10-летні юбілей беларускай прэсы

10-летні юбілей беларускай прэсы
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1916
Крыніца: Гоман. 1916. 24 кастр

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




14 верасьня (па старому стылю - 1-га) 1916 г. мінула роўна дзесяць гадоў, як на вуліцах Вільні паявіўся першы нумар першай беларускай легальнай газэты - "Нашай Долі".

"Наша Доля" была першай яркай праявай беларускага нацыянальнага руху. Свабоду друку народ ужо быў здабыў тады, і нельга было не пазволіць на выдаваньне беларускай газеты. Затое мясцовыя ўласьці знайшлі даволі спосабаў, каб ня даць ходу газэце: спаміж 6 выйшаўшых нумароў яе ажно 5 былі сканфіскаваны паліцыяй (некаторыя нават яшчэ ў друкарні - перш, чым іх закончылі друкаваць). "Афіцыяльны" рэдактар быў арыштован,, аддадзен пад суд і цяжка засуджан, ды адкруціўся ад кары толькі ўцёкшы за граніцу. Многа штрафаў было наложана на рэдакцыю, і гурток асноўцаў, каторыя выдавалі газэту за свае цяжка запрацаваныя грошы, прымушан быў аддаць на іх апошкі. Затое ж выхад "Нашай Долі" зрабіў незвычайна сільнае ўражаньне на грамадзянства: на вуліцах места ўсюды відаць было беларускую газэту, каторую бралі нарасхват. Дзьверы рэдакцыі не зачыняліся ні на мінуту, а праз колькі дзён, як першыя нумары дайшлі да вёскі, адтуль паплылі нялічаныя пісьмы, у каторых чуваць было сьлёзы радасьці "простых, шэрых" людзей - людзей, каторыя наканец даждаліся, што іхняй "простай" мовай друкуюць газэту!

Пасьля выхаду чацьвёртага нумару "Нашай Долі" наступіў разгром супрацоўнікаў яе: большая часьць іх ужо даўно працавала, укрываючыся ад арышту за старую работу на беларускай ніве, і гэта прымусіла іх на мамэнт "счэзнуць", калі пачаліся рэпрэсіі проці ўчасьнікаў газэты. №№ 5 і 6 выйшлі ўжо пад новай рэдакцыяй, але і іх спаткала ліхая доля папярэдніх: яны былі сканфіскаваны, а выдавецтва "Нашай Долі" прыгаворам суда спынена назаўсёды.

Гэткая была гісторыя першай легальнай беларускай часопісі. Але, наагул, яна першай у беларусі не была: яе папярэдзіў у канцы 80-тых гадоў патайны "Гоман", выдаваны ў Мінску, і ў 1903 гаду - "Свабода", таксама выйшаўшая патайна, як орган Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады. Але "Наша Доля" адкрыла сабой эру шырокай нацыянальнай беларускай работы, каторая з таго часу і шырылася з году ў год ажно да нашых дзён.

Сьледам за «Нашай Доляй» — яшчэ перад закрыцьцём яе — тут жа ў Вільні пачала выходзіць «Наша Ніва». Гэта газэта выходзіла да часу адходу зь Вільні расейцаў, зьбіраючы навакол сябе ўсе найболей жывыя дэмакратычныя беларускія сілы. Празь нейкі час нарадзіўся орган клерыкальнай групы «Беларус»; далей — сельскагаспадарскі месячнік «Саха», квартальнік «Маладая Беларусь», месячнік для маладзежы «Лучынка», студэнцкая часопісь «Раніца», — а цяпер новы «Гоман».

Дзесяць гадоў жыцьця беларускай прэсы зрабілі вельмі многа: народ беларускі — як сяляне і работнікі, так і інтэлігенты, знайшлі ўрэшце спосаб голасна на ўвесь свой Край падняць свой голас, загаварыць аб сваіх крыўдах, сваіх патрэбах і жаданьнях. Даволі пераглядзець гадавікі ўсіх памянёных часопісей, і мы ўбачым тысячы імён, тысячы ваколіц, скуль ішлі карэспандэнцыі, заметкі, стацьці, вершы, аповесьці і т. п. Беларуская прэса — гэта не катэдра, з каторай жменя ідэалістаў абвяшчае новыя думкі: гэта голас тых мільёнаў гарапашнікаў, каторых заўсёды гналі, уціскалі, каторых дзяржалі ў цемнаце і бяспраўнасьці, каторымі пагарджалі, над каторымі зьдзекаваліся і сьмяяліся... І хлебароб, і работнік, і іх сын — інтэлігент, і нават той шляхціц, у каторага разам збудзілася нацыянальнае сумленьне, — усе ўзяліся дружна за работу, і на тых фундамэнтах, каторыя яны збудавалі, апіраецца цяперашняя шырокая культурная праца, беларуская школа, раўнапраўнасьць беларускага народу і мовы яго з другімі народамі нашай роднай зямліцы.