Аб светапоглядзе Адама Гурыновіча (Лушчыцкі)

Аб светапоглядзе Адама Гурыновіча
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Іван Лушчыцкі
1955 год
Крыніца: Полымя, 1955, №6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І. ЛУШЧЫЦКІ

АБ СВЕТАПОГЛЯДЗЕ АДАМА ГУРЫНОВІЧА

Адам Гурыновіч (1869-1894 гг.) з'яўляецца выдатным беларускім рэволюцыянерам-дэмакратам, паэтам-мысліцелем канца ХІХ стагоддзя. Нарадзіўся ён у фальварку Кавалі, Вілейскага павета, у сям'і збяднелага дробнапамеснага двараніна. Пасля заканчэння Віленскай рэальнай гімназіі паступіў у Пецербургскі тэхналагічны інстытут. Тут ён праявіў незвычайныя здольнасці да навукова-даследчай дзейнасці. З першых дзён вучобы студэнт Гурыновіч далучаецца да рэволюцыйна-дэмакратычнага руху Пецербурга.

Светапогляд Адама Гурыновіча, як мысліцеля, фарміраваўся ва ўмовах даволі хуткага развіцця капіталізма ў Беларусі, у перыяд рэзкага абвастрэння класавых супярэчнасцей як у горадзе, так і у вёсцы. Гэта былі гады далейшага развіцця вызваленчага сялянскага руху і, што асабліва важна, гады, калі расійскі рабочы клас павёў барацьбу з капіталістамі, а потым выступіў на самастойную палітычную арэну. У Расіі на базе росту рабочага руху і пад уплывам рабочага руху краін Заходняй Еўропы ствараюцца першыя марксісцкія арганізацыі.

У студэнцкія гады Гурыновіч прымае дзейсны удзел у рэволюцыйна-дэмакратычным руху у Пецербургу і піша многа як паэтычных, так і празаічных рэволюцыйных твораў. Яны сведчаць аб тым, што на светапогляд і творчасць Гурыновіча аказала магутны ідэйны ўплыў перадавая руская і беларуская грамадска-палітычная філасофская думка.

У гады вучобы ў Пецербургу Гурыновіч не парываў сувязі з Беларуссю. Прыязджаючы сюды на канікулы, ён праводзіў рэволюцыйную работу, прапагандуючы вызваленчыя ідэі. За рэволюцыйную дзейнасць Адам Гурыновіч у 1893 годзе быў арыштаваны ў г. Вільні і заняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Тут Гурыновіч пакутаваў каля года, а потым па стану здароўя быў вызвалены пад нагляд паліцыі. Апошнія дні жыцця ён правёў у Крыстанопалі, Свянцянскага павета, у сям'і бацькі, дзе і памёр у студзені 1894 года.

Творы Гурыновіча маюць яркі рэволюцыйна-дэмакратычны характар. Натуральна, што ва ўмовах жорсткай царскай цэнзуры яны не маглі ўбачыць свету. Многія творы пры паліцэйскім вобыску у Пецербургу, а потым у часе арышту ў г. Вільні былі канфіскаваны і бясследна зніклі.

Побач з арыгінальнай творчасцю на беларускай, рускай і польскай мовах Гурыновіч перакладаў на беларускую мову творы А. С. Пушкіна, Н. А. Некрасава, А. К. Талстога, польскіх пісьменнікаў Адама Міцкевіча і Элізы Ожэшка і некаторыя творы ўкраінскіх пісьменнікаў. Тым самым Гурыновіч імкнуўся зрабіць здабыткам беларускага народа лепшыя дэмакратычныя творы славянскіх літаратур і ўмацаваць адзінства братніх народаў у іх барацьбе з агульным ворагам — самадзяржаўем, буржуазіяй і памешчыкамі.

Творы А. Гурыновіча падвяргаюць знішчальнай крытыцы самадзяржаўны памешчыцкі лад. Ад крытыкі асобных бакоў грамадскага жыцця аўтар узвышаецца да адмаўлення ўсяго грамадскага і дзяржаўнага ладу царскай Расіі, як несправядлівага, аснаванага на прыватнай уласнасці, эксплуатацыі чалавека чалавекам і нацыянальным прыгнёце.

Выражаючы настроі і думы рэволюцыйнай часткі беларускага сялянства, А. Гурыновіч у сваіх творах фармулюе яго першачарговыя патрабаванні соцыяльнага і нацыянальнага вызвалення. У сваім глыбока патрыятычным вершы «Бор» у вобразе шматгадовага і шматпакутнага, але ўпэўнена ідучага ўгору магутнага бору Гурыновіч паказвае цяжкое становішча працоўных мас Беларусі, якія стагналі пад

ярмом соцыяльнага і нацыянальнага прыгнёту.

Мы з табой раслі,
Уздымаліся,
На адной зямлі
Гадаваліся.

Мы зжыліся з табой,
Бор наш родненькі,
Як з сваёй сумой
Жабрак голенькі.

А з табой у нас
Долі роўныя;
Мы з табой якраз
Браты родныя.

Ні ў нас долі нет,
Ні ў нас шчасцінька...[1].

Аўтар адчувае непарыўную арганічную сувязь са сваім народам, з якім разам рос, працаваў, пакутаваў, мужнеў і змагаўся супроць усялякага прыгнёту. Сумеснае жыццё і барацьба злучыла аўтара навечна са сваім народам і сваёй роднай краінай. Беларускі народ жыў пад цяжкім ярмом царызма, капіталістаў і памешчыкаў, не меў ні долі, ні шчасця. Самадзяржаўны і капіталістычны лад страшэнным цяжарам клаўся на плечы бедных, бяспраўных народных мас:

А ў нашых людзёх
Усё сярмяжачкі,
А ў іх кешанёх,
Ні бумажачкі[2].

Аўтар разумеў, што цяжкое становішча працоўнага сялянства Беларусі, як і ва ўсёй царскай Расіі, тлумачылася ў вялікай меры значнымі рэшткамі прыгонніцтва і ў першую чаргу тым, што захаваліся буйныя памешчыцкія гаспадаркі, што рэформа 1861 года была праведзена царскім урадам у інтарэсах памешчыкаў. У гэтых адносінах характэрным з'яўляецца верш «Што ты спіш, мужычок?», напісаны пад уплывам верша вядомага рускага паэта А. В. Кальцова, але ў іншым ідэйным плане. У гэтым вершы Гурыновіч ускрывае наіўнасць некаторай часткі сялян, якія паверылі самадзяржаўна-прыгонніцкай прапагандзе, маўкліва неслі ярмо прыгонніцтва ў надзеі атрымаць волю з рук учарашніх сваіх прыгнятальнікаў.

Мужык слухаў яго[3]
Ад веку да веку
І дажыўся таго,
Што папаў ў апеку.
Сказаў так са злосці:
— «Што даць маюць ўрагі,
Я дам — як з мілосці».
— Запяяў наш мужык
Песеньку вясёлу:
«Цяпер сяду, як бык,
З панамі да столу».
А і кожан быў рад,
Даждаўшыся волі:
— «Як зрабіў, так і лад —
Зробіць ён і болей».[4]

Паэт паказвае ілюзорнасць падобных надзей. Аўтар хоча пераканаць сялян, што няма чаго чакаць вызвалення ад цара і памешчыкаў. Ускрыўшы беспадстаўнасць веры адсталай часткі сялян у «добрадзейнасць» памешчыкаў, Гурыновіч робіць вывад, што такія ж беспадстаўныя і ілюзіі аб «добрадзейнасці» самаго цара:

А і ждуць — не даждуць
Ад цара нічога:
— Ці не здумаў надуць
Мужыка дурнога?

Бо хоць «волю» нам даў,
Розуму ні крошкі....
Ісці — жыць — прыказаў,
Не відзя дарожкі[5].

У вершы «Што за звук ды так громка раздаўся?» Гурыновіч, выказваючы пратэст рэволюцыйных працоўных мас супроць памешчыкаў і капіталістаў, гаворыць, што гучны гук — гэта стогн беларускага народа, які пакутаваў ад соцыяльнага і нацыянальнага прыгнёту:

...гэты стогн, быць не можа,
Каб з грудзі ён выходзіў аднэй, —
То увесь наш народ гэтак стогне
Над няшчаснаю доляй сваей[6].

Стагналі працоўныя масы беларускіх сялян у сілу раду прычын. Паэт бачыў галоўную прычыну гэтага ў тым, што ў весцы захаваліся буйныя перажыткі прыгонніцтва, г. зн., з аднаго боку, засталіся буйныя памешчыцкія маёнткі, а з другога — маса малазямельных і беззямельных сялян, якія разараліся пад уплывам развіцця капіталізма.

Працалюбівы беларускі селянін, падганяемы голадам, вымушаны быў шукаць сабе працы ў горадзе. Але працу было знайсці вельмі цяжка, бо ў гарадах і без таго было многа беспрацоўных, колькасці якіх з ростам капіталізма ўсё больш павялічвалася. Гурыновіч піша, што працоўныя Беларусі стагналі ад сваёй няшчаснай долі, таму што

...Ёсць і рукі, і шчырай ахвоты
Нам не бракла да працы ніколі,
Але негдзе найсці нам работы,
Ох, не будзе нам хлеба, ні солі;
Мал надзел ад дзядоў нам астаўся,
Раздзялілі сыны і яго,
А цяпер - глянь - як вузенек стаўся.
Два шагі тут ушыр усяго[7].

Гэтыя радкі гавораць аб нянавісці паэта да усяго эксплуататарскага ладу. Паэт, з аднаго боку, усім сэрцам ненавідзеў капіталіста і памешчыка-прыгонніка, а з другога — шчыра любіў працавітага селяніна. Сведчаннем гэтых высокародных пачуццяў у Гурыновіча можа з'явіцца і яго пераклад на беларускую мову апавядання дэмакратычнай польскай пісьменніцы Элізы Ожэшка «У галодныя годы». Пісьменніца жыла і працавала ў Заходняй Беларусі. Многія яе творы напісаны на матэрыялах з жыцця беларускіх сялян. Вось чаму Ожэшка часам лічаць пісьменніцай Белаpyci.

А. Гурыновіч, несумненна, поўнасцю падзяляў грамадскія погляды Ожэшка, выказаныя ў яркім антыпрыгонніцкім творы «У галодныя годы». Увагу Гурыновіча прыцягваў рэалізм, праўдзівасць у адлюстраванні жыцця прыгоннага селяніна, любоў пісьменніцы да беларускага селяніна, услаўленне яго працоўнага жыцця і нянавісць да паразітычнага класа памешчыкаў. Гурыновічу імпаніравала тое, што пісьменніца, згодна яе слоў, зазірнула «...уніз, углыбіню, у самыя нетры тых грамадскіх слаёў, дзе людзі так цяжка працуюць, цёмныя, бедныя, пазбаўленыя усяго прыгожага»[8].

Тут пісьменніца ўбачыла класавыя супярэчнасці паміж памешчыкамі і сялянамі. Вось што гаворыць яна аб становішчы прыгонных сялян Беларусі ў той час: «Тысячы тых, працы якіх гэты край быў абавязаны і хлебам насутным для ўсіх і велізарным багаццем сродкаў для некаторых, паміралі галоднай смерцю.

Балючы енк, пакутны і роспачны, вырываўся з грудзей народа:

— Хлеба! Хлеба! узнімалася да нябёсаў і чулася над зямлёй»[9].

Падзеі разгортваюцца ў Беларусі ў галодныя гады часоў Крымскай вайны. На беразе невялікай рэчкі сярод пышных лугоў і шырокіх палёў знаходзіўся багаты маёнтак маладога памешчыка. Тут праводзілі бесклапотнае жыццё ў роскашы і ў дастатку. А побач у вёсцы жыло трыццаць сялянскіх сем'яў, над якімі панаваў не толькі крывасмок-памешчык, але і жахлівы голад. У цэнтры ўвагі аўтара знаходзяцца дзяўчына Ганка Гарвар і юнак Васілёк Хмара. Яны кахалі адзін аднаго і марылі аб будучым. А голад рабіў сваё... «твар юнака пабялеў яшчэ больш, яшчэ глыбей запалі яго вочы. І вочы Ганкі з кожным днём гублялі свой жывы бляск. Яе высокая і стройная фігура сагнулася. Каля рота з'явіліся пакутлівыя складкі. Але юнак быў моцны і вынослівы. Бледны, з запалымі вачыма, ён працягваў працаваць у маёнтку і дома. А калі ён бываў разам з каханай, то, заглушаючы пакуты голаду, усміхаўся дзяўчыне. Ганка слабела з кожным днём. Часта, калі яна праходзіла па вёсцы, у вачах яе цямнела, яна хісталася, і грудзі яе, быццам жалезным абручом, сціскаў боль»[10].

У той жа час памешчык і яго жонка рыхтуюцца да гадавіны іх вяселля. Ідзе энергічная падрыхтоўка ў доме. З далёкіх краін для пані выпісваюцца дарагія і модныя плацці. Паноў ніколькі не турбуе жыццё паміраючых галодных людзей, дзякуючы працы якіх яны жывуць у весялосці і роскашы. Пісьменніца правільна робіць вывад: «Вось вам два светы!.. Вось вам два каханні, дзве кахаючыя пары!».

Маці і бацька Ганкі працавалі на паншчыне. Знясіленая, ледзь перасоўваючы ногі, Ганка панесла ім у поле абед. Трэба было перайсці рэчку, праз якую была перакінута тонкая кладка, якая згіналася пры кожным кроку. Ганка спрабавала перайсці, але захісталася, ногі ў яе дрыжалі, кружылася галава. Сямён Гарвар спрабаваў дапамагчы дзяўчыне, але ўпраўляючы забараніў, а Ганцы загадаў: «Нясі сама! Вось адлупцую я цябе! Па мосціку яму перайсці не можаш! Вялікая пані, бачу я!» Ганка пакутліва ўзнялася, узяла гаршкі і ступіла на мосцік. Яна прайшла два крокі, але калі зрабіла трэці, галава ў яе закружылася. Яна ступіла яшчэ... ногі яе задрыжалі, у вачах пацямнела. Ускрыкнуўшы, яна зрабіла яшчэ крок. Упраўляючы рычэў, стоячы на другім беразе рэчкі:

— А ну, хутчэй! Глядзіце, якая паненка! Ідзе так, быццам ногі ў яе не свае!

Пачуўшы голас упраўляючага, Ганка задрыжала яшчэ мацней, зірнула ўніз і ўраніла гаршчэчкі. Яна хацела ісці далей, але захісталася, ускрыкнула... і звалілася ў ваду.

Ганка патанула. Праз некалькі дзён галоднай смерцю памёр Васілёк. Так трагічна закончылася каханне Ганкі і Васіля іх высокароднымі марамі і надзеямі. Так маладыя, закаханыя людзі ў росквіце сіл сталі ахвярай жахлівага прыгонніцтва.

Галоўная ідэя навелы заключаецца ў тым, што класавыя супярэчнасці паміж памешчыкамі і сялянамі непрымірымыя.

Мяркуючы па зместу твораў А. Гурыновіча, ён поўнасцю падзяляў ідэю гэтага твора. Перакладаючы твор на беларускую мову, Гурыновіч падкрэсліваў яго палітычную актуальнасць. Безумоўна, што пісьменнік, імкнучыся зрабіць гэты твор здабыткам свайго народа, хацеў абуджаць у народных масах свядомасць і волю да барацьбы з прыгонніцтвам, якое затрымлівала грамадска-эканамічнае развіццё краіны.

А. Гурыновіч хацеў абудзіць сялян ад шматгадовай спячкі. Ён заклікаў зразумець іх, што творыцца вакол:

Што ты спіш, мужычок,
Заплюшчыўшы вочы?
Забаліць табе бок
Спаць ад ночы к ночы!
Агляніся на свет,
Падымі галоўку.
Ды што ёсць, чаго нет,
Паслухай-жа моўку...[11]

Гурыновіч шчыра радаваўся, што ў ходзе вызваленчай барацьбы ўзрастала свядомасць сялян. З радасцю ён піша, што сяляне зразумелі сваё бяспраўнае становішча, што у іх усведамленні жыло пачуццё сваёй чалавечай годнасці:

Глянь! І мы, мужыкі,
Уставаць пачалі.
Што я? хто за такі?Раздумываць сталі:
Ці я звер?.. ці я птак?..
Ці яка скаціна?
Ці здаецца-ж мне так,
Што людзка дзяціна?
Я не пан!.. мусіць хам!..
А звалі-псяюхай;
Ды казалі бог сам
Казаў: пана слухай".[12]

А. Гурыновіч актыўна выступае з падтрымкай справядлівага жадання сялян толькі называцца, але і быць роўнапраўнымі людзьмі. Паэт лічыў сялян, стваральнікаў матэрыяльных і духоўных багаццяў грамадства, значна вышэйшымі іх ворагаў памешчыкаў. З гневам і абурэннем піша паэт аб тым, што гэтыя паразіты не лічылі селяніна за чалавека, груба і зняважліва называючы яго «хамам» і «псяюхай», прыкрываючы свае ганебныя, злачынныя ўчынкі імем бога.

Соцыяльны гнёт сялянскай масы яшчэ больш узмацняўся і нацыянальным прыгнечаннем беларускага народа.

Хаця скрозь настаўляў
Вучылішч гдзе вёска,
«Букі-аз» наказаў
Навучаць бярозкай;
А раднога слаўца
Ніхто і не чуець:
Толькі так малайца
Саўсім ён сапсуіць...[13]

Гэтыя, як і многія іншыя, выказванні паэта сведчаць, што ён быў змагаром за нацыянальнае вызваленне беларускага народа, лічачы, што кожная нацыя мае права на свабоднае развіццё адукацыі, навукі і культуры на сваёй роднай мове. У справе барацьбы за нацыянальную культуру i родную мову беларускага народа Гурыновіч выступае як паплечнік Ф. Багушэвіча. І той і другі вялі барацьбу супроць царызма і яго каланізатарскай палітыкі прымусовага «абрусення» народаў, увасобіўшы ў сваёй творчасці лепшыя дэмакратычныя рысы рускай культуры.

А. Гурыновіч, як і Ф. Багушэвіч, паэтызуе працу простага чалавека, які корміць і поіць усіх людзей. Працоўнага чалавека паэт лічыць першым чалавекам у грамадстве. Такімі думкамі прасякнуты вершы Гурыновіча «Вясна» і «Да жніва».

У вершы «Каток» паэт піша, што для таго, каб пазнаць таямніцы навукі, трэба затраціць вялікія намаганні.

Паэт верыў, што прагрэсіўнае, перадавое пераможа, што народ будзе жыць свабодным жыццём:

А і будзем ждаць
Часу добрага
Ды ну-ж выглядаць
Што ёсць новага:
Ды не будзе ж так
Векі вечныя.
А прыйдуць ніяк
Часы лепшыя[14].

Але у той-жа час рэволюцыянер-дэмакрат Гурыновіч ведаў, што гэта лепшае жыццё не прыйдзе само, а толькі ў выніку народнай рэволюцыі. І ён сваёй паэтычнай творчасцю і практычнай дзейнасцю імкнуўся садзейнічаць росту рэволюцыйных ідэй сярод свайго народа. У архіве паэта захаваўся рукапісны спіс нелегальнага верша на рускай мове «Пора, пора встрепенуться...». Хто аўтар верша - невядома. Магчыма, ён належыць пяру самаго Гурыновіча. Адно несумненна, што Гурыновіч падзяляў погляды, выказаныя ў гэтым творы. Верш прасякнуты заклікамі да барацьбы супроць гвалту і зла, хлусні, супроць эксплуататарскага грамадства, за праўду і шчасце народнае:

Пора, пора нам встрепенуться
И гордо голову поднять,
И ясным оком оглянуться
Во тьмах довольно прозябать[15].

Аўтар верша з болем гаворыць аб тым, што сярод працоўных мас яшчэ мала сапраўдных рэволюцыянераў, гатовых ісці на бясстрашную барацьбу за справу народа.

Как мало тех, кто искренней душою
Готов понять страдания людей,
Готов к борьбе с превратною судьбою,
С коварством злым отсталости детей.

Как мало тех, как мало тех!
Как мало тех, кто, правду понимая,
Готов на всё, чтоб ей защиту дать,
Чтоб шел вперед, преграды устраняя,
Дав ей всегда над злым торжествовать.

Как мало тех, как мало тех!
Как мало тех, что смело кровь пролили
В борьбе со злом, к народу из любви.
Как мало тех, что память их почтили,
Не осудив проклятью их крови.
Как мало тех, как мало тех![16]

Такім чынам, як вынікае з гэтага твора, эксплуататарскае грамадства трэба зваліць сілай. Для поспеху народнай рэволюцыі патрэбны барацьбіты, якія гатовы мужна ісці на змаганне за інтарэсы працоўных мас, не шкадуючы свайго жыцця.

Аб тым, што рэволюцыйныя ідэі верша «Пора, пора нам встрепенуться...» былі ператвораны ва ўласныя ідэі Гурыновіча, сведчыць уся яго творчасць. Ідэяй народнай рэволюцыі прасякнуты верш Гурыновіча «Перш душылі паны...». Тут паэт гнеўна абрушваецца на страшэнную эксплуатацыю працоўных мас з боку памешчыкаў і капіталістаў:

Ані той, ані сёй
Не далі нічога.
Нашу-ж працу у свой
Кішэнь пакавалі,
Ды ці доўга-ж нам ждаць
З рукі іхняй ласкі,
І штораз спагадаць
Усім думкам панскім[17].

Лічачы, што толькі народная революцыя зможа пазбавіць працоўных ад эксплуатацыі, устанавіць новыя грамадскія парадкі, Гурыновіч у імя гэтай мэты заклікае сялян на адкрытую барацьбу:

Няхай хлопцы усе
Збіраюцца кучай,
У таком хаўрусе
Станімся мы тучай.

А з тэй тучы, як гром
Сярод летняй ночы,
Загручыць усім паном
Загуба ў вочы[18].

Такім чынам, толькі народная барацьба прынясе загубу злу і несправядлівасці, знішчыць эксплуататарскі лад.

Новыя архіўныя матэрыялы даюць магчымасць унесці большую яснасць у непасредную дзейнасць Адама Гурыновіча як паэта і выдаўца кніг. Вядомы знаток беларускай мовы і літаратуры, акадэмік Е. Ф. Карскі, пералічваючы малавядомых беларускіх пісьменнікаў XIX стагоддзя, пісаў: «Адам Гурыновіч... выдаў лацініцай кніжку «Дзядзька Антон, або гутарка аб усім чыста, што баліць» (у 90-х гадах)»[19].

Некаторыя іншыя даследчыкі таксама лічаць Гурыновіча аўтарам і выдаўцом «Дзядзькі Антона». Нягледзячы на гэта, нашы літаратуразнаўцы ўсё яшчэ адносяць гэты публіцыстычны твор да ліку ананімных. Намі ўстаноўлена, што ў аснове «Дзядзькі Антона» ляжыць творчая перапрацоўка вядомага рускага рэволюцыйна-дэмакратычнага твора «Хітрая механіка», які нелегальна распаўсюджваўся ў Беларусі. Аднак твор «Дзядзька Антон, або гутарка аб усім чыста, што баліць...» нельга лічыць простым варыянтам «Хітрай механікі». Гэта творчае пераасэнсаванне ў адпаведнасці з умовамі жыцця Беларусі фактаў і думак, што выкладаюцца ў творы «Хітрая механіка». Такім чынам, думкі акадэміка Карскага аб тым, што Гурыновіч быў выдаўцом і сааўтарам «Дзядзькі Антона», пацвярджаюцца ў нашы дні як апублікаванай, так і рукапіснай літаратурнай спадчынай.

Гутарка «Дзядзька Антон» была выдадзена нелегальна ў 1892 годзе. Гэта быў час росквіту революцыйнай дзейнасці і літаратурнай творчасці Гурыновіча. Ужо першую палавіну 1892 года брашура нелегальна распаўсюджвалася ў Беларусі і Літве. 12 чэрвеня 1892 года аб гэтым паведамляе Ковенскае губернскае жандарскае кіраўніцтва.

Вывучэнне творчасці А. Гурыновіча прывяло нас да цвёрдага пераканання, што ён з'яўляецца сааўтарам і выдаўцом «Дзядзькі Антона». У карысць гэтага вываду гаворыць вельмі блізкае ідэйнае супадзенне творчасці паэта і важнейшых думак, праблем, пастаўленых у творы «Дзядзька Антон». І там, і тут падвяргаецца рэзкай крытыцы грабежніцкі характар рэформы 1861 года. І там, і тут - рэзкія думкі супроць цара, самадзяржаўных чыноўнікаў, асуджэнне эксплуатацыі чалавека чалавекам, гарачая любоў да сваёй Радзімы i свайго народа. Вельмі блізкай з'яўляецца супадзенне як у творчасці А. Гурыновіча, так і ў творы «Дзядзька Антон» прапаганды ідэі народнай рэволюцыі, як адзінага сродку пазбаўлення ад несправядлівасці.

Пэўным доказам у карысць таго, што сааўтарам «Дзядзькі Антона» быў А. Гурыновіч, з'яўляецца і тое, што ў 90-х гадах ХІХ стагоддзя нам невядомы ні адзін беларускі пісьменнік, які-б узняўся да такіх глыбокіх рэволюцыйных і тэарэтычных абагульненняў, да якіх узвысіўся рэволюцыянер-дэмакрат Адам Гурыновіч. Як у яго вершах «Бор», «Што ты спіш, мужычок?», так і ў гутарцы «Дзядзька Антон» ускрываецца класавы характар рэформы 1861 года i грамадска-эканамічны змест парэформеннага развіцця Расіі.

Аўтар «Дзядзькі Антона» выкрывае афіцыйную самадзяржаўна-прыгонніцкую прапаганду, якая сцвярджала, што рэформа праведзена па літасці цара. Аўтар справядліва гаворыць, што рэформу цар правёў не з прычыны літасці да працоўнага народа, а па прымусу народа. «Вызваленне» сялян з'явілася здзекам над свабодай.

Сапраўдныя прычыны адмены прыгонніцкага права ў Расіі ўпершыню ўскрыты ў працах В. І. Леніна і І. В. Сталіна. У «Кароткім курсе гісторыі ВКП(б)» гэтая прычына ўскрываецца з гранічнай яснасцю: «Увесь ход эканамічнага развіцця штурхаў да знішчэння прыгонніцкага права. Царскі ўрад, аслаблены ваенным паражэннем у часе Крымскай кампаніі і запалоханы сялянскімі «бунтамі» супроць памешчыкаў, аказаўся вымушаным адмяніць у 1861 годзе прыгоннае права»[20].

Гурыновіч не дайшоў да правільнага разумення прычын рэформы. Ён бачыў толькі адну прычыну адмены прыгоннага права — сялянскія паўстанні. Характэрна, што ён разумеў неабходнасць аб'еднання намаганняў рускага, украінскага і беларускага сялянства для барацьбы супроць царызма. Рэформу 1861 года пісьменнік разумеў як вынік гэтых сумесных намаганняў.

«Плятуць людзі, — гаворыцца ў гутарцы «Дзядзька Антон», — што цар нам вольнасць даў, ад прыгону зволіў. Але пляцець той, хто не ведаець. А гэта, відзіце, гэтак было: паньшчызна мужыкам дужа дакучыла, і не ў адным мейсцы, і ў Расеі, і пад Кіевам, мужыкі пачалі бунтавацца, перасталі да работы хадзіць. Спужаўся цар гэтых бунтаў мужыцкіх; змяркаваў, спахваціўся скора, што як ён не скіне прыгону, то мужыкі і да яго дабяруцца; даў нам вольнасць, а сваім чыноўнікам прыказаў усюды гаварыць, што ён для нас дабрадзейства зрабіў, што ён гэта зрабіў з ласкі, са сваёй добрасці, з таго, што ён нас любіць вельмі. Ой, любіць, аж у костачкі з яго міласці трашчаць!»[21]

Пісьменнік правільна разумее, што царская рэформа, замест аднаго ярма, усклала на плечы селяніна другое - ярмо капіталістычнай эксплуатацыі. Дрэнна, вельмі дрэнна жылося селяніну пры прыгонным праве, але і «цяпер не надта нам лепей: далі нам вольнасць, далі — праўда! Але гэта вольнасць мала нам лепей выходзіць, як тая даўнейшая, прыгонная няволя»[22].

Бясспрэчна, сцвярджае аўтар, пасля рэформы селяніну жывецца некалькі лепш, чым раней. Афіцыйна яго перасталі біць, абыходзіцца з ім, як з жывёлай. Аднак селянін атрымаў не тую свабоду, за якую ён стагоддзямі змагаўся. Атрыманая сялянамі «свабода» хлуслівая і нікчэмная. Так атрымалася таму, што царскі ўрад сумесна з памешчыкамі ашукаў народ. Ён пакінуў некранутым памешчыцкае землеўладанне, пазбавіў сялян зямлі, г. зн. матэрыяльна не гарантаваў іх свабоды. У сілу гэтага селянін з ланцугоў прыгонніцтва трапіў у ланцугі капіталізма.

Аўтар «Дзядзькі Антона» правільна тлумачыць, што нястача і голад пры капіталізме прымушаюць працоўных блукаць па свету у пошуках працы і за бясцэнак наймацца да капіталістаў. Вось вытрымка з твора: «Што-ж з гэтай вольнасці, калі зямлі мала; бяда ў хаце, падаткі заплаціць трэба, а як даўней аканом бізуном гнаў мужыка на панскую работу, так сягоння бяда гоніць да таго самага пана на работу за цану, якую ён сам заплаціць захочыць. Праўда! Пан скажыць: вольна табе, браце, не ісці да работы: ніхто табе за гэта і слаўца не скажыць; але за гэту вольнасць мужык з голаду памярці можыць і сам, і жонка, і дзеці твае...»[23].

Асабліва востра аўтар ставіць асноўнае пытанне сялянскага руху - пытанне аб зямлі. Абмежаванасць і мізэрнасць рэформы 1861 года вызначылася перш за ўсё тым, што сялянам не далі зямлі. Пры гэтым памешчыкі захапілі сабе лепшыя зем- лі, а сялян надзялілі самай горшай, неўраджайнай. Нястача і гора прымушаюць сялян ісці ў горад у пошуках працы. Не адзін з іх, адзначае аўтар, гараваў-гараваў, а потым «кінуў хату, і зямлю, і жонку, і дзетак, ды і пайшоў у свет, куды вочы глядзяць»[24].

Аўтар разумеў, што аграрная рэформа праведзена ў інтарэсах класа памешчыкаў і капіталістаў. Па маніфесту 19 лютага 1861 года сялян надзялілі такімі мізэрнымі ўчасткамі зямлі, што яны вымушаны былі ісці у батракі да ўчарашніх сваіх прыгнятальнікаў. Да ўсяго гэтага «цар, даўшы вольнасць, надбавіў падаткаў усялякіх, панасаджаў розных чыноўнікаў, пісараў, ураднікаў, каб яны тут над намі надзор усялякі мелі і каб падаткі з нас здзіралі»[25].

Новае ў Гурыновіча ў параўнанні з яго папярэднікамі і сучаснікамі заключаецца ў тым, што ён падвергнуў больш поўнай і ўсебаковай крытыцы капіталізм і яго законы грамадска-эканамічнага развіцця. Пісьменнік паказаў, што пры капіталізме адбываецца далейшае класавае расслаенне грамадства. Дробнатаварная сялянская гаспадарка паступова разбураецца, параджаючы, з аднаго боку, наёмных рабочых і беднату, а з другога — кулака. Для характарыстыкі класаў пісьменнік не ўжывае палітыка-эканамічнай тэрміналогіі, але ясна, што, гаворачы аб гарадскіх і сельскіх панах, купцах, вясковых багацеях, ён разумее пад гэтымі словамі эксплуататараў.

Гурыновіч бачыў, што збядненне і разарэнне працоўнага сялянства гэта неадменны закон развіцця капіталізма. «Купцы, мяшчане, - піша аўтар «Дзядзькі Антона», — а нават і не адзін мужык, збагацеўшы чужой крыўдай, задарма будуць купляць нашы надзелы; што раз болей зямлі будуць мець, а нас што раз болей пойдзець у свет шукаць хлеба, шукаць заработку; пойдзем летам на панавы землі, а зімой на... фабрыкі»[26].

У адрозненне ад свайго сучасніка Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіч бачыў класавае расслаенне сялянства. Ён усёй душой ненавідзеў кулака. Ён з усёй сілай абрушваецца на гэтага крывасмока, які прыкідваўся добразычліўцам сялян. На справе, сцвярджае паэт, ён - паразіт, пасобнік памешчыка і цара па аграбленню сялян.

Царскі ўрад прымусам спаганяе з сялян непасільныя падаткі. «А не аддасі астатняга гроша, — чытаем мы ў творы «Дзядзька Антон», — прададуць усю тваю худобу, а багачы толькі і чакаюць з боку, каб з бяды нашай скарыставаць, каб пажывіцца, і купляюць за нішто наш дабытак, за каторы чалавек часамі колькі гадоў працаваць мусеў. Вот як дзеіцца: прададуць худобу, а прыдзець вясна, няма чым зямлі араць, трэба лезці да багатага, пасля яму цяжка адрабіць за тое, за паўдарма, а іначай рады ніякай няма»[27].

У 90-х гадах ХІХ стагоддзя капіталізм у Беларусі прадаўжаў развівацца вельмі інтэнсіўна, усё глыбей пранікаючы і ў вёску. У гэтых умовах ліхвярства разбурала сялянскую гаспадарку, кулак-ліхвяр быў самым бязлітасным эксплуататарам, які абпытваў сваім павуціннем ахвяру, высмоктваючы з яе кроў і сокі. Аўтар адлюстроўвае настроі сялян, іх трывожныя думкі, іх гнеўную нянавісць да ліхвяроў-крывасмокаў. Прывядзем наступную вытрымку з «Дзядзькі Антона», у якой акрэслена перадаюцца думкі працоўнага сялянства: «А ўсе, хто толькі грошы на процант пазычаіць, толькі глядзяць, як тыя крукі, каб скарэй з жывога яшчэ кроў выссаць. Прадасі худобу восень за капейку, а на вясну ў гэтага самага не купіш і за рубель... і не дай божа пазычыць у каго грошы! За ўсё жыццё не выплаціш: тры аўчынкі з цябе здойміць!»[28]

На факты бязлітаснага аграблення працоўных сялян у Расіі ліхвярамі-крывасмокамі ўказваў Ф. Энгельс у сваёй працы «Аб грамадскіх адносінах у Расіі»: «Як толькі набліжаецца час спагнання падаткаў, з'яўляецца ліхвяр, кулак-часта багаты селянін той-жа абшчыны і прапануе свае наяўныя грошы. Селяніну грошы патрэбны ў чым-бы там ні было, і ён вымушаны прымаць умовы ліхвяра бясспрэчна. Тым самым ён толькі яшчэ глыбей трапляе ў ціскі, адчувае патрэбу ў наяўных грошах ycë больш больш»[29].

* * *

Разгледзім коратка філасофска-эстэтычныя погляды Адама Гурыновіча. Па сваіх эстэтычных поглядах ён быў аднамыснікам Ф. Багушэвіча. З пачуццём глыбокай удзячнасці піша ў сваім вершы «Да Мацея Бурачка» (адзін з псеўданімаў Ф. Багушэвіча) А. Гурыновіч:

Дзякуй табе, браце Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы абудзіў ты надзею.
Што між братоў нашых знаходзяцца людзі
З кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй.
Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы.
Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку,
Няхай песнь смутная ідзець у калейку
І будзіць у сэрцы мысль аб лепшай долі.
Якой мы не зналі дагэтуль ніколі[30].

У гэтым вершы Гурыновіч салідарызуецца з поглядам Багушэвіча на ролю паэта і на грамадскае значэнне паэзіі. Гурыновіч лічыў, што паэзія не толькі павінна правільна адлюстроўваць жыццё, рэчаіснасць, але і служыць справе яе пераўтварэння, інтарэсам прагрэсіўных сіл грамадства.

Гурыновіч упершыню ў нашай літаратуры па заслугах ацаніў творчасць Ф. Багушэвіча, лічачы яго першым нацыянальным паэтам, выразнікам перадавых ідэй і дум працоўных мас Беларусі. Гурыновіч выказаў асабістую шчырую павагу да Багушэвіча за тое, што ён абудзіў у яго жаданне ўзяцца за пяро, адкрыў прыгажосць i хараство роднага слова. Гурыновіч высока цаніў паэзію Багушэвіча перш за ўсё за яе праўдзівасць і аптымізм, за тое, што паэт «у сэрцы ўзбудзіў надзею». Ён глыбока ўдзячан Багушэвічу за хвалюючыя патрыятычныя творы, прасякнутыя павагай і любоўю да прыгнечаных мас, гневам і нянавісцю да прыгнятальнікаў.

Падкрэсліваючы неабходнасць развіваць далей традыцыі аўтара «Дудкі» і «Смыка», Гурыновіч у першую чаргу сам развіваў эстэтычныя прынцыпы Багушэвіча, ставячы сваю творчасць на службу народных мас Беларусі.

Лічачы, што справа служэння народу з'яўляецца самым высокім грамадскім абавязкам літаратуры, Гурыновіч хацеў, каб яна развівала класавую самасвядомасць працоўных, узнімала іх на барацьбу супроць соцыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, выхоўвала іх у духу упэўненасці ў свае ўласныя сілы, абуджала цвёрдую надзею на светлую і шчаслівую будучыню. Гурыновіч казаў, што літаратура павінна «будзіць у сэрцы мысль аб лепшай долі, якой мы не зналі дагэтуль ніколі».

Гурыновіч лічыў, што характар літаратуры залежыць ад умоў жыцця людзей. Эксплуататарскі лад, паднявольнае жыццё скоўваюць развіццё літаратуры, параджаюць у ёй журботныя матывы. У вершы «Зцямнела на двары і ціха кругом» паэт алегарычна паказвае самадзяржаўе, якое «цёмнай пасцілкай прыкрыла ўсіх», аблытала сваім павуціннем усё грамадства, скоўваючы на кожным кроку жыццё людзей. У гэтых умовах гвалту і прымусу з глыбіні сэрца вырываюцца жалобныя стогны, а ў галаве тысячы цяжкіх думак:

І тысячу думак адна за адной
Ляцяць, быццам птушкі; і ў сэрцы на дне
Становіцца цяжка. Цясней і гарчэй
Здаецца на свеце на гэтым жыццё.
Ох, думкі! Каханкі і каты мае![31]

У тым, што А. Гурыновіч глыбока разумеў ролю літаратуры як барацьбіта за шчасце народа аказаўся вялікі ўплыў на паэта рускай рэволюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі, якая грунтавалася на філасофскім матэрыялізме. Кіруючыся прынцыпамі гэтай эстэтыкі, Гурыновіч стварыў рад сапраўды рэалістычных высока ідэйных і глыбока народных твораў.

Моцным момантам у светапоглядзе Гурыновіча было тое, што ён бачыў у духавенстве і рэлігіі прыгнятальніка народных мас, паказваючы, як сумесна з памешчыкамі, капіталістамі, купцамі, кулакамі і чыноўцікамі дзейнічалі папы і ксяндзы, якія верай і праўдай дапамагалі цару прыгнятаць народныя масы. З грунтоўным веданнем нораваў і звычаяў царкоўнікаў Гурыновіч выкрывае класавую сутнасць іх пропаведзей. Паэт заклікае не верыць папам і ксяндзам, гэтым самым вялікім ашуканцам у свеце, якія прыкрываліся імем бога і рэлігіі.

Упершыню пытанне аб класавым характары рэлігіі ўскрылі К. Маркс і Ф. Энгельс у «Маніфесце Комуністычнай партыі». Вядома, аўтар «Дзядзькі Антона» не ўзняўся да марксісцкага разумення сутнасці рэлігіі. Аднак, рэалістычна адлюстроўваючы асобныя моманты грамадскага жыцця, пісьменнік выкрываў яе шкодную ролю для народных мас. Аўтар разумеў, што царкоўнікі пад шыльдай служэння богу аграблялі працоўных, вымагаючы ў іх апошнія капейкі. «Як шавец боты шые, гаворыцца ў гутарцы «Дзядзька Антон» пра ксяндза, так ён моліцца за грошы... Хто дужэйшы, хто багацейшы, ён з тым і прыстаець, таго і дзержыцца. Колькі разоў ксёндз з амбоны правіць, што паны то нашы дабрадзеі, што трэба слухаць цара, яго чыноўнікаў. А чаму яны так гавораць? Таму, братцы, што яны самі паном цару служаць, бо пан і цар прыказваюць ксяндзам, каб нас у цемнаце і ў послуху дзяржалі. Ксёндз сам вельмі баіцца, каб мужык не паразумнеў, бо тады мужык не даўся б абдзіраць ксяндзам»[32].

З такой-жа сілай знішчальнай крытыкі пісьменнік абрушваецца на служыцеляў праваслаўнай царквы. Ён з радасцю гаворыць аб узрастаючым атэізме сялян. Ён становіцца на абарону селяніна, які зразумеў, што поп — гэта першы царскі служка. Аўтар «Дзядзькі Антона» выкрывае негрунтоўнасць і недарэчнасць легенды духавенства аб тым, што цар - гэта зямны бог, які загадвае людзям ад імя нябеснага бога. Аўтары гэтай хлуслівай легенды ставілі мэтай умацаваць самадзяржаўную ўладу, уладу памешчыкаў і буржуазіі. Пісьменнік ухваляе атэістычныя дзеянні сялян, якія перасталі верыць хлуслівым пропаведзям папоў, бо сяляне «пераканаліся, што няма большых у свеце ашуканцаў, як яны (папы-І. Л.). Яны і Езуса і бога прадалі-б, каб толькі сваю кішэнь набіць, што-б яна заўсёды поўная была; каб дзяржаць мужыкоў у цямноце, ды ў послуху для цара, яго чыноўнікаў і паноў»[33].

Сказанае пісьменнікам аб рэлігіі і царкоўніках пацвярджае, што ён быў матэрыялістам і атэістам. На яго поглядах ляжыць глыбокі ідэйны ўплыў рускай матэрыялістычнай філасофіі. Вядома, што рускія рэволюцыянеры-дэмакраты былі ваяўнічымі матэрыялістамі, барацьбітамі супроць ідэалізма, містыкі і папоўшчыны, за навуку і асвету народа. Яны разумелі, што духавенства з'яўляецца састаўной часткай самадзяржаўнай улады, служачы справе духоўнага заняволення працоўных. Заклікі Гурыновіча не верыць царкоўнікам — гэтым лакеям цара — супадаюць з выказваннямі А. Герцэна, які заклікаў сялянскія масы не верыць цару і архіерэю, бо яны дзейнічаюць сумесна з усімі кровапіўцамі і прыгнятальнікамі.

Аб тым, што Гурыновіч быў матэрыялістам і атэістам, сведчаць яго адносіны да дагматаў рэлігіі. Наперакор яе пропаведзі аскетызма, пасіўных адносін да жыцця, рабскай пакорлівасці, веры ў загробнае жыццё, Гурыновіч сцвярджаў, што сапраўднае шчасце можа быць толькі на зямлі. У імя гэтай мэты пісьменнік змагаўся супроць эканамічнага, палітычнага, духоўнага ў тым ліку і рэлігійнага прыгнёту.

У сваіх творах А. Гурыновіч ставіў мэтай рассеяць ілюзіі веры ў цара, якія моцна жылі ў асяроддзі сялянства. У творы «Дзядзька Антон» паказваецца, што цар — гэта самы буйны памешчык і фабрыкант, самы бязлітасны сярод усіх эксплуататараў. Гурыновіч выступае супроць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. Ён разумее, што манархія, у якой бы форме яна ні ажыццяўлялася, выгадна толькі для эксплуататараў. «Як свет светам — яшчэ нi адзін цар для свайго народа, для мужыкоў нічога добрага не зрабіў. Як толькі дзе пануюць каралі, ці цары, усіх яны ціснуць і думаюць толькі аб тым, каб ім было лепей. Як дзе радзяць аб усім чыста паны, то яны усё так чыста скіруюць, каб толькі паном было добра, а мужык няхай жывець, як сабака, у бядзе і цемнаце, каб толькі працаваў на ўсіх і плаціў падаткі; так усягды бывала, так і будзе, пакуль будуць кіраваць народам цар, кароль, шляхта, купцы, ці багачы; трэба, каб сам сабой народ запраўляць стаў, тагды толькі можа быць яму добра»[34].

Гэтыя выказванні пісьменніка сведчаць аб яго высокім тэарэтычным развіцці, аб тым, што аўтар «Дзядзькі Антона» разумеў класавы характар дзяржавы. Ён бачыў, што ў эксплуататарскім грамадстве дзяржава служыць інтарэсам прыгнятальнікаў. Цары і каралі выконваюць волю памешчыкаў і капіталістаў, трымаюць просты народ у невуцтве, у ярме эксплуатацыі.

Аўтар выкрывае афіцыйную легенду пра цара як памазаніка божага на зямлі. Ён паказвае, што толькі грошы і ўлада робяць царкоу цара вядомай асобай у дзяржаве. Без гэтага «ён такі самы чалавек, як і кожны з нас, i не разумнейшы, а ўжо пэўна не лепшы, а нават у сто разоў горшы. Маець вялікую сілу, маець многа грошы, мог-бы не аднаму памагчы, а ён толькі аб тым думаець, каб з кожнага дзерці як найболей, каб толькі яму было як найлепей»[35].

Аўтар з вялікай грунтоўнасцю робіць эканамічныя абагульненні рэчаіснасці царскай Расіі, паказвае, што фінансавая палітыка царызма накіроўваецца так, каб галоўны падатковы цяжар узвальваць на працоўных. З іх спаганяюць падаткі прамыя і ўскосныя. Асабліва многа грошай спаганялася з працоўных шляхам ускосных падаткаў. Эканамічна пісьменна і вельмі даходліва аўтар тлумачыць сутнасць ускосных падаткаў. «Што толькі не возьміш, што толькі не купіш, што толькі табе трэба ці з'есці, ці выпіць, ці на адзежу, ці да гаспадаркі, за ўсё возьмуць з цябе і цану і падатак, і возьмуць яго здаецца не сілай, здаецца зусім справядліва, бо ніхто, здаецца, не гоніць цябе заплаціць: маеш ахвоту і грошы-купляй, не маеш - не трэба. І заплаціш, браце, той падатак так, што і сам таго ведаць. не будзеш, а здаецца табе, што ўсе тыя грошы ты за сам тавар аддаў. Ажно гоніць цябе патрэба; яны тое ведаюць, што ты купіць мусіш і налажылі падатак у такі хітры спосаб[36].

У адрозненне ад зямельнага, падушнага і іншых прамых падаткаў ускосны падатак не бралі сілай, пад прымусам, а крадком, ціхенька ды лёгенька, як злодзей на кірмашы краў з кішэняў.

Апрача зямельнага, падушнага і іншых прамых падаткаў, працоўных душаць вялікія падаткі на царскую бюракратыю: «То на суд, на пісара, то на старастаў, іншыя дробныя, ды іх столькі, што і не злічыш, хіба не трэба і гаварыць, сколькі та гэтых рублей з нас гвалтам вырвуць што году; гэтага пэўне ніхто не забудзіць, сколькі яго крывавага поту у чужую кішэнь пярэдзіць»[37].

Аўтар «Дзядзькі Антона» прыводзіць наглядны прыклад аграблення сялян з боку царызма. Ён гаворыць, што ў сярэднім сялянская сям'я павінна плаціць 30 рублёў у год аднаго толькі прамога падатку. Гэтых грошай селяніну няма дзе ўзяць. З прычыны беззямелля ён нават хлеб вымушаны купляць. Прадаць яму няма чаго. Ён вымушаны ісці на заработкі і за 30 рублёў працаваць на кулака, памешчыка больш сто дзён у годзе і гэта толькі за тое, каб цару падаткі заплаціць.

Дзесяткі мільёнаў рублёў падаткаў прамых і ўскосных спаганяліся з працоўных у карысць цара, яго чыноўнікаў, памешчыкаў, капіталістаў, купцоў і кулакоў. Усе яны сумесна прыгняталі працоўных і трымалі іх у няволі. «Так, братцы, працуем цэлае жыц цё, аднэй гадзінкі не маем спачынку, ночкі не даспіш, куска хлеба не даеш, а ўсё на што гэта? Каб падаткі заплаціць; а для каго, за што? За грошы нашы цар п'ець, весяліцца, за нашы грошы жывуць паны і чыноўнікі, купцы багацеюць, на нашы грошы трымаюць з нашых братоў і сыноў войска, каб за наша дабро магчы біць нас і нашай кроўю абліваць[38].

Увесь твор «Дзядзька Антон» крок за крокам узмацняе варожасць і пагарду да царызма і прыводзіць чытача да вываду аб неабходнасці насільнай ломкі самадзяржаўя. Адсюль зусім законамерна, што гутарка заканчваецца заклікам: «А цяпер проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!» Аўтар верыць, што «загляне сонца і ў наша аконца». Гэты эпіграф папярэднічае гутарцы «Дзядзька Антон».

У імя чаго і хто можа і павінен зрабіць рэволюцыю, знішчыць эксплуататарскі самадзяржаўны лад?

У гутарцы «Дзядзька Антон» даецца падрабязны адказ на гэта важнейшае пытанне. Перш за ўсё гэтая гутарка прасякнута цвёрдым перакананнем, глыбокай верай у будучыню, у шчаслівае і свабоднае жыццё працоўных. Аўтар гаварыў, што «прыдзіць час, народ наш прабудзіцца, скініць з плеч гэтыя піяўкі, што нашу кроў ссуць, і зачнём жыць шчасліва»[39]

А. Гурыновіч рысуе палітычны і грамадскі ідэал, які павінен прыйсці на змену самадзяржаўю і капіталізму. Гэта быў ідэал дробнабуржуазнага ўтапічнага соцыялізма і дэмакратычнай рэспублікі. Згодна гэтага ідэала меркавалася, што ў новым грамадстве не будзе ні бедных, ні багатых, ні эксплуатацыі чалавека чалавекам, ні спецыяльных чыноўнікаў, якія кіруюць народам. Людзі будуць кіраваць самі сабой праз выбарных асоб, якія будуць дзейнічаць на карысць і шчасце ўсяго народа. Падаткі ўстанаўляюцца не чыноўнікамі, а самім народам, і гэтыя падаткі пойдуць на карысць усяго грамадства.

Калі працоўныя разаб'юць самадзяржаўны лад, знішчаць памешчыкаў і чыноўнікаў і іншых прыгнятальнікаў, тады «не будуць плаціць мужыкі гэтых вялікіх падаткаў не будуць дзяцей у салдаты аддаваць, каб над Імі ўсякія сабакі здзекаваліся, будуць сваім розумам кіравацца, будуць гаспадарыць так, каб усім было добра, забяруць зямлю царскую і панскую, лес і сенажаць, бо павінна-ж зямля да таго належыць, хто яе арэць. Во тады будзе праўдзівая вольнасць, праўдзівая свабода!»[40].

У сілу гістарычных умоў А. Гурыновіч пры ясным разуменні таго, што новае грамадства не прыйдзе само па сабе, стыхійна, а яго трэба ўстанавіць рэволюцыйным шляхам, у той жа час не бачыў канкрэтных шляхоў для заваявання новага грамадства. Як сялянскі рэволюцыйны дэмакрат, Гурыновіч лічыў, што народныя масы, перш за ўсё сялянства, з'яўляюцца стваральнікам усіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей грамадства і што працоўным належыла галоўная роля ў будучай сялянскай рэволюцыі. Пісьменнік бачыў, што развіццё грамадства грунтуецца на працы народных мас, што ўсе эксплуататары, пачынаючы ад цара, памешчыка і заканчваючы апошнім царскім чыноўнікам, жывуць працай селяніна. «Усё зроблена, гаворыць аўтар «Дзядзькі Антона», - нашымі мужыцкімі рукамі. Мы для цара, для яго чыноўнікаў, для паноў вялікія дамы паставілі. Для купца мы фабрыкі збудавалі і самі ў гэтай фабрыцы працуем. Мы пану зямлю з'аром, пасеем, змалоцім, на машыну завязем, а пан толькі грошы возьміць. А з нас дзяруць падаткі, што на іх жывець сабе цар з усімі сваімі дармаедамі.

Усё мы! На нас свет стаіць, мы ўсіх кормім, поім, адзяваем, усе жывуць з нашай працы; усе нашу кроў і пот ссуць, а мы за ўсё гэта ў бядзе, у холадзе, дый у голадзе, ледзь не ледзь, бульбай самой з сям'ёй выжыць патрафім!»[41]

Гэтыя выказванні гавораць аб сіле і слабасці пісьменніка. Ён пераацэньвае ролю сялянства ў гістарычным працэсе. У гэтым пытанні найбольш выяўляецца супярэчлівасць і абмежаванасць светапогляду пісьменніка як сялянскага рэволюцыйнага дэмакрата. Іменна сялянская абмежаванасць пісьменніка перашкодзіла яму ўбачыць перадавую ролю рабочага класа ў рэволюцыі, які ўжо ў тыя гады выступіў на самастойную палітычную арэну барацьбы. У той жа час пад уплывам узрастаючага рабочага руху Гурыновіч упершыню ў беларускай літаратуры выказаў думкі аб агульнасці інтарэсаў рабочых і сялян у іх барацьбе з самадзяржаўем. Ён са шчырай удзячнасцю піша аб ідэйным уплыве рабочых на фарміраванне яго светапогляду. «Ой, быў я там, - піша аўтар пра фабрыку, — і бачыў я многа такіх людзей, што на фабрыках працуюць — бедныя гэта людзі! А як разгаворышся з каторым аб нашай бядзе, як зачне табе талкаваць, як гэта мужык з майстрамі скінуць калісь-то з сябе няволю гэту, то аж неяк на душы вяселей робіцца. Яны першыя мяне навучылі, што чалавек рабочы на фабрыцы і мужык рабочы на зямлі — гэта ўсё адзін чалавек; што яны павінны дзяржацца грамадой, разам трымацца аднэй кучы, бо таксама цяжка працуюць, таксама і гаруюць, і таксама іх і казна, і цар, і паны, і ксяндзы абдзіраюць»[42].

Вялікую заслугу Гурыновіча складае прызнанне таго бясспрэчнага факту, што рабочыя з'яўляюцца найбольш свядомай часткай працоўных, часткай, якая разумее свае класавыя інтарэсы ў барацьбе з эксплуататарамі і якая аказвае вялікі ідэйны ўплыў на фарміраванне поглядаў сялян. Пісьменнік праўдзіва паказвае, што галоўны герой твора Антон стаў прапагандыстам у вядомай меры пад уплывам рабочых, з якімі ён на працягу раду год меў сувязь, жывучы ў гарадах Расіі і працуючы на розных фабрыках і на чыгунцы.

Але ў сілу адсталасці грамадскіх адносін у Беларусі і класавай абмежаванасці пісьменніка ён не мог зразумець кіруючай ролі рабочага класа ў адносінах да сялянства. Гэта выражаецца ў тым, што ён растварае рабочы клас у агульнай мace сялянства. Але гэта не віна пісьменніка, а — непазбежны вынік грамадска-гістарычных умоў. Неразуменне перадавой, арганізуючай ролі рабочага класа - уласціва для ўсіх рэволюцыянераў-дэмакратаў. Толькі марксізм-ленінізм даў у гэтым пытанні ясны і акрэслены адказ. Вялікая заслуга ў гэтай справе належыць В. І. Леніну, які у сваёй працы «Што такое «прыяцелі народа» і як яны ваююць супроць соцыял-дэмакратаў?» упершыню высунуў ідэю рэволюцыйнага саюза рабочых і сялян як галоўнага сродку звяржэння царызма, памешчыкаў, буржуазіі. «Ленін указваў... што іменна рабочы клас Расіі ў саюзе з сялянствам зваліць царскае самадзяржаўе, пасля чаго рускі пролетарыят у саюзе з працоўнымі і эксплуатуемымі масамі, побач з пролетарыятам іншых краін, прамой дарогай адкрытай палітычнай барацьбы пойдзе да пераможнай комуністычнай рэволюцыі»[43].

Бясспрэчнай заслугай Гурыновіча з'яўляецца тое, што ён адзін з першых беларускіх публіцыстаў найбольш выразна сфармуляваў задачу аб'еднання намаганняў рускіх, украінскіх і беларускіх сялян у барацьбе з царызмам і памешчыкамі. Ён пісаў, што заваяваць свабоду можна толькі пры ўмове, калі «ўвесь народ, падуладны цару рускаму, паразумнеіць, змовіцца, не дасць з сябе здзіраць падаткаў, не пойдзіць у салдаты». Гурыновіч заклікае беларускіх сялян для барацьбы з царызмам аб'еднацца перш за ўсё з рускімі сялянамі.

Цікавым з'яўляецца абгрунтаванне аўтарам прычын, якія павінны садзейнічаць абеднанню рускага і беларускага сялянства ў іх сумеснай вызваленчай барацьбе. «Бываў я, - піша аўтар гутаркі, — не толькі ўсюды ў нашай старонцы, але будзе таму гадоў з дванасця, як быў далёка, далёка ў Расеі, у самай маскалеўскай зямлі. Наглядзеўся я і на іх жыццё: ні ў чым яно лепшае ад нашага! То-ж і рускі мужык не пад інакшым царом жыве, а пад тым самым, што і мы, а як ён нас дзярэць і душыць з усёй сілы, да астатняй капейкі, таксамамюсенька з усяго абдзіраіць ён сваіх; таксама ў іх мужык з бяды і з голаду паміраіць на багатых панскіх нівах; таксама на купецкіх фабрыках, а нават горай яшчэ»[44].

Аўтар правільна разважае аб тым, што агульнасць умоў жыцця рускага і беларускага селяніна аб'едноўвала і згуртоўвала іх у барацьбе з агульным ворагам — царызмам. Глыбокія і цікавыя думкі аўтара «Дзядзькі Антона» ідэйна блізкія і сугучныя вядомаму вершу Н. А. Некрасава «Размышления у парадного подъезда» аб пакутлівым жыцці рускага селяніна ва ўсіх кутках самадзяржаўнай Расіі.

З выказванняў А. Гурыновіча з усёй пераканаўчасцю відаць, што ён не верыў у поспех якіх-небудзь рэформ з боку царскага ўрада. Ён у прынцыпе быў ворагам рэформ і прыхільнікам рэволюцыі. Як сааўтару «Дзядзькі Антона», Гурыновічу былі блізкімі і дарагімі думкі аб народнай рэволюцыі, весткі аб сялянскіх бунтах. Гэтыя бунты пераканаўча даказваюць, што «прыйдзе канец і на ўсіх цароў, няхай толькі ўсе мужыкі са сну прабудзяцца, няхай толькі самі захацяць сабой запраўляць»[45]. Заклікі твора «Дзядзька Антон» да сялян абудзіцца ад сну і паўстаць супроць цара цалкам супадаюць з такімі ж думкамі ў вершы А. Гурыновіча «Што ты спіш, мужычок?»

Вялікае значэнне ў будучай сялянскай рэволюцыі аўтар гутаркі адводзіў арміі. Еп лічыў, што ў салдат і сялян адны і тыя-ж класавыя інтарэсы, што ў іх адзін агульны вораг — эксплуататары, царызм.

У гутарцы паказваецца, што пад уплывам сялянскага і рабочага руху вырас узровень свядомасці салдат, якія ўсё часцей узнімалі бунты. «І салдаты таксама, — чытаем у гутарцы, — у розных мейсцах зачынаюць бунтавацца. Многа іх ужо цар павесіў, парасстрэльваў, многа іх у турме гніе за тое, што не хочуць цара і яго афіцэраў слухаць; бунтуюцца з мужыкамі і фабрычнымі людзьмі, каб дабіцца для ўсіх лепшай долі»[46].

Адсюль відавочна, што Гурыновіч рухаючымі сіламі сялянскай рэволюцыі лічыў сялян, рабочых, салдат і рамеснікаў, памылкова прыпісваючы вядучую ролю ў рэволюцыі сялянству. Гурыновіч на практыцы пераконваўся, што стыхійныя, разрозненыя сялянскія паўстанні не могуць быць наспяховымі. І пісьменнік марыў аб тым, каб сялянскі рух развіваўся арганізаваным шляхам. Ён сцвярджаў, што царскім чыноўнікам «адна вёска... рады не дасць, але каб так усе вёскі, ды ўсе воласці паўсталі разам, тады-б пэўне канец быў царскаму панаванню. Ой, штось мне здаецца, што скора выбіць астатняя гадзіна царскіх парадкаў»[47]

Гістарычная заслуга Адама Гурыновіча ў параўнанні з яго папярэднікамі і сучаснікамі ў тым, што ён унёс у распрацоўку беларускай грамадска-палітычнай думкі ХІХ стагоддзя многа новага, перадавога і рэволюцыйнага. Яго творы азначаюць сабой новую, больш высокую ступень у развіцці рэволюцыйна-дэмакратычнай грамадска-палітычнай думкі. У той жа час Гурыновічу, як сялянскаму рэволюцыянеру, уласціва класавая і гістарычная абмежаванасць і супярэчлівасць, характэрныя для класа сялян.

Адначасова з гэтым пад уплывам рабочага руху, агульнага абвастрэння класавай барацьбы ў Расіі Гурыновіч у сваіх вывадах і абагульненнях пайшоў значна далей сваіх сучаснікаў перадавых беларускіх пісьменнікаў Ф. Багушэвіча і Я. Лучыны. Следам за выдатным беларускім рэволюцыянерам-дэмакратам К. Каліноўскім А. Гурыновіч быў найбольш паслядоўным і баявым беларускім рэволюцыянерам-дэмакратам. Ён унёс значны ўклад у скарбніцу беларускай перадавой грамадска-палітычнай думкі, у справу беззаветнага шукання правільнай рэволюцыйнай тэорыі. Такой сапраўды рэволюцыйнай тэорыяй з'явіўся марксізм, які азначае сабой революцыйны пераварот у поглядах людзей на прыроду і грамадства.


  1. А. Гурыновіч. Цытую па кнізе «Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя», зборнік тэкстаў, Мінск, 1950 г., стар. 325.
  2. Там-жа, стар. 326.
  3. Яго, г. зн. пана.
  4. A.
    Гурыновіч. Што ты спіш, мужычок? Аддзел рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР, ФВБ, VII
    № 175.
  5. А. Гурыновіч. Што за звук ды
    так громка раздаўся? Аддзел рукапісаў
    бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР
    ФБВ, VII, 175.
  6. Там-жа.
  7. А. Гурыновіч. Што за
    ак громка раздаўся? Аддзел рукапісаў
    Бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР,
    РВБ, VII, № 175.
  8. Эліза Ожэшка. Выбраныя творы. Масква, 1948 г., т. 1, стар. 429.
  9. Э. Ожэшка. Выбраныя творы, т. 1, стар. 429.
  10. Э. Ожэшка. Выбраныя творы, т. 1, стар. 429.
  11. А. Гурыновіч. Што ты спіш, мужычок? Аддзел рукапісаў бібліятэкі Акадэміі
    навук Літоўскай ССР, ФВБ, VII, № 175.
  12. Там-жа.
  13. А. Гурыновіч. Што ты спіш, мужычок? Аддзел рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР, ФВБ, VII, № 175
  14. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя.
    Мінск, 1950 г., стар. 326.
  15. Архіў А. Гурыновіча. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР, ФВБ, VII, № 175.
  16. Там-жа.
  17. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя.
    Мінск, 1950 г., стар. 328.
  18. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя.
    Мінск, 1950 г., стар. 328.
  19. Е. Ф. Карскі. Беларусы. Том 3. Петраград, 1922 г., стар. 77.
  20. Кароткі курс гісторыі ВКП(б), стар. 5.
  21. Дзядзька Антон. Вільня 1892 г. Тэкст гутаркі тут і далей падаецца з захаваннем правапісу арыгінала.
  22. Там-жа.
  23. Дзядзька Антон. Вільня. 1892 г
  24. Там-жа.
  25. Дзядзька Антон. Вільня, 1892 г.
  26. Там-жа.
  27. Там-жа.
  28. Дзядзька Антон. Вільня, 1892 г.
  29. К. Маркс і Ф. Энгельс. Выбраныя творы ў двух тамах, т. 11, Масква, 1948 г., стар. 41--42.
  30. Беларуская літаратура XIX стагоддзя.
    Мінск, 1950 г., стар. 324.
  31. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя.
    Мінск, 1950 г., стар. 324.
  32. Дзядзька Антон. Вільня, 1892
  33. Там-жа.
  34. Дзядзька Антон. Вільня, 1892 г.
  35. Там-жа.
  36. Дзядзька Антон. Вільня, 1892 г.
  37. Там-жа.
  38. Там-жа.
  39. Дзядзька. Антон. Вільня. 1892 г.
  40. Там-жа. Падкрэслена мной-І. Л.
  41. Дзядзька Антон. Вільня, 1892 г.
  42. Там-жа. Падкрэслена мной.-І. Л.
  43. Кароткі курс гісторыі ВКП (б), стар. 21.
  44. Дзядзька Антон. Вільня, 1892 г.
  45. Дзядзька Антон. Вільня, 1892 г.
  46. Там-жа.
  47. Там-жа.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.