Сябры мае каханыя,
Браты і дружбакі…
Я часта сьню нязнаныя
Далёкія шляхі.
Мы ўсе знаёмы з бурамі,
Ўзрасталі ў барацьбе
І часта трубадурамі
Ўзьвялічваем сябе…
Ах, песьні нашы звоністы,
Ў іх — радасьць і вясна, —
На новы лад разгоністы
Наведзена струна.
Ды песень шмат пастаўлена
На новыя лады
І ў песьнях тых услаўлены
Агнёвыя гады,
І ў песьнях тых узьнесена
На сонечны пасаг
Краіна шумаў песенных —
Жывых дарог прасьцяг.
З вятрамі-веснаходамі
Памкнемся мы ў абшар,
Каб новыя мэлёдыі
Прынесьці краю ў дар…
Змаганьню буйнавіраму,
Адвазе перамог —
Тады вітаньне шчырае
Мы ў песьнях аддамо. І будуць па інакшаму
Іх людзі спатыкаць,
І будуць гімны нашыя
Ў грымотах дзён сьпяваць.
І шчырасьцю ласкаваю
Нам кожны скажа ўсьлед:
— „Хвала табе і слава,
Змаганец
І поэт!..“
Сакавік 1928.
|