Vita (1926)/Нашы дні/Не калосьсе

З цыклю „Заходняя Беларусь“ Не калосьсе
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1926 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Не калосьсе…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЕ КАЛОСЬСЕ…


Не калосьсе
шапоча песьняю сьпелай;
гэта хлопцы ад плуга й калёсаў
заліваюцца сонечным сьпевам.

Яны ўсе маладыя, —
ў іхніх сэрцах вясна.
Эх, ды як і ня пець пры даліне,
калі у лявоніху радасьць пашла?

Калі сонца ўзышло на разлог
і песьні праменьнямі п‘е,
а лёскат
калёс
па дарогах разьлёг.
Тут быльнёг
на‘т і той запяе.

Брава! —
— моладасьць сьвята.
Дзён мінулых няма.
Сёньня будзем электрыку сватаць,
нашто нам з лучнікамі зіма.

А нават і радыё слухаць
на начлезе за кустам пукатым.
Хай-жа палашчаць і нашае вуха
гукі сусьветных раскатаў.