Жондавыя зьмены ў Варшаве Развал Віленскага белага Аддзелу, новы яго склад і здрада белых
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Устанаўленьне дыктатуры К. Каліноўскага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗВАЛ ВІЛЕНСКАГА БЕЛАГА АДДЗЕЛУ, НОВЫ ЯГО СКЛАД І ЗДРАДА БЕЛЫХ.

З палавіны сакавіка на чале паўстаньня на Беларусі і Літве стаяў белы, раней кіраўнічы, потым „выканаўчы” Аддзел. Як нам вядома, ён захапіў кіраўніцтва паўстаньнем пры дапамозе Белага Народнага Жонду, пусьціўшы ў ход пагрозу здрадзіць чырвоных. Гэта было вельмі няўдалае кіраўніцтва. Не гаворачы ўжо аб тым, што сваёю белаю програмаю і напрамкам дзейнасьці ён накіраваў паўстаньне хуткім тэмпам да правалу, ён, апроч таго, наогул паставіў на чале паўстаньня энэргічных, нічога ня вартых людзей. Каб ня быць галаслоўным, мы падамо водзыў аб Белым Аддзеле Оскара Авэйдэ, члена жонду, які так моцна падтрымліваў Аддзел і памог яму захапіць кіраўніцтва паўстаньнем. „Во многом повредили восстанию его руководители. Вообще можно сказать, что величайшей неизгладимой ошибкой временного правительства относительно Литвы была передача всей революционной провинцнальной власти в руки белых… Члены Отдела, как шляхта, не имели решительно никакого даже инстинктивного понятия о нашей тайной революции; при том они отличалнсь недостатком энерги и быстроты действий… Виленский Отдел не раз просил от нас приказаний и советов по самым пустым предметам, о которых никогда не спрашивал ни один начальник воеводства в Царстве Польском… Белые, получив власть в свои руки, совершенно удалили от участия в управлении делами живой, молодой, собственно революционный элемент. Важные должности комиссаров, начальников воеводств и уездов давались почти исключительно весьма спокойным, просто говоря, гнилым шляхтичам-помещикам. Только один революционер, Константин Калиновский, был комиссаром Гродненской губернии… Вообще главы воеводств были трусы и тяжелые, ленивые негодяи“.[1] Нам дадаць да гэтай характарыстыкі „рэволюцыянэраў“ з Белага Аддзелу трэба вельмі мала. Калі так характарызуе іх зусім памяркоўны чырвоны, які сам быў членам Белага Народнага Жонду, то ў сапраўднасьці яны былі яшчэ горшымі кіраўнікамі паўстаньня.

Зразумела, кіраўнікі паўстаньня, ахарактарызаваныя вышэй, ня толькі паставілі паўстанскі рух на нягодны шлях, але нарабілі шмат організацыйных памылак, памылак практычных, якія адбіліся потым, калі на чале кіраўніцтва сталі чырвоныя. Аддзел не прыцягнуў на дапамогу сабе здольных, энэргічных памоцнікаў, не ўтварыў наўкола сябе падпольнага жондавага апарату. У самым горадзе Вільні ня было паўстанскай гарадзкой організацыі, якая ў Варшаве грала вялікую ролю і значна дапамагала Народнаму Жонду. Губэрні ня былі падзелены на ваяводзтвы, што, дзякуючы абшырнасьці губэрань і дрэнным шляхам, значна ўскладняла працу. Губэрскаму паўстанскаму камісару вельмі цяжка было кіраваць паўстаньнем на сваёй тэрыторыі, і часта ён ня мог даведацца аб тым, што робіцца ў яго губэрні. Белы Аддзел, каб ня вельмі ўдарыць па кішэні земляўласьніцкую шляхту, надта слаба і неэнэргічна зьбіраў на тэрыторыі Літвы і Беларусі народны падатак. Вынікам гэтага была мізэрнасьць сродкаў Аддзелу. Даволі зазначыць, што на пакупку зброі за часы Белага Аддзелу было затрачана толькі 80.000 рублёў. Недахваты белага Аддзелу ў вайсковай справе мы вызначалі ў свой час, калі гаварылі аб паўстаньні каля Дзьвінску, у Магілёўшчыне і ў Ковеншчыне. Да гэтага мы толькі дадамо невялікі вынятак з запісак О. Авэйдэ. „Виленский Отдел, дожидаясь каждую неделю французов, не обращал почти никакого внимання на военную часть восстания; он не постарался даже о том, чтобы иметь под рукою офицера, могущего помогать ему в общем управлении делами. Он имел целые десятки способных людей, как например, Сераковского, Звирждовского, Лясковского, Траугута и не воспользовался этим счастливым положением, чтобы составить какой-нибудь военный департамент. Довольно сказать, что ни одна инструкция, ни одно распоряжение, касавшееся военной организации или военных действий, не были изданы Отделом“.[2]

У сувязі з прыездам на Беларусь Мўраўёва-вешальніка рэпрэсіі расійскага ўраду на Беларусі і Літве значна павялічыліся. Яны не маглі ня ўдарыць і па Віленскаму Аддзелу. Частка членаў Аддзелу была арыштавана, частка павінна была вельмі законсьпіравацца і нават выехаць з Вільні. Шмат членаў організацыі са страху проста паўцякалі хто куды. „Шляхетские чиновники в паническом страхе бросали дела, прятали в землю печати, не уведомив даже о том свое начальство“.[3] У ноч на 31 мая быў арыштаваны А. Аскерка. Адначасна з ім быў арыштаваны і Еленскі.[4] Ці адначасна з імі, ці на дзень пазьней быў арыштаваны Францішак Далеўскі. 1-га чэрвеня гэтыя, больш энэргічныя члены, Аддзелу ўжо сядзелі ў крэпасьці.[5] З больш дзейных членаў на волі застаўся адзін толькі Я. Гейштор, які, як мы ўжо зазначалі раней, у складзе Белага Аддзелу займаў левую позыцыю. Ён увайшоў у контакт з чырвонымі, і быў утвораны як-бы коаліцыйны Аддзел, пераважную большасьць у якім складалі чырвоныя. „Калі ў пачатку чэрвеня Мураўёў пасадзіў у турму Аляксандра Аскерку, Францішка Далеўскага і Антона Еленскага, членаў Літоўскага Аддзелу, кіраўніцтва паўстаньнем на Літве (разумеецца Беларусь і Літва. У. І.) перайшло ў рукі інжынэра дарог і мастоў Уладзіслава Малахоўскага, кандыдата навук Пецярбурскага унівэрсытэту Кастуся Каліноўскага і Якуба Гейштора. Яны ўтварылі новую організацыю, якую назвалі Выканаўчым Аддзелам Літвы і якая здолела ўтрымацца амаль што на працягу месяца, ня гледзячы на ўсялякія высілкі мураўёўскай поліцыі.[6] Такім чынам, назва кіраўнічага цэнтру паўстаньня на Беларусі і Літве засталася старая, але гэты цэнтар па свайму складу і напрамку політыкі быў значна абноўленай організацыяй, бо значны ўдзел у ім прымалі крайнія чырвоныя. Новы аддзел трымаўся ня месяц, як сказана ў Бэрга, але на працягу двух месяцаў (чэрвень і ліпень па старому стылю). Па тых вестках, якія мы знаходзім у запісках Гейштора, склад коаліцыйнага Віленскага Аддзелу быў наступны: зазначаныя ў М. Бэрга — Я. Гейштор, Ул. Малахоўскі і Кастусь Каліноўскі і, апроч іх, — Люцыян Марыконі, Юзэф Каліноўскі, Ігнат Лапацінскі, О. Вагнэр, К. Фалевіч і Фэлікс Зеньковіч. Прадстаўніком Варшаўскага жонду пры Аддзеле быў застаўлены вядомы ўжо нам Нестар Дюлёран.

У новым Аддзеле, дзякуючы яго коаліцыйнасьці, было ня зусім спакойна. Апроч запісак Я. Гейштора, мы ня маем іншых вестак аб жыцьці Аддзелу, таму мы і будзем карыстацца імі. Трэба, аднак, зазначыць, што ў галоўным мы можам давяраць зьвесткам, якія падае Гейштор, тым больш, што яны больш-менш супадаюць з некаторымі сукоснымі намёкамі аб беларускіх справах, што мы знаходзім у ІІ-м томе Ю. К. Яноўскага.

Я. Гейштор малюе справы так.[7] У сярэдзіне ліпня адбываўся сход членаў новага Аддзелу. Кворум аддзелу быў даволі поўны. Прысутнічалі — Гейштор, Кастусь і Юзэф Каліноўскія, Марыконі, Малахоўскі, Лапацінскі і Фалевіч. Першым пачаў гаварыць Малахоўскі. Ён пачаў рабіць закіды Аддзелу, што ён не зьяўляецца актыўным, што ён ня можа падняць у краі настрой і энэргію для далейшай барацьбы з рэлым ворагам. Цікава адзначыць, што і іншыя члены Аддзелу згаджаліся з Малахоўскім. Яны, апроч таго, зазначалі, што ў шмат якіх няўдачах Беларусі і Літвы была вінавата Варшава, якая неразумна ўмешвалася ў справы краю. Пасьля гэтых прамоў зноў узяў слова Малахоўскі. Ён гаварыў, што даволі граць Аддзелу такую пасыўную ролю; Варшава не разумее патрэб краю; трэба самым членам Аддзелу думаць і апекавацца над дабром Беларусі і Літвы. Трэба абавязкова парваць тую залежнасьць ад Варшавы, якая губіць паўстаньне на Беларусі, і, у сувязі з гэтым, перамяніць і назву кіраўнічага цэнтру паўстаньня. Гаворачы гэта, ён палажыў на стол раней падрыхтаваны адбітак новай пячаткі. На пячатцы быў намалёваны гэрб Літвы і Беларусі — пагоня і адбіты напіс „Кіраўнічы Камітэт Літвы“.

На пасяджэньні далей пачынае абгаварвацца новы проект узаемаадносін паміж Варшаваю і Вільняю. Для Беларусі патрэбна поўная незалежнасьць. Сувязь паміж варшаўскім і віленскім паўстанскімі ўрадамі, тым ня менш, павінна існаваць. Яна ўстанаўліваецца ўзаемным абменам камісарамі з правам дарадчага голасу пры ўрадах, у якія яны дэлегаваны. На гэтую самую тэму гаварыў і Кастусь Каліноўскі. Ён таксама распачаў сваю прамову з крытыкі Варшаўскага Белага Ліпнёвага Жонду, на чале якога, як мы ведаем, стаяў Кароль Маеўскі. Асабліва абураўся Каліноўскі дзейнасьцю і паводзінамі польскага камісара пры Віленскім урадзе, нікчэмнага Нестара Дюлёрана. Ён, як казаў Каліноўскі, быў злым гэніем паўстаньня на Беларусі і Літве. Ён прымаў чынны ўдзел у зрыненьні першага Чырвонага Віленскага Камітэту і ў замене яго Белым Аддзелам. Цяпер ён зноў паехаў у Варшаву, каб там займацца подлымі інтрыгамі, спасылаючыся нават на падтрыманьне яго самым Каліноўскім.

Я. Гейштор далей зазначае, што ён ня быў згодзен з такім сэпаратызмам чырвоных, аб чым ён і выказаўся ў сваёй прамове. Тым ня менш чырвоныя, па словах аўтара, ня выключаючы і Кастуся Каліноўскага, лічылі патрэбным працаваць разам з ім, Гейшторам, і надалей, бо „Гейштор зьяўляецца лепшым прадстаўніком шляхты“. Аб усім тым, што адбылося на пасяджэньні, было ўхвалена напісаць у Варшаву і дадаць новы проект ўзаемаадносін, што быў прыняты ўсімі членамі Аддзелу, выключаючы Гейштора. Апроч таго, было пастаноўлена, што калі на працягу некалькіх дзён Варшава ня прышле адказу, то проект, як не апротэставаны, уводзіцца мэханічна ў жыцьцё.

Апісаныя Гейштарам падзеі закранае ў сваіх запісках і Авейдэ. Ён піша: „Скоро появились разные споры и недоразумения между членами нового состава, в особенности-же между председателем Отдела Гейштором и Дюлераном, имевшим претензии играть роль маленького провинциального диктатора. В добавок Малаховский, бывший сильнее других своих товарищей, как начальник города Вильно, ни с кем не посоветовавшись, хотел сам спасти от погибели Литовскую революцию и готовил нам новый переворот. Он намеревался устранить всех членов Отдела, не исключая и нашего комиссара, переименовать название „Исполнительного Отдела“ на „Литовский Комитет“ и установить сношения Вильно с Варшавой на другом основании. По желаниям Малаховского Литовский Комитет долженствовал быть самостоятельной провинциальной властью, находившеюся лишь в некоторой более формальной, нежели действительной зависимости от Народного Жонда“.[8] І Гейштор, і Авэйдэ асноўны факт „сэпаратызму“ віленскіх чырвоных перадаюць аднолькава. Што датычыць дэталяй, у якіх яны разыходзяцца, то тут трэба больш верыць Гейштору, які больш ведае справу, чым Авэйдэ.

На другі дзень пасьля таго, як паперы былі высланы ў Варшаву, з Варшавы прыехаў у Вільню эмісар Народнага Жонду Главацкі, як прадстаўнік жонду. Жонд паслаў яго ў Вільню, дзякуючы дакладу Н. Дюлёрана, які, як было зазначана раней, зьявіўся ў Варшаву з інформацыйнымі мэтамі. Главацкі абвясьціў Віленскаму Аддзелу-Камітэту, што Варшаўскі Народны Жонд запрашае Я. Гейштора ў свой склад і даручае яму здаць уладу Кастусю Каліноўскаму. Ні Гейштор, ні Каліноўскі на гэта не згадзіліся. Было ўхвалена чакаць з Варшавы адказу на апошняе данясеньне, якое толькі што было выслана ў Варшаву.

Вось як стаяла справа паводле вестак Я. Гейштора. Гейштор вельмі хутка (31-га ліпня па старому стылю) быў арыштаваны і пасаджаны ў замак. Магчыма, што яго выдаў Дамэйка, Віленскі губэрскі маршалак шляхты, памстуючы за замах на яго жыцьцё, аб чым мы будзем гаварыць ніжэй. Пасьля арышту Гейштора ўсё кіраўніцтва паўстаньнем перайшло ў рукі К. Каліноўскага. Гейштор так піша аб гэтым: „Павінен дадаць, што пасьля майго арышту даволі хутка ўсё абаперлася на адным Кастусю Каліноўскім. Пачынаючы ад 1-га жніўня 1863 году, да заарыштаваньня яго ў студзені 1864 году, Каліноўскі быў ажыўляючай душою дагараючай літоўскай крывавай дэмонстрацыі“.[9] Аб тым, што з моманту арышту Я. Гейштора спыніліся ўсе ўплывы белых на кіраўнічы цэнтар паўстаньня на Літве і Беларусі, сьведчыць і Юзэф Яноўскі. Ён у сваіх ўспамінах[10] падае зьмест ліста, які ён атрымаў ужо 22 сакавіка 1911 году ад члена Народнага Жонду Станіслава Кшэмінскага. Кшэмінскі піша наступнае: „З пачатку жніўня разьбілася тое зьнітаваньне, што злучала паасобныя часткі організацыі Аддзелу, згрупаваныя наўкола Якуба-Казімера Гейштора, як старшыні“.

Такім чынам, падагульваючы ўсё вышэйсказанае, мы бачым такі малюнак. Амаль што адначасна з жондавым пераваротам у Варшаве, які перадаў уладу ў рукі Чырвонага Чэрвеньскага Жонду, у Вільні кіраўніцтва паўстаньнем таксама выпала з рук белых і папала ў рукі чырвоных, што складалі значна пераважную большасьць Віленскага Аддзелу-Камітэту. У чэрвені, пакуль у Варшаве быў чырвоны жонд, узаемаадносіны паміж Варшаваю і Вільняю былі пазбаўлены якіх-бы то ні было непаразуменьняў. Гэтыя непаразуменьні распачаліся ў ліпні, калі ў Варшаве на чале паўстаньня стаў белы жонд Маеўскага. Уплыў варшаўскіх белых на чырвоны Аддзел-Камітэт у Вільні паступова спыніўся ў канцы ліпня, калі быў арыштаваны Якуб Гейштор. З пачатку жніўня крайнія чырвоныя робяцца адзінымі кіраўнікамі паўстаньня на Беларусі і Літве, і для большай канцэнтрацыі сіл утвараецца чырвоная дыктатура Кастуся Каліноўскага.

Апошнім актам публічнага выступленьня Белага Аддзелу была адозва, якую ён выдаў і пашырыў пасьля расстрэлу ксяндза Ішоры ў канцы мая (па старому стылю). Адозва зьмяшчала ў сабе протэст проці крыважэрцы Мураўёва-вешальніка і яго політыкі. Вялікага ўражаньня на тэрорызаванае насельніцтва Вільні гэтая адозва не зрабіла. Зразумела, яна не магла спыніць і мураўёўскага тэрору, які ні на хвіліну не супыняўся. Расійскі ўрад выкарыстаў гэтую адозву для таго, каб налажыць цэлы шэраг абмежаваньняў на друкарні, літаграфіі і нават фотаграфіі. У выніку гэтых абмежаваньняў шмат прадпрыемстваў павінна было зачыніцца, шмат было абложана штрафамі ад 200 да 1500 рублёў. З уласьнікаў друкарань і літаграфій была адабрана падпіска, што яны павінны адказваць за нелёяльныя ўчынкі сваіх рабочых, што аддавала рабочых цалкам у рукі ўласьнікаў прадпрыемстваў. Апроч таго, на іх была ўскладзена адказнасьць за поўную легальнасьць продукцыі прадпрыемстваў.

Цяпер паглядзім, як адчувае сябе тая земляўласьніцкая шляхта, якая, пачынаючы з сакавіка, паступова, хоць і з вялікаю неахвотаю, далучылася да паўстаньня. Апісаны намі вышэй плян Серакоўскага спаткала няўдача, што павінна было адбіцца і бязумоўна адбілася на настроі белых. Белыя не маглі не адчуваць, што пасьля няўдачы Серакоўскага на сцэну могуць выступіць чырвоныя, якія мелі яшчэ шмат энэргіі і моцы і для якіх няўдача Серакоўскага як-бы расчышчала дарогу для выступленьня. Мерапрыемствы расійскага ўраду, накіраваныя проці шляхецкага земляўласьніцтва, не маглі ня ўдарыць белых па кішэні. Зьмена белага Аддзелу чырвоным Аддзелам-Камітэтам таксама палохала белых. Белыя ўсё больш і больш палохаліся здані чырвонага „якобінскага паўстаньня“ і павінны былі паступова станавіцца на грунт законнасьці, парадку і абароны сваёй земляўласьніцкай „сьвяшчэннай уласнасьці“, у чым яны зусім сходзіліся з самаўладным царскім урадам. Буйныя земляўласьнікі папалі паміж двух агнёў. З аднаго боку чырвоныя патрабавалі ад іх выплаты народнага падатку і матар‘яльнага падтрыманьня партызанскіх аддзелаў, з другога боку расійская поліцыя і жандармэрыя накладала на іх маёнткі сэквэстры і контрыбуцыі. Трэба было выбіраць, з кім ісьці, каб удары ня падалі з абодвух бакоў. Іх выбар паступова і няўхільна накіроўваўся ў бок царскага расійскага ўраду. Адзін з сучасьнікаў паўстаньня так апісвае гэтую эволюцыю. „Самым паном урэшце абрыдла быць дойнымі каровамі і плаціць контрыбуцыі на справу, якую яны канчаткова прагулялі. Паўстанскі жонд яшчэ некаторы час пасылаў загады аб узносе падатку, але паны пакідалі іх бяз увагі“.[11] Раней яны імкнуліся застанавіцца пасярэдзіне і ўвінуцца як ад народнага падатку, так і ад мураўёўскіх рэпрэсій. Паны пачалі кідаць маёнткі і ўцякаць у гарады. Адзін з раскаяўшыхся паўстанцаў[12] гаворыць, што „паны, бачачы, што справа ўжо прагуляна, уцяклі з сваіх маёнткаў у гарады, каб пад прыкрыцьцём царскага ўраду выратавацца ад сваіх патрыётаў і ня быць адказнымі за тое, што робіцца ў маёнтках“. Апынуцца ў такой „залатой сярэдзіне“ ім аднак не ўдалося. Мураўёў асобым загадам пагнаў іх назад у маёнткі, каб яны там канчаткова крышталізаваліся ў бок царскага ўраду.

Скомпромітаваўшы раней сваім кіраўніцтвам і ўдзелам у паўстаньні чырвоных перад сялянскімі масамі, цяпер белыя пачнуць папраўляць сваю памылку „раскаяньнем“ перад расійскім царызмам. Іх „раскаяньне“ вельмі часта будзе зьвязана з здрадаю ў адносінах да чырвоных. Заслуга Мураўёва перад царскім урадам, уласна кажучы, была толькі ў тым, што ён пры дапамозе звычайнага кулака падганяў земляўласьніцкую шляхту хутчэй ісьці па таму шляху, па якому яна ўжо распачала ісьці і па якому яна ішла потым пасьля Мураўёва аж да сучаснай нам рэволюцыі 1917 году. Нават Я. Гейштор ў сваіх запісках[13] называе земляўласьніцкую шляхту з лета 1863 году „подлаю шляхтаю“, бо яна, „дзякуючы страху“, пачала ісьці з шэрагаў паўстаньня да ступеняў царскага трону. Зразумела, ня „страх“ тут іграў першую ролю. Асноўнай прычынай пераходу белай земляўласьніцкай шляхты з шэрагаў паўстаньня ў абыймы Мураўёва і расійскага царызму былі яе клясавыя інтарэсы. Калі і прызнаць ролю страху, то гэты страх цяпер паны мелі ў адносінах да „пякельных дэмагогаў“, „крайніх чырвенцаў“, якія зноў зрабіліся на Беларусі і Літве кіраўнікамі паўстаньня.

Соцыяльная цяга земляўласьніцкай шляхты да царызму і „дапамога“ ёй у гэтым напрамку з боку Мураўёва хутка зрабілі сваю справу. Цяпер белыя заместа ўдзелу ў паўстаньні займаюцца іншаю, больш карыснаю для іх прывольнага жыцьця і панскага дабрабыту справаю. Мы маем на ўвазе падачу беларускімі земляўласьнікамі вядомых вернападданьніцкіх адрасоў праз Мураўёва на імя цара.

Справа распачалася з адрасу земляўласьнікаў „сталічнай“ Віленскай губэрні. Віленская земляўласьніцкая шляхта першая зрабіла сакавіты пацалунак у тую руку, якая падганяла яе хутчэй ісьці да царскага тосту і якая была пакрыта крывёю паўстанцаў.

Праз жандарскага палкоўніка Паўлава, што меў асабістыя сувязі з многімі панамі Віленшчыны, распачаліся перагаворы паміж Мураўёвым і Віленскім губэрскім маршалкам шляхты Аляксандрам Дамэйкаю наконт падачы пакаяннага адрасу. Мураўёў праз свайго конфідэнта даводзіў усю карыснасьць для земляўласьнікаў такога кроку. Зразумела, доўга ўгаварваць паноў ня прышлося, бо яны і самі хутка гэта зразумелі. Вельмі рана да Паўлава і Дамэйкі далучаецца земляўласьнік аднаго з падгародных віленскіх маёнткаў Сьнітка. Адразу з імі солідарызуецца ўся магнацкая фамілія Плятэраў, брата каторых Леона Зыберг-Плятэра Мураўёў нядаўна расстраляў у Дынабургу. Група прыхільнікаў адрасу хутка расьце, як сьнежны ком. На чале групы стаяць такія вядомыя арыстократы, як вышэйназваныя Плятэры, Цэзар Гедройц, Хамінскі, два графы Мастоўскія, граф Ажароўскі, Хомскі, Сьвянтэцкі і інш. Праз некалькі дзён група налічвае ў сваім складзе больш сямідзесяці асоб, а яшчэ праз некаторы час 235 асоб. Група склала тэкст адрасу, Мураўёў узяў на сябе яго рэдакцыю. Адрас зазначае, што рэволюцыя ўцягнула ў рух шмат шляхты, якая лёгкамысна парушыла вернападданіцкую прысягу. Цяпер земляўласьнікі адмаўляюцца ісьці за паўстанцамі-рэволюцыянэрамі, „дзякуючы дзейнасьці якіх край сачыцца крывёю“. Яны просяць, каб цар лічыў іх сваімі вернападданымі таго краю, які зьяўляецца неадрыўнаю і неаддзельнаю часткаю Расіі.

27-га ліпня, па старому стылю, у дзень сьвяткаваньня нараджэньня царыцы, дэлегацыя з 15 віднейшых магнатаў на чале з Дамэйкаю паднесла Мураўёву ў урачыстых абставінах вернападданіцкі адрас, які адразу быў адасланы ў Пецярбург і надрукаваны ў газэтах. Цікава адзначыць, што знайшоўся адзін „опозыцыянэр“ вядомы ўжо нам член белага Віленскага Аддзелу, маршалак шляхты аднаго з паветаў Віленшчыны, Антон Еленскі. Уся яго „опозыцыя“ зводзілася толькі да таго, што, будучы згодным з фактам падачы адрасу, ён ня быў згодзен з яго формаю. А. Еленскі адмовіўся падпісаць Дамэйкаўскі тэкст адрасу і падаў свой уласны адрас „лібэральнага“ напрамку. „Лібэралізм“ не ўваходзіў у пляны Мураўёва, і ён загадаў арыштаваць „опозыцыянэра“ і аддаць яго пад суд.

Падача адрасу не магла не абурыць Віленскі Аддзел-Камітэт. Усе члены Камітэту, не выключаючы нават і Я. Гейштора, падпісалі адозву да Дамэйкі, папераджаючы яго, што ён будзе прысуджаны да сьмерці ў выпадку падачы адрасу. Пасьля падачы адрасу такі прысуд быў аднадушна ўхвалены. Выканаць прысуд адразу браўся адзін з гурткоў рэволюцыйнай моладзі. Апроч таго, браўся за гэтую справу і Тытус Далеўскі. Тым ня менш Камітэт не згадзіўся даручыць ім справу па невядомых для нас прычынах. Магчыма, што Камітэт не хацеў адступаць ад устаноўленага звычаю, на аснове якога прысуды выконваліся народнай жандармэрыяй. Народная жандармэрыя была добра організавана і мела ўсе даныя, каб з посьпехам выканаць даручэньне. Дадатныя водзывы аб жандармэрыі даюць нават зацятыя ворагі паўстанцаў. Адзін з сучасьнікаў паўстаньня так піша аб гэтым. „Органиация жандармов-вешателей была превосходна. Назначенные на эту должность люди отличались изумительной энергией, расторопностью и преданностью делу. Раз жонд приговаривал кого-нибудь к смерти, то какие бы он ни принимал меры предосторожности, казнь приводилась в исполнение“.[14] Выкананьне забойства А. Дамэйкі і было даручана жандарам. На дапамогу мясцовым жандарам прыехалі жандары з Варшавы, адзін з якіх, Ян Бенькоўскі, узяў на сябе выкананьне прысуду.

Праз два дні пасьля падачы адрасу (29 ліпня па старому стылю) а 9-й гадзіне раніцы Я. Бенькоўскі ўвайшоў у памяшканьне Дамэйкі нібы для падачы заявы. Бенькоўскі быў вельмі добра апрануты, трымаўся спакойна і не выклікаў ніякага падазрэньня. Калі Дамэйка вышаў да яго, Бенькоўскі, трымаючы ў адной руцэ пакет, другою рукою ўдарыў яго некалькі разоў кінжалам. На крык Дамэйкі ў залю ўбег слуга і стаў у дзьвярах. Бенькоўскі і яго параніў кінжалам, ачышчаючы сабе дарогу. Зачыніўшы на ключ выходныя дзьверы, каб ніхто з дому ня мог за ім пагнацца, Бенькоўскі зьнік без усялякіх перашкод.

Хутка па гораду разьнесьліся весткі аб забойстве Дамэйкі, хоць у сапраўднасьці ён быў толькі паранены. Даведаўшыся аб пакушэньні на ініцыятара адрасу, Мураўёў падняў на ногі ўсю поліцыю. Уся Нямецкая вуліца, на якой знаходзілася ў тыя часы памяшканьне Дамэйкі, была занята салдатамі і казакамі. Кругом ішлі пошукі, нікому не дазвалялася нават хадзіць па вуліцы. У пакеце, які быў пакінуты Бенькоўскім у руках Дамэйкі, былі знойдзены дзьве запіскі. У першай быў зьмешчаны прыгавор Рэволюцыйнага Трыбуналу аб кары Дамэйкі сьмерцю. Да прыгавору была прыложана пячатка з гэрбамі — белым арлом і пагоняю — і з напісам „Pieczęć Rządu Narodowego“. У другой запісцы папольску было напісана ніжэйпаданае: „Народны Жонд. № 88. Дня 7-га жніўня. (Па новаму стылю. У. І.) Прыймаючы пад увагу, што Аляксандар Дамэйка выняты ўжо з-пад закону, але ня гледзячы на гэта кожную хвіліну свайго жыцьця выкарыстоўвае на здраду айчыны, — з гэтае прычыны вышэйпамянёны А. Дамэйка прыгаварваецца на кару сьмерцю. Начальнік места Вільні — Домб“. (Псэўдонім Малахоўскага. У. І.).

Кінуліся па ўсяму гораду шукаць кінжальшчыка, што зрабіў замах на жыцьцё маршалка. Шукалі яго па тых знадворных адзнаках, якія былі вызначаны як самым Дамэйкаю, так і яго слугою — сярэдні ўзрост, малады, рыжыя, кароткія валасы, шэрая летняя вопратка. Пасьля пошуку поліцыя набрала шмат арыштаваных, якія падыходзілі пад апісаныя прыметы, але якія ня мелі ніякага дачыненьня да замаху. Часамі арыштоўвалі нават расійскіх афіцэраў і ўрадоўцаў. Такія самыя пошукі і арышты былі зроблены па прапанове Мураўёва і ў Варшаве. І там наарыштавалі шмат рыжых ці блёндынаў, якія мелі няшчасьце хадзіць у шэрай вопратцы. Тым ня менш таго, каго трэба, не маглі знайсьці.

Праз некалькі дзён па іншай зусім справе ў Вільні быў арыштаваны нейкі Фэлікс Вайцэхоўскі. Пасьля цэлага шэрагу сукосных улік сьледчай уладзе ўдалося дабіцца ад арыштаванага прызнаньня, што ён зьяўляецца членам тайнай паўстанскай жандармэрыі, якая выконвае прысуды рэволюцыйных трыбуналаў. Апроч таго, Ф. Войцэхоўскі агаварыў двух братоў Рэўкоўскіх, Сіпроўскага і Яблонскага, аб якіх ён паказаў, што яны таксама зьяўляюцца членамі народнай жандармэрыі. Усіх іх заарыштавалі. Ня гледзячы на тое, што апроч агавору, проці іх ня было ніякіх улік, усе яны разам з Вайцэхоўскім былі прысуджаны да кары сьмерцю; прысуд быў выкананы ў першай палавіне жніўня (па старому стылю). Злосьць была спагнана, але да Бенькоўскага так і не ўдалося дакапацца.

Толькі здарэньне дапамагло расійскай уладзе выкрыць Бенькоўскага, які ў часе вышэйпамянёных пошукаў вельмі ўдала крыўся ў самой Вільні ў асоб, што спачувалі паўстаньню ня гледзячы на тэрор мураўёўскага рэжыму. Яму і яшчэ аднаму з яго таварышоў былі ўжо падрыхтаваны фальшывыя пашпарты, па якіх яны меліся выехаць за граніцу. Праз тыдзень пасьля замаху пад чужымі імёнамі Бенькоўскі разам з сваім таварышом Э. Чаплінскім, загрымаваныя і пераапранутыя, зьявіліся на вакзал, каб выехаць з Вільні. На сваё няшчасьце яны ня вылічылі часу і прыбылі задоўга да адыходу цягніку, што зьвярнула на іх увагу дзяжурнага жандара, тым больш, што яны нэрваваліся і ня трымалі сябе так спакойна, як звычайныя пасажыры. Жандар запатрабаваў ад іх прад‘яўленьня пашпартоў. Бенькоўскі прад‘явіў жандару замежны пашпарт на імя студэнта Пецябурскага унівэрсытэту Міхала Ляпкоўскага, а яго таварыш на імя Э. Чаплінскага. Жандар не знайшоў нічога падазронага ў іх докумэнтах і адпусьціў. Праз нейкі час падазронасьць яго ўзмацнілася, і ён загадаў двум маладым пасажырам ісьці за ім у турму. Ляпкоўскаму і Чаплінскаму прышлося выканаць яго загад. Абодвух іх прывялі на апазнаньне да Дамэйкі. Дамэйка выказаў думку, быццам Ляпкоўскі нібы крыху падобен да таго, хто спакушаўся на яго жыцьцё. У турме прымецілі, што валасы Ляпкоўскага абфарбаваны. Змыўшы фарбу, арыштаванага зноў прывялі да Дамэйкі, які цяпер яго канчаткова прызнаў. Распачалося сьледзтва, у выніку якога Ляпкоўскі назваў сваю сапраўдную фамілію і прызнаўся, што замах на Дамэйку рабіў ён. Хутка быў прызначаны суд, які Бенькоўскаму і Чаплінскаму вынес сьмяротны прысуд. Прысуд гэты быў выкананы на Лукіскім пляцы ў канцы жніўня па старому стылю.

Замах на Дамэйку нічога ня зьменшыў і не дадаў да рэакцыйнага руху сярод земляўласьніцкай шляхты. Панства разумела, што цяпер для яго заставалася толькі адна карысная дарога — ісьці разам з Мураўёвым і царызмам. З гэтай дарогі яе ня мог зьвярнуць тэрорыстычны акт, накіраваны проці Дамэйкі. Не зьвярнуў яе з гэтай дарогі і дэкрэт Аддзелу-Камітэту, які быў надрукаваны і пашыраны ў канцы жніўня. Дэкрэт, апавяшчаючы Заходнюю Эўропу, што адрасы вымушаны расійскім урадам, што яны не выяўляюць запраўднага твару паўстаньня, вызначае, што а) першыя ініцыятары адрасу будуць пакараны з усёю суровасьцю абражанага народу, б) прымушаныя да подпісу Мураўёвым будуць звольнены ад адказнасьці, в) асобы, што знойдуць сілу і адвагу супраціўляцца прымусу, зьявяцца сапраўднымі сынамі бацькаўшчыны, гатовымі несьці для яе афяры. Гэты дэкрэт сьведчыць, што чырвоныя не зразумелі ўсёй соцыяльнай сутнасьці разьвінуўшайся перад імі здрады белых.

Ні тэрор чырвоных, ні дэкрэт Аддзелу-Камітэту ня мог спыніць рэакцыйнага руху сярод белых, падтрыманага і выкарыстанага Мураўёвым. Земляўласьніцкае шляхецтва паасобных губэрань Беларусі і Літвы сьпяшаецца адно перад другім з падачаю вернападданіцкіх адрасоў. За Віленскім шляхецтвам у тым-жа месяцы жніўні зьяўляецца з адрасам да Мураўёва дэлегацыя ад Ковенскага шляхецтва. Пад адрасам стаіць ужо 500 шляхецкіх магнацкіх подпісаў. У канцы верасьня падносіць Мураўёву адрас шляхта Горадзеншчыны, у якой калісь Мураўёў распачаў сваю вешальніцкую кар‘еру. Лік подпісаў пад гэтым адрасам значна павялічваецца. Пад горадзенскім адрасам мы ўжо налічваем 1600 панскіх подпісаў.

У кастрычніку сьпяшаецца з вернападданіцкім адрасам шляхецтва Менскай губэрні.[15] Падаем тут тэкст менскага адрасу. „Всеавгустейший Монарх! На последнем с‘езде дворян в гор. Минске для выборов в ноябре минувшего года многие из нашей среды, увлеченные возникшими в Царстве Польском смутами и под влиянием превратных идей, распространенных на западе врагами и завистниками могущества Российскай Империи, возмечтали о возможности отчуждения от Империи Западных Губерний и присоединии их к Царству Польскому, некогда над ними господствовавшему. В числе этих дворян было немало и таких, которые в глубине души не разделяли вовсе их безрассудных и несбыточных мечтаний, но увлеклись общим порывом и последовали за другими. Вина большей части заключалась в слабости и легкомыслии. Но это дерзновенное заявление навлекло на нас справедлнвый гнев твой, Великий Монарх, и отразилось в целой России отголоском общего чувства негодования. Печальные события, совершившиеся с того времени, совершенно рассеяли наши заблуждения. Мы убедились еще в одном, — столь горьким для нас опытом, — в ничтожности пустых надежд, опровергающихся положительно самою историею и статистическими очевидными доводами. Теперь все мы проникнуты глубоким убеждением и чистосердечным сознанием, что, будущие судьбы наши неразрывно и навсегда должны быты связаны с судьбами великой и могущественной российской Империи — нашим общим истинным отечеством. Дозволь же нам, Всеавгустейший Государь, по твоему неисчерпаемому благодушию сложить к стопам твоим чувства чистосердечного глубокого нашего раскаяния и всеподданейше просить тебя великодушно предать забвению все прошлое, простить наши заблуждения и снова принять нас в число прочих твоих верноподданных, наслаждающихся под благотворным управлением Твоим плодами столь многочисленных мудрых реформ. С чувствами глубочайшей и неизменной отныне и навсегда преданности к престолу и любви к Тебе, Всеавгустейший Монарх, пребываем твоими верноподданными“.

Вось як выглядае гэты шэдэвр здрады і подласьці земляўласьніцкай шляхты Менскай губэрні. Пад гэтым шэдэўрам красуецца 2734 подпісы. Але жыцьцё паказала, што гэтых подпісаў для такога шэдэўру замала. Маршалкі шляхты і адміністрацыя зьбіраюць да адрасу дадатковыя подпісы. І гэта ім удаецца ў самай поўнай меры. Праз нейкі час дадатковых подпісаў да адрасу было набрана 3817. Такім спосабам, менскі адрас пабіў рэкорд, бо пад ім было ўсяго 6551 подпіс. Менскае шляхецтва пастаралася, здаецца, найлепш ілюстраваць сваю здраду і падхалімства.

Спазьнілася крыху віцебская і магілёўская шляхта, якая падала свае адрасы апошнімі. Мы пададзім тут тэкст адрасу паноў-земляўласьнікаў Магілёўскае губэрні: „Августейший Монарх! Возникшие в Царстве Польском волнения и беспорядки коснулись к несчастью и западных губерний, в том числе и наших белорусских. Некоторыя из дворян Могилевской губернии, люди по большей части молодые и неопытные, увлеклись пагубным порывом и сделали попытку поднять оружие против законной власти, но тут же были рассеяны без особых усилий горстью войск. Большинство дворян Могилевской губернии, глубоко опечаленное этими неожиданными событиями и несочувствуя им, осталось непоколебимо верным и преданным Тебе, Августейший Монарх, и Твоему престолу. Мы всегда сохраняли и сохраним в сердцах наших эти священные для нас чувства и никогда им не изменим. Могилевская губерния, населенная преимущественно жителями православнаго исповедания, составляет нераздельную часть могущественной Твоей империи и связана с нею неразрывными узами. Заявляя такое наше убеждение, мы смеем всеподданейше просить Тебя, Великий Монарх, почитать нас твоими неизменно преданными верноподданными, готовыми всем жертвовать для блага нашего общего отечества и не лишать нас царскаго твоего доверия и милости“.[16]

Калі мы ўважліва ўглядаемся ў тэкст абодвух адрасоў, то бачым, што ня гледзячы на рожніцу ў дэталях, яны вельмі падобны адзін да другога па сваёй сутнасьці. Абодвы яны напісаны самым падхалімскім тонам. Нам нават ня верыцца, што яны напісаны і падпісаны людзьмі, якія толькі што ў той ці іншай меры прымалі ўдзел у паўстаньні і нават часта гралі ў ім кіраўнічую ролю. Адрасы як нельга лепш даводзяць згодніцкую сутнасьць белых, якая базавалася на іх клясавых інтарэсах. Разьвярнуўшыся, рух захапіў іх на нейкі час. Згодніцкая ў адносінах да царызму сутнасьць на нейкі час схавалася ў глыбіню, каб пры першай няўдачы зноў пышна зьявіцца на сьвет. Абодвы адрасы прызнаюць часовы ўдзел земляўласьнікаў у паўстаньні, як „пагубную“ памылку, выкліканую захапленьнем. Віна за часовы ўдзел у паўстаньні валіцца на „смуты“, што ўзьніклі ў Царстве Польскім. „Печальные“ падзеі няўдалага паўстаньня ацьвярозілі зарваўшыхся паноў. Яны шчыра каюцца ў сваёй памылцы і просяць у цара прабачэньня. Яны цяпер хочуць быць падданымі царскай імпэрыі і канчаткова парываюць з тымі, хто астаўся верным паўстаньню. Такім чынам, земляўласьніцкая шляхта на Беларусі і Літве зноў знайшла сваю праўдзівую бацькаўшчыну, зноў знайшла сваё сапраўднае месца ў сучасным ёй соцыяльным і політычным ладзе.

Прыблізна такую самую эволюцыю мы бачым і ў яўрэйскіх колах. Заможныя групы яўрэйства таксама паварачваюцца ў бок Мураўёва. Яшчэ ў 1861 годзе прадстаўнікі царскай улады гаварылі аб тым, каб на ўсякі выпадак прыцягнуць яўрэйскае жыхарства на свой бок. Па гэтаму пытаньню куратар Віленскага Вучэбнага Округу Шырынскі-Шахматаў у сваім данясеньні міністру народнае асьветы С. В. Пуцяціну піша так: „Привлечь на сваю сторону умное и деятельное еврейское племя, составляющее столь значительную часть здешняго населения, для правительства чрезвычайно важно. В ожидании льгот евреи ведут себя относительно правительства безупречно: так в беспорядках, обнаружившихся в последнее время в западном крае, они не принимали участия“.[17] Шырынскі-Шахматаў пахваліў яўрэйства зарана. І ў Польшчы, і на Беларусі яўрэйства прыняла ў паўстаньні даволі дзейны ўдзел. Яўрэйскія гандлёва-прамысловыя заможныя колы былі настроены ў мільлеранскім напрамку, рамесьнікі і дробная буржуазія солідарызаваліся з чырвонымі. Што датычыць Беларусі, то мы ведаем, што яўрэйскае насельніцтва, напрыклад, Сямятыч, вельмі спачувала паўстанцам і падтрымлівала іх, за што яно потым было сурова пакарана расійцамі. Тое самае мы можам сказаць і аб мястэчку Шэрашове, Пружанах і г. д., у Вільні рамесьнікі, у тым ліку і яўрэі, таксама прымалі чынны ўдзел у паўстаньні, падтрымліваючы чырвоных.

З прыездам Мураўёва заможная, белая частка яўрэйства пачала адыходзіць ад паўстаньня і набліжацца да абыймаў царызму. Перад намі вельмі цікавы докумэнт, што нібы адпавядае тым вернападданіцкім адрасом, якімі занялася земляўласьніцкая шляхта. Падаем яго тэкст: „Господь бог наш, благословивший святых отцов наших, Авраама, Исаака и Якова, да будет воля твоя благословить и вожделеть здравие, долгоденствие и долголетие Главнаму Начальнику Края, нашему господину, генералу от инфантерии Михаилу Николаевичу Муравьёву и всему дому Его Высокопревосходительства, за благополучие коего еврейское общество обетом своим пожертвовало для раздачи бедным денежное пожертвование. Да продлит Господь Бог дни жизни его в благополучии. Аминь“.[18] Гэты докумэнт, што вышаў з Віцебскай Яўрэйскай абшчыны, ніколькі не адрозьніваецца па свайму тону і настрою ад шляхецкіх адрасоў. Калі прыняць пад увагу, што на чале яўрэйскіх абшчын стаялі заможныя яўрэйскія колы, якія кіравалі ўсімі справамі абшчын, дык становіцца ясна, якія групы яўрэйства выяўлялі свой настрой у вышэйпаданым докумэнце.

У падзяку за малітву аб Мураўёве, за параўненьне яго з біблійнымі патрыярхамі Авраамам, Ісаакам і Якавам заможнае яўрэйства атрымала 9 кастрычніка 1864 году наступны цыркуляр:[19] „По поводу возбужденного мировыми посредниками Гродненской губернии вопроса об неотдаче евреям в аренду крестьянами-собственннками из приобретенного ими надела небольших участков земли под постройку домов, мельниц и проч. — генер-губернатор, принимая в соображение, что арендование земель евреями может вести к упрочению их поселения среди крестьян, которое будет иметь последствием подчинение их евреям в материальном отношении и при дружном образе действия евреев между собою стеснит развитие между самыми крестьянами промышленности и торговли, что доказывается положением городов и местечек в западном крае, — признал необходимым запретить отдачу евреям в арендное содержание земель среди крестьянских наделов“. Як мы бачым гэты цыркуляр зьяўляецца прадмесьнікам славутных „временных правил“ 1882 года, якія ў межах яўрэйскай аселасьці правялі яшчэ адну рысу.

У той час як заможнае буйнабуржуазнае яўрэйства адвярнулася ад паўстаньня разам з земляўласьніцкаю шляхтаю, яўрэйскія рабочыя, рамесьнікі і дробная буржуазія падтрымлівалі паўстанцкі рух, ня гледзячы на вялікія небясьпекі, якія пагражалі ім за гэта ў часе ўзмоцненага Мураўёўскага тэрору. Даволі адзначыць хоць-бы такі факт,[20] што яўрэйская бедната ў самыя цяжкія для К. Каліноўскага часы, калі расійская поліцыя і жандармэрыя літаральна ганяліся па яго сьлядох, аберагала і дапамагала чырвонаму дыктатару Беларусі. Не дарма ў царскай улады злажылася ўражаньне аб нязлоўнасьці Каліноўскага.


  1. Записки Оскара Авейде. Ч. IV, ст. 71-74.
  2. Записки Оскара Авейде. Ч. IV, ст. 76.
  3. Ibidem. стр. 74
  4. Pamietniki Gieysztora Jacoba z lat 1857-1865. T. II. Wilno. 1913, ст. 38, 40
  5. В. Ратч. Сведения о польском мятеже в Сев.-Зап. России. Т. III, ст. 229
  6. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski… Warszawa. 1911. T. II. Ks. IX, ст. 126
  7. Pamietniki Gieysztora… T. II. ст. 62-66
  8. Записки О. Авейде. Т. IV. ст. 187-188.
  9. Pamietniki Gieysztora… T. II. ст. 51
  10. J. K. Janowskiego Pamietniki… T. II, ст. 166
  11. И. Н. Пономарев. Воспоминания о польском мятеже 1863 года. Исторический Вестник. 1897 г. Т. 70, ст. 149.
  12. А. Ягмин. Воспоминания польского повстанца 1863 года. Исторический Вестник. Т. 50, ст. 115-116.
  13. Pametniki Gieysztora, Т. II, ст. 126.
  14. И. Н. Пономарев. Воспоминания о польском мятеже 1863 года. Исторический Вестник. 1897 г. Т. 70, ст. 149.
  15. Rok 1863 na Minszczynie. Выданьне польскага Аддзелу Інстытуту Беларускае Культуры. Віткоўскі, Яневіч і Лех. 1927 г. Менск, ст. 73, 159—194.
  16. Докумэнты аб 1863 годзе, сабраныя т-шом Віткоўскім, Магілёўская губэрня.
  17. Сборник документов музея М. Н. Муравьёва т. І. Составил Белецкий, издание общества ревнителей русского исторического просвещения. Вильно. 1906 г. Док. № 139, ст. 149
  18. З збору докумэнтаў т. Віткоўскага. Дело о выражении верноподданнических чувств жителями Витебской губернии
  19. Сборник распоряжений гр. М. Н Муравьёва по усмирению польскаго мятежа в северо-западных губерніях 1863—1864. Сост. Н. Цылов. Вильна. 1866 г., ст, 77.
  20. В.Ратч. Сведения о польском мятеже в Северо-Западной России. Вильно. т. ІII, ст. 245.