Загудуць вятругі ў полі,
Загалосяць, зашумяць,
Белым пылам задымяць,
Ды засьцелюць гоні-ролі,
Каб у холадзе-няволі
Рунь зялёную прымяць.
Ноч распусьціць хмары-косы,
Лён-кудзелю распляце,
Сядзе паняю ў куце,
А мароз белавалосы
Пойдзе ўсюды на ачосы
У лядзяным халаце.
Эх, узьнімецца тлум дзікі!
Загудуць кусты, лясы
На ўсе тоны-галасы.
Самі зьявяцца музыкі,
Баль наладзіцца вялікі.
Сьнег засьцеле абрусы.
А ты сядзеш, мая маці,
Ніці доўгія сукаць,
Думкі-ж повесьць будуць ткаць Аб сынку, тваім дзіцяці,
Што ў няволі жыцьце траціць,
Бо хадзіў волі шукаць.
За акном сваёй чаргою
Вецер будзе вар‘яцець,
Пухавую плесьці сець.
Ты-ж агорнешся тугою,
Як ноч гэтая смугою,
Сэрца будзе плакаць-млець.
1910 г.
|