Загранічны Пецярбурскі Аддзел Выбух паўстаньня каля Дзьвінску
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Падзеі на Магілеўшчыне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЫБУХ ПАЎСТАНЬНЯ КАЛЯ ДЗЬВІНСКУ (ДЫНАБУРГУ).

Як мы гаварылі вышэй, Віленскі Аддзел, захапіўшы кіраўніцтва паўстаньнем у свае рукі, вызначыў тэрмін пачатку паўстаньня на Літве і Беларусі. Бязумоўна, прыняцьце гэтага тэрміну стаяла ў сувязі з прынятым плянам Серакоўскага. Гэтым Белы Аддзел хацеў падкрэсьліць, што сапраўднае паўстаньне, паўстаньне плянавага характару, распачынаецца толькі цяпер, што паўстаньне, якое распачалося ў часы кіраўніцтва Віленскага Чырвонага Камітэту, ёсьць толькі як-бы ўступ да сапраўднага паўстаньня, якое распачынаецца толькі цяпер. Такое ігнораваньне дзейнасьці, якая адбылася ў часы існаваньня папярэдняга паўстанскага цэнтру на Беларусі і Літве, гаворыць яшчэ раз аб варожых адносінах Белага Адзелу да Чырвонага Камітэту, што залежала ад прынцыповых разыходжаньняў паміж белымі і чырвонымі. Аб тэрміну пачатку паўстаньня на Беларусі і Літве Віленскі Адзел папярэдзіў Варшаўскі Народны Жонд, які згадзіўся з вызначаным тэрмінам. Таксама былі даны адпаведныя загады і на месцы.

Атрыманы быў такі загад і ў Дзьвінскім (Дынабурскім) павеце, дзе павінна была па пляну распачацца галоўная чыннасьць. Паўстанцкім камісарам у павеце быў земляўласьнік Понцэт. Атрыманы загад Аддзелу застаў павет і яго камісара зусім не гатовымі да справы. Кіраўніцтва ўзброенымі паўстанскімі сіламі павету, якіх у рэчаістасьці пакуль-што яшчэ і ня было, даручалася маладому магнату Леону Зыберг-Плятэру, што меў маёнтак недалёка каля Дзьвінску. Леон Плятэр быў членам вялікай буйназемляўласьніцкай фаміліі, маёнткі якой былі раскіданы па ўсёй паўночна-заходняй частцы Беларусі. Уся гэта фамілія ў цэлым не спачувала паўстаньню. Яна вельмі добра сябе адчувала ў умовах сучаснага строю. Яе політычныя перакананьні былі вельмі блізкімі да групы Велепольскага. Гэтыя фамільныя абставіны ня спрыялі таму, каб Леон Плятэр кінуўся з галавою ў паўстаньне. Як відаць з далейшага, ён зусім пасыўна аднёсься да даручанай яму справы і не падрыхтаваў належнага ліку ўзброенай сілы для пачатку вызначанай Аддзелам паўстанскай кампаніі.

Непрадбачаны выпадак пераблытаў карты і накіраваў справу не па пляну. Віленскі Выканаўчы Аддзел атрымаў пэўныя весткі, што 26 красавіка з Дзьвінску будзе адпраўлены транспорт зброі ў Дзісну, дзе стаяў штаб аднаго з расійскіх палкоў. Гэтыя весткі гаварылі, што транспорт будзе вельмі вялікі і каштоўны. Віленскі Аддзел паслаў праз пасланца загад Леону Плятэру, з пагрозаю кары сьмерцю за непаслушэнства, зрабіць напад і адбіць гэты транспорт, што значна забясьпечыла-б зброяй паўстанцаў.

Так ці іначай Плятэру трэба было прыступіць да выкананьня загаду паўстанчага цэнтру. За прабеглы час ён не падрыхтаваў аддзелу. Прышлося сьпешна заняцца зборам узброеных сіл. З вялікаю цяжкасьцю ўдалося яму сабраць чалавек 20—25 з ваколічнай шляхты. Каля гэтага ліку набраў ён сваіх дваровых людзей і служачых. Склалася невялічкая паўстанская група ў 40—50 чалавек. Расійскія крыніцы павялічваюць гэтую групу да 715 чалавек. Збор аддзелу быў назначаны каля мястэчка Краслаўкі, праз якое ішла дарога з Дзьвінску ў Дзісну.

Тут каля Краслаўскі жыло шмат расійцаў старавераў, што ў апошняй чвэрці 17 стагодзьдзя пачалі высяляцца сюды з Маскоўскай дзяржавы, дзякуючы тым рэлігійным прасьледваньням, якія там адбываліся ў адносінах да іх. Асабліва многа эмігравала сюды старавераў у пачатку 18 стагодзьдзя, дзякуючы ўдзелу іх у руху, накірованым проці сыстэмы Пятра І. Рэч Паспалітая даволі ахвотна прымала эмігрантаў і звычайна асаджвала іх каля ўсходняй сваёй граніцы, на тэрыторыі Беларусі. Гэта рабілася як з колёнізацыйнымі, так і політычнымі мэтамі. Стараверы давалі прыгоннай гаспадарцы рабочыя рукі, апроч таго, у выпадках узброенай барацьбы з Маскоўскай дзяржавай, а потым з Расійскай імпэрыяй, стараверы давалі моцную ўзброеную сілу, якая вельмі ворожа была настроена ў адносінах да расійскай улады, што выгнала іх з бацькаўшчыны. З цягам часу экономічнае палажэньне старавераў на Беларусі, як наогул і ўсяго сялянства, пагоршвалася. Панская эксплёатацыя выціскала з іх усе сокі. Сацыяльная нянавісьць да пана прымала яўна выразныя формы. Рэформа 1861 году зусім не палепшыла іх становішча. Па вёсках, як сярод старавераў-расійцаў, так і сярод беларусоў, хадзілі чуткі, што расійскі цар вызваліў сялян і даў ім усю панскую зямлю, што паны падымаюць паўстаньне дзеля таго, каб сяляне заставаліся ў панскім прыгоне, як і раней. Калі сяляне заўважылі, што каля Краслаўкі зьбіраюцца ўзброеныя сілы, з якіх палавіна была земляўласьнікі і на чале якіх стаяў буйны земляўласьнік, яны занепакоіліся і пачалі сачыць за аддзелам. Паўстанцы, на запытаньні сустрэчных сялян, адказвалі, што яны сабраліся толькі для паляваньня, але сяляне не давалі веры такому адказу.

У вызначаны дзень, 26 красавіка ўвечары, транспорт са зброяй сапраўды падышоў да Краслаўкі. Паўстанцы зрабілі засаду і напалі на транспорт зусім для яго неспадзявана. Вартаўнічыя транспорту амаль што не рабілі ніякага супраціўленьня. Згубіўшы двух забітымі і двух параненымі, расійскі аддзел разам з афіцэрам уцёк у Краслаўку, пакінуўшы транспорт са зброяй у руках паўстанцаў. У дагоню за паўстанцамі з Краслаўкі быў накіраваны невялікі расійскі аддзел, які, аднак, хутка вярнуўся назад бяз усякіх вынікаў. Пасьля гэтага ўдагон за паўстанцамі быў накіраваны большы атрад з Дзьвінску.

Пакуль адбываліся ўсе гэтыя падзеі, рух сялян-старавераў проці паноў усё пашыраўся. Дагадаўшыся, што ўрад ня ўступіцца за паноў, дзякуючы ўдзелу шляхты ў паўстанскім выступленьні, яны выкарысталі паўстанскі выбух для сваіх спэцыяльна сялянскіх мэтаў. Узброеныя чым папала, цапамі, дубінамі і г. д., яны рынуліся на панскія двары. Пачаліся рабункі і пажары панскіх маёнткаў. Раён сялянскага руху быў даволі вялікі. Расійская мясцовая ўлада аднеслася вельмі спакойна да сялянскага проціпанскага руху і толькі ў некаторых мясцовасьцях сяляне спаткалі адпор з боку поліцыі, якая прабавала, праўда няўдала, абараніць паноў ад сялян. Сацыяльны рух сялян проці паноў разглядаўся мясцовай адміністрацыяй, як патрыятычнае абурэньне расійскіх патрыётаў паўстанскім выбухам палякаў проці Расіі. „Крестьяне, зная фамилии тех помещиков, которые принимали участие в мятеже, и не имея помощи со стороны войска, которое прибыло несколько позже, начали делать обыски у тех помещиков, которых особенно подозревали, для обнаружения складов оружия. При такого рода обысках и при сопротивлении со стороны помещиков, нет ни­чего удивительного, что порядок не мог сохраниться; не удивительно, что мебель, сундуки и т. п. оставались поломанными“. Так піша С. Райкоўскі,[1] які стаіць на пункце погляду тагочаснай адміністрацыйнай улады Дзьвінску і яго павету.

Як мы ўжо вызначалі раней, сялянскі рух проці паноў пашырыўся на даволі вялікую тэрыторыю навокал Дзьвінску. Рабункі і пажары панскіх маёнткаў цягнуліся некалькі дзён. За гэты час было зрабована 37 маёнткаў і зусім знішчана 14. Адначасна сяляне зьбівалі памешчыкаў і некаторых пазабівалі. Цэлымі фаміліямі іх арыштоўвалі і везьлі ў Дзьвінск. Усяго ў Дзьвінск было прывезена і заарыштована больш 100 чалавек. Потым частка іх была аддана пад суд. Значная частка заарыштаваных была хутка звольнена, бо яны ня мелі ніякага дачыненьня да паўстаньня.

З Дзьвінскага павету сялянскі рух проці паўстанцаў-паноў, які, як мы вызначылі раней, па сутнасьці быў проціпанскім рухам, перакінуўся ў суседні Рэжыцкі павет. І тут мясцовая ўлада ня спыняла гэтага руху, падкрэсьліваючы яго патрыятызм і вернасьць сялянства расійскаму царызму. Так глядзеў на справу і прыехаўшы на Беларусь Мураўёў. У сваіх запісках[2] Мураўёў піша: „Старообрядцы, ненавидящие поляков, давно видели их приготовления к восстанию и, при первом покушении Плятера, все вооружились, отбили транспорт, рассеяли шайку и взяли в плен самого Плятера. Потом они отправились по Динабурскому и Режицкому уездам укрощать мятеж“.

Тым часам у Дзьвінску былі атрыманы весткі, што аддзел Л. Плятэра з захопленым транспортам зброі накіраваўся на Дубна. У гэтым напрамку сьпешна накіраваўся і расійскі аддзел, які быў высланы з Дзьвінску. Становішча паўстанцаў было дрэннае. Сялянства ў масе было проці іх, паўстанскі аддзел быў зусім малалічны і ня меў ужо харчоў. Расійскаму аддзелу бяз усякіх перашкод удалося захапіць у свае рукі паўстанцаў, якіх было каля 60 чалавек. Разам з іншымі быў узяты ў палон і Л. Плятэр. Усе паўстанцы разам з сваім начальнікам былі дастаўлены ў Дзьвінск і пасаджаны ў турму. Быў прывезены назад і транспорт зброі, у якім налічвалася да 400 стрэльбаў.

Хутка аб усім, што адбылося ў Дзьвінскім і Рэжыцкім паветах, даведалася цэнтральная ўлада ў Пецярбургу. Першыя весткі, якія прышлі ў Пецярбург, малявалі ўсе факты, як соцыяльны рух сялян проці паноў-земляўласьнікаў. Паўстанскі характар панска-шляхецкага руху быў затушаваны. Вешальнік Мураўёў у сваіх запісках так піша аб гэтым: „Надо заметить, что Динабургское восстание было перетолковано полякамі, имевшими большое влияние на Петербургские власти, совсем иначе, чем оно было в действительности. Жандармерия уверяла, что это есть бунт раскольников против помещиков, что это предвещает резню, бывшую в Галиции в 1848 году, что Плятеры и Моли и прочие помещики совершенно спокойны, и на месте нет никакого заговора против правительства. Виленский жандармский генерал Гильдебрандт старался уверить, што в крае нет мятежа, что надобно только смирить старообрядцев, которые грабят помещичьи мызы. Князь Долгорукий уверил в этом государя и 16 апреля (па старому стылю. У. I.) испросил высочайшее повеление отправить туда войско и генерала для усмирения“.[3]

Такім спосабам, Мураёў лічыць вінаватымі ў „няправільнай“ інформацыі Пецярбургу цэлы шэраг асоб, асабліва Віленскага жандарскага генэрала Гільдэбрандта, які нібы спачуваў паўстаньню і палякам. Іншыыя весткі малююць Гільдэбрандта, як старога жандарскага генэрала, пачаўшага сваю жандарскую службу з ніжэйшых афіцэрскіх чыноў яшчэ ў 40-х гадох, немца па пахаджэньню, які быў вельмі далёкім ад якога-б то ні было спачуваньня палякам і паўстаньню. Калі ён і даў інформацыю ў Пецярбург, якая затушоўвала ўдзел паноў у паўстаньні, то гэта залежала ня столькі ад яго полёнофільскіх сымпатый, колькі ад памылковага погляду на справу, бо, як кажуць сучасьнікі, ён наогул не вызначаўся вялікім розумам.

Так ці іначай Пецябург атрымаў весткі аб паўстаньні сялян проці паноў каля Дзьвінску. Адразу для засьмірэньня сялянскіх непарадкаў у Дзьвінск быў сьпешна высланы цэлы полк уланаў под камандай обэр-поліцмайстра сталіцы графа Шувалава. Мясцовая ўлада, даведаўшыся аб такім ходзе справы, пасьпяшыла даць іншую інформацыю, з падкрэсьленьнем паўстанцкага шляхецкага руху, на імя міністра дзяржаўных маемасьцяў Зялёнага. Зялёны пасьпяшыў да цара з дакладам, што сялянскі рух у Дзьвіншчыне ня мае процідзяржаўнага характару, а зьяўляецца толькі выяўленьнем расійскага патрыятызму сялян-старавераў, і накірованы проці палякаў-паўстанцаў. Гэтая інформацыя зусім мяняла ранейшую пастаноўку справы і адносіны цэнтральнай улады да руху сялян. Па настаяньню Зялёнага ўсьлед за Шувалавым сьпешна быў пасланы на месца непарадкаў у якасьці ваеннага начальніка генэрал Длатоўскі з аддзелам і адпаведнымі інструкцыямі, якія былі зусім не падобны да інструкцый, даных раней Шувалаву. Сяляне замест бізуноў цяпер павінны былі атрымаць падзяку за свой патрыятызм. Рэпрэсіі былі накіраваны на паўсталую шляхту.

Калі на Беларусь прыехаў М. Мураўёў, ён трымаўся таго погляду, што каля Дзьвінску адбыўся акт патрыятычнай расправы расійскіх мужыкоў над польскімі бунтаўшчыкамі. Дзьвінскія падзеі навялі жандараў на думку, што на соцыяльнай процілегласьці інтарэсаў сялян і паноў магчыма пабудаваць барацьбу з паўстаньнем. Яшчэ 21 красавіка (па старому стылю) Віленскі жандарскі штаб-афіцэр Лосеў у сваім чарговым данясеньні шэфу жандараў піша: „Динабургские мужички доказали, где сила нашего правительства. Отчего-бы повсеместно этой силой не воспользоваться и тем самым заявить перед всей Европой настоящее положение нашего Западного края?“ Мураўёў гэтую сілу рашыў выкарыстаць. У гэтым і была яго сыстэма. Адразу пасьля свайго прыезду на Беларусь ён загадаў Дзьвінскім мясцовым уладам, каб яны прадставілі да ўзнагароды тых сялян, якія выдзяляліся з агульнай масы сваімі „патрыятычнымі“ ўчынкамі ў адносінах да земляўласьнікаў. У адказ на загад былі Дзьвінскай адміністрацыяй прадстаўлены да ўзнагароды 10 сялян. Ім Мураўёў даў мэдалі за падаўленьне польскага „мятежа“. Фаміліі гэтых сялян наступныя: Раманаў, Мітрафанаў, Багданаў, Ніканаў, Радзівонаў, Скрэйер, Ешэрскі, Дзяменьцеў і Іваноў. Як відаць з прозьвішчаў, гэта амаль што ўсе расійскія сяляне-стараабрадцы. Аднак сярод іх ёсьць і два прозьвішчы мясцовых сялян. У гісторыі нам рэдка калі можна спаткаць падобны факт, што за разгром панскіх маёнткаў сяляне атрымоўвалі мэдалі.

Яшчэ некалькі слоў аб „патрыятызму“ сялян Віцебшчыны. З данясеньняў жандарскіх афіцэраў відаць, што далёка не заўсёды ў сялянскіх масах пануе „патрыятычны“ настрой. Гэтага патрыятызму хапае сялянам толькі для таго, каб весьці барацьбу з панствам. Але патрыятызм зусім зьнікае, калі справа ідзе аб адносінах сялянства да расійскага ўраду. Данясеньні жандараў гавораць аб пашырэньні па Віцебшчыне ў вялікім ліку падпольнага часопісу „Мужыцкая Праўда“. У Рэжыцкім павеце, калі поліцыя зрабіла спробу спыніць разгром панскіх маёнткаў, сяляне кінуліся на спраўніка і поліцэйскіх з такою рашучасьцю, што яны павінны былі ўцякаць. З Вяліскага павету жандармэрыя даносіць, што часова абавязаны селянін вёскі Аўсянік Іван Абрамаў вядзе размовы з сваімі аднавяскоўцамі, накірованыя проці ўраду. Яму прыпісваюць, напрыклад, такія словы: „дай божа, каб пачалася вайна: я тады пайшоў-бы да няпрыяцеля, каб ваяваць проці свайго цара“. Адным словам, справы наконт патрыятызму сялян стаяць ня так ужо добра.

За граніцаю навокал Дзьвінскіх падзей падняўся вялікі шум. Па-першае, — прэса, спачуваючая паўстаньню, вызначала, што паўстаньне пашыраецца на тэрыторыі, якая ляжыць за межамі ўласнай Польшчы. Па-другое, напад сялян-старавераў на паўстанцаў маляваўся згушчонымі фарбамі і тлумачыўся спэцыяльным інсьпіраваньнем царскага ўраду, які зусім сьвядома падняў сялян проці земляўласьнікаў. У некаторых газэтах нават пісалі, што напад на панскія маёнткі быў зроблены не сялянамі, а пераапранутымі салдатамі. Дзьве газэты (адна француская, другая ангельская) зьмясьцілі нават на сваіх шпальтах тэкст царскага Маніфэсту, пад назваю „Секретная царская воля“, у якім расійскі цар заклікаў сялян да разьні паноў, абяцаючы ім за гэта панскую зямлю і волю. Зразумела, „Сакрэтная царская воля“ зьяўлялася самай звычайнай выдумкай. Тым ня менш аб гэтым „маніфэсту“ пачалі пісаць у розных газэтах. Шуму нарабілася столькі, што царскаму ўраду прышлося зьвярнуць на яго ўвагу. Офіцыяльны орган Journal de Sankt-Petersburg 31 мая 1863 году павінен быў выступіць з артыкулам, у якім ён даводзіў, што ніякай „сакрэтнай царскай волі“ расійскі ўрад не выдаваў.

Як-бы там ні было, правал паўстаньня каля Дзьвінску быў вялікі ўва ўсіх адносінах. Царская ўлада выкарыстала для падаўленьня паўстаньня соцыяльны антагонізм паміж панам і мужыком. Гэтага, магчыма, і ня было-б, калі-б кіраўніцтва паўстаньнем знаходзілася ў руках крайніх чырвоных, калі-б паўстаньне цьвёрда і рашуча стаяла на грунце аграрнай рэволюцыі.


  1. С. Райковский. Польская молодежь западного края в мятеже 1861—3 годов. Русский Вестник Т. 83, стр. 656.
  2. М. Н. Муравьев. Записки об управлении Северо-Западным краем и об усмирении в нем мятежа: „Русская старина“. 1882 г. Т. XI, ст. 392.
  3. Ibid., ст. 391