Агнішча Старая грэбля
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 15, 21 жніўня 1924 году, б. 2
Забытыя курганы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VI.
СТАРАЯ ГРЭБЛЯ.

Сумна выглядае старая грэбля. Абрасла яна вялікай травой, між гнілога бярвеньня тырчыць сітняг, так і глядзі, каб дзе ня ўсунуць нагі ў чорнае гразкае балота.

Ціха, вечар надходзіў…

Гілякі ўсё часьцей праляталі з сумным крыкам над намі… Цямнеў лес, змоўклі птушкі адна за аднэю. Хутка ночка прыйдзе на зямлю, будзе цёмна зусім у лесе.

Таёмныя казкі зашапочуць галіны, заплача дзесь сава, зашапаціць сітняг па краёх грэблі, а мы будзем ісьці ўсе далей, далей…

А калі ўзойдзе месяц на неба, асьвеце ціхім прыемным сьветам грэблю, цудоўна будзе выглядаць заснуўшы лес.

Будзе здавацца, што шмат страхаў хаваецца сярод яго. Будзе страшна ўваходзіць у яго гушчар…

Але дзе там! Ці страшна сярод яго, сярод таго, хто захаваў гэтулькі добрых успамінаў аб роднай старонцы! Ці-ж страшна сярод цёмнай, няведамай, забытай грэблі, калі на ёй шмат гадоў назад мо’ праходзілі байцы за долю лепшую, за родны край…

Гэй, птушкі вольныя, ня сумуйце, што будзе хутка ночка! Ня сумуй і стары лес! Сонца ўзойдзе! Узойдзе над лесам, над грэбляй! Асьвеце шлях наш далёкі…

Па ім мы пойдзем сьмела, горда! Гэй, ня сумуйце! Хоць ідзём старою грэбляй, але вядзе яна нас да згоды, да старых заветных магілаў!

Вядзе яна нас туды, дзе захованы нашае волі штандар!

Мы ішлі далей…

Дзяргач.