У прасторы (1926)/«Лайдачка»

(Пасля перасылкі з «Лайдачка»)
Прузына-Ленінка „Лайдачка“
Апавяданьне
Аўтар: Ілары Барашка
1926 год
Вёска ў горадзе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„ЛАЙДАЧКА“

I

— Адно табе кажу, у ячэйку ня сьмей ісьці! Ячэйкі, касамол у галаве! Камунія, трасца тваёй матары, спадабалася… і падумаць сабе толькі, дзяўчаты як дзяўчаты, і пагуляюць сабе на вячорках, і пражу прадуць і касамол не ў галаве ім, ліха цябе вазьмі, а ты — у ячэйку, тата, пусьці! Сход, падумаеш, галадранцы зьбіраюцца, і яна ў іх кола лезе… Не дажджэш, покуль камуністкай станеш… Я гэты дур табе з галавы выведу… Дзяўчына, расьцьвіла, бы макаў цьвет, і ў сваты з Замчышча Міхей прыехаць зьбіраецца, а яна… у касамол, тата, пусьці… Я табе адаб‘ю гэтую ахвоту. І каму, якому мужыку патрэбна жонка камуністка? Есьці, скажа, згатуй — а яна, нераўнуючы, як Агата Бельская, мужу свайму, — у мяне сёньня сход… Ідзі, скажа, у поле бульбу садзіць, а яна яму, нераўнуючы, бы тая Агата, — на зьезд ехаць трэба… Лайдачка!.. Я табе… І тут важкая дзяга бацькінай папружкі глыбака ўелася ў стромкую постаць Гэлькіну…

— Татачка, ай-яй, што робіш! Ня бі, та-тачка! татачка, ня бі… — з лямантам галасіла Гэлька.

— Ці будзеш на сходы хадзіць, лайдачка?.. — і бацькіна папружка яшчэ ямчэй рэзнула па Гэльчынай сьпіне.

— Татачка, ня бі, пашкадуй, апамятайся, што робіш, шкада табе, ці што… што раз які ў тыдзень на сход я пайду… Ленку Ганцучышку — бацька пушчае, а ты… — забіўшыся ў кут пад абразамі, праз сьлёзы, што душылі Гэльчыну глотку, прабавала супярэчыць Гэлька.

— Што? ты зноў сваё… лайдачка… я табе… — і тут бацька, схапіўшы Гэльку за рукі, з адмаху адарваў з кута, пад дзьверы шпульнуў…

— Вон з хаты… лайдачка гэткая… вон… каб твае нагі ў маёй хаце ня было… ідзі да галадранцаў тваіх… Бацькінага хлеба ўжо есьці ня хочаш… абрыдаў, відаць… Каб твае нагі тут ня было!..

II

Гэлька апынулася выкінутай з роднае хаты... за дзьвярыма.

— Дзе дзецца? Ісьці куды? — і ўспомніла яна тут, што бацька лупцаваў яе, з хаты выгнаў за тое, што папрасілася яна на сход ячэйкі схадзіць…

З заплаканымі вачыма Гэлька ў школу кінулася — на сход. Сход падыходзіў к канцу. Дзьверы адчыніла, ступіла праз парог, і… зьнянацку для ўсіх душу сваю рашчыніла з плачам:

— Бацька з хаты мяне выгнаў, на сход прасілася, а ён… во… — і паказала яна сходу крывяныя рубцы на сьпіне сваёй, сукенку разадраную… і зноў сьлязьмі залілася… Старшыня сходу апавясьціў перапынак, распытваць пачалі…

А пасьля перапынку сакратар ячэйкі слова ўзяў:

— Таварышы, бачыце вы ўчынак нашае цямноты, перад вамі стаіць ахвяра нясутрымнай бацькавай цёмнай волі… Покуль што мы гэта бачым на кожным кроку… А віной усяму зноў-ткі цямнота…някультурнасьць… І што з таго, каб Гэлька ў нас на сходзе пабывала, пытаюся, што з таго? Над тым, што ці горш гэта ці лепш, Гэлькін бацька не задумаўся. Ён ня хоча пра гэта ведаць… А віною цямнота. Мы, комсамольцы, павінны бучу падняць… Перад вамі ахвяра за тое, што не хацела яна жыць у такіх цяжкіх абставінах жыцьця, у якіх жыла яе матка, перад вамі ахвяра цемнаты нашай вёскі. А віною гэтаму ня бацька Гэлькі, не… ён толькі тупое аружжа спадчыны мінулага, спадчыны панскай паншчыны… панскага ўладарства…

У протоколе сходу ячэйкі запісана было:

— Прыняць належныя крокі, і кропка.

III

Была вясна. Сьнег ужо даўно стаяў, — траўка зелянець пачынала, бяроза лісьцікі жоўценькія пушчаць пачала, прасохла і зямліца, рунь шурпатая на гонях падымалася.

— Ня сумуй, Гэля, у комсамоле абаронцу ты заўсёды знойдзеш, вось пабачыш, усё як сьлед зробім! Пераначаваць пытаеш дзе? Да настаўніцы зараз сходзім, яна ў нас маладзец кабеціна, не такая, як бацька твой, яна зразумее цябе, у яе ня толькі пераначаваць зможаш, але і жыць нават, а ячэйка дапамагаць табе будзе, будзеш жыць, ня плач, ня бойся, Гэля!

Ноч акутала вёску. Толькі ў хаце настаўніцы газьнічка сьвяцілася. Гэта Гэля апавядала ёй пра ўсё, што здарылася сёньня з ёй…

А на дварэ — траўка зелянець пачынала, дрэвы ўбіраліся ў адзеньне з лісточкаў зялёненькіх… Была веснавая пара…

IV

— Так і быць — гутарыў сам з сабою Тодар — сакратар комсамольскай ячэйкі. — Проста скажу, прышоўшы: Гэлька — я цябе даўно кахаю, шкадую, — выходзь за мяне замуж. Жыць у згодзе будзем! А ці згодзіцца яна? — мо‘ скажа: не, мне яшчэ рана замуж выходзіць, што тады? А, што будзе, тое і будзе! — і шпаркімі крокамі пагэцаў Тодар у хату, дзе жыла настаўніца, уяўляючы перад сабой постаць Гэльчыну.

— Белакудрая Гэлька, з васільковымі вачыма, стройная, зграбная такая, румяная з твару, з мілавіднай усьмешкай вечна на губах, шустрая, гляне — бы сокал з высі. Такой была Гэлька ў бацькі, такой і была яна цяпер, жывучы ў настаўніцы іхняй вёскі.

— Добры вечар, Гэля! — зьвярнуўся Тодар. — Як маемся? Як ты сябе тут адчуваеш?

— Добра, лепш нават, чымся ў бацькі! — весела Гэлька адказвала.

— Ну, а бацька як? — пытаўся Тодар.

— А мне якое дзела да яго! За свае рукі я заўсёды пражыць здолею, ды лаянкі чуць ня буду, рубцоў на сьпіне насіць ня буду! — адказвала.

— А ці чула ты, што бацька твой прасіць зьбіраецца цябе да хаты вярнуцца? — пытаўся, ужо седзячы побач на прызьбе, Тодар.

— А мне якое дзела! Хай сабе і зьбіраецца!? Усё роўна не пайду зьдзекі цярпець над сабой.

— А можа ты дрэнна гэта зробіш, калі ня пойдзеш да бацькі?

— Ня дуры, ты мне брат, галавы, прыстаў, як смала — бацька, да бацькі… Не пайду і крышка. Мне і тут добра, комсамолкай хутка зацьвердзяць?

Доўга яны між сабой гутарылі, покуль да справы Тодар не давёў.

— Гэлечка, мілая, я даўно цябе кахаю, Гэля, дарагая Гэля, скажы ласкавае слова, што маўчыш, чаму адважыцца сказаць ня можаш… адкажы… дай згоду… Гэля, дарагая Гэля…

— А біць, як бацька мяне біў, ня будзеш?

— Комсамольцам нельга біцца, з комсамолу за гэта навынас папросяць, комсамольцы-ж ня тое, што кулаччо гэтае… капусту летась нашую паламалі, у клюбе вокны каменьнямі павысаджвалі, на вячорках дзяўчат псуюць, як Анельку Зьмітрукову сапсавалі, што нават на той сьвет жыўцом палезла ў моладасьці… Гэта яны так робяць, а ня мы — комсамольцы!

— А да другіх дзяўчат заляцаць будзеш?

— Гэля, нашто пытаць, кахаю я цябе адну, ня пытайся…

— А комуністым калі будзеш?

— І тут Тодар рапорт выклаў:

— На тым тыдні Райком зацьвярджае!

Доўга ‘шчэ не адважвалася згадзіцца Гэлька, а ўрэшце:

— Твая!..

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Пеўні без перастанку кукурэчылі праз усю вёску, пачынала сьвітаць. З роем вясёлых думак Тодар да хаты ішоў.

— Значыць, жанюся на Гэльцы.

V

Бацька на вясельлі ня быў. Дый што там за вясельле было?.. Запісаліся ў сельсавеце, прышлі да дому, паскакалі праз адну ноч, а на заўтра гаспадарыць пачалі. Вось і па вясельлі, ня тое, што ў бывалыя часы, праз тры дні вясельле спраўлялі, з пасагам праз усю вёску на куфры маладую везьлі, у царкве, як сьлед, за рукі поп вадзіў, заплоціш, бывала, на дыване стаіш, са сьвечкамі ў руках, дружкі вянцы над галовамі трымаюць…

— А мо‘ гэтак і ляпей?

— Хто-ж яго ведае…

VI

Брат Гэлькі, што ў арміі Чырвонай служыў, да хаты вярнуўся. А бацька пра ўсё і пачаў выкладаць, бы на талерку.

— Ці правільна гэта, што Гэлька са мною старым зрабіла, кінула, у касамолы пашла, без дазволу і благаславеньня бацькінага замуж за Тодара вышла…а?

— Правільна! — адказаў Андрэй.

— Ну што тут і рабіць, — аберуч за галаву Гэльчын бацька схапіўся.

— Памірыцца, у згодзе жыць, новы быт у жыцьцё праводзіць! — упарта настойваў Андрэй.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Мінула некалькі часу. Аднойчы прышлі Тодар і Гэлька да бацькі, прывіталіся, як быццам-бы і нічога ня было, і сказалі:

— Тата! мы запрашаем вас быць у нас, сёньня ўвечары на хрысьцінах, але чырвоных!

Гэльчын бацька даў згоду.