Ірляндзкія Народныя Казкі (1923)/Млынар Маніс
← Кональ, Дональ і Тэг | Млынар Маніс Казка Аўтар: Шамас Макманус 1923 год Пераклад: Сымон Рак-Міхайлоўскі |
Гарбун Крывулька → |
Млынар Маніс.
Жыў сабе на гарэ чалавек, звалі яго Дональ. Ён быў жанаты на дачцэ вельмі скупых і старых бацькоў, якія жылі ў нізіне. Увесь тыдзень ён мадзеў і працаваў на сваім кавалачку зямлі, а ў суботу ўвечары ішоў да бацькоў свае жонкі, каб разам правясьці сьвяточны дзень.
Дарогаю ён заўсёды праходзіў каля млына Маніса, млынара. Маніс, які сачыў за ім, дзівіўся, чаму гэта Дональ у суботу ўвечары пераскоквае праз рэчку каля млына, а калі варочаецца ад цесьця, дык пераходзіць яе ўброд. Аднойчы, у панядзелак раніцай Маніс стрымаў яго і запытаўся, што гэта знача.
— Бачыш, вось у чым справа, — сказаў Дональ, — мой стары цесьць гэткі кепскі ядун, што ўжо пачынае чытаць удзячныя малітвы ледзьве я пасьпею пралыгнуць некалькі кавалачкаў. Таму то ў панядзелак рана я бываю моцна аслабшы.
Маніс прызадумаўся на нейкі час, а потым і кажа Доналю:
— Ці можна і мне пайсьці з табою ў другую суботу? Калі дазволіш, дык абяцаю табе, што, як будзеш варочацца, дык ускок пяройдзеш праз рэчку каля млына.
— Буду вельмі рады з твае кампаніі, — адказаў Дональ.
Так і зрабілі. Калі надыйшла субота, Маніс далучыўся да Доналя і разам пайшлі яны да Доналявага цесьця.
Стары ня вельмі абрадаваўся, ўбачыўшы, што Дональ прывёў з сабой лішняга ядуна. Але Маніс рабіў выгляд, што нічога не заўважыў і трымаў сябе так, як быццам Дональ прыцягнуў з сабою ня госьця, а маёвую кветачку. Калі падалі на стол вячэру, Маніс штурхануў Доналя локцем, абодвы яны нахіліліся і сталі рабіць нешта з ботамі, як быццам тыя разьвязаліся. Яны разблутывалі боты некалькі мінутаў, а за гэты час стары трохі паеў, прачытаў удзячныя малітвы і падняўся з-за стала, спадзяючыся, што ў госьцяў ня хопіць сьмеласьці і нявыхаванасьці сядзець за сталом пасьля таго, як вячэра ўжо скончылася. Аднак-жа мой Маніс з Доналем адважна ўселіся за стол і павячэралі, як найлепей.
Стары бурчаў і хмурыўся, і ледзьве ад яго можна было дабіцца слова.
Маніс-жа вясёла гутарыў, як быццам нічога ня было, і расказаваў вясёлыя байкі, пакуль ня прыйшоў час спаць. Яму паслалі ложка ў пакоі, але ён заявіў, што можа спаць толькі ў адным мейсцы — каля печкі на кухні.
Старыя гаспадары пярэчылі гэтаму і завяралі, што ня могуць пусьціць госьця начаваць у гэткім мейсцы; але ўсё гэта не дапамагло. Маніс цьверда сказаў, што ў другім мейсцы спаць ня будзе і ня ляжа. Муселі яны згодзіцца і пайшлі да сваіх ложкаў.
Але Маніс, хоць і лёг, але ня думаў засыпаць. Праляжаўшы гадзіны зо дзьве, ён пачуў, як дзьверы паціхеньку адчыніліся. Старая высунула галаву ў дзьверы і стала прыслухоўваца, а Маніс захрапеў гэтак моцна, быццам ня спаў дзён дзесяць.
Прыслухаўшыся, старая ўвайшла ў кухню і пераканалася, што Маніс сьпіць, як забіты. Яна хуценька наліла ў кацёл вады і стала варыць пахлёбку для сябе і мужа, як Маніс справядліва дагадаўся, што яны гэтак заўсёды дурылі Доналя.
Але ў самы гарачы момант Маніс паварушыўся і зрабіў від, што прачынаецца. Ён сеў, стаў церці кулакамі вочы і пазіраць навакола, і, быццам неўспадзеўкі, кінуў вокам на старую і на гаршчок з пахлёбкай.
— А, ты ўжо тутака? — пазяхнуў ён. — Няўжо-ж сьвітае?
— Да раньня яшчэ далёка, — але-ж у нас захварэла карова, і я гатую для яе пойла на агню. Выбачай, што я разбудзіла цябе.
— Не, не, ты мяне не разбудзіла! — сказаў Маніс. — У мяне страшэнна баліць калена, — пачаў ён, паціраючы калена.
— Я моцна ўдэрыўся каленам і яно мяне іншы раз мучыць па ночам. Баліць так моцна, што іншы раз буджуся ночаю, у самы моцны сон. Але нішто так добра не памагае, як сажа. Трэба пабраць болей сажы ў коміне і добра нацерці ёю калена.
Сказаўшы гэта, Маніс схапіў кручок і пачаў калупаць ім сажу ў трубе, якая была якраз над катлом. З кожных шасьцёх кавалкаў сажы, падаўшых уніз, пяць пападалі ў кацёл. Парашыўшы, што ён досыць папсаваў пахлёбку, Маніс узяў шчопаць сажы з печкі і пацёр ёю сабе калена.
А цяпер, — сказаў ён, — мне зробіцца лягчэй, я буду моцна спаць і не прачнуся аж да раніцы. І ён разлёгся на падлозе і захрапеў.
Старая ледзьве ня плакала ад злосьці, што ёй сапсулі вячэру. Пайшоўшы да старога, яна расказала, што здарылася з іхняю вячэраю. Ён страшэнна зазлаваўся і запытаў, ці заснуў ужо Маніс. Пачуўшы, што заснуў, ён загадаў старой сьпячы хуценька на гарачым попелу аўсяны каравай.
Старая дастала аўсянай мукі, замясіла добры каравай, паставіла яго ў прысак і села каля яго, чакаючы, пакуль сьпячэцца.
Не прайшло і хвілі, як Маніс не сваім голасам закрычаў, як быццам праз сон, ускочыў, пачаў праціраць вочы і азірацца навакола. Угледзеўшы старую, ён прастагнаў: — Ах, ты ўжо тутака? Як я рады; у мяне на душы цяжка, як быццам стопудовы камень ляжыць на сэрцы і не дае мне заснуць. Я хачу, каб на душы палягчэла, — гаварыў далей Маніс, — а потым засну крэпка і буду спаць усю ноч. Я табе раскажу, што мяне мучыць.
Ён схапіў абедзьвюма рукамі кручок і ў часе свайго апавяданьня без перарыву разгортаваў попел.
— Трэба табе сказаць, што бацька мой, пакуль не памёр, быў вельмі багаты чалавек і меў вялікі маёнтак. У яго былі тры сыны: я, Тэдзі і Том; усе мы былі вельмі старанныя работнікі. Я заўсёды вельмі любіў Тэдзі і Тома, а яны-ж мяне, няма вядама за што, ненавідзелі і не праміналі ніводнага здарэньня, каб зрабіць мне якую-небудзь няпрыемнасьць, альбо натравіць на мяне бацьку.
Тома і Тэдзі ён пасылаў да школы і даў ім добрае выхаваньне, мне-ж ён даў у рукі рыдлёўку і паслаў абрабляць поле. Калі, бывала, вернуцца з школы Том і Тэдзі, дык трымаюць сябе панічамі, езьдзяць конна і ходзяць на паляваньне з гончымі. А мяне прымушалі даглядаць за коньмі, сядлаць іх і спатыкаць братоў, калі яны варочаюцца з паляваньня, праветрываць іх коней, чысьціць і адводзіць у стайню.
Мне прыходзіла іншы раз у голаву, што гэта нядобрыя і зусім ня братнія адносіны. Але-ж я маўчаў затое, што вельмі любіў і Тэдзі і Тома. Бацька-ж наш усё мацней любіў братоў і ўсё больш ня любіў мяне. Нарэшче паміраючы, ён, так моцна любіў Тэдзі і Тома і так мала беднага Маніса, што прад сьмерцьцю падзяліў зямлю на чатыры часьці і вось якім спосабам:
— Выабразім сабе, — цягнуў далей Маніс уваткнуўшы кручок ў каравай — выабразім, што тутака знаходзіцца гаспадарка майго бацькі. Ён падзяліў яе так, — і Маніс разрэзаў каравай ў даўжыню. Потым ён парэзаў яе гэтак — і Маніс разарваў каравай упоперак; — гэтую чверць, — гаварыў далей Маніс, адпіхнуўшы кручком кавалак каравая, — ён аддаў маёй матцы. А гэту чверць, — сказаў ён, упіхаючы ў попел другі кавалак каравая — ён адказаў Тэдзі, гэтую-ж чверць, — ён піхнуў у попел трэці кавалак, — ён пакінуў Тому. Апошнюю-ж чверць, — прамовіў Маніс, праткнуўшы ў самую сярэдзіну апошні кавалак каравая, — гэту чверць ён аддаў папу! — і ён далёка шпургануў яго на падлогу. — Беднага-ж Маніса ён пакінуў такім, як ён ёсьць — жабраком і адкінутым, — сказаў ён, кідаючы кручок.
— Вось, цётанька, мая аповесьць, — скончыў ён, — а цяпер, аблягчыўшы душу, я буду моцна спаць аж да раніцы. І, паклаўшыся каля печкі, ён ізноў захрапеў.
Кабета пайшла да мужа і расказала яму аб тым, які лёс спаткаў каравай. Стары ледзьве не ашалеў ад злосьці і хацеў ужо бегчы да Маніса, каб зьбіць яго да сьмерці, — гэтак яму захацелася есьці.
Неяк заспакоіла яго старая, і ён загадаў ёй ісьці на кухню і прыгатаваць што-колечы на вячэру.
— Ня варта распаліваць агонь, — сказала яна, — у нашага госьця зноў можа забалець калена ці што-небудзь прысьніцца, і ён ізноў схопіцца і пачне лезьці да мяне з сваімі апавяданьнямі. Лепш ужо я падаю карову і прынясу табе добры жбан малака — гэта ўжо табе хопіць да раньня.
Ён сказаў ёй зрабіць гэта як найхутчэй, калі яна ня хоча, каб ён памёр ад голаду.
З усіх ног пабегла старая, узяла жбан з паліцы і паціхеньку выйшла з хаты, пакінушы Маніса, які моцна спаў, ажно храпеў. Але, калі, як вылічыў Маніс, прайшло столькі часу, што жбан мог быць поўны, ён крадучыся пайшоў у хлеў і, карыстаючы з таго, што было цёмна, сказаў старэчым голасам:
— Сьпяшайся, а то я памру ад галаду.
Яна падала яму ўпоцемку жбан, ён выпіў малако, тыркнуў ёй назад ўжо парожні жбан і пайшоў сабе спаць. Старая надаіла і для сябе яшчэ жбан малака, выпіла яго, паціхеньку ўвайшла ў кухню, асьцярожна паставіла жбан на палічку, каб не разбудзіць Маніса, і пайшла да свайго пакою. Калі яна увайшла, стары мала ня лопаўся ад злосьці.
— За гэткі час можна было-б падаіць кароў з усяе ваколіцы, а ты морыш мяне голадам, — сказаў ён. — Давай сюды малако!
— Аб чым ты гэта кажаш? — зьдзівілася кабета.
— А ты што кажаш, старая ведзьма? — засычэў ён.
— А ці ня ты прыходзіў зараз у хлеў? Ці-ж ня ты узяў у мяне жбан з малаком і ці ня ты выпіў яго да дна?
— Вось табе на! — сказаў стары. — Пачаставала! Ды гэта, мусіць, ізноў той ашуканец, што сьпіць на кухні, абдурыў цябе. Ну, няхай будзе, што будзе, а цяпер я ўжо заб’ю яго!
Пераканаўшыся, што яе ашукалі, кабета сама разьярылася і зажадала крыві Маніса.
Але Маніс, прыклаўшы вуха да дзьвярэй чуў усю размову, і, пакуль стары зьбіраўся пазбавіць яго жыцьця, ён прыцягнуў у хату цялёнка, паклаў яго на тое мейсца каля печкі, дзе ранёй ляжаў сам, і прыкрыў яго коўдрай.
Адшукаўшы цяжкі молат, стары пайшоў на тое мейсца, дзе ляжаў па яго думцы Маніс. Падняўшы молат, ён з усяе сілы ўдарыў ім па галаве цяляці, каторае толькі раз застагнала „му“ і здохла. Пасьля гэтага стары, вельмі задаволены, пайшоў спаць, а млынар скіраваўся да свае хаты.
Ранюсенька старыя ўсталі, каб закапаць мельніка, але, пабачыўшы, якую штуку ён з імі зрабіў, яны ледзьве ня лопнулі ад злосьці.
Аднак-жа, калі падалі сьнеданьне, і Дональ разам з другімі ўсеўся за стол, — дык стары ўжо не сьпяшаўся чытаць удзячныя малітвы, і Дональ першы раз за сваё жыцьцё наеўся дасыта. Тое-ж самае было і з вячэрай.
У панядзелак рана, варочаючыся да хаты, Дональ адным скокам пераляцеў цераз рэчку каля млыну. Маніс выйшаў і вясёла падмаргнуў яму. Дональ схапіў яго за абедзьве рукі і сардэчна падзякаваў.
Пасьля таго кожны панядзелак Дональ пераскокваў млыновы шлюз гэтак лёгка, як верабей праз які-небудзь дубчык.
Праз тры гады стары памёр, а Дональ перасяліўся на яго гаспадарку. І трэба сказаць, што ня было ў яго лепшага госьця, як млынар Маніс.