліў перад ёю душу, скончыўшы дзелавымі парадамі наконт зімовага гандлю, які яны вялі цяпер ўжо разам пасьля памятнай куплі пучка цыбулі.

Ах, як не хацелася Ісайку ісьці на наступнае лета ў мора!

Яму не хацелася разлучацца з «рыжай Анкаю», да якой ён сур’ёзна прывязаўся, але — галоўнае — яго трывожыла назначэньне новага камандзіра экіпажу і карабля «Пасьпешнага». Пра яго хадзілі нярадасныя чуткі, як пра заядлага «мардабоя», які, камандуючы фрэгатам, біў бяз усякага ратунку і, калі злаваў, быў як шалёны. Аб гэтым толькі і было гутарак сярод матросаў, і нават Іван Рабы неяк сказаў Ісайку, што кіне піць.

— Зьвер, кажуць.

І, сапраўды, гэтае лета Ісайку прыходзілася амаль ня штодзень уцякаць уніз і залазіць у куток, уздрыгваючы ад жудасьці. Амаль ніводнага вучэньня не праходзіла без таго, каб ня было экзэкуцый. Каралі па некалькі чалавек. Капітан патрабаваў, каб матросы працавалі, «як чэрці», і, калі, напрыклад, парусы ўмацоўвалі ня ў тры, а ў тры з паловаю хвіліны, дык усіх спозьненых марсавых з іх унтэр-афіцэрамі білі лінькамі. У тыя часы было фарсаўство на хуткасьць работ, і кожны капітан хацеў вызначыцца. Гэта быў асаблівы морскі шык.

Усё гэтае плаваньне Ісайка заўсёды знаходзіўся ў нейкім напружаным становішчы страху і асабліва баяўся аўралаў, калі і яму прыходзілася выбягаць наверх і бачыць гэтага высокага, шырокаплечага чалавека з суровым, чырвоным тварам, стаяўшага на юце, расставіўшы ногі і грозна пазіраючы на работы.

Мёртвая цішыня панавала ў такія хвіліны на палубе. Матросы стараліся з усіх сіл, узьляталі, як шалёныя, на вантах, разьбягаліся, быццам па гладкай падлозе, па рэях і ўмацоўвалі парусы з ліхаманкавай пасьпешнасьцю страху. Нейкае трапятаньне адчувалася ўсімі, не выключаючы боцманаў. І афіцэры са спалоханай заклапочанасьцю стаялі каля сваіх шчоглаў, падняўшы ўгару галовы, і толькі зрэдку лаяліся, заўважыўшы, што дзе-небудзь працуюць ня так скора ці якая-небудзь снасьць «заела», г. зн. ня ідзе.

І гэты адзін чалавек, які прымушаў усіх дрыжаць, радаваўся, што ў два месяцы так «падцягнуў» усіх. Твар яго сьвяціўся задаволенай усьмешкаю, калі парусы «згаралі», ці калі на артылерыйскім вучэньні вялікія гарматы адкачваліся, як лёгкія пярынкі, у руках зьнясіленых матросаў…

Але здаралася — і нярэдка — твар капітана раптам барвяніўся, вочы наліваліся крывёю, і ён, з паднятымі кулакамі, быццам звар’яцелы, кідаўся ўніз, нёсься на бак і біў боцмана, біў папаўшых пад руку матросаў, агалашаючы паветра лаянкай.

— Запару! — крычаў ён, ня памятаючы сябе ад гневу.

Выяўлялася, што на баку голасна гутарылі ці ня скора сабралі клівяры.

У такія хвіліны Ісайка заміраў ад страху.

Плаваньне ўжо канчалася, к агульнай радасьці матросаў і афіцэраў. «Пасьпешны» вяртаўся пад усімі парусамі ў Кронштадт з спадарожным брамсельскім ветрам з Бальтыцкага мора.

Ля Гоглянда наляцеў шквал, і, па недагляду вахценнага афіцэра, што не сабраў у час ветразяў, разарвала фор-марсэль на кавалкі.

Капітан раззлаваўся і напусьціўся на афіцэра, пагражаючы яго аддаць пад суд. Засьвісталі мяняць фор-марсэль. Падшкіпер кінуўся ў падшкіперскую і таропячыся паказаў прыбегшым матросам не на той марсэль, які трэ’ было ўзяць, а на другі, які патрабаваў латкі. Ніхто гэтага не заўважыў. Не заўважыў і Ісайка.

Хвілін праз восем разарваны марсэль быў адвязаны і, прынесены ў выглядзе аграмаднага, доўгага, зьвернутага вузкага мяшка, прывязаны. Яго распусьцілі і — які жах! — некалькі дзірак зьзяла на ветразі.

Ісайка ўбачыў і зрабіўся бялей за сарочку.

Капітан ужо быў на баку.

— Падшкіпера сюды… Ветразьніка!

Падшкіпер з Ісайкам стаялі перад капітанам.

— Ты ветразьнік? — спытаў капітан, утаропліваючы налітыя крывёю вочы на Ісайку, што дрыжэў, як ліст, і акідваючы яго страшным зіркам.

— Я, ваша высокаблагародзьдзе ледзь прашаптаў Ісайка.

— Ты, падлюга? Боцмана! У лінькі яго! У гэтую-ж хвіліну!

Ісайка задрыжэў, быццам у трасцы. Зрэнкі вачэй расшырыліся. Сударгі прабягалі па яго твару.

— Ваша высокаблагародзьдзе… Я не… не вінаваты…

— Не вінаваты!.. Гэй! Спусьціць яму скуру! Ён не вінаваты! — бяз сэнсу гаварыў капітан.

Ужо двое унтэр-афіцэраў падбегла да Ісайкі, каб узяць яго, як раптам Ісайка кінуўся ў ногі капітану і, конвульсыйна лемантуючы, гаварыў:

— Я не магу… ваша высокаблагародзьдзе… Зьлітуйцеся… ваша…

Было штосьці жудаснае ў гэтым роспачным стогне. Старшы афіцэр адвярнуўся. Матросы апусьцілі вочы. Мёртвая цішыня панавала на палубе.

Гэта ўпрошваньне, здавалася, прывяло капітана ў большае шаленства. Ён грэбліва пхнуў распасьцёртага Ісайку нагою і крыкнуў:

— Узяць яго!.. Паказаць, як ён ня можа!

Але ў гэтую хвіліну Ісайка ўжо ўскочыў на ногі, і гэта быў ужо зусім не ранейшы ціхі Ісайка.

У яго мярцьвена-блядым твары з зьзяючымі вачыма было нешта такое дзіўна-спакойнае і рашучае, што капітан несьвядома адступіў назад…

— Дык будзь ты пракляты, злодзей!

І з гэтымі словамі скокнуў на сеткі і з жаласным крыкам роспачы кінуўся ў мора.

Матросы аслупянелі ў бязмоўнай жудасьці. Капітан зьбянтэжыўся.

Іван Рабы, дасканалы плавец, у адзін міг быў за бортам. Але Ісайкі ўжо ня было на паверхні. Ён, як ключ, пайшоў на дно.

— Гэткі жыдзюга пракляты! — нарэшце, прамовіў капітан і загадаў легчы ў дрэйф і спусьціць катэр, каб адратаваць Рабога.

Матросы хрысьціліся.