Праблемы красы й мастацтва ў творах Максіма Багдановіча

Максім Багдановіч: У дзясятыя угодкі сьмерці Яго Праблемы красы й мастацтва ў творах Максіма Багдановіча
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
12 студня 1927
Крыніца: Родныя Гоні. 1927. Кн. ІІІ.
Ідэоляг народнае інтэлігенцыі: Максім Гарэцкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Публічная лекцыя

«Песьняром Чыстае Красы» назваў аўтар гэтых радкоў Максіма Багдановіча, калі першы спасярод беларускіх крытыкаў наважыўся даць ацэнку ягонага «Вянка» на страніцах «НАШАЕ НІВЫ» 15 гадоў назад. І гэтае імя, дадзенае тады нашаму незабытаму Служцы Красы, сустрэла агульнае прызнаньне і перайшло ў гісторыю беларускае адраджэнскае літаратуры.

Бо ж і праўда: ніводзін зь беларускіх паэтаў ня выявіў такой сьвядомасьці ў шуканьні КРАСЫ, ня выявіў такога шчырага пакланеньня ёй, як Максім Багдановіч. І, творачы новую КРАСУ сваімі вершамі, Багдановіч у цэлым радзе сваіх твораў фармуляваў свой погляд на асноўныя, ніколі не ўміраючыя, заўсёды актуальныя і жывыя праблемы КРАСЫ І МАСТАЦТВА.

Што ж такое КРАСА, што такое МАСТАЦТВА? — Каб гаварыць аб поглядах Багдановіча на гэтыя праблемы, трэба перш самім сабе здаць справу з таго, як мы глядзім на іх, пад якім кутом гледжаньня будзем аналізаваць думкі нашага пісьменьніка.

* * *

Усё жывое існуе і прадаўжае ў бесканечнасьць існаваньне свайго роду і віду дзякуючы магутнаму інстынкту, які, злучаючы два розныя полы, робіць магчымым РАЗМНАЖЭНЬНЕ. Чым вышэйша ступень разьвіцьця данага віду, тым багацейшыя і тыя формы, у якіх выяўляецца гэны разродчы інстынкт. Да акту, які мае на мэце прадаўжэньне роду чалавечага, пабуджае сучаснага цывілізаванага чалавека незвычайна зложнае, асаблівае пачуцьцё: гэта — ЛЮБОЎ.

Але ЛЮБОЎ далёка перарасла межы свайго пачатнага службовага назначэньня. Яна родзе гэтулькі цудоўных, захопліваючых усю нашу істоту настрояў і перажываньняў, што ЛЮБОЎ сталася для нашае сьвядомасьці як быццам САМАМЭТАЙ, нечым непрыраўнальна вышэйшым за самае нашае існаваньне, за нашае жыцьцё — як адзінкі, так і ўсяго роду.

КРАСА, так багата й шчодра рассыпаная ўва ўсёй ПРЫРОДЗЕ, гэта — СТЫМУЛ, ПАБУДЗІЦЕЛЬ да ЛЮБВІ. Шматфарбныя крылцы матылька, хвост павука, які пераліваецца ўсімі калёрамі вясёлкі, гордая грыва льва, таксама, як песьні салаўіныя і токі глушцовыя, — усё гэта спосабы прывабліваньня другога полу, усё гэта — пабудзіцелі да ЛЮБВІ. Тое ж самае бачым і ў чалавека: хараство цела ён ужо сьвядома стараецца павялічыць штучнымі аздобамі, і гэта сустракаем у найдаўнейшыя пэрыяды існаваньня чалавека на зямлі. Але не адна толькі КРАСА ФІЗЫЧНАЯ іграе гэткую ролю: мо йшчэ больш магутную прывабліваючую сілу паміж рознымі поламі бачым мы ў духовых праявах чалавечага Я — у КРАСЕ ДУХОВАЙ.

У меру таго, як паняцьце КРАСЫ пашыралася і паглыблялася, робячыся ўсё больш і больш зложным, з КРАСОЙ сталася тое самае, што і зь ЛЮБОЎЮ. Бо ж і КРАСА ўтраціла сваю пачатковую ролю — ролю службовую выключна адносна да любві і размнажэньня. Яна абняла ўвесь жывы і нежывы, матэрыяльны і нематэрыяльны сьвет і яго праявы. Чалавек пачаў шукаць і знаходзіць яе ўсюды. Яна сталася для сваіх адэптаў — САМАМЭТАЙ.

Але пачатковая адзнака КРАСЫ: буджэньне расплоднае сілы ўсяго жывога — ня счэзла ў сувязі з гэтым. Наадварот: буджэньне нашых творчых сіл выйшла за межы так званае ФІЗЫЧНАЕ ЛЮБВІ, абняло ўсе магчымыя кірункі нашага духовага самавыяўленьня, творчасьці нашага ДУХА, нашае МЫСЬЛІ. Так званая ЭСТЭТЫЧНАЯ ЭМОЦЫЯ, якую выклікае ў нас КРАСА, і ёсьць ня што іншае, як від магутнага ДУХОВАГА ЎЗДЫМУ, аналягічны зь любоўным экстазам, ёсьць перадусім ПАВЫШЭНЬНЕ ў нас так званага ЖЫЦЬЦЁВАГА ТОНУСУ. І ў гэтым — найбольш істотная і неад’емная рыса КРАСЫ. Што не дае нам гэнага духовага ўздыму, што не павышае нашага жыцьцёвага, тонусу, гэта — не краса. Сіла ж павышэньня жыцьцёвага тонусу зьяўляецца запраўднай мерай эстэтычнае эмоцыі ад КРАСЫ.

Такое разуменьне КРАСЫ абыймае і найнавейшую ПРАЦОЎНУЮ ТЭОРЫЮ паходжаньня МАСТАЦТВА: усялякае МАСТАЦТВА, інтэгральную частку якога прадстаўляе КРАСА, запраўды ж мусіла і мусіць нам ПАМАГАЦЬ У ПРАЦЫ, бо эстэтычная эмоцыя, якую дае нам мастацтва, павышаючы ў нас жыцьцёвы тонус, гэтым самым павышае і нашу здольнасьць да ТВАРЭНЬНЯ — да ПРАЦЫ.

Але такі ўплыў робіць КРАСА ня толькі на таго, хто ці то глядзіць на яе, ці іншымі спосабамі яе ў сябе ўбірае: яна дае мо йшчэ больш багатыя эстэтычныя эмоцыі таму, хто яе ТВОРЫЦЬ. І ўсялякае МАСТАЦТВА — гэта ёсьць такое САМАВЫЯЎЛЕНЬНЕ, у аснове якога ляжыць няўхільна элемэнт КРАСЫ ды якое дае эстэтычную эмоцыю і ТВАРЦУ, і таму, хто пазнае творства мастака. Дык з поўным правам мы можам паўтарыць словы выдатнага францускага мысьліцеля-эстэта М. ГЮЙО: «Адчуваць у сабе жыцьцё — вось аснова ўсякага мастацтва і ўсякае прыемнасьці. А ў роўнай меры дае здаваленьне і эстэтычна прыемна вонкавае выяўленьне ўнутранага жыцьця».

* * *

Мы вывелі гэтае азначэньне КРАСЫ і МАСТАЦТВА, так сказаць, генэтычным мэтадам, як найбольш рацыянальным пры разважаньнях аб зьявішчы, якое тварылася тысячалецьцямі. І з гэтым азначэньнем зусім згаджаецца погляд Максіма Багдановіча на асноўныя праблемы КРАСЫ і МАСТАЦТВА.

У першым творы ў прозе «Музыка», надрукаваным у «Нашай Ніве» ў 1907 годзе, Максім Багдановіч дае абраз магутнага ўплыву КРАСЫ на душу чалавека. Як і Гюйо, наш Паэта разглядае эстэтычную эмоцыю як УЗВАРУШЭНЬНЕ ЎСЯЕ ІСТОТЫ ЧАЛАВЕКА. Яно абыймае не якоесь адно чуцьцё, а ўсю душу, ды — залежна ад настрою — пабуждае дзеяльнасьць чалавека ў тым ці іншым кірунку.

«Жыў на сьвеце музыка. Многа хадзіў ён па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы. І плакала ў яго руках скрыпка, і такая была у яго граньні нуда, што аж за сэрца хапала…

Плачаць скрыпка, льлюць людзі сьлёзы, а музыка стаіць і выводзіць яшчэ жалосьней, яшчэ нудней. І балела сэрца, і падступалі к вачам сьлёзы: так і ўдэрыўся бы грудзьдзю аб зямлю ды ўсё слухаў бы музыку, усё плакаў бы па сваёй долі…

А бывала яшчэ й так, што музыка быццам вырастаў у вачох людзей і тады граў моцна, гучна: гудзяць струны, дзваніць рымка, бас, як гром, гудзіць і грозна будзіць ад сну і завець ён народ. І людзі падымалі апушчаныя галовы, і гневам вялікім блішчалі іх вочы…»

Так. Бо ж эстэтычная эмоцыя выклікае «ВЫРАСТАНЬНЕ» як тых, у кім яна збуджана, так і таго, хто гэтую эмоцыю сваім мастацкім творствам выклікае. І затым так горача адгукаліся на іграньне музыкі людзі, што слухалі яго, і сам ён вырастаў у іх вачох.

У гэтым уплыве на ўсю духовую існасьць чалавека — сутнасьць КРАСЫ.

КРАСА рассыпана ўсюды, — трэба толькі быць даволі чуткім на яе, трэба ўмець выкрываць яе. І наш Пясьняр дае яркі доказ гэтага.

…"На цёмнай гладзі сонных луж балота", між пачарнелых каранёў чарота, сярод плесьні і бруду, дзе «разводзіць гніль сьпякота», — расьцьвілі за сьнег бялейшыя чашачкі лілей. «Хоць там плыве парою сьлізкі зьмей, і ржаўчына ляжыць, як пазалота», — «а краскі ўсё ж ня робяцца гразьней». — «Цьвятоў расістых чыстую красу» ўзгадавала «смуроднай жыжкаю» топкае багно…

Вось дзе вырасла краса! І Багдановіч заканчвае свой санэт, у якім намаляваў гэты абраз, маліцьвенным заклікам,

…каб зь літоўнасьці стрымала

Тут сьмерць сваю нязвонкую касу

— у імя вырасшае з гнілі — красы.

У зграбным рандо ізноў апісвае наш Паэта красу, каторую «зьявіла гразь луж»: «вада балот, стаўкоў, вазёр» адбіла ў сабе частку зорнага неба. І хоць краса гэтая — толькі адбітак запраўднага хараства, якое родзе сьвятло, — Багдановіч ня можа моўчкі прайсьці міма яе, ня можа не ўвабраць у сваю чуткую душу гэты прыгожы абраз.

Але вышэй за гэныя абразы прыроды — КРАСА ДУХОВАЯ, якую носе ў сабе ЧАЛАВЕК. І з асаблівай любасьцяй Багдановіч шукае яе і выкрывае там, дзе мо ніхто іншы і ня пробаваў бы яе шукаць. Тут мы павінны адзначыць два вершы Багдановіча з цыклу «Мадонны».

Праходзячы ўлетку вясковай вулкай, Паэта спудзіў незнарок маленькага хлопчыка, які кінуўся па ратунак да свае нянькі-сястрычкі, дзяўчынкі гадоў васьмёх. І вось, — апавядае Паэта, — дабраўшыся, ў падолак разам зь ей

З трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй,

І як схіляецца ад ветру верх бярозкі,

Дзяўчынка к хлопчыку схілілася і, сьлёзкі

Сьціраючы яму, штось пачала казаць,

Каб заспакоіць плач, — зусім як быццам маць!

І саліваліся у жывы абраз ядыны

Той выгляд мацеры ды з облікам дзяўчыны —

Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,

Здавалася, была аж да краёў паўна

Якойсь шырокаю, радзімаю красою, —

І, помню, я на міг пахарашэў душою.

Багдановіч у вобліку гэнае вясковае дзяўчынкі — «упэцканай, і хілай, і худой» — дагледзеў тую высокую духовую красу,

… што Рафаэль вялікі

Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі.

І вось гэты прыпадкам дагледжаны ў вёсцы абразок, гэтая укрытая ў сялянскай дзяўчынцы духовая краса — так узварушылі Паэту, што ён лічыць апісаны прыпадак "лепшай страніцай у штодзёньніку жыцьця" і верыць, што ў цяжкі час — як магутная падтрымліваючая сіла — гляне на яго поўны хараства воблік гэнае дзяўчынкі.

Так дзеець запраўдная КРАСА.

Такі ж пробліск духовае красы улаўлівае Багдановіч і ў асобе Вэранікі, маладзенькай гераіні паэмкі, названае яе імем.

Хто ж і як можа выкрываць КРАСУ, якая ўтоена ўва ўсіх, бадай, праявах жыцьця? — На гэта, ведама, трэба быць мастаком, але і мастаку КРАСА не даецца так проста: і мастак можа выявіць КРАСУ толькі СЬВЯДОМАЙ ПРАЦАЙ.

Ведама, запраўдны мастак мусіць мець у сабе — побач з творчымі здольнасьцямі — вялікае духовае багацьце, каб было што выяўляць у ягоных творах. "Пекна сьпяваюць і жабы", — кажа ў адным вершу Багдановіч, гаворачы аб творчасьці паэты; але гэта — ня тая КРАСА, ад якое — як кажуць — душа расьце ў чалавека. Сваю ўласную духовую КРАСУ, таксама, як і ўбіраную з вонкавага сьвету, мастак працай сваей узьвялічае. І трэба думаць, што наш Паэта меў наўвеце перадусім самога сябе, калі ў ведамай сваей «Эпістоле» да п. Ластоўскага выступіў у абароне Сальеры, прадстаўленага Пушкіным у вельмі благім сьвятле ў драме «Моцарт і Сальеры».

«… здаецца мне, што тут

Сальеры атрымаў несправядлівы суд»,

— кажа Багдановіч і дае вельмі характэрны для яго самога аналіз творства Сальеры:

Халодным розумам праняўшыся, натхненьне

Ён мусіў тым губіць, — так кажа абвіненьне.

Сальеры ў творчасьці усё хацеў паняць,

Ува ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць,

Абдумаць спосабы, і матэр’ял, і мэту, —

І горача любіў сваю сьвядомасьць гэту.

У творчасьці яго раптоўнага няма.

Аснова да яе — спакойная дума.

Але, але… Аднак, што шкодзіць тут натхненьню?

Прыемнае дае Сальеры уражэньне.

Падобны зьнічцы ён: у іскрах, над зямлёй,

Яна ўзразае змрок лукою залатой,

Гарыць, бліскучая, ўся у агню нясецца,

А ў глыбіні сваёй халоднай астаецца.


Уменьне да ігры Сальеры здабываў

Празь мерны нудны труд; ці спраўды забіваў

Ён гэтым талент свой, як бачна з думак драмы?

Адкажа йскрыпка вам. Стаката, фугі, гамы

Шмат год калісь на ёй Сальеры вывадзіў

І моцна йграньнем тым іскрыпкі зык зьмяніў.

Ямчэй яна гудзіць. Пявучых згукаў сіла

Праз доўгія гады яе перарабіла,

І тымі сьпевамі уся напаена

Навекі чулаю зрабілася яна.

Няўжо ж душы жывой маглі бы зыкі сьпева

Ў Сальеры не зьмяніць, калі зьмянілі дрэва?!

Не! Працай гэтаю сябе ён разьвіваў.

Сальеры — верны раб, каторы не схаваў

Свой талент у зямлю. Хай судны час настане, —

Спакойна Музе ён і проста у вочы гляне,

І будзе за любоў да здольнасьці сваёй

Апраўдан Музаю і ўласнаю душой!

* * *

Так робіш ты, дума, і у паэта

Красьнейшым кожны твор. Прывет табе за гэта!

Ня менш выразна выказаў Багдановіч свой погляд на ТВОРЧУЮ ПРАЦУ мастака ў хораша стылізаваным на старадаўны лад «АПАВЯДАНЬНЮ АБ ІКОНЬНІКУ І ЗАЛАТАРУ, ЛЮДЗЯХ МУДРЫХ І КРАСАМОЎНЫХ, КНІГАЛЮБЦАМ НЕЙКІМ ДЗЕЛЯ СЛАВЫ БОЖАЙ ДЫ РАЗМНАЖЭНЬНЯ ДАБРА ПАСПАЛІТАГА ВЫКЛАДЗЕНЫМ». Між Іконьнікам і Залатаром у слаўным месьце Вільні ідзе гутарка аб тых навінах у мастацкай працы, што йдуць у Беларусь з Захаду — у сувязі з маляваньнем Сальваторам Розай фрэскаў на сьценах цэркваў полацкіх, аб чым ужо дайшлі весткі ў сталіцу. Іконьнік стаіць на пункце гледжаньня старое школы, якая маляваньне сьвятых абразоў за службу божую ўважала, не на выкананьне, а на зьмест сьвяты ўвагу зварачаючы. Залатар — паклоньнік поступу ў мастацтве. — «…думку, быццам ікона ўсягды вялікшую вартасьць ад іншага маляваньня мае, я за несправядлівую мушу ўважаць, — кажа ён. — Бо ня тое, каго майстар малюе, а толькі тое, як ён гэта робіць, толькі здольнасьць і ўлежнасьць яго могуць малюнку хвалу і каштоўнасьць надаваць». І, дастаўшы із скрыні дзьве срэбныя сьвечніцы, за прыклад іх падаў, гаворачы: «Роўную яны вагу маюць і з таго ж самага срэбра адліты былі, але ўсё ж такі адна зь іх у семкроць больш другой каштуе, бо аздоблена з умеласьцю надзвычайнай. Водлуг жа таго, што ўмеласьць і здольнасьць тыя толькі ў выглядзе рэчы, або, як іншыя цяпер кажуць, у форме яе зьявіць можна, прызнаць мы мусім, што каштоўнасьць вырабаў прыгожых адно толькі праз красу іх форм узрастае, і толькі красою форм каштоўнасьць тую мерыць можна». Так на творчай ПРАЦЫ ўсё мастацтва сваё будаваў і Багдановіч, бо не было ў ім тэй выбуховай творчай сілы, якой надзяліла прырода мо шчасьлівейшых за яго слуг Красы, што занялі першае месца на нашым Парнасе, як Купала і Колас, каторым так назьдзіў лёгка ўсе даецца…

Што ж дае чалавеку ўзамену за ТВОРЧУЮ ПРАЦУ, за ТВОРЧЫ ВЫСІЛАК і МУКІ ТВАРЭНЬНЯ — твораная ім КРАСА?

Максім Багдановіч у гэтым пытаньні рэзка разыходзіцца з англійскай школай эстэтаў другое паловы XIX сталецьця (Спэнсэр, Грант-Ален), якая зачатак красы бачыць у ЗДАВАЛЕНЬНІ ад дасягненае КАРЫСЬЦІ. Паводле думкі Багдановіча, КРАСА па-за эстэтычнай эмоцыяй, якая павышае ў нас жыцьцёвы тонус, не дае ніякае іншае карысьці. Вось як гаворыць аб гэтым сімвалічна наш Паэта ў маленечкім васьмірадковым вершыку свайго «ВЯНКА»:

Сеў хлопчык з шкляначкай ля вулічнага ганку

І выдувае з мыла пузыры.

Вясёлкаю гараць яны у зіяньні ранку,

Узьлятаючы ў паветра дагары.


І, заварожаны шматфарбнаю красою,

Са спрытнасьцю і хцівасьцю ката

Хапае хлопчык іх няжорсткаю рукою,

А застаецца ў ёй — адна слата.

Хто не здаволіцца ЗАВАРОЖАНЬНЕМ АД КРАСЫ, хто выцягне руку па нейкую КАРЫСЬЦЬ, той і красу і загубіць, і карысьці не дасягне. Такі сэнс вершыка…

Але йшчэ больш выразна выказвае Багдановіч свой погляд на гэтае пытаньне — некалі такое спрэчнае (спрэчка паміж англійскай школай і францускай) — у сваім «АПОКРЫФЕ», як быццам запраўдным ЭВАНГЕЛЬЛІ МАСТАЦТВА.

…Хадзіў па зямлі Беларускай Хрыстос і зь ім сьвяты Пётра і сьвяты Юры. Было гэта ў час жніва, калі ўсе людзі цяжка працавалі ў полі. Дык ніхто не зварачаў на іх увагі.

"7. Толькі музыка, катораму цяпер не было што рабіць, падышоў да іх і сказаў: сорамна мне, бо сягоньня — дзень працы, і ўсе клапочуцца каля яе; адзін я нікчэмны чалавек.

8. І адказаў яму Ісус: не смуціся ў сэрцы сваім. Ці ж не твае песьні сьпяваюць яны цяпер у часе жніва? Таму не схіляй нізка галавы твае і не хавай твар свой ад вачэй людзкіх.

9. Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты — лішні на зямлі. Запраўды кажу я табе: вось надыдзе да яго гадзіна горычы — і чым ён разважыць смутак свой, апрыч песьні твае? Таксама і ў дзень радасьці ён прызавець цябе.

10. І, наўчаючы яго, казаў: пад песьні кладуць чалавека у калыску і са сьпевамі ж апускаюць у магілу яго.

11. Штодзённымі клопатамі поўна людзкое жыцьцё. Але, калі зварухнецца душа чалавека, толькі песьня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песьні свае.

12. Бо сьпяваюць нават жабы у багне. А ці ж ня лепшымі будзеце вы ад іх?

13. Так вучыў Хрыстос. Але Пётра, пачуўшы яго словы, сказаў: Вучыцелю, у гэтай старонцы ёсьць людзі, каторым няма чаго есьці. Ці ж ня сьцісьнецца ад сораму сэрца гэтага чалавека, калі ён да іх, шукаючых скарынкі хлеба, прыйдзе зь песьняй сваёй?

14. І, адказываючы яму, сказаў Хрыстос: так, жыцьцё гэтых людзей цяжкае, беднае і прыгнечанае. Чаму ж ты хочаш яшчэ і красу адабраць у іх? Мала дадзена ім — няўжо ж трэба, каб было яшчэ менш?

15. І, зьвярнуушыся да музыкі, спытаў яго: калі пяюць песьні ў вас?

16. Музыка ж адказаў: пяюць на Каляды, на запускі, на Вялікдзень, на Тройцу, на Яна Купалы, у Пятроўкі, на зажынках і дажынках.

17. Пяюць на радзінах, і на хрэсьбінах, пяюць, дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на ігрышчах і вечарынках, і на вясельлях, і на хаўтурах, і ў бяседзе, і ў працы, і ў маскалі йдучы, і ўва ўсякай іншай прыгодзе. Так скрозь увесь год пяюць.

18. І прамовіў Хрыстос Пятру: ты, шкадуючы долі галодных людзей, асудзіў песьню, але галодныя людзі не асудзілі яе. Жыва яшчэ душа ў народзе гэтым.

19. Тады ізноў сказаў Пётра: але няхай жа у песьнях будуць думкі добрыя і паўчаючыя, каб, апрыч красы, меўся у іх і спажытак чалавеку.

20. І адказаў яму Хрыстос: няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсьць той спажытак дзеля душы.

21. І, наўчаючы іх, прамовіў: агляніцеся навокал! Ці ж ня ніва калыхаецца каля нас?

22. Цяжка працаваў ля яе гаспадар і вось бачыць: паміж збожжа ўзрасьлі васількі.

23. І сказаў ён у сэрцы сваім: хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі; бо поўныя вагі каласы маглі бы ўзрасьці на месцы васількоў.

24. Але яшчэ з маленства краса іх прыйшлася мне да душы. Таму я ня вырву з каранём іх, як усякае благое зельле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё.

25. Так казаў гаспадар у сэрцы сваім і думках сваіх. І не падняў ён рукі на васількі.

26. Я ж гавару вам: добра быць коласам; але шчасьліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?

27. І, кажучы так, пачуў Ён песьню жнеек, і прамовіў: слухайце, што кажуць словы гэтай песьні. Яе складалі людзі, каторыя ведаюць, чаго варты хлеб.

28. Яны ж пачулі, што словы тэй песьні кажуць: няма лепш цьвяточка над васілёчка… Такім мастацкім абразом высказаў Багдановіч свой погляд на пытаньне аб карысьці ад КРАСЫ.

Ясна, што, маючы задачай быць «СПАЖЫТКАМ ДЗЕЛЯ ДУШЫ», даваць ЭСТЭТЫЧНУЮ ЭМОЦЫЮ і гэтым выклікаць у нас РОСТ ДУШЫ, — КРАСА НЯ МОЖА СЛУЖЫЦЬ ІНШЫМ БАГОМ. І мастаку зусім усё роўна, хто будзе карыстацца яго творам і заклятай у ім КРАСОЙ. Дык добра кажа Багдановіч вуснамі знаёмага ўжо нам залатара АНТОНА КАРЖА: «…я, хрысьцянін ня згоршы ад іншых, рэчы свае вырабляючы, адно толькі красы формы пільную ды ня думаю аб тым, на што нанізкі залатыя мае пойдуць: ці то на аздобленьне фігуры Маткі Боскай, або піяка і распусьнік які на пакрасу сваю ужываць іх будзе».

Як жа — мо хто спытаецца — пагадзіць гэтае выключнае служэньне КРАСЕ з тым, што ў творах Багдановіча сустракаем і вельмі яркія грамадзкія — адраджэнскія матывы? — Ды вельмі проста: бо ж мастацтва як спосаб САМАВЫЯЎЛЕНЬНЯ МАСТАКА выяўляе і ўсе ягоныя ІМКНЕНЬНІ, ПАРЫВАНЬНІ, ІДЭАЛЫ. Грамадзкія матывы, заклікі, ідэалы могуць складаць ЗЬМЕСТ мастацкага творства, могуць служыць магутным ПАБУДЖЭНЬНЕМ да тварэньня, але ня могуць дыктаваць сваіх законаў КРАСЕ. І мастацтва, якое — маючы перад сабой тыя ці іншыя грамадзкія мэты — забылася бы хоць на адзін мамэнт аб тым, што істотай яго зьяўляецца буджэньне ЭСТЭТЫЧНАЕ ЭМОЦЫІ, такое мастацтва ўтраціла бы адразу і ўвесь свой сэнс, і сваю чарадзейскую сілу, што прымушае мацней біцца сэрцы людзкія, і сваю ўладу над душамі.

* * *

ЧЫСТАЙ КРАСЕ, нікому і нічому не пакараючайся, з поўнай сьвядомасьцяй служыў Максім Багдановіч. І за тое, што праз усё сваё жыцьцё верным СЛУЖКАЮ ЯЕ аставаўся, чэсьць і хвала сьветлай памяці яго!