Белашапка Агнішча
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 14, 17 жніўня 1924 году, б. 2, № 15, 21 жніўня 1924 году, б. 2
Старая грэбля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




V.
АГНІШЧА.

Ужо сонцавы праменьні сьвяцілі чырвонай вячэрняй зарніцай, калі мы з Ганчаром селі адпачыць сярод трох вялікіх дубоў.

Ганчар любоўна паглядзеў на дубы, памацаў іх рукой і сказаў:

— Добрыя дубы. Мусіць разам расьлі, стаяць друг ля дружкі, як родныя браты!

І праўда, дубы расьлі адзін ля аднаго на роўным растанку, робячы пасярод сябе вельмі прыемны пакойчык у тры куты з розьніцай той, што ў гэтым пакойчыку замест столі была зялёная, густая страха з іхніх лісьцяў і галін, і замест лавак і стала былі тоўстыя карэньні, на якіх мы паважна расьселіся.

— Вось, бачыце, як добра! — задаволены загаманіў Ганчар, дастаючы з торбы сала, хлеб і бутэльку з самагонам… — У лесе ўсё магчыма знайсьці: і хату, і стол, і лаўкі і яду, — пачаў ён лічыць, — дый што там гаманіць — лес гэта ўсё, каб лесу ня было, дык вось, дальбо, ня жыў бы на сьвеце, а ніводнай хвілі, — закончыў ён, наліваючы гарэлку ў бяроставую прыгожую чарку.

— Вось маеце!—казаў ён — пеце да мяне.

Я выпіў. Самагон быў добры.

— Пасьля аднэй не закусваюць, — сказаў ён і наліў другую чарку, і гэта апынілася тамака, куды трапіла і першая

— Вось гэта панашаму, ўсьмяхаючыся сказаў Ганчар, выпіваючы чарку за чаркай, кракнуў і пачаў есьці.

Ужо нашая вячэра падыходзіла да канца, калі Ганчар раптам з трывогай аглянуўся і пацягнуў паветра носам.

— Гм,— прабурчэў ён — Здаепца, нешта недзе гарыць, — сказаў ён, падняўшыся з месца.

— Так і ёсьць, недзе гарыць лес! — сказаў ён і пачаў хутка складаць у торбу харчы. Відаць было па ім, што ён быў моцна ўзбураны. Я ледзьве пасьпяваў за ім

Сонца ўжо зайшло і цені станавіліся ўсё гусьцейшымі ды гусьцейшымі. Надыходзіла ночка. Але цемната ня шкодзіла Ганчару ісьці туды, адкуль ён учуў пах гарэлага лесу.

Ужо добра было чуць пах дыму і, нарэшце, мы апыніліся сярод палянкі, з якой валіў дым, а агню ня было відаць.

— Гэй, хто там? — крыкнуў Ганчар, здымаючы стрэльбу.

— Свае! — адызваўся спакойна голас з-за стаупоў дыму.

— Чаго-ж ты гэтакае агнішча разлажыў? — ідучы на голас гаманіў Ганчар.

— Якое гэта агнішча — калі агню няма! — спакойна адказаў голас.

— Ты мусіць сырых галін нарубаў! — неспакойна забурчаў Ганчар.

— А мо цябе спужаўся, што? — адказаў голас.

Нарэшце, мы падыйшлі да кастра без агню.

— Ну, шчасьце тваё! — задаволена сказаў Ганчар, вітаючыся з ім.

— Што шчасьце? — пытліва, зірнуўшы на яго, загаманіў чалавек.

— А тоё, што не гальля а моху наклаў, — адказаў Ганчар.

— Га, вось яно што! Гэта, браток, ад камароў — адказаў, чалавек.

— Гэта, сябар паляўнічы Караба, — сказаў мне Ганчар. — Пазнаёмцеся!

Мы паціснулі адзін аднаму моцна далоні.

Дзяргач.