Агні (1930)/Гарадок/Песьня (Пагудкі-паданьні зьмяняюцца з часам…)

Гарадок Песьня
Верш
Аўтар: Юлі Таўбін
1930 год
Дні прыносяць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня (Пагудкі-паданьні зьмяняюцца з часам…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ

Пагудкі-паданьні зьмяняюцца з часам
І ўнукам у памяць ідзе
Густымі садамі абкружаны насып
Ды байкі паважных людзей,
Загінула, канула княжая слава
Далёкай крывіцкай пары…
Стаяць непарушна сады Амсьціслава
Па ўзвальлях Дзявочай гары
Сады тыя баюць…
Сады тыя маюць
Ня мала аб чым расказаць,
А болей раскажа сьцяна векавая
Ды чорная горная гладзь, —
Як колісь дзяўчаты пяску нанасілі,
З пясчынак злажылі гару;
Як людзі дзявочай яе ахрысьцілі
У лютую тую пару…
Тады і ўзьнялася гара ў недачасьсе,
Вышэй узьвіліся валы.
І вось частавалі чужынцаў на шчасьце
Катламі пякучай смалы.
Далёкія дзеі… Прывабныя міты…
Былое ахутана ў змрок…
Каменныя сьцены даўно паразмыты,
І вецер разьвеяў пясок.
Ствараецца гонар… Узносіцца слава.
Інакшай вірлівай пары,
І горда красуюць сады Амсьціслава
Па ўзвальлях Дзявочай гары…


∗     ∗

Ўсё мінае…
Стагодзьдзі стагодзьдзям
Прыходзяць на зьмену…
Убіраецца ў новыя,
Сьветлыя шаты
Мой горад,
Мой край…
… Заблішчэлі праменьні
Па кумпалах, дахах і сьценах,
Ў залатыя пярсьцёнкі
Усход упрыгожыла рань.