Ірляндзкія Народныя Казкі (1923)/Прыгоды Сіада

Сьнег, Груган і Кроў Прыгоды Сіада
Казка
Аўтар: Шамас Макманус
1923 год
Пераклад: Сымон Рак-Міхайлоўскі
Пчала, Гарфа, Мыш і Прусак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Прыгоды Сіада.

У караля Нарвэскага было тры сыны: Сіад, Сэуд і Мітсэуд. Усім яны былі вядомы, як адважныя малайцы, ды самі сябе яны лічылі такімі.

Аднойчы Сіад доўга гуляў па беразе мора і ўвесь час аб нечым думаў. Вярнуўшыся ў палац, ён сказаў бацьку і братом:

— Увесь сьвет славіць Сэуда, Мітсэуда і Сіада, што яны героі і адважныя байцы. Але хацеў-бы я ведаць, за што гэта яны заслужылі такую славу. Ніхто з нас не зрабіў нічога вялікага. Мне здаецца, што нядобра, не заслужыўшы, насіць назоў байца. Годзі! я пайду па беламу сьвету, каб напраўду даказаць, што я варты, каб мяне называлі героем. Ну, а калі-ж мне не пашанцуе, дык я ўжо тады не вярнуся дамоў.

Дарма кароль стараўся адмовіць сына. Сіад і слухаць не хацеў. Ён казаў адно:

— Мне сорамна называцца тым, на што я не заслужыў.

Пераканаўшыся, што Сіад яго не паслухае, кароль пачаў прасіць яго, каб ён узяў з сабою хоць дружыну з каралеўскае челядзі.

— Непатрэбна, — адказаў Сіад, — я хачу ехаць адзін.

Так і ня мог упрасіць яго бацька, каб ён хоць слуг узяў з сабою.

Раніцай на другі дзень Сіад прачнуўся, пасьнедаў, узяў сваё аружжа і шчыт і пайшоў у дарогу. Падыйшоўшы да мора, ён пайшоў па ўзьбярэжжы.

Праблукаўшы так гадзіны зо тры ўбачыў ён на моры нейкую чорную кропку, якая стала зьбліжацца і расьці. Прыгледзеўшыся, ён заўважыў, што гэта плыве човен, а ў ім сядзіць жанчына. А калі човен падблізіўся, ён разгледзеў, што кабета, якая там сядзела, была надта прыгожая.

Як толькі човен прыстаў да берага, Сіад памог прыгожай кабеце зыйсьці на зямлю і сказаў: — Скуль ты прыехала, красуня, і хто ты такая? Ды куды гэта ты едзеш адна-адзінюсенька?

— Перш, чым я табе адкажу, — ты павінен назваць сваё імя, бо на такія пытаньні я адказываю толькі асобам з каралеўскага роду.

— Дык у маіх жылах цячэ каралеўская кроў, — адказаў Сіад. — Я Сіад, сын нарвэскага караля.

— Ах, як я радая, — сказала кабета. — Я — Чорнае Вочка, дачка францускага караля. Прыехала я з Францыі, а куды еду, дык і сама ня ведаю. Вось ужо цэлы год і дзень блукаю я па марам у гэтым чаўне і шукаю героя. Злая мачыха зачаравала мяне, выгнала з хаты і прымусіла блукаць па марам і акіянам у гэтым чаўне, пакуль я не здабуду ёй бутэлечку з жывою вадою, якая належыць царыцы, што на Востраве Скарбаў. Толькі тагды, калі я здабуду ёй гэтую воду, яна здыме з мяне пракленства.

Ужо тры гады, як я вандрую па сьвеце, шукаючы гэты востраў, але ніяк не магу знайсьці яго, дый ніхто ня ведае, дзе ён. Я ўжо наклала зарок на дванаццаць вялікіх асілкаў, якія абяцалі мне здабыць гэту воду. Але ніхто з іх не здабыў яе, і ўсе пазбавіліся жыцьця.

Калі ты каралеўскі сын і герой, дык я кладу на цябе зарок, здабыць мне гэную бутэлечку з жывой вадой ад царыцы, што на Востраве Скарбаў. Ты аддасі яе мне на гэтым-жа мейсцы праз тры гады і адзін дзень.

І Сіад сказаў:

— Прымаю твой зарок, Чорнае Вочка.

Чорнае Вочка падзякавала яму, а Сіад дапамог ёй увайсьці назад у човен. Яна адпіхнулася ад берагу

Урэшце човен падплыў да берагу.


Урэшце човен падплыў да берагу.

паплыла і скора згінула з вачэй. Тагды Сіад вярнуўся да бацькі і расказаў яму аб сваей прыгодзе і аб зароку, што наклалі на яго.

— Бедны мой хлопчык, — сказаў кароль, – баюся я за цябе. Ува ўсім сьвеце няма нават трох чалавек, якія ведалі-б, дзе знаходзіцца гэты Востраў Скарбаў. А калі ты і знойдзеш яго, дык хутчэй пазбавішся жыцьця, чым здабудзеш бутэлечку з жывой вадой.

Сіад адказаў, што калі другія, больш слаўнейшыя, людзі паклалі свае галовы за гэтую справу, дык і яму ня сорам згінуць за яе.

Кароль парадзіў узяць з сабой дзевяць разоў па дзевяць чалавек, калі ён мае ахвоту выпаўніць свой зарок.

— Не, — сказаў Сіад. — Я не вазьму і дзевяцёх чалавек. Толькі ты дай мне карабель, а мае браты Сэуд і Мітсэуд няхай едуць са мной. Калі ёсьць якая магчымасьць здабыць ад царыцы, што на Востраве Скарбаў, бутэлечку з жывой вадой, дык я здабуду яе з помачай Сэуда і Мітсэуда. А калі гэта немагчыма, дык не памогуць і дзевяць раз па дзевяцьдзесят дзевяць чалавек.

Кароль даў яму самы лепшы карабель з усіх, якія былі ў яго прыстані, а раніцай Сіад, Сэуд і Мітсэуд адправіліся ў дарогу.

Два дні і дзьве ночы яны плылі бяз ніякіх здарэньняў. На трэці дзень далёка на моры паказалася нейкая кропка. Скора яны зразумелі, што гэта карабель, які нясецца ім на спатканьне. Калі ён падплыў, яны ўбачылі, што карабель быў надта вялікі, а калі ён яшчэ бліжэй падплыў, дык яны разгледзелі, што на ім ёсьць толькі адзін вялізарны асілак, які ростам быў вышэйшы за ўсіх асілкаў Нарвэгіі.

Як толькі караблі параўняліся, асілак запытаўся ў Сіада, хто ён такі і па якому праву езьдзіць па чужым водам.

— Няма чаго мне ўстыдацца свайго імя, — адказаў Сіад. — Я — Сіад, сын нарвескага караля. А ты хто такі і па якому праву пытаешся мяне?

— Я — Асілак Вялікіх Мароў і ў гэтых водах не дазваляю плаваць нікому.

— Калі твой такі закон, то мне цябе шкода, бо ты сягоньня яго нарушыш.

Асілак замахнуўся кап’ём, але Сіад, не трацячы часу, пераскочыў на асілкавы карабель са сваім кап’ём і шчытом.

Пачаўся страшны бой. Грукат быў такі вялікі, што з паўночных мароў прыплылі кіты, з морскай глыбіні павыплывалі рыбы, з падводных гаёў пазьбіраліся чырвоныя рыбкі: усе сьпяшаліся паглядзець на бой. Асілак быў адважны і спрактыкаваны ваяк, апрача таго быў нязвычайна дужы, але Сіад быў і дужэйшы і хітрэйшы ад яго. Яны пачалі бойку, як толькі ўзыйшло сонейка, а калі яно хавалася ў хвалях заходняга мора, бой яшчэ ня скончыўся. Але ён ужо мусіў скора скончыцца, бо асілак вельмі аслабеў. Пэўна-ж, што Сіад абдолеў-бы яго, каб ён ня крыкнуў тройчы, і з неба спусьціўся блакітны туман і схаваў яго карабель.

Калі туман разыйшоўся, асілак з караблём згінулі, а Сіад апынуўся ў вадзе. Браты ўзялі яго на карабель. Але-ж ён быў так моцна паранены і слабы, што браты парашылі вярнуцца дамоў.

Дома Сіад пралежаў у ложку тры дні, і ўвесь час дактары не адыходзілі ад яго. А як толькі аздаравеў, дык папрасіў бацьку, каб даў яму трыццаць чалавек і другі карабель, каб ізноў адправіцца ў дарогу. Дарма бацька прасіў яго пакінуць гэтыя думкі, — Сіад казаў, што калі ён ня выпаўніць свае абяцанкі, дык яму будзе сорамна глядзець людзям у вочы.

Ён адплыў на двух караблёх. Сам ён з братамі плыў на адным караблі, а трыццаць яго слугаў — на другім.

Плылі яны тры дні і тры ночы ў тым самым напрамку, як і раней. Раніцай на чацьверты дзень яны ўбачылі на краю мора дзьве плямкі, якія пасуваліся да іх. Гэта былі два караблі. На адным знаходзіўся асілак, а на другім натоўп людзей. Калі караблі зьехаліся, Сіад паклікаў Асілка Вялікіх Мароў і запытаўся, ці ён хоча біцца. Асілак адказаў:

— Калі ты ня хочаш, дык і я ня буду.

— Куды гэта ты едзеш? — запытаўся Сіад.

— Я еду шукаць сусьветныя скарбы, — адказаў Асілак.

— А дзе-ж яны знаходзяцца? — зноў запытаўся Сіад.

— На канцы сьвету, на востраве, — адказаў Асілак, — імі валадае царыца вострава Сусьветных Скарбаў.

— Ну, дык і я паеду разам з табою, — сказаў Сіад.

Так парашыўшы, яны разам пусьціліся ў дарогу. Плылі яны дужа доўга, пакуль не даплылі да таго вострава.

Асілак параіў Сіаду, каб ён раней паслаў за скарбамі сваіх слугаў.

Сіад згодзіўся і раніцай паслаў сваіх людзей на востраў. Прышла ўжо ноч, а слугі не варочаліся. На другі дзень Сіад сам паехаў на востраў і стаў шукаць сваіх людзей.

Прайшоў ён адну даліну, а ў другой на дне ўбачыў сваіх верных слугаў, якія плавалі ў крыві.

— Гэта асілкава работа, — сказаў ён сабе.

Вярнуўшыся на карабель, ён сказаў сваім братом:

— Вы прымайцеся за асілкавых людзей, а я вазьмуся за яго самога.

Яны так і парашылі і кінуліся на ворагаў.

Пачалася крывавая бойка, якой ня відала яшчэ ні мора, ні суша. Гук быў такі вялікі, што з усіх бакоў сьвету пазьбіраліся марскія зьверы і страшылы, каб паглядзець на бой. Яны біліся ўвесь дзень, а пад вечар Сэуд, Мітсэуд і асілкавы слугі былі ўжо трупамі, толькі Сіад усё яшчэ біўся з асілкам.

Толькі што сонейка пачало спускацца ў воду, асілак, пачуўшы, што слабее, тройчы крыкнуў. Сіад убачыў, што з неба спушчаецца блакітны туман. Ён падскочыў у паветра, праткнуў кап’ём асілку сэрца, і той паваліўся мёртвы.

Пасьля Сіад завёз сваіх братоў на востраў, прытуліў іх да скалы, што была зьвернена на ўсход і адзеў ім на галовы шлемы, а ў рукі ўсунуў па кап’ю. На другі дзень ён пайшоў вандраваць па востраву і ўвечары падыйшоў да маленькай хаткі, ў якой сядзела старая ведзьма.

Ён убачыў трупы сваей вернай чэлядзі.


Ён убачыў трупы сваей вернай чэлядзі.

— Ці ў цябе ёсьць памоцніцы? — запытаўся ён.

— Колькі хочаш, — адказала яна.

— А нут-ка, пакажы мне іх.

Ведзьма стукнула сваім кіем па ачагу і раптам зьявіліся дзевяць другіх ведзьмаў, такіх самых старых і страшных, як яна сама. Ізноў стукнула кіем, і перад Сіадам стаялі дзевяць найпрыгажэйшых дзяўчын, якіх ён ніколі і ня бачыў.

— Калі ты застанешся жыць са мной, — сказала ведзьма, — дык можаш выбраць сабе ў жонкі якую захочаш з гэтых красуняў.

Але Сіад успомніў францускую каралеўну Чорнае Вочка і свае абяцаньне вярнуцца да яе і адмовіўся жыць у ведзьмы. Яна са злосьці стукнула аб землю кіем і дзяўчыны згінулі. Сіад-жа папрасіў павячэраць і пераначаваць.

Ведзьма пачаставала яго кролікавым языком і лапкамі, а замест пярыны паклала яму калючую траву, а ў сябры дала чорнага ката.

Раніцай ён запытаўся ў ведзьмы, дзе яму знайсьці царыцу вострава.

— Я царыца вострава, — адказала ведзьма.

— Вось яно што, — зьдзівіўся Сіад. — Дык хутчэй давай-жа мне бутэлечку з жывой вадой і сусьветныя скарбы.

— Гэтага ты не дастанеш.

— А калі не дастану, — сказаў Сіад, — дык вазьму твой кій, і пакрышу ўсе твае косьці.

— Відаць адразу, што ты праўдзівы герой, — кпіла ведзьма. — Але ты не падблізішся к жывой вадзе і к сусьветным скарбам і на паўвяршка, калі і зьмелеш мяне на муку. Ці-ж ты ня ведаеш, што Фіч-Ан-Крук, страшэнны чарадзей, што жыве ў горах, ужо дзьве сотні гадоў, як адабраў ад мяне і жывую воду і скарбы.

— Гэта — мана, — сказаў Сіад.

Але ведзьма паказала яму сьляды капцюроў Фіча, у якіх яшчэ ня высахла вада ад дажджу, што ішоў уночы.

— А дзе ён жыве?

— Ён жыве на канцы сьвету.

— А як туды дайсьці? — запытаўся Сіад.

— Як знаеш, — адказала ведзьма.

— Ну, — сказаў Сіад, схапіўшыся за кій, — калі ты мне ня скажаш аб гэтым, дык я стаўку́ цябе на парахню.

Што тут будзеш рабіць, — павяла ведзьма Сіада да берагу, сьвіснула, і, раптам, на верх вады выплыла чырвоная рыбка.

— Ідзі за гэтай рыбкай, і яна прывядзе цябе да Фіч-Ан-Крука, — прамовіла ведзьма.

Сіад узыйшоў на карабель, распусьціў парусы і паплыў за чырвонай рыбкай. Плыў ён многа дзён і ночаў, аб’ехаў паўсьвета і, нарэшце, прыплыў да марской затокі, абросшай лесам. Тутака рыбка спынілася і Сіад падплыў і выйшаў на бераг.

Вандраваў ён па горам тры дні ітры ночы і толькі на чацьвёрты дзень знайшоў Фіч-Ан-Крука, каторы дзяліў мяса паміж сваіх людзей.

Сіад падыйшоў і папрасіў мяса.

— Ня дам, — сказаў Фіч-Ан-Крук. — Ты прыйшоў якраз калі трэба, — у мяне выйдзе менш мяса.

— Як-жа гэта? — запытаўся Сіад.

— А так, што я табою накармлю сваіх людзей.

— Ну, яшчэ пабачым, — сказаў Сіад, — і загарэўся паміж імі бой.

Фіч быў страшны і дужы ваяк, але і Сіад быў ня меньш моцны.

На шум прыбеглі з гораў кабаны, лані сабраліся з долінаў, зьляцеліся птушкі з лясоў усяго сьвету. Але да ночы Сіад зваліў Фіча на зямлю, прыдушыў грудзі каленам і запытаўся, дзе скарбы.

— Калі ты з гэтай мэтай прыйшоў сюды і дзеля гэтага біўся, дык дарма, бо я нічым не магу табе дапамагчы. Скарбы знаходзіліся ў маіх руках толькі адну ноч, а пасьля таго Фіч-Ан-Чоль, лясны вядзьмар, адабраў іх ад мяне.

— Ня веру я гэтаму, — сказаў Сіад.

Але-ж Фіч-Ан-Крук паказаў яму сьляды, яшчэ ня змытыя дажджом.

— А дзе жывець Фіч-Ан-Чоль? — запытаўся Сіад.

— Ён жыве на другім канцы сьвету.

— Як туды трапіць?

— Ты адважны ваяк, — сказаў Фіч-Ан-Крук, — і табе я жадаю поўнай удачы. — Пры гэтым ён тройчы ўдарыў у шчыт сваім кап’ём і на гэты звон прыбег вялікі сабака.

— Ідзі за гэтым сабакам, — дадаў Фіч-Ан-Крук, — і ён прывядзе цябе да Фіч-Ан-Чоля.

Сіад пайшоў за сабакам. Ішоў ён па горах і лясох, па далінах і балотах, па зялёных сенажацях, пакуль ня прыйшоў у той край, дзе жыў Фіч-Ан-Чоль.

Каля аднае хаткі ён убачыў самога ведзьмара. Ён стаяў, прытуліўшыся да дзьвярэй сваей хаткі, і так рагатаў, што ад гэтага рогату валіліся старыя дубы.

— З чаго ты сьмяешся? — запытаўся Сіад, падыйшоўшы да Фіч-Ан-Чоля.

— Я рагачу ад радасьці, што заб’ю цябе.

— Ну пагледзім яшчэ, як ты засьмяешся пасьля, — сказаў Сіад, ухапіўшыся за кап’ё. І пачаўся бой. Птушкі і зьверы зьляцеліся з усіх канцоў сьвету, каб паглядзець на пабоішча. А скончылася яно тым, што Сіад падкумячыў пад сябе Фіча.

— Ты адважны ваяк, — сказаў Фіч. — Кажы, чым я магу табе прыслужыцца.

— Аддай мне бутэлечку з жывой вадой і сусьветныя скарбы.

— На жаль, я не магу гэтага выпаўніць. Жывая вада і скарбы прабылі ў мяне ўсяго адну ноч, а потым цар пэрсідзкі адабраў іх ад мяне. Вярніся ўжо лепш дамоў, бо ў цара пэрсідзкага цяжка што-небудзь вырваць.

— Чаму ты так думаеш? — запытаўся Сіад.

— Таму што цар пэрсідзкі, забраўшы скарбы, у той-жа час паклікаў да сябе сямёра чарадзеяў Усходу і загадаў зачараваць сябе так, каб ніхто ня мог абдужаць яго.

— Няхай сабе і так, — адказаў Сіад, — Але я ўжо цяпер не вярнуся дамоў, а пайду, куды павядзе мяне мой лёс.

Птушкі і зьверы зыйшліся глядзець на гэтую бойку.


Птушкі і зьверы зыйшліся глядзець на гэтую бойку.

Доўга хадзіў па зямлі Сіад. Урэшце прыйшоў ён у даліну, пакрытую мерцьвякамі, і на адным з нябошчыкаў убачыў залаты і срэбны боты. Спрабаваў ён зьняць залаты бот, але гэты, быццам нябошчык, так удэрыў яго другой нагой, што ён пакаціўся на зямлю.

— Я — Шпаркі Меч, сын караля Гішпанскага, адзін удар мой мае сілу тысячы людзей у працягу тысячы гадоў і можа выплюхнуць цэлае мора. Вось гэта маё войска, якое я прывёў з Усходу; як бачыш, — усё яно загінула.

— Як я рад, што спаткаў цябе, — сказаў Сіад. — Я-ж табе сваяк, — Сіад, сын караля Нарвэскага. Пойдзем разам.

І яны пусьціліся ў дарогу і да таго часу йшлі, пакуль не дайшлі да Возера Пяючага Берагу. Па гэтаму возеру яны падплылі да невялічкай хаткі. Падыходзячы, яны заўважылі, што кожны раз, як яны ступяць, з коміну хаткі вылятаў белы голуб.

Сіаду гэта здалося дзіўным, і ён парашыў увайсьці і даведацца ў чым справа. У хатцы ўбачыў ён красуню-маладзіцу, якая сядзела каля агню. У руцэ яна трымала доўгі кій, увесь пакрыты лускою. Яна адрывала луску і кідала яе ў агонь. Кожная лушчынка на агні перараблялася ў белага голуба, які вылятаў у комін.

— Няхай багі цябе паблаславяць! — сказаў Сіад. — Я Сіад, сын нарвескага кораля. Я падарожнічаю па сьвеце, каб адшукаць пэрсідзкага цара і адабраць ад яго бутэлечку з жывой вадой і сусьветныя скарбы. А мо’ ты мне скажаш, як цябе завуць, прыгожая дзяўчына?

І яна сказала:

— Я — Жомчужны Раток, дачка пэрсідзкага цара, і жыву тутака адна-адзінюсенька далёка ад радні і бацькаўшчыны.

— Завошта такая злая доля выпала табе?

— Год таму назад я выйшла замуж за Сіняе Золата сына Афрыканскага цара. У самы дзень вясельля Злы Узгорак, сын Грэцкага караля, ўхапіў майго мужа і перавярнуў яго ў голуба Усходніх Нябёс. І вось я

Кожная лушчынка перараблялася ў голуба, які вылятаў у комін.


Кожная лушчынка перараблялася ў голуба, які вылятаў у комін.

сяджу тутака ўжо цэлы год і пасылаю да яго гэтых пасланцоў. Але ніводзін не вярнуўся назад.

— Дужа мне шкода цябе, — сказаў Сіад.

— А мне шкода цябе, — адказала кабета.

— Чаму так?

— Бо майго бацьку, Пэрсідзкага цара, ня можа абдужаць чалавек, і ніколі ты не адбярэш ад яго бутэлечкі з жывой вадой і сусьветных скарбаў.

— Няхай я памру, але ўсёж-такі папрабую здабыць іх! — ажно крыкнуў Сіад.

— А ці ня лепш здабыць іх і быць жывым? — запыталася Жомчужны Раток.

— Дык гэта-ж немагчыма!

— Калі ты праўдзівы герой, дык у цябе яшчэ ёсьць надзея.

І Жомчужны Раток сказала Сіаду, што калі ён адшукае Злога Ўзгорка, сына Грэцкага караля, пераможа яго і зьвернець да яе Сіняе Золата, дык яна здабудзе ад свайго бацькі ўсё, што яму патрэбна.

— Што-ж, я згаджаюся, — сказаў Сіад.

— Гэта ня так-то лёгка зрабіць, — адказала Жомчужны Раток. — Ніхто ня зможа Злога Ўзгорка, калі ня мае сілы Стальнога Сэрца, прынца Індыйскага.

— Ну, дык тады я пайду шукаць гэтага прынца.

Сіад пусьціўся ў дарогу і бязупынна ішоў, пакуль не дайшоў да Індыі.

— Аддай мне сваю непераможную сілу, — сказаў ён Стальному Сэрцу.

— Гэтага ты не дастанеш, — адказаў Стальное Сэрца.

— Ну, дык я буду з табой біцца.

— Ты дарма загінеш, — сказаў Стальное Сэрца, — бо толькі адзін чалавек у сьвеце можа мяне абдолець.

— А хто-ж гэта такі?

— Той, хто можа забіць асілка Вялікіх Мароў.

— Я зрабіў ужо гэта. — І Сіад расказаў яму ўсе свае прыгоды.

Тады Стальное Сэрца прывітаў яго і выказаў поўную ахвоту падзяліцца з ім сваёй непераможнай сілай.

— Зламай галінку з дуба, што расьце перад маім замкам, і яна дасьць табе сілу, — сказаў ён.

Сіад падыйшоў да дуба і зламаў галіну. Але ледзь яна дакранулася да зямлі, як стала вялікім дрэвам, і тое самае рабілася з усімі галінкамі, якія ён адламаваў. Стальное Сэрца пасьпяшыў да яго на падмогу. Ён даў Сіаду плашч і сказаў:

— Разгарні яго і пасьцялі пад дрэвам.

На гэты раз галінка, якую адламаў Сіад, упала на плашч. Ён падняў яе і пайшоў у сьвет шукаць Злога Узгорка. Доўга йшоў ён па лясох і па горах, па далінах і па зялёных сенажацях, пакуль не знайшоў нарэшце Злога Ўзгорка ў Афрыцы, дзе ўбачыў яго з усімі ягонымі блізкімі на макаўцы гары.

Тутака Сіад даведаўся, што Злы Ўзгорак бярэ шлюб з царыцай Індыі. Ён скіраваўся да таго мейсца, дзе жрацы благаслаўлялі маладых.

— Хто ты такі, чужаземец, і што табе трэба? — запытаўся Злы Ўзгорак.

— Мне трэба перамагчы цябе.

— Гэтага ня зможаш зрабіць. Лепш адыйдзі, адкуль прыйшоў; ці ты ня бачыш, што я бяру шлюб?

— Я не адыйду, пакуль ня зробіш таго, чаго я жадаю, або пазбаўлю цябе жыцьця.

— Я ня дам табе майго жыцьця і ня выпаўню тваіх пажаданьняў, — сказаў Злы Ўзгорак, — але праткну цябе кап’ём, калі ты ня пойдзеш адгэтуль.

Тады Сіад паклікаў яго на бой.

— Я не хачу ў дзень свайго вясельля праліваць крыві, — сказаў Злы Ўзгорак. — Ці ты ведаеш, што мяне можа перамагчы толькі той, хто мае сілу Стальнога Сэрца, прынца Індыйскага.

— Вось яна, — сказаў Сіад, кідаючы дубовую галінку да яго ног.

Злы Ўзгорак глянуў на галінку, і сказаў:

— Мо’ ты зьлітуешся нада мною?

— Толькі ў тым выпадку, калі ты мне скажаш, дзе знаходзіцца прынц Афрыканскі Сіняе Золата, якога ты адабраў ад жонкі год назад і як яго адшукаць, — сказаў Сіад.

— Я табе раскажу, дзе ён, — сказаў Злы Ўзгорак. — Але ня маю надзеі на тое, што ты дабярэшся да яго. Ён лётае дзікім голубам ува ўсходніх небясох і нічым яго ня зловіш, апрача чарадзейнай сеткі Друіда Ірляндзкага Караля, а гэтую сетку можна купіць толькі за трэцюю часьць сусьветных скарбаў.

А той урок, які на яго накладзены, можна зьняць толькі з помачай дзевяцёх пшонных зернятак, якія ляжаць на дне калодзежа, што на канцы сьвету. А калодзеж гэты могуць вычэрпаць толькі тры тысячы чалавек у працягу трох тысячаў гадоў.

Пачуўшы гэта, Сіад разьвітаўся са Злым Узгоркам. Шпаркага Мяча ён паслаў у Ірляндыю, каб ён папрасіў там у каралеўскага друіда цудоўную сетку, з тою ўмоваю, што ён за яе заплаціць трэцюю частку сусьветных скарбаў. Сіад і Шпаркі Меч разыйшліся, умовіўшыся спаткацца каля калодзежа на канцы сьвету.

Доўга-доўга вандраваў Сіад. Йшоў ён праз горы, што мелі сто вёрст ў вышыню, праз даліны ў сто вёрст глыбіні, па раўнінам, дзе ніколі і людзі ня жылі, па лясох, куды ніколі не залятала птушка, — такія яны былі вялікія, і, урэшце, дайшоў да калодзежа на канцы сьвету, дзе застаў ужо Шпаркага Мяча з сеткай Друіда Ірляндзкага караля.

Трыма ўдарамі мяча Шпаркі Меч асушыў калодзеж, што на канцы сьвету. З дна яго яны дасталі дзевяць пшонных зернятак. На Ўсходзе яны раскінулі сетку і злавілі пры яе помачы сто тысячаў дзікіх галубоў, самы вялікшы з іх быў Сіняе Золата.

Яны далі яму зьесьць дзевяць зернятак і перад імі апынуўся прыгожы прынц.

Усе разам яны пусьціліся ў дарогу і прыехалі да возера Пявучага Берагу, да тае хаткі, дзе жыла Жомчужны Раток. Ня можна апісаць, як была радая каралеўна, убачыўшы свайго мужа — прынца Сіняе Золата.

Цяпер ужо ўсе чацьвёра яны паехалі ў далёкую дарогу і пасьля доўгай вандроўкі праз горы і долы, праз лясы і балоты зьявіліся яны да бацькі Жомчужнага Ратка, — Пэрсідзкага цара. Яна папрасіла ў яго

Праз горы і долы яны дайшлі да замку, дзе жыў яе бацька.


Праз горы і долы яны дайшлі да замку, дзе жыў яе бацька.

бутэлечку з жывой вадой і сусьветныя скарбы для Сіада, якому трэба было аддзякаваць за яго заслугі.

І сказаў Пэрсідзкі Цар:

— Нікому ў сьвеце не аддаў-бы я гэтых скарбаў, але слаўнаму Сіаду аддаю іх ад шчырага сэрца.

Гэтую ноч Сіад і Шпаркі Меч пераначавалі ў замку Пэрсідзкага цара, а раніцай паехалі дамоў. Прыехаўшы да Раўніны Крыві, яны брызнулі кропельку жывой вады на войска Шпаркага Мяча, і ўсё войска адразу аджыло.

Тутака Шпаркі Меч са сваім войскам пайшоў заваёўваць Усход, а Сіад, не марнуючы дарма часу, простай дарогай скіраваўся дамоў.

У вечар таго дня, які быў яму вызначаны, — роўна праз тры гады і адзін дзень, Сіад стаяў на тым мейсцы, адкуль пачаў сваю дарогу. Чорнае Вочка ўжо чакала яго на беразе мора. Ён даў ёй бутэлечку з жывой вадой, і чары злой мачахі спалі з яе. Разам паехалі яны на востраў, дзе засталіся браты Сіада, — Сэуд і Мітсэуд. Аджывіўшы іх, яны ўсе чацьвёра з жывой вадой і сусьветнымі скарбамі прыехалі да замку бацькоў Сіада.

Неўзабаве быў пасланы ў Францыю зьвястун, каб паклікаць караля і яго двор на вясельле дачкі. Другі пасланец павёз да Друіда Ірляндзкага караля чарадзейную сетку і трэцюю частку сусьветных скарбаў і запрашэньне да караля, каб зьявіўся са сваім дваром на вясельле.

За вясельным сталом сядзела сто каралёў. Вясельле гулялі дзевяцьдзесят дзевяць дзён і дзевяцьдзесят дзевяць ночаў, і кожны дзень быў вясёлейшы за папярядні.

Сіад і Чорнае Вочка пражылі сабе вясёлыя і шчасьлівыя аж да глыбокае старасьці.