350-летняя гадаўшчына друку ў Маскоўшчыне

350-летняя гадаўшчына друку ў Маскоўшчыне
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1914 год
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 11-12, 20 марца 1914 г., б. 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




350-летняя гадаўшчына друку ў Маскоўшчыне.


Роўна 350 гадоў таму назад 1 марца 1564 года была выпушчэна з друкарні першая у Маскоўшчыне друкаваная кніжка «Апостол».

Маскоўшчына была тады вельмі атсталай старонкай і сьвятлейшыя маскоўскіе людзі бачылі гэта і стараліся што маглі рабіць, каб шырыць асьвету. Найболей працаваў над асьветай мітропаліт Макарый. Але цяжка было шырыць асьвету бяз кніг, бо у Маскоўшчыне тады ня ўмелі ешчэ друкаваць кніг і усе кнігі перэпісываліся рукой, дзеля гэтаго кнігі былі дорагі дужа і іх было мала, бо не было граматных людзей. Вось мітрополіт Макарый і пачаў угаварываць цара Івана Грознаго залажыць у Маскве друкарню. Ён казаў: кнігі (духоўные) маюць многа абмылак і іх трэба паправіць і трэба, хочучы каб народ прасьвечаўся, даць яму кнігі у роднай мове. Цар ахвотна прыстаў на гэта і выпісаў з Голяндыі немца друкара. Але той заместа заняцца сваім дзелам пачаў займацца нагаварываньнем маскоўцоў, а нават і самаго Цара на лютэранство. Само сабой, што маскоўцы пратурылі таго немца ды ізноў асталіся з аднэй добрай думкай мець друкаваные кніжкі. Але як іх мець, калі ніхто у Маскоўшчыне ня ведаў друкарскаго сэкрэту. Тут станулі у прыгодзе два прыяцелі Іван Фёдоров і Пётр, катораго празывалі Мсціслаўцам: яны вызваліся сарганізаваць друкарню і наладзіць друкаваньне кніжэк. Маскоўцы ахвотна прысталі і пачалі будаваць друкарскі дом (Печатный дворъ).

Прозвішчэ аднаго с прыяцелёў друкароў было «Мсціславец», каторае паказывае што ён родам Беларус могілеўск. губ. Але скуль-жэ Беларусь магла даць умелаго друкара, калі ня мела яго маскоўшчына? Увесь сэкрэт у тым, што Беларусь тады не была цёмнай старонкай. Друкарство у Беларусь зашло у канцы XV сталецьця. Фіоль у 1491—1493 гаду друкаваў кнігі для Беларусі і Украйны у Кракаве, а праз 25 гады полацкі жыхар Францішак Скарына друкаваў ужо «дзеля лепшаго выразуменьня» Біблію па беларуску ў Празе (1517 г.), пасьля ў Вільні (1525) і каля 1568 году у Беларусі друкарская умеласць была ужо рэччу саўсім звычайнай. Таму то Мсціславец, апынуўшыся у Маскве мог вызвацца абарудаваць друкарню, бо у сябе дома, на Беларусі, азнаёміўся з гэтым дзелам.

Але народ у Маскоўшчыне быў лішне цёмны ешчэ і дзеля гэтаго не пасьпелі выпусьціць у сьвет першую кніжку, як падняўся бунт проці «чортавай выдумкі». Узбунтаваны народ папаў на друкарскі дом, пабіў і папсаваў машыны, а друкары уцяклі на Беларусь, ратуючы сваё жыцьцё. Прытулак першые маскоўскіе друкары знайшлі у Заблудове, (Гродз. губ) у гэтмана Ходкевіча і тут залажылі «Учительное Евангеліе» 1569 на пекнай беларускай мове. Пасьля Мсціславец пераехаў са сваей друкарняй у Вільню, а Фёдоров знайшоў прыпынак на Украйне у гор. Астрозе у князя Канстантына Острозкаго, дзе надрукаваў слаўную „Острозжскую Біблію»,

Гэтак закончылася першая спроба даць друкаванае слова Маскоўшчыне. Нанова пачалі друк кніг у Маскоўшчыне толькі за Цара Фёдара Алексеевіча. Цяпер вёў асьветную працу у Маскоўшчыне ужо другі беларус Сімеон Полацкі. Сімеон Полацкі вядомы у гісторыі маскоўскай асьветы чэлавек. Ён узгадовываў Царскіх дзяцей, быў прыдворным паэтам, радай і вучоным і ён падняў нанова думку, каб устроіць друкарню і маючы вялікае значэньне пры дварэ яму гэта лёгка удалося зрабіць. Друкарскі дом быў нанова адбудаваны: Цяпер першай кнігай надрукаванай у Маскоўшчыне быў «Тестамент Васіля цара Грэчэскаго». А пасьля „Псалтыр“, перэкладзеная Сімеоным Полацкім на вершы.

У 1705 гаду Пётр I завёў гражданскі шрыфт. Ня ведаем ці памагаў яму які беларус, але першая кніга гражданкай надрукованая называецца: „Прыклады, как пішутся компліменты“.

Цяпер адна Масква што год друкуе кніг на 15 мільёноў рублёў, а ва ўсей Расеі расейскіх кніг друкуецца у год болей як на 80 мільёноў руб.

А у Беларусі?

Власт.