Ірляндзкія Народныя Казкі (1923)/Гарбун Крывулька

Млынар Маніс Гарбун Крывулька
Казка
Аўтар: Шамас Макманус
1923 год
Пераклад: Сымон Рак-Міхайлоўскі
Багаты Дональ і бедны Джэк

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Гарбун-Крывулька.

Жылі-былі калісь у Ірляндыі кароль і каралева і быў у іх сын, якога звалі Джэк. Падросшы, Джэк зьявіўся да бацькоў і сказаў, што пойдзе у сьвет шукаць шчасьця.

Нічым не маглі яго затрымаці ні бацька, ні маці, і пайшоў Джэк, узяўшы з сабою толькі кіёк ды бацькаўскае благаславенства. Ішоў ён далёка, шмат далей, чым я магу расказаць вам, і ўдвойчы далей, чым вы змаглі-б растлумачыць мне.

Уканцы прыйшоў ён у адзін прыгожы дзень да вялікага лесу і спаткаў сівога дзядка. Дзядок запытаўся ў яго:

— Джэк, куды ты йдзеш?

— Я іду шукаць шчасьця, — адказаў Джэк.

— Што-ж, — сказаў дзядок, — калі ты шукаеш службы, дык ідзі на другі канец гэтага лесу. Там жыве Асілак Сотні Ўзгоркаў, і я спадзяюся, што яму патрэбен будзе такі малады, дужы, здольны і разумны хлапец, як ты.

— Добра, — адказаў Джэк, — пайду шукаць яго.

І ён усё йшоў да йшоў уперад праз лес, пакуль такі ня выйшаў на другі канец лесу, дзе ўбачыў вялікі замак. Ён падыйшоў да яго і пастукаў у браму. Перад ім зьявіўся Асілак.

— Дабрыдзень, Джэк, сын Ірляндзкага Караля! — крыкнуў ён. — Куды ты ідзеш і што табе трэба?

— Я іду па беламу сьвету, — адказаў Джэк, — за шчасьцям і шукаю добрай службы. Я чуў, што табе патрэбен сумленны і спрытны слуга.

— Вось гэта праўда, — сказаў Асілак, — мне патрэбен такі прыемны малады чалавек, як ты. Кожны дзень выходжу я біцца з другім асілкам на канец сьвету, дык мне канешна трэба, каб нехта пільнаваў у маю адсутнасьць мой замак і дабро. Калі ты будзеш сумленна служыць мне і выпаўняць усё, што я загадаю, дык, як скончыцца твая праца, я дам табе торбу золата.

Джэк абяцаў выпаўняць усё, што трэба. Пасьля гэтага Асілак даў Джэку сытную вячэру і мягкое ложка. І салодка спалася Джэку ў гэтую ноч. На другі дзень Асілак разбудзіў Джэка вельмі рана, раней, чым засьпявалі жаваранкі.

— Джэк, мой добры хлопчык, — сказаў ён. — Мне ўжо пара ісьці на другі канец сьвету змагацца з Асілкам Чатырох Вятроў. Уставай і бярыся за працу. Ты павінен упарадкаваць усё ў замку і сьцерагчы яго, пакуль я прыду. Дазваляю табе ўсюды хадзіць па ўсяму замку, па ўсім пакоям, апрача стайні. Дзьверы ў стайню замкнёны і пад пагрозай сьмерці не адчыняй іх і не ўваходзь у стайню. Памятай-жа гэта!

Джэк абяцаў выпаўніць усё, як загадалі. Асілак на хвільку заглянуў у стайню і выйшаў з дому. Як толькі ён пайшоў, Джэк пачаў прыбіраць і парадкаваць у вялікім і прыгожым Асілкавым палацы. Прыбраўшы ў пакоях, Джэк пайшоў на двор, пачысьціў падворак і ўсе будынкі, якія толькі былі, апрача стайні.

Скончыўшы з працай, затрымаўся ён каля стайні і доўга стаяў перад ёй. — Вельмі хацеў-бы я даведацца, што там такое і чаму гэта гаспадар забараніў мне ўваходзіць туды пад пагрозай сьмерці, — падумаў ён. — Дай-жа я ўвайду ды пагледжу; мусіць ад гэтага ня будзе вялікае бяды.

Усе дзьверы ў Асілкавым замку адмыкаліся маленькім кальцом, якое пакручавалася пасярэдзіне дзьвярэй. Джэк падыйшоў да дзьвярэй стайні, пакруціў кальцо, і дзьверы насьцеж расчыніліся. У стайні Джэк убачыў Кабылу і Мядзьведзя, якія стаялі каля ясьляў, але не датыкаліся да яды.

— Ня дзіва, што вы не ясьцё, бедныя стварэньні. Гэта вінаваты Асілак. — І ён, увайшоўшы, перамясьціў яду: сена паклаў перад Кабылай, а мяса перад Мядзьведзем. Яны так і накінуліся на яду, а Джэк выйшаў і замкнуў дзьверы стайні. Калі ён пакручваў кальцо, адзін палец прырос да яго і, як ён не стараўся, ня мог яго вырваць. Джэк зразумеў, што сталася бяда.

— Як ня круці, — сказаў ён, а Асілак вернецца і застане мяне тутака. — Ён схапіў нож, адрэзаў палец і пакінуў яго ў замку.

Увечары, калі Асілак вярнуўся да хаты, ён запытаўся ў Джэка, як ён правёў дзень і што рабіў.

— Я добра правёў дзень і пасьпеў усенька зрабіць.

— Джэк, — сказаў Асілак, — пакажы мне свае рукі.

Джэк паказаў рукі і Асілак убачыў, што на аднэй руцэ не хапае пальца. Ён аж пачарнеў ад злосьці і сказаў:

— Джэк, ці-ж я табе не забараняў пад пагрозай сьмерці ўваходзіць у стайню?

Канешна бедны Джэк складаў з сябе віну, як толькі мог і тлумачыў, што не хацеў непаслухацца, але цікавасьць яго перамагла і ён адчыніў дзьверы.

Асілак, выслухаўшы яго, адказаў:

— Яшчэ ні адзін чалавек ня выходзіў жывы з гэтае стайні, і ты ацалеў толькі па асаблівай прычыне. Твой дзед зрабіў майму бацьку аднаго разу вялікую паслугу. Я памятаю дабро і за гэту паслугу выбачаю табе на першы раз і дарую табе жыцьцё. Ну, а калі ты не паслухаёшся ў другі раз, дык ужо ня быць табе жывым.

Джэк завяраў і прысягаў, што ўжо ніколі больш не загляне ў стайню. Павячэраўшы, ён лёг спаць. Раніцай Асілак разбудзіў яго і сказаў:

— Джэк, я мушу ізноў ісьці на другі канец сьвету змагацца з Асілкам Чатырох Вятроў. Ты ўжо ведаеш свае абавязкі — сьцерагчы двор і замак і ўсё ў парадку трымаць. Можаш хадзіць сабе ўсюды, дзе падабаецца, толькі не адчыняй дзьвярэй у стайню, а то загінеш.

— Буду памятаць, — абяцаў Джэк.

Гэтай раніцай Асілак ізноў заходзіў у стайню і зараз-жа выйшаў, а Джэк прыняўся за працу. Ён хадзіў па ўсяму замку, усюды чысьціў і прыбіраў, потым абыйшоў усе хлявы і падворкі, апрача стайні.

Ён доўга стаяў перад ёй, размаўляючы сам з сабою: — Што яны там робяць Кабыла з Мядзьведзем? І што рабіў Асілак, калі ўваходзіў сюды? Шмат я даў-бы, каб даведацца аб гэтым. Дай-жа я гляну адным вочкам.

Ён пакруціў кальцо, дзьверы расчыніліся, і ён убачыў, што Кабыла і Мядзьведзь, як і раней, стаяць і нічога не ядуць. Ён увайшоў у стайню.

— Бедныя стварэньні, — сказаў ён, — убачыўшы, што сена ляжыць перад Мядзьведзем, а мяса перад Кабылай. — Ня дзіва, што вы не ясьцё, ізноў дзякуючы Асілку.

Джэк замяніў яду, паклаўшы сена перад Кабылай, а мяса перад Мядзьведзем, як і трэба было. І Кабыла з Мядзьведзем прагавіта пачалі есьці. Джэк выйшаў і замкнуў за сабою дзьверы. Аднак-жа, як толькі ён павярнуў кальцо, палец яго застаўся ў ім, і Джэк дарэмна стараўся выцягнуць яго адтуль.

— Ох, — сказаў Джэк, — буду я сягоньня ўжо без галавы. Выхапіўшы нож, адрэзаў ён палец і пакінуў яго ў кальцы. Увечары Асілак вярнуўся да хаты.

— Ну, мой мілы хлопчык, як ты правёў сёньняшні дзень? — запытаўся ён у Джэка.

— Вельмі, вельмі добра, — адказаў Джэк, — трымаючы ўвесь час рукі ззаду.

— Пакажы мне свае рукі, Джэк, — казаў далей Асілак, — я пагледжу, ці чыстыя яны і ці часта ты іх мыеш.

Калі Джэк паказаў свае рукі, твар Асілка аж счарнеў ад гневу, і ён сказаў:

— Ці-ж я не папярэдзіў цябе, каб ты пад пагрозай сьмерці не хадзіў у стайню? І ты-ж прысягаў, што ня ўвойдзеш туды, а цяпер, я бачу, ты ізноў не датрымаў слова!

Асілак доўга крычаў і тупаў нагамі, нарэшце зьлітаваўся над Джэкам:

— За тое, што твой дзед многа дапамог майму бацьку, я выбачу цябе і на гэты раз. Ну, каб ты пражыў у мяне хоць сто гадоў, але калі ізноў адчыніш дзьверы і ўвойдзеш у стайню, дык у той-жа дзень ты памрэш. Гэта ўжо такая праўда, як тое, што ў цябе галава на плячох. Памятай гэта!

Джэк горача дзякаваў Асілку за падараванае яму жыцьцё і пад прысягай абяцаў, што выпаўніць да канца ўсе ягоныя загады.

Раніцай Асілак разбудзіў Джэка, сказаўшы, што павінен зноў ісьці змагацца з ворагам, і даў Джэку патрэбныя распараджэньні, асьцерагаючы яго, як і раней, ад стайні.

Перад сваім адыходам, ён зноў заглянуў у стайню. Калі Асілак пайшоў, Джэк абыйшоў увесь замак, усе падворкі, усе хлявы, усё прыбраў і пачысьціў і зноў апынуўся перад стайняй.

— Цікава ведаць, як маюцца бедныя Кабыла і Мядзьведзь, — думаў сабе Джэк. І што гэта рабіў там сягоньня Асілак? Мне гэтак хацелася-б даведацца. Я толькі крышачку загляну, — і ён адамкнуў дзьверы.

Джэк зірнуў у стайню і ўбачыў, што Кабыла і Мядзьведзь зноў стаяць, пазіраючы адно на аднаго, і не ядуць. Зноў, як і раней, мяса ляжыць перад Кабылай, а сена перад Мядзьведзем.

Джэку стала шкода жывёліну, ён увайшоў у стайню і перасунуў яду: сена паклаў перад Кабылай, а мяса перад Мядзьведзем, і зьверы дапалі да яды.

Калі ён гэта зрабіў, Кабыла загаварыла да яго чалавечым голасам.

— Шкода мне цябе, бедны Джэк, — сказала яна. — Сягоньня ўночы ты будзеш забіты. Шкода мне і нас затое, што і нам не абмінуць сьмерці.

— Ох, ох, ох! — сказаў Джэк. — Няўжо-ж мы так і загінем?

— Не, можна дапамагчы бядзе, — адказала Кабыла.

— А якжа-ж? — запытаўся Джэк.

— Вазьмі гэтую ўздэчку і сядло, накінь на мяне, і мы ўцячэм далёка-далёка, перш чым Асілак вернецца. — Джэк борзда накінуў на Кабылу сядло і ўздэчку і скакакнуў ёй на сьпіну, каб выехаць прэч.

— Ах, — раптоўна загаварыў Мядзьведзь, — як-жа вы так пойдзеце, пакінуўшы мяне ў бядзе?

— Не, — адказала Кабыла, — мы ня зробім гэтага. Джэк, — зьвярнулася яна да яго, — вазьмі гэны ланцуг і прывяжы мяне да Мядзьведзя. Джэк прывязаў Кабылу да Мядзьведзя ланцугом, які вісеў непадалёчку.

Усе трое — Мядзьведзь, Кабыла і Джэк — паскакалі і доўга імчаліся з усіх сілаў.

Праз нейкі час Кабыла сказала Дэжэку:

— Паглянь назад і скажы, што ты ўбачыш?

Джэк азірнуўся і сказаў:

— Ох, я бачу Асілка Сотні Узгоркаў. Ён нясецца, як сярдзітая бура, і скора дагоніць нас. Згінем мы ўсе!

— Не бядуй, яшчэ ня ўсё прапала, — сказала Кабыла. — Глянь у маё левае вуха і скажы, што ты там бачыш.

Джэк пазірнуў і ўбачыў маленькі каштан.

— Кінь яго праз левае плячо, — сказала Кабыла.

Джэк перакінуў каштан праз сваё левае плячо, і ў тую-ж хвілю ззаду іх вырас вялікі каштанавы лес на дзесяць міль навакола. Яны нясьліся ўперад увесь дзень і ўсю ноч. На другі дзень у поўдзень Кабыла зноў загадала Джэку адвярнуцца і паглядзець назад. Джэк азірнуўся і сказаў:

— Ой, бедачка нам! Асілак нясецца за намі, як асеньняя бура.

— Ты ня прымеціў на ім нічога асаблівага, Джэк? — запыталася Кабыла.

— Так, — адказаў Джэк, — на яго макаўцы столькі кустоў, а каля ног столькі дзічыны, што яму на доўгі час хопіць чым паліць і есьці. Цяпер мы загінем, — дадаў бедны Джэк.

— Ня сумуй, Джэк, яшчэ можна выратавацца, — усьцешыла яго Кабыла. — Глянь у маё правае вуха і скажы, што ты бачыш?

Джэк паглядзеў у правае вуха Кабылы і ўбачыў там кроплю вады.

— Кінь яе праз левае плячо, Джэк, і пабачыш, што будзе, — сказала яна.

Джэк кінуў кроплю вады праз сваё левае плячо, і ў тую-ж хвілю паміж імі і Асілкам зьявілася возера на сто міляў удоўжкі і ўшыркі і на столькі-ж сама глыбокае.

— Цяпер, — сказала Кабыла, — ён ня зможа дагнаць нас, пакуль ня вып’ець усяе вады з возера. А як толькі вып’е, дык лопне, і мы назаўсёды пазбудземся яго.

Джэк падзякаваў лёс, і яны панясьліся далей. У хуткім часе прыехалі яны да граніцы Шатляндыі і ўбачылі густую пушчу.

— У гэтым лесе мы з Мядзьведзем застанемся жыць, — сказала Кабыла.

— А мне як-жа быць? — запытаўся Джэк.

— Ты, Джэк, мусіш яшчэ пахадзіць па сьвеце, пашукаць сабе працы. Непадалёку адгэтуль ёсьць замак Шатляндскага караля і мне здаецца, што ты зможаш дастаць у яго службу. Але-ж цябе трэба перавярнуць у Гарбуна-Крывульку дзеля таго, што у Караля тры надта прыгожыя дочкі, і ён ня возьме да сябе на службу такога прыгожага малайца, як ты, баючыся, каб дзяўчаты не закахаліся ў цябе.

Кабыла прысунулася ноздрамі да грудзей Джэка, дыхнула на яго, і ён у адзін момант перавярнуўся ў нязграбнага, маленькага Гарбуна-Крывульку.

— Далей, перш чым ты пойдзеш, Джэк, — казала далей Кабыла, — глянь у маё левае вуха і вазьмі тое, што ўбачыш там.

З левага вуха Кабылы Джэк выцягнуў капялюшык.

— Гэта чарадзейны капялюшык, Джэк. Кожны раз, калі ты чаго-небудзь пажадаеш, ты адзень яго на сябе, і жаданьне тваё споўніцца. Калі з табой здарыцца якая-небудзь бяда, дык прыходзь да мяне, я пастараюся, каб цябе выбавіць, а цяпер бывай здаровы.

Джэк разьвітаўся з Кабылай і Мядзьведзем і пайшоў. Ён выйшаў з лесу і прымеціў здалёк замак, куды і скіраваўся. Увайшоўшы ў кухню, ён убачыў дзяўчыну, якая чысьціла нажы. Джэк сказаў ёй, што хоча дастаць службу у караля.

Дзяўчына адказала, што Шатляндскі кароль ня прыймае на службу мужчынаў і што ён можа ісьці сабе вон.

Джэк завяраў, што яго прымуць, і, нарэшце, дзяўчына згадзілася сказаць аб ім каралю.

Як толькі выйшла яна з кухні, Джэку захацелася, каб усе нажы і відэльцы былі пачышчаны да яе павароту. Ён надзеў свой чарадзейны капялюшык і праз адну хвільку цэлая гара нажоў і відэльцаў, вышынёй у дзесяць аршынаў, была вычышчана і блішчэла, як новая пасудзіна. Спачатку кароль не хацеў прыняць Джэка на службу, але потым, як даведаўся, што ён так хутка пачысьціў цэлую гору нажоў і відэльцаў, згодзіўся ўзяць яго. Але перш, чым канчальна ўзяць яго да сабе, кароль паклікаў сваіх трох дачок і паказаў ім свайго новага слугу. Яму хацелася пабачыць, якое ён зробіць на іх уражаньне.

Калі каралеўны, прышоўшы на кухню, убачылі маленькага, страшнога гарбуна, дык яны абамлелі і пападалі, так што прыйшлося іх выносіць на рукох.

— Вось гэта добра, — сказаў кароль, — ты напэўна будзеш у нас доўга жыць, заставайся! — Кароль прыняў Джэка на службу і паслаў яго працаваць у садзе.

Скора пасьля таго Цар Усходу абвесьціў вайну каралю Шатляндыі. Цар Усходу меў вялікае і моцнае войска і прысягнуў зьніштожыць зусім караля Шатляндыі.

Кароль Шатляндыі вельмі спалохаўся і паклікаў на раду свайго Вялікага Мудраца. Вялікі Мудрэц параіў Каралю чым хутчэй павыдаваць замуж усіх сваіх дачок за каралеўскіх сыноў, каб тыя дапамаглі яму на вайне.

Каралю вельмі спадабалася такая думка, і ён ўжо на другі дзень разаслаў на ўсе бакі сваіх пасланцоў, каб яны абвесьцілі, што Кароль Шатляндыі выдае замуж трох сваіх найпрыгажэйшых дачок.

Кабыла падыхала на Джэка, і ён перавярнуўся ў нязграбнага гарбуна.


Кабыла падыхала на Джэка, і ён перавярнуўся ў нязграбнага гарбуна.

Праз кароткі час прыехаў сын Гішпанскага Караля і ажаніўся з старэйшай дачкой. Сьледам за ім зьявіўся сын Францускага Караля і ажаніўся з сярэдняй дачкой. Многа прыяжджала розных прынцаў у сваты да малодшае, самае прыгажэйшае дачкі караля, якую звалі Жоўтая Рожа, але ніводзін ёй не падабаўся і ўсім яна адмаўляла.

Кароль моцна засердаваў на каралеўну за непаслухмянства і прагнаў яе з сваіх вачэй. Жоўтая Рожа, каб не пападацца бацьку на вочы, цэлыя дні праводзіла ў садзе, дзе працаваў Гарбун-Крывулька. Яна часта прыходзіла да яго і доўга гутарыла з ім. Гарбун-Крывулька прымеціў, што каралеўна любіць яго. Дый сам горача закахаўся ў каралеўну, бо яна была самая прыгожая, самая мілая дзяўчына ў сьвеце.

Тым часам Вялікі Мудрэц параіў Каралю, каб ён паслаў абодвых сваіх зяцёў — Прынца Гішпанскага і Прынца Францускага — да Калодзежа на Канцы Сьвету за жывою вадою, каб на вайне лячыць ёю раненых і аджыўляць забітых. Кароль загадаў Прынцам ехаць к Калодзежу на Краю Сьвету за жывою вадою.

Жоўтая Рожа расказала аба ўсім гэтым Гарбуну-Крывульцы. Падумаўшы крыху, ён вырашыў наведаць Кабылу і Мядзьведзя і парадзіцца з імі, што яму рабіць.

Пайшоў ён у тую пушчу, дзе жылі Кабыла з Мядзьведзем. Яны вельмі былі рады госьцю і доўга распытвалі, як яму жывецца.

Джэк расказаў ім усё дачыста і аб тым, што заўтра каралеўскія зяці паедуць к Калодзежу, што на Канцы Сьвету, за жывой вадой і запытаўся, як яму быць.

— Ты, Джэк, паедзеш з імі, — сказала Кабыла. — Вазьмі ў каралеўскай стайні старога каня, самага худога і нягоднага да ніякае працы. Асядлай яго старым саламяным сядлом, а сам прыбярыся ў лахманы. Па дарозе далучыся да Прынцаў і скажы ім, што ты таксама паедзеш з імі. Яны будуць сароміцца цябе і твайго старога каня і паклапацяцца, каб пазбавіцца цябе. Вось-жа, калі вы прыедзеце да крыжовых дарогаў, дык адзін з іх папросіць вас зьлезьці з коней і напіцца. А потым яны скажуць, што вам трэба разьдзяліцца і ехаць кожнаму сваёй дарогаю да Калодзежа на Канцы Сьвету, а хто першы вернецца на гэтае мейсца і прывязе пляшачку з жывою вадою, той і будзе героем.

Ты згаджайся з імі. Яны паедуць сваею дарогаю і, трошкі ад’ехаўшыся, нальюць у свае бутэлечкі вады з прыдарожнай крыніцы і вернуцца да паказанага мейсца. Потым яны завязуць сваю воду да Караля і скажуць яму, што гэта жывая вада. Але-ж ты прыедзеш першым.

Як толькі ты выедзеш на дарогу і абмінеш першы паварот, надзень свой Чарадзейны Капялюшык і пажадай, каб зьявіліся дзьве бутэлечкі жывое вады з Калодзежу, які на Канцы Сьвету. І яны зьявяцца.

Пасьля яна яму яшчэ шмат аб чым парадзіла, і Джэк, падзякаваўшы Кабыле, адыйшоўся.

На другі дзень абодвы зяці Караля на самых лепшых конях пусьціліся ў дарогу. Ад’ехаўшыся недалёк, яны спаткалі Джэка, у лахманох, на старой белай клячы з саламяным сядлом. Ён пад’ехаў да іх і папрасіў дазваленьня ехаць разам з імі за жывою вадою. Прынцы вельмі сароміліся ехаць з такім таварышам і ўсялякімі спосабамі стараліся адчапіцца ад яго.

Тым часам, прыехалі яны да таго мейсца, дзе разыходзіліся тры дарогі. Прынцы прапанавалі тут напіцца, а напіўшыся, разьдзяліцца і ехаць кожнаму асобна. І хто раней вернецца з жывою вадою, таму будзе слава. Пастанавіўшы гэтак, яны паехалі кожны ў свой бок.

Як толькі Джэк праехаў першы заварот — зараз-жа адзеў свой Чарадзейны Капялюшык і зажадаў, каб зьявіліся дзьве бутэлечкі жывое вады з Калодзежа, што на Канцы Сьвету. У тую-ж хвілю пажаданьне яго споўнілася, і ён вярнуўся з вадой.

Прынцы ня верылі сваім вочам, калі, вярнуўшыся, засталі Джэка ўжо на мейсцы. Тут яны пераканаліся, што Джэк іх папярэдзіў. Яны сказалі, што ён ня быў на Канцы Сьвету, а заместа жывой, набраў у пляшачку простай вады.

— Мне здаецца, што гэта вы самі так зрабілі, — сказаў Джэк. — Давайце спрабуем вашу і маю воду. Як толькі пад’едзе ваш слуга, адрубайце яму голаву і пакрапеце вадой з вашых пляшак.

Яны адмовіліся зрабіць гэтае, бо добра ведалі, што вада іхняя ня жывая і нябошчыка яна не аджывіць. Затое яны парадзілі Джэку зрабіць спробу з яго вады.

— Добра, — згодзіўся Джэк.

Калі пад’ехаў слуга з прынцавымі бутэлечкамі, Джэк выхапіў меч і адрубаў яму галаву. А праз хвілю ён аджывіў яго двума кропелькамі з пляшачкі.

Пабачыўшы гэты цуд, прынцы запыталіся ў Джэка:

— Што ты хочаш за свае бутэлечкі з вадою?

— Аддайце мне вашыя залатыя шлюбныя персьцяні, — адказаў Джэк, — і дазвольце напісаць на вашых сьпінах тое, што мне захочацца.

Прынцы згодзіліся, аддалі яму свае шлюбныя персьцяні і падставілі свае голыя сьпіны, на якіх Джэк напісаў: „Гэты чалавек незаконна жанаты“. Пасьля таго ён аддаў ім бутэлечкі з жывою вадою, якую яны хуценька павязьлі да Караля, а сам, зрабіўшыся ізноў Гарбуном-Крывулькаю, вярнуўся у сад да свае працы.

Джэк не сказаў Жоўтай Рожы, дзе ён быў і што рабіў, а сказаў толькі, што хадзіў кудысь па даручэньні Караля.

Атрымаўшы жывую ваду, Кароль загадаў войску на другі-жа дзень пачынаць вайну.

Раніцай Джэк быў ужо ў лесе і радзіўся з Кабылай, як быць далей.

— Зірні ў маё левае вуха, Джэк, — сказала Кабыла, і вазьмі тое, што там убачыш.

Джэк зірнуў у яе левае вуха і выцягнуў адтуль багатае вайсковае ўбраньне. Кабыла загадала яму апрануцца ў яго і сесьці ёй на сьпіну. Як толькі Джэк адзеў новую вопратку — і зараз-жа з Гарбуна-Крывулькі зрабіўся прыгожым, адважным ваяком. Ён ускочыў Кабыле на сьпіну, і ўсе ўтрох — Кабыла, Медзьведзь і Джэк — памчаліся на вайну. Усе ўглядаліся на Джэка, бо ён быў вельмі пекны. І да Караля дайшла вестка, што прыехаў нейкі багаты Прынц на вайну, а з ім Кабыла і Мядзьведзь.

Кароль выйшаў паглядзець на прынца і запытацца ў яго, за каго ён будзе ваяваць.

— Сягоньня я буду біцца толькі за Караля Шатляндыі, — адказаў Джэк.

Кароль сардэчна падзякаваў яму і сказаў, што яны напэўна зваююць ворага.

Войскі выйшлі на бой пад кіраўніцтвам Джэка. Ён рубіў направа і налева, і пры кожным маху яго мяча падымаўся такі вецер, што будынкі трасьліся на другім канцы сьвету. Скора Цар Усходу мусіў уцякаць са сваім войскам. Як скончыўся бой, Кароль Шатляндыі запрасіў Джэка да сябе на баль, які ён хацеў зрабіць у чэсьць пераможца, але Джэк адмовіўся, кажучы:

— У хаце маёй ня ведаюць, дзе я, і будуць мяне чакаць. Я павінен хутчэй вярнуцца дамоў.

— Тады, — сказаў кароль, — дазволь мне даць табе падарунак. Вось табе абрус. Кожны раз, як ты расьцелеш яго, на ім зьявяцца ўсялякія яда і піцьцё.

Джэк забраў абрус, падзякаваў каралю і паехаў. Кабылу і Мядзьведзя ён пакінуў у лесе, зноў перавярнуўся ў Гарбуна-Крывульку і вярнуўся ў сад. Жоўтая Рожа расказала яму аб адважным, дзіўным рыцары, які абдолеў ворагаў яе бацька.

— О, — адказаў Джэк, — гэта, мусіць, быў нязвычайны рыцар. Шкода, што мяне ня было на вайне — мне давялося выпаўняць даручэньне караля.

— Бедны Гарбун-Крывулька, — сказала Каралеўна, — ня было-б ніякай карысьці, каб ты і пайшоў на вайну.

На другі дзень Джэк ізноў пайшоў у лес радзіцца з Кабылай.

— Джэк, — загадала яна, — зірні ў маё правае вуха і вазьмі тое, што ляжыць там.

Джэк паглянуў і выцягнуў багатае вайсковае ўбраньне, усё вытканае срэбрам, якога ён яшчэ ніколі ня бачыў. Ён прыбраўся, сеў Кабыле на сьпіну, і зноў яны ўтрох з Мядзьведзем панясьліся на вайну. Усе глядзелі з зьдзіўленьнем на прыгожага адважнага рыцара, які неспадзявана зьявіўся на вайну.

Вестка аб гэтым дайшла да караля, і ён выйшаў прывітаць рыцара і пагутарыць з ім.

— Твой брат, — сказаў кароль, — учора выйграў мне бітву. Ён добры, мілы малоец. А за каго-ж ты будзеш біцца?

— Ні за каго не падыму я сягоньня мяча, толькі за караля Шатляндыі.

Кароль падзякаваў яму ад шчырага сэрца, і войска пачало бой пад кіраўніцтвам Джэка. Джэк сёк на ўсе бакі, а вецер ад удараў яго мяча касіў лес на другім канцы сьвету.

Скора Цар Усходу змушаны быў уцякаць з рэштаю свайго войска.

Кароль падзякаваў Джэка і пазваў яго ў замак, дзе ён хацеў зрабіць баль у чэсць яго. Але Джэк адмовіўся, тлумачучы, што дома ня ведаюць, дзе ён, і будуць непакоіцца, пакуль ён ня вернецца.

— Ну, дык калі так, — сказаў кароль, — дазволь хаця зрабіць табе падарак. Вось табе кеска, з якое ты можаш браць грошай, колькі захочаш. Яна ніколі не апусьцее.

Джэк узяў кеску, падзякаваў караля і паехаў. У лесе ён пакінуў Мядзьведзя і Кабылу, а сам перавярнуўся ізноў у Гарбуна-Крывульку і вярнуўся да свае працы ў сад, куды прыйшла Жоўтая Рожа.

Яна расказала яму аб адважным рыцары, які пабіў ворагаў Караля.

— Гэта мусіць запраўды нязвычайны ваяк, — сказаў Джэк. — Шкода, што мяне ня было там, твой бацька пасылаў мяне з даручэньнямі.

— Бедны мой, Гарбун-Крывулька, гэта лепш, а то што ты рабіў-бы там?

Праз тры дні Цар Усходу ізноў адважыўся зьявіцца на вайну з Каралём Шатляндыі. У той дзень, калі была бойка, раніцай, Джэк пасьпяшыўся ў лес к Кабыле за радай.

— Зірні ў маё левае вуха і вазьмі, што там убачыш, — зноў сказала Кабыла.

Джэк выцягнуў з яе вуха яшчэ лепшае вайсковае ўбраньне, якое было выткана золатам і дарагімі

Яна начасала поўную мерку срэбра і золата.


Яна начасала поўную мерку срэбра і золата.

каменьнямі. Ён апрануў яго і зноў Джэк, Кабыла і Мядзьведзь паехалі на вайну.

Кароль, даведаўшыся, што прыехаў рыцар, выйшаў яго прывітаць і расказаў госьцю, што яго браты ўжо двойчы атрымалі перамогу на поле бойкі.

— А цікава за каго ты будзеш біцца, шляхотны рыцар? — запытаўся кароль.

— Я падыму свой меч толькі за караля Шатляндыі, — адказаў Джэк.

Кароль падзякаваў горача, выказаў надзею на ўдачу, і каралеўскія войскі выступілі на поле бойкі пад кіраўніцтвам Джэка.

Джэк рубаў направа і налева і ад удараў яго мяча трасьліся горы на другім канцы сьвету. Скора Цар Усходу прымушаны быў уцякаць, куды вочы глядзяць.

Кароль Шатляндыі падзякаваў Джэка за такую вялікую перамогу і шкадаваў, што ня мае чым узнаградзіць Джэка. Ён пазваў яго к сабе ў замак, каб у чэсьць яго зрабіць баль, але Джэк адмовіўся тым, што дома ня ведаюць, дзе ён, і будуць непакоіцца, калі ён ня вернецца.

— Усеж-такі я з братамі прыду да цябе павесяліцца ў другі раз, — абяцаў Джэк.

— Калі-ж вы прыдзеце? — запытаўся кароль.

— Мы ўсе адразу ня можам адыходзіць ад хаты, — адказаў Джэк. — Я прыду да цябе на баль заўтра, а браты ў другія дні.

Кароль згодзіўся і падзякаваў Джэку.

— А цяпер, — сказаў ён, — дазволь даць табе падарак і даў яму грэбень, які мог вычэсаваць з валасоў кучы залота і срэбра і мог самага няпекнага чалавека перарабіць на прыгожага.

Джэк падзякаваў каралю за падарак і паехаў.

Пакінуўшы Кабылу і Мядзьведзя ў лесе, Джэк перавярнуўся ізноў у Гарбуна-Крывульку і вярнуўся ў сад. Да яго падыйшла Жоўтая Рожа і расказала аб прыгожым і адважным рыцары, які быў братам двух папярэдніх, і што ён таксама перамог ворагаў.

— Але-ж гэта быў, відаць, нязвычайны рыцар, — адказаў Гарбун-Крывулька. — Шкода, што я ня мог быць там; я цэлы дзень хадзіў па каралеўскім справам.

— Бедны мой Гарбун-Крывулька, — адказала яна, — усё гэта лепей, а то што-ж ты мог там зрабіць?

На другі дзень, каля абеду, Джэк пабег у лес да Мядзьведзя і Кабылы, апрануўся ў тое ўбраньне, якое было на ім у першы дзень бою, сеў на Кабылу і паехаў к замку. Дзеля таго, што брама была замкнёна, ён пераскочыў праз сьцены вышынёй у дзевяць вёрстаў.

Кароль зазлаваўся на слуг, што яны не адчынілі браму, але Джэк казаў, што гэта яму нічога ня значыць зрабіць.

Пасьля абеду Кароль запытаўся ў Джэка, ці падабаюцца яму ягоныя дочкі і іх мужы.

Джэк вельмі хваліў іх і запытаўся, ці няма ў яго яшчэ дачок.

Кароль з жалем адказаў, што ёсьць яшчэ адна, самая малодшая, але-ж яна ня хоча слухаць караля і выхадзіць замуж, і таму ён прагнаў яе далоў з вачэй.

Джэк вельмі зацікавіўся ёю і прасіў караля паслаць за дачкой. Толькі для гэткага дарагога госьця важыўся кароль парушыць сваё слова і паслаў за Жоўтай Рожай.

Калі зьявілася Жоўтая Рожа, Джэк пачаў з ёй гутарку, прыкладаючы ўсе сілы, каб ёй спадабацца. Яна-ж не пазнала Гарбуна-Крывульку ў такім прыгожым рыцары.

Прынц сказаў Жоўтай Рожы, што чуў аб тым, быццам яна закахалася ў гарбатага карліка, які працуе ў іхным садзе.

— Я прыгожы і багаты, — дадаў ён, — і рады буду аддаць табе і сваё сэрца і багацьце, калі ты згодзішся пабрацца са мной.

Каралеўна вельмі загневалася і сказала яму:

— Я не хачу сядзець тутака і слухаць, як лаюць чалавека, якого я кахаю.

Сказаўшы гэта, яна паднялася, каб выйсьці вон, але Джэк затрымаў яе:

— Выбач мне, я хацеў толькі даведацца, ці душа твая шляхотная. Дазволь-жа мне зрабіць табе маленькі падарак, — і ён падаў ёй абрус, на якім, калі яго паслаць, зьяўлялася ўсялякая яда і піцьцё. — Калі ты пабярэшся з Гарбуном-Крывулькай, дык вы ня будзеце мець недахвату ў ядзе і піцьці, пакуль будзеце мець пры сабе гэты абрус.

Старэйшыя сёстры падскочылі і выхапілі ў Жоўтае Рожы з рук абрус, але Джэк адабраў назад, адпіхнуўшы сёстраў.

На другі дзень Джэк зьявіўся к абеду, апрануты ў адзёжу, якая была на ім на другі дзень бою. Ізноў пераскочыў ён праз браму, і калі кароль сварыўся на сваіх слуг, ён толькі сьмяяўся, кажучы, што пераскочыць гэтак высока яму нічога ня значыць.

Пасьля абеду кароль запытаўся ў Джэка, ці падабаюцца яму ягоныя дочкі і зяці. Джэк сказаў, што падабаюцца, а сам запытаўся, ці няма ў караля яшчэ дачок.

— У мяне ёсьць яшчэ адна дачка, — адказаў са смуткам кароль, — але яна мяне ня слухалася і апрача таго закахалася ў страшнога гарбуна, які працуе ў маім садзе, дык я забараніў ёй уваходзіць да мяне.

Джэк захацеў пабачыць яе, і прасіў паклікаць малодшую дачку. Ня мог кароль адмовіць дарагому госьцю і паслаў за Жоўтай Рожай. Як толькі Каралеўна ўвайшла, Джэк пачаў з ёй гутарку і стараўся з усіх сілаў заваладаць яе сэрцам. Ён апавядаў ёй аб сваім вялікім багацьці і землях, і пераконаваў, што калі яна згодзіцца выйсьці за яго, дык будзе заўсёды жыць у раскошы, багацьці і шчасьці, а што крывы гарбун ня дасьць ёй нічога.

Аж загневалася Жоўтая Рожа, пачуўшы гэныя словы і сказала:

— Я нехачу нават і слухаць такіх брыдкіх гутаркаў.

Але Джэк стрымаў яе:

— У цябе шляхотнае сэрца. Дазволь-жа мне хоць зрабіць табе падарак. І ён працягнуў руку з кескай.

— Вось, — сказаў ён, — кеска, якая ніколі не апусьцеець, і вы з Гарбуном-Крывулькай ніколі ня будзеце ведаць бяды.

Старэйшыя сёстры падбеглі і хацелі выхапіць кеску з рук малодшае, але Джэк адпіхнуў іх і выйшаў вон. Разьвітаўшыся з Кабылай, Джэк вярнуўся ў сад.

У сад Джэк заўсёды зьяўляўся ў пастаці Гарбуна-Крывулькі, а Каралеўне казаў, што ходзіць па справам Караля.

На трэці дзень ён апрануўся так, як быў апрануты ў трэці дзень бою, і, пераскочыўшы праз замковыя сьцены, зьявіўся на абед.

Пасьля балю, ў гутарцы з госьцем кароль запытаўся, як яму падабаюцца ягоныя дочкі і зяці. Джэк адказаў, што ўсе яму надта падабаюцца і запытаўся, ці няма яшчэ ў яго дачок.

Кароль адказаў, што ёсьць у яго яшчэ адна дачка, але яна не паслухалася яго, дый яшчэ закахалася ў Гарбуна-Крывульку, — вось за ўсё гэта ён забараніў ёй паказавацца ў замку.

— Мне вельмі хочацца яе пабачыць, — папрасіў Джэк.

Кароль ня мог адмовіць госьцю і паслаў за Жоўтай Рожай. Калі прыйшла Каралеўна, Джэк з усіх сіл стараўся спадабацца ёй, але надарэмна. Ён гаварыў ёй аб сваім багацьці і множстве маёнткаў і абяцаў усё пакласьці к яе нагам, калі яна згодзіцца стаць яго жонкай. Ён прысягаўся зрабіць яе самай шчасьлівай жанчынай у сьвеце. А калі яна выйдзе за Гарбуна-Крывульку, дык ня толькі будзе мець страшнога мужа, але яшчэ заўсёды будзе цярпець розныя клопаты і нястачу ўва ўсім.

Жоўтая Рожа загневалася яшчэ больш, чымсь раней. Яна ня стала і слухаць далей і сказала:

— Гарбун-Крывулька мілей для мяне за ўсіх каралевічаў. Калі-б ты быў у дзесяць разоў прыгажэйшы і ў сто разоў багацейшы, дык я не абмяняла-бы найменшага пальца Гарбуна-Крывулькі на цябе і на ўсе твае скарбы.

І яна ўстала, каб выйсьці. Але Джэк затрымаў яе:

— Пастой, ня выходзь, — сказаў ён, — Я здзіўлены тваёй безкарыснасьцяй. Прыймі ад мяне невялічкі падарак. Вось чарадзейны грэбень, якім можна вычэсаваць з галавы золата, срэбра і перавярнуць няпекнага на прыгожага.

Старшыя сёстры хацелі вырваць з рук Жоўтай Рожы цудадзейны грэбень, але Джэк з такой злосьцю адпіхнуў іх, што іхныя мужы кінуліся на яго. Адным махам рукі Джэк паваліў іх мёртвымі. Кароль з гневам накінуўся на Джэка:

— Як пасьмеў ты так грубіянска абыходзіцца з лепшымі і справядлівейшымі людзьмі на сьвеце?

— Лепшыя і справядлівейшыя! — крыкнуў Джэк. — Абодва яны нічога ня вартыя трусы і нават незаконныя зяці табе.

— Як ты сьмееш казаць гэтак? — закрычаў Кароль.

— Адкрый іхныя сьпіны, — добра, што яны ляжаць, і прачытай, што на іх напісана.

І Кароль прачытаў на сьпінах зяцёў:

— „Гэты чалавек незаконна жанаты“.

— Гэта што? — запытаўся Кароль. — Яны абодва бралі шлюб з маімі дочкамі, і яны маюць шлюбныя персьцяні.

Джэк дастаў з кішэні шлюбныя пярсьцёнкі, падаў іх каралю і сказаў:

— Вось гэтыя пярсьцёнкі.

Жоўтая Рожа выйшла з пакою яшчэ раней, да сканчэньня сваркі, і пайшла ў сад. Джэк папрасіў Караля сесьці і расказаў яму, як ён здабыў гэтыя пярсьцёнкі. Пасьля таго ён расказаў, як ён зрабіўся Гарбуном-Крывулькаю і ўсю сваю гісторыю. І дадаў:

— Калі твая малодшая дачка, каторую ты лічыў нягоднай, адмовілася памяняць Гарбуна-Крывульку на багатага прынца, дык гэта толькі гонар для яе.

Цяпер Кароль ужо з ахвотай выпаўніў пажаданьне Джэка.

Некалькі кропляў жывой вады апрытомнілі зяцёў Караля. Як парадзіў Джэк, Кароль загадаў ім ісьці на ўсе чатыры староны.

Джэк разьвітаўся з Каралём, пакінуў Кабылу ў лесе і вярнуўся ў сад даўнейшым Гарбуном-Крывулькаю. А Жоўтай Рожы ён сказаў, што хадзіў зьбіраць суніцы.

— У мяне ёсьць для цябе падарак, — сказала хітра Жоўтая Рожа. — Дай, я расчашу твае валасы гэтым грэбенем.

Гарбун-Крывулька паклаў галаву ёй на калені і, Каралеўна стала часаць яго валасы. Яна начасала цэлую мерку срэбра і золата. А калі ён падняўся, дык яна ўбачыла перад сабой ужо не Гарбуна-Крывульку, а таго прыгожага Прынца, каторы гэтак упарта дамагаўся ў апошнія тры дні, каб яна пайшла за яго.

Джэк расказаў ёй усю сваю гісторыю і Жоўтая Рожа пачула сябе самай счасьлівейшай дзяўчынай у сьвеце.

Праз нейкі час згулялі вясельле, якое цягнулася адзін год і адзін дзень. На ім гралі пяцьсот трубачоў, пяцьсот флейтыстаў і тысяча скрыпачоў, і апошні дзень быў вясёлейшы ад першага.

Скора пасьля шлюбу Джэк пайшоў пагуляць з маладой жонкай. Праз дарогу ім прайшла маладая, надта прыгожая кабета. Джэк загаварыў з ёю, але атрымаў няпрыветны адказ.

— Абхаджэньне твае не такое прыгожае, як ты сама, — сказаў Джэк.

— Якое яно ні дрэннае, але ўсёж-такі лепшае за тваю памяць, — сказала красуня.

— Як гэта? — запытаў Джэк.

Яна адвяла яго трохі ў бок і сказала яму:

— Я — тая самая Кабыла, каторая зрабіла табе столькі дабра. Злы чараўнік перавярнуў мяне ў Кабылу на шмат гадоў. Але цяпер чары з мяне зьняты, як і з майго брата, якога перавярнулі ў Мядзьведзя.

Я спадзявалася, што ты ажэнішся са мною. Але-ж бачу, што ты мяне зусім забыў.

Нічога ня зробіш. Лепшае жонкі за тваю я не магла-б пажадаць табе. Варочайся да свайго замку, жыві шчасьлівы і не ўспамінай мяне дрэнным словам.