Ідэоляг народнае інтэлігенцыі: Максім Гарэцкі

Праблемы красы й мастацтва ў творах Максіма Багдановіча Ідэоляг народнае інтэлігенцыі: Максім Гарэцкі
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
25/ХІІ 1921
Крыніца: Адбітае жыцьцё: Лекцыі і стацьці зь беларускае адраджэнскае літаратуры. Кніжка І. Вільня, 1929
Водгукі вялікае вайны
Упершыню — Беларускі Звон. 1922. 24 лют., 4 сак. з падзагалоўкам «Літаратурна-сацыяльны нарыс». З публічнай лекцыяй «М. Гарэцкі як ідэоляг народнае інтэлігенцыі» А. Луцкевіч выступаў 10.05.1926 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПУБЛІЧНАЯ ЛЕКЦЫЯ

Пакуль беларусы прадстаўлялі, бадай, выключна сялянскую масу, пакуль доступ да навукі і культуры адкрываўся адно толькі «вышэйшым» станам, пакуль не вытварылася блізкая да вёскі новая народная інтэлігенцыя, — датуль вялікія думкі-ідэі, якія тварыліся лепшымі культурнымі людзьмі ўсяго сьвету, не маглі знайсьці для сябе дарогі да народных масаў.

Такі стан трываў доўга — ажно да другой палавіны XІX сталецьця, калі ўрэшце і на зямлі Беларускай апалі з рук народных путы рабства. Толькі ад часу скасаваньня прыгону, калі і для сялянства расчыніліся дзьверы школы і вольны доступ да мест — адзіных у нас культурных цэнтраў, — толькі тады пачынае і ў беларусаў нараджацца свая народная інтэлігенцыя, якая, маючы магчымасьць зазіраць да сусьветнай культурнай скарбніцы, дзеліцца сваімі здабыткамі культуры з роднай вёскай, з каторай не згубіла сувязі.

Аднак у першых пакаленьнях нашае народнае інтэлігенцыі, узросшых на волі, мы бачым яшчэ вельмі мала элемэнтаў, якія выпаўняюць сваё натуральнае назначэньне як праваднікі ў вёску вышэйшае культуры. Вялізарная большасьць за тое, што атрымлівала ад чужой — пераважна расейскай — школы (аб роднай школе тады йшчэ ня было і гутаркі!), разам з роднай мовай губляла, як і «вышэйшыя» станы, лучнасьць з сваім народам і пераважна абярталася ў безыдэйных эгаістаў — чыноўнікаў, якія сьлепа служылі свайму «начальству», радыя, што з «мужыцкага» стану перайшлі на «панскае» палажэньне...

Сярод агульнага кар’ерызму і самалюбства гэтых «новых інтэлігентаў» бачым першыя бліскі ідэйнага прабуджэньня як адгалосак так званага «народніцкага» руху, агарнуўшага пад тыя часы ўсе лепшыя культурныя элемэнты Расеі. І нашы «новыя інтэлігенты» пачынаюць працаваць для народу, і яны аддаюць свае сілы дзеля грамадзкае справы — дзеля таго «паспалітага добрага», аб якім гэтак горача пісаў яшчэ ў пачатку XVІ сталецьця Францішк Скарына. Але тыя перашкоды, якія яны сустракаюць на сваей ідэйнай дарозе, тое перасьледаваньне расейскім царскім урадам, які так часта і так безьміласэрна разьбіваў асабістае жыцьцё і шчасьце гэткіх «злачынцаў», — усё гэта расхаладжывала нашых народнікаў, тушыла ў іх самую веру ў магчымасьць карыснае працы для грамадзкае ідэі.

Наша інтэлігентная моладзь, яшчэ не пасьпеўшая акрэпнуць у сваім грамадзкім пачуцьці, але ўжо больш і больш пранікнутая ідэйнасьцю, шукае тады новых дарог. Адны йдуць у кірунку самапаглыбленьня, задумваюцца над вялікімі агульналюдзкімі пытаньнямі, пытаньнямі аб жыцьці, — яго сэнсе, істоце і мэтах, і пытаньнямі аб сьмерці. Другія знаходзяць новую дарогу, злучаючы грамадзкасьць з нацыянальнасьцю, і становяцца ў рады байцоў ня толькі за сацыяльнае і палітычнае, але і за нацыянальнае вызваленьне свайго Беларускага народу. Іншыя, не знайшоўшы адказу на балючыя, вечныя, глыбінныя пытаньні чалавецтва, або зачыняюцца ў вузкіх рамках асабістых інтарэсаў і шукаюць здавальненьня ў асабістым шчасьці, або пераходзяць да тэй другой групы, якая йдзе пад нацыянальным сьцягам. А ход жыцьця ўсё больш і больш пацьвярджае справядлівасьць нацыянальнае ідэалёгіі, і ўсё больш і больш жывых сіл гуртуецца каля нашых адраджэнцаў.

Да апошніх належыць і найглыбейшы зь ідэолягаў беларускае адраджэнскае народнае інтэлігенцыі Максім Гарэцкі.

Перад усім — жменя фактычных даных аб Гарэцкім. Радзіўся ён 6 лютага 1893 году (ст. ст.) у в. Малой Багацькаўцы Шамаўскай вол. Мсьціслаўскага павету Магілёўскае губэрні ў сям’і праваслаўных беларусаў-сялян. Вучыўся ў школе граматы ў в. Большай Багацькаўцы, скончыў вучыцельскую школу ў с. Вольшы Аршанскага пав., пасьля — каморніцка-агранаміцкае вучылішча ў Горы-Горках (1909—1913) ды Паўлаўскае вайсковае вучылішча ў Пецярбурзе (1916 г.) і некалькі месяцаў быў слухачом Архэалягічнага інстытуту ў Смаленску (1918 г.). У 1914 г., пабыўшы ўсяго адзін год каморнікам, пайшоў на вайну, перажыў з сваей батарэяй страшэнныя бітвы ў Усходніх Прусах, быў цяжка ранены і доўга лячыўся, нейкі час жыў у Іркуцку, потым ізноў быў на пазыцыі — спачатку ў артылерыі, а пасьля ў пяхоце (298 Мсьціслаўскі полк), але ў 1917 годзе моцна захварэў і, пасьля доўгага лячэньня, быў адпушчаны як поўны інвалід. Жыў потым у Багацькаўцы, то Смаленску, то ў Менску; зь вясны 1919 году жыў у Вільні, дзе працаваў як пэдагог, выкладаючы беларускую мову ў 1-ай Віленскай беларускай гімназіі, у Праваслаўнай духоўнай сэмінарыі і на розных курсах, а такжа працаваў на літаратурнай і публіцыстычнай ніве. Зь Вільні Гарэцкі разам з другімі беларускімі дзеячамі быў высланы польскаю ўладаю «Сярэдняе Літвы» ў Коўну. Стуль паехаў у Латвію і працаваў у Бел. гімназіі ў Дзьвінску, вярнуўся ізноў у Вільню, ды з прычыны забароны польскай уладай працаваць у Бел. гімназіі перабраўся ў Менск, дзе жыве і працуе й цяпер. На шлях беларускай сьвядомасьці ўзышоў зусім самастойна, пачаўшы, яшчэ ў Вольшы (1907 г.), зь перапісваньня «Панскага ігрышча», дэклямаваньня «Тараса на Парнасе» і наўмыснага ўжываньня ў школе «мужыцкае» мовы. Аб «Нашай Ніве» пачуў першы раз у Горы-Горках у 1912 годзе ад таварыша-вучня, паляка зь Вільні; выпісаў пробныя нумары, наўчыўся чытаць, пісаць, стаў пасылаць карэспандэнцыі, а потым апавяданьні, зь якіх першае — «У лазьні» (канец 1912 году).

Вось тое, што мы даведаліся ад самога пісьменьніка. З гэтага бачым, што Гарэцкі сам прайшоў усе этапы, празь якія болей ці меней ідэнтычна праходзіла ўся наша моладзь. Як натура багата абдораная, чуткая і адзыўчывая на ўсё, што робіцца навакол, Гарэцкі асабліва востра перажывае і шуканьне грамадзкага ідэалу, і захапленьне агульналюдзкімі пытаньнямі, і містычныя настроі, і ўрэшце даходзіць да яснага нацыянальнага ідэалу. А як мастак слова, ён у яркіх абразох, заўсёды поўных жыцьцёвае праўды, па-мастацку пераказвае нам свае і сваіх сучасьнікаў ідэйныя блуканьні і шуканьні, стараючыся ў кожным прыпадку дайсьці да самае істоты закранутага пытаньня.

* * *

«Адкуля ўсё і што яно?» — вось пытаньне, якое паўстае перад Гарэцкім і яго героямі, выведзенымі ўжо ў першых ягоных апавяданьнях, надрукованых у зборнічку «Рунь» (Вільня, 1914 г.). Гэтае пытаньне ўжыта Гарэцкім як загаловак вязанкі настрояў «Што яно?». А настроі гэныя — такія характэрныя для таго «новага чалавека» ў нашай вёсцы, якога ўжо кранула цывілізацыя...

Адвечнае пытаньне аб жыцьці і сьмерці... Вось на магіле любага — у ночнай цемры — яна, няўцешная, адзінокая, пакінутая. Жыцьцё было поўна шчасьця і радасьці, яно суліла радасьць бяз конца, ды сьмерць разьбіла ўсё... «І адкуль яно ўсё? І чаму яно ўсё?»

«Дзе душа яго, дзе дух яго?»

«А ў яго труне? Ён... Не такі, не жывы, страшны... Мёртвае цела, ня ён... Парахно, труп... Як тады, на хаўтурах, цяжкае паветра...»

«Як жа гэта, невядомы Навышні? Як яно? жыў, хадзіў, любіў... Пакінуў, памёр, няма духу, няма яго... Трухляціна... Косткі, чэрап, попел...»

А вось другое — загадкавае, таёмнае. Нейкая дзіўная сіла прыроды — прыцягаючая сіла месяца, які «з адвечнай маўклівасьцю цягне да сябе маленькую, сінявочкую Антосю, падымае яе, малютку, узводзіць на высокую страху»2. Дзіўное зьявішча лунатызму... А сколькі дзіўных дум і настрояў будзіць сьвятло месіка ў нашай душы?

«Думаецца нешта ціхае, а неспакойнае...

Як прыгожа, як чудоўна-люба, якое вялікае мастацтва ў кожнай драбязінцы з творчасьці Вялікай Непазнаванай Сілы!

Прыемна, люба, ня страшна, а неспакойна...

— Адылі ж падажды!.. У тваім ціхамір’і няма спакою... Ты адбіраеш спакой... Нашто цягнеш к сабе, цягнеш, маўчыш?»

І, змучаны гэтым маўчаньнем без адказу на ўсе думкі-пытаньні, прабуджаны дзіўным месячным сьвятлом, чалавек кідаецца ў роспачы на зямлю і, «пачуваючы цёплыя, сьмешныя сьлёзы на вачох, зламаны нясходнымі сіламі», шэпча:

«— Што тама? А? Што тама?»

«— Вума арашуся, розум страчу, галовачка мая бедная, ломіць жа яна, баліць, памуцілася ў ёй, гняты з сажалкі там, дзёўбаіць ў віскох, гарыць...»

«— Пуста на сэрцы... і нічога ня ведаю... І няма ўжо чаго рабіць... Думкі мае, летуценьні мае, ідэалы мае... Скончылася дарога, няма куды бегчы-хапацца. Куды ісьці далі? Нічога й нікога няма ў мяне...»

А далей — нейкая «чартоўшчына», чары, чарнакніжства... ,

Вось куды заводзіць магутная, нічым нястрымная патрэба першабытнага чалавека, толькі што збудзіўшагася культурна, усё разьведаць, усё пазнаць! Раней яму хватала ведаць аб Богу і Чорце, верыць у розных духаў і страхаў, паважаць таёмную сілу ведзьмароў... А цяпер? Старая вера памерла, а культурныя здабыткі чалавецтва не далі дагэтуль разумнага, здавольваючага адказу на ўсе «праклённыя пытаньні». І вырываецца з душы новага народнага інтэлігента балючы крык-стогн:

«Чараўнікі сучасныя! Скажыце, як нячысьцікам душу прадаць, каб толькі спытацца нешта?»

«Вера, вера! Вера малая! Няма веры ні ў тое, ні ў гэта, а жудасны кірунак ёсьць, ёсьць ён, пракляты... Нашто мне далі яго, нашто?

А быў жа я некалі вясёлы, сьмяяўся ж я...»

Поўны праўдзівага болю і пакуты, поўны шчырага трагізму гэтыя думкі-настроі Гарэцкага. А мастацкае ўняцьце яшчэ ўзмацоўвае ўражаньне ад іх.

Тыя ж матывы, толькі ў інакшай форме, зачапляе Гарэцкі і ў апавяданьні «Роднае карэньне», апавяданьні бытавога характару. І там студэнт Архіп, папаўшы ў родную вёску пасьля колькігадовага жыцьця ў горадзе, шукае адказу на вечнае пытаньне: «адкуля ўсё і што яно?» Тое ж параскідана і шмат дзе па другіх творах Гарэцкага («Таёмнае» — «Зборнік Наша Ніва», 1920).

Але Гарэцкі — лішне моцны, лішне жывы чалавек, каб паддацца такім адчайным, безнадзейным настроям. Жывое жыцьцё голасна кліча яго, яго кліча жывая праца людзей.

«О, досыць мне, досыць мне, даволі ўжо... — так канчае ён рагледжаную ўжо вязанку імпрэсій «Што яно». — Што я пішу? Людзі сьмяяцца будуць. Усе будуць сьмяяцца зь пісаньня майго: і таварышы-студэнты, што беларусам з-пад пушчы завуць мяне, і таварышы хлопцы-шахцёры, што прыйдуць к Міколе Вясеньняму зь Юзаўкі і, пачуўшы ад мяне песьню маю адвечную, скажуць мне: «Ці ня ходзіш ты часам і маліцца за асець? Заплесьнеў ты ў Багацькаўцы... Пойдзем увосень да Юзаўкі, пабудзеш паўвярсты пад зямлёю, паламаеш каменьня — забудзешся троху на чартаўню сваю, радзенькі будзеш выпіць, закусіць ды на кірмаш пайсьці. Вясёлы будзеш...»

А дзед Яхім, запраўдны Сын Зямлі, вуснамі народу дае Архіпу-студэнту на разьвітаньне такі наказ («Роднае карэньне»):

«Бачу я, крэпка ў табе роднае карэньне наша. (...) Першае, што скажу я табе, гэта — чытай, галубец, у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі... Споўніш гэты загад — у жыцьці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба. І ніякая, братка, чартаўня, ніякія думы чорныя ня змогуць цябе. А другое: часьцей у роднае гнязьдзечка залятай, дык ня будзе яно здавацца табе страшным, і не пабяжыш ты, спужаўшыся, уцякаць ад яго, калі часам пачуеш ад каго дурнога або цёмнага і скрыўджанага нараканьні няправедныя, нахабшчыну на справу і працу тваю. А яшчэ дадам: не забывай ты ў горадзе, дайжа ў добрай таварыскай бяседзе за салодкімі напіткамі ды смашнымі дарагімі стравамі, не забывайся ты запытаць у сябе: «А можа, цяпер у каго скарынкі хлеба няма?» І ведай тады, што адным енкам ды стагнаньнем бядзе людзкой не дапаможаш... Помні, што каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самаго затопчуць...»

Гарэцкі вельмі добра адчувае, што значыць адарвацца ад «роднага карэньня». Гэта ж нацыянальная сьмерць, а мо і сьмерць духовая! «Добра ж і студэнту забыцца на думы гарадзкія — сівыя, паэзіяй народу роднага пачаставацца, душу засмучоную ажывіць», — кажаць Архіп. А ў гутарцы паміж бацькам Архіпавым і старым дзедам Яхімам разьвіваецца шырока народны пагляд на тое ж «роднае карэньне», на тую сілу, якую апошняе даець сялянскай моладзі ў жыцьці ў месьце.

Гарэцкі з поўнай сьвядомасьцю дзяржыцца за роднае карэньне, але не заплюшчавае вачэй і на тое, як трудна выйшаўшаму з народу інтэлігенту захаваць лучнасьць з роднай вёскай. Ён, ведама, ня кажа аб тых прычынах, якія вядуць на разрыў з усім родным людзей безыдэйных, самалюбных кар’ерыстаў. Не: і для людзей ідэйных, і для каморніка Кліма Шамоўскага («У лазьні») ня лёгка пагадзіць свае шырокія тэорыі і ідэалы зь цемнатой народнай, ня лёгка ім, людзям болей або меней цывілізаваным, датарнавацца да сялянскага быту, ад якога яны пасьпелі адвыкнуць. — «Запанеў», — так кажуць сяляне, бачучы ўсё гэта. Такія несправядлівыя закіды балюча б’юць Кліма, ён горка жаліцца на іх, але ўраз жа знаходзіць апраўданьне сваім вясковым братом:

«Скуль жа ведаць гэтаму старому вяскоўцу, «прыгоньніку» Мікіце, што ён, Клім, вучыўся не дзеля таго, каб «заграбаць» грошы, што ён іншы, што ён жа не чураецца вёскі, любіць яе і шануець як родны сын, што ён хоча кіравацца ўсімі сіламі, каб бачыць яе цьвярозай, сьветлай, здаволенай жыцьцём ды сумленьнай, што ён «запанеў», але зусім ня так, як думаець Мікіта... І лацьвей ім, — думаў Клім далей, — страляць у вочы «запанеў», ведаючы вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хай бы яны пабачылі боль сэрца і смутак душы ў мяне, прымача ў «панстве» і пасынка вёскі, і яны лепей паехалі б з сахою на родныя палеткі, чымся, адарваўшыся ад дзядоўскіх сяліб, вісець у новым і невыразным паветры...»

Гарэцкі, дзякуючы сваей духовай сіле, пабедна выходзіць з усіх спроб, якія стаўляюць яму жыцьцё і яго злыбеды, — выходзіць пабедна і ў літаратуры, і ў сваім асабістым жыцьці: ён не адрываецца ад роднага карэньня, хоць брат-мужык часта і крыўдзіць яго, і бывае несымпатычны...

* * *

Народ беларускі, як народ зь вельмі прымітыўнай, захаваўшай усю чыстату сваю душой, перажывае ўсе пачуваньні вельмі глыбока і востра, аддаецца і нянавісьці, і любві ўсей сваей істотай. Але той, хто пераходзіць у стан інтэлігенцкі, той у гэтым ужо не падобен да народу. Гарэцкі вельмі добра прыкмеціў гэта і даў гэтаму мастацкае выражэньне. З гэтага боку заслугуе на асаблівую ўвагу галоўнае апавяданьне зборніка «Рунь» пад тым жа назовам.

Уладзімір З. піша да самога сябе:

«Ад маткі ў песьнях, у сьлёзах, у стагнаньні; ад бацькі ў рабскай маўклівасьці, у злых словах, у кляцьбе дзяцёнак ўбіраець у душу нянавісьць і страшэнную імсьцівасьць да паноў... Ах! Што б зрабіў ён, сын мужыцкі, усім!

Добра.

Ты, Уладзька, сын народу. Колькі ты змалку бедаваў! Колькі ты ўсякага ліха мысьліў, колькі краў сэрцам ад зласьлівасьці на паноў! Ах, каб меў сілу над панамі! У порах, у пыл!..

Тады шчэ не чытаў ты кніжак, недалужка Уладзімірка, і не хварэў хваробамі інтэлігента.

Добра, і вось ты цяпер — інтэлігент. А! Рука твая не паднімаецца на заклятых ворагаў тваіх. Ты баішся дайжа, каб людзі не даведаліся аб думках маленства твайго. Ты пішаш толькі «да самога сябе». Крый Божа — даведаюцца «інтэлігенты», што на душы ў цябе! Стыдненька табе! Стыдненька, што пакляўся са сьлязьмі сам сабе зарэзаць, як вырасьцеш, аб’ездчыка за тое, што ня толькі садраў у ляску хустку ў маткі твае за ягады, але і бізуном даў, і гідкім, страшным словам зьняважыў яе, маму, пры табе, дзіцёнку сінявокім...»

Тое ж, што і зь нянавісьцяй, робіцца ў інтэлігента зь вёскі і з каханьнем: яно нейкае мляўкае, неглыбокае («Красаваў язьмін», «У чым яго крыўда»), а часамі робіцца нечым чыста скацінным, робіцца прадметам куплі-прадажы, найбольш паганым відам распусты (прыкл., «Мутэрка» — «Наша думка», 1921). Гэта — агульнае зьявішча. Вялікая любоў можа нарадзіцца толькі ў вялікай душы, толькі ў душы таго «новага чалавека», якога Гарэцкі стараецца нарысаваць нам у пастаці таго ж Уладзіміра З., якога любоў адраджае, падымае з стану зьнемажэньня, нецікавасьці да жыцьця, зьняверыя ў ідэю і свой народ. У заметках «да самога сябе» Уладзімір гаворыць аб самагубстве, хоча кінуць усялякую ідэйную працу, піша горкія словы зьняверыя ў беларускую справу. Але вось ён сустракае дзяўчыну — дачку багатых і ганорных паноў, Ядзю, каторая горача палюбіла яго, палюбіла і яго справу, яго ідэю. Яна, апалячаная ад некалькіх пакаленьняў, узгадаваная ў пагардзе да беларускага «мужыцкага» народу, разам празь любоў адрадзілася — і духова, скінуўшы з душы путы становых забабонаў, і нацыянальна, пачуўшы ў сабе кроў дзядоўбеларусаў. І Уладзімір пад гарачым дыханьнем гэтае вялікае любві сам адраджаецца, стаецца запраўды «новым чалавекам» і разам зь Ядзяй кідае родны край, каб недзе за морам долю каваць. «К жыцьцю!» — вось кліч гэтага «новага чалавека».

На вялікі жаль, Гарэцкі тут нічога ня кажа аб «новым чалавеку». Ён толькі падыходзіць да яго, яшчэ сам яго шукае і думае, што Уладзімір — ягоны ідэал — станеццатакім. Але бліжэйшых рысаў яго мы ня бачым: можам толькі дагадацца, што Уладзімір і Ядзя будуць каваць долю ня толькі сабе, але і свайму народу (— хоць і няведама, чаму дзеля гэтага трэба было ўцякаць ажно ў Амэрыку!!!).

Мы зачапілі ўрэшце і беларускую справу, — тую справу, для якой жыве і працуе сам Гарэцкі, якой шчыра аддае свае сілы, свае здольнасьці, свой талент. На ёй, на адносінах да яе мы затрымаемся ў канцы, а цяпер разгледзім два вялікшыя творы Гарэцкага: «Антона» і «Дзьве душы».

* * *


Абодва — гэта повесьці. І з гэтага боку яны асабліва для нас цікаўны: пад той час, як у дробных апавяданьнях Гарэцкі дае нам паасобныя рысы характару сваіх герояў, повесьць павінна абрысаваць суцэльныя тыпы, прадстаўленыя ўсестаронна, павінна вывясьці гэтыя тыпы так, як іх вытварае жыцьцё, — значыць, у прычыннай сувязі з жыцьцёвымі варункамі. У повесьці больш, чым дзе, можа і павінен выявіцца агульны сьветапагляд аўтара, яго пагляды і ідэалы — да канца.

«Антон» напісаны ў пачатку 1914 г., але выйшаў з друку ў 1919 годзе. Гэта — гісторыя жыцьця і сьмерці селяніна з глухой вёскі, Антона Жабона, у якім сабраны як быццам усе містычныя настроі і перажываньні беларускага сялянства. Гэта зборнасьць робіць з Антона тып хваравіты, зусім няздольны да жыцьця і змаганьня за свой быт. Але тып сам па сабе жыцьцёвы, апраўданы варункамі свайго разьвіцьця. Справа ў тым, што бацька Антона, Аўтух Жабон, — гэта адзін з найбольш нягодных тыпаў, якія сустракаюцца ў народзе: тып панскага слугі (ён — лясьнік), каторы крыўдай людзкой выслугоўваецца свайму гаспадару дый сам таго ж гаспадара абкрадае. Аўтух — п’яніца, чалавек без сумленьня і бяз сэрца. Яго кляне ўся вёска. Усе пагарждаюць ім, адварочваюцца ад яго, як ад ліхога сабакі. І вось, сын яго, Антон, узросшы ў такой атмасфэры п’янства, бязглуздасьці і зьдзеку над сваім жа братам-мужыком, выяўляе сабой поўную процілежнасьць бацьку. Ён — гэта увасабленьне рэакцыі проці ўсіх злачынстваў Аўтуха. Ён змалку дзён хворы на гіпэртрафію, перарост маральнага пачуцьця і рэлігійнасьці. Антон — глыбока веручы чалавек, але на кожным кроку сустракаецца зь недаўменнымі пытаньнямі, якіх ні царква, ні вера ня можа разьвязаць. Ён хоча быць добрым да бацькі як да таго, хто даў яму жыцьцё і каго царква кажа любіць і шанаваць. Але ў яго душы няма пашаны для нягодніка Аўтуха. І Антон мучыцца гэтым і пачынае прост ненавідзець бацьку свайго. На дабро, на ласкавае слова праведніка Антона Аўтух адказвае насьмешкамі і зьдзекам. І вось прыходзіць крытычны мамэнт: у царкве на пропаведзі Антон чуе, што дзеці і ўнукі алькаголікаў — гэта людзі, як быццам напярод засуджаныя жыцьцём, што яны ўжо родзяцца няўдалымі і нікчэмнымі, што іх жыцьцё — адна пакута... Яго схапіў жах за сваіх двое дзетак: гэта ж унукі Аўтуха — п’яніцы і нягодніка! Значыць, яны, ні ў чым невінаватыя, маюць пакутаваць за грахі дзеда?! Не! Лепей ужо сьмерць, чымся такое жыцьцё! І праведнік Антон даходзіць у сваей багабойнасьці да рэлігійнага ізуверства: ён, каб не памнажаць грэху празь дзетак сваіх, перарэзвае горла сыну свайму, маленькаму Іваньцы, і сабе самому. А жонка Антонава, загнаная і забітая цесьцем, ад гора вар’яцее. Крывавая ахвяра Антона прабудзіла і закамянеўшае сэрца Аўтуха: ён кідае старое жыцьцё, каецца і з маленькай унучкай-сіроткай ідзе ў старцы, каб замаліваць свае цяжкія грахі...

У повесьці «Антон» Гарэцкаму ўдалося вельмі добра нарысаваць тыя варункі, у якіх жыве беларускі селянін. Рысунак верны, праўдзівы, а ілюзія праўды становіць меру мастацкага пачуцьця аўтара. Добра схарактарызаваны і адносіны паноў да нашага сялянства: яны ніяк ня могуць убачыць у мужыку чалавека, роўнага ім, здольнага да такіх перажываньняў, якія знаёмы інтэлігенту. І, судзячы з апошніх сцэнак (повесьць напісана часьцю ў форме драматычнага твору), аўтар як быццам паставіў сабе спэцыяльную мэту: паказаць, якія глыбокія, якія зложныя перажываньні гнязьдзяцца часамі пад шэрай сялянскай сьвіткай беларуса.

Паскольку першая повесьць Гарэцкага раскрывае перад намі толькі адзін бок народнае душы: яе містычныя перажываньні, пастольку другая — «Дзьве душы», якая выйшла у сьвет цераз два гады пасьля «Антона» (у 1920 годзе), уваходзіць у другую сфэру жыцьця: нацыянальна-грамадзкую.

Самая завязка повесьці — гэта дужа цікаўная праблема, хоць наагул у літаратуры ня новая. Мамка-сялянка, кормячы ў двары панскае дзіця, хоча даць свайму роднаму сыну «шчасьлівую» будучыну, замяняе ў калысцы дзяцей, і гэтак сялянскі сын узгадоўваецца на «пана», пад той час як паніч расьце на «мужыка». Якая цікаўная і ўдзячная задача для аўтара: прасачыць, як адаб’ецца на душах абодвых дзяцей перамена іх сацыяльнага палажэньня, якія плады дадуць асаблівыя зачаткі іх духовага ўкладу на чужой глебе? Аднак гэту праблему Гарэцкі разьвязавае толькі напалавіну: ён аналізуе і абрысоўвае больш выразнымі штрыхамі толькі «мужыка ў панох», Абдзіраловіча, прапускаючы гэткую добрую магчымасьць разьвіць псыхалёгію Васіля — «пана ў мужыкох», і абмяжоўваецца адно некалькімі мамэнтамі.

«Дзьве душы», аб якіх чытаем у загалоўку кніжкі, — гэта «двудушнасьць» галоўнага героя повесьці, Абдзіраловіча. Узгадаваны на «пана» вясковы хлопец ня можа знайсьці цьвёрдага грунту, на каторым мог бы стануць. Яго прыцягвае да сябе і ўсенародны выбух Рэвалюцыі — барацьба за волю тых мас, зь якімі ён зьвязаны крывёй, хоць спачатку сам аб тым ня ведае; прыцягваюць і белагвардзейцы з такімі страшэнна сільнымі, але панурымі і агіднымі тыпамі, як Гарэшка, — і буржуазнае грамадзянства з такімі праўдзівымі красачкамі, як Аля, ды з усімі сваімі хібамі і недахваткамі, лішне добра вядомымі Абдзіраловічу. Але ні на адзін, ні на другі бок ён «самавызначыцца» ня можа: ён так духова расхлябаны, што ня мае ні сілы, ні ахвоты зрабіць нейкі выбар. Ня можа яго захапіць да канца і той новы элемэнт народнага руху, які становіць беларускае нацыянальнае адраджэньне, — хаця аўтар прымушае ўвесь час ждаць якогась пералому ў нацыянальным кірунку (думкі ў дарозе едучы, на вёску). Да такога пералому Абдзіраловіч не дайшоў і, нягледзячы на ўсю тую завіруху, у якой ён жыве, нягледзячы на прызывы і крыві, і ўсіх лепшых элемэнтаў, зь якімі яму даводзіцца сустракацца, і так мілай яму дзяўчыны (Іра), ён так і астаецца да канца чалавекам калекім, расхлябаным, нікчэмным, ня маючы пад сабой ніякага грунту, ні ідэі. Сам аўтар на апошніх страніцах дае яму суровы прысуд вуснамі вучня-агітатара Сухавея (у гутарцы з вучыцелькай Ірай): «Што? ён казаў вам, што мае «дзьве душы»?.. І вы яго бароніце? Дарма! Гэта ня «дзьве душы», а гэта... гэта... гэта расхрыстанасьць, разьлезласьць, мяккацеласьць... нешта для мяне гідкае, сьлізкае. Гэтыя вырадкі губяць бацькаўшчыну, як і ўсякія ворагі-чужынцы... Эт, дрэнь...» Нават прызнаньне паміраючай мамкі, што ён — ня панскі сын, а яе роднае дзіця, ня здолела вывесьці героя повесьці з апатычнага, як быццам вэгетацыйнага стану. Разьвязка праблемы прышчэпкі «мужыцкага» дзічка на «панскім» дрэве больш чым ясная: гвалтоўна адарваная ад «роднага караня» душа Абдзіраловіча абясьсілела ад інтэлігенцкіх хваробаў, і — дзічок завяў.

Побач зь ідэйнымі блуканьнямі галоўнага свайго героя Гарэцкі дае абразы жыцьця краю ў той час, як валіліся фундамэнты старое Расеі, і падыходзіць да тых сяўцоў беларускае нацыянальнае ідэі, што для яе аддаюць усе свае сілы, сваё шчасьце, сваю волю. І Мікола Канцавы, і горы-горацкі вучань-агітатар Сухавей, і вучыцелька Іра Сакавічанка — гэта зусім жывыя, здаровыя і затым такія сьветлыя, такія мілыя тыпы, што мімаволі вызываюць шчыры спогад да іх перажываньняў, іх гора і працы. Яны — антытэза духова калекаму Абдзіраловічу; яны нясуць той штандар, на службу катораму аўтар дарэмна заклікае Абдзіраловіча. Яны — гэта сіла і будучына народу, запаведзь «новага чалавека». Яны ні перад чым не затрымаюцца і дойдуць туды, куды рвуцца ўсімі сіламі свае душы! На іх з такой шчырай прыемнасьцю затрымліваецца думка і як быццам купаецца ў чыстай, халоднай крыніцы!..

Повесьць Гарэцкага, нягледзячы на яе даволі сур’ёзныя недахваткі, цікаўная галоўным чынам як адбіцьцё беларускага жыцьця ў пачатку бальшавіцкага перавароту. Яна першы раз раскрывае багацьце гэтага жыцьця, раскрывае духовае хараство барцоў за беларускую нацыянальную ідэю, аб каторых шырэйшае грамадзянства йшчэ так страшэнна мала ведае і мо такжа мала іх цэніць...

* * *

Хаця пасьля повесьці «Дзьве душы» Гарэцкі напісаў яшчэ шмат апавяданьняў, ён у іх (прынамся у тых, якія нам ведамы), бадай, што нічога новага ня ўнёс. І можам на гэтым закончыць агляд яго твораў і перайсьці да таго пытаньня, якое мы раней толькі мімаходам закранулі: да пытаньня нацыянальнага.

Беларуская нацыянальная справа, справа нацыянальнага адраджэньня беларускага народу — гэта найважнейшы догмат грамадзкае рэлігіі Гарэцкага. Мы ўжо бачылі, як у асобах герояў дробных апавяданьняў Гарэцкі падыходзіў да гэтага пытаньня; мы бачылі, якімі нязвычайна сьветлымі выходзяць у яго тыпы байцоў за беларускую справу ў ягоных «Дзьвюх душах». Мы бачылі ўрэшце, што Абдзіраловіч, якому жыцьцё давала вельмі шырокі прастор да творчае працы, гібее як нешта лішняе, непатрэбнае, бо не дасьпеў да ўразуменьня беларускае ідэі, бо не здалеў захапіцца ею. А побач Антон Жабон, які ўзьбіўся на аднабокі, нежыцьцёвы шлях містыцызму, плаціць за гэта сваей крывёй і крывёй свайго сына. І мы бачылі, што той, хто, паводле Гарэцкага, можа стацца «новым чалавекам», — Уладзімер З., — у аснову свайго адноўленага жыцьця кладзе працу для беларускай справы. Ідэя аб «новым чалавеку» і аб справе беларускай у Гарэцкага зьліваюцца ў вадно. І гэта, бадай, адзіная канкрэтная рыса, якой наш пісьменьнік надзяляе свайго «новага чалавека»; побач з клічам «к жыцьцю!» — гэта вычэрпвае ўсю канцэпцыю «новага чалавека». Тыпы Гарэцкага, якія запраўды падбліжаюцца да «новага чалавека», заўсёды ледзьве-ледзьве абрысованы некалькімі штрыхамі. Паўторым: Гарэцкі шукае «новага чалавека», толькі нашчупвае яго, але да яснага прадстаўленьня аб ім дагэтуль не дайшоў. Паадзінокія рысы не даюць цэласьці сынтэзу «новага чалавека».

Тут гожа адзначыць, што сувязь паміж беларускай адраджэнскай ідэяй і ідэяй «новага чалавека» ў Гарэцкага абаперта на тым, што Гарэцкі сам вырастаў духова адначасна з ростам у яго душы нацыянальнае сьвядомасьці. Ён, як сам кажа, усьведаміўся самастойна, разьвіўшы падсьвядомае пачуцьцё сваей нацыянальнай прыналежнасьці (— а яно безумоўна было падсьвядомым у часе дэклямаваньня «Тараса на Парнасе» і ўжываньня «мужыцкае» мовы!) да поўнага ўразуменьня ідэі і актыўнай працы для яе. Праходзячы ўсе этапы культурнага росту, Гарэцкі разам з тым перажыў і ўсе этапы разьвіцьця беларускае ідэі.

Але рост духовае культуры не канчаецца з уяўленьнем сабе нацыянальнае ці якое іншае вялікае Ідэі. І сам Гарэцкі, а зь ім і ягоныя героі, будуць яшчэ далей расьці і разьвівацца духова, хоць беларускай ідэяй яны праняліся да канца, хоць мо ў ёй ужо мала для сябе новага здалеюць выкрыць. Безумоўна, да «новага чалавека» дарога йдзе праз паглыбленьне свайго духовага Я, праз узбагачваньне сваей душы. А з скарбаў ДУХА, калі не нарадзіўся, дык народзіцца і шуканы Гарэцкім, дый не адным толькі ім, запраўды новы чалавек-беларус, аблічча якога знойдзе закончаны абраз у творах нашых мастакоў слова.