Адбітае жыцьцё/Ад аўтара

Ад аўтара
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1929
Істота літаратуры і яе грамадзкае значэньне:

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як вучыцелю беларускае літаратуры, мне неаднакротна даводзілася чуць нараканьні нашае школьнае моладзі дый наагул грамадзянства на тое, што ў нас няма крытычных прац аб нашай літаратуры, якія давалі б глыбейшае і шырэйшае высьвятленьне паадзінокіх мамэнтаў у ёй. Нараканьні гэтыя — зусім справядлівыя: паскольку ў Ўсходняй Беларусі выходзяць паважныя часопісі, якія шмат месца ўдзяляюць літаратурнай крытыцы, пастольку мы ў Заходняй Беларусі бедны і такімі часопісямі, крытычнымі працамі, якія — к слову сказаць — ніхто й ня піша, бо іх няма дзе зьмясьціць. Вось жа, каб хоць у малой меры заспакоіць гэту патрэбу, якую сьцьвярджалі і чысьленыя слухачы публічных лекцыяў зь беларускае літаратуры, ладжаных ці то Беларускім студэнцкім саюзам, ці Таварыствам беларускае школы ў Вільні ў 1926—[19]29 гадох, я сабраў жменю маіх стацей і прачытаных лекцыяў, зьмест якіх быў запісаны, і выпускаю гэту першую кніжку маіх прац з галіны літаратуры пад назовам «Адбітае жыцьцё», бо ж літаратура наагул, наша адраджэнская — асабліва, і ёсьць адбітак жыцьця.

Лічу сваім абавязкам адзначыць, што, падбіраючы матэрыялы для гэтага томіку, я кіраваўся не сваімі адносінамі да таго ці іншага пісьменьніка і ацэнкай яго, а выключна тым, што іменна гэты матэрыял быў гатовы да друку й не вымагаў адумысловае апрацоўкі. Гэтак не ўвайшлі сюды тыя мае публічныя лекцыі, ад якіх у мяне засталіся адно пляны й заметкі, вымагаючыя йшчэ паважнага апрацаваньня; не ўвайшлі і некаторыя стацьці, хоць і друкаваныя, ды якіх я ня здолеў адшукаць і перагледзець. Паскольку будзе магчыма, пастараюся выкарыстаць увесь гэты матэрыял дзеля другое кніжкі, калі акажацца, што гэтая першая здавальняюча выпаўніла сваё назначэньне.