Ён прыйшоў…
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1931
Крыніца: http://knihi.com/Jurka_Lavonny/Jon_pryjsou.html (Паводле выд.: Лявонны Ю. Выбранае. Мінск, 1960.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ён прыйшоў,
Прыйшоў квяцісты травень,
Ахінуты ў белы футарал.
І на яблынях пялёсткавую навісь
Кінула шаўковая зара.

…Светлы мой! Мне сёння —
Цэлых дваццаць!..
Ну, а ты, здаецца, маладзей…
Мне так хочацца вясёла прывітацца
І з табою разам заірдзець!

Людзі ёсць… Глядзяць яны спадлоб’я.
Ты для іх —
Што хмарны лістапад…
Росквіт наш яны імкнуцца ўгробіць,
Павярнуць гісторыю назад.

З-пад каменняў ніцыя вужакі
Напаўзаюць, сеюць ліпкі сон…
Мы гаворым аб тых гадах:
— Гэта — накіп
На бліскучай грэблі нашых дзён.
Толькі марна, марна яны востраць

Па кутах іржавыя нажы;
Прамяністым шляхам
Пройдзем проста
Ў залатую, сонечную шыр!

Травень, травень…
Рассыпаеш гімны…
Па-вясноваму спяваеш у прастор…
Ашчапер мяне ты, неабдымны,
Пакажы зіянне чыстых зор!

(1931)