Чытачу
Публіцыстыка
Аўтар: Аляксандр Цвікевіч
1921 год
Слова уступнае

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧЫТАЧУ.

Гэтую працу я напісаў амаль год таму назад, але з прычын, ад мяне незалежных, ў друку яна зьяўляецца толькі цяпер. Ня гледзючы на гэтулькі вялікі тэрмін, мне не прыйшлося нічога ў ей зьмяніць: ў істоце сваей беларуска — польскіе ўзаемаадносіны можна лічыць непахіснымі. Пакуль будзе істнаваць польскі памешчыцкі стан на Беларусі, — датуль Польшча будзе перці на Беларусь, — датуль ня будзе згоды паміж польскім і беларускім народам.

Я сьвядома узяў тэмаю беларуска—польскіе адносіны і толькі ў некалькіх словах зачапіў пытаньне адносін да ўсходу. Ўсход мы добра ведаем, — на нашых руках і нагах сьляды ланцугоў, якімі ён нас трымаў; раны нацыональнай душы нашай — не загаілісь. Справа ўсходу — справа учарайшага і, па часьці, справа заўтрашняга дня.

Пытаньне адносін да Польшчы — справа сёняшняга дня.

Ўчора мы былі з ей разам — ў адным лагеры пратэстуючых, ў адным лагеры змагаючыхся супроць царызму. Польшча была для нас прыкладам, — „распятая на крыжу!“ — была старшым братам ў цяжкой барацьбе, надавала сілы і веры… Мы жывілі надзеі — разам з ей прыдзе воля і нашаму народу. Жывілі ў памяці ўспаміны аб супольнай мінуўшчыне — імкнулісь забыць благое, памятаваць толькі добрае.

І што-ж выйшла? Прышла воля — прышла Рэвалюцыя — Польшча ўстала і… пашла гуляць па беламу целу Беларусі польская нагайка. За пышнымі маніфэстамі соцыаліста — маршалка Пілсудзкага, прышлі на Беларусь жандары, за жандарамі — галіцыйскіе ўрадоўцы і ксендзы. Месцовы абшарнік пачуў сябе добра… А праз пару гадоў — пан Домбскі падзяліў Беларусь з таварышам Іоффэ на аснове „ўзаемных інтэрасаў“.

Горш за ўсё тое, што ўсё гэта сталася так неспадзявана.

За польскім народам, бліжэй — за рэвалюцыйнай групай польскага народу — мы праглядзелі польскую дзяржаву.

Жыцьцё бязлітасна разбіла ілюзіі.

І добра зрабіла. Горш за ўсё неспадзяванкі, выкліканые ілюзіямі. Нездаровае, шкадлівае зьявішча. Туманіць вочы, зьбівае са шляху.

У сваей працы я, ласьне, хачу хоць крыху дапамагчы жыцьцю пазбавіць нашу цяжкую барацьбу за вызваленьне — ўчарайшых ілюзій.

Пытаньне беларуска — польскіх адносін, зразумела, вельмі складанае і для свайго дэтальнага разгляду вымагае і лепшых варункаў, і большага часу, ніж было ў мяне. Тая праца, чыста палітычная, якую большая частка з нас прымушана сёньня весьці, менш за ўсё спагадае навуковым досьледам. І таму некаторые моманты гэтага пытаньня я толькі зазначыў, не угрунтоўваючы іх адпаведным матэр’ялам.

Але я пераконан, што ў агульных адказах сваіх я не памыляюся.

А. Цвікевіч.


Гaлeнзээ, 31 траўня 1921 г.