Комсамольскія вершы (1930)/Ён прышоў

⁂ Я хачу ня шмат чаго ⁂ Ён прышоў
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1930 год
Мой май
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ён прыйшоў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Ён прышоў,
Прышоў квяцісты травень,
Ахінуты ў белы футарал.
І на яблынях пялёсткавую навісь
Кінула шаўковая зара.

…Сьветлы мой! Мне сёньня —
Цэлых дваццаць!..
Ну, а ты, здаецца, маладзей…
Мне так хочацца вясёла прывітацца
І з табою разам заірдзець!

Людзі ёсьць… Глядзяць яны з падлоб‘я.
Ты для іх —
Што хмарны лістапад…
Росквіт наш яны імкнуцца ўгробіць,
Павярнуць гісторыю назад.

З-пад каменьняў, ніцыя вужакі,
Напаўзаюць, сеюць ліпкі сон… Мы гаворым аб тых гадах:
— Гэта — накіп
На бліскучай грэблі нашых дзён.

Толькі марна, марна яны востраць
Па кутох іржавыя нажы;
Прамяністым шляхам
Пройдзем проста
Ў залатую, сонечную шыр!

Травень, травень…
Рассыпаеш гімны…
Па-вясноваму сьпяваеш у прастор…
Ашчапер мяне ты, неабдымны,
Пакажы зияньне чыстых зор!