1906 — 1912 (Ластоўскі)

1906 — 1912
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1912 год
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 47, 23 лістапада 1912 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




1906 — 1912

11 лістапада гэтаго году наша сямейка закончыла шэсць гадоў працы на карысць роднай старонкі. Кажу «сямейка» бо, апрача малой жменькі, усе нашы чытачы і супрацоўнікі гэта, бытцым, адна дружная, вялікая семья людзей-братоў моцна звязаных ідэяй ажывіць і адрадзіць наш многа-мільённы, гаротны народ.

Сколькі разоў падумаю аб нашым беларускім руху і варунках у якіх працуюць цяперэшніе сьведамые беларусы, заўсёды прыходзіць на памяць чутая у дзіцачые гады казка у каторай, стары Міхалка рысаваў славамі хвігуру неустрашнага багатыра-асідка, што ішоў здабываць гаючую і жывучую ваду заварожанай царэўні і яе войску.

Дарога была далекая і цёжкая, а супраціўные благіе сілы страшнымі зданьнамі-марамі заступалі яму дарогу: скручываліся и сіпелі зьмеямі, дзікімі зьверамі вылі, агнём палілі, мярцьвецамі-марамі заступалі а ён ішоў и ішоў наперад, поўны адвагі і веры…

Каму з нас, нашы ворагі не паказывалі розных страхоў? На каго з нас не сіпалі зьмеямі, не аплёвывалі ядам?

Праўда, у цяжкой гэтай дарозе, шмат каго з нашай сямьі пакінулі сілы; яны, бедные, сталіся дабычай ворагіх сіл; многа. хто спужаўся і вярнуўся назад, але ўсё ж такі з днём кожным ня меншае, а прыбывае нашай сямейкі—сьмелых барцоў, каторые вераць, што мы дабудзем гаючай і жывучай вады для нашай соннай бацькаўшчыны што яна ажыве, і што ўсе страхі—гэта толькі мары, каторые пераможэм сільнай душой, і што настане калісь дзень вялікай радасьці, вялікаго сьвята у нашым народзе.

Гэтак цяпер ёсць.

А шэсць гадоў таму назад толькі малая жменька, лепшых сыноў Беларусі зклікнула друкаваным словам, беларускую сямью да агульнай працы на дабро роднай старонкі. Клік гэты ак бачым не замёр на шырокім абшары Беларусі: адгукнуліся на яго людзі,—па вёсках, сёлах, мястэчках і гарадох,—знайшліся прыхільнікі—чытачы і супрацоўнікі-памочнікі…

Наша семья праўдзіва можэ звацца сямьёй сільных, бо і запраўды паміж нас ня можэ быць слабых, адно толькі сільные душой, каторые змогуць устаяць проці ўсіх страхоў, проці ўсіх хітрых замыслоў і лжывых праўд нашых ворагоў, што пілнуюць, каб наш народ як найдаўжэй спаў мёртвым сном.

У сёмую гадаўшчыну жадаю усей нашай сямейцы цьвёрдасьці духа у барацьбе за адраджэньне нашаго народу, у барацьбе за праўду нашу і лепшую будучыну нашаго народу і каб сямейка наша падвоілася у сёмым гаду працы.

Власт.