50-лецьце Якуба Коласа

50-лецьце Якуба Коласа
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1932
Крыніца: БЗвон. 1932. 19 лістап.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сёлетні год багаты на юбілеі: улетку выпала пяцьдзясятгодзьдзе Янкі Купалы, цяпер — 8 лістапада — мінуў 50-ты год Коласу. Але трэба адзначыць, што сёлетнія юбілеі маюць характар ня гэтулькі літаратурны, колькі — асабісты. І ў пяцьдзясятгодзьдзе нарадзінаў Коласа мы будзем гаварыць аб яго грамадзкай працы: як паэта, ён меў ужо свой трыюмф у сувязі з 25-лецьцем паэтыцкае творчасьці, якая і была ў свой час шырака асьветлена ў прэсе. Дык будзем гаварыць сягоньня аб Коласе — чалавеку, Коласе — беларусе, Коласе — пэдагогу.

Каб тварыць такія літаратурныя цэннасьці, якімі здабыў сабе славу ўсенародную Колас, трэба было мець у душы сваей гэтыя скарбы: духовая веліч, глыбокі гуманітарызм, укаханьне Бацькаўшчыны — вось характэрныя рысы Коласа як чалавека і беларуса. Для выяўленьня іх Колас знайшоў высокамастацкую вопратку і, апрануўшы ў гэту вопратку, аддаў іх свайму народу. Мала гэтага: тое, у што верыў Колас, што лічыў важным і цэнным, да зьдзейсьненьня чаго імкнуўся ў душы сваей, — тое ён сам жа і рэалізаваў. У дні вялікага рэвалюцыйнага ўзварушэньня 1905 году, якое — разам з усімі народамі Расеі — захапіла і беларусаў, Колас прыняў чыннае ўчасьце ў барацьбе за вызваленьне беларускага селяніна й работніка з-пад улады маскоўскага царызму. Як сябра Беларускае Сацыялістычнае Грамады, ён разам з апошняй перажываў мамэнты высокага захапленьня барацьбой, а пасьля — мамэнты дэпрэсіі, прыгнечаньня, калі Рэвалюцыя была здушана. Але Колас ніколі не ўпадаў на духу, ніколі не апускаў рук у працы: ён ведаў, што не адным фізычным змаганьнем перамагаюць паняволеныя народы сваіх валадароў, але перад усім — творчай культурнай працай. І Колас, калі апала хваля Рэвалюцыі, з такім самым запалам і захапленьнем працаваў для беларускае культуры, ведаючы, што без такое працы беларусы ніколі ня стануцца народам — нацыяй у шырокім разуменьні гэтага слова. А за першую задачу сваю, як вучыцеля па прафэсіі, за першую задачу ўсіх сваіх калегаў па фаху, якіх Колас стараўся ўсьведамляць нацыянальна, ён лічыў здабыцьцё беларускае школы. Прыняўшы ўчасьце ў патайным зьезьдзе настаўнікаўбеларусаў, які ў 1906-м годзе адбыўся ў Вільні і паклаў пачатак Беларускаму вучыцельскаму саюзу, Колас пачаў арганізоўваць сваіх калегаў-зямлякоў і ў роднай Мікалаеўшчыне заснаваў аддзел Саюзу. За гэту працу, як «крамольную», расейскі суд пакараў Коласа трохгадовай вязьніцай...

Колас стойка дзяржаўся падчас арышту і сьледзтва, пасьля якога быў часова звольнены да судовае расправы. Вось у гэтым часе Колас ня толькі не апусьціў рук ад перажытае няўдачы, але, наадварот, з усей энэргіяй узяўся за арганізаваньне першых — патайных — беларускіх школ. Узімку 1906—7 гг. вядзе ён гэткую школу ў Мікалаеўшчыне, маючы 12 вучняў; у наступным годзе арганізуе беларускую школу ў двары Гардзялкоўскіх у Магілёўшчыне, дзе ўласьнікі двара спагадалі ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня. Адначасна складае беларускі школьны падручнік — «Другое чытаньне», які пасьля й надрукавала ў Пецярбурзе беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца». І толькі пачатак адбываньня вастрожнае кары, прысуджанае ў верасьні 1908 году, адрывае Коласа ад гэтае працы.

Вастрог на тры гады адарваў Коласа ад актыўнага грамадзянскага жыцьця, і ў гэтым часе ён — за кратамі — рабіў тое, што там было магчыма: пісаў свае цудоўныя вершы, якія пасьля былі надрукаваны ў зборніку «Песьні жальбы».

Выйшаўшы на волю, Колас перш бадзяўся нейкі час бяз працы, але пасьля быў прыняты за настаўніка ў расейскую ўрадавую народную школу. Як настаўнік, ён і працаваў пасьля доўгія гады, але — на чужыне, у Куршчыне. Сумаваў тамака, тужыў па Бацькаўшчыне, ды ўсё ж не губляў веры ў сваё сьвятое дзела, за якое так цяжка пацярпеў. Усьцяж творачы, — хоць на чужыне тварыў наагул ня шмат, — Колас ждаў таго дня, калі здолее вярнуцца ў свой Родны Край. І вера ягоная споўнілася: у І921 годзе ён вярнуўся ў той мамэнт, калі беларуская ідэя затрыюмфавала, і тое, аб чым летуцелі пятнаццаць гадоў перад тым беларусы-кансьпіратары ў салі за касьцёлам сьв. Мікалая ў Вільні, дзе адбываўся ўспомнены патайны настаўніцкі зьезд, — тое сталася дзелам. І ў наступныя гады на долю Коласа выпала шчасьце бачыць, як на зямлі Беларускай вырасталі тысячы беларускіх народных школ, дзясяткі гімназіяў і тэхнікумаў, як будаваўся Беларускі ўнівэрсытэт у Менску і іншыя вышэйшыя школы, як тварылася Беларуская Акадэмія Навук. Да ўсей гэтай творчай працы і Колас прыкладаў сваю руку, а ў Акадэміі Навук займае сягоньня пачэснае месца.

Праўда, пэўне і шмат цяжкога прыйшлося перажыць за апошнія гады Коласу, гледзячы, як сталінаўскія агенты пачалі паход проці беларускае культуры й беларускага народу, зьніштажаючы і разганяючы па ўсей Расеі беларускую інтэлігенцыю, дэнацыяналізуючы цэлыя адвечна беларускія акругі (Койданаў). Але Колас бачыў, як тварылася тое, што цяпер разбураецца, — бачыў, захапляўся гэтым і ў часе між 1921 і 1928 гадамі працаваў на літаратурнай ніве найбольш плодна, даў найвялікшыя свае паэтыцкія творы. «Новы курс» Сталіна прыглушыў і ліру Коласа, але — не заглушыў. Коласаўскі талент ня толькі не заняпаў, але ўсьцяж разьвіваецца і дае новыя цэннасьці, хоць мусіць адбіваць новыя зьявы ў навакольным жыцьці — зьявы, мо не заўсёды прыемныя для гэтага прадстаўніка векавечнае цягі да зямлі беларускага селяніна.

Хай жа на доўгія йшчэ гады хопіць нашаму песьняру сілы да працы, бо творчая думка ягоная і жывасьць пачуцьця — не старэюць, не вычэрпваюцца, не слабеюць. Гэтага жадаем Коласу у дзень яго паўвяковага юбілею.