Агні (1930)/Гарадок/Дні прыносяць

Песьня Дні прыносяць
Верш
Аўтар: Юлі Таўбін
1930 год
Песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дні прыносяць нам другія рытмы…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДНІ ПРЫНОСЯЦЬ…

Дні прыносяць нам другія рытмы…
Горад мой!..
Табе гукаю я!..
Буйнымі пластамі фосфорыту
Будучына высіцца твая.

На імшарах,
Тарпяных балотах,
На затоках роднае ракі —
Вырастаюць новыя заводы,
Даль турбуюць новыя гудкі.

Ты цяпер бурліш жыцьцём вясёлым, —
Між готычных вырысаў будоў
Буйнай песьняй радасная моладзь
Заглушае водгалас званоў.

Я і сам там голасна на дзіва
Падхапляў ня раз
Ў радкох поэм
Сьпеў гурткоў, ячэек, колектываў,
Блізкага да сэрца
КСМ

І паміж
Жыцьцёвымі шляхамі,
Што дарыла родная зямля,
Я тады намацаў пад нагамі
Самы просты,
Самы пэўны шлях.

Ў ім знайшоў я даўнія імкненьні,
Ўсё, што ў сэрцы
Стоеным жыло,
Што, нарэшце, з часам абуджэньня,
Нечаканым цьветам расьцьвіло.

І за гэта,
І за шмат нязнаных,
Неразгадных адчуваньняў сток, —
Дзякуй, дзякуй…
Шчырая пашана,
Мой каханы,
ціхі гарадок.

Ты ў гудкох працягла-надламаных,
У няўпынным рокаце слупоў
Пранясі ў вякі маю адданасьць
І маю адвечную любоў!..

1929 г.
м. Самацеевічы — г. Мсьціслаў.